Мінскі метрапалітэн
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Мі́нскі метрапалітэ́н — метрапалітэн у горадзе Мінску, рэйкавы пазавулічны (цалкам падземны) гарадскі грамадскі транспарт на электрычнай цязе.
Храналагічна дзявяты адкрыты метрапалітэн на постсавецкай прасторы, а таксама адзіная сістэма метро на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Па колькасці пасажыраў у год займае чацвёртую пазіцыю сярод постсавецкіх краін (пасля Маскоўскага, Санкт-Пецярбургскага і Кіеўскага метрапалітэнаў адпаведна).
Складаецца з 36 станцый на трох лініях — Аўтазаводскай (14 станцый), Маскоўскай (15 станцый) і Зеленалужскай (7 станцый). Будаўніцтва Зеленалужскай лініі працягваецца. Таксама праектуюцца станцыі чацвёртай (Кальцавой) лініі.
Remove ads
Гісторыя

Гісторыя мінскага метрапалітэна пачынаецца ў канцы 1960-х. Ініцыятарамі пабудовы ў горадзе новага віду грамадскага транспарту былі мінскія ўлады. У той час у СССР метро будавалі ў гарадах з насельніцтвам не менш за мільён чалавек (былі выключэнні, напрыклад, Рыжскі метрапалітэн планавалася будаваць у 800-тысячным горадзе). Пасля заканчэння 2-й сусветнай вайны Мінск рос хутчэй за іншыя буйныя гарады СССР[2], галоўным праз хуткае развіццё прамысловасці. Ужо ў 1972 годзе ў горадзе нарадзіўся мільённы жыхар. Напачатку 1970-х гадоў беларуская сталіца сутыкнулася са значнымі цяжкасцямі ў перавозцы людзей, асноўныя магістралі вычарпалі прапускную здольнасць. Разглядаліся тры варыянты развіцця транспартнай сістэмы — аўтобус-«экспрэс», хуткасны трамвай і метрапалітэн, які і быў абраны[3].
Распрацоўка плана будаўніцтва метрапалітэна ў Мінску пачалася ў 1976 годзе. План будаўніцтва 8-станцыйнай лініі быў зацверджаны Саветам Міністраў БССР 4 лютага 1974 года. Вядома, што першыя планы значна адрозніваліся ад тых, што былі рэалізаваны. Лінія метро з заходніх спальных раёнаў павінна была праз станцыю «Кастрычніцкая» ісці ў Серабранку. Аўтазаводская лінія з перспектывай працягу да Чыжоўкі перасякалася з Маскоўскай на станцыі метро «Плошча Якуба Коласа». У цэнтральнай частцы горада метрапалітэн меркаваўся глыбокага закладання, а на ўскраінах планаваліся нават адкрытыя ўчасткі і ўчасткі на эстакадах. 16 чэрвеня 1977 года была закладзена першая паля ў падмурак будучай станцыі «Парк Чалюскінцаў». Будаўніцтва першай лініі метрапалітэна ад станцыі «Інстытут Культуры» да станцыі «Валгаградская» (пасля — «Маскоўская») цягнулася з 1977 да 1984 года[4].
3 мая 1977 года пачалося будаўніцтва, а 29 чэрвеня 1984 года пачаўся рэгулярны рух цягнікоў ад станцыі «Маскоўская» да станцыі «Інстытут культуры» Маскоўскай лініі.
У 1985 годзе пачалося будаўніцтва другой лініі метро ад станцыі «Фрунзенская» да станцыі «Трактарны завод». У 1990 годзе па гэтай лініі пачаўся рух цягнікоў.
Будаўніцтва Зеленалужскай лініі пачалося ў 2014 годзе. 7 лістапада 2020 года лінія была ўведзена ва эксплуатацыю.
Будаўніцтва ўчастка трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна ад станцыі «Аэрадромная» працягласцю 4,08 км пачалося ў жніўні 2017 года. 30 снежня 2024 года былі адкрыты тры станцыі ў паўднёвым кірунку: «Аэрадромная», «Немаршанскі Сад» і «Слуцкі Гасцінец».
Remove ads
Агульныя звесткі

Эксплуатацыйная даўжыня пуці мінскага метро складае каля 45 км у двухпуцявым вылічэнні, дзейнічае лінейны прынцып руху цягнікоў. Маюцца два электрадэпо.
Усе лініі і станцыі мінскага метро падземныя, неглыбокія, акрамя станцыі «Юбілейная плошча». Яна — самая глыбокая ў мінскім метро, размешчана на глыбіні 32 м. Усе станцыі, акрамя «Вакзальнай», маюць падземныя вестыбюлі, уваход у якія, у большасці выпадкаў, сумешчаны з падвулічнымі пешаходнымі пераходамі.
Усяго ў падземцы маецца 59 эскалатараў. Большасць эскалатараў аднапралётныя, трохнітачныя. На станцыі «Кастрычніцкая» ў 2008 годзе ў ходзе рэканструкцыі быў усталяваны чатырохнітачны эскалатар. У пераходзе паміж станцыямі «Вакзальная» і «Плошча Леніна» размешчаны 7 травалатараў і 2 паміж станцыямі «Юбілейная» і «Фрунзенская». На ўсіх станцыях, уведзеных у эксплуатацыю пасля 2001 года, а таксама на станцыі «Першамайская», маюцца ліфты, усяго — 56 ліфтаў[5].
У афармленні станцый выкарыстоўваюцца розныя тэмы. Так, у аснову мастацка-эстэтычнага афармлення станцыі «Грушаўка» пакладзена тэма прыроды, інтэр’ер выкананы ў залаціста-зялёнай палітры, сімвалам станцыі стала гіганцкая інсталяцыя грушы. А сімвалам станцыі «Пятроўшчына» стала зорнае неба.
Графік працы
Мінскае метро адкрыта для ўваходу пасажыраў з 5:30 да 0:40, аднак выйсці з падземкі можна і пазней. Першы цягнік з канцавых станцый адпраўляецца ў 5:32 (са ст. «Магілёўская» — у 5:33), Апошні — у 0:42. Інтэрвал руху ў гадзіну пік складае 2-2,5 хвіліны на Маскоўскай і Аўтазаводскай лініях, на Зеленалужскай — 8 хвілін. У іншы час інтэрвал павялічваецца да 4-5, 5 хвілін на Маскоўскай і Аўтазаводскай лініях, на Зеленалужскай лініі — 12 хвілін. Ноччу інтэрвал пачынае павялічвацца, максімальны складае пасля 23:00 на Маскоўскай і Аўтазаводскай лініях 11-15 хвілін, на Зеленалужскай лініі — 17-24 хвіліны. Расклад руху цягнікоў пасля 23:00 даступны пасажырам на кожнай станцыі — ў вестыбюлі і ў тарцах пасажырскіх платформаў размешчана адпаведная інфармацыя, прычым час прыбыцця разлічаны менавіта для гэтай станцыі з улікам даўжыні перагонаў[6].
Аплата праезду

З 20 красавіка 2022 года дзейнічаюць наступныя тарыфы на праезд (згодна з рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 07.04.2022 № 968)
- Жэтон на 1 паездку — 90 кап.;
- Праязны білет на месяц або 30 сутак — 40,50 руб.;
- Праязны білет на 15 сутак — 21,38 руб.;
- Праязны білет на 10 сутак — 14,25 руб.
Можна таксама набыць праязны дакумент на вызначаны лік паездак (10, 20, 30, 40, 50 або 60) на аснове карты. Дакументы на 10 і 20 паездак дзейнічаюць 30 сутак з дня пакупкі; на 30, 40 і 50 паездак — 60 сутак; на 60 паездак — 80 сутак; на 100 паездак — 80 сутак.
Як сродкі аплаты праезду выкарыстоўваюцца (у дужках даныя за 2014 год)[7][8]:
- Жэтоны (99,8 млн, 31,4 %);
- Праязны білет на радыёкарце мінскага метро (968,2 тыс., 23,8 %);
- Праязны білет на бескантактавы смарт-карце (БСК) дзяржаўнага прадпрыемства Мінсктранс (3,83 млн, 38,5 %);
- SMS-білет (149 тыс., 0,1 %, адменены ў 2017 годзе);
- Бескантактавая банкаўская карта[9].
Бяспека

Пасля тэракту ў Мінскім метро была арганізавана сістэма надгляду пасажыраў супрацоўнікамі міліцыі.
Затым, у кастрычніку 2013 года, была створана свая ўласная служба бяспекі Мінскага метро, якая ажыццяўляе ахоўную дзейнасць, супрацоўнікі маюць права праводзіць асабісты дагляд, дагляд рэчаў і дакументаў пасажыраў на тэрыторыі метро[10]. А ў канцы 2015 года створаны Сітуацыйны цэнтр відэаназірання[11].
На ўсіх станцыях Мінскага метрапалітэна дзейнічаюць зоны надгляду, якія абсталяваны рэнтгенаграфічнымі сканарамі, арачнымі комплексамі для выяўлення металічных прадметаў (рамка), сістэмамі аўдыёфіксацыі і відэаназірання. У выпадку неабходнасці могуць прымяняцца партатыўныя газааналізатары пароў выбуховых рэчываў і пераносныя прылады лакалізацыі выбуху тыпу «фантан»[12].
Для прадухілення падзення пасажыраў на пуці на ўсіх станцыях Зеленалужскай лініі ўстаноўлены аўтаматычныя платформенныя вароты, а таксама для бяспекі і дапамогі арыентацыі ў прасторы пасажырам з парушэннем зроку на ўсіх станцыях Зеленалужскай лініі і часткі станцый (у асноўным новых) выкладзена тактыльнае пакрыццё.
У 2023 годзе падчас агляду ручной паклажы інспектары службы бяспекі метрапалітэна знайшлі каля 12 тысяч прадметаў, забароненых да перавозкі ў падземцы. Акрамя таго, 41 тысячы чалавек не дапусцілі да праезду, бо ў іх назіралі прыкметы алкагольнага ап’янення[13].
Мабільная сувязь
На ўсіх станцыях Мінскага метрапалітэна працуе сотавая сувязь GSM/3G аператараў «А1», «МТС», «life:)». Таксама ва ўсіх тунэлях з чэрвеня 2019 года працуе сотавая сувязь 3G/4G аператараў «А1» і «МТС». Як аператар «life:)» адмовіўся ад удзелу ў разгортванні сувязі, яго абанентам даступны толькі інтэрнэт, які надаецца з дапамогай 4G (якая пабудавана інфраструктурным аператарам «beCloud» і выкарыстоўваецца ўсімі аператарамі сотавай сувязі).
Remove ads
Лініі метрапалітэна
Усім лініям нададзены назвы і парадкавыя нумары. Дадатковым пазначэннем служаць іх колеры, якія традыцыйна ўжываюцца на схемах. Немалой колькасці людзей выраз «чырвоная ветка метро» скажа ледзь не больш за «Аўтазаводская лінія», а казаць «зялёная ветка» хутчэй і прасцей, чым запомніць і казаць афіцыйную назву «Зеленалужская». Часам ужываюцца і абрэвіятуры назваў ліній, напрыклад, МЛ — Маскоўская лінія, АЛ — Аўтазаводская.
Усе тры лініі злучаны паміж сабой двума Службова-злучальнымі галінамі. Для пасажырскага руху яны не выкарыстоўваюцца.
Маскоўская лінія
Будаўніцтва першай лініі Мінскага метрапалітэна пачалося 3 мая 1977 года. Першая чарга будаўніцтва ўключала 8 станцый. Рэгулярны рух цягнікоў на гэтым участку распачаўся 30 чэрвеня 1984 года. Адкрываў лінію першы сакратар ЦК КПБ Мікалай Слюнькоў[14].
Пазней лінія яшчэ чатыры разы падаўжалася і зараз мае даўжыню 19,2 км і складаецца з 15 станцый (Малінаўка,Пятроўшчына, Міхалова, Грушаўка, Інстытут Культуры, Плошча Леніна, Кастрычніцкая, Плошча Перамогі, Плошча Якуба Коласа, Акадэмія Навук, Парк Чалюскінцаў, Маскоўская, Усход, Барысаўскі тракт, Уручча). Лінію абслугоўвае Маскоўскае электрадэпо.
Маскоўская лінія амаль цалкам праходзіць пад праспектам Незалежнасці і праспектам Дзяржынскага, і перасякае Мінск з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Паводле звестак за 2017 год, на 1-ю лінію прыпадае 57,7 % агульнай пасажыраплыні (164 млн пасажыраў)[15].
Аўтазаводская лінія
Праектаванне другой лініі Мінскага метро пачалося ў пачатку 1980-х гадоў. Планавалася звязваць Заводскі раён з Красным Борам. Будаўніцтва першай чаргі Аўтазаводскай лініі, у склад якой уваходзіла 6 станцый, пачалося ў 1984 годзе. 31 снежня 1990 года пяць з іх, уключаючы перасадачны пункт, звязаны з першай лініяй, былі аддадзены да ўжытку. Праз тры месяцы — у сакавіку 1991 года — была аддадзена да ўжытку станцыя «Першамайская». Пасля гэтага лінія падаўжалася чатыры разы і зараз мае даўжыню 18,1 км і складаецца з 14 станцый (Магілёўская, Аўтазаводская, Партызанская, Трактарны Завод, Пралетарская, Першамайская, Купалаўская, Няміга, Фрунзенская, Маладзёжная, Пушкінская, Спартыўная, Кунцаўшчына, Каменная Горка). Лінію абслугоўвае Магілёўскае электрадэпо.
Зеленалужская лінія
Зеленалу́жская лінія (трансліт.: Zielienalužskaja linija) — трэцяя лінія Мінскага метрапалітэна.
Будаўніцтва 3-й лініі, якая планавалася яшчэ ў першых праектах развіцця метрапалітэна пачалося ў 2014 годзе. Пасля заканчэння будаўніцтва лінія працягласцю 17,2 км з 14 станцыямі звяжа мікрараён Зялёны Луг праз цэнтр горада з мікрараёнам Курасоўшчына.
Першыя станцыі лініі («Кавальская Слабада», «Вакзальная», «Плошча Францішка Багушэвіча», «Юбілейная плошча») уведзены ва ўжытак 7 лістапада 2020 года.
З 2018 па 2024 гады праводзіліся работы па падаўжэнні лініі ў кірунку станцыі «Слуцкі Гасцінец».
На ўсіх станцыях Зеленалужскай лініі ўстаноўлены аўтаматычныя платформенныя вароты. Беларусь — 2-я постсавецкая краіна, пасля Расіі, якая ўсталявала на станцыях метро сістэму гарызантальнага ліфта, і першая ўсталявала на станцыі метрапалітэна аўтаматычныя платформенныя вароты.
Remove ads
Пасажырапаток
За 2023 метрапалітэн перавёз 233,9 млн пасажыраў. У параўнанні з 2022 колькасць паездак павялічылася на 8 млн. Гэта трэці паказчык на постсавецкай прасторы (пасля Маскоўскага і Санкт-Пецярбургскага метрапалітэнаў адпаведна), 15-е месца ў Еўропе і 58-е месца ў свеце.
Самая папулярная лінія Мінскага метрапалітэна — Маскоўская, ёй скарысталася 56,6 % пасажыраў, Аўтазаводская лінія прыняла 41,6 %. А Зеленалужскай скарысталіся толькі 1,8 %. Метро ў грамадскім транспарце агулам займала 37 %[13].
Пасажырапаток за 2020 год — 219,29 млн. Падзенне ў параўнанні з 2019 было выклікана закрыццём станцый падчас пратэстаў 2020 года, а таксама пандэміяй COVID-19.
У 2019 годзе паслугамі Мінскага метрапалітэна скарысталіся 293 мільёны 721 тысяча пасажыраў. Метрапалітэн займаў чацвёртую пазіцыю сярод краін постсавецкай прасторы (пасля Маскоўскага, Санкт-Пецярбургскага і Кіеўскага адпаведна), 15-е месца ў Еўропе і 43-е месца ў свеце. У параўнанні з 2018 годам пасажырапаток павялічыўся на 10 мільёнаў 362 тысячы чалавек. Маскоўскую лінію ў 2019 годзе наведалі амаль 169 мільёнаў 121 тысяча чалавек, а Аўтазаводскую — 124 мільёны 600 тысяч. Самымі напружнымі станцыямі за гэты перыяд сталі «Каменная Горка» (больш за 22,4 мільёна пасажыраў), і «Плошча Леніна» (амаль 19,8 мільёна чалавек), а таксама перасадачны вузел «Кастрычніцкая»—"Купалаўская"[16].
Remove ads
Рухомы састаў
Мінскае метро выкарыстоўвае тую ж шырыню каляіны, што і звычайныя чыгункі ў Беларусі — 1520 мм. Для падачы току выкарыстоўваецца кантактная рэйка; напружанне на ёй складае ў сярэднім 750 В (на шынах падстанцый — 825 В).
Сярэдняя тэхнічная хуткасць цягнікоў — 50,5 км/г, сярэдняя эксплуатацыйная хуткасць — 40,8 км/г (аценка 2005 года)[24].
«Нумарныя» вагоны
70 саставаў тыпу 81-717/714 некалькіх мадыфікацый (341 вагон, 140 галаўных і 201 прамежкавы) вытворчасці ААТ «Метровагонмаш» і ЗАТ «Вагонмаш»[25][26].
- 117 вагонаў мадыфікацыі 81-717.5/714.5 1989—1993 гадоў выпуску (55 галаўных і 62 прамежкавых),
- 141 вагон мадыфікацыі 81-717.5М/714.5М 1995—2014 гадоў выпуску (49 галаўных і 92 прамежкавых, 1 прамежкавы не працуе пасля тэракту),
- 4 вагоны (2 галаўныя і 2 прамежкавыя) мадыфікацыі 81-540/541 2001 года выпуску,
- 11 вагонаў мадыфікацыі 81-541Б 2009 года выпуску.
Станам на пачатак 2024 года сярэдні ўзрост вагонаў складаў — 20,9 гадоў[13].
68 вагонаў мадыфікацыі 81-717/714 1983—1988 гадоў выпуску (34 галаўныя і 34 прамежкавыя), з 2007 года праходзілі капітальны рамонт у дэпо «Магілёўскае».
Stadler
10 саставаў тыпу Stadler M110/M111 (6 чатырохвагонных і 4 пяцівагонных) вытворчасці «Штадлер Мінск»
- 44 вагоны Stadler М110/М111 2019—2020 гадоў выпуску (20 галаўных і 24 прамежкавых).
Зараз усе 10 цягнікоў знаходзяцца ў актыўнай эксплуатацыі, чатырохвагонныя — на трэцяй лініі, пяцівагонныя — на другой.
«Мінск-2024»
Мадель 81-765.7/766.7 вытворчасці ААТ «Метровагонмаш»[27]
Табліца
Remove ads
Перспектывы

▬▬▬ — дзеючыя лініі
▬ — будуемыя лініі
•••••••••••• — праектаваныя лініі



Працяг Зеленалужскай лініі
Лінія будзе падоўжана ў паўночна-ўсходнім кірунку да плошчы Бангалор (станцыі «Прафсаюзная», «Пярэспа», «Камароўская» і «Парк дружбы народаў»). Завершыцца будаўніцтва лініі станцыямі «Івана Мележа», «Зялёны луг», «Лагойская».
Працяг першай і другой лініі
У перспектывах развіцця Мінскага метрапалітэна таксама ўваходзіць працяг Маскоўскай і Аўтазаводскай ліній. Так, Маскоўская лінія папоўніцца станцыяй «Смаленская» (праспект Незалежнасці, раён Палаца лёгкай атлетыкі і спартыўна-стралковага комплексу). На Аўтазаводскай лініі з’явяцца станцыі «Красны Бор» (скрыжаванне вуліц Прытыцкага і Каменнагорскай) і «Шабаны» (скрыжаванне Партызанскага праспекта і вуліцы Сяліцкага). Падоўжыць 2-ю лінію да станцыі «Шабаны» плануецца пасля 2043 года[30].
Праект Кальцавой лініі

У перспектыве плануецца будаўніцтва чацвёртай лініі. Яна пройдзе пад Другім кальцом ад Вяснянкі да Серабранкі і Чыжоўкі. Працягнецца на 25,4 км і будзе складацца з 17 станцый[31].
Першапачаткова планавалася, што лінія будзе праходзіць ад плошчы Бангалор пад вуліцы Сурганава праз перасадачную станцыю «Акадэмія навук», далей пад вуліцамі Батанічнай і Уральскай, сустрэнецца на станцыі «Трактарны завод» з 2-й лініяй і пройдзе праз мікрараён Серабранка да мікрараёна Чыжоўка. У 2015 годзе прынята рашэнне, што лінія стане кальцавой, а ў Чыжоўку яна не пойдзе[32].
Remove ads
Здарэнні
Страйк машыністаў
17—21 жніўня 1995 года метрапалітэн не працаваў праз страйк машыністаў, нагодай для якой стала парушэнне кіраўніцтвам метрапалітэна калектыўнага дагавора і тарыфнай дамовы. Страйкоўцы, карыстаючыся падтрымкай Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ), патрабавалі адстаўкі кіраўніцтва, своечасовай выплаты заробкаў і поўнага выканання дамовы. Улады адрэагавалі на забастоўку масавымі арыштамі найбольш актыўных яе ўдзельнікаў і выкарыстаннем працы штрэйкбрэхераў (машыністаў-чыгуначнікаў з лакаматыўных дэпо Орша і Баранавічы, а таксама расійскіх інструктараў з Масквы і Пецярбурга). За ўдзел у забастоўцы было звольнена 58 чалавек, а дзейнасць СПБ была прыпынена[33].
Трагедыя на Нямізе
Масавая цісканіна ў падземным пераходзе Мінска каля станцыі метро «Няміга», якая адбылася 30 траўня 1999 года. Ахвярамі сталі 53 чалавекі.
Паводка ў Мінску
Улетку 2009 году ў Мінску здарылася паводка праз моцную залеву. Было затоплена шмат цэнтральных вуліц, у тым ліку і метро — вада цалкам затапіла некалькі глыбока закладзеных станцый, рух цягнікоў на абедзвюх лініях быў спынены, а пасажыры выведзены са станцый.
Выбух у Мінскім метро
11 красавіка 2011 года здзейснены тэрарыстычны акт, першы ў гісторыі мінскага метро, загінула 15, пацярпела 203 чалавекі.
Remove ads
Дэпо
Станам на 2023 год лініі метро абслугоўвае два электрадэпо — ТЧ-1 «Маскоўскае» і ТЧ-2 «Магілёўскае». Да ТЧ-1 «Маскоўскае» прыпісана — 37 пяцівагонных саставаў (185 вагонаў) тыпу 81-717/714, да ТЧ-2 «Магілёўскае» 36 пяцівагонных саставаў (191 вагон) і 6 чатырохвагонных саставаў (24 вагона). Менавіта тут абслугоўваюцца Stadler M110/M111
Таксама ў метрапалітэне ў дэпо «Маскоўскае» маецца 3 службовых мотавоза — 2 серыі ДМс і 1 АГМу.
У актыўнай стадыі будаўніцтва знаходзіца Слуцкае электрадэпо прызначанае для Зеленалужскай лініі.
Remove ads
Аўтаінфарматар
Усе станцыі аб’яўляюцца на беларускай мове дыктарам Уладзімірам Баклейчавым. Аб’явы з просьбай прайсці ўсярэдзіну салона, сцерагчыся кішэнных крадзяжоў, не заходзіць за абмежавальную лінію аб’яўляе дыктар Уладзімір Трапянок.
У сакавіку-снежні 2014 года ў аўтаінфарматар былі дададзены аб’явы на англійскай мове, якія гучаць пасля аб’яўлення на беларускай мове (у сувязі з Чэмпіянатам свету па хакеі з шайбай 2014). З лютага 2017 года аб’явы аўтаінфарматара зноў дубліраваны на англійскай мове.
У культуры
Літаратура
Асноўнае дзеянне постапакаліптычнага рамана «МУОС. Постъядерный мир. Постъядерный Минск» адбываецца ў мінскай падземцы. Кніга з’яўляецца адным з прадстаўнікоў Сусвету Метро 2033.
Кіно
У Мінскам метро здымалі шэраг эпізодаў фільма «Землетрасенне». Паказаны станцыі: Акадэмія Навук, Маскоўская, і Парк Чалюскінцаў. Аднак у цітрах пра Мінскі метрапалітэн нічога не сказана.
Відэагульні
У Мінскім метрапалітэне разгортваюцца дзеянні некаторых відэагульняў.
- У гульні для мабільных прылад «Minsk Subway Simulator» узноўлены Маскоўская, Аўтазаводская і Зеленалужская лініі. Рэліз гульні адбыўся 24 верасня 2021 года кампаніяй «ZRK Team»[34]. Таксама у гульні ёсць мінскія «Нумарныя» і электрацягнік Stadler M110/M111. Пад канец 2021 года выйшла абнаўленне з навагодняй размалёўкай для «Нумарнога». На май 2023 гульня налічвае больш за 500 000 запамповак у Google Play.
- У дадатку (модзе) «Metrostroi Subway Simulator» да гульні «Garry’s Mod» у Steam узноўлена першая чарга Маскоўскай лініі станам на 1984 год з дзеючым на ёй асноўным сродкам сігналізацыі АЛС-АРС. Лінія функцыянуе як адон у Steam Workshop і распрацавана «гульцамі-энтузіястамі» з Расіі і Беларусі[35][36]. Дадатак вылучаецца сярод іншых сімулятараў высокай рэалістычнасцю[37].
Remove ads
Цікавыя факты
Асаблівасці
- Першая лінія метро ў Мінску сіняга колеру, а не чырвонага, як у большасці метрапалітэнаў у СССР. Чырвоная — другая лінія па часе адкрыцця. Аналагічная сітуацыя ў Варшаўскім метрапалітэне.
- Станцыя «Каменная Горка» — самая заходняя на постсавецкай прасторы.
Мабільная сувязь
На ўсіх станцыях мінскага метрапалітэна працуе сотавая сувязь.
Назвы-цёзкі
З 36 станцый мінскага метро ў 14 ёсць станцыі-цёзкі ў іншых гарадах постсавецкай прасторы.
- Аўтазаводская
- Вакзальная
- Кастрычніцкая
- Маладзёжная
- Маскоўская
- Партызанская
- Першамайская
- Плошча Леніна
- Плошча Перамогі
- Пралетарская
- Пушкінская
- Спартыўная
- Трактарны завод
- Фрунзенская
Рэкорды
- Самы доўгі перагон — Пралетарская — Трактарны Завод, 2 км.
- Самы кароткі перагон — Купалаўская — Няміга, 800 м.
- Самая глыбокая станцыя — Юбілейная плошча — −20 м.
- Самая загружаная станцыя — Каменная Горка.
- Самая незагружаная станцыя — Купалаўская.
- Самая старая станцыя — Парк Чалюскінцаў (пастаўлена першая паля метрапалітэну).
Турнікеты
У нумарацыі турнікетаў першая лічба азначае нумар станцыі.
Remove ads
У філатэліі
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads