Грозаў
вёска ў Грозаўскім сельсавеце Капыльскага раёну Менскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Гро́заў[1] — вёска ў Беларусі, каля ракі Вужанкі. Уваходзіць у склад Грозаўскага сельсавету Капыльскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 427 чалавек. Знаходзіцца за 18 км ад Капылю, за 25 км ад чыгуначнай станцыі Цімкавічы; на аўтамабільнай дарозе Узда — Старыца.
Грозаў — даўняе мястэчка гістарычнай Случчыны (частка Наваградчыны). У 1920 годзе жыхары Слуцкага павету сфармавалі Грозаўскі полк войска Беларускай Народнай Рэспублікі, які браў удзел у Слуцкім збройным чыне. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму сядзіба Мержыеўскіх і касьцёл у Гонар Зьняцьця Збаўцы з Крыжа, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў.
Remove ads
Назва
Тапонім Грозаў[2][3] утварыўся ад імя Гроза[4]. Традыцыйную гістарычную назву, ужываную мясцовымі жыхарамі, за савецкім часам зьмянілі на расейскі капыл на цяперашняе афіцыйнае Грозава (Hrozava)[5].
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае

Упершыню Грозаў упамінаецца ў 1-й палове ХVІ ст. як вёска Слуцкага княства, уладаньне Алелькавічаў. У 1582 годзе існавалі аднайменныя сяло, фальварак і шляхецкая ўласнасьць. У 2-й палове ХVІ — 1-й палове ХVІІ ст. Грозаў знаходзіўся ў валоданьні Валадковічаў, якія заснавалі тут 2 царквы і мужчынскі манастыр сьвятога Міколы (усе ў юрысдыкцыі Сьвятога Пасаду). Паводле інвэнтару 1650 году, існавалі аднайменныя двор (4 жылыя дамы і 5 гаспадарчых пабудоваў) і фальварак, былі бровар, млын і гумнішча
У 2-й палове ХVІІ ст. Грозаў перайшоў да Радзівілаў. На 1690 год тут было 66 двароў. У ХVІІІ ст. Грозаў знаходзіўся ў валоданьні Незабытоўскіх, за якімі атрымаў статус мястэчка. У 1791 годзе ён увайшоў у склад Случарэцкага павету.
Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Грозаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Слуцкага павету Менскай губэрні. У розныя часы мястэчка знаходзілася ў валоданьні Межаеўскіх, Вітгенштэйнаў, Гагенлёэ. На 1800 год тут было 30 двароў, дзеялі 2 драўляныя манастыры (Яна Багаслова з царквой Прачыстай Багародзіцы і Сьвятога Мікалая з аднайменнай царквой) і капліца, працавалі карчма і млын, праводзіліся штогадовыя кірмашы і штотыднёвыя таргі; на 1845 год — 19 двароў.
У 1864 годзе з мэтай маскалізацыя колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў Грозаве народную вучэльню. На 1870 год — 99 двароў, 3 царквы, касьцёл, капліца, 2 юдэйскія малітоўныя дамы. Гандлёвымі шляхамі Грозаў злучаўся зь мястэчкамі Капылём, Бабоўняй, Новым Сьвержане і местам Нясьвіжам. На 1886 год — 3 царквы, валасная ўправа, бровар, 3 заезныя двары, 11 крамаў, народная вучэльня, 2 жыдоўскія школы.
Згодна з вынікамі перапісу 1897 году, у Грозаве было 150 двароў, царква, капліца, пошта, народная вучэльня, 24 крамы, ганчарны завод, 2 карчмы. У пачатку XX ст. 177 двароў. У 1912 годзе працавалі 2-клясная сельская і 1-клясная народная вучэльні. На 1917 год — 188 двароў, вінакурны і медаварны заводы.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Грозаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Грозаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У жніўні 1919 — ліпені і кастрычніку — лістападзе 1920 году мястэчка займала польскае войска. У лістападзе 1920 году ў Слуцку і мястэчку Семежаве зь беларускай міліцыі Слуцкага павету сфармаваўся Грозаўскі полк[6]. Да здушэньня паўстаньня бальшавікамі (4 сьнежня 1920 году) улада ў мястэчку кантралявалася сіламі БНР.
На 1921 год у Грозаве працавалі спажывецкая таварыства, фэльчарскі пункт, 2 школы, вінзавод; на 1923 год — 7-гадовая і жыдоўская школы, хата-чытальня, фэльчар, 6 рамесьнікаў (шаўцы, краўцы, кавалі). 20 жніўня 1924 году Грозаў стаў цэнтрам сельсавету Грэскага раёну, на гэты час тут было 182 двары. 8 ліпеня 1931 году мястэчка ўвайшло ў склад Капыльскага раёну (з 12 лютага 1935 да 17 сьнежня 1956 году зноў у Грэскім раёне). У 1930-я гады ў Грозаве працавалі калгас «Інтэрнацыянал», кавальская, шавецкая, шапачная, прамысловая майстэрні, малаказавод, нафтавы млын, сукнавальня, крупадзёрка, салатопня. 27 верасьня 1938 году статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну з 29 чэрвеня 1941 да 1 ліпеня 1944 году Грозаў знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху.
На 1971 год у Грозаве было 189 двароў, на 1997 год — 197 гаспадарак, машынны двор, вэтэрынарны пункт, сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка, амбуляторыя, пошта, камбінат побытавага абслугоўваньня насельніцтва, 5 крамаў. У 2000-я гады Грозаў атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку». На 2007 год — 167 гаспадарак, на 2010 год — 159. 6 лютага 2015 году цэнтар Грозаўскага сельсавету перанесьлі ў вёску Камсамольскую[7].
- Мястэчка на старых здымках
- Палац, да 1918 г.
- Царква, 1917—1918 гг.
- Вуліца да царквы, 1918 г.
- Вуліца, да 1939 г.
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XVIII стагодзьдзе: 1763 год — 267 чал.[4]
- XIX стагодзьдзе: 1800 год — 166 чал.; 1845 год — 97 чал.; 1870 год — 376 чал.; 1886 год — 156 чал.; 1897 год — 861 чал. у мястэчку Грозаве, 41 чал. у маёнтку Грозаве
- XX стагодзьдзе: 1901 год — 1032 чал.; 1917 год — 1194 чал.; 1924 год — 1007 чал.; 1960 год — 656 чал.; 1971 год — 587 чал.; 1992 год — 498 чал.[8]; 1997 год — 481 чал.[9]; 1999 год — 475 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2007 год — 428 чал.[10]; 2010 год — 427 чал.
Інфраструктура
У Грозаве працуюць школа, дашкольная ўстанова, лякарня, 2 бібліятэкі, дом культуры, пошта.
Забудова
Вуліцы і пляцы
З урбананімічнай спадчыны Грозава да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Капыльская і Слуцкая. Гістарычны Рынак ня мае афіцыйнай назвы. Паводле перапісу 1874 году, у мястэчку існавала Менская вуліца[11].
Турыстычная інфармацыя

Славутасьці
У Грозаве на гістарычным Рынку, каля будынка касьцёла пастаўлены мэмарыяльны крыж у гонар абаронцаў незалежнасьці Беларусі.
- Вінакурня (пачатак XX ст.)
- Гандлёвыя рады (2-я палова XIX ст.)
- Касьцёл у Гонар Зьняцьця Збаўцы з Крыжа (1802; цяпер клюб)
- Могілкі юдэйскія
- Палац Мержыеўскіх (2-я палова XVIII ст.)
Страчаная спадчына
- Манастыр Сьвятога Яна Багаслова
- Царква Сьвятога Мікалая
Remove ads
Асобы
- Алена Кіш — беларуская мастачка-прымітывістка (жыла апошнія гады ў Грозаве).
Галерэя
- Краявіды Грозава
- Гандлёвыя рады
- Могілкі юдэйскія
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads