Міхаіл Бабіч
дзяржаўны дзяяч і дыплямат Расеі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Міхаіл Віктаравіч Бабіч (па-расейску: Михаил Викторович Бабич, нар. 18 траўня 1969, м. Разань, РСФСР, СССР, цяпер Цэнтральная фэдэральная акруга, Расея) — дзяржаўны дзяяч і дыплямат Расеі.
Намесьнік кіраўніка Фэдэральнай службы вайскова-тэхнічнай супрацы ад 2021 году. Былы намесьнік міністра эканамічнага разьвіцьця Расеі (2019—2021). 6-ы амбасадар Расеі ў Беларусі (2018—2019). прадстаўнік прэзыдэнта Расеі ў Прыволскай фэдэральнай акрузе (2011—2018). Намесьнік старшыні камітэту па абароне Дзяржаўнай думы Расеі (2003—2011). Старшыня Ўраду Чачні (2002—2003). Генэрал-лейтэнант (2024) і кандыдат эканамічных навук (2002).
Remove ads
Жыцьцяпіс
У 1986 годзе паступіў у Разанскую вышэйшую вайсковую камандную вучэльню сувязі (РВВКВС), якую скончыў у 1990 годзе афіцэрам паводле спэцыяльнасьці «сувязь у паветрана-дэсантных войсках» (ПДВ). Перайшоў на вайсковую службу ў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі СССР[1]. У 1991—1992 гадох удзельнічаў у Прыднястроўскім канфлікце ў Малдове[2]. У 1992—1995 гадох браў удзел у баявых дзеяньнях на Паўночным Каўказе, дзе ў 1992—1993 гадох ішла Абхаска-грузінская вайна, а ў 1994—1996 гадох — Першая расейска-чачэнская вайна[1], на якой атрымаў мэдаль «За адвагу». Меў вайсковую годнасьць палкоўніка[2].
У 1995—1998 гадох працаваў кіраўніком гандлёвай карпарацыі «Антэй», якая прадавала вопратку. У 1998 годзе скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага інстытуту эканомікі, мэнэджмэнту і права (МІЭМП). У 1998—1999 гадох быў 1-м намесьнікам старшыні «Расмясамалгандлю», дзе загадваў пастаўкай паводле дзяржаўнага кантракту харчовай гуманітарнай дапамогі ад ЗША і Эўразьвязу на Паўночны Каўказ. Адначасна ўзначальваў прадпрыемства «Шуйскія сітцы». Ад 1999 году па студзень 2000 году быў 1-м намесьнікам кіраўніка «Фэдэральнага агенцтва рэгуляваньня харчовага рынку» пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня Расеі. У 2000 годзе скончыў Дзяржаўную акадэмію кіраваньня паводле спэцыяльнасьці «фінансавы мэнэджмэнт» і стаў 1-м намесьнікам старшыні Ўраду Маскоўскай вобласьці. У 2001 годзе заняў пасаду 1-га намесьніка кіраўніка адміністрацыі Іванаўскай вобласьці і яе прадстаўніцтва ў Маскве. У 2002 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю «Ўдасканаленьне працы кіраўніка прадпрыемства ў галіне прыняцьця рашэньняў па пэрсанале» і атрымаў навуковую ступеню кандыдата эканамічных навук[3].
У лістападзе 2002 году ўзначаліў урад Чачні. 8 лютага 2003 году паведаміў пра сваю адстаўку з пасады старшыні ўраду Чачні. Прычынай адстаўкі паслужыла нязгода з кіраўніком часовай адміністрацыі Чачні Ахматам Кадыравым наконт складу ўраду[4]. У 2003—2011 гадох быў дэпутатам Дзяржаўнай думы Расеі 4-га і 5-га скліканьняў ад Іванаўскай і Ўладзімерскай вобласьцяў адпаведна ў складзе фракцыі «Адзіная Расея»[2]. Займаў там пасаду старшыні Камітэту па абароне. У 2005 годзе скончыў факультэт перападрыхтоўкі і павышэньня кваліфікацыі Вайсковай акадэміі Генштабу Ўзброеных сілаў Расеі[3].

15 сьнежня 2011 году стаў паўнамоцным прадстаўніком прэзыдэнта Расеі ў Прыволскай фэдэральнай акрузе (Ніжні Ноўгарад)[1]. 29 сьнежня 2011 году расейскі прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў падпісаў Указ № 1709 аб адначасным прызначэньні Бабіча старшынёй Дзяржаўнай камісіі па хімічным раззбраеньні[5]. 12 студзеня 2012 году атрымаў чын дзейнага дзяржаўнага дарадцы 1-й клясы (што адпавядаў годнасьці генэрала арміі). 28 ліпеня 2016 году ўрад Расеі запытаў ва ўраду Ўкраіны папярэдні агрэман на прызначэньне Міхаіла Бабіча амбасадарам. 3 жніўня 2016 году намесьніца міністра замежных справаў Украіны Алена Зяркаль паведаміла пра адмову зацьвердзіць яго кандыдатуру[1]. Прычынай адмовы паслужыла яго сяброўства ў Радзе бясьпекі Расеі, у складзе якой падтрымаў рашэньне пра акупацыю Крыма ў 2014 годзе[3]. У лістападзе 2017 году ажыцьцявіў паездку ў Казань, пасьля чаго дамогся рэкамэндацыі Міністэрства адукацыі і навукі Расеі ўвесьці ў навучальны плян Татарстану і іншых рэспублік Паволжа «магчымасьць да 2-х навучальных гадзінаў на тыдзень вывучаць дзяржаўную мову рэспублікі» замест абавязковага яе выкладаньня раней нароўні з расейскай мовай[6].
Расейскі амбасадар у Беларусі
12 ліпеня 2018 году ўрад Расеі выслаў ураду Беларусі дакумэнты на атрыманьне папярэдняга агрэмана на прызначэньне Міхаіла Бабіча расейскім амбасадарам у Беларусі[7]. 20 ліпеня Камітэт па справах СНД, эўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыньнікамі Дзярждумы Расеі ўхваліў кандыдатуру Бабіча на пасаду амбасадара ў Беларусі[8]. 23 ліпеня яго кандыдатуру ўхваліў Камітэт па міжнародных справах Савету фэдэрацыі Расеі[9]. 3 жніўня 2018 году пасаду амбасадара вырашылі сумясьціць з пасадай спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта Расеі, што давала паўнамоцтвы ставіць задачы ведамствам Расеі і зьбіраць зь імі нарады[10].
24 жніўня 2018 году расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін падпісаў Указ № 495 аб прызначэньні Бабіча амбасадарам у Беларусі, а таксама ўказ аб яго прызначэньні спэцпрадстаўніком прэзыдэнта па разьвіцьці гандлёва-эканамічнай супрацы зь Беларусьсю[11]. Пры сустрэчы з новапрызначаным амбасадарам Пуцін назваў урад Беларусі «галоўным саюзьнікам» Расеі[12]. Кіраўнік экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг» Яўген Прэйгерман заўважыў: «Ягоную фігуру пачалі публічна абмяркоўваць яшчэ да таго, як беларускі бок пагадзіўся даць яму агрэман, то бок згоду на прызначэньне»[13].
9 верасьня 2018 году Бабіч прыбыў у Менск, дзе сустрэўся з супрацоўнікамі дзяржаўных арганізацыяў Расеі ў Беларусі. Ён стаў першым расейскім амбасадарам у Беларусі са статусам спэцпрадстаўніка прэзыдэнта і 3-м у гісторыі расейскай дыпляматыі пасьля 2-х амбасадараў ва Ўкраіне: Віктара Чарнамырдзіна (2001—2009) і Міхаіла Зурабава (2010—2016)[14]. 11 верасьня ўручыў копіі даверчых граматаў міністру замежных справаў Беларусі Ўладзімеру Макею[15]. 25 верасьня ўручыў даверчыя граматы прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку. Пры гэтым заявіў, што ў беларуска-расейскіх дачыненьнях «неабходныя навацыі, дынаміка з улікам тых рашэньняў, якія прынятыя ў тым ліку і ў Сочы» на сустрэчы беларускага і расейскага прэзыдэнтаў 22 жніўня[16]. 26 верасьня на 1-м брыфінгу паведаміў пра намер павелічыць пастаўкі прадукцыі ў 2019 годзе «на 10-15%» для патрэбаў беларускай нафтахіміі[17]. 29 верасьня дарадцам-пасланьнікам у Амбасадзе Расеі ў Беларусі стаў Аляксей Сухаў, які раней вёў працу сілавікоў у Паволскай фэдэральна акрузе Расеі. Таксама старэйшым дарадцам стаў былы памагаты Аляксандар Дзяменцьеў[18].
8 кастрычніка 2018 году сустрэўся з прэм’ер-міністрам Беларусі Сяргеем Румасам, якому паведаміў пра дадатковыя пасьля Сочы рашэньні прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі, якія мелі абнародаваць на іх сустрэчы 12 кастрычніка ў Магілёве[19]. 10 кастрычніка адбылася паўторная сустрэча з А. Лукашэнкам[20]. 18 кастрычніка ў Берасьці заявіў, што ўрад Расеі стварыў памежную зону, каб не дапусьціць пранікненьня зь Беларусі непажаданых замежнікаў, бо Лукашэнка падпісаў указ аб бязьвізавым прыезьдзе грамадзянаў з амаль 80 краінаў. Таксама ён удакладніў: «З 67 краінамі са сьпісу ў Расеі існуе візавы рэжым, таму ўведзеныя правілы, калі грамадзяне трэціх краінаў трапляюць празь міжнародныя пункты пропуску. Зараз у высокай стадыі знаходзіцца праект аб узаемным прызнаньні візаў і праходзіць працэдуры ўзгадненьняў і ў Расеі, і ў Беларусі»[21].
17 сьнежня 2018 году заявіў, што «даволі сумнеўна і эканамічна неабгрунтавана» з боку ўраду Беларусі патрабаваць пакрыцьцё ў 3 млрд даляраў за падатковы манэўр у Расеі, дзе падатак на вываз нафты вырашылі замяніць падаткам на нафтаздабычу. Таксама ён адзначыў немагчымасьць роўных умоваў гаспадараньня, бо ў Расеі «працуе складаная эканамічная мадэль перакрыжаванага субсыдыяваньня», дзякуючы якой газ для Смаленску каштуе 70 даляраў, што ніжэй за сабекошт. Пры гэтым ён прызнаў закрыцьцё доступу на расейскі рынак для 21-го завода Беларусі. Урэшце, Бабіч згадаў пра зьнікненьне патрэбы ў сумесным прадпрыемстве з удзелам Менскага і Камскага аўтазаводаў[22]. 17 студзеня 2019 году заявіў пра выгаду для Расеі ад пастаўкі нафты ў Беларусь зь іншых краінаў[23]:
![]() |
Што тычыцца альтэрнатывы, па якой пастаўленая задача прэзыдэнтам Беларусі, то адказ, магчыма, будзе нечаканым. Калі Беларусі ўдасца выканаць даручэньне свайго прэзыдэнта, то мы, безумоўна, будзем гэтаму толькі радыя. Радыя чаму? Калі нашы партнэры знойдуць нафту таннейшую за расейскую, яны больш заробяць — і мы ня можам гэтаму ня радавацца. Трэба разумець, што Расея зараз пастаўляе 18 млн т нафты з абнуленьнем мытаў. Сярэднегадавое мыта за 2018 год склала 128 даляраў. Разам выпадальныя прыбыткі РФ на пастаўлены аб'ём нафты за ўсё недзе 2,3 млрд даляраў. У лістападзе 2019 году завяршаецца мадэрнізацыя двух беларускіх заводаў, то бок зь 2020 году аб'ём для перапрацоўкі, на які трэба будзе паставіць нафту — 24 млн т. Калі гэта будзе расейская нафта, то выпадальныя прыбыткі бюджэту РФ узрастуць. Таму колькі нашыя партнэры знойдуць альтэрнатыўнай нафты на свае заводы, такі ж аб'ём мы зможам прадаць у трэція краіны, атрымаўшы дадатковыя падатковыя даходы ў бюджэт. | ![]() |
—Міхаіл Бабіч, Заява ў этэры тэлеканала «Расея 24» 17 студзеня 2019 г. |
23 студзеня 2019 году ў Гомлі заявіў наконт адкрыцьця цэнтраў беларускай культуры ў Расеі: «Калі такая ініцыятыва будзе зь беларускага боку, то яна будзе, безумоўна, падтрыманая ў Расеі. Калі такая ініцыятыва будзе з боку расейцаў ці беларусаў, якія жывуць у Расеі, яна таксама будзе падтрыманая»[24]. 29 студзеня пагадзіўся вылучыць 2 млн даляраў на дабудову мэмарыялу ахвярам Першай сусьветнай вайны ў Смаргоні[25]. 10 лютага 2019 году ўхвальна адгукнуўся наконт беларусізацыі на прыкладзе савецкага пэрыяду гісторыі Беларусі, калі актыўна разьвівалася беларуская мова і нацыянальная культура ды адзначыў: «Вывучэньне роднай мовы, роднай гісторыі, роднай культуры, традыцыяў свайго народа — гэта нават ня права, гэта абавязак любога народа, які ня хоча страціць самаідэнтычнасьць. І было б дзіўна якім-небудзь чынам абмяжоўваць у незалежнай і сувэрэннай дзяржаве гэтыя магчымасьці»[26]. 19 лютага ўручыў ордэн Сяброўства намесьніку начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі Паўлу Муравейку за ўмацаваньне вайсковай супрацы з Расеяй[27].
13 сакавіка 2019 году прыняў кіраўнікоў руху «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева і Тацьцяну Караткевіч[28]. 14 сакавіку заявіў, што «ня трэба вучыць Расею і яе ўрад, балазе, ахвочых у сьвеце і так хапае» ў адказ на называньне Лукашэнкам міністра сельскай гаспадаркі Расеі Аляксандра Ткачова «баронам», які не прапускаў беларускую прадукцыю праз свае карысьлівыя інтарэсы. Наконт заявы Лукашэнкі пра кітайскія пазыкі пад 2% гадавых супраць расейскіх пад 4,7% адзначыў абавязак закупаць кітайскія тавары за таньнейшыя пазыкі. Таксама цьвердзіў, быццам урад Расеі «ўсяляк спрыяе» дачыненьням Беларусі з Эўразьвязам, хоць Лукашэнка казаў, што «супраца Беларусі з Захадам выклікае нейкую алергію і часам гістэрыку» ў Расеі[29]. 15 сакавіка прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз у адказ заявіў пра «штучны, падтасаваны набор лічбаў, за якія рэгулярна хапаецца расейскі дыплямат». Глаз таксама падкрэсьліў: «Хацелася б парэкамэндаваць больш часу прысьвяціць таму, каб паглыбіцца ў спэцыфіку краіны знаходжаньня, пазнаёміцца зь яе гісторыяй і праявіць крыху павагі. Часам такі стыль працы дае значна большы вынік, чым апрабаваньне на сабе зусім нехарактэрнай для сур’ёзнай расейскай дыпляматычнай школы ролі адэпта „публічнай дыпляматыі“. На мой погляд, за кароткі час працы ў Беларусі ён проста не зразумеў розьніцы паміж фэдэральнай акругай і незалежнай дзяржавай»[30].
16 сакавіка ў Сеціве стварылі супольнае прашэньне аб высылцы Бабіча зь Беларусі як непажаданай асобы ў адпаведнасьці з Вэнскай канвэнцыяй 1961 году «Аб дыпляматычных адносінах», бо той «вядзе да падрыву сяброўскіх адносінаў» між Беларусьсю і Расеяй. За першы ж дзень прашэньне сабрала 58 подпісаў[31]. 18 сакавіка зладзіў прэс-нараду, прысьвечаную 5-годзьдзю расейскай анэксіі Крыма[32]. У выніку за 2 дні прашэньне аб высылцы Бабіча набрало звыш 800 подпісаў[33]. 25 сакавіка сустрэўся з кандыдатам эканамічных навук і былым кандадытам у прэзыдэнты Яраславам Раманчуком з нагоды выданьня на партале «Беларускі партызан» артыкула «Раманчук пра расейскае „мы вас кормім“: Гэта хлусьня»[34].
14 красавіка 2019 году старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ Зянон Пазьняк раскрытыкаваў тое, што «Шуневіч, які займае пасаду міністра ўнутраных справаў і апранае форму сталінскага НКУС, ідзе на прыём да расейскага пасла Бабіча». Таксама Зянон Пазьняк далучыўся да закліку выслаць расейскага амбасадара: «Бабіча, які ў статусе амбасадара займаецца антыбеларускай дзейнасьцю, пры нармальных умовах ужо сто разоў трэба было выслаць зь Беларусі як пэрсону „нон грата“»[35]. 19 красавіка прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз раскрытыкаваў заяву Бабіча наконт цьверджаньня Лукашэнкі пра зьніжэньне кошту Беларускай АЭС, быццам тое «ня мае пад сабой ні найменшых падставаў»: «На працягу доўгага часу шэраг зьнешніх сілаў беспасьпяхова спрабавалі разбурыць цесныя і сяброўскія адносіны двух братэрскіх народаў. Дык вось: тое, што не ўдалося гэтым зьнешнім сілам цягам некалькіх апошніх дзесяцігодзьдзяў, пасьпяхова і эфэктыўна ўдаецца спадару Бабічу літаральна за некалькі месяцаў»[36]. 20 красавіка Лукашэнка дадаў наконт цаны АЭС: «Пасол, напэўна, лічыць дрэнна ўмее. Гэта не Расея зьнізіла. Калі такое сказаў пасол, то ён шкодзіць сабе». Прэзыдэнт Беларусі ўдакладніў наконт дамовы аб будаўніцтве АЭС: «Я Ўладзімеру Ўладзімеравічу (Пуціну) казаў: вось, мы на 10 млрд дамаўляліся, а рэальная цана будзе, напэўна, меншай за 7 млрд. Ён мне адказвае: вось ты падарунак мне зрабіў, толькі нікому не кажы пра гэта, мы ж кантракты заключаем зь іншымі краінамі»[37].
25 красавіка афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава заявіла, што адкліканьне Бабіча зь Беларусі было ў паўнамоцтвах прэзыдэнта Расеі[38]. Да 30 красавіка прашэньне пра яго высылку з краіны набрало 2160 подпісаў[39]. На сустрэчы ў Пэкіне (Кітай) Лукашэнка папрасіў Пуціна адклікаць Бабіча[40]. 30 красавіка Пуцін зьняў Бабіча з пасады амбасадара ў Беларусі, якім прызначыў Дзьмітрыя Мезенцава без паўнамоцтваў спэцпрадстаўніка[41]. За 7 месяцаў амбасадарства Бабіч наведаў 14 гарадоў Беларусі. Наконт яго сустрэчаў кіраўнік Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі адзначыў: «Крэмль рыхтуецца да ўмяшаньня ва ўнутрыпалітычныя выбарчыя працэсы» Беларусі ў 2020 годзе[42].
3 траўня 2019 году ў Ташкенце (Узбэкістан) намесьнік міністра замежных справаў Расеі Рыгор Карасін назваў зьняцьцё Бабіча «казусам» (здарэньнем) у расейскай дыпляматычнай практыцы[43]. 10 траўня Бабіч пакінуў Менск[44]. 14 траўня ў Брусэлі (Бэльгія) беларускі міністар Ўладзімер Макей прызнаў, што ў Бабіча «не зусім і не заўсёды дыпляматычныя былі некаторыя дзеяньні»[45]. 24 траўня былы расейскі амбасадар у Беларусі Аляксандар Сурыкаў, які займаў пасаду 13 гадоў перад Бабічам, адзначыў пра свайго наступніка: «Ён так і не зразумеў, хто ў Беларусі галоўны.. Галоўны ў Беларусі — прэзыдэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. І гэта павінен разумець ня толькі расейскі, але і ўсе іншыя паслы»[46].
Пасьля ад’езду Бабіча ў Амбасадзе Расеі ў Беларусі засталося 15 ягоных прызначэнцаў. Да лістапада 2019 году ў Маскву ад’ехаў афіцэр Галоўнай управы Генштабу Расеі і генэрал-маёр паліцыі Аляксей Сухаў (нар. 1962, Чалябінск), які ў 1983—1987 гадох служыў камандзірам танкавага ўзводу і затым роты ў Беларускай вайсковай акрузе. Іншым прызначэнцам Бабіча быў 1-ы сакратар амбасады Андрэй Клінцэвіч (нар. 1981, Аліта), які кіраваў прадстаўніцтвам фонду «Рассупрацоўніцтва» ў Беларусі і вёў супрацу зь беларускімі кадэцкімі вучэльнямі. 31 сакавіка 2014 году ён атрымаў Ганаровую грамату прэзыдэнта Расеі за ўдзел у захопе Крыма разам са сваім бацькам палкоўнікам Францам Клінцэвічам (нар. 1957, Ашмянскі раён), які быў дэпутатам Дзяржаўнай думы Расеі ад Смаленскай вобласьці і займаў у ёй пасаду намесьніка старшыні Камітэту па абароне[47].
Ва ўрадзе Расеі
15 чэрвеня 2019 году старшыня ўраду Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў падпісаў Распараджэньне № 1300, якім прызначыў Бабіча намесьнікам міністра эканамічнага разьвіцьця Расеі. Адпаведны міністар Максім Арэшкін узначальваў расейскую частку Працоўнай групы ў пытаньнях інтэграцыі зь Беларусьсю ў межах Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі[48]. 30 верасьня 2019 году Мядзьведзеў падпісаў Распараджэньне № 2224 аб яго павышэньні да 1-га намесьніка міністра[49]. 7 лютага 2020 году ў Сочы (Краснадарскі край) Бабіч узяў удзел у беларуска-расейскіх перамовах у пашыраным складзе з удзелам прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі[50]. 20 студзеня 2021 году прэзыдэнт Уладзімер Пуцін падпісаў Указ № 38 аб яго прызначэньні намесьнікам кіраўніка Фэдэральнай службы вайскова-тэхнічнай супрацы, а 21 студзеня — Указ № 39 аб наданьні яму вайсковай годнасьці генэрал-маёра. 11 чэрвеня 2024 году Бабіч атрымаў годнасьць генэрал-лейтэнанта.
Remove ads
Сям’я
Быў жанаты і меў 4-х дзяцей. Сястра Ала Палякова (нар. 1970) была дэпутаткай Дзяржаўнай думы Расеі 8-га скліканьня з 2021 году ад партыі «Адзіная Расея», дзе займала пасаду намесьніцы старшыні Камітэту кантролю. Мела навуковую ступеню кандыдаткі тэхнічных навук[51].
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads