Лаўрышава
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Ла́ўрышава[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Валоўцы непадалёк ад яе ўтоку ў Нёман. Уваходзіць у склад Шчорсаўскага сельсавету Наваградзкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Знаходзіцца за 27 км на ўсход ад Наваградку, за 55 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня (лінія Баранавічы Палескія — Ліда). Аўтамабільная дарога на Наваградак.
Лаўрышава — старажытная вёска на гістарычнай Наваградчыне, вядомая Сьвята-Елісееўскім мужчынскім манастыром, найстарэйшых у Вялікім Княстве Літоўскім. Да нашага часу тут захавалася Прачысьценская царква, помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры XVIII стагодзьдзя.
Remove ads
Назва
Назва Лаўрышава, магчыма, паходзіць ад слова «лаўра», альбо ад імя Лаўрыш (Лаўрэнцій), якое магло быць манаскім імём аднаго з заснавальнікаў манастыра — князя Войшалка. Сустракаюцца немясцовыя варыянты: Ла́ўрашава, Ла́ўрушава.
Гісторыя
Раньнія часы
Вынікі археалягічных раскопак паказваюць, што першае пасяленьне людзей на месцы вёскі існавала ў першабытных часе, задоўга да ўтварэньня Лаўрышава. Ля берага ракі Валоўкі ў вёсцы знойдзены сьляды паселішча, якое датуецца сярэднім пэрыядам каменнага веку — мэзалітам (9-е — 5-е тысячагодзьдзі да н. э.)[2].
У XII ст. у Панямоньні ўтварылася Наваградзкае княства, у якое ўваходзіла мясцовасьць, дзе разьмяшчаецца Лаўрышава.
Вялікае Княства Літоўскае

У сярэдзіне XIII ст. Наваградзкае княства стала ядром зямель, дзе ўтварылася новая цэнтралізаваная дзяржава — Вялікае Княства Літоўскае, якое неўзабаве аб’яднала ўсе беларускія землі. Паводле Галіцка-Валынскага летапісу, каля 1260 году сын першага гаспадара Літвы Міндоўга — Войшалк (вялікі князь літоўскі ў 1264—1267 гадох) — заснаваў манастыр «на рацэ на Нёмане, паміж Літвой і Наваградкам, і там жыў»[a]. Паводле царкоўнага паданьня, манастыр быў заснаваны ў сярэдзіне XIII ст. прападобным ігуменам Елісеем.
Лаўрышаўскі манастыр быў адным з найважнейшых духоўных цэнтраў беларускіх зямель з часу ўтварэньня ВКЛ. Не пазьней за 1329 год для манастыра было перапісана Лаўрышаўскае эвангельле — прыклад ілюстраванай рукапіснай кнігі ў Беларусі XIV ст.
Каля 1350 году ў манастыры збудавалі царкву Сьвятога Мікалая на сродкі князя наваградзкага Міхайлы Карыята Гедзімінавіча, па яго вяртаньні з ардынска-маскоўскага палону. З мэтаю вывучэньня манастырскага селішча ў вёсцы праводзіліся археалягічныя дасьледаваньні, якія ў 2011—2015 гадох вялі Лаўрышаўскія археалягічныя экспэдыцыі. У ходзе раскопак была выяўлена, сярод іншага, частка каменна-цаглянага падмурку пабудовы XIV ст., якая прымякоўваецца да памянёнай царквы[3].
У «Вопісе дакумэнтаў, якія датычацца Лаўрышаўскага манастыра» (захоўваецца ў Інстытуце рукапісу Нацыянальнай бібліятэкі Ўкраіны імя В. І. Вернадзкага), запісана, што ўжо неўзабаве па заснаваньні манастыра яму належала сяло Лаўрышава, якое сфармавалася зь сялянаў, што паступова пасяліліся каля манастыра. Дакумэнт, які пацьвярджае ўтварэньне вёскі, не захаваўся[4].
Лаўрышава ўпамінаецца ў «Абмежаваньні спрэчных земляў Лаўрышаўскага манастыра, выкананым наваградзкім намесьнікам Петрашам Мантыгірдавічам на загад вялікага князя Вітаўта». У дакумэнце пазначаецца, што ён «писанъ у Лавришовое»[5] (старабелар.). Арыгінал дакумэнта не захаваўся, у копіі (1711 году) падаецца дата 15 чэрвеня 1398 году, аднак гісторыкі лічаць яе памылковай праз разыходжаньне зь іншымі зьвесткамі ў дакумэнце. Таму дакумэнт можа быць датаваны прыкладна: канец XIV — пачатак XV ст., па 1392 годзе (пачатак вялікага княжаньня Вітаўта)[4]. Дасьледнікі мяркуюць, што найбольш верагодны год складаньня дакумэнта — 1424[6].

З 1 ліпеня 1569 году Лаўрышава ў выніку аб’яднаньня ВКЛ з Польскім Каралеўствам — у створанай Рэчы Паспалітай. Каля 1795 году тут збудавалі манастырскую царкву Прачыстай Багародзіцы.
Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Лаўрышава апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі. На 1885 год вёска ўваходзіла ў Нягневіцкую воласьць Наваградзкага павету Менскай губэрні; працавала расейская школа, дзеялі царква і капліца.
У 1836 годзе манастыр зачынілі (а ў 1913—1915 гадох і з 2007 году аднавілі пры суседняй вёсцы Гнесічах).
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Лаўрышава занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лаўрышава абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР[7]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Лаўрышава апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Нягневіцкай гміне Наваградзкага павету. У 1938 годзе ў вёсцы збудавалі 1-павярховую школу (будынак захаваўся да нашага часу).
У 1939 годзе Лаўрышава ўвайшло ў БССР, дзе з 1940 году стала цэнтрам сельсавету Любчанскага, з 1956 — Наваградзкага раёнаў, з 1959 году ў Шчорсаўскім сельсавеце. У складзе калгасу «Зьвязда» імя 50-годзьдзя СССР. У 1968 годзе ў вёсцы збудавалі няпоўную школу (дзеяла да 2011 году), працавалі таксама дзіцячы сад, дом культуры, бібліятэка, фэльчарска-акушэрскі пункт, пошта, крама.
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія
Інфраструктура
У вёсцы працуюць (на 2016 год) машынны двор сельскагаспадарчага прадпрыемства «Шчорсы», аддзел паштовай сувязі, фэльчарска-акушэрскі пункт, дом супольнага самастойнага пражываньня для грамадзянаў сталага веку, сельская бібліятэка, падворак Сьвята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра.
Ёсьць аўтобусныя прыпынкі на маршрутах Наваградак — Гнесічы, Гнесічы — Наваградак (няштодзённыя рэйсы).
Турыстычная інфармацыя
Інфраструктура
Помнікі:
- Сьятому Елісею Лаўрышаўскаму (1996 год), у двары царквы;
- землякам, якія загінулі ў Нямецка-савецкую вайну — скульптура воіна і партызанкі з аўтаматам і сьцягам у руках, у цэнтры вёскі.
Славутасьці
- Царква Прычыстай Багародзіцы — помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры канца XVIII ст., у цэнтры вёскі.
Асобы
- Кастусь (Канстанцін Іванавіч) Качан (нар. 1950) — беларускі мастак-пэйзажыст, сябра Беларускага саюзу мастакоў
- Сямён Шарэцкі (нар. 1936) — беларускі дзяржаўны дзяяч, трэці старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь
Заўвагі
- Пераклад з старажытнарускай мовы паводле артыкулу: Краўцэвіч, А. К. Войшалк (1264 — 1267 г.). Інтэлігент на троне // pawet.net. — 2008. — 27 чэрвеня.
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads