від раслін From Wikipedia, the free encyclopedia
Чамярыца Лабеля[3][4] (Veratrum lobelianum) — від раслін з роду Чамярыца (Veratrum) сямейства Melanthiaceae. Лекавая, атрутная, інсектыцыдная расліна. Відавая назва дадзена ў гонар фламандскага батаніка Маціяса Лабеля (1538—1616).
Чамярыца Лабеля | |||||||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | |||||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
прамежныя рангі
| |||||||||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | |||||||||||||||||||
Сінонімы | |||||||||||||||||||
|
Батанічная ілюстрацыя з кнігі «Köhler’s Medizinal-Pflanzen», 1887 |
Кветка |
Травяністая шматгадовая расліна з кароткім (5-8 см у даўжыню), вертыкальным ці касым, мясістым, патоўшчаным цёмна-бурым карэнішчам, густа пакрытым шматлікімі шнурпадобнымі, сакавітымі, светлымі каранямі[4].
Сцябло прамое, крэпкае, тоўстае (2-3 см у дыяметры), круглае, дасягае ад 15 да 70-170 см вышынёй. Густа пакрыта лісцем у верхняй частцы[4].
Лісце чарговае, абдымае сцябло, шматлікае. Ніжнія лісты шырокаэліптычныя (8-12 см даўжынёй, 5-7 см шырынёй) з кароткімі похвамі, верхнія — паступова звужаюцца да ланцэтападобных, з доўгімі похвамі. Усё лісце складкавае, знізу апушанае, з дугападобнымі жылкамі[4].
Кветкі сабраны ў верхавінную пірамідальную мяцёлку з каласковых пэндзляў даўжынёй 20-60 см. Кветаножкі і кветканосы апушаныя. Прыкветкі яйкападобныя або круглява-яйкападобныя, даўжэй кветаножкі. Кветкі (да 2,5 см у дыяметры) правільныя, вольнапялёсткавымі, шасцічленныя з простым вяночакападобным калякветнікам. Кветкі двухполыя, часам аднаполыя, жаўтлявыя, жаўтлява-зялёныя або бялёсыя. Тычынак шэсць, песцік адзін, завязь верхняя[4]. Суквецце — мяцёлка даўжынёй да 20-60 см[4].
Плод — сухая, яйкападобная шматнасенная каробачка (да 2,5 см даўжынёй), да сярэдзіны трохраздзельная[4]. Насенне жаўтлява-бурае, плоскае, эліптычнае, шырокакрылатае, даўжынёй 6—10 мм[4].
Цвіце ў чэрвені-жніўні; плады спеюць у жніўні—верасні[4].
Чамярыца ў польскіх Татрах |
Чамярыца Лабеля — еўраазіяцкі від. Распаўсюджаная ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, Міжземнамор’і, Малой Азіі, Сярэдняй Азіі (Прыбалхаш'е і Цянь-Шань), Паўночнай Манголіі; у Расіі — на большай частцы еўрапейскай часткі (акрамя паўночна-заходніх і засушлівых раёнаў), на Каўказе, у Заходняй і Усходняй Сібіры, на Далёкім Усходзе.
У Беларусі сустракаецца нярэдка на паўднёвым усходзе, а таксама ў цэнтральных раёнах[4].
Расце на мурожных і пойменных лугах, палянах, у чорнаальховых і вярбовых хмызняках[4]. Мезафіт. Прымеркавана да месцаў з блізкім заляганнем грунтавых вод; пазбягае месцаў з застойным увільгатненнем і сухіх участкаў. Святлалюбная, але можа расці і ў паўценявых умовах. Марозаўстойлівая; здольная расці ў розных, кантрасных кліматычных умовах — ад Арктыкі да Каўказа. Мае шырокі дыяпазон месцапражыванняў: ад глеевых глеб да чарназёмных, ад бедных да багатых і сярэднясаланчаковых, звычайная на гліністых і суглінкавых са слабашчолачнай або нейтральнай рэакцыяй глебах.
Від ахоўваецца на тэрыторыі рэспублік Карэліі і Марый Эл, Белгародскай, Валагодскай, Курганскай, Ленінградскай вобласці[5], Растоўскай, Яраслаўскай абласцей Расіі, Палтаўскай і Харкаўскай абласцей Украіны, у Літоўскай Рэспубліцы, а таксама ў фінскай частцы Фенаскандыі[6].
Чамярыца ставіцца да афіцынальных раслін і выкарыстоўваецца пры вытворчасці настойкі чэмеру і чэмярычнай вады, прызначаных для вонкавага прымянення[7]. Лекавай сыравінай з’яўляюцца высушаныя карэнішчы з каранямі — лац.: Rhizoma cum radicibus Veratri[4]. Тым не менш, яна не ўключана ў сучасную фармакапею як сыравіна для атрымання лекавых сродкаў. Чамярыца ўваходзіць у пералік раслін, забароненых да выкарыстання ў выглядзе кампанента актыўных дабавак да ежы[8].
У народнай медыцыне карані і карэнішчы выкарыстоўваюць пры экзэме, унутрана — як гарачкапаніжальны сродак, пры запаленні лёгкіх, рэўматызме, тыфе.
У якасці лекавай сыравіны ў ветэрынарыі выкарыстоўваюць высушаныя карэнішчы з каранямі (лац.: Rhizoma cum radicibus Veratri)[9].
У ветэрынарыі часта ўжываюць настой чамярыцы як супрацьпаразітны сродак (ад вошай, аваднёў), у якасці сродку, які паляпшае страваванне (для ўзмацнення адрыжкі у буйной рагатай жывёлы), як ірвотны сродак для свіней і сабак; пры гіпадэрматозе рагатай жывёлы. Экстракт каранёў мае супрацьпаразітнае дзеянне. Чамярыцай атручваюцца вясной коні, буйная рагатая жывёла, авечкі[4].
Чамярыца — вельмі атрутная расліна[10], яе карані ўтрымліваюць 5—6 алкалоідаў, з якіх найбольш атрутны протавератрын, які здольны душыць цэнтральную нервовую сістэму, шкодна дзейнічае на страўнікава-кішачны тракт і сардэчна-сасудзістую сістэму[4].
Пры ўдыханні нават малой колькасці пылу чамярыцавага кораня выяўляецца наймоцнае чханне і слёзацёк. Пры трапленні соку чамярыцы на скуру спачатку адчуваецца цеплыня, потым паленне, якое змяняецца адчуваннем холаду, пасля чаго ўзнікае амаль поўная страта адчувальнасці. Пры паступленні частак расліны ўнутр ўзнікае паленне і паколванне ў горле, багаты слінацёк, слёзацёк, насмарк, ваніты, панос, галаўны боль, галавакружэнне, агульнае ўзбуджэнне, курчы, паслабленне сардэчнай дзейнасці (рэзкая брадыкардыя), гіпатанія і шок. Свядомасць захоўваецца аж да наступлення смерці. Пры асабліва моцных атручваннях смерць можа наступіць праз 3 гадзіны пасля траплення таксінаў расліны ў арганізм[11]. У якасці сродкаў актыўнай дэтаксікацыі ўжываюцца атрапін і дафамін. Тым не менш, выкарыстанне гэтых і іншых лекавых сродкаў для неадкладнай тэрапіі атручвання чамярыцай недастаткова эфектыўна[12].
У апошні час атрымалі распаўсюджванне звесткі пра ўжыванне здробненых каранёў чамярыцы як эфектыўнага сродку народнай медыцыны, які дазваляе вылечваць ад алкагалізму без ведама пацыента. Антыалкагольнае дзеянне чамярыцы пры гэтым заснавана на рэалізацыі яе агульнатаксічнага дзеяння, якое выкарыстоўваецца для ўмоўна-рэфлекторнай тэрапіі алкагалізму. Інтаксікацыя алалкоідамі Veratum пралангіраваная па часе ад некалькіх гадзін да некалькіх сутак, што ўскладняе сумяшчэнне па часе максімуму яе таксічнага дзеяння з прыёмам алкаголю для выпрацоўкі негатыўнай ўмоўна-рэфлекторнай рэакцыі менавіта на алкаголь.
Варта таксама ўлічваць, што прэпараты чамярыцы, прыгатаваныя ў хатніх умовах, з’яўляюцца крыніцай моцнадзейных стэроідных алкалоідаў, самая малая перадазіроўка якіх можа прывесці і рэальна прыводзіць да сур’ёзных атручванняў аж да смяротнага зыходу. Прымяненне гэтых прэпаратаў для тэрапіі алкагалізму настолькі небяспечна, што выкарыстанне іх ўяўляецца недапушчальным не толькі ў хатніх умовах, але і ў спецыялізаваных медыцынскіх установах з-за недастатковай эфектыўнасці сродкаў аказання неадкладнай дапамогі ў выпадках перадазіроўкі[11].
Інсектыцыднае і ратыцыднае дзеянне каранёў чамярыцы было вядома яшчэ ў часы Рымскай імперыі. З гэтай мэтай выкарыстоўвалі настоі карэнішчаў з каранямі, або водныя адвары. Апырскваннем знішчаюць гнёзды Hyponomeuta variabilis, кольчатага шаўкапрада (Malacosoma neustria), псеўдавусеняў вішнёвага слізістага пільшчыка (Caliroa limacina), тлі (Aphidoidea), бялянкі капуснай (Pieris brassicae) і г. д. Настоі эфектыўныя не толькі супраць лічынак, але і супраць дарослых насякомых[4]. Асабліва каштоўная чамярыца тым, што яе можна выкарыстоўваць і падчас выспявання пладоў. У 2010 годзе Д. Елісавецкая з Інстытута абароны раслін Акадэміі навук Рэспублікі Малдова паказала эфектыўнасць прымянення экстрактаў чамярыцы Лабеля супраць каларадскага жука (Leptinotarsa decemlineata)[13].
Збіраюць карані ўвосень, радзей вясной, выкопваючы іх разам з карэнішчамі[4]. Тоўстыя карэнішчы разразаюць уздоўж, прамываюць і правяльваюць на паветры. Сушаць у цені або на гарышчах, рассцілаючы карані пластом 5-10 см на паперы або тканіны[4]. Высушаную сыравіну пакуюць у мяхі і вагой па 25 або 50 кг. Захоўваюць у сухіх, ветраных памяшканнях. Тэрмін захоўвання — тры гады, захоўваюць асобна ад іншых раслін. Пры апрацоўцы каранёў неабходна прытрымлівацца асцярожнасці, таму што дробныя кавалачкі выклікаюць запаленне слізістых абалонак[4].
Я вярнуцца не магу, |
Рыгор Крушына. «Я вярнуцца не магу…».[14] |
Адзін з літаратурных псеўданімаў Кузьмы Чорнага — Арцём Чамярыца. У беларускай літаратуры чамярыца сімвалізуе пачуцці горычы і атрутнасці.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.