рака ў Беларусі і Летуве From Wikipedia, the free encyclopedia
Вяльля́ — рака ў Беларусі і Летуве, правы прыток Нёману. Даўжыня 498 км, у тым ліку ў Беларусі — 264 км. Плошча вадазбору 25,1 тыс. км², у тым ліку на тэрыторыі Беларусі — 11 тыс. км². Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,3 ‰. Выдатак вады ў вусьці каля 186 м³/с.
Вяльля лац. Vialla | |
Рака Вяльля каля сутокаў з Нарачанкай | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Выток | каля в. Вялікага Поля |
Вусьце | Нёман |
Краіны басэйну | Беларусь, Летува |
Вобласьці | Гарадзенская вобласьць, Віцебская вобласьць, Менская вобласьць, Віленскі павет і Ковенскі павет |
Даўжыня | 498 км |
Сярэднегадавы сьцёк | 186 м³/с |
Плошча басэйну | 25,1 тыс. км² |
Нахіл воднай паверхні | 0,3 ‰ |
Месцазнаходжаньне | |
Асноўныя прытокі | |
Левыя | Дзьвінаса, Кабылянка, Ілія, Белавароціца, Вільня, Вуша, Ашмянка, Газоўка |
Правыя | Сэрвач, Нарачанка, Страча, Дудка |
Амаль усе прытокі Вяльлі каналізаваныя. У басэйне ракі больш за 40 каналаў агульнай даўжынёй каля 300 км.
У гістарычных крыніцах упамінаецца пад назвай Веля, або Велья, або Велея, то бок 'вялікая'. Індаэўрапейскі корань назвы адсылае да значэньня 'заходні кірунак' і культу продкаў, а значыць зьвязвае і з культам бога Вялеса[1][2]. Тым часам беларускі мовазнаўца Язэп Лёсік зьвязваў назву ракі з племем вільцаў-люцічаў, званых таксама велетамі[3].
Па ўтварэньні Рэчы Паспалітай і павелічэньні ўплыву польскай культуры і мовы назва ракі пачала пісацца па-польску: Вілія або Вілья, што захавалася ў афіцыйным напісаньні да сёньняшніх дзён. Такім чынам, рака страціла свой першасны сэнс і набыла новы: Вілія — нібыта таму, што віляе[1][2].
Летувісы завуць раку Neris. Зь фінска-вугорскага нэріс — 'узвышша, пагорак' (у Летуве рака цячэ паміж пагоркамі)[4].
Пачынаецца зь невялікага балота за 1 км на паўночны ўсход ад вёскі Вялікага Поля Докшыцкага раёну, перасякае граніцу зь Летувой за 2 км на паўночны захад ад вёскі Жарнэляў Астравецкага раёну, упадае ў Нёман на тэрыторыі Летувы каля места Коўны. На рацэ створана Вялейскае вадасховішча, частка вады якога Вялейска-Менскай воднай сыстэмай перапампоўваецца ў раку Сьвіслач.
Даліна зьвілістая, добра распрацаваная, у верхняй плыні шырынёй 1—3 км, бліжэй да вусьця звужаецца да 0,2—0,4 км. Амаль на ўсім працягу тэрасы. Абалона ў верхняй плыні ў асноўным забалочаная, шырыня яе 200—400 м, ніжэй перарывістая, шырынёй 50—70 м, месцамі да 600 м; на дзялянцы паміж вёскамі Стахамі і Раздорамі Вялейскага раёну шмат старыцаў. Рэчышча ў вярхоўі моцназьвілістае, шырыня яго ад 1 м да 2 м, каля вусьця Вушы 40—60 м (месцамі да 100 м), да ўтоку ракі Балошынкі 60—70 м; шмат выспаў, адмелінаў, асяродкаў, трапляюцца парожыстыя дзялянкі. Берагі стромкія, у вярхоўі тарфяністыя. Веснавое разводзьдзе пачынаецца ў канцы сакавіка і доўжыцца каля 50 дзён[5].
Рэжым адметны інтэнсіўным веснавым разводзьдзем (каля 45% сярэдняга сьцёку) і нізкім стаяньнем вады ў летнюю межань. Па ўводзе ў эксплюатацыю Вялейскага вадасховішча ўзроўневы й сьцёкавы рэжым плаціны ў межах Беларусі зарэгуляваны. Замярзае ў верхняй плыні ў пачатку сьнежня, у сярэдняй і ніжняй — у канцы сьнежня — пачатку студзеня, крыгалом у 2-й палове сакавіка ад вусьця да вярхоўя. Сярэдняя тэмпэратура вады ўлетку 18—20 °С, найбольшая ў ліпені (27,9 °С, 1956 год).
Тэрыторыя басэйну Вяльлі ўтварае гістарычны рэгіён Павільле[6], які, у сваю чаргу, складаў частку Літвы[7].
Рэльеф складаецца з канцова-марэнавых утварэньняў, збытных пагорыстых градаў і групаў пагоркаў з забалочанымі паніжэньнямі паміж імі. Найбольш прыпаднятая паўднёва-ўсходняя частка вадазбору з адноснымі вышынямі да 100 м (асобныя пагоркі Менскага ўзвышша) у ніжняй частцы пераходзіць у Нарачанска-Вялейскую нізіну.
Лясныя масівы ў асноўным сустракаюцца ў верхняй і сярэдняй плынях і абмяжоўваюцца левабярэжжам ракі Нарачанкі, ніжэй яны памяншаюцца і значна радзейшыя. Агульная лясістасьць складае 30%, у тым ліку 5% складае забалочаны лес.
Азёры займаюць 2% плошчы, большай часткай разьмяшчаюцца па правабярэжжы. Найбольш значныя зь іх: Нарач, Мястра, Сьвір, Вішнеўскае, Вялікая Швакшта.
На вадазборы праводзіліся мэліярацыйныя працы, у выніку якіх, на 1 студзеня 2006 году 14% плошчы басэйну мэліяраваныя. Працягласьць адкрытай асушальнай сеткі складае 7790 км[8]. У 1997 годзе на плаціне Вялейскага вадасховішча пачала працаваць Вялейская ГЭС магутнасьцю 2000 кВт.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.