Докшыцы
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
До́кшыцы — места ў Беларусі, у вярхоўі ракі Бярэзіны. Адміністрацыйны цэнтар Докшыцкага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 6954 чалавекі[1]. Знаходзяцца за 200 км ад Віцебску, за 12 км ад чыгуначнай станцыі Параф’янаў (лінія Маладэчна — Полацак). Аўтамабільныя дарогі на Вялейку, Глыбокае, Лепель і Бягомель.
Remove ads
Докшыцы — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Да нашага часу тут захавалася драўляная царква Яна Багаслова, помнік архітэктуры XIX ст.
Remove ads
Назва
Дага або Дака (Dago, Dacco) — імя германскага паходжаньня[2]. Іменная аснова -даг- (-дак-) (імёны ліцьвінаў Дакель, Шыдаг, Ядаг; германскія імёны Dacilus, Sidag, Adago) паходзіць ад германскага daga 'палымяны, зіхатлівы, яркі, бліскучы'[3]. У Польшчы бытавала германскае імя Докаш (Dokosz)[4].
На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім мае балтыйскае паходжаньне[5] а, на думку Тодара Кашкурэвіча, мае зьвязак з богам Перуном[6]. Таксама існуе меркаваньне, што назва паселішча ўтварылася ад кельцкага док — 'месца малацьбы'[7].
У прывілеях вялікіх князёў (на лаціне) ўпамінаюцца як Doxiczane[8].
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае

Першы пісьмовы ўпамін пра Докшыцы зьмяшчаецца ў грамаце вялікага князя Вітаўта, выдадзенай 13 студзеня 1407 году ў Вільні. У ёй намесьнік віленскі Войцех Манівід атрымаў пацьверджаньне на сёлы і сялянаў-даньнікаў у Харэцкай воласьці, сярод якіх называюцца даньнікі «доксычане» (doxyczane)[9].
На мяжы XVI—XVІI стагодзьдзяў Докшыцы атрымалі статус мястэчка. У розныя часы аднайменны маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Манівідаў, Радзівілаў, Гальшанскіх, Кішкаў, Пацаў, Осьцікаў, Сангушкаў, капітулы Жамойцкага біскупства, Юдзіцкіх, Гутаровічаў[10].
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Докшыцы ўвайшлі ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. За часамі Інфлянцкай вайны ў 1575 годзе ваколіцы мястэчка сталі адной з асноўных апорных базаў Стэфана Баторыя пры вызваленьні Полаччыны ад маскоўскіх захопнікаў.
У 1608 годзе Станіслаў Кішка заснаваў у Докшыцаў касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, пры якім з 1781 году пачаў дзеяць невялікі кляштар[11]. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) у 1708 годзе мястэчка спалілі швэды.
Пад уладай Расейскай імпэрыі


У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Докшыцы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам павету (з 1797 году — цэнтар воласьці Барысаўскага павету). У 1795 годзе паселішча атрымала статус места. 22 студзеня 1796 году адбылося зацьверджаньне мескага гербу: «у зялёным полі два ўзгоркі, на якіх ляжаць збаны, зь іхніх гарлавін выцякаюць срэбныя крыніцы»[12]. На 1800 год у Докшыцах было 152 двары, зь якіх Мілашэвічу належалі 106 (35 хрысьціянскіх і 71 юдэйскі), 42 двары (у тым ліку 12 юдэйскіх) складалі частку ўдавы Людвігі Гутаровіч і называліся Докшыцкай Слабадой. У мястэчку існавалі 2 царквы і юдэйская малітоўная школа. У Докшыцах штогод праводзіўся кірмаш у дзень Сьвятой Тройцы, у Докшыцкай Слабадзе — у дзень Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа.
У Вайну 1812 году праз Докшыцы ў ліпені прайшлі войскі віцэ-караля Італіі Я. Багарнэ, а ў кастрычніку — часткі корпусу генэрала К. Ф. Врэдэ, якія разрабавалі мястэчка. У 1824 годзе ў Докшыцах дзеяла суконная майстэрня Давіда Шапіры. У час вызвольнага паўстаньня ў красавіку — траўні 1831 году каля Докшыцаў адбыліся баі вялейскіх паўстанцаў С. Радзішэўскага з расейскімі карнікамі.
Па скасаваньні прыгоннага права ў 1861 годзе Докшыцы сталі цэнтрам аднайменнай воласьці. У 1863 годзе тут збудавалі новую царкву-мураўёўку. У 1868 годзе ў Докшыцах быў 1 мураваны і 266 драўляных дамоў, мураваная царква, драўляны касьцёл, 4 юдэйскія малітоўныя дамы, 22 крамы, 17 шынкоў, 3 бровары і паравы млын. У мястэчку штотыднёва праходзілі таргі (больш значныя праводзіліся ў аўторак на масьленічным тыдні і ў сьвята Прачыстай 15 жніўня). У XIX ст. канчаткова сфармавалася вулічная сетка Докшыцаў (цэнтральныя Барысаўская, Даўгінаўская, Глыбоцкая і Полацкая вуліцы, да іх прымыкалі — Ветраная, Сянная, Татарская і іншыя). У канцы XIX ст. у Докшыцах пачалі дзейнасьць пазыка-ашчаднае і пажарнае таварыствы.
З 1902 году ў Докшыцах працавала 2-клясная пачатковая вучэльня (з 1907 году — 4-клясная, з 1913 году — вышэйшая пачатковая). У 1904 годзе ў мястэчку было 435 драўляных і 1 мураваны дамоў, 2 гасьцініцы, 2 сукнавальні (працавалі 3 рабочыя), 1 аптэка і 2 аптэкарскія крамы. У час Першай сусьветнай вайны Докшыцы былі прыфрантавым местам (у верасьні 1915 году іх ненадоўга займалі войскі Нямецкай імпэрыі), у 1918 годзе — места зноў занялі нямецкія войскі.
- Старая графіка Докшыцаў
- Сядзіба. А. Адам, 1812 г.
- Праект Пакроўскай царквы-мураўёўкі, 1887 г.
- Касьцёл, малюнак да 1918 г.
- Капліца. К. Біске, 1918 г.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Докшыцы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[13].
З 20 жніўня 1919 да ліпеня 1920 году Докшыцы займалі польскія войскі, пазьней бальшавікі, потым зноў палякі. Згодна з умовамі Рыскай мірнай дамовы 1921 году Докшыцы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Дзісенскага павету Віленскага ваяводзтва. У гэты час у месьце быў 491 будынак.
У 1939 годзе Докшыцы ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году сталі цэнтрам раёну Вялейскай вобласьці (у 1962—1965 гадох былі ў складзе Глыбоцкага раёну). У Другую сусьветную вайну з 9 ліпеня 1941 году да 2 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
- Места на старых здымках
- Рынак. Ю. Барэці, 1891 г.
- Касьцёл, каля 1914 г.
- Вуліца Барысаўская. Магістрат, 1930-я гг.
- Вуліца Даўгінаўская. Казьмадзям’янаўская царква, да 1900 г.
- Вуліца Полацкая. Царква Яна Багаслова, да 1939 г.
- Сынагога, да 1939 г.
- Рынак. Старая камяніца, да 1950 г.
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія

- XVIII стагодзьдзе: 1800 год — 1118 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1868 год — 1613 чал.; 1881 год — 5,6 тыс. чал.[14]; 1897 год — 3642 чал, зь іх паводле стану 119 шляхты, 6 духоўнага стану, 30 купцоў, 3124 мяшчанаў, 337 сялянаў, 14 іншаземцаў; паводле веры 439 праваслаўных, 361 каталік, 1 старавер, 4 пратэстанты, 75 магамэтанаў, 2762 юдэі.
- XX стагодзьдзе: 1904 год — 4103 чал.; 1921 год — 3004 чал.; 1939 год — 3,6 тыс. чал.; 1959 год — 2,2 тыс. чал.; 1971 год — 3,9 тыс. чал.; 1991 год — 7,2 тыс. чал.; 1993 год — 7,4 тыс. чал.[11]; 1997 год — 7,4 тыс. чал.[15]
- XXI стагодзьдзе: 2004 год — 7,0 тыс. чал.; 2006 год — 6,9 тыс. чал.[16]; 2008 год — 6912 чал.; 2009 год — 6628 чал.[17] (перапіс); 1 студзеня 2010 году — 6,6 тыс. чал.[18]; 2016 год — 6906 чал.[19]; 2017 год — 6827 чал.[20]; 2018 год — 6954 чал.[1]
Адукацыя
У Докшыцах працуюць 3 агульнаадукацыйныя школы, дзіцячая школа мастацтваў.
Культура
Дзеюць мескі цэнтар культуры, дом рамёстваў, 2 бібліятэкі.
Мас-мэдыя
У месьце выдаецца раённая газэта «Родныя вытокі».
Забудова
Плян
Генэральны плян Докшыцаў (1977 год) улічвае захаваньне гістарычнай структуры паселішча. Асноўная тэрыторыя места знаходзіцца на правым беразе Бярэзіны. Тут разьмяшчаецца адміністрацыйна-грамадзкі цэнтар. Забудова пераважна 1-павярховая, ёсьць групы 2—3-павярховых сэкцыйных будынкаў.
Вуліцы і пляцы
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
Гайдара вуліца | Ветраная вуліца | |
Дзяржынскага вуліца | Татарская вуліца | |
Інтэрнацыянальная вуліца | Дзікая вуліца | |
Карла Маркса вуліца | Параф’янаўская вуліца | |
Максіма Горкага вуліца | Полацкая вуліца | Тадэвуша Касьцюшкі вуліца |
Ленінская вуліца | Барысаўская вуліца | Аляксандраўская вуліца Юзэфа Пілсудзкага вуліца |
Палявога плошча | Рынак пляц | |
Піянэрская вуліца | Блонская вуліца | |
Пушкіна вуліца | Даўгінаўская вуліца | Чвартакаў вуліца Варашылава вуліца |
Савецкая вуліца | Глыбоцкая вуліца Віленская вуліца | Мураўёўская вуліца |
Чарняхоўскага вуліца | Граніца вуліца |
У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаюцца Польная і Рынкавая вуліцы[21].
Remove ads
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці.
Транспарт
Праз Докшыцы праходзяць аўтамабільныя дарогі Р3 (Лагойск — Глыбокае — граніца Латвіі), Р29 (Вушачы — Вялейка) і Р86 (Багушэўск (ад М8) — Лепель — Мядзел).
Места мае рэгулярнае аўтобуснае злучэньне зь Менскам, Віцебскам і інш.
Турыстычная інфармацыя
Інфраструктура
У Докшыцах дзее дом рамёстваў (у колішняй царкве Сьвятога Апостала Яна Багаслова). Спыніцца можна ў гасьцініцы «Докшыцы».
Славутасьці
- Забудова гістарычная (XVІІI — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
- Млыны (1920-я)
- Могілкі: польскія вайсковыя часоў вайны 1920 году, каталіцкія, праваслаўныя, татарскія (Мізар), юдэйскія
- Мячэт (1925)
- Сядзіба Мікульскіх (XIX ст.)
- Царква Покрыва Багародзіцы (1900—1903; мураўёўка)
- Царква Сьвятога Апостала Яна Багаслова (1863)
Страчаная спадчына
- Капліцы могілкавыя: рымска-каталіцкая (XVIII ст.), праваслаўная
- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1608)
- Сынагога
- Сядзіба
- Царква Сьвятых Космы і Даміяна (XVІ ст.)
Remove ads
Галерэя
- Краявіды Докшыцаў
- Царква Яна Багаслова
- Паштовая станцыя
- Стары млын
- Старая камяніца
- Старая камяніца
- У цэнтры места
- Дзіцячая школа мастацтваў
Месты-сябры
Асобы
- Карл Лупіновіч (1891—1937) — каталіцкі сьвятар, удзельнік беларускага хрысьціянскага руху
- Віктар Маркавец (1947—2013) — мастак
- Валеры Собаль (нар. 1955) — навуковец-фізык
- Яўген Таргонскі (нар. 1953) — навуковец-матэматык
- Надзея Хадасевіч-Лежэ (1904—1983) — мастачка
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads