Тураўскі малочны камбінат
сыраробнае прадпрыемства Беларусі, заснаване ў 2010 годзе ў Жыткавіцкім раёне From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Ту́раўскі мало́чны камбіна́т» («ТМК») — сыраробнае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў студзені 2010 году ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласьці.
Ад траўня 2013 году вырабляла паўцьвёрдыя і мяккія італьянскія сыры. На 2021 год выпускаў 80 гатункаў сыроў. Сярод іх было 12 традыцыйных сыроў: выцяжны і вяршковы сыр, маскарпонэ, мацарэла і мацарэла піца, рыкота, вэнджаная і сьвежая скаморца, вэнджаная і сьвежая провала, правалета і правалета міні. Вытворчасьць ажыцьцяўлялі на італьянскім абсталяваньні з П’емонту («КМТ»). Прадпрыемства мела ўласную лябараторыю, якая магла праводзіць мікрабіялягічныя, радыялягічныя і фізыка-хімічныя выпрабаваньні малака і сыроў на адпаведнасьць гігіенічным і санітарна-эпідэміялягічным нарматывам. Звыш 80 % сыроў пастаўлялі за мяжу ў 15 краінаў Азіі — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Азэрбайджан, Армэнію, Грузію, Ірак, Казахстан, Катар, Кітай, Кыргыстан, Манголію, Саудаўскую Арабію, Сынгапур, Туркмэністан, Узбэкістан, Японію і Ярданію, а таксама ў 3 краіны Эўропы — Малдову, Расею і Ўкраіну[2]. Кацельня прадпрыемства працавала на мэтане, вырабленым са спадарожнай малочнай сыроваткі[3]. Сыры выпускалі пад 3-ма таварнымі знакамі «Байкі пра сыр», «Бонфэста» і «Кукінг». Апошні зь іх прызначаўся для гасьцініцаў, кавярняў і страўняў[4].
Remove ads
Будова
На 2021 год «Тураўскі малочны камбінат» меў:
- 6 службаў — 1) вытворчую, 2) разьвіцьця і маркетынгу, 3) камэрцыйную, 4) разьвіцьця экспартных продажаў, 5) экспартных продажаў, 6) забесьпячэньня;
- управу продажаў і лягістыкі на ўнутраным рынку, бухгальтэрыю і аддзел кадраў;
- 2 прадстаўніцтвы — у Менску па Беларусі (прасп. Пераможцаў, д. 103) і замежнае ў Расеі[5];
- краму і кавярню пры заводзе[6].
«Тураўскі малочны камбінат» пераважна атрымліваў сыравіну ад сельскіх гаспадарак Жыткавіцкага і прылеглых раёнаў Гомельскай вобласьці. Таксама ў Жыткавіцкім раёне будавалі малочна-таварную фэрму на 2400 кароваў. Даччынае УП «Малочная праўда» кіравала 9-ю сельскімі гаспадаркамі ў 3-х абласьцях Беларусі:
- 5 у Гомельскай — ААТ «Прыазёрскае-Агра» (Дуброва, Марохараўскі сельсавет), «Дзякавічы», «Ураджайны» (Уборак, Лоеўскі раён), «Каўпень-Агра» (Лоеўскі раён) і УП «Камсамольск» (Дзюрдзеў, Рэчыцкі раён);
- 2 у Менскай — ААТ «Даўгінава» і «Новая Вяльля» (Селішча, Вялейскі раён]);
- 2 у Віцебскай — ААТ «Таргуны» (Докшыцкі раён) і УП «Гнязьдзілава-Агра» (Крыпульскі сельсавет, Докшыцкі раён)[7].
Remove ads
Мінуўшчына
4 студзеня 2010 году ў Жыткавіцкім раёне Беларусі заснавалі ААТ «Тураўскі малочны камбінат»[8]. Асноўным заснавальнікам стаў уласьнік гарадзенскага «Контэ Спа» Валянцін Байко[9]. Сузаснавальнікам выступіла ААТ «Тураўшчына» (Азяраны, Жыткавіцкі раён), якое было даччыным прадпрыемствам «Белаграпрамбанку»[10]. Камбінат пабудавалі ў рамках Дзяржаўнай праграмы разьвіцьця Прыпяцкага Палесься[8] на 2010—2015 гады, зацьверджанай Указам ад 29 сакавіка 2010 году № 161[11]. У 2011—2012 гадах узьвялі будынкі камбінату. Абсталяваньне паставілі зь Італіі. На студзень 2013 году пастаўнікі дапамагалі зь яго ўсталёўкай і наладкай. Праектная магутнасьць абсталяваньня, якое абслугоўвала пара чалавек, складала 150 тонаў малака за содні. Абсталяваньне дазваляла выпускаць такія італьянскія сыры, як маскарпонэ, мацарэла і рыкота. Прыватныя ўкладаньні ў «Тураўскі малочны камбінат» перавысілі 50 млн эўра. Частку сродкаў вылучылі ў рамках Дзяржаўнай праграмы разьвіцьця Прыпяцкага Палесься. Для працаўнікоў пабудавалі шматкватэрны дом[12]. 13 траўня 2013 году запусьцілі вытворчасьць і адгрузілі 1-я гатовыя сыры. Прадпрыемства стала градаўтваральным для Турава і Жыткавіцкага раёну[8]. Асноўным пастаўніком малака на камбінат стала прадпрыемства-сузаснавальнік «Тураўшчына»[10]. У ліпені 2013 году пачаліся пастаўкі сыроў у Расею[13]. 5 верасьня 2013 году ўсталявалі абсталяваньне для вырабу сыра чыльеджыні ў шарыках з далейшым фасаваньнем па 100 грамаў пад назвай «Мацарэла міні»[14]. На 18 кастрычніка 2013 году сталі выпускаць вэнджаны і вяршковы сыр[15]. На 2 лістапада 2013 году сталі выпускаць адмысловую мацарэлу для піцы[16]. У сьнежні 2013 году «Тураўскі малочны камбінат» набыў 100 % паёў ААТ «Дзякавічы» і 73,5 % паёў «Прыазёрскае-Агра» (Дуброва, Марохараўскі сельсавет)[13].
На 3 лютага 2014 году вытворчасьць выцяжных сыроў пашырылі за кошт гатунку скаморца. «Тураўскі малочны камбінат» налічваў 225 працаўнікоў, зь якіх 80 % былі ў веку да 40 гадоў. У асноўным наймалі жыхароў Турава, Жыткавічаў і бліжэйшых вёсак Жыткавіцкага раёну. Сума ўкладаньняў у камбінат склала каля 40 млн эўра. Ад часу адкрыцьця вытворчасьці навучаньне беларускіх сыраробаў ладзіў італьянскі тэхноляг Рабэрта Пьяца. Пабочную ў вытворчасьці сыроватку ператваралі ў рыкоту[17]. Ад траўня камбінат прадаваў 150 тонаў мяккіх сыроў на рынку Беларусі, які складаў 200 тонаў за месяц. У чэрвені 2014 году «Тураўскі малочны камбінат» стаў 5-м прадпрыемствам Беларусі, якое атрымала пасьведчаньне сыстэмы харчовай бясьпекі (ПСХБ) паводле стандарту 22000 Міжнароднай арганізацыі стандартызацыі (Швацарыя)[18]. На 6 жніўня камбінат перапрацоўваў 90 тонаў малака за содні пры магутнасьці 1-й чаргі ў 250 тонаў. Загрузка вытворчай магутнасьці складала 37 % пры самаакупнасьці пераапрацоўкі ад 140 тонаў за дзень. Таксама вытворчасьць італьянскага сыру вымагала малака прынамсі 1-га гатунку з высокім утрыманьнем бялку[13]. На 25 жніўня 2021 году сыры сталі выпускаць пад таварным знакам «Бонфэста». Намесьніца кіраўніка «ТМК» Вольга Луцко заняла пасаду кіраўніцы. На камбінаце папрацавала звыш 100 італьянскіх адмыслоўцаў. Шторанак а 11:00 на камбінаце ладзілі дэгустацыю сьвежых і пратэрмінаваных сыроў. З адкідаў перапрацоўкі сыроваткіх у кацельні сталі выпрацоўваць пару і цеплыню[18]. У 2014 годзе за мяжу паставілі звыш 80 % сыроў. У 2015 годзе адправілі 1-ю партыю сыроў у Казахстан[19].
Улетку 2016 году «Тураўскі малочны камбінат» пачаў пастаўляць сыры ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты і Азэрбайджан[20]. 19 верасьня 2016 году «ТМК» атрымаў знак якасьці «Выбар Расеі» і ўзнагароду «Імпартазамяшчэньне-2016» на 44-й урачыстасьці «Эліта нацыянальнай эканомікі». За студзень-жнівень 2016 году ў Расею паставілі каля 5500 тонаў сыроў «Бонфэста», што склала каля 95 % экспарту. Большасьць паставак прыпала на Маскву, Санкт-Пецярбург і Калінінград[21]. Увосень 2016 году запусьцілі новы таварны знак «Кукінг» пад вяршковы сыр, маскарпонэ, мацарэлу для піцы і рыкоту. Пад гэтым таварным знакам сыр у кіляграмовых батонах і 2-кіляграмовых пачках пастаўлялі ў кавярні, піцэрыі і страўні. За 2016 год завод выйшаў на поўную загрузку 1-й перапрацоўчай чаргі магутнасьцю 250 тонаў малака за содні, зь якіх выраблялі 29 тонаў сыру. Пастаўкі пашырылі на Армэнію, Грузію, Кыргыстан і Сынгапур. У студзені 2017 году пачалі выпускаць паўкіляграмовыя бляшанкі зь вяршковым сырам, маскарпонэ і рыкотай[22]. 20 красавіка 2017 году Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі ўлучыла «Тураўскі малочны камбінат» у Гомельскі абласны пералік дамінантаў, якія ўтваралі алігаполію на малочным рынку вобласьці[23]. На 28 красавіка 2017 году «Тураўскі малочны камбінат» вырабляў звыш 60 гатункаў сыру. Стварылі новую лінейку дэсэртных сыроў «Рыкаціна» з карамэльным і шакалядным напаўняльнікамі. У рыкоту ў дадатак да напаўняльнікаў з дыні, грушы зь мёдам і печанага яблыка з карыцай сталі класьці вішню, лясныя ягады і сьліву. У вяршковы сыр разам з ранейшымі напаўняльнікамі з базыліка, часнака, мацярдушкі і шампіньёнаў сталі дадаваць хрэн, нэапалітанскую падліву і тар-тар[22]. У чэрвені 2017 году «ТМК» наладзіў пастаўкі ва Ўзбэкістан і ўзяў удзел у міжнароднай выставе «Белагра»[24]. Па выніках 1-га паўгодзьдзя экспарт перавысіў 20 млн даляраў ЗША, што 10-кратна павялічыла прыбытак[25]. На кастрычнік 2017 году камбінат узводзіў у Тураве 30-кватэрны дом для супрацоўнікаў[26]. На 11 сьнежня 2017 году «ТМК» налічываў 300 працаўнікоў, зь якіх 60 пражывала ў Жыткавічах[27]. 28 сьнежня 2017 году старшыня «Банку разьвіцьця Беларусі» Сяргей Румас паведаміў пра набыцьцё аблігацыяў «Тураўскага малочнага заводу» за кошт сродкаў сямейнага капіталу[28]. У 2017 год на «ТМК» прыпала 82 % экспарту Жыткавіцкага раёну. Рэнтабэльнасьць вырасла да 20,3 % у 2017 годзе параўнальна з 4,9 % у 2015-м[29]. Яго доля ў прамысловай вытворчасьці Жыткавіцкага раёну склала 75 %[30].
Пры канцы студзеня 2018 году пусьцілі 2-ю чаргу вытворчасьці камбінату[8], што павялічыла магчымасьці перапрацоўкі да 750 тонаў малака за содні[31]. Пры канцы лютага 2018 году крыгаход зьнёс пантон праз Прыпяць. У выніку штодзённы маршрут малакавозаў павялічыўся на 600 км у сувязі з аб’ездам праз Мазыр. Таксама 80 працаўнікоў з Жыткавічаў, у тым ліку кіраўніца камбінату, часова пераехалі гасьцініцы і сядзібы Турава[32]. На 27 красавіка 2018 году «ТМК» перапрацоўваў 400 тонаў малака за дзень. Сыр пастаўлялі ў 12 краінаў, у тым ліку ў Кітай і Ярданію. Сярэдні заробак 340 працаўнікоў складаў 1097 рублёў (537 $)[31]. Таксама ў красавіку ў Жыткавіцкім раёне паставілі паром даўжынёй 70 мэтраў, што дазволіла за раз перапраўляць цераз Прыпяць па 7 грузавікоў з камбінату[33]. 10 жніўня 2018 году «Тураўскі малочны камбінат» разьмясьціў на «Беларускай валютна-фондавай біржы» 5-гадовыя аблігацыі на 6 млн даляраў пад 6,5 % гадавых[34]. 14 жніўня 2018 году паставілі на ўлік 3-і выпуск аблігацыяў на 3 млн даляраў, продаж якіх пачаўся 22 жніўня[35]. За 2018 год вытворчасьць сыроў вырасла на 48 % да 15 600 тонаў. Каля 80 % сыроў паставілі за мяжу ў 14 краінаў[36]. У 2018 годзе «ТМК» набыў сельскагаспадарчае ААТ «Таргуны» ў Докшыцкім раёне (Віцебская вобласьць), дзе пачаў перабудову малочна-таваранай фэрмы (МТФ) «Гліннае» (Бярэзінскі сельсавет) і будоўлю МТФ «Вецяра» праз даччынанае УП «Малочная праўда», якім кіраваў Ігар Чарняўскі[37]. Да канца 2018 году пастаўкі пашырылі на Катар і Саудаўскую Арабію[38].
17—21 лютага 2019 году «ТМК» прадставіў свае сыры на выставе «Ежа заліва 2019» у Дубаі (ААЭ)[39]. На 25 сакавіка 2019 году камбінат перапрацоўваў штодня каля 400 тонаў малака і вырабляў звыш 1600 тонаў сыру за месяц. На расейскай выставе «Харчэкспа» ў Маскве мяккі вяршковы сыр «Бонфэста» зь неапалітанскім напаўняльнкам і міні-мацарэла вытворчасьці «ТМК» уганаравалі залатым мэдалём[36]. 19 траўня 2019 году «Тураўскі малочны камбінат» прадставіў свае сыры на Міжнароднай выставе харчаваньня (МВХ) ў Шанхаі (Кітай)[40]. На 26 траўня 2019 году сыры пастаўлялі ў 15 краінаў, у тым ліку ў Малдову і Японію. Ад пачатку 2019 году пасаду галоўнага інжынэра займаў 30-гадовы Аляксандар Рай, які загадваў 70 працаўнікамі і пачынаў працаваць на камбінаце майстрам. Штодня на камбінаце прымалі 500 тонаў малака вышэйшага і экстра гатункаў[38]. 25 чэрвеня 2019 году на конкурсе «Міжнароднай установы смаку» ў Брусэлі (Бэльгія) вяршковы і тварожны сыры «Тураўскага малочнага камбінату» атрымалі Ўзнагароду за найлепшы смак. Гэтыя сыры пачалі вырабляць на 2-й чарзе камбінату, запуск якой каштаваў 35 млн эўра[41].
У 2020 годзе павялічылі вытворчасьць вяршковых сыроў[8]. 17 жніўня 2020 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 486, паводле якой унёс «Тураўскі малочны камбінат» у Пералік прадпрыемствам, якім мелі паскорана вяртаць падатак на дададзеную вартасьць «на працягу 10 працоўных дзён з дня прыняцьця падатковым органам рашэньня»[42]. У 2020 годзе «Тураўскі малочны камбінат» нарасьціў выраб сыроў на 30 % да 28 600 тонаў. Выручка павысілася больш як на 1/3 з 200 млн да 271,7 млн рублёў (111 млн $). Прыбытак вырас у 2,4 разы праз рост рэнтабэльнасьці продажаў да 17 %. Выхад сыру з малака вырас з 13,8 да 14,1 %, выручка з тоны сыравіны вырасла да 1280 рублёў. Таксама ўсталявалі лініі перапрацоўкі і згушчэньня сыроваткі. Пастаўкі за мяжу склалі 80 % і вырасьлі на 20 % да 87 млн даляраў. Сыры пастаўлялі ў 16 краінаў, у тым ліку ў Ірак, Манголію і Туркмэністан. У студзені 2021 году сярэдні заробак дасягнуў 1500 рублёў (582 $)[43]. У 2021 годзе асучасьнілі лінію выцяжных сыроў. Перапрацоўчая магутнасьць прадпрыемства складала 650 тонаў малака за дзень. На «Тураўскім малочным камбінаце» працавала звыш 500 чалавек. Звыш 80 % сыроў пастаўлялі на замежныя рынкі[8]. На 3 лютага 2021 году дабудавалі малочна-таварную фэрму «Дзякавічы» на 2400 кароваў, разьлічаную на вытворчасьць каля 22 000 тонаў малака за год. На фэрму пасьпелі паставіць 262 каровы дойнага статку з Даніі. Надалей мелі пастаўляць да 300 цялушак штомесяц[44]. На 9 лютага 2021 году штодня перапрацоўвалі каля 650 тонаў малака. Камбінат меў 9 уласных малочных гаспадарак у Віцебскай, Гомельскай і Менскай абласьцях. Агульны абсяг укладаньняў склаў 115 млн эўра з тэрмінам акупнасьці 10 гадоў да 2023 году[43]. 4 сакавіка 2021 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 129, якой унёс «ТМК» у Пералік малаказаводаў, якім пакрывалі частку адсоткаў па пазыках у 2021—2024 гадах[45].
Сацыяльны праект
2 верасьня 2018 году на Дні беларускага пісьменства ў Янаве (Берасьцейская вобласьць) адкрылі міні-футбольную пляцоўку са штучным пакрыцьцём. Пляцоўку ўзьвялі ў рамках сацыяльнага праекту «Бонфэста дзецям», які сумесна вялі «Тураўскі малочны камбінат», Беларуская фэдэрацыя футболу (БФФ) і мясцовыя органы ўлады[46]. У адкрыцьці пляцоўкі ўзялі ўдзел намесьніца кіраўніка «ТМК» Натальля Чэрнік, генэральны сакратар БФФ Юры Вяргейчык, начальнік управы спорту і турызму Берасьцейскага аблвыканкаму Мікалай Глушэня і міністар спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук, а таксама прадстаўнікі 2-х мясцовых дзіцяча-юнацкіх спартовых школ — Янаўскай ДЮСШ і Мотальскай СДЮШ алімпійскага рэзэрву[47]. 10 верасьня такое міні-футбольнае поле адкрылі падчас «Дажынак-2018» Берасьцейскай вобласьці ў Высокім (Камянецкі раён). Ва ўрачыстасьці на тэрыторыі Высокаўская сярэдняй школы ўдзельнічалі старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс і старшыня Беларускай фэдэрацыі гандболу Ўладзімер Канаплёў[48]. Да канца 2018 году такія пляцоўкі адкрылі ў яшчэ 8 гарадах Беларусі, у тым ліку ў Дрысе (Віцебская вобласьць) і Нясьвіжы[46].
17 кастрычніка 2019 году Браслаў (Віцебская вобласьць) стаў 12-м ад пачатку году горадам Беларусі, дзе адкрылі міні-футбольнае поле ў рамках праекту «Бонфэста дзецям»[49]. 11 жніўня 2020 году ў Крупках (Менская вобласьць) і Коханаве Талачынскага раёну (Віцебская вобласьць) адкрылі міні-футбольныя палі памерам 40х20 мэтраў. Перад гэтым у 2020 годзе адкрылі палі ў Пружанах (Берасьцейская вобласьць), Дуброўне (Віцебская вобласьць) і Ігумене (Менская вобласьць). Лік узьведзеных пляцовак дасягнуў 66. Да 2022 году ў рамках «Бонфэста дзецям» мелі абсталяваць 128 такіх палёў у кожным раёне Беларусі[50]. 28 жніўня 2020 году адчынілі футбольную пляцоўку 20 на 40 мэтраў у Верхнім горадзе Шуміліна (Віцебская вобласьць). «ТМК» выдаткаваў сродкі на штучны газон і яе абсталяваньне агароджай, брамамі і разьметкай[51]. 13 кастрычніка 2020 году ў Капылі пры фізкультурна-аздараўленчым цэнтры адчынілі міні-стадыён, які стаў 34-м ад пачатку году[52]. 4 сьнежня 2020 году ў Навасёлках Пастаўскага раёну (Віцебская вобласьць) міні-футбольную пляцоўку. На ўрачыстасьці начальнік Дэпартамэнту забесьпячэньня спартовых мерапрыемстваў БФФ Іван Гаравец паведаміў, што ў рамках праект «Бонфэста дзецям» ад пачатку году пабудавалі 7 поўнапамерных палёў і 32 аналягічныя пляцоўкі[53].
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads