Жлобін

горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Жлобінmap
Remove ads

Жло́бін[4] (трансліт.: Žlobin) — горад раённага падпарадкавання ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр раёна. Трэці па колькасці насельніцтва горад у вобласці (пасля Гомеля і Мазыра). Размешчаны на раўніне Гомельскае Палессе, за 93 км ад Гомеля, 215 км ад Мінска. Прыстань на Дняпры. Буйны чыгуначны вузел (кірункі на Мінск, Магілёў, Гомель, Калінкавічы); аўтадарогі на Бабруйск, Гомель, Рагачоў, Светлагорск. Насельніцтва 76 068 чал. (2017)[5].

Хуткія факты Краіна, Вобласць ...
Remove ads

Назва

У беларускай антрапаніміі вядомыя прозвішчы Жлоба, Жлобіч[6]. З прозвішчам Жлоба звязваў назву Жлобіна географ В. Жучкевіч[7].

З іншага боку, ёсць гідронім Жлобін, так называецца возера каля Баранавічаў (цяпер у складзе горада).

Паходжанне назвы

Пытанне пра паходжанне назвы «Жлобін» мае некалькі версій, у тым ліку адкінутыя, легендарныя, тапанімічныя і лінгвістычныя.

Хлепень

Доўгі час у літаратуры сцвярджалася, што старая назва Жлобіна — «Хлепень», нібыта згаданая ў 1492 годзе ў сувязі з канфліктам паміж Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай. Аднак сучасныя даследаванні паказалі, што гаворка ішла пра іншае паселішча — вёску Хлепень каля Сычова ў сучаснай Смаленскай вобласці Расіі. Атаясамленне Хлепеня і Жлобіна прызнана памылковым[8].

Патранімічная і народна-легендарная

Паводле народнай легенды, назва Жлобін паходзіць ад імя легендарнага заснавальніка Злобіна — ваяра, які нібыта выратаваў людзей ад цмока. Паселішча было названа ў ягоны гонар, а з часам назва змянілася на «Жлобін». Версія падмацоўваецца мясцовымі паданнямі і тыповай практыкай утварэння назваў ад імёнаў першапасяленцаў[8].

Легенда пра цмока

Яшчэ адна легенда сцвярджае, што ў балотах каля сучаснага Жлобіна жыў дванаццацігаловы цмок, які патрабаваў даніну людзьмі. Малады асілак Пятрок забіў цмока, але загінуў у баі. На месцы яго пахавання паставілі крыж, а пазней быў заснаваны замак Злобін. Назву нібыта далі ад слова «злоба» або ад крыку плытагонаў «Злоообін!» у небяспечным месцы на павароце Дняпра[8].

Тапанімічная

Назва можа паходзіць ад мясцовых геаграфічных умоў — узгоркаў над Дняпром, на якіх не даставала паводкавая вада. У гэтым выпадку «злобак», «злобень» азначалі ўзвышша, сухое месца ў забалочанай мясцовасці. Версія падтрымліваецца шэрагам беларускіх тапанімістаў, уключаючы Ю. Татарынава[8].

Балцкая

Паводле В. Жучкевіча і літоўскага мовазнаўцы А. Ванагаса, назва можа мець балцкае паходжанне. У літоўскай і старапрускай мовах сустракаюцца словы *globys*, *globe*, што азначаюць «рака», «возера», «ахопліваць», і паходзяць ад агульнага індаеўрапейскага кораня *gleb(h)-* — «сціскаць». Назва «Жлобін» магла абазначаць «звілістая рака» ці «акружанае вадой месца»[8].

Іншыя версіі

Разглядаецца таксама магчымасць паходжання ад фіна-угорскіх або іранскіх кораняў, звязаных са значэннямі «вільготнае месца», «талая вада» ці «рака» (камскі, таджыцкі, персідскі адпаведнікі). У такім выпадку «Жлобін» мог значыць «паселішча на вільготным месцы»[8].

Remove ads

Геральдыка

Афіцыйны герб Жлобіна — сярэбраная ладдзя з разгорнутым ветразем на блакітным полі іспанскага шчыта. Зацверджаны 25 студзеня 2002 года рашэннем гарвыканкама № 962 і ўнесены ў Гербавы матрыкул Рэспублікі Беларусь пад № 80[9][10].

Выява ладдзі адсылае да значэння Дняпра як гандлёвага і культурнага шляху, які спрыяў фармаванню Жлобіна. Сімвалізуе падарожжа і накіраванасць у будучыню.

Падчас публічнага абмеркавання герба разглядаліся і іншыя варыянты, у тым ліку — грыфон з мячом як сімвал рода Хадкевічаў[11]. Аднак перамог праект з ладдзёй, падтрыманы большасцю ўдзельнікаў конкурсу.

Гісторыя

Старажытнасць

Вынікі археалагічных даследаванняў паказваюць, што першыя пасяленні людзей на тэрыторыі сучаснага горада ўзніклі ў першабытнаабшчынны час, задоўга да заснавання Жлобіна. На ўзбярэжжы Дняпра ў межах горада знойдзены рэшткі паселішча перыяду бронзавага веку (II — пачатак I тысячагоддзя да н.э.). На тэрыторыі гарадскога парку культуры і адпачынку «Прыдняпроўскі» выяўлены сляды пасялення перыяду жалезнага веку[12], якое існавала ў канцы I тысячагоддзя да н. э. — пачатку I тыс. н.э.[13].

У Рэчы Паспалітай

Падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў казацкі гетман Іван Залатарэнка, які ваяваў на баку Маскоўскай дзяржавы, у сваім лісце ад 15 ліпеня 1654 года паведаміў, што яго войскі спалілі «замак Злобін» (разам з замкамі Рэчыца, Стрэшын, Рагачоў і Горваль). Больш позніх звестак пра гэты замак не маецца[14].

Паводле археалагічных даных, Жлобінскі замак існаваў у XV—XVII стагоддзях ля ўпадання ручая Чорначка ў раку Дняпро, побач з сучасным гарадскім паркам «Прыдняпроўскі». Абарончыя ўмацаванні складаліся з 2-х частак: замка і падзамка. Пляцоўка замка ўзвышаецца над нізінай на 3—4 м (цяпер тут знаходзіцца сучасны будынак — спартыўная школа). Пляцоўка падзамка, якая выцягнута з поўначы на поўдзень, узвышаецца над нізінай на 2 — 3 м (стадыён спартыўнай школы). Побач знаходзіцца і першапачатковае неўмацаванае сярэдневяковае селішча[15]. На ім размясціўся парк «Прыдняпроўскі»[16]. Пры археалагічных абследаваннях знойдзены матэрыял XIV—XVIII стагоддзяў[13].

Thumb
Герб Хадкевічаў.

У XV—XVI стагоддзях гэта мясцовасць знаходзілася ва ўладаннях Хадкевічаў, у Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага (якое 1 ліпеня 1569 года аб’ядналася з Польскім Каралеўствам у Рэч Паспалітую).

У публікацыях сустракаецца меркаванне аб тым, што першая пісьмовая згадка аб Жлобіне пад назвай Хлепень адносіцца да 1492 года, але гэта памылка[17]. Імаверна, яна ўзнікла ў выніку таго, што з беларускім горадам Рагачоў (паблізу Жлобіна) блыталі сяло, якое ў XV стагоддзі знаходзілася на сумежжы Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы — Рагачова[ru] (у сучасным Дмітраўскім раёне Маскоўскай вобласці), а непадалёк ад яго ёсць в. Хляпень (Сычоўскі раён Смаленскай вобласці)[18]. Дакументаў пра тое, што ў Жлобіна была назва Хлепень, няма.

З 1509 года ў складзе Рагачоўскай воласці, ва ўладанні каралевы Боны Сфорцы, з 1556 года ў складзе скарбовага Рагачоўскага маёнтка. З 1563 года ва ўладанні полацкага шляхціца[19].

У 1790 годзе кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі выдаў прывілей на штотыднёвыя таргі і 4 гадавыя кірмашы ў Жлобіне, які тады належаў І. Халецкаму. Былі прыстань і паромная пераправа, вялося будаўніцтва рачных суднаў. З 1792 года дзейнічала Крыжаўздвіжанская царква.

У Расійскай імперыі

З 1793 года, пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, Жлобін у Расійскай імперыі, мястэчка Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. Падчас вайны паміж Францыяй і Расіяй 1812 года французскія войскі 20 ліпеня 1812 года занялі Жлобін, але ў хуткім часе адступілі. Паводле рэвізіі 1816 года ў Жлобіне 189 двароў.

З 1818 года Жлобін стаў мястэчкам. Паводле інвентару 1847 года меў 965 жыхароў. У 1860 годзе меліся царква, паштовая станцыя (24 камплекты коней), прыстань і пераправа.

У 1863 годзе шляхта Жлобіншчыны далучылася да паўстання 1863–1864 гадоў у Польшчы, Літве і Беларусі супраць уладаў Расійскай імперыі. Гл. таксама: Паўстанне 1863–1864 гадоў на тэрыторыі Рагачоўскага павета

У 1863 годзе замест састарэлага ўзведзены новы будынак царквы, дзейнічалі народнае вучылішча (у 1864 годзе 15 вучняў, у 1889 годзе 92 вучні), хлебазапасны магазін. З 1876 года працаваў дрожджавы завод, з 1868 года — крупарушка. Праз мястэчка праходзіла дарога з Магілёва на поўдзень Беларусі.

16 лістапада 1873 года была адкрыта чыгунка Асіповічы — Гомель і чыгуначная станцыя Жлобін 2-га класа. За 1 км на захад ад мястэчка было збудавана паравознае дэпо, вагонныя майстэрні, памяшканні для пасажыраў. Пазней быў узведзены аднапавярховы драўляны вакзал.

13 мая 1880 года ў пажары згарэла 159 дамоў, царква, усе 5 яўрэйскіх малітоўных дамоў, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, 65 лавак і складоў з таварамі. Адбудоўвалася мястэчка паводле новага плана. У 1880 годзе 164 двары, 430 жыхароў, 6 лавак, цукровы завод. 16 мая 1889 года ў пажары згарэла 89 дамоў з надворнымі пабудовамі.

Паводле перапісу 1897 года ў в. Карпілаўка, якая пазней увайшла ў склад Жлобіна — 301 двор, 1307 жыхароў, капліца, яўрэйскі малітоўны дом, хлебазапасны магазін, чыгуначнае вучылішча, 8 крупарушак, 4 пастаялыя двары, 2 карчмы. Паблізу размяшчаўся казённы завод для прэсавання сена, якое накіроўвалася ў ваенныя акругі.

24 снежня 1902 года адкрыта чыгунка Віцебск — Жлобін, 2 лістапада 1915 года — чыгунка Жлобін — Калінкавічы. Пашыраўся гандаль, асабліва хлебам, лёнам, пянькой. Працавалі 2 вінакурні. З 22 снежня 1905 года да 2 студзеня 1906 года адбывалася забастоўка чыгуначнікаў. З 1908 года дзейнічала пазыкова-ашчадная каса. Мелася паштовае аддзяленне.

У 1909 годзе ў Жлобіне, які адносіўся да Лукаўскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, налічвалася 486 гаспадарак, 4270 жыхароў, 613 драўляных і 4 мураваныя будынкі. 27 красавіка 1910 года жыхары на беразе Дняпра сустракалі мошчы прападобнай Ефрасінні, якія на параходзе «Галавачоў» перавозіліся з Кіева ў Полацк. У 1911 годзе адкрыта прыватная гімназія з бібліятэкай пры ёй, у 1913 годзе — крэдытнае таварыства. У 1915 годзе на чыгуначнай станцыі адбылося хваляванне салдат, меліся сутыкненні з паліцыяй.

1917 - 1941

У час рэвалюцыйных падзей 1917 года Часовы ўрад Расіі вырашыў выкарыстаць для барацьбы з рэвалюцыйнымі выступленнямі рабочых польскія часці Ю. Доўбар-Мусніцкага. Корпус польскіх легіянераў знаходзіўся ў раёне Жлобіна. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Ю. Доўбар-Мусніцкі заявіў аб сваім нейтралітэце ў адносінах да савецкай улады, аднак у 12 студзеня 1918 года ён аб’явіў вайну Савецкай Расіі. Каля станцыі Жлобін упарты бой, аж да рукапашных стычак, працягваўся 6, а гарматны агонь — 30 гадзін; атрымаўшы перамогу ў гэтым баі, чырвонаармейскія атрады ўвайшлі ў Жлобін.

З 2 сакавіка да лістапада 1918 года акупаваны нямецкімі войскамі. Немцы пратрымаліся ў Жлобіне да 24 лістада 1918 года. 25 сакавіка 1918 года абвешчана аб прыналежнасці тэрыторыі да Беларускай Народнай Рэспублікі. 24 лістапада 1918 года ўладу ўзялі бальшавікі. З 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Жлобін увайшоў у склад Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня ЦК РКП(б) пастанавіў уключыць яго ў састаў Расійскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі. У 1919 годзе Жлобін становіцца цэнтрам воласці. Да восені 1920 года пабудавана электрастанцыя магутнасцю 35 конскіх сіл. 9 мая 1923 года створана Жлобінская воласць.

У сакавіку 1924 года Рагачоўскі павет, у т. л. Жлобін, вернуты Беларускай ССР. З 17 ліпеня 1924 года Жлобін — адміністрацыйны цэнтр Жлобінскага раёна (да 26 ліпеня 1930 года ў Бабруйскай акрузе). У 1924 годзе на паўночнай ускраіне мястэчка заснавана метэастанцыя, працавала ветэрынарная лячэбніца. З 3 ліпеня 1925 года — горад.

У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны Жлобін». У 1927—1929 гадах пабудавана чыгуначная сярэдняя школа, у 1933 годзе — будынак сярэдняй школы № 2 (цяпер № 5). У 1934 годзе працавалі шпаларэзны завод, электрастанцыя, рамонтна-вагонны ўчастак, машынна-трактарная станцыя (з 1932 года) і майстэрня, дрэваапрацоўчы камбінат (145 рабочых), нафтавы млын і крупарушка, цагельня (56 рабочых), металаапрацоўчая, камвольная, кравецкая, абутковая майстэрні, мэблевая фабрыка, маслазавод, друкарня, кузня. З 5 чэрвеня 1931 года выдавалася раённая газета, а затым чыгуначная шматтыражная газета «Ударнік». У 1937 годзе ўзведзены будынак для яшчэ адной сярэдняй школы, у 1940 годзе — новы будынак для чыгуначнай школы. У 1938—1939 гадах на станцыі Жлобін-Паўночны пабудаваны новы будынак дэпо.

З 20 лютага 1938 года Жлобінскі раён — у Гомельскай вобласці. З 27 лістапада 1938 года Жлобін — горад раённага падпарадкавання.

У 1930-х гадах Жлобінскі раён моцна пацярпеў ад масавых савецкіх рэпрэсій. У кантэксце прымусовай калектывізацыі ўлады высялялі заможных сялян, канфіскоўвалі маёмасць, абвінавачвалі людзей у «контррэвалюцыйнай» дзейнасці[20]. У 1931 годзе з раёна было гвалтоўна пераселена 158 сямей (734 чалавекі) на Урал[20], а ў 1933 годзе каля 50 двароў вывезлі ў Адэскую вобласць у складзе 4 500 гаспадарак з БССР[20]. Да сакавіка 1936 года колькасць перасяленых з БССР складала 1779 чалавек пры плане 2000[20].

У кнізе «Памяць» названыя імёны каля 250 чалавек са Жлобіншчыны, асуджаных або рэпрэсаваных як «шпіёны» ці «ворагі народа». Фіксаваліся выпадкі супраціву: падпалы калгасаў, адмова ад галасавання за Сталіна, агітацыя за іншых кандыдатаў[21]. Мелі месца масавыя арышт і дэпартацыі сярэднякоў і нават беднякоў[22].

Больш падрабязна: «Савецкія рэпрэсіі ў Жлобінскім раёне».

1941 - 1945

Ужо 27 чэрвеня 1941 года, праз пяць дзён пасля пачатку вайны, Люфтвафэ нанеслі бомбавы ўдар па Жлобінскім чыгуначным вузле[23]. У гэты ж дзень быў сфармаваны Жлобінскі знішчальны батальён з больш як 100 чалавек — супрацоўнікаў НКУС, партыйных, савецкіх і камсамольскіх актывістаў. Ён узначальваўся А. Міронавым, А. Ярашавым і М. Шапірам. Батальён удзельнічаў у баях і эвакуацыі[24].

4 ліпеня 1941 года нямецкія войскі захапілі Жлобін. Савецкія войскі 6 ліпеня 1941 года адбілі горад, але пад націскам намнога большых сіл праціўніка адступілі за Дняпро.

З 13 ліпеня па 17 жніўня 1941 года войскі 63-га стралковага корпуса пад камандаваннем Л. Пятроўскага правялі Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю, занялі Жлобін і пратрымалі яго да сярэдзіны жніўня. Гэта быў першы контрудар Чырвонай Арміі на фронце[25].

Падчас акупацыі (Жлобінскі гета існавала з верасня 1941 па красавік 1942) было забіта не менш за 2000 яўрэяў[26]. Усяго акупанты загубілі 2500 жыхароў Жлобіна, Стрэшына і іншых населеных пунктаў (пахаваны ў магіле ахвяр фашызму за 9 км на поўдзень ад горада).

З восені 1941 года пачалі дзейнічаць першыя падпольныя групы на чале з Цітам Мінянковым, Паўлам Скварчэўскім і інш. Увосень 1942 года на Жлобіншчыну прыбылі дзве падрыхтаваныя групы — І. Крышнёва і Д. Шыбінскага — для стварэння партызанскіх атрадаў. Яны ўтварылі атрад «Смерць фашызму»[27] і «Жалязняк»[28].

У жніўні 1943 года партызаны з атрадаў «Смерць фашызму» і «Жалязняк» правялі аперацыю «Рэйкавая вайна», падарваўшы больш за 1200 рэек на Жлобінскім участку чыгункі[29].

У лютым 1944 года савецкія войскі выйшлі на левы бераг Дняпра насупраць Жлобіна, але да 6 чэрвеня 1944 года горад не быў вызвалены.

23 лютага 1944 года ў ходзе Рагачоўска-Жлобінскай наступальнай аперацыі савецкія войскі вызвалілі вёску Майскае, а 26–27 чэрвеня 1944 года Жлобін і навакольныя населеныя пункты былі канчаткова вызвалены падчас аперацыі «Баграціён»[30].

Падрабязней: Партызанскі атрад «Смерць фашызму», Партызанскі атрад «Жалязняк» (Жлобінскі раён)

1945 - 1990

Пасля вайны ў Жлобіне і раёне засталося крыху больш за 3 000 жыхароў, хоць напярэдадні вайны іх было звыш 19 000. Да 1959 года насельніцтва аднавілася — налічвалася ўжо 19 200 чалавек[31].

У 1963 годзе да Жлобіна далучаны пасёлак пеньказавода. Раней былі далучаны пасёлкі Ветка-Вір, Жлобін-Падольскі, Рабочы. З 17 сакавіка 1963 года — горад абласнога падпарадкавання. У 1975 годзе ў Жлобіне быў адкрыты мясакамбінат[32]. У 1977 годзе пачала працу новая навучальная ўстанова, сёння — тэхналагічны каледж[33]. 30 снежня 1978 года пабудаваны завод штучнага футра, а таксама каледж сферы абслугоўвання[34].

У канцы 1984 года — Беларускі металургічны завод. Пабудавалі яго з удзелам фірмаў «Фест-Альпіне» (Аўстрыя) і «Даніэлі» (Італія). Першы расплаў і разліўка сталі (СТАЛЬ 1 ГОСТ) адбыліся 15 кастрычніка 1984 года — гэта дата лічыцца днём заснавання завода. Яго першым дырэктарам стаў Дзярожант Акопаў[35].

1991 - 2020

Пасля распаду СССР Жлобін працягваў развівацца як важны прамысловы і культурны цэнтр рэгіёна. У 1993 годзе быў пабудаваны Палац культуры металургаў[36].

У 1995 годзе ўзведзены новы мураваны будынак Свята-Троіцкай царквы[19].

У 1996 годзе адкрыўся тэхнікум пры БМЗ (цяпер — металургічны каледж)[37].

4 студзеня 2002 года Жлобінскі раён і горад Жлобін аб'яднаны ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку — Жлобінскі раён з адміністрацыйным цэнтрам горад Жлобін[38].

У 2004 годзе быў узведзены новы будынак чыгуначнага вакзала[39], а ў 2006 годзе адкрыты Цэнтр алімпійскага рэзерву[40].

У 2007 годзе на БМЗ увялі ў эксплуатацыю трубную вытворчасць[41]. У Красным Беразе быў адкрыты мемарыял «Дзяцям — ахвярам вайны»[42]. У 2008 годзе ў Цэнтры алімпійскага рэзерву адкрыўся аквапарк[43].

У 2012 годзе хакейны клуб «Металург» стаў чэмпіёнам Беларусі[44]. У 2013 годзе горад прымаў рэспубліканскі фестываль «Дажынкі»[45]. У 2013–2021 гадах праводзілася электрыфікацыя чыгуначных участкаў[46]. У 2020 годзе быў адкрыты новы будынак Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея[47].

22 снежня 2014 года ў склад горада ўключаны большая частка вёскі Лебядзёўка Луцкага сельсавета і пасёлак Рубеж Малевіцкага сельсавета[48].

У жніўні 2020 года Жлобін стаў адным з гарадоў, дзе прайшлі масавыя акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. 17 жніўня забастоўка на БМЗ увайшла ў актыўную фазу: былі спынены ўсе тры мартэлі (электрадугавыя печы), з іх быў сліты метал, і завод спыніў працу[49][50]. Каля 2 000 рабочых падпісалі зварот з патрабаваннем перагляду вынікаў выбараў.

Некалькі працоўных — Яўген Говар, Аляксандр Баброў і Ігар Повараў — былі асуджаныя на рэальныя турэмныя тэрміны за нібыта «арганізацыю» страйку[51]. Асобны прысуд атрымаў супрацоўнік БМЗ Аляксандр Гашнікаў — 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за спробы стварэння незалежнага прафсаюзу і арганізацыю працоўнага руху ў краіне[51].

2021 - наш час

Пасля грамадска-палітычных падзей у Беларусі ў 2020 годзе і пачатку расійска-украінскай вайны ў 2022 годзе Беларускі металургічны завод сутыкнуўся з праблемамі на міжнародным рынку. Заводу стала цяжка прадаваць прадукцыю ў краіны Заходняй Еўропы і ЗША. 12 мая 2023 года санкцыі супраць БМЗ увяла Украіна, а ў жніўні таго ж года — Еўрапейскі саюз. Да санкцый далучыліся Швейцарыя, Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Албанія, Боснія і Герцагавіна, Ісландыя, Ліхтэнштэйн і Нарвегія. Таксама ў санкцыйны спіс ЗША трапілі сам завод, генеральны дырэктар Дзмітрый Корчык і звязаная з БМЗ кампанія BELKAPSTEEL[52].

Тым не менш, афіцыйнае кіраўніцтва заяўляе пра станоўчую дынаміку. У 2023 годзе, паводле слоў генеральнага дырэктара Дзмітрыя Корчыка, было выпушчана на 250 тысяч тон сталі больш, чым у папярэднім годзе (плюс 12%), а экспарт пракату чорных металаў вырас да 1,6 млн тон (плюс 17%). Доля інавацыйнай прадукцыі склала 41%, а работнікам была выплачана 13-я зарплата[53].

Пасля падзей жніўня 2020 года ў Жлобінскім раёне адбыўся шырокі палітычны пераслед. Дзясяткі жыхароў былі асуджаныя за ўдзел у пратэстах, каментары ў інтэрнэце або за публічныя выказванні салідарнасці. Штрафы, «хатняя хімія», пазбаўленне волі — гэта найбольш тыповыя формы пакарання. Прысуды выносіліся паводле артыкулаў 342, 364, 369, 130 КК, а ў асобных выпадках — нават за нібыта «здраду дзяржаве».

У 2024 годзе Жлобін заняў першае месца сярод усіх раённых цэнтраў Гомельшчыны па колькасці палітычна матываваных крымінальных спраў — 168 зафіксаваных выпадкаў, што саступае толькі абласному цэнтру[54].

Remove ads

Насельніцтва

  • XIX стагоддзе: 1847 год — 965 чал.; 1880 год — 430 чал.; 1897 год — 1 307 чал. (перапіс)(2100 чал.[55])
  • XX стагоддзе: 1909 год — 4 270 чал.; 1939 год — 19,3 тыс. чал.[55]; 1959 год — 19,2 тыс. чал.[55]; 1970 год — 25 тыс. чал. (25,4 тыс. чал.[55]); 1995 год — 67,6 тыс. чал.[55]
  • XXI стагоддзе: 2013 год — 75 335 чал.; 2016 год — 75 956 чал.[56]; 2017 год — 76 068 чал.[5]
Remove ads

Эканоміка

Прадпрыемствы лёгкай, металургічнай (Беларускі металургічны завод), харчовай, будматэрыялаў прамысловасці, фабрыка інкрустацыі.

Гасцініцы «Славянская», «Юбілейная».

Культура

Спорт

Славутасці

Thumb
Храм Свяціцеля Васіля Вялікага

Вядомыя асобы

Дзеячы навукі, культуры, царквы

Thumb
Архіепіскап Георгій (Данілаў).

Ваенныя

Спартсмены

Thumb
С. Мацвейчык.

Іншыя вядомыя асобы

Remove ads

Цікавыя факты

У 1955 годзе ў Жлобіне здымаўся мастацкі фільм «Зялёныя агні» (рэжысёры С. І. Сплашноў, І. А. Шульман, кінастудыя «Беларусьфільм»). Дзеянне адбываецца на адным з чыгуначных вузлоў Беларусі. Малады машыніст грузавога цягніка Сяргей Чобур на сваю рызыку здзяйсняе першы рэйс з перавышэннем вагавых нормаў. У шляху выяўляецца няспраўнасць машыны. Заняўшыся на хаду рамонтам, брыгада дапускае парушэнне правілаў эксплуатацыі, і Чобура здымаюць з працы. Вопыт Чобура ўдаецца паспяхова паўтарыць, і Сяргея вяртаюць на паравоз. Гэтаму больш за ўсё рады дзве дзяўчыны-чыгуначніцы — інжынер Людміла і дыспетчар Аксана… У масавых сцэнах удзельнічалі многія жыхары Жлобіна, у фільме ёсць прыгожыя здымкі чыгуначнай тэхнікі таго часу[58].

Remove ads

Гл. таксама

Заўвагі

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads