Мікалай Радзівіл «Чорны»
(1515—1565) ваявода віленскі, канцлер вялікі літоўскі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Мікалай Радзівіл мянушка «Чорны»; (4 лютага 1515, Нясьвіж — 29 траўня 1565, Лукішкі пад Вільняй) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Канцлер (з 1550), адначасна ваявода віленскі (з 1551) і намесьнік вялікага князя (з 1561).
Валодаў вялікімі лятыфундыямі на Літве (цэнтар — Нясьвіж) і Валыні (Алыка). Найбольшыя ягоныя маёнткі: Клецкае і Давыд-Гарадоцкае княствы (з 1558), Лахва і Нягневічы ў Наваградзкім павеце, Зьдзітаў у Слонімскім павеце, Дуброва, Шацак і Ўзда ў Менскім павеце, Геранёны ў Ашмянскім павеце, Дусяты, Сьвядасьць і Бігушкі ў Вількамірскім павеце, Лукішкі каля Вільні, Шыдловец у Польшчы. Быў старостам берасьцейскім, ковенскім і шавельскім[1].
Дзейнасьць Мікалая Радзівіла «Чорнага» як вялікага рэфарматара кардынальна паўплывала на царкоўна-рэлігійнае і культурнае жыцьцё Вялікага Княства Літоўскага.
Remove ads
Біяграфія
З алыцка-нясьвіскай лініі роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Яна «Барадатага», кашталяна троцкага, і Ганны з Кішкаў. Адукацыю, імаверна, атрымаў толькі хатнюю. Юнацтва правёў пры каралеўскім двары ў Кракаве, дзе адбылося яго сяброўскае збліжэньне з будучым вялікім князем літоўскім і каралём польскім Жыгімонтам Аўгустам. Ведаў беларускую, польскую і лацінскую мовы[1].
Браў удзел у вайне Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (1534—1537), на якую разам з братам Янам выставіў 160 коньнікаў.

Імклівае службовае ўзьнясеньне Мікалая Радзівіла пачалося па 1544 годзе, калі на Берасьцейскім вальным сойме быў прыняты акт, згодна зь якім Жыгімонт Стары перадаваў поўную ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім свайму сыну Жыгімонту Аўгусту. У гэты час атрымаў уплывовую пасаду земскага маршалка, якая давала магчымасьць часта бываць пры вялікакняскім двары. Браў удзел у пасольскіх місіях у іншыя дзяржавы.
У 1547 годзе спрыяў шлюбу сваёй стрыечнай сястры Барбары зь вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам. Таго ж году ў час падарожжа ў Аўгсбургу атрымаў ад імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Карла V права на княскі тытул для сябе і асобных прадстаўнікоў свайго роду[2]. З гэтага часу пачаў называцца князем «на Алыцы і Нясьвіжы».
У 1549 годзе браў удзел у ваенных дзеяньнях супраць татараў на Валыні. У 1550 годзе атрымаў пасаду канцлера вялікага літоўскага. Павялічыў уплыў на палітыку велікакняскага ўраду і ў 1551 годзе здабыў права на захоўваньне найважнейшых дзяржаўных актаў у сваім архіве. Асаблівую ўвагу зьвяртаў на дакумэнты, якія пацьвярджалі даўнія дзяржаўныя прывілеі Вялікага Княства Літоўскага.
Узбраеньне Мікалая Радзівіла
У 1553 годзе выяжджаў з дыпляматычнай місіяй да Габсбургаў, каб прадухіліць магчымы габсбурска-маскоўскі хаўрус, які мог ускладніць становішча на ўсходніх межах дзяржавы. У 1555—1556 гадох ачольваў дзяржаўную камісію з правядзеньня аграрнай («валочнай») рэформы ў гаспадарскіх валоданьнях Літвы, якая падрыхтавала «Ўставу на валокі» 1557 году.

Галоўнай сфэрай дыпляматычнай дзейнасьці былі дачыненьні з Інфлянтамі, вынікам чаго стала падпісаньне дамовы пра іхнае падпарадкаваньне супольна Вялікаму Княству і Кароне. Пазьней стаў адміністратарам гэтых зямель.
Падтрымліваў палітычны зьвяз з Польшчай, аднак быў рашучым супраціўнікам фэдэрацыі і бараніў сувэрэнітэт Вялікага Княства Літоўскага[1]. Супрацьстаяў складаньню дзяржаўнай уніі з Польшчай.
У 1561 годзе па ад’езьдзе Жыгімонта Аўгуста ў Польшчу стаў намесьнікам вялікага князя літоўскага. Правёў судова-адміністрацыйную рэформу, у выніку якой утварыліся шляхецкія станавыя суды і мясцовыя органы самакіраваньня — соймікі.
Ажаніўся з Альжбетай, дачкой аднаго з найбуйнейшых польскіх мэцэнатаў — кароннага гетмана Крыштафа Шыдлавецкага. У шлюбе меў сыноў Альбрэхта, Мікалая Крыштапа, Станіслава і Юрыя, а таксама дачок Ганну Магдалену, Крыстыну, Соф’ю Агнешку і Альжбету.
Памёр ад пакутлівай хваробы і спачыў разам з жонкай пры Віленскім зборы. У 1647 годзе парэшткі Мікалая Радзівіла «Чорнага» і яго жонкі ўрачыста перанесьлі зь Вільні ў Дубінкі. Па сьмерці бацькі ўсе дзеці пад уплывам палітычных абставінаў перайшлі ў каталіцтва.
Remove ads
Рэліґійная дзейнасьць

Зь імем Мікалая Радзівіла «Чорнага» зьвязваюць пашырэньне і прапаганду рэфармацыйных ідэяў, арганізацыю рэфармацыйнай царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Палітычны ўплыў і аўтарытэт Мікалая Радзівіла, які першым з магнатаў прыняў пратэстанцкую веру ў пачатку 1550-х гадоў, абумовілі пераход значнай часткі шляхты ў пратэстантызм. Спачатку ён схіляўся да лютэранства, але зь сярэдзіны 1550-х гадоў прыняў кальвінізм, які атрымаў найбольшае пашырэньне ў Літве. Мікалай Радзівіл падтрымліваў зьвязкі з прадстаўнікамі асноўных пратэстанцкіх плыняў (лютэранамі, кальвіністамі, антытрынітарыямі), стаў галоўным пратэктарам Рэфармацыі.
Заснаваў пратэстанцкія цэрквы — зборы — у сваіх маёнтках на тэрыторыі сучасных Беларусі, Летувы і Польшчы. У 1553 годзе першы на Беларусі рэфармацыйны збор Мікалай Радзівіл заклаў у сваім замку ў Берасьці. Каля 1557 году пры ягоным удзеле сфармавалася галоўная рэфармацыйная грамада Вялікага Княства Літоўскага ў Вільні. Першы Віленскі збор разьмяшчаўся ў радзівілаўскім палацы на Лукішках.
Некаторы час быў прыхільнікам стварэньня Народнага сабору — свайго роду дзяржаўнай царквы, якая б аб’ядноўвала ўсіх хрысьціянаў Вялікага Княства і Кароны і была б больш незалежнай ад Ватыкану.
У апошнія гады свайго жыцьця падтрымліваў антытрынітарыяў, якія ў рэлігійна-багаслоўскіх і сацыяльных пытаньнях займалі найбольш радыкальныя пазыцыі. У 1563 годзе ў падляскім мястэчку Мордах, што належала Мікалаю Радзівілу, адбыўся сынод, дзе большасьць прысутных ухвалілі ідэі антытрынітарызму. Выношваў пляны аб’яднаньня кальвінісцкай і антытрынітарскай плыняў.
Remove ads
Культурніцкая дзейнасьць


Дзейнасьць Мікалая Радзівіла «Чорнага» адыграла вялікую ролю ў разьвіцьці мэцэнацтва ў розных сфэрах культуры Вялікага Княства Літоўскага, найбольш у арганізацыі кнігадрукаваньня. Працяглае знаходжаньне за мяжой і знаёмства з заходнеэўрапейскай культурай спрыялі разуменьню ролі кнігадрукаваньня ў грамадзка-палітычным і культурным жыцьці.
У 1553 годзе для прапаганды рэфармацыйных ідэяў заснаваў пры Берасьцейскім зборы першую на тэрыторыі Беларусі друкарню, у якой працавалі запрошаныя ім з Польшчы друкары Бэрнард Ваяводка, Станіслаў Мурмэліюс, паэт, перакладнік і кампазытар Ц. Базылік. Тут друкавалася ня толькі рэлігійная, але і сьвецкая літаратура.
У 1563 годзе на сродкі Мікалая Радзівіла выйшаў польскі пераклад поўнага зводу Бібліі, найбольшы паводле аб’ёму і адзін з найлепшых па мастацкіх і паліграфічных якасьцях рэнэсансавага выданьня. У гісторыю беларускага кнігавыданьня ён увайшоў пад назвай «Берасьцейская, ці Радзівілаўская Біблія».
Зь імем Мікалая Радзівіла зьвязваюць таксама выданьне арыгінальнага публіцыстычнага твору — пасланьня папскаму нунцыю ў Польшчы Аляізіюшу Ліпаману, напісанага, імаверна, яго асабістым сакратаром, вядомым польскім лексыкографам Янам Манчыньскім, дзе зьмяшчаюцца рэзкія антыкаталіцкія і антыпапскія выпады.
Пад апекай Мікалая Радзівіла дзеяла пратэстанцкая друкарня і ў Нясьвіжы, у працы якой бралі ўдзел вядомыя дзеячы Рэфармацыі — Сымон Будны, Мацей Кавячынскі, Ляўрэнці Крышкоўскі. Многія выданьні выходзілі з прысьвячэньнем знатнаму патрону. Некаторыя свае творы яму прысьвячаў Жан Кальвін. Шчодрасьцямі радзівілаўскага двара карысталіся такія відныя тэолягі, як Сымон Будны, Марцін Чаховіц, паэты Андрэй Тшэцэскі, кампазытары Кіпрыян Базылік, Вацлаў з Шамотул ды іншыя.
Галерэя
Малярства
- Творы малярства
- Невядомы мастак, XVII ст. Фрагмэнт
- Невядомы мастак, XVIII ст.
- Невядомы мастак, 1752—1759 гг. Фрагмэнт
- Невядомы мастак, 1830-я гг.
Графіка
- Графічныя партрэты
- Д. Кустас, 1601 г.
- Каляровая вэрсія
- Невядомы мастак, XVII ст.
- Невядомы мастак, 1646—1653 гг.
- Невядомы мастак, 1737 г. (Януш Радзівіл?)
- Г. Ляйбовіч, 1758 г.
- Г. Ляйбовіч, 1758 г.
- Невядомы мастак, 1825 г.
- Невядомы мастак, 1842 г.
- M. Starkman, 1857 г.
- Невядомы мастак, 1859 г.
- Б. Гембажэўскі, XIX ст.
Remove ads
Памяць

Беларусь — першая краіна, якая выдала адмысловую марку, прысьвечаную Мікалаю Радзівілу «Чорнаму»[4]. Марку надрукавала Белпошта 17 сьнежня 1996 году, зьмясьціўшы на ёй партрэт выдатнага вялікалітоўскага дзяржаўнага і вайсковага дзеяча.
25 ліпеня 2009 году ў Берасьці адкрылася скульптурная кампазыцыя, прысьвечаная 990-гадовай гісторыі места. Сярод шасьці бронзавых фігураў у кампазыцыі помніка тры скульптуры гістарычных дзеячоў — Вітаўта, Мікалая Радзівіла «Чорнага» і князя Васількавіча[5].
Да 500-годзьдзя зь дня нараджэньня Мікалая Радзівіла Чорнага ў Беларусі выпушчаная памятная манэта.
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads