беларускі кампазытар From Wikipedia, the free encyclopedia
І́гар Міха́йлавіч Лучано́к (6 жніўня 1938, Менск — 12 лістапада 2018, Менск) — беларускі кампазытар. Заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі (1973), народны артыст Беларусі (1982) і СССР (1987)[3], заслужаны дзяяч культуры Польшчы. Прафэсар. Ганаровы грамадзянін Мар’інай Горкі, Менску і Сальску (Растоўская вобласьць, Расея)[4].
Ігар Лучанок | |
2010 г., Віцебск | |
Дата нараджэньня | 6 жніўня 1938 |
---|---|
Месца нараджэньня | Менск, Беларуская ССР, СССР |
Дата сьмерці | 12 лістапада 2018 (80 гадоў) |
Месца сьмерці | Менск |
Прычына сьмерці | цэрэбраваскулярнае захворваньне[d] |
Месца пахаваньня | |
Грамадзянства | Беларусь |
Месца вучобы | |
Прафэсія | кампазытар |
Месца працы | |
Гады дзейнасьці | 1962—2018 |
Сябра ў | Саюз кампазытараў СССР[d] і Беларускі саюз кампазытараў[d] |
Жанры | сымфанічны, камэрны |
Інструмэнты | піяніна, цымбалы |
Супрацоўніцтва | Ансамблі «Песьняры» і «Сябры», Віктар Вуячыч, Марыя Пахоменка, Леў Лешчанка, Сафія Ратару, Валянціна Талкунова[1], Аляксандар Лягчылаў |
Узнагароды | |
Нарадзіўся ў Менску ў сям’і лекара Міхаіла (Міхася) Лукіча Лучанка і настаўніцы Аляксандры Герасімаўны, якія пабраліся шлюбам у 1931 годзе. Жылі ў здымным пакоі ў доме па Ігуменскім тракце (цяпер вул. Маякоўскага). Праз 38 дзён пасьля народзінаў сям’я пераехала ў пасёлак Пячэрск (Магілёўскі раён), бо бацька атрымаў накіраваньне на працу ў Магілёўскую псыхіятрычную лякарню. Да атрыманьня адукацыі лекара ў Беларускім мэдычным інстытуце бацька з 20 лютага 1926 г. працаваў скрыпачом у Беларускім вандроўным тэатры пад кіраўніцтвам Уладзіслава Галубка[5]. Маці была родам з Бабруйска, паходзіла са шляхецкага роду Жукоў і скончыла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «хімія і біялёгія». Зь лета 1940 г. да канца чэрвеня 1941 г. сям’я жыла ў Магілёве, у доме чыгуначнікаў на Першамайскай вуліцы. З пачаткам Нямецка-савецкай вайны бацьку адправілі вайсковым лекарам 3-га рангу ў Гомель у складзе самаходнай лятучкі № 710 для ратаваньня параненых. Калі пачаліся нямецкія бамбаваньні Магілёва, вярнуўся з маці і сястрой Ларысай у пасёлак Пячэрск (цяпер частка Магілёва). У ліпені 1941 г. зьехаў з маці і сястрой у станіцу Марозаўская (Растоўская вобласьць, Расейская СФСР). Зімавалі на бліжэйшым хутары Бакланава. У пачатку 1942 г. бацька перавёз сям’ю ў Сталінград, дзе некалькі дзён давялося начаваць на вакзале. Адтуль выехаў зь сям’ёй у Сальск (Растоўская вобласьць), куды бацьку накіравалі служыць вайсковым лекарам. Там пайшоў у 1-ю клясу чыгуначнай школы № 9[4].
На пачатку жніўня 1946 г. вярнуўся зь сям’ёй у таварным вагоне ў Беларусь, дзе бацька Міхаіл Лукіч пачаў працаваць лекарам у чыгуначнай амбуляторыі на станцыі Пухавічы і атрымаў жытло[2]. Адвучыўся з 2-й па 5-ю клясу ў Мар’інай Горцы (Пухавіцкі раён, Менская вобласьць), дзе ягоная сям’я жыла ў дзедавай хаце па вуліцы Фрунзэ, д. 73[1], якую бацька ў хуткім часе перавёз зь вёскі Язоўкі. Ад бацькі атрымаў першыя ўрокі музыкі, для чаго той набыў акардэон-чвэрць, цымбалы і чорнае піяніна[5]. У жніўні 1950 г. пераехаў на наёмную кватэру ў Менск, дзе паступіў у 6-ю клясу па цымбалах музычнай школы пры Дзяржаўным тэатры опэры і балету Беларусі[2]. Настаўнікам быў цымбаліст Аркадзь Астрамецкі, які стаў ляўрэатам 1-га Ўсесаюзнага агляду выканаўцаў на народных інстумэнтах. У 1951 г. бацькі самі пераехалі ў Менск, дзе атрымалі пакой па вул. Фрунзэ, д. 3[5]. У 1952 г., у 14 гадоў быў залічаны ў Дзяржаўны народны аркестар БССР, якім кіраваў Язэп Жыновіч[6]. У 9-й клясе застаўся на 2-і год, каб працягнуць навучаньне па клясе фартэпіяна[4] ў Рыгора Шаршэўскага. Затым паступіў у Рэспубліканскі ліцэй пры Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі па клясе кампазыцыі[2] у Віктара Белага. За часам навучаньня ў Беларускай кансэрваторыі быў ленінскім стыпэндыятам[5].
У верасьні 1956 г. стаў піяністам толькі створанага Львом Молерам джазавага ансамблю, які праз 5,5 месяцаў рэпэтыцыяў даў адзіны канцэрт, прысьвечаны Дню Савецкай арміі, у менскім Доме афіцэраў у прысутнасьці маршала Сямёна Цімашэнкі. У 1961 г. скончыў Беларускую дзяржаўную кансэрваторыю па клясах кампазыцыі яе рэктара Анатоля Багатырова і піяніна Рыгора Шаршэўскага[6]. Па разьмеркаваньні да 1962 г. выкладаў у Гомельскай музычнай вучэльні, пасьля чаго лекаваўся ў Есентуках (Стаўрапольскі край, Расейская СФСР). Затым уладкаваўся на катэдру музыкі Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту. У 1963 г. на прапанову рэктара Беларускай кансэрваторыі Уладзімера Алоўнікава здаў іспыты ў Леніградзкую кансэрваторыю Дзьмітрыю Шастаковічу[5]. У 1965 г. скончыў асыстэнтуру-стажыроўку Ленінградзкай кансэрваторыі пад кіраўніцтвам прафэсара Вадзіма Салманава і ўступіў у Саюз кампазытараў Беларусі. У кастрычніку 1967 г. пакінуў выкладаньне на катэдры кампазыцыі Беларускай кансэрваторыі (1300 гадзінаў) і паступіў у асьпірантуру Маскоўскай кансэрваторыі. У 1970 г. скончыў асьпірантуру Маскоўскай кансэрваторыі пад кіраўніцтвам прафэсара Ціхана Хрэньнікава, які быў старшынём Саюза кампазытараў СССР[6].
З 1980 г. старшыня Беларускага саюза кампазытараў. У 1982—1986 гг. рэктар Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі[3]. У 1985 г. песьня «Майскі вальс» на ягоную музыку і словы Міхаіла Ясеня прагучала ў выкананьні Яраслава Еўдакімава на Ўсесаюзным тэлефэстывалі «Песьня году»[7]. У лютым 1985 г. стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР. У 1989 г. — дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР[5]. У 1993 г. выступіў адным з ініцыятараў стварэньня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці.
За савецкім часам удзельнічаў у 3-х Сусьветных фэстывалях моладзі і студэнтаў у Бэрліне (Нямецкая Дэмакратычная Рэспубліка), Гаване (Куба) і Маскве. На Кубе сустракаўся з Фідэлем і Раўлем Кастра[4]. Да 2012 г. правёў 20 сольных канцэртаў у Маскве паводле сваіх твораў[1]. На 2016 г. перанёс 3 клінічныя сьмерці[5].
У песьнях пераважае рамантычная лірыка і вобразнасьць. Музыцы ўласьцівая мэлядычнасьць. Асноўныя творы:
У 2000 г. галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка» Ўладзімер Ліпскі выдаў кнігу «Басанож па зорках» (198 с.) пра Ігара Лучанка[4].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.