Мікалаеўшчына
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Мікала́еўшчына — вёска ў Беларусі, на правым беразе Нёмана. Цэнтар сельсавету Стаўпецкага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2015 год — 562 чалавекі[3]. Знаходзіцца за 12 км на паўднёвы ўсход ад Стоўпцаў, за 30 км на паўночны захад ад Нясьвіжу.
Мікалаеўшчына — даўняе магдэбурскае[1][2] мястэчка на мяжы гістарычных Меншчыны і Наваградчыны[a], асноўным заняткам жыхароў якога былі плытагонства і будаваньне віцінаў[4]. Малая радзіма Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Язэпа Лёсіка і шэрагу іншых грамадзкіх і культурных дзеячоў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля, помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя, зьнішчаны расейскімі ўладамі дзеля пабудовы царквы-мураўёўкі.
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Упершыню Мікалаеўшчына ўпамінаецца ў сярэдзіне XVI ст. як уладаньне Осьцікавічаў. Сваю назву паселішча атрымала, відаць, ад імя Мікалая Осьцікавіча. У 1555 годзе Мікалаеўшчыну набыў Л. Сьвірскі. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва.
У 1596 годзе Мікалаеўшчына перайшла ў валоданьне М. К. Радзівіла «Сіроткі», які далучыў яе да Нясьвіскай ардынацыі. У гэты час тут было 17 двароў, карчма, бровар, прыстань. На мяжы XVI—XVII стагодзьдзяў паселішча атрымала статус мястэчка. У 1617 годзе сядзібу Яна Радзівіла ў Мікалаеўшчыне наведаў каралевіч і вялікі княжыч Уладзіслаў. На 1628 год у мястэчку быў Рынак і 5 вуліцаў (Сьверынаўская або Узьдзенская, Дворная, Мастовая, Менская, Тыльная), 114 двароў, касьцёл, ратуша, гасьціны двор, млын, вэрф (сточня), 13 складоў тавараў. У 1652 годзе маршалак вялікі Аляксандар Людвік Радзівіл заснаваў тут касьцёл Яна Хрысьціцеля. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1664 годзе Мікалаеўшчыну зьнішчылі маскоўскія захопнікі[5]. На 1669 год у мястэчку засталося толькі 20 двароў, на 1700 год — 63, на 1777 год — 62. У гэты час празь Нёман узьвялі драўляны Калінавы мост даўжынёй у адну вярсту з чвэрцю.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Мікалаеўшчына апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Менскім павеце[6] Менскай губэрні. У XIX ст. статус паселішча панізілі да сяла.
Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1867 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі тутэйшы касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1882 годзе каля Мікалаеўшчыны ў засьценку Акінчыцах нарадзіўся Канстантын Міцкевіч (Якуб Колас). Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку быў 141 двор, дзеяла царква, працавалі карчма і крама, у пачатку XX ст. — 168 двароў. 9 ліпеня 1906 году тут адбыўся зьезд настаўнікаў Менскай губэрні.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Мікалаеўшчыну занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мікалаеўшчына абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Мікалаеўшчына апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Стаўпецкім павеце Наваградзкага ваяводзтва. На 1921 год у мястэчку было 164 двары.
У 1939 годзе Мікалаеўшчына ўвайшла ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стала цэнтрам сельсавету Стаўпецкага раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі. 3 1970 году тут працуе турыстычная база «Высокі Бераг», з 1972 году — Коласаўскі дзяржаўны заказьнік. На 1997 год у вёсцы было 360 двароў, на 1 студзеня 2004 году — 309 двароў. У 2000-я гады Мікалаеўшчына атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».
- Мястэчка на старых здымках
- Рынак, 1930-я гг.
- Адкрыцьцё моста церазь Нёман, 1928 г.
- Адкрыцьцё моста церазь Нёман, 1928 г.
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія
Інфраструктура
У Мікалаеўшчыне працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бібліятэка, пошта.
Забудова
Плян
Мікалаеўшчына — паселішча поплаўнага тыпу, якое сфармавалася на прасторы высокай тэрасы Нёмана[8]. Грамадзка-культурны цэнтар знаходзіцца непадалёк ад моста на старым пляцы колішняга мястэчка (гістарычным Рынку), дзе разьмяшчаецца будынак сельскай адміністрацыі і помнік Якубу Коласу. На паўночны ўсход знаходзіцца новы пляц, на якім разьмяшчаецца царква. Паміж старым і новым пляцамі ўзвышаецца гмах школы. Асноўная забудова аднапавярховая, пераважна драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу, радзей — цаглянымі катэджамі. Новае будаваньне вядзецца ў паўднёва-ўсходнім кірунку, у бок Русаковічаў.
Вуліцы і пляцы
Гістарычны Рынак, які таксама называлі Грудком, у наш час ня мае афіцыйнай назвы. Вуліцы Беларуская, Язэпа Лёсіка, Піянэрская і Новая ўзьніклі ў паваенны час.
Славутасьці
- Школа імя Якуба Коласа (1948)
- Помнік Якубу Коласу (1972)
- Нэалітычная стаянка трэцяга тысячагодзьдзя да нашай эры — помнік археалёгіі каменнага веку, гістарычна-культурная каштоўнасьць Беларусі[b]
Страчаная спадчына
- Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля (1652)
- Царква Сьвятога Мікалая (1876; мураўёўка)
Асобы
- Мікола Адам (нар. 1978) — беларускі паэт, празаік
- Лявон Белы (1927—2005) — беларускі публіцыст, які выступаў супраць палітыкі русіфікаці Беларусі
- Міхась Белы (1931—1970) — беларускі грамадзкі дзяяч, які выступаў супраць палітыкі русіфікаці Беларусі
- Сымон Белы (1929—2005) — беларускі пісьменьнік, заслужаны настаўнік БССР (1968)
- Павал Дземідовіч (1871—1931) — беларускі этнограф, фальклярыст, пэдагог
- Алесь Камароўскі (нар. 1947) — беларускі пісьменьнік, адзін зь першых беларускамоўных спартовых камэнтатараў
- Антон Лёсік (1872—1949) — настаўнік, мовазнавец, удзельнік беларускага нацыянальнага руху
- Язэп Лёсік (1883—1940) — беларускі грамадзка-культурны дзяяч, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
- Мікола Маляўка (1941—2024) — беларускі пісьменьнік, паэт, перакладчык, настаўнік
- Алесь Міцкевіч (1919—2015) — беларускі грамадзка-культурны, рэлігійны і сьвецкі дзяяч у ЗША, настаўнік, сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
- Валянтын Міцкевіч (1918—2005) — беларускі грамадзка-культурны, рэлігійны і сьвецкі дзяяч на эміграцыі
- Ганна Міцкевіч (1857—1929) — маці Якуба Коласа, сястра Язэпа і Антона Лёсікаў
- Міхась Міцкевіч (1850—1902) — лясьнік Нясьвіскай ардынацыі, бацька Якуба Коласа
- Міхась Міцкевіч (1897—1991) — беларускі грамадзка-культурны і рэлігійны дзяяч у ЗША, настаўнік, дэлегат Першага Ўсебеларускга кангрэсу
- Мікола Прускі (1928—2014) — дзяяч беларускай эміграцыі ў Злучаных Штатах Амэрыкі, выдавец, рэдактар, грамадзкі і культурны дзяяч
- Алесь Сянкевіч (1884—1938) — беларускі дзяржаўны дзеяч, навуковец, публіцыст, наркам аховы здароўя БССР (1921—1923)
Remove ads
Заўвагі
- Уваходзіла ў склад Менскага павету, аднак прытым належала да Нясьвіскай ардынацыі, цэнтар якой уваходзіў у склад Наваградзкага павету, таксама касьцельная парафія належала да Наваградзкага дэканату
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads