From Wikipedia, the free encyclopedia
Шатля́ндзкая мова германскай галіны (саманазва: (Braid) Scots, Lallans) — група дыялектаў, якія належаць да германскае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў, якія распаўсюджаныя пераважна ў раўніннай частцы Шатляндыі і некаторых частках рэгіёну Ольстэр, што на поўначы востраву Ірляндыя. У ангельскай літаратуры шатляндзкую германскую мову могуць таксама пазначаць тэрмінам раўні́нная шатля́ндзкая (анг. Lowland Scots), што робіцца ў мэтах адрозьненьня гэтай мовы ад гэльскай шатляндзкай — мовы, якая належыць да кельцкае галіны, і распаўсюджанай на гарыстым паўночным захадзе Шатляндыі. Апрача таго, шатляндзкія германскія дыялекты Ірляндыі могуць згадвацца пад тэрмінам ольстэрска-шатляндзкая (анг. Ulster Scots)[2].
Шатляндзкая мова | |
(Braid) Scots, Lallans | |
Ужываецца ў | Вялікабрытаніі, Ірляндыі |
---|---|
Рэгіён | Шатляндыя: Лаўлэнд, Шэтландзкія і Аркнэйскія астравы, Кэйтнэс, востраў Аран, Кэмпбэлтаўн; Паўночная Ірляндыя: графствы Даўн, Анрым, Лондандэры; Ірляндыя: графства Данэгол |
Колькасьць карыстальнікаў | |
Клясыфікацыя | Індаэўрапейская сям'я
|
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | — |
Дапаможная мова ў | ў Вялікабрытаніі (Шатляндыя, Паўночная Ірляндыя) |
Рэгулюецца | паўурадавымі праграмамі па падтрымцы й рэгуляваньні ў Шатляндыі і Паўночнай Ірляндыі |
Статус: | 5 Разьвіваецца[d][1] |
Пісьмо | лацінскае пісьмо |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | — |
ISO 639-2(Б) | sco |
ISO 639-2(Т) | sco |
ISO 639-3 | sco |
Значнай часткай дасьледаваньняў мова можа разглядацца ў сыстэме дыялекталёгіі ангельскай мовы. З прычыны таго, што ў лінгвістыцы на цяперашні час не існуе дакладна выяўленых крытэраў адрозьненьня моваў ад дыялектаў, лінгвісты, а таксама зацікаўленыя бакі часта разыходзяцца ў меркаваньнях наконт лінгвістычнага, гістарычнага й сацыяльнага статусу шатляндзкай германскай мовы[3]. У лінгвістыцы існуе шэраг парадыгмаў для адрозьненьня мовы і дыялекту, але яны часта адлюстроўваюць супярэчлівыя вынікі. У шырэйшым сэнсе шатляндзкая германская зьяўляецца часткай дыялектнага кантынуўму, іншай часткай якога зьяўляецца шатляндзкі варыянт ангельскай мовы[4]. Сыходзячы з падобных меркаваньняў, шатляндзкая германская можа лічыцца адным са старажытных варыянтаў ангельскай мовы, які мае ўласную дыялектную сыстэму[3]. У якасьці альтэрнатыўнага пункту гледжаньня шатляндзкая германская можа лічыцца асобнай мовай у складзе германскай галіны, у падтрымку чаго прыводзіцца прыклад лінгвістычнага статусу нарвэскай мовы адносна дацкай[3].
У 2010 годзе ўрадам Шатляндыі было праведзенае дасьледаваньне пад агульнай назвай «стаўленьне грамадзтва да шатляндзкай мовы». У выніку дасьледаваньня стала вядомым, што 64% рэспандэнтаў з выбаркі ў 1000 дарослых асобаў з насельніцтва Шатляндыі аддалі перавагу варыянту адказу «не лічу шатляндзкую ў якасьці асобнай мовы». Гэтым жа дасьледаваньнем было выяўлена, што большасьць носьбітаў шатляндзкай менш за ўсё схільныя не прызнаваць шатляндзкую як асобную мову (58%); асобы, якія не размаўляюць па-шатляндзку, схільныя да гэтага часьцей (72%)[5].
Паводле зьвестак перапісу насельніцтва ў Шатляндыі 2011 году, прыблізна 1,54 млн чал. здольныя размаўляць па-шатляндзку[6], што агулам склала прыкладна ⅓ ад насельніцтва Шатляндыі. Лінгвістычны партал Ethnologue дае інфармацыю пра колькасьць носьбітаў, згодна зь якой носьбітаў у Вялікабрытаніі налічваецца прыкладна 90 тыс чал.[7], пры гэтым прыкладна 1,5 млн чал. размаўляюць на мове як на другой[7].
Носьбіты мовы часам вызначаюць сваю мову тэрмінам braid Scots (бел. агульная, шырокаўжываная шатляндзкая)[8]. Апрача гэтага, маюць ужываньне й дыялектныя назвы, такія як Doric, Buchan Claik і г.д.[9][10]. Існуе слова Scotch, якое зьяўляецца ангельскім запазычаньнем і, нягледзячы на састарэласьць, часам можа ўжывацца, асабліва на поўначы Ірляндыі[11][12][13]. Выкарыстоўваецца таксама тэрмін Lallans[lower-alpha 1], аднак пад ім часьцей разумеюць літаратурную норму мовы[7][14].
Шатляндзкая германская мова Ірляндыі ў афіцыйным выкарыстаньні вядомая пад тэрмінам ольстэрска-шатляндзкая (Ulster-Scots, Ulstèr-Scotch), альбо Ullans. Апошняе слова зьяўляецца нэалягізмам, утвораным ад зьліцьця словаў Ulster (бел. «Ольстэр») і Lallans[15].
У ангельскай літаратуры мова пераважна вядомая пад тэрмінам Scots. Гэтае слова этымалягічна тоеснае старому Scottis, якое, у сваю чаргу, ёсьць старашатляндзкай вэрсіяй старажытнаангельскага Scottisc (бел. «шатляндзкі, шатляндзкая»)[16]. Да канца XV ст. ангельскае маўленьне Шатляндыі было вядомае як «ангельская мова» (анг. Ynglis/Inglis), у той час як паняцьце «шатляндзкая мова» (анг. Scottis) датычылася гэльскай шатляндзкай мовы.
Да пачатку XV ст. ангельскія дыялекты, што мелі ўжываньне на той час у Шатляндыі, імаверна маглі эвалюцыянаваць і вылучыцца ў асобную мову, аднак нягледзячы на гэта для гэтых дыялектаў не існавала найменьня, якое дазваляла б адрозьніваць іх ад іншых дыялектаў ангельскай мовы. З 1495 году слова Scottis паступова страчвае сваё ранейшае значэньне і пераходзіць для абазначэньня германскага маўленьня ў нізіннай Шатляндыі (Лаўлэнд), тады як для гэльскай шатляндзкай стаў выкарыстоўвацца тэрмін Erse, у значэньні блізкароднаснай гэльскай ірляндзкай мовы[3]. Напрыклад, напрыканцы XV ст. шатляндзкі паэт Ўільям Данбар выкарыстоўваў слова Erse для пазначэньня гэльскай, а ў пачатку XVI ст. іншы шатляндзкі паэт, Гэвін Дуглас для пазначэньня мовы Лаўлэнду выкарыстоўваў менавіта слова Scottis[17][18]. Кельцкая мова паўночнага захаду Шатляндыі ў ангельскай мове на цяперашні час называецца тэрмінам Scottish Gaelic (літаральна «шатляндзкая гэльская»).
У расейскай літаратуры і, адпаведна, літаратуры краінаў былога СССР германская мова Шатляндыі вядомая пад шэрагам тэрмінаў, ніводны зь якіх ня мае пэўнай перавагі. Зь іх найбольш распаўсюджанымі зьяўляюцца а́нгла-шатля́ндзкая мова, шатля́ндзкая раўні́нная, скотс.
У VII ст. у паўднёва-ўсходняй частцы Шатляндыі, па зацьвярджэньні ў гэтым рэгіёне англа-саксонскага каралеўства Нартумбрыя, атрымаў распаўсюджаньне нартумбрыйскі дыялект стараангельскай мовы[19]. У часы распаўсюджваньня нартумбрыйскіх гаворак у Шатляндыі былі распаўсюджаныя брыцкія кельцкія гаворкі і, крыху на поўнач, пікцкая мова, тады як з захаду сваё пашырэньне па Шатляндыі пачыналі гаворкі, што пазьней палеглі ў аснову гэльскай шатляндзкай мовы.
Па заснаваньні Каралеўства Шатляндыя ў Х ст. і распаўсюджваньні хрысьціянства ў рэгіёне гэльская шатляндзкая мова стала павольна пашырацца на поўдні й усходзе Шатляндыі. Па ўключэньні Нартумбрыі ў склад Шатляндыі ў ХІ ст. гэльская мова стала ў Нартумбрыі прэстыжнай мовай і мела некаторы ўплыў, але на паўднёвым усходзе працягвалі захоўвацца мясцовыя стараангельскія гаворкі. На крайняй поўначы Шатляндыі тагачасныя ўварваньні вікінгаў прынесьлі старажытнаскандынаўскія гаворкі, якія леглі ў аснову мовы норн.
Да XIII ст. галіна выкарыстаньня нартумбрыйскага дыялекту стараангельскай мовы была досыць абмежаванай, тады як мовай мясцовага каралеўскага двара заставалася гэльская шатляндзкая.
Характар раньніх формаў мовы ў некаторай ступені незразумелы праз разрабаваньні й разбурэньні ў ходзе вікінгаўскіх заваёваў, зьнішчэньне пісьмовых дакумэнтаў каралём Эдўардам І і дзеячамі Рэфармацыі. Дыскусійным пытаньнем зьяўляецца пытаньне дакладнага паходжаньня мовы, якая можа разглядацца як нашчадак нартумбрыйскіх дыялектаў стараангельскай або англа-дацкіх гаворак Ёркшыру. Апошняя гіпотэза дазваляе растлумачыць старажытнаскандынаўскія элемэнты ў раньнешатляндзкай мове, якія адсутнічаюць, аднак, у нартумбрыйскім дыялекце стараангельскай мовы[20]. Нагодаю для высоўваньня падобных гіпотэзаў зьяўляецца наяўнасьць глёсаў у лацінскіх тэкстах, тапаніміка й зьвесткі археалёгіі.
Наступны пэрыяд у разьвіцьці мясцовага дыялекту стараангельскай мовы, вядомы як раньнешатляндзкая мова, наступіў у ХІІ—ХІІІ стагодзьдзях, калі носьбіты дыялекту сталі міграваць з Нартумбрыі пад уплывам міграцыі ў рэгіён носьбітаў сярэднеангельскай мовы, якія, у сваю чаргу, зазнавалі ўплыў старажытнаскандынаўскай мовы[21]. Пазьней уплыў на разьвіцьцё шатляндзкай германскай мовы сталі аказваць раманскія (лаціна, нармандзкая мова[22], позьні парыскі дыялект францускай мовы) і германскія (галяндзкая, сярэдненіжненямецкая) мовы. Уплыў раманскіх моваў стаў узьнікаць праз царкоўнае і адміністрацыйнае выкарыстаньне лаціны і хаўрус з Францыяй, тады як германскі ўплыў зьяўляўся з-за гандлёвых сувязяў зь Нідэрляндамі[22]. Геаграфічная экспансія шатляндзкай германскай мовы, якая цягам стагодзьдзяў скарачала арэал распаўсюджаньня гэльскай мовы, апасрэдавана стала прычынай кантактаў з апошняй і зьяўленьня ў шатляндзкай германскай мове плясту запазычаньняў з гэльскай шатляндзкай. Раньнія сярэднявечныя дакумэнты маюць шэраг гэльскіх запазычаньняў у галіне права[22], сучасная шатляндзкая германская мова запазычыла геаграфічныя і культурныя тэрміны (напрыклад, ceilidh — назва танцу; loch — прэснае возера, марская затока; clan — радавое аб’яднаньне, клан).
Пачынаючы з ХІІІ ст. раньнія формы шатляндзкай мовы сталі распаўсюджвацца далей у Шатляндыю праз сыстэму асаблівых гарадзкіх установаў, зацьверджаных шатляндзкім каралём Давідам І. У XIV ст. пачаў адзначацца рост прэстыжу раньнешатляндзкай мовы, што ўключна са зьніжэньнем уплыву францускай зрабіла шатляндзкую германскую мову моваю большасьці ва ўсходняй Шатляндыі. Паступова выкарыстаньне гэльскай шатляндзкай мовы было звужана да паўночна-заходніх гарыстых раёнаў Шатляндыі; насельніцтва раўніннага паўднёвага ўсходу, арыстакратыя й месьцічы перайшлі на шатляндзкую германскую мову. Так, ужо ў XV ст. факт валоданьня гэльскай мовай тагачасным шатляндзкім каралём Якубам IV выклікаў зьдзіўленьне сучасьнікаў.
Зь іншага боку, у гэты пэрыяд шатляндзкая германская мова стала пашыраць уплыў на крайні поўнач Шатляндыі, калі ў XV ст. на паўночным ускрайку краіны (графства Кэйтнэс) вымерлі мясцовыя гаворкі мовы норн[23]. На гэты пэрыяд таксама прыпадае пашырэньне шатляндзкай мовы на Аркнэйскіх і Шэтландзкіх астравох, аднак, у адрозьненьне ад Кэйтнэсу, шатляндзкая германская мова стала на архіпэлягах толькі другой мовай, гэтае становішча захоўвалася прыкладна да канца XV ст.[24]
У XVI ст. умоўна пачынаецца пэрыяд сярэднешатляндзкай германскай мовы. У гэты пэрыяд былі створаныя артаграфічная і літаратурная нормы шатляндзкай германскай мовы, якія былі цесна зьвязаныя з падобнымі нормамі Ангельшчыны[25]. У пэрыяд з 1610 па 1690 гады ў Ольстэры пасялілася прыкладна 200 тысячаў шатляндцаў-лаўлэндэраў, якія размаўлялі па-шатляндзку[26]; як правіла, шатляндзкія перасяленцы ў рэгіёне пераўзыходзілі перасяленцаў-ангельцаў у пяць або нават шэсьць разоў[27].
З XVIII ст. пачынаюць адлічваць пэрыяд умоўнага існаваньня сучаснай шатляндзкай германскай[28], калі ў якасьці літаратурнай мовы збольшага была прынятая ангельская, а ўласна шатляндзкая германская мова засталася толькі ў асабістым ужываньні.
Перад аб’яднаньнем Шатляндыі й Ангельшчыны ў краіну Вялікабрытанія існавала значная колькасьць гістарычных сьведчаньняў, якія дазваляюць лінгвістам лічыць шатляндзкую германскую мову асобнай мовай, якая ўтварае дыясыстэму з ангельскай мовай[29].
Нямецкі лінгвіст Гайнц Клёс, абапіраючыся на г.зв. аўсбаў-парадыгму, вызначаў шатляндзкую германскую мову як Halbsprache, што літаральна можа быць перакладзена як «паўмова»[30]. Маўленьне большасьці шатляндцаў на цяперашні час падыходзіць пад вызначэньне кантынуўму, бо ў шатляндзкім маўленьні можа фігураваць як шатляндзкая германская, так і ангельская пад уплывам шатляндзкай[14]. Сытуацыя ўскладняецца пераходам носьбітаў на ангельскую або шатляндзкую ў залежнасьці ад сытуацыі. У выніку гэтага разьмежаваньне шатляндзкай германскай мовы з ангельскім уплывам і ангельскай мовы з шатляндзкім уплывам становіцца складаным. Паколькі літаратурная ангельская мова ў Шатляндыі цяпер выступае ў ролі Dachsprache (літаральна — «мова-дах», то бок мова, якая лічыцца стандартнай на фоне мясцовых нелітаратурных дыялектаў), часта ўзьнікаюць дыскусіі адносна пытаньня таго, ці зьяўляецца шатляндзкая германская дыялектам шатляндзкага варыянту ангельскай мовы або асобнай мовай[4][31].
Урад Вялікабрытаніі прызнае шатляндзкую германскую мову як рэгіянальную мову ў межах Эўрапейскай хартыі рэгіянальных моваў[32]. Палажэньні хартыі не дазваляюць прызнаваць у якасьці рэгіянальнай мовы дыялект афіцыйнай мовы, якой у Вялікабрытаніі зьяўляецца ангельская. З гэтага вынікае, што прызнаньне шатляндзкай германскай мовы як адной з рэгіянальных моваў паводле хартыі ўскосна зьяўляецца прызнаньнем шатляндзкай германскай у якасьці асобнай мовы. Падобную палітыку, незалежна да хартыі, падзяляе і ўрад Шатляндыі.
У якасьці іншых доказаў статусу шатляндзкай германскай як асобнай мовы прыводзяцца наяўнасьць шырокай літаратуры на мове, уласнай артаграфіі (хоць і ў вызначанай ступені варыяцыйнай) і факт гістарычнага выкарыстаньня мовы як мовы паседжаньняў у парлямэнце Шатляндыі[33]. З прычыны таго, што пасьля ўтварэньня Вялікабрытаніі Шатляндыя захавала ўласныя палітычную і рэлігійную сыстэмы, шматлікія шатляндзкія тэрміны перайшлі ў шатляндзкі варыянт ангельскай мовы.
Зь сярэдзіны XVI ст. пісьмовая шатляндзкая мова стала ўсё больш зазнаваць уплыў ангельскай мовы, якая ў той час імкліва разьвівалася на поўдні Ангельшчыны. Гэты ўплыў быў зьвязаны з разьвіцьцём палітычнага ўзаемадзеяньня Шатляндыі з Ангельшчынай[34].
Так, з ростам уплыву Ангельшчыны і павелічэньнем у Шатляндыі колькасьці кнігаў, надрукаваных у Ангельшчыне, большая частка пісьмовасьці ў краіне стала набліжацца да ангельскага ўзору[35]. Пасьля таго, як каралём Шатляндыі стаў Якуб І Ангельскі, у краіне была прынятая новая вэрсія Бібліі і Акт пра Унію 1707 году, паводле якога дзьве краіны аб’ядноўваліся ў адзіную — Вялікабрытанію, парлямэнт якой стаў месьціцца ў Лёндане. Пасьля аб’яднаньня і зьмены ўлады ў краіне выкарыстаньне шатляндзкай у галінах адукацыі і ўлады стала абмяжоўвацца з прычыны мажлівых нэгатыўных асацыяцыяў[36]. Шматлікія дзеячы шатляндзкай культуры, такія як, прыкладам, Дэйвід Г’юм, сталі аддаваць перавагу брытанскай, а не шатляндзкай самаідэнтыфікацыі[37]; ставіліся спробы пазбавіцца ад ужываньня шатляндзкай мовы шляхам усталяваньня ў якасьці афіцыйнай мовы ангельскай. Тым ня менш, да канца XVIІ ст. шатляндзкая мова працягвала выкарыстоўвацца ў шматлікіх галінах дзейнасьці[35].
Пасьля прыкладаў пераходу шэрагу шатляндзкіх культурных дзеячоў на ангельскую мову падобнаму ўзору пасьледавалі многія заможныя шатляндцы, што паскаралася, напрыклад, лекцыямі па красамоўстве тагачаснага актора Томаса Шэрыдана. У гэтых навучаньнях узяла ўдзел больш за 300 чалавек, пасьля чаго Шэрыдан стаў ганаровым жыхаром Эдынбургу, частка інтэлігенцыі гораду ўтварыла Таварыства па садзейнічаньні чытаньню і размове на ангельскай мове ў Шатляндыі. У выніку падобных мерапрыемстваў сфармавалася шатляндзкая літаратурная норма ангельскай мовы[38]. Нягледзячы на гэта, шатляндзкая мова заставалася мовай сельскага насельніцтва і мескіх працоўных Шатляндыі[39].
У XVIII-ХІХ стагодзьдзях выкарыстаньне шатляндзкай мовы ў літаратуры было адроджана шэрагам шатляндзкіх дзеячоў культуры такіх як Робэрт Бэрнз, гэтыя пісьменьнікі распрацавалі новую міждыялектную літаратурную норму. Зь першай паловы ХХ ст. валоданьне літаратурнай нормай папярэдніх стагодзьдзяў аслабла, і ў цяперашні час упарадкаванага літаратурнага стандарту не існуе[40]. Да 1940-х гадоў шатляндзкі Дэпартамэнт па адукацыі прытрымліваўся думкі, што шатляндзкая мова не падыходзіць да адукацыйнага працэсу або культурнай дзейнасьці[41]. Вучні па-за школай працягвалі выкарыстоўваць шатляндзкую, аднак наступныя пакаленьні пачалі пераходзіць на літаратурную ангельскую мову. Пасьля Другой сусьветнай вайны гэты працэс у некаторай ступені павялічыўся з-за шырэйшага доступу да ангельскамоўных СМІ і падвышэньня мабільнасьці насельніцтва[42]. Паводле стану на канец ХХ ст. шатляндзкая мова на большай частцы шатляндзкага Лаўлэнду, на думку некаторых дасьледчыкаў, блізкая да стану сьмерці мовы[43]; рэшткавыя асаблівасьці шатляндзкай мовы звычайна разглядаюць як частку слэнгу[44].
На цяперашні час прыкладаюцца вызначаныя намаганьні па пашырэньні ўжытку мовы. Так, шатляндзкая мова можа дадаткова выкладацца ў школах, дзе мажліва вывучаць шатляндзкую літаратуру і рабіць назіраньні за мясцовымі дыялектамі. Большая частка гэтых матэрыялаў, аднак, зьяўляецца ангельскамоўнай зь некаторымі элемэнтамі, даданымі з мэтай наданьня шатляндзкай стылістыкі, што выклікала незадавальненьне як прыхільнікаў літаратурнай ангельскай, так і прыхільнікаў шатляндзкай[45]. У сучаснай Вялікабрытаніі шатляндзкая германская мова традыцыйна разглядаецца як разнавіднасьць ангельскай (дыялект або група дыялектаў). За апошнім часам існуюць рухі за прызнаньне шатляндзкай германскай у якасьці трэцяй асноўнай мовы Шатляндыі, нароўні з ангельскай і гэльскай шатляндзкай. Мова ня ўключаная ў школьную праграму, аднак падобныя варыянты разглядаліся. Нягледзячы на гэта, шатляндзкая германская мова мае досыць прэстыжнае становішча ў грамадзтве (асабліва параўноўваючы з ангельскімі дыялектамі Ангельшчыны), што падкрэсьліваецца моцным становішчам на поўначы Шатляндыі. У кожным з буйных гарадоў існуюць супольнасьці актыўных носьбітаў мовы.
Выкарыстаньне шатляндзкай мовы ў СМІ звычайна параўнальна вузкае і абмяжоўваецца галінамі, у якіх мясцовыя дыялекты лічацца прымальнымі: напрыклад, камэдыі, урачыстасьці з нагоды дня нараджэньня Робэрта Бэрнза, апісаньне традыцыяў мінулага і тагачаснай эпохі. Больш прадметнае і грунтоўнае выкарыстаньне мовы (напрыклад, у навінах, энцыкляпэдыях, дакумэнталістыцы і г.д.) сустракаецца ня вельмі часта.
Паколькі розныя рэспандэнты пытаньне пра выкарыстаньне шатляндзкай мовы інтэрпрэтуюць па-рознаму, цяжка вызначыць дакладную колькасьць носьбітаў шатляндзкай мовы. Удзельнікі пра-шатляндзкіх арганізацыяў здолелі дабіцца ўключэньня гэтага пытаньня ў перапіс насельніцтва Вялікабрытаніі 2001 году.
У 1996 пробным перапісам у Шатляндыі было меркавана ўстаноўлена, што каля 1,5 млн жыхароў Шатляндыі размаўляе па-шатляндзку[46], што склала прыкладна траціну ад насельніцтва рэгіёну. Гэтым жа дасьледаваньнем было ўстаноўлена, што людзі пажылога ўзросту і працоўныя больш схільныя да станоўчага адказу на пытаньне пра мову. У 1995 годзе Абэрдынскі ўнівэрсытэт правёў дасьледаваньне, у якім выказаў асьцярожную здагадку пра наяўнасьць 2,7 мл носьбітаў шатляндзкай мовы, аднак з зацемкай пра патрэбу кантэксту для гэтых лічбаў[47].
Вышэйпамянёныя вынікі 1996 году ня ўлічвалі людзей, якія вывучылі мову, тады як дасьледаваньне Абэрдынскага ўнівэрсытэту дадаткова ўлічвала й носьбітаў асобных дыялектаў. Генэральнае рэгістрацыйнае Ўпраўленьне па Шатляндыі, якое праводзіла апытаньне 1996 году, прыйшло да высновы, што дакладныя вынікі перапісу не былі атрыманыя з-за таго, што частка носьбітаў мовы лічыць сваю мову няправільным ангельскім маўленьнем; была прынятая выснова, што дакладнейшая ацэнка колькасьці носьбітаў патрабуе больш дэталёвыя апытаньні і разнастайныя пытаньні пра мову, што, аднак, непрымальна для перапісу. Такім чынам, была прызнаная станоўчая функцыя правядзеньня глыбейшых апытаньняў, але пытаньні пра шатляндзкую мову не былі ўключаныя ў перапіс 2001 году[4][48][49]. Дасьледаваньне шатляндзкага ўраду Pupils in Scotland Census 2008 (бел. «вучні ў перапісе насельніцтва Шатляндыі 2008 году») устанавіла, што толькі 306 вучняў шатляндзкіх школаў размаўляла на шатляндзкай мове ў якасьці асноўнай роднай мовы[50]. Для параўнаньня, папярэдняй шатляндзкай стала славацкая мова (318 чал.)[50], пасьля шатляндзкай ідзе гіндзі[50], тады як на гэльскай шатляндзкай размаўляў 681 вучань[50], а на ангельскай — 653 731[50]. У 2010 годзе ўрадам Шатляндыі было праведзенае іншае дасьледаваньне, паводле вынікаў якога 85% рэспандэнтаў (рэпрэзэнтатыўная выбарка з дарослага насельніцтва) сьцьвярджалі, што размаўляюць па-шатляндзку ў той ці іншай ступені[5].
У 2011 годзе ў Вялікабрытаніі адбыўся новы перапіс насельніцтва. Гэты перапіс насельніцтва стаў першым, у якім было ўключанае пытаньне пра шатляндзкую мову. Была арганізаваная кампанія пад назвай Aye Can з мэтаю дапамогі адказу на пытаньне перапісу[51]. Былі выкарыстаныя дадатковыя спэцыфічныя фармулёўкі, сярод якіх пытаньне пра мажлівасьць разумець, гаварыць, чытаць і пісаць на мове.
Сярод найранейшых пісьменьнікаў, якія выкарыстоўвалі ў сваіх творах шатляндзкую мову, адзначаюцца Джон Бэрбар, Эндру Ўінтанскі і Блінд Гэры, якія жылі ў XIV—XV стагодзьдзях. У XV ст. у Каралеўскім судзе Эдынбургу й Унівэрсытэце сьв. Андрэя пачалі тварыць такія пісьменьнікі як Робэрт Генрысан, Ўільям Данбар, Гэвін Дуглас і Дэвід Ліндсэй. У 1549 годзе выходзіць адна зь першых друкаваных працаў па-шатляндзку — г.зв. The Complaynt of Scotland. Сярод перакладных твораў адзначаецца пераклад на сярэднешатляндзкую мову Энэіды Вэргіліюса, выкананы Гэвілам Дугласам у 1513 годзе.
Пасьля XVII ст., па збольшаньні ў Шатляндыі англіцызацыі, у краіне пачалі зьбірацца мясцовыя вусныя баляды. Сярод пісьменьнікаў гэтага пэрыяду адзначаюцца Робэрт Сэмпіл, Робэрт Сэмпіл малодшы, Фрэнсіс Сэмпіл, Лэдзі Ўордла і Лэдзі Грызэль Бэйлі.
У XVIII ст. адзначаецца новае пакаленьне шатляндзкамоўных пісьменьнікаў, сярод якіх, у прыватнасьці, шырокавядомы Робэрт Бэрнз, а таксама Алан Рэмзэй, Джэймз Ор, Робэрт Фэргюсан і Ўолтэр Скот. У гэтым пэрыядзе шатляндзкай літаратуры адзначаецца ўвядзеньне ў прозу народных дыялёгаў, што рабіў У. Скот.
За часамі Віктарыянскай эпохі, то бок у другой палове ХІХ ст., шатляндзкія газэты рэгулярна выдавалі тэксты і артыкулы на народнай гаворцы[52]. Прыкладна ў гэты самы пэрыяд адзначаюцца такія пісьменьнікі як Робэрт Льюіс Стывэнсан, Ўільям Аляксандар, Джордж МакДоналд і Джэймз Мэт’ю Бары.
З пачаткам ХХ стагодзьдзя шатляндзкамоўная літаратура зазнае адраджэньне, найбольш прадстаўнічай фігурай якога стаў Г’ю МакДэрмід. Ягоны верш, «П’яны чалавек глядзіць на чартапалох» (A Drunk Man Looks at the Thistle), напісаны ў 1926 годзе, на думку некаторых літаратуразнаўцаў, стаў дэманстрацыяй літаратурных здольнасьцяў шатляндзкай мовы. Сярод аўтараў гэтага пэрыяду адзначаныя таксама Дуглас Янг, Джон Бакэн, Сідні Гудсір Сьміт, Робэрт Гэрыёк, Эдыт Эн Робэртсан і Робэрт МакЛілэн. У 1955 годзе тры ўраджэнцы графства Эйршыр (паўднёвы захад Шатляндыі), Сэндзі МакМілэн, Томас Ліманд і Э. Тэйлар супольна склалі зборнік дзіцячых песень пад назваю «Bairnsangs» (Дзіцячыя песьні), у якім былі сабраныя дзіцячыя пацешкі й вершы на шатляндзкай мове. Акрамя гэтых твораў, кніга зьмяшчае таксама пяцістаронкавы глясары сучасных словаў па-шатляндзку зь іх вымаўленьнем.
У 1983 шатляндзкім дасьледчыкам Ўільямам Лорымэрам быў апублікаваны пераклад Новага Запавету, выкананы з грэцкага арыгіналу.
Досыць англіцызаваная шатляндзкая мова часам выкарыстоўваецца ў сучасных фантастычных творах. Напрыклад, у рамане шатляндзкага пісьменьніка Ірвіна Ўэлша «На ігле» (Trainspotting) гучыць эдынбурскі дыялект шатляндзкай мовы. Сярод іншых сучасных твораў па-шатляндзку вылучаецца кібэрпанкавы раман «But'n'Ben A-Go-Go» пісьменьніка Мэт’ю Фіта[53]. Як і іншыя творы ў жанры кібэрпанк, раман зьмяшчае заўважную колькасьць аўтарскіх нэалягізмаў. У сучаснай літаратуры на шатляндзкай мове вылучаюцца й пераклады старых і новых твораў такіх аўтараў як Амар Хаям (Рэб Ўілсан), Гай Валерыюс Катул (Аляксандар Гатчысан) і Мальер («Тарцюф», Ліз Локгід). Пісьменьнікам Джэймзам Кінгам Анандам перакладаліся вершы й мастацкая літаратура зь нямецкай мовы й лаціны.
Публікуюцца й друкаваныя коміксы, якія зьмяшчаюць выразы на шатляндзкай («Oor Wullie», «The Broons»).
Напісаньне, выкарыстанае ў апісаньнях ніжэй, засноўваецца на найбольш распаўсюджаных графэмах, аднак часам могуць узьнікаць іншыя варыянты напісаньня. Некаторыя з прыведзеных рысаў шатляндзкая мова падзяляе зь некаторымі дыялектамі ангельскай мовы.
Артыкль the ў шатляндзкай германскай мове выкарыстоўваецца адносна назваў пары году, дзён тыдня, назваў захворваньняў, галінаў дзейнасьці й навукі, а таксама ў дачыненьні большасьці іншых назоўнікаў[54][55]. У параўнаньні з ангельскай мовай, гэты артыкль таксама выкарыстоўваецца на месцы няпэўнага артыкля й прыналежнага займеньніка:
Існуе няпэўны артыкль a, які можа выкарыстоўвацца перад зычнымі й галоснымі гукамі.
Сярод маркіраваньня множнага ліку назоўнікаў шатляндзкая германская мова вылучаецца наяўнасьцю няправільных формаў у параўнаньні з ангельскай мовай, якія не сустракаюцца ў апошняй:
Назоўнікі вымярэньня й колькасьці ў множным ліку не зьмяняюцца[56][57]. Множны лік маркіруецца канчаткам -(e)s, але разам з гэтым існуе вялікая колькасьць выключэньняў з гэтага правіла (гл. вышэй). Шэраг назоўнікаў у адзіночным ліку маюць канчатак -ae, які ў розных дыялектах можа рэалізоўвацца як /ɪ/, /i/, /a/, /ɑ/, /e/ або /ə/.
Адносны займеньнік that выкарыстоўваецца для ўсіх асобаў і лікаў, але ў маўленьні можа быць апушчаным[57][58]. Займеньнікі this, that, як і аналягічныя ім у беларускай мове, маюць множныя формы (thir, thae). Апрача займеньніка that існуе ’at, запазычаны з старажытнаскандынаўскай мовы, пры гэтым гэты ж займеньнік можа ўжывацца й пры скарачэньні звычайнага that. Як правіла, гэтыя займеньнікі могуць апускацца ў маўленьні (Thare's no mony fowk (that) bides in that glen — «У гэтай даліне жыве ня так і шмат людзей»). Для ўказаньня асобы выкарыстоўваюцца займеньнікі wha, wham, whase, whilk, пры гэтым апошні ёсьць састарэлай формай і ставіцца пасьля галоўных асноваў (He said he’d tint it, whilk wis no whit we wantit tae hear). Прыналежнасьць, як і ў ангельскай мове, указваецца канчаткам ’s або даданьнем прыналежнага займеньніка. Для пазначэньня прадмета ці асобы на будзь-якой адлегласьці існуюць займеньнікі й прыслоўі yon/yonder, thon/thonder[57]. У паўночных дыялектах на месцы ангельскіх адпаведнікаў these, those маюць ужытак this, that адпаведна.
Цяперашні час дзеясловаў характарызуецца прытрымліваньня г.зв. Правіла паўночных дзейнікаў, паводле якога ўсе дзеясловы ў любой асобе й ліку маюць канчатак -s за выключэньнем выпадкаў, калі адзін з асабістых займеньнікаў ідзе за дзеясловам[57][59] (The trees growes green in the simmer — «дрэвы зелянеюць улетку»).
Дзеясловы ў мінулым часе маюць канчаткі -it, -t або -ed. Зрэшты, шматлікія зь іх маюць няправільныя формы ў мінулым часе і маюць уласныя парадыгмы зьмяненьня.
У адрозьненьне ад літаратурнай ангельскай мовы, шматлікія дзеясловы маюць моцныя або няправільныя формы[57][60]. У адпаведнасьці з папярэднім зычным або галосным, слабы або правільны дзеяслоў мінулага часу мае канчаткі -it, -t, -ed[57][61].
Мадальныя дзеясловы (зьява, уласьцівая ангельскай мове) умоўна могуць дзяліцца на дзеясловы, што маюць гістарычнае паходжаньне й выкарыстоўваюцца ў англіцызаваных формах мовы, але не выкарыстоўваюцца ў большасьці формаў мовы[57]; а таксама на тыя мадальныя дзеясловы, якія зьяўляюцца сучаснымі пераважнымі формамі. Да мадальных дзеясловаў першага тыпу адносяцца дзеясловы mey, ocht tae/ocht ti, sall; да другога — can, shoud, will. Апошні мадальны дзеяслоў, як і ў ангельскай мове, можа скарачацца пасьля займеньніка: He'll no can come the day («ён ня зможа прыйсьці сёньня»). Асаблівым чынам можна адзначыць дзеясловы wis і war: першы можа замяніць другі, але не наадварот[57].
Дзеепрыметнік і герунды in як правіла рэалізуецца як /ən/[62], аднак у паўднёвых дыялектах ягонае вымаўленьне можа рэалізоўвацца па-рознаму — /ən/, /in/[63]. Падобнае супрацьпастаўленьне існуе і ў паўночных гаворках паўночнага дыялекту (/ən/, /ɪn/).
Адмоўная часьціца «не» мае выгляд na, аднак часам яна можа запісвацца як nae[64].
Прыслоўе звычайна мае выгляд кораню дзеяслову або прыметніку, што асабліва часта сустракаецца ў пазыцыі пасьля дзеясловаў (напр., haein a real guid day, she's awfu fauchelt, дзе прыслоўі real ды awfu супадаюць з каранямі -real- ды -awfu- адпаведна).
Лічэбнік у шатляндзкай германскай мове, як і ў ангельскай, можа складацца з асноўнага кораню й дадатковага суфіксу, пры гэтым, у адрозьненьне ад ангельскай, найчасьцей ужываны суфікс — -t[57][65]:
Апрача таго, сустракаюцца формы first («першы»), thrid/third («трэці»). Пры пералічэньні перад назоўнікам выкарыстоўваецца часьціца Ae, якая мае функцыі прыметніку[66]:
Існуе форма Ane, якая, у залежнасьці ад дыялекту, рэалізоўваецца па-рознаму: /en/, /jɪn/ (цэнтральныя, паўднёвыя), /in/ (некаторыя паўночныя й астраўныя), а таксама /wan/. Замест лічэбніку «адзін» можа выкарыстоўвацца body (напрыклад, A body can niver bide wi a body's sel — «ніколі нельга жыць сам [у значэньні „адзін“] па сабе»).
Ніжэй прыведзенае скарочанае апісаньне гукавага ладу сучаснай шатляндзкай мовы (паводле шатляндзкага лексыкографа Адама Джэка Эйткена)[67]. Зьлева прыведзенае пісьмовае пазначэньне гукаў паводле Эйткена, у сярэдзіне — паводле IPA, справа — іх рэалізацыя на пісьме.
Эйткен | IPA | Пісьмовая форма |
---|---|---|
1 | кароткае /əi/ доўгае /aɪ/ | i-e, y-e, ey |
2 | /i/ | ee, e-e, ie |
3 | /ei/1 | ei, ea |
4 | /e/ | a-e, #ae |
5 | /o/ | oa, o-e |
6 | /u/ | ou, oo, u-e |
7 | /ø/2, 3 | ui, eu3 |
8 | /eː/ | ai, #ay |
8a | /əi/ | i-e, y-e, ey |
9 | /oe/ | oi, oy |
10 | /əi/ | i-e, y-e, ey |
11 | /iː/ | #ee, #ie |
12 | /ɑː, ɔː/ | au, #aw |
13 | /ʌu/4 | ow, #owe |
14 | /ju/ | ew |
15 | /ɪ/ | i |
16 | /ɛ/ | e |
17 | /ɑ, a/ | a |
18 | /ɔ/5 | o |
19 | /ʌ/ | u |
Існуе адрозьненьне даўжыні галосных гукаў, якое падпарадкоўваецца г.зв. Правілу шатляндзкіх доўгіх галосных. Згодна з гэтым правілам, сфармуляваным дасьледчыкам шатляндзкай мовы А. Эйткенам, даўжыня галоснага вызначаецца атачаючымі яго гукамі: некаторыя галосныя падаўжаюцца перад /r/, а таксама перад звонкімі фрыкатывамі і мяжою марфэмы. Апроч гэтага, галосны таксама падаўжаецца ў адкрытым складзе ў выпадку, калі гэты склад ёсьць канчатковым у слове. Як мяркуецца, гэты працэс адбыўся ў пэрыяд між раньняй і позьняй часткамі сярэднешатляндзкага пэрыяду[69]. Правіла не закранае галосныя /ɪ/, /ʌ/ і, у большасьці сучасных дыялектаў, /eː/ ды /ɑː, ɔː/[70]. Існуюць словы-выключэньні з правіла, пры гэтым іхняя колькасьць павялічваецца ў паўночных дыялектах[71].
У наступнай табліцы прыведзенае больш падрабязнае апісаньне гукавага ладу шатляндзкіх галосных. Шэраг шатляндзкіх галосных бярэ сваё паходжаньне са старажытных формаў ангельскае мовы (гл. частку «гісторыя»), францускай мовы або старажытнаскандынаўскай мовы.
Доўгія | ||||||
---|---|---|---|---|---|---|
Нумар у апісаньні | Напісаньне | Рэалізацыя | Раньнешатляндзкая | Раньнесярэднеангельская | Паходжаньне | Прыклад |
1 | i.e, y.e, ey | доўгі /əi/ кароткі /aɪ/ | /iː/ | OE í, ý | mine | |
2 | ee, e.e | /i/ | /eː/ | OE é, éo | deed, sene | |
3 | ea, ei, e.e | /i, e/ | /ɛː/ | OE ǽ, éa | deid, lene | |
4 | a.e, ae | /e/ | /aː/ | OE á | bane | |
5 | oa, o.e | /o/ | /oː/ | /ɔː/ | OE o | cole |
6 | ou | /u/ | /uː/ | OE ú | doun | |
7 | ui, eu | /ø/ | /øː/ (/yː/) | /oː/ | OE ó | guid, beuk |
Дыфтонгі | ||||||
Нумар у апісаньні | Напісаньне | Рэалізацыя | Раньнешатляндзкая | Раньнесярэднеангельская | Паходжаньне | Прыклад |
8 | ai, ay | /eː/ | /ai/ | /ai/, /ɛi/ | OE a, æ (open); OF ai, ei | pain |
9 | oi, oy | /oe/ | /oi/ | OF oi /ɔi/ | noise | |
10 | oi, oy | /əi/ | /ui/ | OF oi /oi/ | point | |
11 | ee | /iː/ | /ei/ | OE eg̣ | ee | |
12 | au, aw | /ɑː, ɔː/ | /au/ | OE ag, aw | law | |
13 | ow, owe | /ʌu/ | /ou/ | /ɔu/, /ou/ | OE og, ow | lown |
14a | ew | /ju/ | /iu/ | /eu/, /iu/ | OE iw, ew | spew |
14b | ew | /ju, jʌu/ | /ɛu, ɛou/ | /ɛu/ | OE ǽw, éaw | dew |
Кароткія | ||||||
Нумар | Напісаньне | Рэалізацыя | Раньнешатляндзкая | Раньнесярэднеангельская | Паходжаньне | Прыклад |
15 | i | /ɪ/ | /ɪ/ | OE i, y | pin | |
16 | e | /ɛ/ | /ɛ/ | OE a, æ + альвэалярны | men | |
17 | a | /ɑ, a/ | /a/ | OE a, æ; OE o + лябіяльны | man | |
18 | o | /ɔ/ | /o/ | OE o | fon | |
19 | u | /ʌ/ | /u/ | OE u | gun | |
Як і ў сучаснай літаратурнай ангельскай мове, сказ у сучаснай шатляндзкай германскай мове будуецца паводле схемы SVO — дзейнік-выказьнік-дапаўненьне. Тым ня менш, гэты парадак словаў можа парушацца, утвараючы новыя схемы (напрыклад, He turnt oot the licht, Gie's it)[80].
Большая частка лексыкі шатляндзкай германскай мовы, сыходзячы зь яе паходжаньня, мае стараангельскае паходжаньне, а дакладней, нартумбрыйскага дыялекту гэтае мовы (гл. часткі пра гісторыю мовы). Таксама вялікая частка лексыкі ёсьць агульнай разам з стандартнай ангельскай мовай, але яе формы або сэнс нярэдка могуць мець уласную гісторыю выкарыстаньня й разьвіцьцё, вялікая частка гэтых адрозьненьняў бярэ свой пачатак яшчэ з часоў дыялектных адрозьненьняў у стараангельскай мове[81].
Істотная частка спрадвечнай лексыкі ў мове была пазьней замененая старажытнаскандынаўскімі ды старажытнафранцускімі запазычваньнямі, зь іншага боку мова часта захоўвае лексыку, страчаную ў літаратурнай ангельскай мове (якая, аднак, можа існаваць у дыялектах). Сярод асноўных крыніцаў запазычваньняў у мове адзначаюцца лацінская, старажытнафранцуская (асабліва англа-нармандзкі, цэнтральны дыялекты), кельцкія, старажытнаскандынаўская, флямандзкая, ніжненямецкая й галяндзкая мовы[82]. Адзначаліся кантакты таксама з брыцкімі гаворкамі, пікцкай мовай і гэльскай шатляндзкай мовы, запазычваньні зь якіх найбольш прыкметныя ў тапонімах і разнастайных назвах рэльефу. Гэльская шатляндзкая мова аказала некаторы ўплыў на галіны грамадзкай і культурнай лексыкі.
Арэал шатляндзкае германскае мовы месьціцца ў асноўным на ўсходзе й поўдні Шатляндыі, якія складаюць раўнінныя тэрыторыі рэгіёну, г.зв. Лаўлэнд[83][84]. Гэта супрацьпастаўляе шатляндзкую германскую мову шатляндзкай гэльскай, распаўсюджанай у рэгіёне Гайлэнд (гарыстая частка Шатляндыі), з прычыны чаго шатляндзкая германская мова таксама можа быць вядомая як раўнінная шатляндзкая мова.
Іншыя, меншыя часткі арэалу шатляндзкай германскай мовы закранаюць Шэтландзкія й Аркнэйскія астравы, а таксама некаторыя раёны на поўначы востраву Ірляндыя[83][84], што ўмоўна падзяляе шатляндзкі германскі моўны арэал на дзьве часткі — «асноўны», разьмешчаны на асноўнай тэрыторыі Шатляндыі, і навакольны астраўны, які месьціцца на Аркнэйскім і Шэтландзкім архіпэлягах, а таксама на востраве Ірляндыя. Мова ўжываецца таксама на гарыстым паўночным захадзе Шатляндыі, але гэтае распаўсюджаньне значна меншае.
Сучасная шатляндзкая германская мова вылучаецца заўважнай дыялектнай раздробленасьцю, асабліва ў горных рэгіёнах і на астравох. Незважаючы на гэта, шатляндзкая мова ў горнай мясцовасьці распаўсюджаная значна менш за раўнінныя раёны з прычыны таго, што гарыстая Шатляндыя некалькі стагодзьдзяў заставалася арэалам распаўсюджаньня гэльскай шатляндзкай мовы. У дыялекталягічным дачыненьні шатляндзкая германская мова дзеліцца на пяць дыялектных групаў[85][86]:
Найбуйнейшыя гарады Шатляндыі, Глазга, Эдынбург і Дандзі, маюць уласныя гаворкі, што структурна прадстаўляюць сабою англіцызаваныя формы гаворак цэнтральнай дыялектнай групы, пры гэтым у Дандзі спалучаюцца элемэнты цэнтральных і паўночных гаворак з прычыны яго знаходжаньня на мяжы арэалаў абедзьвюх дыялектных групаў. У іншым буйным горадзе Шатляндыі, Абэрдыне, распаўсюджаная цэнтральная гаворка паўночнай дыялектнай групы.
Паўднёвыя дыялекты шатляндзкай мовы маюць шэраг фанэтычных асаблівасьцяў, дзякуючы якім узьнікае выразнае адасабленьне між шатляндзкай і ангельскай мовамі. Тым ня менш, шатляндзкая мова гістарычна ўтварала дыялектны кантынуўм з нартумбрыйскім дыялектам, якія разам паходзяць зь сярэднеангельскай мовы.
Найбольш прыкметнай шатляндзкай ізаглёсай можна лічыць мяжу распаўсюджваньня вымаўленьня слова come як [kʌm], якое сканчваецца прыкладна на мяжы Шатляндыі й Ангельшчыны, і пераходзіць у [kʊm] у паўночных дыялектах ангельскай мовы. Сярод іншых ізаглёсаў адзначаюцца распаўсюджваньне шатляндзкага [x] замест ангельскага [∅]/[f][lower-alpha 5] у словах кшталту micht-might, eneuch-enough і г.д., якое сустракаецца ў некаторых гаворках Камбрыі ля мяжы з Шатляндыяй; распаўсюджваньне шатляндзкага [ʍ] на месцы wh замест ангельскага [w], якое сустракаецца на поўначы Нартамбэрлэнду. Зь іншага боку, некаторыя ангельскія рысы сустракаюцца на поўдні Шатляндыі ля мяжы з Ангельшчынай. З ХІХ ст. з падвышэньнем распаўсюджваньня адукацыі й глябалізацыі некаторыя адметна шатляндзкія рысы адступілі на поўнач, што прывяло да практычна поўнага супадзеньня моўнай мяжы шатляндзкай мовы з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай мяжой Шатляндыі[87].
На аснове шатляндзкай германскай мовы ўзьнікалі іншыя, крэалізаваныя формы маўленьня. Сярод падобных ідыёмаў найбольш масавымі й вядомымі сталі г.зв. скотс-ідыш — крэалізаваная форма маўленьня, узьніклая на грунце ідышу й шатляндзкай германскай мовы, а таксама шатляндзкі кант — крэольская мова г.зв. шатляндзкіх вандроўнікаў, этнічнай групы шатляндцаў, якія маюць шатляндзкае паходжаньне й традыцыі жыцьця, блізкія цыганам[88]. Кантакты «вандроўнікаў» з этнічнымі цыганамі ў сярэдняй і паўднёвай Шатляндыі спрычыніліся да пранікненьня цыганскае лексыкі ў маўленьне (25—35, а часам 50%)[89]. Акрамя гэтага, шатляндзкаму канту ўласьцівыя гэльскія запазычаньні (0,8—20% у залежнасьці ад дыялекту), а таксама архаізмы сучаснай шатляндзкай германскай мовы[88].
Урэшце, шатляндзкую германскую мову ня варта блытаць з шатляндзкім варыянтам ангельскай мовы, які ўзьнікнуў у Шатляндыі як сьледзтва распаўсюджаньня ангельскай мовы. Гэты варыянт ангельскай мовы зьведаў некаторы ўплыў шатляндзкай германскай.
Артаграфія шатляндзкай мовы была ўпарадкаваная яшчэ ў пэрыяд існаваньня раньнешатляндзкай мовы, што адбылося ў другой палове XVI ст.[90][91]. Пасьля г.зв. Хаўрусу Каронаў, калі шатляндзкі кароль ступіў на сталец Ангельшчыны й Ірляндыі, пісьмовая шатляндзкая мова стала зазнаваць большы ўплыў стандартнай ангельскай мовы праз узмацненьне палітычных кантактаў і наяўнасьць кнігаў, надрукаваных у Ангельшчыне[92]. Пасьля Акту пра Унію 1707 году ўзьніклы на той час шатляндзкі варыянт ангельскай мовы стаў замяняць шатляндзкую мову ў фармальных пісьмовых галінах дзейнасьці Шатляндыі[35].
Працэс адраджэньня мовы на аснове старой судовай шатляндзкай мовы, які пачаўся ў ХІХ ст., прывёў да стварэньня новага літаратурнага стандарту, які, аднак, адмовіўся ад шэрагу ўласна шатляндзкіх асаблівасьцяў[93] і прыняў некаторыя пісьмовыя нормы стандартнай ангельскай. Нягледзячы на абнаўленьне правапісных нормаў, вершаваныя творы адлюстравалі звужэньне фанэтычнага крытэру ў новым правапісе[94]. Правапіс увёў, у прыватнасьці, норму г.зв. апалягетычнага апострафу (apologetic apostrophe) у пазыцыях, дзе ў роднасных аднакарэнных словах (кагнатах) ангельскай мовы ў гэтай пазыцыі стаяла літара для зычнага гуку[94](напрыклад, шатляндзкае wi’, але ангельскае with — «з», «разам»). З пункту гледжаньня пісьмовай традыцыі новы правапіс не абапіраўся на народнае шатляндзкае маўленьне альбо літаратурныя помнікі, але меў сувязь з ангельскай паэзіяй пэрыяду сярэдзіны XVIII ст.[95]. Гэтая літаратурная норма шатляндзкай мовы атрымала назвы Scots of the book («кніжная шатляндзкая») або Standard Scots («літаратурная, стандартная шатляндзкая»). Яна выкарыстоўваецца як у шатляндзкім Лаўлэндзе, так і ў Ольстэры, і выкарыстоўвалася такімі пісьменьнікамі як Алан Рэмзэй, Робэрт Фэргюсан, Робэрт Бэрнз, Ўолтэр Скот, Чарлз Мары, Дэвід Гербісан, Джэймз Ор, Джэймз Гог і Ўільям Лэйдла. Новы правапіс выкарыстоўваецца і ў працы «Дапаможнік па сучаснай шатляндзкай мове» (Manual of Modern Scots), выдадзеным у 1921 годзе[96].
Некаторыя іншыя аўтары прытрымліваліся ў сваёй творчасьці дыялектнага напісаньня на фанэтычным крытэры[94], асабліва сярод такіх пісьменьнікаў вылучаліся аўтары, якія выкарыстоўвалі паўночны[97] й астраўны дыялекты.
Цягам ХХ ст. некалькі разоў высоўваліся прапановы па рэфармаваньні правапісных нормаў. Большасьць прапановаў падобнага тыпу жадала ўпарадкаваньня выкарыстаньня нормаў XVIII—XIX стагодзьдзях, у прыватнасьці апалягетычнага апострафу. Некаторыя літары ў параўнаньні сучаснай шатляндзкай і шатляндзкай пэрыяду XIV ст. неактуальныя: напрыклад, у творчасьці Джона Бэрбара кагнат для ангельскага слова taken запісваўся як tane. З прычыны таго, што літара k адсутнічала пры напісаньні гэтага слова прыкладна сем стагодзьдзяў, напісаньне апострафу на гэтым месцы, на думку некаторых дасьледчыкаў, зьяўляецца неабгрунтаваным. Для параўнаньня, цяперашняя артаграфія запісвае гэтае слова як taen.
У ХХ ст. з заняпадам гутарковай шатляндзкай мовы і валоданьня літаратурнай традыцыяй, фанэтычны правапіс, асабліва ў гумарыстычных мэтах, стаў больш распаўсюджаным.
Прыклад сучаснай шатляндзкай правапіснай нормы (Новы Запавет, пераклад Ўільяма Л. Лорымэра):
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.