Войшалк

вялікалітоўскі князь From Wikipedia, the free encyclopedia

Войшалк
Remove ads

Войшалк Міндоўгавіч (1223[1]—1268) — вялікі князь літоўскі (1264—1266[2] або 1267[3]), князь наваградзкі (1254, 1258—1263)[4]. Сын Міндоўга.

Хуткія факты 3-і вялікі князь літоўскі, Папярэднік ...
Remove ads

Імя

Вайса (Waiso[5], Weise) і Скальк або Шальк (Scalc, Schalk) — імёны германскага паходжаньня[6]. Іменная аснова -войш- (-вайш-) (імёны ліцьвінаў Вайшыла, Вайсар, Войшнар; германскія імёны Weisel, Weiser, Wießner) паходзіць ад гоцкага і бургундзкага waiþs 'паляваньне', гоцкага waiþja 'паляўнічы'[7] або ад асновы -віс- (-віз-, -веш-)[8][9] (пазьнейшай -вайс-[10]), а аснова -скалк- (-шалк-) (імёны ліцьвінаў Скаламонт, Скальбут, Коншалк; германскія імёны Scelemondo, Butaskalks, Gottschalk) — ад гоцкага skalks 'слуга'[11]. Такім парадкам, імя Войшалк азначае «адданы паляваньню»[12].

Мовазнаўца і гісторык Алесь Жлутка тлумачыць паходжаньне імя Войшалк ад двухасноўнага імя тыпу Воиславь, Воитехь (Voislav, Voitech) шляхам даданьня да ўтваральнай асновы Voi- ці Vois- фармантаў 1—3 ступеняў -š-, -e(-o)l-, -(e,-o)k(o). Ад той жа асновы ўтварыліся ст.-польск. Wojsza, Wojszek і бел. Войша, Вайшэвіч[13]. Гісторык Павал Урбан у сваёй кнізе «Старажытныя ліцьвіны» таксама адзначае яшчэ адзін адпаведнік — князя бодрычаў Готшалка[14]. Поўнае двухасноўнае імя падае пад 1267 году адна з польскіх кронік у паведамленьні[15]: «Dux Leo filius Danielis regis Rusie occidit Woyslaum filium Mendogi ducis Lithwanorum» («Князь Леў, сын караля Русі Данілы, забіў Войслава, сына герцага ліцьвінаў Міндоўга»).

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Vesegele (чэрвень 1260 году)[16]; Woysalk filium ipsius Mendog (запіс пад 1264 годам)[17]; и въ Молшелгове (1264—1267 гады)[18][19]; Воишелкъ, Вошелкъ, Вышелкъ або Вышелгъ (Галіцка-Валынскі летапіс); Woisalk (Старэйшая Аліўская хроніка)[20]; Воишелгъ[21] або Въишелгъ[22] (Наўгародзкі першы летапіс); Воишелкъ Миндовговичь[23] або Войшеглъ[24] (Наўгародзкі чацьверты летапіс); Вошелегъ (Сафійскі першы летапіс)[25]; Voysalk або Woysalk (Ян Длугаш); Woyszełk (Хроніка Быхаўца)[26]; Войселк… Войселка Мендоговича (Хроніка літоўская і жамойцкая)[27]; Voisalcus (1582 год)[28]; Woyschalcus syn Mendoga (1872 год)[29].

Remove ads

Біяграфія

Thumb
Меркаваны партрэт Войшалка ў Лаўрышаўскім эвангельлі

Нарадзіўся ў 1223 годзе. Каля 1245 году ў Наваградку разам з бацькам і яго баярамі ахрысьціўся ў праваслаўе. Быў, відаць, наваградзкім намесьнікам Міндоўга. Магчыма, маецца на ўвазе пад ананімным «сынам Міндаўга», які ў 1251—1252 гадох ваяваў у ваколіцах Турыйску на Валыні, але гэта мог быць і Даўмонт (калі вернае меркаваньне некаторых крыніцаў, што апошні таксама быў сынам Міндаўга).

Першы пісьмовы ўспамін пра Войшалка знаходзіцца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1254 годам, калі ён стаў наваградзкім князем. У тым жа годзе склаў мір з галіцка-валынскімі князямі, выдаў замуж за Шварна Данілавіча сваю сястру і перадаў Наваградзкае княства Раману Данілавічу. Сам жа пайшоў у Палонінскі манастыр на Валыні, дзе прыняў пострыг пад імем Лаўрыш.

Па трох гадох жыцьця ў Палонінскім манастыры, дзесьці ў 1256 або 1257 годзе выправіўся ў паломніцтва на гару Атон, але мусіў вярнуцца з Баўгарыі з прычыны вайны, якая ішла там. Каля 1260 году разам з 10—12 манахамі заснаваў манастыр «на рацэ на Нёмане, паміж Літвой і Наваградкам, і там жыў»[a]. Гэты манастыр пазьней атрымаў назву Лаўрышаўскага манастыра (цяпер вёска Лаўрышава, Наваградзкі раён, Гарадзенская вобласьць). Першым ігуменам манастыра быў прападобны Елісей.

Войшалк пражыў у манастыры каля году, да нападу Бурундая з галіцка-валынскімі князямі ў 1258 годзе на Літву. У гэты час ён выйшаў з манастыра і, зьяднаўшыся з сваім стрыечным братам Таўцівілам, захапіў Рамана Данілавіча і забіў яго, зноў стаўшы наваградзкім князем.

У 1263 годзе па забойстве Транятам Міндаўга і Таўцівіла на кароткі час зьбег у Пінск. Але ўжо ў 1264 годзе разам зь пінскім войскам вярнуўся ў Наваградак, дзе злучыўся з дружынамі наваградзкіх баяраў і пайшоў ўсталёўваць сваю ўладу ў Літве, зьнішчыўшы шмат сваіх ворагаў.

Прызнаў уладу Васількі Раманавіча і князяваў разам з Шварнам Данілавічам, з дапамогай якіх заваяваў Нальшаны і Дзяволтву. У 1267 годзе перадаў уладу Шварну і пайшоў у манастыр на Валыні.

Прыкладна ў красавіку 1268 году старэйшы брат Шварна Леў Данілавіч паклікаў Войшалка да сябе ва Ўладзімер Валынскі на паляваньне, дзе ўласнаручна забіў яго[30]. Летапіс тлумачыць забойства тым, што Леў меў крыўду на Войшалка, які перадаў уладу над Літвой не яму, а Шварну[2].

Папярэднік
Транята
Вялікі князь літоўскі
1264—1267
Наступнік
Шварн
Remove ads

Заўвагі

  1. Пераклад з старажытнарускай мовы паводле артыкулу: Краўцэвіч А. Войшалк (1264—1267 г.). Інтэлігент на троне // pawet.net [Электронны рэсурс] — 2008. — 27 чэрвеня. — Дата доступу: 20.12.2015.

Крыніцы

Loading content...

Літаратура

Loading content...

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads