Ярамір Ягр
чэскі хакеіст From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Я́рамір Ягр (па-чэску: Jaromír Jágr, [ˈjaromiːr ˈjaːɡr̩]; нар. 15 лютага 1972 году, Кладна, Чэхаславаччына) — чэскі хакейны правы нападнік, гулец і ўласьнік клюбу другога чэскага дывізіёну «Кладна». Да 2018 року працяглы час выступаў у НХЛ.
Гульнявая кар’ера Яраміра Ягра пачалася на радзіме ў 1988 року, але ўжо ў 1990 ён быў задрафтаваны пад 5-м нумарам клюбам «Пітсбург Пінгвінз» (адзіны з драфту 1990 року, хто дагэтуль працягвае кар’еру). На той час ён быў наймаладзейшым гульцом НХЛ, а ў 2018 року сышоў з НХЛ як самы ўзроставы ейны гулец (45 гадоў) і самы ўзроставы гулец, які зрабіў хет-трык[2][3]. Ягр — самы прадуктыўны эўрапейскі гулец у НХЛ, другі па колькасьці заробленых пунктаў сярод усіх гульцоў НХЛ[4]. У 2017 быў уключаны ў сьпіс 100 найлепшых гульцоў НХЛ[5].
Ягр выйграваў Кубак Стэнлі ў 1991 і 1992 сэзонах з «Пінгвінамі», пяць разоў (чатыры разы запар) — трафэй Арта Роса, тройчы — узнагароду Лэстэра Пірсана і аднойчы — мэмарыяльны трафэй Гарта, прычым яшчэ чатыры разы станавіўся ягоным фіналістам.
Ярамір Ягр — уладальнік найбольшае колькасьці трафэяў Арта Роса сярод не-канадцаў. Таксама ён адзін з 28 гульцоў, якія складаюць «залатую хакейную тройку» як пераможца Кубку Стэнлі (1991, 1992), чэмпіянату сьвету (2005, 2010) і Алімпіяды (1998). У «залатую тройку», акрамя Ягра, уваходзіць яшчэ адзін чэскі хакеіст — Іржы Шлегр[6].
Remove ads
Кар’ера
Ягр пачаў катацца на каньках у трохгадовым узросьце і адразу ж стаў паказваць выдатныя здольнасьці. У 15-гадовым веку ён выступаў на найвышэйшым узроўні ў Чэхаславаччыне за клюб «Кладна», а ў 17-гадовым веку ўпершыню згуляў у зборнай Чэхаславаччыны[7].
Клюбная
Пітсбург Пінгвінз (1990—2001)
Ягр стаў першым задрафтаваным клюбам НХЛ чэхаславацкім хакеістам, якому не давялося дзеля гэтага зьбягаць на Захад, паколькі ў гэты час Жалезная заслона ўжо развальвалася[8]. Таму пасьля свайго драфту Ярамір Ягр адразу пераехаў у Паўночную Амэрыку, дзе дапамог «Пінгвінам» двойчы запар заваяваць Кубак Стэнлі 1991 і 1992 рокаў. У 20-гадовым узросьце ён стаў адным з наймаладзейшых гульцоў у гісторыі НХЛ, якія закідалі шайбы ў фінале Кубку Стэнлі.
У сэзоне 1994—1995 Ягр атрымаў свой першы трафэй Арта Роса як найлепшы бамбардзір (32 шайбы + 38 перадачаў). У наступным року Ягр устанавіў рэкорд сярод эўрапейскіх гульцоў па колькасьці пунктаў (149, 62 + 87), непераўзыдзены дагэтуль. Паказьнікі па голах і пасах у 1995—96 застаюцца рэкорднымі сярод правых скрайніх нападнікаў. Пасьля пераходу Рона Фрэнсіса ў Караліну Гарыкейнз па сканчэньні сэзону 1997—1998 Ярамір Ягр стаў капітанам Пінгвінаў. Чатыры сэзоны запар (з 1997-98 да 2000-01) Ягр станавіўся найлепшым бамбардзірам НХЛ. У 1999 атрымаў мэмарыяльны трафэй Гарта як найкаштоўнейшы гулец, а таксама ўзнагароду Лэстэра Пірсана. Акрамя таго, зь ім зборная Чэхіі атрымала залатыя мэдалі Алімпіяды ў Нагана.
30 сьнежня 1999 у матчы зь «Нью-Ёрк Айлэндэрс» Ягр усталяваў свой асабісты рэкорд за гульню, закінуўшы 3 шайбы і аддаўшы 4 перадачы. Пазьней ён паўтарыў гэты вынік 11 студзеня 2003, гуляючы за «Вашынгтон» супраць «Флорыды Пантэрз».
Сэзон 2000-01 складаўся для Ягра няпроста, да таго ж яго крытыкавалі за ўплыў на галоўнага трэнэра Івана Глінку[9]. Каб дапамагчы клюбу і ў прыватнасьці свайму вучню, у склад Пінгвінаў нават вярнуўся Марыё Лем’ё, аднак паміж двума супэрзоркамі зьявілася напружаньне: Ягр быў капітанам, а большасьць фанаў лічылі Лем’ё талісманам каманды. Да таго ж бюджэт «Пінгвінаў» болей не дазваляў плаціць Ягру ранейшы заработак. 11 ліпеня 2001 Ярамір Ягр і Францішак Кучэра былі абмененыя ў «Вашынгтон Кэпіталз» на Крыча Біча, Міхала Сівэка і Роса Лупашчука.
Ярамір правёў за «Пітсбург» 806 гульняў, стаўшы другі «пінгвінам» пасьля Лем’ё, якія пераадолелі адзнаку 1000 набраных пунктаў. Па ўсіх атакуючых паказьніках «пінгвінаў», апроч перадачаў і агульных пунктаў[10], Ягр займае другое месца пасьля Лем’ё.
Вашынгтон Кэпіталз (2001—2004)
Новы клюб падпісаў зь Ярамірам Яграм найбуйнейшы на той час кантракт у гісторыі НХЛ — $77 мільёнаў на 7 гадоў зь сярэднім заробкам $11 мільёнаў за год і магчымасьцю працягу на восьмы год. Аднак Ягр не апраўдаў чаканьняў, і «Сталічнікі» ня здолелі адстаяць свой тытул у дывізіёне ды ня выйшлі ў плэй-оф—2002. Упершыню за час выступаў за «Вашынгтон» Ягр ня трапіў ані ў сьпіс найлепшых бамбардзіраў, ані ў пасьлясэзоньне, ані ў каманду ўсіх зорак. Улетку 2002 кампанію Ягру склаў былы партнэр па зьвяне Робэрт Ланг. У наступным сэзоне «Вашынгтон» стаў 6-м ва Ўсходняй канфэрэнцыі, аднак у першым коле плэй-офу саступіў «Тампе Бэй Лайтнінг».
Арганізацыйныя пралікі змусілі «сталічнікаў» пачаць распродаж сваіх дарагіх гульцоў, прычым ня толькі дзеля скарачэньня выдаткаў, аднак і як прызнаньне таго, што стаўка на высокааплатных вэтэранаў правалілася. Аднак цягам 2003 клюб ня здолеў абмяняць Ягра, паколькі ніякая каманда за год да падпісаньня новай дамовы пра калектыўныя дагаворы ў НХЛ не наважвалася плаціць гульцу $11 мільёнаў.
23 студзеня 2004 ён быў абменены ў «Нью-Ёрк Рэйнджарз» замест Энсана Картэра пры ўмове, што «Вашынгтон» штогод будзе аплочваць ад $4 да $4,5 мільёнаў заработку Ягра. Акрамя таго, Ярамір пагадзіўся на зьмяншэньне штогадовых выплатаў на 1 мільён пры ўмове, што яны будуць выплачаныя пазьней з адсоткамі[11].
Нью-Ёрк Рэйнджарз (2004—2008)
Аднак пасьля падпісаньня новае дамовы пра калектыўныя дагаворы Яграў заработак быў зьменшаны да $7,8 мільёнаў, паколькі гэткі максымум быў усталяваны дамовай.
Падчас працоўнага лякаўту 2004—2005 хакеіст гуляў за чэскі «Кладна» і расейскі «Авангард Омск». На чэмпіянаце сьвету 2005 року ў Аўстрыі Ярамір Ягр ізноў прывёў зборную Чэхіі да перамогі і стаў найлепшым гульцом чэмпіянату. Гэтая перамога дазволіла яму ўвайсьці ў прэстыжную «залатую хакейную тройку» гульцоў, якія выйгравалі Кубак Стэнлі, Чэмпіянат сьвету і Алімпійскія гульні.
«Нью-Ёрк Рэйнджарз», які дагэтуль 7 гадоў не трапляў у плэй-оф НХЛ, а перад сэзонам распрадаў дорагааплатных вэтэранаў, якія былі касьцяком складу, ды яшчэ пазбавіўся шматгадовага капітана Марка Мэсье, ацэньваўся спэцыялістамі найгоршым клюбам лігі. Ярамір Ягр з гэтым не пагадзіўся і на пачатку сэзону паказаў уражвальныя вынікі, стаўшыся чацьвертым гульцом у гісторыі НХЛ, якія забілі 10 і болей галоў у 10 гульнях з пачатку сэзону. Лідэрства Ягра дазволіла «Рэйнджарам» нарэшце трапіць у плэй-оф кубку Стэнлі, аднак праз траўмы Ягра й іншых хакеістаў клюб вылецеў у першым коле супраць адвечных супернікаў зь «Нью-Джэрзі Дэвілз».
2 сакавіка 2006 Ягр зарабіў свой 1400-ы пункт у гульні зь «Філядэльфіяй Флаерз». Гэта вывела яго на другое месца сярод усіх эўрапейскіх гульцоў у гісторыі НХЛ. Пазьней ён пераўзышоў Стэна Мікіту і стаў лідэрам усіх часоў.
18 сакавіка 2006 у матчы з «Таронта Мэйпл Ліфс» Ягр стаў шостым гульцом «Рэйнджарз», які пераўзышоў 100-пунктавы бар’ер і стаў у іхнім складзе першым правым нападнікам, які зарабіў 100 пунктаў за адзін сэзон.
27 сакавіка 2006 у матчы з «Бафала Сэйбрз» Ягр закінуў шайбу і аддаў перадачу, паўтарыўшы рэкорд сярод гульцоў «Рэйнджарз» па колькасьці закінутых шайбаў за сэзон, устаноўлены ў 1993—1994 роках Адамам Грэйвзам — 52 галы, — і рэкорд па колькасьці заробленых пунктаў за сэзон — 109 (Жан Ратэль, 1971—72). Праз два дні, 29 сакавіка 2006, Ярамір Ягр аддаў галявы пас у гульні зь «Нью-Ёрк Айлэндэрз» і абышоў Жана Ратэля, а 8 красавіка супраць «Бостан Бруінз» пераўзышоў і рэкорд па колькасьці шайбаў за сэзон[12].

Лідзіруючы ў лізе па колькасьці пунктаў і шайбаў у 2005—2006, Ягр у апошні тыдзень сэзону саступіў па абодвух паказьніках гульцам «Сан-Хасэ Шаркс» і фінішаваў з вынікам 123 пункты, 54 галы, 24 галы ў большасьці — другімі ў лізе. Акрамя таго, ён заняў трэція месцы па колькасьці перадачаў (69) і +/- (+34). Аднак у першым матчы плэй-оф Ярамір атрымаў траўму пляча, а клюб вылецеў у першым жа коле пасьля чатырох гульняў зь «Нью-Джэрзі». Гульцу давялося перанесьці апэрацыю на плячы[13].
Нягледзячы на тое, што Ярамір Ягр саступіў Джо Торнтану ў барацьбе за трафэі Арта Роса і Гарта, Ягр у трэці раз атрымаў узнагароду Лестэра Пірсана як выбітны гулец лігі і трапіў у сямёрку ўсіх зорак.
5 кастрычніка 2006, перад першай гульнёй наступнага сэзону, Ягр стаў 24-м капітанам «Нью-Ёрк Рэйнджарз», замяніўшы Марка Мэсье. У першы ж выхад на пляцоўку, праз 30 сэкундаў ад пачатку гульні, Ягр закінуў шайбу ў браму «Кэпіталз».
19 лістапада 2006 Ярамір закінуў сваю 600-ю шайбу ў НХЛ, стаўшыся 16-м такім гульцом у гісторыі лігі. Праз тры тыдні ягоны калега па зьвяне Брэндан Шэнаган паўтарыў гэты вынік, і яны ўвайшлі ў гісторыю першымі аднаклюбнікамі, хто дасягнулі 600-галявога паказьніку ў адным і тым жа сэзоне.
10 лютага 2007 супраць «Вашынгтон Кэпіталз» Ягр зарабіў галявую перадачу і дасягнуў адзнакі 1500 пунктаў за кар’еру. Толькі 12 гульцоў дасягалі гэтае адзнакі; акрамя таго, ён стаў сярод іх чацьвертым па хуткасьці дасягненьня пасьля Марсэля Дыёна, Марыё Лем’ё і Ўэйна Грэцкага.
5 красавіка ў матчы з «Манрэаль Канадыенз» Ягр закінуў сваю 30-ю шайбу ў сэзоне, адзначыўшы 15 сэзонаў запар з такім ці большым паказьнікам шайбаў. Дагэтуль такі рэкорд трымаў толькі Майк Гартнэр.
У чвэрцьфінале Ўсходняе канфэрэнцыі «Нью-Ёрк Рэйнджарз» на чале з капітанам выбілі з розыгрышу «Атланту Трэшэрз», аднак у паўфінале саступілі «Бафала Сэйбрз» пасьля шасьці гульняў.
14 лістапада 2007 зь Нью-Джэрзі Ягр закінуў 4-ю шайбу новага сэзону на стадыёне Prudential Center у Ньюарку, стаўшы такім чынам першым гульцом, які забіваў на 53 розных арэнах НХЛ.
Авангард Омск (2008—2011)
3 ліпеня 2008 Ягр, які ўпершыню ў кар’еры апынуўся вольным агентам, быў праінфармаваны генэральным мэнэджарам «Рэйнджараў» Гленам Сатэрам пра тое, што клюб надалей зьбіраецца абысьціся безь ягоных паслугаў. Ягр выказаў жаданьне скончыць кар’еру ў клюбе свайго бацькі, «Кладне»[14]. 4 ліпеня ён заключыў двухгадовую ўгоду з омскім «Авангардам» з Кантынэнтальнай хакейнай лігі[15]. 30 студзеня 2009 Ярамір стаў капітанам омскага клюбу.
Хоць гулец і выказваў жаданьне вярнуцца ў НХЛ, і нават называў клюб, у якім ён бы мог выступаць — «Эдмантан Ойлерз», — аднак па сканчэньні кантракту з «Авангардам» Ягр працягнуў яго на наступны сэзон[16].
Філядэльфія Флаерз (2011—2012)
1 ліпеня 2011 Ярамір Ягр вярнуўся ў Паўночную Амэрыку і заключыў аднагадовы кантракт на $3,3 мільёны зь «Філядэльфіяй Флаерз», заўзятым супернікам свайго першага клюбу[17]. У сваёй дэбютнай гульні 6 кастрычніка 2011 за новы клюб Ягр зарабіў 1600-ы пункт, аддаўшы галявы пас на Клёда Жыро. У зьвяне з Жыро і Скотам Гартнэлам Ягр уваходзіў у сьпіс найлепшых бамбардыраў на пачатку сэзону. 29 кастрычніка 2011 ён закінуў сваю 650-ю і 651-ю шайбу ў НХЛ[18]. Па выхадзе клюбу ў плэй-оф Ягр забіў толькі адну шайбу ў сэрыі зь «Пітсбургам», а пазьней «Філядэльфія» саступіла «Нью-Джэрзі Дэвілз».
Далас Старз (2012—2013)
3 ліпеня 2012 Ягр заключыў з «Далас Старз» гадавы кантракт, які па паведамленьнях абышоўся клюбу ў $4,5 мільёны. Упершыню ў кар’еры Ягр выступаў за клюб Заходняе канфэрэнцыі НХЛ.
У часе лякаўту сэзону 2012—2013 рокаў Ягр вяртаўся ў свой родны клюб «Рыцары Кладна», у якім закінуў 24 шайбы і аддаў 33 перадачы ў 34 гульнях, і на момант сыходу ў «Далас» займаў другое месца ў сьпісе бамбардзіраў Чэскай экстралігі. Дэбют у складзе «зорак» адбыўся па сканчэньні лякаўту, 19 студзеня 2013, і ён у гэтым матчы закінуў у браму «Фінікс Каётыз» дзьве шайбы і аддаў дзьве перадачы[19].
29 сакавіка 2013 у матчы супраць «Мінэсоты Ўайлд» Ягр перасягнуў адзнаку ў 1000 галявых перадачаў, стаўшы 12-м падобным гульцом і першым не-канадцам[20].
Бостан Бруінз (2013)
2 красавіка 2013 Ягр быў абменены ў «Бостан Бруінз» на двух гульцоў фарм-клюбу(en) і права выбару на драфце[21]. 4 красавіка ў дэбютным матчы ён забіў адзіны гол у браму «Нью-Джэрзі Дэвілз»[22]; пасьля сваёй другой шайбы ў складзе «Бруінз», першай у перамозе 3:0 над «Флорыдай Пантэрз» 21 красавіка 2013, Ягр зраўняўся па колькасьці пераможных шайбаў у матчах НХЛ з колішнім гульцом «Бруінзаў» Філам Эспазыта[23].
Выйшаўшы на лёд у першай гульні фіналу Кубку Стэнлі 2013 року, Ярамір Ягр усталяваў новы рэкорд па найдаўжэйшым перапынку паміж гульнямі ў фіналах — 21 год, пабіўшы папярэдні рэкорд у 19 гадоў, усталяваны Гэры Робэртсам у 2008[24]. Пасьля паразы ад «Чыкага Блэкгокс» «Бостан» паведаміў, што не зьбіраецца працягваць дачыненьні зь Яграм[25].
Нью-Джэрзі Дэвілз (2013—2015)
22 ліпеня 2013 Ягр падпісаў гадавы кантракт зь «Нью-Джэрзі Дэвілз», спадзеючыся ў новым клюбе замяніць Ільлю Кавальчука. Першы свой гол за «Нью-Джэрзі» забіў 7 кастрычніка 2013, у 23-ю гадавіну свайго першага голу ў НХЛ, які, што цікава, быў акурат у браму «Дэвілаў».
21 лістапада 2013 Ягр зраўняўся з Гордзі Гоўам па колькасьці пераможных шайбаў — 121, а па колькасьці закінутых агулам шайбаў (690) выйшаў на 9-е месца (разам з былым паплечнікам Марыё Лем’ё) сярод бамбардыраў усіх часоў[26]. 20 сьнежня 2013 ён закінуў 693-ю шайбу і пераўзышоў Стыва Айзэрмана[27], празь дзень зраўняўся з Маркам Мэсье з 694 шайбамі[28], а ў студзені 2014 року пераўзышоў і яго[29]. 1 сакавіка 2014 Ягр забіў 700-ы гол у НХЛ[30]. 8 красавіка 2014, перад сканчэньнем сэзону, Ягр быў названы найбольш каштоўным гульцом Нью-Джэрзі ў сэзоне. У апошняй гульні «д’яблаў» Ярамір Ягр зрабіў дзьве перадачы і такім чынам пераўзышоў Гордзі Гоў ў сьпісе найлепшых пасуючых НХЛ усіх часоў ды падзяліў шостае месца з Стывам Айзэрманам (1755 пунктаў)[31]. Па выніках сэзону Ягр стаў найлепшым бамбардырам у складзе клюбу ды ўпершыню пасьля сэзону 2007—2008 рокаў паказаў асабістыя лепшыя вынікі. Пасьля такога выступу «Нью-Джэрзі» вырашыў працягнуць зь ім кантракт на наступны сэзон[32].
У лістападзе 2014 року Ярамір Ягр стаў шостым бамбардырам у гісторыі НХЛ, закінуўшы 708-ю шайбу ў матчы з «Бостанам»[33]. 8 сьнежня ў сваім 1500-м матчы ў НХЛ Ягр абышоў Марсэля Дыёна па колькасьць пунктаў у НХЛ (1772) і заняў пятае месца[34]. 3 студзеня 2015 Ярамір Ягр закінуў тры шайбы ў браму «Філядэльфіі» ва ўзросьце 42 гады 322 дні, што зрабіла яго найстарэйшым гульцом у НХЛ, якія забівалі хет-трыкі[35].
Флёрыда Пантэрз (2015—2017)

26 лютага 2015 року «Д’яблы» абмянялі Ягра «Пантэрам» наўзамен на выбар у 2-м коле драфту-2015 і 3-м коле драфту-2016[36]. Першы матч за «Флёрыду» Ягр правёў 28 лютага, а ў наступным, 1 сакавіка, закінуў шайбу і зрабіў галявую перадачу[37]. 19 сакавіка Ягр закінуў 718-ы гол у кар’еры ў браму «Дэтройту», абышоўшы Філа Эспазіта на 5-м месцы бамбардыраў усіх часоў[38]. 9 красавіка ў пераможным матчы супраць «Бостану» (4:2) Ягр зарабіў дзьве галявыя перадачы, набраўшы 1800 пунктаў у НХЛ і чацьвёртае месца паводле колькасьці пунктаў, абышоўшы колішняга калегу па «Пінгвінах» Рона Фрэнсіса[39]. 11 красавіка, у апошнім матчы «Пантэраў» у рэгулярным сэзоне, Ягр аддаў пас Жанатану Юбэрдо і зарабіў 2000 пунктаў у НХЛ (разам з гульнямі плэй-оф), а ў трэцім пэрыядзе закінуў сваю 800-ю шайбу ў НХЛ (з улікам плэй-оф)[40]. 12 красавіка Ягр працягнуў кантракт з «Флёрыдай» яшчэ на адзін сэзон[41].
20 сьнежня 2015 року Ярамір Ягр падняўся на чацьвёртае месца ў сьпісе найлепшых бамбардыраў у гісторыі НХЛ, з 732 шайбамі абышоўшы Марсэля Дыёна[42]. 4 лютага 2016 Ягр стаў 6-м гульцом у НХЛ, які набраў 1100 галявых перадачаў за кар’еру. А 20 лютага ён забіў свой 742-і гол і абышоў Брэта Гала на трэцім месцы ў сьпісе найлепшых бамбардыраў[43].
7 сакавіка ягоная каманда саступіла ў овэртайме 4:5 «Мядзьведзям», а галявая перадача на Аляксандра Баркова вывела Ягра на адзінаасобнае трэцяе месца па колькасьці набраных пунктаў, на якім ён абышоў Гордзі Гоўа[44]. Выхад «Пантэраў» у плэй-оф дазволіў Ягру запісаць на свой конт яшчэ дзьве галявыя перадачы ў сэрыі з «Айлэндэрз», і ён стаў 5-м гульцом у гісторыі НХЛ, якія набралі ў плэй-оф 200 пунктаў[45]. Ягр стаў самым выніковым гульцом «Пантэраў» у сэзоне, набраўшы 66 пунктаў, і клюб вырашыў працягнуць кантракт зь ім яшчэ на адзін год[46].
20 кастрычніка 2016 року Ягр выйшаў на трэцяе месца ў гісторыі НХЛ, закінуўшы 750 шайбаў[47]; 22 сьнежня 2016 набраў 1888-ы кар’ерны пункт, абышоўшы па гэтым паказьніку Марка Мэсье і заняўшы другое месца[48], а 15 лютага 2017, на сваю 45-ю гадавіну, набраў 1900 пунктаў у НХЛ[49].
Калгары Флэймз (2017—2018)
4 кастрычніка 2017 Ягр заключыў гадавы кантракт з Калгары Флэймз[50]. Першую шайбу за свой першы канадзкі клюб 45-гадовы хакеіст закінуў 9 лістапада 2017 у матчы з Дэтройт Рэд Ўінгс. Аднак праз траўмы Ярамір Ягр згуляў толькі ў 22 матчах і набраў усяго 7 пунктаў.
29 студзеня 2018 «Калгары» адпусьціў хакеіста ў клюб 2-га чэскага дывізіёну «Кладна»[51][52].
Кладна (з 2018)
3 лютага 2018 року Ягр выйшаў на лёд упершыню пасьля траўмы, правёў на пляцоўцы 20 хвілінаў і зрабіў 3 галявыя перадачы[53].
Міжнародная
У зборнай Чэхіі хакеіст дэбютаваў у 1994 року, далучыўшыся да зборнай разам з Марцінам Стракам у разгары чэмпіянату сьвету. Аднак пакуль Ягр здолеў уліцца ў каманду, зборная Чэхіі саступіла свой чвэрцьфінальны матч. Таксама ён ня здолеў апраўдаць чаканьняў і на Кубку сьвету-1996, бо быў аслаблены грыпам. Каманда ў цэлым таксама выступіла нездавальняюча, саступіўшы 3:7 фінам, 0:3 — швэдам і нават слабейшым немцам — 1:7 — ды ня здолеўшы выйсьці ў плэй-оф.
Але ўсё гэта забылася, калі на Алімпіядзе ў Нагана зборная Чэхіі заваявала залатыя мэдалі. Гэтая перамога стала толькі трэцім залатым мэдалём чэхаславацкіх/чэскіх спартоўцаў на зімовых алімпіядах і таму дагэтуль цёпла згадваецца.
Ягр прапусьціў чэмпіянаты сьвету 1996, 1999, 2000 і 2001 року, на якім Чэхія заваявала золата. Ён выступаў на Чэмпіянаце сьвету 2004 року ў Празе, дзе гаспадары спадзяваліся на перамогу, выйгралі ўсе матчы ў групе, аднак саступілі ў чвэрцьфінале.
Нарэшце ў 2005 року Ярамір Ягр здолеў стаць чэмпіёнам сьвету са зборнай. Нягледзячы на пералом пальцу ў адной зь першых гульняў супраць Нямеччыны, ён працягнуў абараняць колеры нацыянальнай каманды Чэхіі з павязкаю.
Праз год на зімовай Алімпіядзе ў Турыне Ярамір зноў атрымаў траўму ў гульні супраць Фінляндыі: Ярка Руўту расьсёк яму брыво, аднак траўма апынулася не такою страшнай, як сьпярша здавалася, і хакеіст працягнуў гуляць з зашытай ранай. У гульні за трэцяе месца Ягр атрымаў пашкоджаньне цягліцы і ня здолеў завяршыць матч, але тым ня меней атрымаў бронзавы мэдаль. На наступнай Алімпіядзе Ярамір Ягр быў сьцяганосьцам Чэхіі; тут хакеісты зборнай занялі сёмае месца пасьля паразы ад Фінляндыі ў чвэрцьфінале.
На Алімпіядзе 2014 року ў Сочы Ягр забіў дзьве шайбы і аддаў адну перадачу ў пяці гульнях. Зборная Чэхіі ізноў вылецела ў чвэрцьфінале.
Пасьля паразы ад зборнай Швэцыі ў матчы за трэцяе месца на чэмпіянаце сьвету-2014 у Менску Ярамір Ягр абвясьціў пра сканчэньне выступаў за зборную, каб сканцэнтравацца на кар’еры ў клюбе «Нью-Джэрзі Дэвілз»[54]. Аднак пасьля выкліку ў зборную на Чэмпіянат сьвету-2015 у Чэхіі[55] хакеіст зьмяніў сваё рашэньне[56] і далучыўся да складу нацыянальнай каманды[57]. 1 траўня, закінуўшы сваю 50-ю шайбу за зборную ў прайграным Швэцыі матчы (5:6), Ягр стаў настарэйшым гульцом чэмпіянатаў сьвету, якія закідалі шайбы[58].
У чвэрцьфінальнай перамозе над Фінляндыяй Ягр закінуў дзьве шайбы (у тым ліку пераможную) і аддаў галявы пас[59]. Па выніках турніру, нягледзячы на паразу зборнай Чэхіі ў матчы за трэцяе месца, Ярамір Ягр быў прызнаны найкаштоўнейшым гульцом чэмпіянату[60].
Remove ads
Жыцьцяпіс
Цягам усёй сваёй кар’еры Ярамір носіць хакейную вопратку з нумарам 68 у гонар падзеяў у Чэхаславаччыне ў 1968 року і дзядулі, які памёр тады ж у турме.
Бацька хакеіста, таксама Ярамір, валодае сеткай гатэляў у Чэхіі.
Падчас міжсэзоньня Ярамір жыве ў Чэхіі, дзе з 2011 року валодае клюбам Кладна[61][62].
Ягр — праваслаўны хрысьціянін; у 2001 хрысьціўся ў праскага мітрапаліта[63].
Статыстыка
Рэгулярныя сэзоны і плэй-оф
Міжнародная
Рэкорды ў НХЛ
Зьвесткі паводле стану на 27 лютага 2017.
- Найбольшая колькасьць пераможных галоў — 135
- Найбольшая колькасьць пунктаў правага нападніка — 1902
- Найбольшая колькасьць галявых перадачаў правага нападніка — 1142
- Найбольшая колькасьць пунктаў за сэзон правага нападніка — 149
- Найбольшая колькасьць галявых перадачаў за сэзон правага нападніка — 87
- Найбольшая колькасьць пунктаў за сэзон эўрапейскага гульца — 149
- Найбольшая колькасьць галявых перадачаў за сэзон эўрапейскага гульца — 87
- Найбольшая колькасьць галоў эўрапейскага гульца — 760
- Найбольшая колькасьць галявых перадачаў эўрапейскага гульца — 1142
- Найбольшая колькасьць пунктаў эўрапейскага гульца — 1902
- Найбольшая колькасьць нічыйных галоў эўрапейскага гульца — 11 (разам з Тээму Сэлянэ)
- Найбольшая колькасьць кідкоў эўрапейскага гульца — 5554
- Найбольшая колькасьць пераможных галоў у плэй-оф эўрапейскага гульца — 16
- Найбольшая колькасьць сэзонаў запар з 30 і болей галамі (1991—2007) — 15 (разам з Майкам Гартнэрам)
- Найбольшая колькасьць сэзонаў запар з 70 і болей пунктамі — 15
- Найбольшы перапынак паміж выхадамі ў фінал Кубка Стэнлі — 21 год (1992—2013)
- Адзіны гулец, які выступаў у фіналах Кубка Стэнлі падлеткам і ва ўзросьце болей за 40 гадоў
- Найстарэйшы гулец, які зарабіў 60 пунктаў за сэзон.
- Найстарэйшы гулец, які забіў хет-трык (42 гады 322 дні).
Рэкорды «Пітсбург Пінгвінз»

- Найбольшая колькасьць пунктаў за сэзон правага нападніка — 149
- Найбольшая колькасьць галявых перадачаў за сэзон правага нападніка — 87
- Найбольшая колькасьць галявых перадачаў за сэзон эўрапейскага гульца — 87
- Найбольшая колькасьць галоў у большасьці за сэзон эўрапейскага гульца — 20
- Найбольшая колькасьць пераможных галоў за сэзон — 12
- Найбольшая колькасьць кідкоў за сэзон — 403
- Найбольшая колькасьць пунктаў правага нападніка — 1079
- Найбольшая колькасьць пунктаў эўрапейскага гульца — 1079
- Найбольшая колькасьць галоў правага нападніка — 439
- Найбольшая колькасьць галоў эўрапейскага гульца — 439
- Найбольшая колькасьць галявых перадачаў правага нападніка — 640
- Найбольшая колькасьць галявых перадачаў эўрапейскага гульца — 640
- Найбольшая колькасьць пераможных галоў у плэй-оф — 78
- Найбольшая колькасьць галоў у большасьці правага нападніка — 110
- Найбольшая колькасьць галоў у большасьці эўрапейскага гульца — 110
- Найбольшая колькасьць галоў у меншасьці эўрапейскага гульца — 9
- Найбольшая колькасьць галоў у авэртаймах — 9
- Найбольшая колькасьць нічыйных галоў — 10
- Найбольшая колькасьць кідкоў правага нападніка — 2911
- Найбольшая колькасьць кідкоў эўрапейскага гульца — 2911
- Найбольшая колькасьць галоў у плэй-оф правага нападніка — 65
- Найбольшая колькасьць галоў у плэй-оф эўрапейскага гульца — 65
- Найбольшая колькасьць пунктаў у плэй-оф правага нападніка — 147
- Найбольшая колькасьць пунктаў у плэй-оф эўрапейскага гульца — 147
- Найбольшая колькасьць галоў у плэй-оф у меншасьці правага нападніка — 2 (разам з Эдам Ольчыкам)
- Найбольшая колькасьць галоў у плэй-оф у меншасьці эўрапейскага гульца — 2
- Найбольшая колькасьць пераможных галоў у плэй-оф — 14
- Найбольшая колькасьць галоў у авэртайме плэй-оф — 4
- Найбольшая колькасьць кідкоў у плэй-оф — 461
- Найбольшая колькасьць галоў у плэй-оф у большасьці правага нападніка — 19
- Найбольшая колькасьць галоў у плэй-оф у большасьці эўрапейскага гульца — 19
Рэкорды «Нью-Ёрк Рэйнджарз»
- Найбольшая колькасьць галоў за сэзон — 54
- Найбольшая колькасьць пунктаў за сэзон — 123
- Найбольшая колькасьць галоў у большасьці за сэзон — 24
- Найбольшая колькасьць кідкоў за сэзон — 368
- Найбольшая колькасьць пераможных галоў за сэзон — 9 (разам з Маркам Мэсье і Донам Мэрдакам)
- Найбольшая колькасьць галявых перадачаў за сэзон правага нападніка — 69
Remove ads
Узнагароды
НХЛ
Чэхія
Міжнародныя

КХЛ
Іншыя
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads