Глінішча (Гомельская вобласьць)

вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Глінішча (Гомельская вобласьць)
Remove ads

Глі́нішча[2] — вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці, цэнтар Алексіцкага сельсавету.

Хуткія факты

Месьціцца за 26 км у напрамку на захад ад Хвойнікаў, за 133 км ад Гомеля[3].

Remove ads

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

У «Вялікім гістарычным атлясе Беларусі» найранейшая згадка пра вёску Глін датаваная 1591 годам[4]. Належала да Мазырскага павету[b] Менскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага.

Thumb
Герб уласны роду Абуховічаў (паводле апісаньня К. Нясецкага).

30 жніўня 1658 году права на ленныя маёнткі Алексічы і Глінішча (па-лацінску: bona Olexicze et Hliniszcze) было пацьверджана мазырскаму харунжаму Рыгору Круневічу[c] лістом караля Яна Казімера[6]. У 1671 годзе пісар гродзкі мазырскі Базыль Абуховіч абвінавачваў у судзе стрыечнага брата Дамініка Абуховіча ў памкненьні на забойства і ўчыненьні пагрозаў на шляхецкі гонар і здароўе. Валодаў у Мазырскім павеце спадчыннымі маёнткамі Абухаўшчына, Глінішча, Сядзельнікі, Трасьцяніца і часткай Шарэйкаў[7].

Вёска Глінішча ў добрах пана Багуслава Аскеркі, харунжага мазырскага, сустрэтая ў матэрыяле Генэральнай візытацыі Алексіцкай Сьвята-Мікалаеўскай уніяцкай царквы Мазырскага дэканату, праведзенай а. Эліяшам (Ільлёй) Бародзічам, протанатарыем апостальскім дыяцэзіі Пінскай і Тураўскай, датаванай 9-м днём лютага 1778 году. Таксама і ў візытацыі, выкананай 10 студзеня 1787 году каад’ютарам пінскім і тураўскім Язафатам Булгакам засьведчана, што паселішча належала да прыходу названай царквы. Колькасьць двароў у абодвух выпадках не названая[8].

Thumb
Герб Мурдэліо зьменены роду Аскеркаў.

19 чэрвеня 1789 году адразу па нараджэньні ахрышчаны «з вады» (ex aqua) грэка-уніяцкім сьвятаром Іаанам Транцэвічам, парохам Алексіцкай царквы, Гервазі Антоні, сын шляхетных Севярына і Францішкі з дому Яшэўскіх Лянкевічаў зь вёскі Глінішча, а 4 лістапада т. г. з усімі ўжо касьцёльнымі цэрымоніямі – айцом Янам Казіцкім, парохам Юравіцкага касьцёлу, вікарыем канвэнту ордэна братоў-прапаведнікаў (дамініканаў). 15 ліпеня 1791 году ксяндзом Я. Казіцкім ахрышчаны Юзаф Антоні, сын тых жа сужэнцаў Лянкевічаў de villa Liniszcza[9].|

Пад уладай Расейскай імпэрыі

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Глінішча — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[10].

Згодна з крыніцай, заснаванай на зьвестках рэвізіі 1795 году, «село Глинище с двором Станиславовым[d]» належала мазырскаму чашніку Станіславу Аскерку. Згадана капліца Юравіцкага парафіяльнага касьцёла[13]. Дзедзічны ўладальнік паведаміў рэвізорам, што ў яго фальварку жылі шляхцічы Юзаф, сын Яна, Анцыпаровіч, «учителем для детей», Севярын Лянкевіч з жонкай Францішкай, «на чинше», іх сыны Ян, Гервазі і дачка Зофія[14]. 21 сакавіка 1795 году ксяндзом-дамініканам Антоніем Блажэвічам ахрышчаны Іосіф Рыгор, сын Данілы і Клары Кудрыцкіх з Глінішча, кумамі былі Станіслаў Аскерка і Францішка Лянкевічава, Севярын Лянкевіч і Катарына Кулешына. 26 красавіка ксёндз Я. Казіцкі ахрысьціў Леона Вінцэнта, сына Станіслава і Францішкі з дому Грабскіх Аскеркаў, кумамі — Амброзі Аскерка, гэнэрал польнай булавы войскаў літоўскіх, і Тэадора Аскерчына, Фларэнцін Аскерка, судзьдзя земкі мазырскі, і Францішка Лянкевічава de willa Liniszcze[15].

С. В. Марцэлеў у артыкуле энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі» даводзіў, што ў вёсцы Глінішча ў 1795 годзе было 26 двароў, 138 жыхароў[1][e]. У мэтрычных кнігах павернутай да расейскага праваслаўя Алексіцкай царквы 1795 і 1796 гадоў названыя прозьвішчы глінішчанцаў — Чубаты, Вяліда, Богдан, Рымар, Малежык[h], Кудрыцкі (у будучым прозьвішча-лідар), Віньнік, Швец (Шавец), Бондар, Казёл (Козёл), Янчук, Мурашка[30]. 7 красавіка 1799 годe ксяндзом-дамініканам Гіацынтам Бачынскім ажрышчана Агнета, дачка шляхетных Вінцэнта і Ганны з дому Транцэвічаў Шэлянгоўскіх, кумамі — Станіслаў Аскерка і Францішка Лянкевічава de villa Hliniszcze[31].

Паводле шляхецкай рэвізіі 1811 году, уладальнік сяла Глінішча, у якім рэвізоры папярэдне, у 1795 годзе, налічылі 93 душы прыгонных «мужеска пола», Станіслаў Аскерка (55 гадоў) з сынамі Рыгорам (20 г.) и Леонам (16 г.) жыў у двары Азярын. Двор Станиславаў з Глінішчам трымаў ў арэндзе паручнік «бывших войск польских» Францішак, сын Юзафа, Капэрніцкі (35 г.). Таксама тут жылі яго сыны Юзаф (3 г.) і Нарцыз (2 г.), брат Адам (19 г.). Эканомам і «приказчиком» у фальварку служылі адпаведна Вінцэнт, сын Мацея, Кулеша (24 г.) і Ігнацы, сын Паўла, Шарфановіч (27 г.). Абодва — зь ліку «шляхетства беспоместного»[32]. Згодна зь сялянскай рэвізіяй 1811 г, у 24 дварах жылі людзі з прозьвішчамі Бунчак, Арцюшэнка, Кудрыцкі, Халімон, Дубадзел, Ліпніцкі, Малежык, Богдан, Рымарчук, Качанок (Качан), Макарчык (Макарчук), Козел, Дзеравяк, Чарняк, Казачэнка; усяго налічвалася 74 душы мужчынскага полу[33].

На 1834 год у Глінішчы налічвалася 18 двароў, у якіх – 55 жыхароў мужчынскага і 62 жаночага полу. Дадалося прозьвішча Падвойскі, а Малежыкі тут упершыню названыя (пакуль не настала) Мележамі[34].

Thumb
Вёска і двор Глінішча на мапе Ф. Ф. Шубэрта 1826—1840 гг.
Thumb
Глінішча, Азярын (Азяраны) і Алексічы на мапе Ф. Ф. Шубэрта. 1850 г.

. Згодна з інвэнтарамі 1845 і 1846 гадоў, у маёнтку Глінішча і Азярын пана Рыгора, сына Станіслава, Аскеркі пражывала 6 дваран, 2 аднадворцы, 9 вольных аратых. У аднаіменных вёсках разам было 22 двары, 75 цяглых сялян мужчынскага і 83 жаночага полу, 9 мужчын зь ліку сялян дваровых. У Азярыне, акрамя Качаноў, Казачэнкаў, Дубадзелаў, Кудрыцкіх, жылі Грыцкевічы. Частка маёнтку Глінішча з 35 прыгоннымі належала пану Солтану — 16 мужчын, 19 жанчын[35].

Рэвізіямі 1850 і 1858 гадоў ў Глінішчы засьведчана наяўнасьць 17 двароў з 55 падданымі-мужчынамі ў абодвух выпадках ды з адпаведна 58 і 81 жанчынай[36].

У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» сказана, што 129 жыхароў Глінішча і 31 жыхар Азярына абодвух полаў былі прыхаджанамі Сьвята-Мікалаеўскай царквы ў Алексічах, 8 жыхароў двара Глінішча, 7 жыхароў двара і 21 жыхар вёскі Азярын зьяўляліся парафіянамі Юравіцкага касьцёлу Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[37].

У парэформавы пэрыяд Глінішча — у Юравіцкай воласьці. На пачатак 1870 году ў вёсцы налічвалася 64 мужчынскія душы зь ліку сялянаў-уласьнікаў, прыпісаных да Глінішчанскага сельскага таварыства, 8 душ аднадворцаў, прыпісаных да воласьці; у засьценку Азярын — 3 аднадворцы[38]. Пасьля сьмерці бязьдзетнага Рыгора Аскеркі[m] добры дасталіся нашчадкам яго дзядзькі Леапольда, сына Багуслава, Аскеркі. Згодна са зьвесткамі 1876 і 1879 гадоў, жыхары Глінішча — сярод прыхаджанаў Алексіцкай Мікалаеўскай царквы[41]. У 1889 годзе Фелікс (Шчасны), сын Эміля, Аскерка[n] валодаў маёнткамі Глінішча (300 дзесяцін), Азярын (32 дз.), Дзеравішча (2788 дз.) і Маканавічы (8764 дз.)[43].

Паводле перапісу 1897 года, у вёсцы Глінішча — 61 двор, 270 жыхароў, школа граматы, хлебазапасны магазын, карчма[1]. На 1903/4 год сярод зямельных уласьнікаў Менскай губэрні, якія мелі 500 і болей дзесяцін, уладальнікам маёнтку Глінішча названы Станіслаў, сын Фелікса, Аскерка[44]. У 1909 годзе ў вёсцы налічвалася 77 двароў з 542 жыхарамі, у аднаіменным фальварку — 1 двор, 21 жыхар[45]. У 1913 годзе маёнтак Глінішча[o] ў 2380 дзесяцін угодзьдзяў быў уласнасьцю Эміля, сына Фелікса, Аскеркі[p][47].

Найноўшы час

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Глінішча ў складзе Юравіцкай воласьці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[48].

Thumb
Глінішча і навакольлі на мапе 1924 г.

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Юравіцкая воласьць Рэчыцкага павету ўвайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР.

Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 году Глінішча — цэнтар аднайменнага сельсавету ў Юравіцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 году ў складзе Мазырскай акругі. 10 лістапада 1927 году сельсавет скасаваны, а яго тэрыторыя далучана да Алексіцкага сельсавету. У 1930 годзе ў вёсцы 159 двароў, 903 жыхары. У 1931 годзе арганізаваны калгас «Рассвет», правалі вятрак і кузьня[1]. З 8 ліпеня 1931 году Глінішча ў складзе Хвойніцкага раёну. З 20 лютага 1938 году ў Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Глінішчы было 182 двара з 538 жыхарамі. У вайну акупанты спалілі 93 двары і загубілі 101 жыхара. 25 вяскоўцаў угналі на катаргу[49].

З 8 студзеня 1954 года — у складзе Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 года, — 879 жыхароў, сярэдняя школа[1].

З 15 жніўня 1974 году Глінішча — цэнтар Алексіцкага сельсавету[50]. Цэнтральная сядзіба калгасу «Ленінскі шлях».

У 1986 — 1990 гадох пабудаваныя мураваныя дамы на 50 кватэраў, у якіх разьмясьціліся перасяленцы з забруджаных у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС мясьцінаў. Працуюць сярэдняя школа, дзіцячы садок, бальніца, дом культуры, бабліятэка, крама, адзьдзяленьне сувязі[1].

Remove ads

Насельніцтва

  • 2021 год — 199 двароў, 513 жыхароў[51].

Асобы

Thumb
Дом-музэй І. П. Мележа ў Глінішчы.

* Іван Мележ, беларускі празаік, драматург

Адметнасьці

Thumb
Надмагільная пліта з фамільнага склепу Аскеркаў паблізу двара Глінішча.
Thumb
Фрагмэнт надмагільнай пліты.
Thumb
Запіс пра шлюб Хведара Малежыка. 11 (22). XI. 1795
Thumb
Запіс пра шлюб Ігната Малежыка. 1 (13). XI. 1836

Дом-музэй Івана Мележа[3].

Заўвагі

Thumb
Элемэнты дэкору труны Альфрэда Абуховіча.
Thumb
Фрагмэнты дэкору труны.
  1. Не з XVIII ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[1]
  2. Ня Рэчыцкага павету, як у С. В. Марцэлева[1].
  3. Прывілей на Алексічы і Авадовічы паны Круневічы атрымалі яшчэ ў 1568 годзе[5], а Глінішча было адным зь іх выселкаў.
  4. Ці не ўпершыню згаданы ў 1785 годзе[11], пасьля таго, як Багуслаў Аскерка разьдзяліў свае добры паміж сынамі (1782 г.). Надалей пра двор Станіславаў ёсьць запісы ад 6 кастрычніка 1799 г. з нагоды шлюбу Феліцыяна Ясэвіча з Элеанорай Цеханьскай і хросту 20 кастрычніка 1799 г. Уршулі, дачкі Томаша і Юстыны Крушэўскіх[12].
  5. У сьпісе выкарыстаных С. В. Марцэлевым крыніцаў зьвестак пра Глінішча 1795 г., аднак, няма...
  6. У кнізе М. В. Бірылы прыведзены абодва прозьвішчы з націскам адпаведна на другім і першым складах[24]. А яшчэ ў попісе войска ВКЛ 1567 г. згаданы ваяр з сугучным прозьвішчам – Іван Мелеш зь Лемяшэвічаў Пінскага павету[25]. Тут, аднак, ня выключана апіска, бо лягічна было б чакаць прозьвішча Лемеш.
  7. Ёсьць зьвестка пра тое, як 1 (13) лістапада 1836 г. 19-ці гадовы глінішчанец Ігнат Хведараў Малежык (унук Гаўрылы) ажаніўся з 16-ці гадовай вадовіцкай дзяўчынай Эўфрасіньняй (не Кацярынай), дачкой Міхайла Сьцяпанавага Борыса. 25 чэрвеня (7 ліпеня) 1838 г. у іх нарадзіўся сын Мікіта. Далей — болей. У войску Ігнат не служыў.
  8. У кнігах Алексіцкай царквы 1795—1851 гг. прозьвішча, нібы па-вясковаму (?), запісвалася як Мале́жык[16]. У рэвізіі 1834 г. упершыню сустрэтае прозьвішча Ме́леж (Мѣлежъ)[17]. У інвэнтары 1845 г. — Іван і Андрэй Іванавы зь сямействамі Мале́жы, 28-мі гадовы Ігнат Хведараў Мале́ж з 25-цю гадовай жонкай Просяй[18]ёй[19]. У рэвізіі 1850 г. таксама названыя Мале́жы[20]. Гэты варыянт прозьвішча ад 1855 г. (Игнатій Федоровъ Малѣжъ) і надалей у мэтрыках ужываўся стала[21]. У рэвізіі 1858 г. ізноў — Мележ[22]. У мэтрыцы 1878 г. працягвалі пісацца Малежамі[23]. Недзе ад 1890 г., імаверна, з волі шматгадовага юравіцкага валасногага старшыні Хведара Ігнатавага ўжывалася выключна форма Ме́леж [f][26]. Магчыма, дзеля таго і была створана збольшага іранічная сямейная легэнда[27], зь якой вынікае нібыта
    род пайшоў ад чэха Ігната Мелешака аднекуль з-пад Прагі. Нейкім чынам Мелешак служыў у рускім войску. Прыйшоў аднойчы з сябрам, юравіцкім хлопцам, на пабыўку ў вёску Глінішчы – на радзіму ж далёка. І закахаўся тут у мясцовую дзяўчыну-прыгажуню Кацярыну. Прайшоў тэрмін службы ў войску, маладыя пабраліся шлюбам[g]. Было ў іх дзесяць дзяцей, сярод іх сын Фёдар. Прозвішча сваё на новай радзіме перайначыў – стаў Мележам. Марыў іншы раз: «Эх, пабываем мы, дзеткі, калі-небудзь у Залатой Празе...»
    Легэнда пераказана са слоў роднай сястры І. П. Мележа Тамары Аляхновіч. Напэўна, людзі з прозьвішчам Малеж або Малежык жылі ў Глінішчы яшчэ за часоў Рэчы Паспалітай, г. зн. задоўга да таго, як магла зьявіцца павіннасьць служыць у расейскім войску. У мэтрыцы 1795 г. ёсьць датаваны 11-м лістапада запіс пра шлюб 17-ці гадовага Хведара Гаўрылавага Малежыка з Матрунай, дачкой Міхала Віньніка; сьведкамі тады выступілі Іван Малежык і Павал Швец[28]. У мэтрыках 1801 і 1802 галоў ёсьць запісы пра сьмерць і пахаваньне 49-ці гадовага Гаўрылы Малежыка і 56-ці гадовага Піліпа Іванавага Малежыка[29]. Усё паказвае на тое, што з Чэхіі на Беларусь першы з Малежыкаў наўрад ці прыходзіў.
  9. Усяго ў Багуслава ад дзьвюх жонак было сямёра сыноў — Зыгмунт, Леапольд, Фларэнцін, Філіп, Станіслаў Багуслаў, Амброзі, Міхал (гл.: Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 1. А. / Т. Капіца, А. Леўчык, С. Рыбчонак і інш. – Мінск, 2002. С. 328–334).
  10. Год сьмерці паручніковай Евы з Дамброўскіх запісаны асобна ад імя, у ніжняй частцы тэксту, побач з годам судзьдзёвай рэчыцкай (жонкі Альбіна). У тым жа 1811 г. нарадзіўся іх малодшы сын Эразм Антоні. Магчымая сувязь нараджэньня і спачыну.
  11. Паводле С. Урускага, жонкай Альбіна была дачка барона Остэн-Сакэна, імя якой засталося невядомым[39]. Ці ня быў то гэнэрал-фельдмаршал Фабіян Готліб фон дэр Остэн-Сакэн, які меў некалькіх дзяцей, народжаных па-за шлюбам? Альбін скончыў вайсковую службу ў чыне маёра, а іх з N сын Альфонс стаў палкоўнікам Гэнэральнага штабу расейскіх войскаў...
  12. Яе сястра Францішка была жонкай Аляксандра, сына Альбіна і N з Остэн-Сакэнаў Аскеркаў[40]
  13. Адбылося гэта ў 1872 годзе, што засьведчана надпісам на пліце з фамільнага склепу нашчадкаў харунжага мазырскага Багуслава Аскеркі і яго дзьвюх жонак – Ганны з дому Бандынэлі і Крыстыны з дому Лянкевічаў[i]. Тут пахаваныя Рыгор, яго бацька Станіслаў (†1839), маці Ганна Францішка з дому Грабскіх (†1841), сястра Барбара (†1835), а таксама дзядзька Міхал (†1823), уладальнік маёнтку Міхалёў, яго жонка Ева з Дамброўскіх (†1811[j]), іх сын Альбін (†1845), неназваная жонка Альбіна[k], судзьдзі рэчыцкага,(†1882), дачка Альбіна Ганна (1827—1843). Надмагільная пліта вядомая здаўна; 2 ліпеня 2019 г. навуковым супрацоўнікам адзьдзелу археалёгіі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Ю. В. Панковым і галоўным захавальнікам фондаў Хвойніцкага раённага краязнаўчага музэя А. Ю. Эсауленкам быў складзены адпаведны «Акт абсьледаваньня» помніка. 12 кастрычніка 2021 г. пры правядзеньні сельгасработ быў знойдзены і 19 кастрычніка абсьледаваны склеп з адным пахаваньнем, якое належала 67-гадоваму Альфрэду, сыну Каятана, Абуховічу, памерламу 1 ліпеня 1913 г. У сьпісах землеўладальнікаў Менскай губэрні 1889, 1903, 1911, 1913 (ідэнтычны сьпісу 1911) гадоў ён названы ўласьнікам добраў Абухаўшчына і Засьценак. Мог даводзіцца родзічам пані Мальвіне[l], дачцэ Зыгмунта Абуховіча, жонцы Шчаснага Аскеркі, а адпаведна і іх сынам – Станіславу і Эмілю Аскеркам, астатнім уладальнікам маёнтку Глінішча. Напэўна, тут былі ўладкаваныя старыя каталіцкія могілкі, асобныя ад колішніх могілак праваслаўных, зьніклых пад больш позьнімі пахаваньнямі. Сёньня іх разбурае сельскагаспадарчая тэхніка.
  14. Гэта пра яго казаў вясковы музыка Іван Бурак з Гарошкава[42]:
    Ніхто так чудна ня грае на картапляні, як маканавіцкі пан. Калі глядзіш на яго пальцы, то падчас здаецца, што іх няма, да толькі нешта балванее. А як бы табе вочы хусткаю завязаў, то б, слухаючы, ня ведаў, у што ён грае, бо там абзываюцца ўсе прыправы, якія ты калі-небудзь чуў або ў сьне бачыў, да толькі не чутно абычнаго картапляна. Раз здаецца, што ета негдзе салавейкі або жаваранкі пяюць, то між німі зязюля кукае, а далей робіцца ўсё галасьней, усё весялей, і ты радуешся, але не доўга, бо ось быццам то хмарыцца, гудзе злавешча, тоўпіцца, тоўпіцца ў неперастаючы гром. І ты, здаецца б, прапаў, як бы не распагодзілося, начэ як бы зноў не пашлі з-пад яго пальцаў весялейшыя ігры да не абрадавалі...
    Чэслаў Пяткевіч удакладніў:
    Гаворка ідзе пра сьветлай памяці Ш. Аскерку, уладальніка Маканавічаў,.. вядомага шапэніста. У яго доме я бачыў сялянскія вясельлі зь вясковым скрыпачом, які іграў пад танцы і якому ён сам акампанаваў на фартэп’яна, калі вясельнікі танцавалі ў яго пакоях. Зрэшты,.. нічога дзіўнага, што Іван Бурак, запрашаны больш заможнымі гаспадарамі, меў магчымасьць чуць самых розных выканаўцаў на фартэп’яна і скласьці сабе крытычны погляд.
  15. Ёсьць блізкае ў часе сьведчаньне Ч. Пяткевіча пра прыроднае асяродзьдзе рэгіёну[46]:
    У 1912 г., знаходзячыся ў доме паноў Аскеркаў у маёнтку Глінішча,.. на вялізным поплаве, зрэдку усеяным таполямі (сокарамі), за якім цягнуцца бязьмежныя балоты за ракою Віцю (доплыў Прыпяці), як можна было ахапіць вокам, я налічыў да 200 гнёздаў [бусьліных], па адным на кожным дрэве, без боранаў, колаў і розных прыстасаваньняў з боку чалавека.
  16. Яго малодшаму брату Станіславу, які раней валодаў Глінішчам, перайшоў маёнтак Маканавічы.
Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads