Кабыльнік

вёска ў Беларусі, на рацэ Малінаўцы From Wikipedia, the free encyclopedia

Кабыльнік
Remove ads

Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Кабыльнікі (неадназначнасьць), Нарач (неадназначнасьць).

Хуткія факты

Кабы́льнік (з 1964 году — На́рач[1]) — вёска ў Беларусі, на рацэ Малінаўцы, за 4 км ад возера Нарачы. Цэнтар сельсавету Мядзельскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 2581 чалавек. Знаходзіцца за 20 км на паўночны захад ад Мядзелу, за 29 км ад чыгуначнай станцыі Паставы, за 3 км на паўночны захад ад курортнага мястэчка Нарачы.

Кабыльнік — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захавалася драўляная касьцельная званіца ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі клясыцызму палац Сьвентажэцкіх, помнік архітэктуры XIX ст., спалены савецкімі партызанамі ў Другую сусьветную вайну.

Remove ads

Назва

Тапонім Кабыльнік, магчыма, паходзіць ад імя шляхціца Васіля Кабыліна, які згодна з граматай вялікага князя Жыгімонта Старога, 12 сьнежня 1522 году набыў у князёў Пятра і Андрэя Сьвірскіх маёнтак Жары, у Людвіка Сьвірскага — «зямлю пустаўскую на імя Трухаўшчыну» (Труханкі) і ў Пятра Сьвірскага «зямлю пустаўскую на імя Якубоўшчыну на Едупе» (Рэдупля)[2]. У суседнім Пастаўскім раёне сустракаецца назва Кабыльнішкі[3] — вёска за 36 км на захад ад Паставаў, за 7 км на паўночны захад ад Лынтупаў. Назва паходзіць, відаць, ад славянскай асновы кобь — 'чары, чараўніцтва'. Сустракаецца і слова «кабыльнік» у значэньні 'чараўнік, калдун'. Магчыма, назва падказвае месца, дзе ў даўнейшыя часы знаходзіліся капішчы або сьвяцілішчы. Можна вывесьці паходжаньне назвы і ад польскага kobylak, што азначае 'конскае шчаўе'.

Варыянты напісаньня назвы ў гістарычных крыніцах: Кабельнікі[4], Кабыльнікі.

У 1964 годзе савецкія ўлады зь невядомых прычынаў зьмянілі назву паселішча на Нарач, вынікам чаго сталася блытаніна з аднайменных курортным мястэчкам або самім возерам Нараччу. У наш час многія местачкоўцы па-ранейшаму ўжываюць гістарычную назву Кабыльнік[5] і змагаюцца за яе вяртаньне ў якасьці афіцыйнай[6].

Remove ads

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Паводле некаторых зьвестак[7], упершыню Кабыльнік упамінаецца ў XV стагодзьдзі пад назвай Мядзел Малы (лац. Medal Minor, польск. Medal Mniejszy, Miadzioł Mały). Аднак у наш час не атрымалася знайсьці дакумэнтальных пацьверджаньняў гэтаму. Ускосная спасылка ёсьць у кнізе польскага гісторыка Ю. Вольфа[8]. Дасьледнік сьцьвярджае, што на месцы сучаснай вёскі Швакштаў разьмяшчаўся «двор Замяделье» князя Пятра Сьвірскага (сярэдзіна XV ст.).

У 1463 годзе ў Кабыльніку збудавалі драўляны касьцёл[9] (перабудоўваўся ў 1736 годзе). 11 красавіка 1527 году А. М. Сьвірскі і яго жонка Соф’я прадалі «добры свае дзедзічныя Мядзела і Кабыльнікі» ваяводу віленскаму Альбэрту Гаштольду і яго нашчадкам за 300 коп «вечным правам»[10]. У 1579 «имением Кабыльникъ и дварцом Жары у Ошмянским павете» валодае «Княжна Мстиславская, Настася Михайловна» якая перадае их «июля 19» у вечнае уладанне «малжонку миламу, Кнежати Стефану Карибутовичу Збаражскому, воеводе Троцкому, Державцэ Смилишскому, Жослинскому, Дорсунишскому»[11]. Пазьней Кабыльнік знаходзіўся ў прыватным валоданьні князёў Збараскіх (XVI ст.), Храпавіцкіх (XVII ст.), Козелаў і Абрамовічаў (XVIIІ ст.)[12]. Пісар Вялікага Княства Літоўскага Людвік на Бакштах Хамінскі прадаў Кабыльнік кашталяну ашмянскаму Марціну Аскерку. Ад Аскеркаў маёнтак перайшоў у валоданьне Антонія Сьвентажэцкага.

У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1555—1556 гадоў Кабыльнік увайшоў у склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва. На 1641 год у мястэчку было 19 дамоў.

У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) улетку 1708 году праз Кабыльнік і Мядзел праходзіў 11-тысячны корпус швэдзкага генэрала Адама Людвіка Левэнгаўпта[13] ў кірунку Даўгінава (прыбыў на двухтыднёвы пастой 15 жніўня[14]). Па друім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год) Кабыльнік застаўся ў складзе Рэчы Паспалітай, дзе стаў цэнтрам памежнай парафіі Завялейскага павету Віленскага ваяводзтва.

Thumb
А. Ромэр. Стары касьцёл, 1880 г.

У час паўстаньня Т. Касьцюшкі ў Кабыльніку месьціўся авангард 27-га Завялейскага палку паўстанцаў (генэрал-маёр Ксавэры Зяньковіч, палкоўнік — Чаховіч, падпалкоўнік — Я. Зяньковіч). У хуткім часе ў Кабыльніку былі сканцэнтраваны асноўныя сілы Завялейскага палку ў колькасьці больш за 700 чалавек з трыма гарматамі. Аднак па начной атацы войскам генэрала Германа, паўстанцы мусілі адступіць да Міхалішак[15].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Кабыльнік апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Сьвянцянскім павеце Віленскай губэрні. У вайну 1812 году ў мястэчка 20 чэрвеня ўвайшоў 6-ы пяхотны корпус пад камандаю генэрала Дохтурава, чым завяршылася канцэнтраваньне 1-й расейскай арміі (пад камандаю Барклая-дэ-Толі). У выніку на працягу двух пераходаў яна сабралася пад Сьвянцянамі ў колькасьці 115 тысячаў чалавек.

На 1847 год Кабыльнік уваходзіў у склад двух аднайменных маёнткаў. Першая частка мястэчка складалася з 8 двароў і знаходзілася ў валоданьні пана Сьвентажэцкага. Тут працавалі вадзяны млын і вінакурня (з 1845 году). Таксама, апроч гэтай часткі мястэчка, да першага маёнтку належалі 4 вёскі і 2 засьценкі. Другая частка Кабыльнікаў належала да іншага маёнтку, уладаньня братоў Язэпа і Жыгімонта Шышкаў. Тут было 17 двароў. Таксама да другога маёнтку належала яшчэ адна вёска. На 1860 год у Кабыльніку было 45 двароў.

У час нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у красавіку 1863 году каля Кабыльніку прайшоў аддзел паўстанцаў у колькасьці 100 чалавек на чале з Густавам Чаховічам. Месцам для сваёй базы аддзел абраў пушчу ля возера Нарач, дзе меў намер злучыцца з паўстанцамі Лявона Чаховіча. Расейскія ўлады наладзілі карныя пошукі. У Кабыльнік прыбылі дзьве роты ляйб-гвардыі грэнадэрскага палка і 15 казакоў на чале з палкоўнікам Розлачам, якія былі накіраваны 12 чэрвеня зь Сьвянцянаў паводле маршруту Камаі — Кабыльнік — Канстанцінава — Міхалішкі — Кемелішкі[16].

У 1866 годзе ў мястэчку Кабыльніку і двух аднайменных фальварках налічвалася 33 дамоў. На 1885 год у Кабыльніку было 17 двароў, дзеялі касьцёл, царква і сынагога; працавалі багадзельня, 4 крамы, карчма; праводзіліся 5 кірмашоў на год, а таксама таржок у аўторкі. У 1892 годзе адкрылася расейская народная вучэльня. На 1903 год у мястэчку існавалі скарбовая вінная крама, прыёмны пакой, паштовая станцыя на дарозе Камаі — Кабыльнік. У пачатку XX стагодзьдзя ў Кабыльніку былі млын, рыбаводныя сажалкі ля сядзібна-паркавага комплексу. У 1905—1913 гадох у мястэчку працавала вінакурня на паравым рухавіку[17].

За часамі Першай сусьветнай вайны ў верасьні 1915 году Кабыльнік занялі войскі Нямецкай імпэрыі[18], нямецка-расейскі фронт усталяваўся каля Пасынак (6 км на ўсход ад мястэчка). У панскім маёнтку разьмяшчаўся штаб нямецкага 21-га ўзмоцненага корпусу пад камандаю генэрала Аскара фон Гуцьера(ru), у склад якога ўваходзілі 5 дывізіяў і 1 брыгада. Корпус вызначыўся ў нарачанскай бітве ў сакавіку 1916 году. У царкве месьціўся шпіталь для параненых. Забітых немецкіх і расейскіх жаўнераў хавалі на каталіцкім могільніку на поўнач ад вёскі. Кабыльнік злучылі вузкакалейкай з Лынтупамі, Паставамі і Мядзельскім возерам. Каля мястэчка дзеяў нямецкі вайсковы аэрадром.

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Кабыльнік абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[19].

У 1919 годзе ў Кабыльнік увайшлі польскія войскі, 11 ліпеня 1920 году мястэчка занялі бальшавікі. У кастрычніку 1920 году Кабыльнік апынуўся ў складзе Сярэдняй Літвы, пазьней — міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Пастаўскага павету Віленскага ваеводзтва. На 1931 год у мястэчку дзеялі касьцёл, царква і сынагога, працавалі цагельня, млын зь лесапілкай, аптэка і пажарнае дэпо, у аўторкі праводзіліся таргі, раз на месяц — кірмаш. У міжваенны час у Кабыльніку працавала прыватная гарбарня (апрацоўваліся скуры авечак і цялят для вырабу абутку), прадпрыемства апрацоўкі воўны, 2 кузьні, 2—3 сталяркі (у адной вырабляліся лыжы), 2 варштаты для рамонту ровараў, майстэрні вырабу колаў і тавараў з бляхі, 2 пякарні, 2 мясныя крамы, малакарня і 2 рэстараны. На 1939 год у мястэчку было 10 вуліцаў[12].

У 1939 годзе Кабыльнік увайшоў у БССР. 12 кастрычніка 1940 году статус паселішча панізілі да вёскі, якая стала цэнтрам сельсавету Мядзельскага раёну Вялейскай (з 20 верасьня 1944 году — Маладэчанскай) вобласьці.

У Другую сусьветную вайну ў чэрвені 1941 году Кабыльнік акупавалі войскі Трэцяга Райху. У 1942 годзе нацысты канчаткова зьнішчылі мясцовых жыдоў. Улетку 1943 немцы і паліцаі пакінулі Кабыльнік. Карыстаючыся гэтым, паселішча захапілі чырвоныя партызаны падначаленыя дэпутату Вярхоўнага Савета БССР падпалкоўніку Ф. Маркаву. У час сваёй акцыі партызаны павыганялі з хат местачкоўцаў, а сам Кабыльнік спалілі[20][21]. У час нападу спалілі палац Сьвентажэцкіх[22]. Савецкія партызаны вызначыліся таксама тым, што ў 1943 годзе забілі тутэйшага ксяндза Паўловіча.

У 1947 годзе ў Кабыльніку зьявіліся радыёвузел і сьпіртовы завод; працавалі шпіталь, лясгас, млын, рыбакамбінат. У 1949 годзе савецкія ўлады стварылі калгас «Перамога». У гэты час у вёсцы працавалі сукнавальня, хлебапякарня, 3 крамы, лекарскі ўчастак, аптэка, клюб, бібліятэка, пошта, хата-чытальня. З 20 студзеня 1961 году Кабыльнік знаходзіцца ў складзе Менскай вобласьці. 28 жніўня 1964 году савецкія ўлады перайменавалі паселішча ў Нарач.

На 1997 год у Кабыльніку было 1009 двароў, на 1999 год — 800. У 2000-я гады Кабыльнік атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку».

Remove ads

Геаграфія

За 2 км на поўдзень і паўднёвы захад ад Кабыльніку разьмяшчаецца радовішча пяскова-жвіровага матэрыялу.

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • XVII стагодзьдзе: 1641 год — 122 чал.[23]
  • XIX стагодзьдзе: 1847 год — 148 чал.; 1860 год — 344 чал.; 1866 год — 370 чал., у тым ліку 190 каталікоў, 164 юдэяў, 7 праваслаўных, 6 магамэтанаў, 4 стараверы[24]; 1885 год — 483 чал.; 1897 год — 1054 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1903 год — 903 чал.; 1931 год — 900 чал.; 1960 год — 1116 чал.; 1997 год — 2584 чал.; 1998 год — 2,7 тыс. чал.; 1999 год — 2,7 тыс. чал.[25]
  • XXI стагодзьдзе: 2005 год — 2,5 тыс. чал.; 2010 год — 2581 чал.

Інфраструктура

У Кабыльніку працуюць дашкольная ўстанова, сярэдняя і музычная школы, лякарня, пункт хуткай мэдычнай дапамогі, аптэка, бібліятэка, дом культуры, пошта, банку, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўваньня насельніцтва, сталоўка, крамы. Таксама ў вёсцы разьмяшчаюцца адміністрацыя сельсавету і ўправа сельскагаспадарчана прадпрыемства.

Remove ads

Забудова

Вуліцы і пляцы

Афіцыйная назваГістарычная назваБылыя назвы
Заводзкая вуліцаМельніцкая вуліцаЮзэфа Пілсудзкага вуліца
Партызанская вуліцаКупская вуліца
Першамайская вуліцаВіленская вуліца (частка)
Кусеўская вуліца (частка)
Мядзельская вуліца (частка)
3 траўня вуліца
Піянэрская вуліцаШэметаўская вуліцаФранцішка Жвіркі і Станіслава Вігуры вуліца
Савецкая вуліцаКанцылярская вуліца

З урбананімічнай спадчыны Кабыльніку да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Пастаўская. Гістарычны Рынак цяпер ня мае афіцыйнай назвы.

Remove ads

Эканоміка

Гаспадарчы двор з рамонтнымі майстэрнямі, піларама, жывёлагадоўчая фэрма, Нарачанскі масласырзавод, Нарачанскі завод напояў, мясакамбінат, будаўніча-вытворчая ўправа «Нарач-прафбуд», склады курортнага каапэратыву, лінейны ўчастак.

Транспарт

У Кабыльніку працуе аўтастанцыя.

Турыстычная інфармацыя

Славутасьці

У 1969 годзе ў Кабыльніку паставілі помнік 20 землякам, якія загінулі ў час Другой сусьветнай вайны, таксама тут знаходзіцца магіла 80 ахвяраў нацысцкіх захопнікаў. На паўночнай ускраіне сучаснай вёскі — пахаваньні 4 чырвонаармейцаў, якія загінулі ў баёх ліпеня 1920 году.

Непадалёк ад вуліцы Пастаўскай знаходзіцца кіркут — жыдоўскія могілкі з памятнай дошкай ахвярам вайны. Далей на правым баку вуліцы Пастаўскай стаіць безыменны абэліск, які мясцовыя называюць магілай польскіх уланаў, што загінулі ў польска-бальшавіцкай вайне. На каталіцкіх магілках знаходзіцца вялікі помнік з узыходзячым арлом, прысьвечаны нямецкім жаўнерам, якія загінулі ў часы І Сусьветнай вайны, а побач стаяць крыжы іх магілаў.

Страчаная спадчына

  • Капліца-пахавальня Шышкаў (1836)
  • Палац Сьвентажэцкіх. Разьмяшчаўся на тэрасе ракі Малінаўкі. Помнік архітэктуры клясыцызму, закладзены каля 1840 году.
Remove ads

Галерэя

Асобы

  • Ізраіль Данюшэўскі (1890—1950) — пэдагог
  • Часлаў Кудаба (1932—1993) — географ і краязнаўца
  • Ян Цывінскі (1772—1846) — біскуп-суфраган троцкі, доктар тэалёгіі і царкоўнага права

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads