Аксана Барысаўна Аракчэева

беларуская мастачка, педагог, пісьменніца From Wikipedia, the free encyclopedia

Аксана Барысаўна Аракчэева
Remove ads

Аксана Барысаўна Аракчэева (нар. 24 сакавіка 1963(1963-03-24), Мінск) — беларуская мастачка, педагог, пісьменніца. Лаўрэат прэміі Васіля Віткі, дыпламантка ЮНЕСКА. Куратар перасоўнай галерэі «GalerieKaras»[2][3][4][5].

Хуткія факты Аксана Аракчэева, Імя пры нараджэнні ...

Удзельніца шматлікіх мастацкіх выстаў[6]. Куратар і арганізатар больш чым 50 выставак у Беларусі і Чэхіі[7]. Супрацоўніца «Таварыства чэшска-беларускага сяброўства ў Празе»[8].

Аўтар больш за ста жывапісных партрэтаў (Францыска Скарыны, Уладзіміра Караткевіча, Янкі Купалы, Тадэвуша Кандрусевіча і іншых). Працы Аксаны Аракчэевай знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, галерэях і прыватных калекцыях замежжа[9]. Удзельнічала ў мастацкім афармленні больш за 70 кніжак, пераважна для дзяцей[10][11][⇨].

Працуе ў станковай і кніжнай графіцы, жывапісу ў жанрах нацюрморта, пейзажа, партрэта[12]. Асноўныя творы: цыкл «Казкі лета», дыптых «Мой Мінск», «Гаспадыня Зіма», «Паненка Восень», трыпціх «Сланечнікі», палотны з цыклу «Нам засталася спадчына», цыкл «Мінскія вокны»[1][13][4].

Remove ads

Біяграфія

Аксана Аракчэева нарадзілася ў Мінску ў 1963 годзе ў сям’і вядомага беларускага мастака і выкладчыка жывапісу Барыса Уладзіміравіча Аракчэева[14] і Галіны Ягораўны Перасецкай (працавала загадчыцай касцюмернага цэха ў Оперным тэатры)[15].

З пяці гадоў вучылася маляванню ў студыі заслужанага настаўніка БССР мастака-жывапісца Сяргея Каткова, а таксама ў скульптара Святланы Гарбуновай. Навучалася ў мінскай мастацкай школе № 1. У 1982 годзе скончыла Мінскае мастацкае вучылішча[16].

З 1982 па 1988 год навучалася ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (аддзяленне станкавай графікі)[17]. Працу над дыпломнай работай курыраваў прафесар, заслужаны дзеяч мастацтва Уладзімір Пятровіч Савіч. Ілюстрацыі з дыпломнай працы былі набыты фондам Саюза мастакоў Беларусі[16], гэта былі малюнкі да казкі Змітрака Бядулі «Сярэбраная табакерка», напісаныя гуашшу[18].

З 1986 года прымае ўдзел у выставах. Працуе ў станкавой і кніжнай графіцы, жывапісу, анімацыі[19].

З 1994 года — член Беларускага саюза мастакоў[1][20].

З 2010 з’яўляецца куратарам выстаў у пасольстве Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама каардынатарам выставы беларускіх мастакоў «Душа Беларусі» ў Парламенце Чэхіі ў Празе[8].

Восенню 2016 года арганізавала[21] ў гістарычным цэнтры Прагі, у Страгаўскім манастыры, вялікую выставу «Шляхам Скарыны да Прагi», прысвечаную 500-гадоваму юбілею беларускага кнігадрукавання. На выставе былі прадстаўлены творы чатырох беларускіх дынастый мастакоў і майстроў фота — Аракчэевых, Бархатковых, Бацюковых і Масленіковых[22].

Выкладала малюнак, жывапіс, кампазіцыю ў мінскай школе № 185 з архітэктурна-мастацкім ухілам[23][24].

Першым шлюбам была за Уланоўскім. Другі муж — музыкант-барабаншчык Уладзімір Бельскі. Сын ад другога шлюбу — Ягор, займаецца музыкай[25]. Трэцім шлюбам (з 2017 года) — за Хельмутам Кіппхардтам (ням.: Kipphardt Helmut), родам з Гамбурга (Германія). Пасля трэцяга шлюбу Аксана Аракчэева жыве і працуе часам у родным Мінску, часам у Гамбургу, дзе пражывае яе муж[5].

Remove ads

Творчасць

Thumb
Аксана Аракчэева ў сваёй майстэрні, сярод сваіх работ і са сваімі кнігамі.

Пісаць партрэты пачала з дзяцінства. Спачатку малявала бацькоў і сясцёр, потым пачала сяброў з двара[26]. Першапачаткова планавала вывучыцца на мадэльера, але трапіўшы на графічнае аддзяленне, захапілася гэтай справай[27].

Вучылася ў такіх мастакоў, як Віктар Варламаў, Леанід Каленік, Генадзь Грак, Віктар Мікіта, Людміла Кальмаева, Павел Любамудраў, Уладзімір Савіч[1][13]. Пасля завяршэння аддзялення графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута працавала ў розных выдавецтвах, стварала ілюстрацыі да кніг[19].

Аформіла каля 70 кніг[11][28], сярод якіх: «Сярэбраная табакерка» Змітрака Бядулі, «Басни» (бел.: «Байкі») Івана Крылова, «Резвушка — хохотушка…» (бел.: «Гарэзка-рагатушка») Ізы Заслонавай, «Прыгоды мышкі Пік-Пік» Людмілы Рублеўскай, «Брык і Шуся» Таццяны Сівец, «Звяры ў трамваі» Ніны Галіноўскай, казкі Алеся Карлюкевіча, «Мяне завуць Лахнэска» Алены Масла, «Дзяўчынка з Вішнёвага завулка», «Чароўны кошык» і «Сад з матылькамі» Тамары Бунта, «Закаханы трэцякласнік» Уладзіміра Ліпскага, «Байкі і казкі бабкі Параскі» Таццяны Атрошчанкі і іншыя. Супрацоўнічае з выдавецтвамі «Пачатковая школа», «АЗБУКВАРИК», «Мастацкая літаратура», «Вышэйшая школа», з часопісамі «Вясёлка», «Рюкзачок» і іншыя[29]. Сама мастачка так апісвае сваю працу афармлення кніг:

«Калі працую над кнігай, то амаль жыву, патанаю ў ёй. Спачатку чытаю першы раз, раблю эскізы, потым перачытваю зноў і зноў. Працую ў кожную вольную хвіліну, нават у самалёце»[30].

Таксама мае вопыт у мультыплікацыі — працавала над стварэннем малюнкаў да анімацыйнай стужкі «Прилетай, ветерок!» ((бел.: «Прылятай, ветрык!») 1992 год, «Беларусьфільм» для маскоўскай кінастудыі «12 А»)[31][32].

У лістападзе 2009 года ў мінскім Літаратурным музеі М. Багдановіча адбылася першая[33] выстава Аксаны Аракчэевай «Зачараваныя…» — галерэя партрэтаў асоб, якія ўнеслі значны ўклад ў духоўнае развіццё Беларусі[16]. Да пачатку 2011 года Аксана Аракчэева намалявала і напісала на палатне больш за сотню партрэтаў. Галерэя выяў, створаных пэндзлем мастака, гэта людзі, якія зрабілі ўклад у духоўнае развіццё грамадства: мастакі, музыкі, урачы, святары, дыпламаты, дырэктары, супрацоўнікі музеяў і галерэй і іншыя[19]. Сваю працу над стварэннем партрэтаў характарызуе наступным чынам:

«Я вучылася на графіка, таму і свае партрэты бачыла як партрэты-вобразы. Прычым некаторыя з іх далёкія, на першы погляд, ад вобразаў рэальных. Але я пішу на палатне характар, натуру, тое, што чалавек часам хавае ад навакольных. У выніку выяўляецца тое, што нават у жыцці для многіх застаецца „за кадрам“…»[33].

Thumb
Аксана Аракчэева падчас творчай сустрэчы з аформленымі ёй кнігамі і з уласнымі творамі.

Вясной 2010 года ў памяшканні Пасольства Чэшскай Рэспублікі ў Беларусі прайшла выстава «Паміж Мінскам і Прагай…», на якой былі прадстаўлены каля 20 графічных і жывапісных партрэтаў супрацоўнікаў пасольства і іншых дыпламатаў, а таксама беларускіх дзеячаў: Наталлі Шаранговіч, Дзяніса Барсукова, Жанны Лашкевіч, віцэ-міс «Мінск-2009» Дар’і Саладухі і іншых[16]. Падчас адкрыцця выставы Пасол Чэхіі ў Беларусі Іржы Карас[cs] адзначыў, што для яго працы беларускай мастачкі Аксаны Аракчэевай сталі адкрыццём і ён выказаў надзею, што супрацоўніцтва ў сферы мастацтва паміж Беларуссю і Чэхіяй будзе паглыбляцца[34][35].

З 2010 года сумесна з чэшскім пасольствам у Рэспубліцы Беларусь Аксана Аракчэева правяла 46 выстаў у сталічных музеях, бібліятэках, у ДУ «Карцінная галерэя ім. Г. Х. Вашчанкі» (Гомель), Полацкай мастацкай галерэі, Парламенце Чэхіі[36]. Вы­сту­пала ар­га­ні­за­та­рам вы­ста­ў бе­ла­рус­кіх мас­та­коў у Чэ­хіі, у га­ле­рэі ста­ра­даў­ня­га зам­ка ў го­ра­дзе Тршэбіч[37]. Таксама ў горадзе Тршэбіч арганізуе выставы «Katolické gymnázium v Třebíči» (Galerie Chodba).

У лютым 2011 года ў мінскім Палацы мастацтва адбылася персанальная выстава Аксаны Аракчэевай «Зазірнуць у люстэрка душы»[16]. У красавіку 2013 года ў Палацы мастацтваў адкрыўся вернісаж Аксаны Аракчэевай «Бацькаў дар» — рэтраспектыўны паказ твораў жывапісу і графікі мастачкі[38].

У жніўні 2012 года ў Славакіі прайшла персанальная выстава мастачкі «Прывітанне З Мінска»[39], у горадзе Спішска-Нова-Вес у мастацкай галерэі Спіша (славацк.: «Galéria umelcov Spiša»). У экспазіцыю ўвайшлі 20 карцін і больш за 70 ілюстрацый да беларускіх дзіцячых кніг, зробленыя мастачкай з 1989 па 2012 год. Таксама была прадстаўлена калекцыя карцін «Мінскія вокны»[40][41]. У лісце да дырэктара галерэі Люцыі Беніцкай міністр культуры Беларусі Павел Латушка выказаў падзяку за прадстаўленую магчымасць прэзентацыі беларускага мастацтва ў Славакіі[42]. Акрамя гэтага, Аксана Аракчэева правяла ў Славакіі ў гэты ж час Міжнародны пленэр па жывапісе для дзяцей «Art in Paradise»[42][43][44].

У 2013 годзе мастачка зрабіла серыю партрэтаў вядучых салістаў беларускага балета. Экспазіцыя атрымала назву «Авансцэна»[45]. Карціны экспанаваліся ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета[46]. Гэта партрэты народных артыстаў Беларусі Вольгі Гайко, Людмілы Кудраўцавай і Ігара Артамонава, заслужаных артыстаў Рэспублікі Беларусь Ірыны Яромкінай і Антона Краўчанка, уладальнікаў медаля Францыска Скарыны Дзяніса Клімука і Марыны Вежнавец[19]. Партрэты рэгулярна выстаўляюць на ўсеагульны агляд у фае Вялікага тэатра. За ўшанаванне тэатральных дзеячаў сродкамі выяўленчага мастацтва ў 2015 годзе Аксана Аракчэева атрымала дыплом ЮНЕСКА[47]. У сакавіку 2014 года экспазіцыя «Авансцэна» з партрэтамі вядучых артыстаў Вялікага тэатра Беларусі была прадстаўлена на вернісажы Аксаны Аракчэевай у Дзяржаўным музеі тэатральнай і музыкальнай культуры[45].

У лістападзе 2013 года адбылося адкрыццё выставы мастачкі Аксаны Аракчэевай «Бацькоўскі дар» у Хрустальнай зале РЦНК у Празе (Чэхія). Мерапрыемства было падрыхтавана і праведзена прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Чэхіі сумесна з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Чэхіі. На адкрыцці выставы прысутнічалі ў тым ліку супрацоўнікі МЗС Чэхіі, былы пасол Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Йіржы Карас, а таксама чэшскі графік і ілюстратар Адольф Борн[48].

У 2015 годзе стварыла галерэю вобразаў «Купалінкі» — партрэты кіраўніц Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, сярод якіх: Уладзіслава Луцэвіч (жонка Янкі Купалы), Ядзвіга Раманоўская, Жанна Дапкюнас, Алена Ляшковіч; а таксама партрэты супрацоўніц музея. Серыя знаходзіцца ў фондах музея. Падчас адкрыцця выставы «Купалінкі» мастачцы Аксане Аракчэевай быў уручаны дыплом сябра музея «За папулярызацыю спадчыны Першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы і падтрымку дзейнасці музея»[49].

Thumb
Аксана Аракчэева ў сваёй майстэрні, за працай над афармленнем кнігі.

У 2017 годзе адкрыццём выставы ілюстрацый беларускай мастачкі Аксаны Аракчэевай да дзіцячых кніг «Мой казачны свет» у галерэі «Карас» у замку Тршэбіча распачаўся «Беларускі тыдзень» у Празе, прысвечаны святкаванню 500-годдзя беларускага кнігадрукавання[50].

У лістападзе 2019 года ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё выставы, прысвечанай памяці беларускага жывапісца Барыса Аракчэева, падчас якой адбылася прэзентацыя біяграфічнай кнігі «Бэз малюецца на шчасце» (выд. «Мастацкая літаратура»), якую склалі дачка мастака, Аксана Аракчэева і пісьменніца Алена Масла[51].

Аксана Аракчэева таксама з’яўляецца пісьменніцай, яна напісала і адначасова з тым аформіла кнігі пра свайго любімага сабачку: «Фанечка» (2020 год) і «Фанечка: мандарынавая гісторыя» (2021 год)[11].

У 2023 годзе да 60-гадовага юбілею мастачкі выйшла кніга-каталог Аксаны Аракчэевай «Бацькаў дар» — альбом жывапісу і графікі, у які ўвайшлі рэпрадукцыі карцін са славутай серыі Аракчэевай «Мінскія вокны», шэраг жывапісных палотнаў, партрэты славутых гістарычных асоб (Францыск Скарына, Кастусь Каліноўскі) і сучаснікаў: артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета РБ, пісьменнікаў, артыстаў, святароў, дыпламатаў, выдаўцоў, супрацоўніц Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і іншае. Прэзентацыя кнігі адбылася ў мінскім музеі Якуба Коласа[47][52]. У лістападзе 2023 года ў Мінску адбылася імпрэза «Ты мне вясною прыснілася…», творчы вечар, прысвечаны 60-годдзю беларускай мастачкі, які фактычна стаў справаздачай творчага шляху Аксаны Аракчэевай, гісторыяй яе жыцця ў мастацкай творчасці — яе выставы ў Беларусі, у Чэхіі, у Славакіі[10].

Працы мастачкі Аксаны Аракчэевай знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, фондзе Саюза мастакоў Беларусі[13], музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Літаратурным музеі М. Багдановіча, мастацкіх галерэях гарадоў Полацк, Гомель, Светлагорск, Крупкі, Баранавічы, а таксама ў галерэях і прыватных калекцыях замежных краін (Расія, Украіна, ЗША, Канада, Венесуэла, Ізраіль, Італія, Нідэрланды, Германія, Румынія, Сербія, Чэхія, Славакія, Польшча і інш.)[53][54]. Апроч таго яна займаецца арганізацыяй выстаў карцін свайго бацькі, мастака Барыса Аракчэева[15], а таксама займалася арганізацыямі выстаў такіх мастакоў, як Леанід Дударэнка, Фёдар Бараноўскі[39] і іншыя.

Remove ads

Крытыка і ацэнка творчасці

Па словах дырэктара мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» і дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Паўла Сапоцькі, творчая дынастыя Аракчэевых — гэта ўнікальная з’ява беларускай культуры. Як лічыць Павел Сапоцька, Аксана Аракчэева з'яўляецца не проста паслядоўніца свайго бацькі, але і папулярызатарам беларускага мастацтва. Дзякуючы яе намаганням праведзены дзясяткі выстаў беларускіх мастакоў не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе[55].

На думку рэдактара аддзела мастацтваў газеты «Літаратура i мастацтва» арт-крытыка Вікторыі Аскера, партрэты, напісаныя Аксанай Аракчэевай, нясуць пазітыўную энергетыку, у іх няма сумных вачэй альбо халодных твараў. Па яе словах, для Аракчэевай больш важна не раскрыць чалавека вонкава, а паказаць яго знутры, каб была заўважная яго глыбіня. Як мяркуе крытык, стаць знакамітай мастачкай і кніжнай ілюстратаркай Аксане Аракчэевай у шмат чым дапамаглі творчая атмасфера ў сям’і і асабістае імкненне. У сваю чаргу сама мастачка заўважае, што яна здолела адтачыць індывідуальны падыход да творчага працэсу і не стала копіяй свайго бацькі, мастака Барыса Аракчэева, ёй атрымалася пайсці сваім шляхам, і з бацькам яны абсалютна розныя па стылі і тэхніцы жывапісу творцы[26].

Аўтар сумеснага праекта штотыднёвіка «ЛіМ» і Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі «Кніжны свет» Сяргей Шычко лічыць, што сярод работ сучасных беларускіх кніжных графікаў, якія асабліва плённа працуюць над афармленнем выданняў для дзяцей, здабыткі мастачкі Аксаны Аракчэевай асабліва ўражваюць. Кнігі, прачытаныя яе мастакоўскім мысленнем, выходзяць у выдавецтвах «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», «Мастацкая літаратура», Выдавецкі дом «Звязда». Як адзначае сама мастачка, непасрэдны ўплыў на яе творчасць зрабіў чэшскі ілюстратар графік Адольф Борн[56].

Як лічыць беларуская пісьменніца Алена Масла, «у Аксаны ўдала атрымлівацца злавіць імгненне, трымаць яго на кончыку пэндзля і пераносіць гэтае імгненне на свае карціны»[10]. Ацэньваючы Аксану Аракчэеву, як пісьменніцу, Алена Масла адзначае, што: «Яшчэ адна грань яе таленту — адчуванне слова»[52].

Remove ads

Узнагароды

Thumb
На ўручэнні дыплома ЮНЕСКА.
  • 2015 год — дыплом камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА «За дзейнасць па ўшанаванні тэатральных дзеячаў сродкамі выяўленчага мастацтва»[57].
  • 2015 год — прэмія імя Васіля Віткі за афармленне твораў, змешчаных у часопісе «Вясёлка» на працягу 2015 года[58].
  • 2016 год — медаль Васіля Віткі за мастацкую працу ад часопіса «Вясёлка»[57].
  • 2017 год — падзяка міністра культуры за высокі прафесіяналізм і асабісты ўклад у развіццё і папулярызацыю беларускага выяўленчага мастацтва[57].
  • 2017 год — грамата міністэрства культуры Беларусі «за шматгадовую добрасумленную працу, выдатныя творчыя дасягненні і высокае прафесійнае майстэрства»[57].
  • 2017 год — дыплом за мастацкае афармленне ў намінацыі «Мастак кнігі» на Міжнародны кніжным фестывалі «Зялёная хваля» (Адэса, Украіна), за ілюстраванне казкі Алены Масла «Мяне завуць Лахнэска». Мерапрыемства праходзіла пад патранатам Украінскай асацыяцыі выдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў Адэскай гарадской рады[59].
Remove ads

Бібліяграфія

  • Глацкова, М.А., Аракчеева О.Б., Аракчеев М.А. Борис Аракчеев. Творческий путь. Мн.: Альтиора - Живые краски, 2013. — 195 с.
  • Аракчеев С. В. Военная тетрадь (стихи) / укладанне і прадмова: А. Аракчэева. Мн.: Чатыры чвэрці, 2018. — 143 с.
  • Аксана Аракчэева. Барыс Аракчэеў. Бэз малюецца на шчасце / укладанне А. Аракчэева, А. Масла. Мн.: Мастацкая літаратура, 2019. — (ЖЗЛБ).[60][61]
  • Аксана Аракчэева. Фанечка: праўдзівая гісторыя ад Olivia Klodt. Мн.: Чатыры чвэрці, 2020. — 24 с.
  • Аксана Аракчэева. Фанечка: мандарынавая гісторыя. Мн.: Адукацыя і выхаванне, 2021.
  • Аксана Аракчэева. Бацькаў дар [Выяўленчы матэрыял]: жывапіс / графіка. Мн.: Альтиора Форте, 2023. — 137 с.
  • Аракчеева О.Б., Аракчеев М.А. Шли эшелоны: живопись, графика / Борис Аракчеев. Мн.: Альтиора Форте, 2025. — 91 с.
Remove ads

Ілюстрацыі да кніг

Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads