Івянец
мястэчка ў Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Івяне́ц — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Волме. Цэнтар сельсавету Валожынскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 4214 чалавек[2]. Знаходзіцца за 31 км ад Валожына, за 40 км ад чыгуначнай станцыі Койданава (лінія Менск — Баранавічы). Аўтамабільныя дарогі на Менск, Койданаў, Стоўпцы, Наваградак.
Remove ads
Івянец — даўняе мястэчка, колішняя сталіца графства на гістарычнай Меншчыне, якому ўпершыню ў краіне распрацавалі зямельную сымболіку[3]. Да нашага часу тут захаваўся комплекс кляштару францішканаў з касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла («Белым касьцёлам») у стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVIII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, разбудаваны з гатычнага збора ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваны расейскімі ўладамі.
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Упершыню Івянец упамінаецца ў другой палове XIV ст., калі ён знаходзіўся ў валоданьні вялікага князя літоўскага Вітаўта. Пад 1522 годам Івянец значыцца як мястэчка Менскага павету, уладаньне Салагубаў. У сярэдзіне XVI ст. тут зьявілася пратэстанцкая супольнасьць, дзеялі кальвінскі збор, школа і шпіталь. У 1606 годзе ў мястэчку збудавалі драўляны касьцёл. На 1640 год у Івянцы было 27 двароў. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія захопнікі ўчынілі тут значныя разбурэньні[4].
У пачатку XVIII ст. утварылася Івянецкае графства. У 1702 годзе стольнік менскі Тэадор Ваньковіч заснаваў у мястэчку касьцёл і кляштар францішканаў, у 1745 годзе падскарбі вялікі літоўскі Ян Міхал Салагуб збудаваў мураваны касьцёл. На 1780 год у Івянцы было 174 двары, існавалі Рынак і 7 вуліцаў[4].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Івянец апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Менскага павету. Царскія ўлады перавялі асабіста вольных местачкоўцаў у стан прыгонных сялянаў (толькі ў 1860 годзе яны дамагліся свабоды і вяртаньня мяшчанскага званьня)[5]. З 1810 году мястэчка знаходзілася ў валоданьні Плевакаў. На 1859 год у Івянцы было 189 двароў[6], на 1861 год — 189. Местачкоўцы актыўна бралі ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864).
Па здушэньні паўстаньня ў 1864 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў Івянцы народную вучэльню, а 28 лістапада 1869 году гвалтоўна перарабілі касьцёлы Сьвятога Міхала і Найсьвяцейшай Тройцы пад цэрквы Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскага патрыярхату). У 1880-я гады ў мястэчку было 288 дамоў[7], дзеялі 2 царквы і 2 сынагогі, працавалі 2 школы, 35 крамаў, 17 ганчарных майстэрняў і 2 заезныя двары, праводзіліся штотыднёвыя таргі і 2 кірмашы ў год. У Івянцы неаднаразова спыняліся беларускі паэт і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і пісьменьнік Ядвігін Ш. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, колькасьць двароў павялічылася да 399, дзеялі 2 царквы і 2 капліцы, працавалі народная вучэльня, 2 малітоўныя школы, 2 багадзельні, прыёмны пакой, вадзяны млын, 15 майстэрняў з абпальваньня гаршкоў, 9 кузьняў, 64 крамы, 2 карчмы і гарэлкавы склад, праводзіліся 2 кірмашы штогод і таргі ў нядзелі. У пачатку XX ст. існавалі лякарня і амбуляторыя, у якіх працавалі доктар, 3 фэльчары, некалькі санітарак.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Івянец занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Івянец абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР, накіроўвалі ў Народны Сакратарыят скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў[8]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі Івянец увайшоў у склад Беларускай ССР. У жніўні 1919 году яго занялі польскія войскі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе ў 1923 годзе стала цэнтрам гміны Валожынскага павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час Івянец знаходзіўся за 16 км ад граніцы з БССР. Рака Волма, што цякла празь мястэчка, брала свой пачатак па-за гэтай граніцай. Івянец месьціўся на пагорках у атачэньні лясоў і складаўся зь некалькіх вуліцаў, найбольшымі зь якім былі: вул. Пілсудзкага (гістарычная Койданаўская), на ёй месьціліся пошта, гродзкі суд і тры школьныя будынкі, вул. Т. Касьцюшкі (гістарычная Ракаўская) з адміністрацыяй гміны, будынкам агульнаадукацыйнай школы, шпіталем і касьцёлам Сьвятога Аляксея, вул. 3 Мая (гістарычная Віленская), на ёй знаходзіліся найбольш значныя жылыя будынкі, два гатэлі, паліцэйскі пастарунак, аптэка, касьцёл Сьвятога Міхала. У 1934 годзе распачалася электрыфікацыя мястэчка. Прыватныя асобы заснавалі электрычную станцыю. Яна месьцілася над рэчкай, у будынках даўняга двару Салагубаў. Праца машыны электрычнай станцыі выкарыстоўвалася на мясцовай лесапільні. У 1936 годзе ў Івянцы збудавалі новую школу на вуліцы Закляштарнай, большасьць вуліцаў забрукавалі, а некаторыя асьвятлілі. На 1938 год у мястэчку было 574 будынкі (зь іх 10 мураваных), працавалі шматлікія цагельні, кінатэтар «Jutrzenka» (бел. Зорка) у Доме жаўнера, вайсковы аэрапорт пры кашарах.
У 1939 годзе Івянец увайшоў у БССР, дзе стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 1962 году ў Валожынскім раёне). 12 кастрычніка 1940 году паселішча атрымала афіцыйны статут пасёлку гарадзкога тыпу. У гэты час тут было 523 двары. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 6 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. Ад 1962 году да 1965 году ўлучаўся ў склад Стаўпецкага раёна[9].
У 1998 годзе афіцыйна зацьвердзілі герб Івянца, створаны на аснове гербу Праўдзіч роду Салагубаў. 18—20 ліпеня 2008 году ў мястэчку прайшла 1-я Міждыяцэзіяльная сустрэча моладзі[10].
- Мястэчка на старых здымках
- Панарама, да 1939 г.
- Рынак. Фарны касьцёл, да 1918 г.
- Фарны касьцёл з боку апсыды
- Вуліца Віленская. «Белы касьцёл», каля 1900 г.
- Вуліца Ракаўская. «Чырвоны касьцёл», 1930 г.
- Рог Віленскай і Ракаўскай, 1918 г.
- Вуліца Віленская, 24.09.1929 г.
- Рог Рынку і вуліцы Надрэчнай, 1918 г.
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія

- XIX стагодзьдзе: 1815 год — 418 чал.[11]; 1861 год — 1799 чал.; 1897 год — 2445 чал.[4]
- XX стагодзьдзе: 1923 год — 2226 чал.[4] у мястэчку Івянцы і 38 чал. у фальварку Івянцы[12]; 1931 год — 3084 чал., зь іх 1521 хрысьціянін і 563 юдэі; 1940 год — 3303 чал.; 1971 год — 3,7 тыс. чал.[4]; 1994 год — 5,2 тыс. чал.[4]; 1998 год — 5 тыс. чал.[13]
- XXI стагодзьдзе: 2006 год — 4,8 тыс. чал.; 2008 год — 4,8 тыс. чал.[14]; 2009 год — 4320 чал.[15] (перапіс); 2016 год — 4178 чал.[16]; 2017 год — 4206 чал.[17]; 2018 год — 4214 чал.[2]
Адукацыя
У Івянцы працуюць сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова.
Мэдыцына
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе местачковая лякарня.
Культура
Дзеюць дом культуры, 2 бібліятэкі, кінатэатар.
Remove ads
Забудова
Плян
Плян Івянца гістарычна склаўся паводле традыцыйнай схемы: сетка вуліцаў бярэ свой пачатак ад Рынку, разьмешчанага ў цэнтры мястэчка. Ад гэтага пляцу разыходзяцца шэсьць вулічных кірункаў, зь якія тры пераходзяць у шляхі да іншых местаў і мястэчак: Ракаў (гістарычная вул. Ракаўская), Стоўпцы (гістарычная вул. Віленская) і Койданаў (гістарычная вул. Койданаўская).
Вуліцы і пляцы
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
17 Верасьня вуліца | Ракаўская вуліца | Тадэвуша Касьцюшкі вуліца |
1 Мая вуліца | Віленская вуліца | 3 мая вуліца |
Беларуская вуліца | Плябанская вуліца[18] | |
Гагарына вуліца | Ракаўскі завулак | |
Камсамольская вуліца | Койданаўская вуліца | Пілсудзкага вуліца |
Куйбышава вуліца | Зашкольная вуліца | |
Куйбышава завулак | Зашкольны завулак | |
Прамысловая вуліца | Княская вуліца | |
Пушкіна вуліца | Закляштарная вуліца[19] | |
Савецкі завулак | Койданаўскі завулак | |
Свабоды плошча | Рынак пляц |
З урбананімічнай спадчыны Івянца да нашага часу гістарычныя назвы захавалі Надрэчная, Падлесная, Стаўпецкая і Школьная вуліцы.
Эканоміка
Івянец — адзін з ганчарных цэнтраў Беларусі[20]. У даўнія часы мясцовая прадукцыя вывозілася ня толькі ў навакольныя сёлы і мястэчкі, але і на рынкі Вільні і Менску. Ганчарнае рамяство існуе тут і ў наш час.
Remove ads
Турыстычная інфармацыя
Інфраструктура
У Івянцы знаходзіцца музэй традыцыйнай культуры (краязнаўчы музэй).
Славутасьці
- Капліца прыдарожная (пач. ХХ ст.)
- Касьцёл Сьвятога Аляксея (1905—1907)
- Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла («Белы касьцёл») і кляштар францішканаў (1741—1749)
- Могілкі: каталіцкія, капліца (ХІХ ст.); юдэйскія
- Сынагога (1912)
- Сядзіба (пач. ХIХ ст.)
Страчаная спадчына
- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1745)
Галерэя
- Краявіды мястэчка
- «Белы касьцёл», галоўны алтар
- Краязнаўчы музэй
- «Чырвоны касьцёл», інтэр’ер
- Могілкавая капліца
- Сынагога
Месты-сябры
Асобы
- Лявон Більдзюкевіч (1895—1942) — беларускі пэдагог, матэматык, грамадзкі дзяяч
- Апалінар Пупка (1893—1984) — самабытны майстар-разьбяр
- Вацлаў Пупка (1879—1925) — грамадзкі і палітычны дзяяч
- Адам Пучкар-Хмялеўскі (1891—1938) — беларускі рымска-каталіцкі сьвятар, грамадзкі і культурны дзяяч
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads