былы хутар у Лагойскім раёне Менскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Акопы — сядзіба маці і сёстраў Янкі Купалы, якую з 1911 году і да другой паловы 1920-х гадоў часта наведваў славуты беларускі паэт; былы хутар у Менскай губэрні (цяпер — у Лагойскім раёне Менскай вобласьці); месца найбольш плённага творчага натхненьня Янкі Купалы; назва філіі Літаратурнага музэю Янкі Купалы. Знаходзіцца за 30 км на поўнач ад Менску недалёка ад вёскі Харужынцы.
Акопы | |
трансьліт. Akopy | |
На месцы былога фальварку Акопы | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Лагойскі |
Сельсавет: | Янушкавіцкі |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1774 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°11′49″ пн. ш. 27°31′46″ у. д. |
± Акопы |
Прыгажосьць і непаўторнасьць Акопаў абумоўлены іх знаходжаньнем на грэбені Беларуска-Літоўскай грады (водападзел басэйнаў Дняпра і Нёмана — Чорнага і Балтыйскага мораў). За 2—3 км на паўночны ўсход ад Акопаў месьціцца вёска Харужынцы. На захад ад Акопаў — лясістыя пагоркі і забалочаныя даліны, над якімі ўзвышаецца Лысая гара[1]. За гэтымі мясьцінамі здаўна замацавалася назва «Беларуская Швайцарыя»[2].
Хутар Акопы належаў пані Ардынцавай, а пасьля яе сьмерці па спадчыне перайшоў да яе пляменьніцы Марыі Жалігоўскай[3]. Менавіта ў М. Жалігоўскай маці Янкі Купалы Бянігна Луцэвіч арандавала хутар Акопы з восені 1909 году. Пасьля кастрычніцкага перавароту ў 1917 годзе хутар перайшоў ва ўласнасьць маці і сёстраў паэта. Б. Луцэвіч жыла ў Акопах да 1926 году, пакуль не пераехала да сына ў Менск. Сёстры Янкі Купалы Ганна, Марыя і Леакадзія жылі ў Акопах да 1929 году[1].
Янка Купала ўпершыню прыехаў у Акопы ўлетку 1911 году. Гэты і наступны прыезды Купалы ў Акопы — улетку 1912 году — былі канікулярнымі: тады Купала навучаўся на вячэрніх агульнаадукацыйных курсах А. Чарняева ў Пецярбургу. Да другой паловы 1920-х гадоў жыцьцё і творчасьць Купалы былі цесна зьвязаныя з гэтым маляўнічым кутком Беларусі[1]. Менавіта хутар і навакольныя сядзібы Карпілаўка, Малыя Бясяды сталі для Купалы месцам літаратурных сустрэчаў, дыскусіяў, спасьціжэньня культурна-гістарычных традыцыяў краю[4].
Менавіта ў часе сваіх прыездаў у Акопы Янка Купала станавіўся блізкім суседам свайго добрага старэйшага сябра, вядомага беларускага празаіка Антона Лявіцкага (Ядвігіна Ш.), маёнтак[5] якога знаходзіўся за 1,5 км празь лясок ад Акопаў. Менавіта Ядвігін Ш. пераканаў Купалу пісаць на беларускай мове і яго безь перабольшваньня называюць хросным бацькам Янкі Купалы ў літаратуры[6].
Пасьля 1917 году ад’езды Янкі Купалы ў Акопы мэтафарычным чынам пазначалі зыходжаньне паэты ва ўнутраную эміграцыю[7].
Гэтаксама, як настаўніку Янку Здольніку, герою купалаўскіх «Тутэйшых», раз-пораз робіцца непамысна й душна ў апанаваным акупантамі месьце Менску, і ён зьяжджае ў вёску, так і Купалу нядобра паўсюль — і ён накіроўваецца ў свае Акопы. Там, аднак, ягонае маўчаньне й бязьдзейнасьць перапыняюцца, і ён піша свае лепшыя творы смутнага пасьлярэвалюцыйнага часу. | ||
—Пятро Васючэнка. Недапраўлены апазыцыянізм[7] |
Сядзіба ў Акопах знаходзілася на прыгорку. Чатырма вокнамі і ганкам выходзіла на захад, дзе палеткі ўпіраліся ў лес. На іх межах адзінцамі, непадалёку адзін ад аднаго, стаялі дубы. Падворак з усходу пераходзіў у адхон яра. Ручай у лагчыне яра быў перапынены гацьцю, што ўтварала сажалку-стаў. На яе беразе стаяла лазьня Луцэвічаў[1].
Над грэбляю зьвешваў крону векавечны дуб, схіляліся вербы, буяў вербалоз. Правей ад сажалкі — абапал ручая — рос алешнік. За ярам і цяпер можна ўбачыць вялізны валун (4 м у даўжыню, 3 м у шырыню і 1,5 м у вышыню, на якім, паводле легенды, Янка Купала любіў пісаць і адпачываць) і палеткі, часта перарэзаныя бярозава-саснова-яловымі пералескамі. Дом быў у прысадах. Вакол расьлі кусты язьміну, шыпшыны, брызгліны. Купалавы пакой быў кутні. Два акны яго выходзілі ў сад. Перад вокнамі цьвілі кветкі, расьлі кусты шыпшыны. З вокнаў было відаць дубы, елкі. Ясені, клёны, сосны недалёкага лесу, рабіны, ліпы, шматкаляровыя загоны палеткаў. Перад хатай стаяла студня з жураўлём. Паблізу разьмяшчалася клець, вяндлярня, крыху далей — гумно, пуня, хлявы, два сьвірны[1].
Акопы сталі для Янкі Купалы, як Навагрудак для А. Міцкевіча, Міхайлаўскае для А. Пушкіна, Тарханы для М. Лермантава, Ясная Паляна для Л. Талстога, невычэрпнай крыніцай натхненьня, шматлікіх тэмаў і настрояў, непасрэднай натурай паэтычных малюнкаў і іх шматфарбнага калярыту, шырокім полем пазнаньня народнага жыцьця і характару[1]. У Акопах у поўнай меры раскрыўся геній Купалы — лірыка, драматурга-філёзафа, перакладчыка, публіцыста-аналітыка. Каля 200—300 вершаваных радкоў у дзень пісаў паэт амаль без адзінай праўкі[4].
Больш за 70 Купалавых твораў маюць памету «Акопы». Шмат іншых твораў, пад якімі не пазначана месца напісаньня, нарадзіліся і высьпелі ў Акопах. Адсюль многія вобразы прыроды ў вершах і паэмах Купалы. У Акопах паэт напісаў самыя аб’ёмныя свае творы: усе чатыры п’есы (тры закончаныя і адна няскончаная) і вершаваны пераклад «Слова аб палку Ігаравым». Шматлікія жыхары акопаўскага навакольля сталі прататыпамі, што паслужылі штуршком для стварэньня шэрагу яркіх купалаўскіх вобразаў[1].
Філія «Акопы» Літаратурнага музэю Янкі Купалы была створаная з ініцыятывы тагачаснага дырэктара музэю Жанны Дапкюнас. Важкую падтрымку ідэі стварэньня купалаўскай філіі «Акопы» аказаў народны паэт Беларусі, ураджэнец Лагойшчыны Ніл Гілевіч[8].
Пасьля прыняцьця ў верасьні 1989 году рашэньня аб стварэньні філіі на месцы былога хутару Міхалішкі ў вёсцы Харужынцы быў узьведзены тыповы будынак, характэрны для канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя. Адкрыцьцё філіі для наведваньня адбылося 29 жніўня 1992 году і было прымеркавана да 110-годзьдзя з дня нараджэньня паэта[9]. Філія музэю складаецца зь дзьвюх частак: гістарычнай (літаратурна-мастацкай) і мэмарыяльнай. Агульная плошча тэрыторыі філіі складае 6,64 га[4].
Гістарычная частка філіі музэю знаходзіцца ў Харужынцах. Яе экспазыцыя адлюстроўвае пэрыяд найбольшага творчага ўздыму Янкі Купалы (1910—1926) і разьмешчана ў пяці залях: «На перакрыжаваньнях жыцьця», «Песьні беларускай валадар», «Раскіданае гняздо», «Тэатральная заля», «Янка Купала — наша будучыня»[10]. Плошча экспазыцыі — 156 м². Мастацкая канцэпцыя экспазыцыі музэю была распрацаваная мастаком Эдуардам Агуновічам, а над яе ажыцьцяўленьнем працавалі мастакі Алег Грачоў і Ўладзімер Пратасеня. У экспазыцыі прадстаўлена больш за 300 экспанатаў, сярод якіх дакумэнты, фатаздымкі, успаміны пра Я. Купалу, рукапісы і кнігі паэта, архіўныя матэрыялы пра купалаўскія мясьціны на Лагойшчыне і Меншчыне, работы беларускіх мастакоў Э. Агуновіча, В. Александровіча, М. Басалыгі, А. Волкава, А. Кашкурэвіча, М. Купавы, Г. Паплаўскага, У. Савіча, В. Шаранговіча[4].
«К табе, о Божа, |
Я. Купала «Хрыстос васкрос!..», 1911 |
Ля будынку філіі можна ўбачыць скульптурную кампазыцыю «Малады Купала» (1992 г., аўтары Андрэй Засьпіцкі і Генадзь Мурамцаў), зялёны амфітэатар для масавых мерапрыемстваў і крыніцу-сьвідравіну з артэзіянскай вадой. З трох бакоў філія абкружаная дрэвамі-кулісамі[4]. На алеі, якая вядзе да ўваходу ў музэй, акрамя помніка знаходзіцца вялізны валун з выбітым на ім Купалавым заклікам зь верша «Хрыстос васкрос!..».
На тэрыторыі музэю з 1993 году раз у два-тры гады ў траўні традыцыйна праводзяцца зьлёты-сэмінары маладых паэтаў Меншчыны пад дэвізам «Нас слова Купалы да творчасці кліча»[11]. У чэрвені 2010 году ля музэю ўпершыню адбыўся фэстываль бардаўскай песьні «Купалаўскія вакацыі»[12].
«Песьню стварыці ясну, як неба |
Я. Купала «З кутка жаданьняў», 1912 |
Мэмарыяльная частка філіі «Акопы» — гэта адноўленыя межы былой сядзібы Акопы, рэшткі падмуркаў сядзібнага дома і гаспадарчых збудаваньняў, некалькі старых дрэваў, сымбалічны зруб на месцы былой студні. Рачулка, якая жывіла сажалку, пераўтварылася ў невялікі ручай. На валуне, на якім Купала любіў адпачываць, у 1982 годзе прымацаваны мэмарыяльны знак са словамі верша «З кутка жаданьняў»[13].
Купалаўскі заказьнік быў утвораны ў 2000 годзе ў адпаведнасьці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Хутар Акопы стаў цэнтрам заказьніка. Заказьнік раскінуўся на тэрыторыі Лагойскага і Менскага раёнаў і мае плошчу 3834 гэктары[14].
Хараству Акопаў як чароўнай крыніцы Купалавага натхненьня і акопаўскаму пэрыяду яго жыцьця і творчасьці прысьвяцілі свае творы беларускія мастакі Э. Агуновіч, В. Александровіч, М. Басалыга, А. Волкаў, А. Кашкурэвіч, М. Купава, Г. Паплаўскі, У. Савіч, В. Шаранговіч, фатограф Ю. Акудовіч і інш.
Навакольле Акопаў багатае на мясьціны, зьвязаныя з жыцьцём і творчасьцю Янкі Купалы: Карпілаўка, Селішча, Калдукоўка, Міхалішкі і Ляўшова, Радзькоўшчына, Прытыкі, Шкоды і Парабкі і інш. Цяпер гэтыя назвы зьяўляюцца толькі моўным абазначэньнем урочышчаў у штодзённых стасунках мясцовых жыхароў[6].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.