Сьвятлана Алексіевіч

беларуская пісьменьніца, публіцыстка From Wikipedia, the free encyclopedia

Сьвятлана Алексіевіч
Remove ads

Сьвятла́на Алякса́ндраўна Алексіе́віч (нар. 31 траўня 1948 году; цяпер Івана-Франкоўск, Украіна) — расейскамоўная пісьменьніца Беларусі. У 2015 годзе стала першай ляўрэаткай ад Беларусі Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры[6] «за яе поліфанічную творчасьць — помнік пакутам і мужнасьці ў наш час»[7].

Хуткія факты Асабістыя зьвесткі, Нарадзілася ...
Remove ads

Біяграфія

Нарадзілася 31 траўня 1948 году ў Станіслававе (УССР, цяпер Украіна). Бацька — беларус, вайсковец-лётчык, маці — украінка[8]. У 1961 годзе сям’я пераехала ў Петрыкаўскі раён (Гомельская вобласьць, Беларуская ССР; цяпер Беларусь). Бацька стаў дырэктарам Капаткевіцкай сярэдняй школы і настаўнікам гісторыі, маці працавала настаўніцай нямецкай мовы[9]. У 1965 годзе скончыла Капаткевіцкую сярэднюю школу Петрыкаўскага раёну, працавала выхавальніцай Асавецкай школы-інтэрнату, затым настаўніцай гісторыі й нямецкай мовы Белажэвіцкай сямігадовай школы Мазырскага раёну. У 1966 годзе працавала ў раённай газэце «Прыпяцкая праўда» (Нароўля). У 1967 годзе паступіла на аддзяленьне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, якое скончыла ў 1972 годзе. Пазьней накіраваная ў раённую газэту «Маяк камунізму» (Бяроза). У 1973—1976 гадах працавала ў рэспубліканскай «Сельской газете», у 1976—1984 — загадчык аддзелу нарысу й публіцыстыкі часопісу «Нёман». Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру (з 1989). Сябра СП СССР (з 1983). З пачатку 2000-х гадоў у эміграцыі, жыла ў Італіі, затым у Францыі й Нямеччыне. З 2013 году жыла ў Менску[10].

У 2020 годзе падтрымала пратэсты беларусаў супраць фальсыфікацыі выбараў, гвалту і беззаконьня, праз што мусіла выехаць у Нямеччыну. Па расейскім уварваньні ва Ўкраіну ў 2022 годзе падтрымала пазыцыю прадстаўнікоў беларускага народу (у тым ліку Рады Беларускай Народнай Рэспублікі) пра тое, што Беларусь знаходзіцца пад расейскай акупацыяй[11][12][13]. У 2024 годзе прызнала, што беларускі палітык Зянон Пазьняк меў рацыю ў сваім артыкуле «Аб расейскім імпэрыялізьме і яго небясьпецы»: «Так, трэба прызнаць, што Зянон меў рацыю. Мы верылі ў Расею. Я памятаю, як мы чакалі дапамогі ад Расеі, ад расейскай інтэлігенцыі»[14].

Remove ads

Творчасьць

Дэбютавала ў 1975 годзе. У пэрыядычным друку выступае з нарысамі. Аўтар дакумэнтальных кніг «У вайны не жаночае аблічча» («У войны — не женское лицо», 1985), «Апошнія сьведкі» («Последние свидетели», 1985), «Цынкавыя хлопчыкі» («Цинковые мальчики», часопіс «Дружба народов», 1990). Паводле кнігі «У войны — не женское лицо» напісала п’есу (пастаўленая ў многіх тэатрах Беларусі й за мяжой) і сцэнары аднайменнага цыклу дакумэнтальных фільмаў (1983, адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР у 1985 г. і «Срэбным голубам» на міжнародным кінафэстывалі ў Ляйпцыгу), дакумэнтальных стужак «Бацькоўскі дом», «Партрэт зь вяргіняй», «Гэтыя незразумелыя старыя людзі» і іншых. Аўтар п’есы «Марутка» (пастаўленая ў 1988).

У 1993 годзе выйшла кніга «Зачараваныя сьмерцю» — аповед пра самазабойцаў, тых, хто скончыў з сабой ці спрабаваў скончыць з сабой, ня вытрымаўшы зьнікненьня сацыялістычных ідэяў, сацыялістычнага мацерыка. У 1997 годзе С. Алексіевіч апублікавала дакумэнтальную аповесьць «Чарнобыльская малітва» пра сьвет пасьля Чарнобыльскай катастрофы.

У 2013 годзе выдадзеная кніга «Час second-hand (Канец чырвонага чалавека)». Кніга закранае значныя гістарычныя тэмы: нямецка-савецкую вайну, аўганска-савецкую вайну, Чарнобыльскую катастрофу, час «перабудовы» і распад СССР. У кнізе дасьледуюцца фэномэн мысьленьня савецкага чалавека, фэномэн сацыялізму, і выкладаецца аўтарская канцэпцыя найноўшага часу, які пісьменьніца называе «часам сэканд-гэнд»[15].

Remove ads

Крытыка

Крытыкавалася за наступныя заявы, зробленыя ў 2005 годзе[16]: «…адзіны рэальны палітык у беларускай прасторы — гэта Лукашэнка <…> наш [беларускі] народ у асноўным рускай [расейскай] сьвядомасьці <…> пакуль мы ня пусьцім дэмакратыю наперадзе мовы [беларускай], мы ізноў загінем»[17].

У 2009 годзе палітык і грамадзкі дзяяч Зянон Пазьняк ахарактарызаваў Сьвятлану Алексіевіч як «чужога і варожага чалавека для беларускай справы», зьвяртаючы ўвагу на тое, што «за саветамі ніякай мінімальна крытычнай пазыцыяй да савецкага рэжыму яна не вызначалася; у часы беларускай нацыянальна-вызвольнай рэвалюцыі 1988—1991 гадоў яе і зблізку ніхто ня бачыў каля Беларускага Народнага Фронту і нацыянальнага руху (і камэнтароў не давала)». Таксама Зянон Пазьняк зьвінаваціў Сьвятлану Алексіевіч у пашырэньні хлусьлівых зьвестак пра тое, што нібы ў прыватнай гутарцы зь ёй заклікаў «стварыць таварыства памяці паліцаяў, хто, маўляў, бараніў Беларусь»[a]. Таксама Пазьняк зьвінавачваў Алексіевіч у пашырэньні пра яго абсурдных зьвестак, падаючы наступную яе цытату: «Памятаю, як Пазьняк заклікаў беларусаў ісьці ў лясы, партызаніць і пускаць пад адхон цягнікі ў знак пратэсту супраць аб’яднаньня з Расеяй»[b][17].

26 красавіка 2016 году ў нямецкай «Штодзённай газэце»(de) (Бэрлін) выйшла інтэрвію з Алексіевіч, у якім тая зрабіла беларусафобнае выказваньне: «Беларусы маюць рабскі мэнталітэт»[20].

У 2016 годзе крытыкавалася за набыцьцё кватэры ў г. зв. «Доме Чыжа»[21], пры пабудове якога адбылося зьнішчэньне аўтэнтычных падмуркаў дому, дзе нарадзіўся беларускі паэт Максім Багдановіч і, увогуле, грубае парушэньне закону Беларусі аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны, а сам гмах сваімі памерамі і разьмяшчэньнем зьнішчыў панараму і пэрспэктыву гістарычнага цэнтру Менску[22].

У 2019 годзе Зянон Пазьняк адзначыў, што Сьвятлана Алексіевіч «зьмяніла рыторыку, хаця сама не зьмянілася. Аб’ектыўна гэта добра. Яна нават пару разоў у абарону мовы беларускай выказалася. Гэты факт я ўспрымаю станоўча, таму што ўсё ж такі ляўрэат Нобэля. Да такога чалавека прыслухоўваюцца, што б ён ні сказаў»[23].

Remove ads

Кнігі

Remove ads

Беларускія пераклады

  • Апошнія сведкі / Святлана Алексіевіч: кніга недзіцячых расказаў. — Мінск: Юнацтва, 1985. — 188, [1] с.
  • У вайны не жаночае аблічча: дак. аповесць / Святлана Алексіевіч. — Мн.: Маст. літ., 1991. — 272 с.
  • Зачараваныя смерцю: Пер. з рус. М. С. Гіля / Святлана Алексіевіч. — Мн.: Беларусь, 1993. — 128 с.
  • Чарнобыльская малітва: Хроніка прышласці: Дак. аповесць / Святлана Алексіевіч. — Мн.: Рэсп. грамад. аб’яднанне «Літ.-маст. фонд „Гронка“», 1999. — 222, [1] с.
  • Час сэканд-хэнд (Канец чырвонага чалавека) / Святлана Алексіевіч. Перакл. з руск. Ц. Чарнякевіч, В. Стралко. — Мн.: Логвінаў, 2014. — 384 с — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»; выпуск 46). — ISBN 978-985-562-096-0.
  • Дакументальна-мастацкая хроніка «Галасы ўтопіі» ў 5-ці кн. Пераклалі з руск. мовы Валянцін Акудовіч, Уладзімер Арлоў, Сяргей Дубавец, Барыс Пятровіч, Андрэй Хадановіч. Вільня: Логвінаў, 2018.
  • У вайны не жаночы твар: пер. з рускай В. Акудовіча / Святлана Алексіевіч. — Мн.: Маст. літ., 2019.
Remove ads

Узнагароды

  • Літаратурная прэмія СП СССР імя М. Астроўскага (1984)
  • Ордэн «Знак Пашаны» (1984)
  • Літаратурная прэмія імя К. Федзіна (1985)
  • Прэмія Ленінскага камсамолу (1986) — за кнігу «У вайны не жаночае аблічча»
  • Прэмія Ленінскага камсамола (1986)
  • Прэмія Курта Тухольскага «За мужнасьць і маральную выскароднасьць у літаратуры» (Швэцыя, Tucholskypriset, 1996)
  • Прэмія Трыюмф (Расея, 1997)
  • Прэмія імя Андрэя Сіняўскага рэдакцыі «Новай газэты» «За творчыя паводзіны і высакароднасьць у літаратуры» (1997)
  • Галоўная Ляйпцыская кніжная прэмія за ўнёсак у эўрапейскае ўзаемаразуменьне (па-нямецку: Leipziger Buchpreis zur Europäischen Verständigung)
  • Прэмія Гердэра «За найлепшую палітычную кнігу» (Нямеччына, 1999)
  • Прэмія міру імя Рэмарка (2001)
  • Нацыянальная прэмія крытыкі (ЗША, 2006)
  • Прэмія Angelus (2010)
  • Узнагарода імя Капусьцінскага (Польшча, 2011)[25]
  • Прэмія міру Нямецкага кнігагандлю (2013)
  • Афіцэр ордэна мастацтваў і літаратуры (2014)
  • Нобэлеўская прэмія ў галіне літаратуры (2015)
Remove ads

Заўвагі

  1. рас. «Я помню свой тогдашний разговор с Зеноном Позняком, услышанное повергло меня в ужас. Он говорил о том, что надо создать общество памяти полицаев, кто защищал, якобы, Беларусь. Я представила, что будет, если выйти с этим предложением к нашему народу без соответствующей культурной подготовки. Без разделения тех полицаев, без понимания, кто и за что там воевал»[18]
  2. рас. «Я помню, как Пазьняк призывал белорусов уходить в леса, партизанить и пускать под откос поезда в знак протеста по поводу объединения с Россией. А у меня в России на Радио «Свобода» тогда по этому поводу спросили: «Что делают сейчас белорусы?» А я говорю: копают картошку и закручивают банки, а революция - только в голове у Пазьняка»[19]
Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads