Радзін
былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Ра́дзін[1] — былая вёска ў Беларусі. Уваходзіў у склад Стралічаўскага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Знаходзіцца за 50 км на поўдзень ад места і чыгуначнай станцыі Хвойнікаў, каля аўтамабільнай дарогі Даўляды — Хвойнікі; на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку.
Remove ads
Гісторыя
Карона Каралеўства Польскага

Найранейшая зь вядомых на сёньня згадка пра вёску ўзыходзіць да другой паловы XVI ст.[a] З падатковага рэестру Кіеўскай зямлі (ваяводзтва), складзеным 21 чэрвеня 1581 году каралеўскім слугой і паборцам панам Мацеем Язерскім, вынікае, што Радзін належаў да Чарнобыльскага маёнтку смаленскага ваяводы пана Філона Кміты. Зь яго 3 дымоў асадных сялянаў выплачвалася па 15 грошаў [3].

10 траўня 1613 году пані Зофія Кміцянка, жонка Лукаша Сапегі, саступіла Кіева-Пячэрскаму манастыру вёску Радзін, блізкую да прыналежных яму Аравічаў, за частку вёскі Валкоўшчына альбо Дзямідавічы над ракой Славечнай. 20 жніўня 1624 году архімандрыт манастыра Елісей Плетэнецкі з чарняцамі судзіліся з панам Мікалаем Стэцкім, войтам кіеўскім, за наезд яго жарновіцкіх падданых на царкоўны грунт Таўшын[b] (Tauszyn), зьбіцьцё радзінскага селяніна і ўчыненьне розных гвалтаў[4]. Згодна з тарыфам падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1628 года, з 7 дымоў сяла Радзіна архімандрыта Пятра Магілы і капітулы, ад пана Лукаша Сапегі набытага, скарб мусіў атрымаць па 3 злотыя. У люстрацыі падымнага на 1683 год названая Слабада Радзінская паноў Стэцкіх з двума дымамі[5]. Згаданы Радзін у рэестры рэвізіі 1686 году палескіх вёсак Кіеўскай мітраполіі і Кіева-Пячэрскай архімандрыі пры прыняцьці іх ад пана Журакоўскага, войскага галіцкага[6].


16 сакавіка 1706 году епіскап львоўскі і галіцкі Іосіф Шумлянскі за 6 300 злотых перадаў у трохгадовую арэнду братавай удаве Аляксандры Шумлянскай Беласароцкі ключ, у складзе якога і вёска Радзін. 22 жніўня 1707 г. датаваная позва ў суд князя Дамініка Шуйскага і адміністратара Зыгмунта Шукшты па скарзе на іх оўруцкага гродзкага і каптуровага судзьдзі А. Трацьцяка аб спаленьні ў яго вёсцы Радзін сена краснасельскімі падданымі кн. Шуйскага[7]. 28 днём лістапада 1714 году датаваны кантракт, падпісаны ў Даўлядах паміж мітрапалітам кіеўскім Львом Кішкам і пісарам земскім мазырскім Тэафілам Лянкевічам-Іпагорскім на трохгадовую арэнду Беласароцкага ключа (у тым ліку Радзіна) за 510 бітых талераў. 2 жніўня 1717 году мітрапаліт Леў Кішка аддаў Беласароцкі ключ з Радзінам і Аравічамі ў арэнду на тры гады харунжаму кіеўскаму Казімеру Стэцкаму за сымбалічныя 170 злотых. У выпісцы з гродзкіх кніг Кіеўскага ваяводзтва ад 23 сакавіка 1720 году засьведчана, што калі сяляне кіеўскага харунжага, старосты жытомірскага і ўладзімерскага, палкоўніка Казімера Стэцкага ехалі па дарозе з Баршчоўкі да Радзіна, каля балота Тужар іх сустрэў кіеўскі падчашы Крыштаф Маржэцкі і моцна скалечыў зброяй некалькі чалавек. 12 сакавіка 1728 году пазначаны запіс у кнізе Оўруцкага гродзкага суда аб уводзе ў валоданьне Беласароцкім ключом наміната і адміністратара Кіеўскай мітраполіі епіскапа Атанаса Шаптыцкага[8].

На 1734 год Радзін у складзе Беласароцкага ключа, як і раней, належаў Кіеўскай мітраполіі[9]. Згодна зь земскай кнігай Кіеўскага ваяводзтва, 23 студзеня 1747 году ў валоданьне маёнткамі Кіеўскай мітраполіі і Кіева-Пячэрскай архімандрыі, у тым ліку Беласароцкім ключом з Радзінам і Аравічамі, уведзены новы адміністратар архіепіскап Флярыян Грэбніцкі[10].

У 1754 годзе з 32 двароў[c] (×6 — прыкладна 192 жыхары) вёскі Radyn выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замку) 5 злотых, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 20 зл.[11]
Габрэйскія перапісы 1765 і 1778 гадоў засьведчылі пражываньне ў Радзіне адпаведна 3 і 4 плацельшчыкаў пагалоўшчыны (głow), што належалі да Чарнобыльскага кагалу, а ў 1784 годзе — хрысьціяніна, які пагалоўшчыну не плаціў[12].
14-21 кастрычніка 1780 году возны генэрал ваяводзтва Кіеўскага «i innych» Базыль Валынец увёў у валоданьне маёнткамі, у тым ліку Радзінам у складзе Беласароцкага ключа, новага кіеўскага мітрапаліта і адміністратара Кіева-Пячэрскай архімандрыі Ясона Смагаржэўскага. У канцы дакумэнту возны, ня ўмеючы пісаць, добрасумленна «znak krzyża świętego położył»[13].
Расейская імпэрыя
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Радзін апынуўся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 годзе ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[14]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, вядома, што вёска Радзін была ўласнасьцю Кіеўскай мітраполіі ў асобе яе галавы Феадосія Растоцкага[15].
Паводле энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі», у 1834 г. у Радзіне налічвалася 42 двары; належаў ён пану Аляксандру, сыну Ігнацыя, Горвату[2].

У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 250 жыхароў вёскі Радзін абодвух полаў былі прыхаджанамі Параскевіцкай царквы ў Масанах[16].
У парэформавы пэрыяд вёска належала да Дзёрнавіцкай воласьці. На 1864 год жыхары Радзіна заставаліся ў прыходзе Масаноўскай царквы. Згадваецца таксама прыпісная Мікалаеўская царква[17]. У пачатку 1870 года ў Радзіне — 110 мужчынскіх душ зь ліку сялян-уласьнікаў, прыпісаных да аднайменнага сельскага таварыства[18]. У сьпісе прыходаў і прычтаў Менскай епархіі на 1876 год сярод паселішчаў, прыналежных да прыходу Баршчоўскай Праабражэнскай царквы, названы і Радзін[d][19]. Так і ў «Описании церквей и приходов Минской епархии» 1879 году[20]. У 1886 годзе ў вёсцы 30 двароў, 270 жыхароў, царква[21]. На 1889 год жонка калежскага саветніка Юлія Паўлава Аноева валодала ў Радзіне маёнткам у 3015 дзесяцін угодзьдзяў[22].
Згодна зь перапісам 1897 году, у вёсцы налічвалася 68 двароў, 457 жыхароў, дзейнічалі капліца і хлебазапасны магазын. Побач – аднайменны фальварак. У пачатку XX ст. зь вёскі Фізінкі (сучасная Нараўляншчына) ў Радзін перасяліліся 15 сем'яў латышоў[2]. На 1909 год у Радзіне было 96 двароў і 603 жыхары, у Новым Радзіне – 87 двароў, 501 жыхар[23]. У 1913 (так і ў 1911) годзе маёнткамі ў 100 дзесяцін кожны валодалі ў Новым Радзіне Рыгор і Максім Язерскія[24].
Найноўшы час
9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямецкая імпэрыя перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана была часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Радзін, аднак, апынуўся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[25].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічнымі беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. З пачатку 1920 гадоў у Новым Радзіне дзейнічала школа.

Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 года Радзін — цэнтар сельсавету ў Камарынскім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 году ў складзе Гомельскай акругі. 30 сьнежня 1927 года сельсавет узбуйнены, у яго склад увайшла тэрыторыя скасаванага Малочкаўскага сельсавету. У 1930 годзе арганізаваныя калгасы імя С. Будзённага ў Старым Радзіне і «Новая праца» ў Новым Радзіне, працавалі 2 кузьні, ваўначоска, ветраны і паравы млыны[2]. З 20 лютага 1938 года вёска — у складзе Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Радзіне было 187 двароў, 662 жыхары. У траўні 1943 году акупанты спалілі ўсё паселішча і загубілі 37 жыхароў[26]. 73 вяскоўцы загінулі на франтах.
З 8 студзеня 1954 году Радзін — у Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 году ў Новым Радзіне было 37, у Старым Радзіне — 409 жыхароў. Цэнтр калгасу «Новае жыцьцё». Працавалі камбінат бытавога абслугоўваньня, лесапільня, млын, сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, адзьдзяленьне сувязі, крама[2].
Remove ads
Забудова
Плян Радзіна складаецца з доўгай крывалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад і забудаванай з двух бакоў драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу[27].
Асобы
- Раіса Казлова (нар. 1937) — беларускі мовазнавец, спэцыяліст у галіне беларускага, паўднёва- і заходнеславянскага мовазнаўства. Доктар філялягічных навук, прафэсар.
Заўвагі
- Не з XIX ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[2].
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads