Пераклады Бібліі на беларускую мову
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Бі́блія на белару́скіх зе́млях пачаткова распаўсюджвалася на стараславянскай мове. Першыя вядомыя пераклады на тагачасную беларускую мову датаваныя пачаткам XVI стагодзьдзя.
Першыя пераклады на сучасную беларускую мову зьявіліся пасьля доўгага перапынку на пачатку XX стагодзьдзя. З тае пары створаны цэлы шэраг перакладаў Бібліі, аднак агульнапрынятага і прызнанага ўсімі канфэсіямі перакладу не існуе.
Remove ads
Зьяўленьне Бібліі на беларускіх землях
На тэрыторыі сучаснай Беларусі сьпісы асобных кніг Бібліі або іх фрагмэнтаў зьявіліся верагодней за ўсё пасьля хрышчэньня Русі (986—988). Агульнадаступным у моўных адносінах і дасканалым у багаслоўскім сэнсе перакладам доўгі час зьяўлялася Біблія Кірылы й Мятода на царкоўнаславянскай мове. Вядомыя дзясяткі рукапісаў XI—XV стагодзьдзяў, напісаных царкоўнаславянскай мовай.
Біблія распаўсюджвалася шляхам працаёмкага перапісваньня ў манастырскіх, царкоўных, княскіх майстэрнях-скрыпторыях. Магчыма, перапісваньнем сьвятых кніг займалася Эўфрасіньня Полацкая ў XII стагодзьдзі. Пра сталую біблійную традыцыю сьведчаць рукапісныя помнікі: Лаўрышаўскае, Аршанскае, Друцкае Эвангельлі, Смаленскі псалтыр і інш[1].
Remove ads
Першыя спробы
Як паказваюць дасьледаваньні (акадэмік Яўхім Карскі і інш.), ужо з XI стагодзьдзя робяцца спробы прыстасаваць кірыла-мятодаўскі пераклад да мясцовых асаблівасьцяў мовы, яе царкоўна-літургічнага стылю, удакладненьня тэксту і выпраўленьня памылак перапісчыкаў на аснове старажытнагабрэйскага і старажытнагрэцкага арыгіналаў[2]. З захаваных такога кшталту тэкстаў можна адзначыць Эвангельлі: Тураўскае (XI ст.), Полацкае (XII ст.), Аршанскае (XII—XIII стагодзьдзі), Лаўрышаўскае, Пінскае, Мсьціскае (XIV ст.), Друцкае, Ваўкавыскае, Кобрынскае, Лемяшэвіцкае, Слуцкае (XVI ст.), Жухавіцкае (XVII ст.) — і Псалтыры: Амсьціслаўскі/Смаленскі (1395), Віцебскі (1492), Пінскі (1543)[3].
Вядомыя некалькі ўрыўкаў перакладаў са старажытнагабрэйскае мовы невядомых аўтараў даскарынаўскага пэрыяду: «Песьня Песьняў» (XIV—XV стагодзьдзі), 9 кніг Старога Запавету (2 палова XV — пачатак XVI стагодзьдзяў)[4][5].
Вельмі важным трэба лічыць стварэньне ў Беларусі самастойнага поўнага біблійнага зводу, які быў складзены Мацьвеем Дзясятым («Дзясятаглаў», 1502—1507) і Фёдарам Янушэвічам (гістарычныя кнігі і «Пяцікніжжа Майсеева», 1514). У адрозьненьне ад так званага Генадзеўскага збору Бібліі (Ноўгарад, 1499), які грунтаваўся пераважна на баўгарскай рэдакцыі кірыла-мятодаўскага перакладу і перакладзеных з Вульгаты недастатніх кніг, беларускі збор узыходзіў да больш раньняе і дастаткова поўнае мараўскае рэдакцыі перакладу.
Remove ads
Вялікае Княства Літоўскае
Віленскі зборнік канца XV — пачатку XVI стагодзьдзяў, акрамя ўласна летапісаў, зьмяшчае пераклад з габрэйскае мовы кніг Ёва, Рут, Псалтыры, Найвышэйшае Песьні, Эклезіяста, Выслояў Саламонавых, Ераміінага Плачу, прарока Данііла і Эстэр. У мове сустракаюцца беларускія і ўкраінскія рысы. Літаральны пераклад з арыгіналу зрабіў тэксты малазразумелымі[6].
Пераклады Скарыны

Першым унікальным навукова-папулярным друкаваным выданьнем Бібліі на мове, блізкай да тагачаснае беларускай, была Біблія беларускага першадрукара Францішка Скарыны. Пераклад быў зроблены ім з Вульгаты Гераніма або з чэскага перакладу 1506 року. 6 жніўня 1517 Скарына выдаў Псалтыр, пасьля амаль кожны месяц па новай кнізе Бібліі. Да 1521 року выйшлі 23 ілюстраваныя кнігі Старога Запавету (у пасьлядоўнасьці: Псалтыр, Ёў, Прытчы, Ісус Сірахаў, Эклезіяст, Песьня Песьняў, Выслоўі Саламонавы, 4 кнігі Царстваў, Ісус Навін, Эдыт, Судзьдзі, Быцьцё, Другазаконьне, прарока Данііла, Эстэр, Рут, Ераміін Плач, Выхад, Лявіт, Лічбы) пад агульнай назвай «Біблія руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, Богу ко ч(е)сти и людым посполитым к доброму научению». У першую беларускую Біблію выдавец улучыў амаль паўсотні ілюстрацыяў: шматлікія застаўкі, іншыя дэкаратыўныя элемэнты, гармануючыя з шыхтоўкай старонак, шрыфтам і тытульнымі аркушамі.
Як вынікае са Скарынавай прадмовы да першай кнігі Царстваў, на беларускую мову ім былі перакладзеныя ўсе кнігі Старога і Новага Запаветаў, «на руські язык выложенных»[2]. Гэта пацьвярджаецца знойдзенымі ў XIX стагодзьдзі Якавам Галавацкім ў Львоўскім Ануфрыеўскім манастыры рукапісамі, сярод якіх знаходзіліся дадаткова 30 кніг, ідэнтыфікаваных паводле прадмоваў як скарынінскія.
Пераклад Скарыны кананічна дакладны ў перадачы літары й духу біблійнага тэксту, не дапускае вольнасьці й дапісак тлумачальніка, зьберагае адпаведны старажытнагабрэйскаму і старажытнагрэцкаму арыгіналу іменны стан мовы. Перакладнік намагаўся спрасьціць мову біблійных тэкстаў з тым, каб зрабіць іх даступнымі для разуменьня простых людзей. У мове ягонае Бібліі шмат беларускіх рысаў. Кнігі Скарыны заклалі грунт для ўнармаваньня беларускае літаратурнае мовы, сталі першым у сьвеце перакладам Бібліі на ўсходнеславянскую і чацьвертым — на набліжаную да гутарковай мовы народу (пасьля нямецкай, італійскай і чэскай)[1].
Яшчэ больш набліжаныя да жывой беларускай мовы выдадзеныя Скарынам «Псалтыр» (1517, 1522) і асабліва «Апостал» (1525), якія складаюць асобную групу не перакладных, але адаптаваных зь іншых царкоўнаславянскіх крыніцаў кніг з набліжэньнем да народнае мовы[4]. Тым ня менш, тэоляг і доктар філязофіі Ірына Дубянецкая адной з прычынаў таго, чаму Біблія Скарыны не адыграла культуратворчай ролі для тагачаснай Беларусі, называе факт перакладу «не на жывую мову»[7].
Пазьнейшыя пераклады
Пераклады сярэдзіны — апошняе чвэрці XVI стагодзьдзя ахопліваюць выключна новазапаветныя кнігі (Эвангельле і Апостал), што зьвязана з распаўсюджаньнем пратэстанцтва на тэрыторыі Рэчы Паспалітае і рэфармацыйнаю практыкай перакладу Сьвятога Пісаньня на нацыянальныя мовы[5]. Пасьля выданьня Берасьцейскай Бібліі (1563) зьявіліся рукапісныя пераклады розных частак гэтай кнігі па-беларуску[8].
Наступным значным перакладам зьявілася праца Васіля Цяпінскага. Ён быў вядомым прыхільнікам Рэфармацыі ў Беларусі, заснаваў ва ўласным маёнтку Цяпіна друкарню. Каля 1580 року Цяпінскі выдаў Эвангельлі паводле Мацьвея, Марка і пачатак паводле Лукі ў два слупкі: царкоўнаславянскай і беларускай мовамі. Гэтыя працы захаваліся да нашага часу ў двух асобніках. Паводле Карскага, беларускі пераклад зроблены з польскамоўнага тэксту Сымона Буднага 1572 року, царкоўнаславянскі — паводле нейкага паўднёва-заходняга ізводу[4].
Пазьней выданьнем біблійных кніг займаліся Сымон Будны, Іван Федаровіч і Пётра Мсьціславец, Канстантын-Васіль Астроскі, Стэфан Зізаній, Мялеці Сматрыцкі[9], Сьпірыдон Собаль, Максім Вашчанка і інш[10]. Паказальна, што Іван Федаровіч і Пётар Мсьціславец пры выданьні ў Заблудаве «Эвангельля вучыцельнага», як вынікае з прадмовы, напачатку рыхтавалі яго на беларускай мове, імаверна, у перакладзе Францішка Скарыны.
Remove ads
Рэч Паспалітая і Расейская імпэрыя
З надыходам Контрарэфармацыі беларуска-ўкраінскія пераклады Бібліі зьнікаюць[5], і на працягу XVII—XIX стагодзьдзяў не было зроблена ніводнага перакладу на беларускую мову.
На пачатку XX стагодзьдзя супрацоўнік Брытанскага Біблійнага таварыства Ўілфрыд Ўайзман пісаў:
![]() |
Беларусы — адзін зь першых народаў, якія надрукавалі Пісаньне на сваёй мове. Гэта было ў 1517 року, на восем гадоў раней за першае друкаванае выданьне па-ангельску. Можна ўявіць, якімі былі б цяпер беларусы, калі б перасьлед і ўціск веры ў канцы XVI ст. не прывялі народ да заняпаду. Разам з забаронай і зьнішчэньнем Бібліі пачалі згасаць сьвятло і надзея. | ![]() |
—Ўілфрыд Ўайзман, 500 год беларускай Бібліі // Новы Запавет. Кніга Прыповесьцяў / Бокун А., пераклад на беларускую мову. — Мн.: Пазітыў-цэнтр, 2016. — С. 7. — ISBN 978-985-6983-69-9 |
Remove ads
XX стагодзьдзе
У пачатку XX стагодзьдзя з нацыянальным адраджэньнем пачалося і эвангельскае прабуджэньне. Першыя заклікі да перакладу і выданьня беларускамоўнага Сьвятога Пісаньня зьяўляюцца ў пэрыёдыцы ў 1913 року. Першую спробу перакласьці Эвангельле на літаратурную беларускую мову зьдзейсьніў каталіцкі сьвятар Ільдэфонс Бобіч у 1912—1921 роках. Ягоныя «Niadzielašnija Ewanhielii i Nawuki» ўяўлялі збор казаньняў (навукаў), складзеных на аснове Новага Запавету, і былі прызначаныя ў дапамогу сьвятарам дзеля выкарыстаньня ў казаньнях[11]. Аднак ягоная кніга не атрымала прызнаньня[12].
У 1920—1930-я ідэя перакладу Сьвятога Пісьма на беларускую мову становіцца нацыянальнай справай. Ёй зацікавіліся такія вядомыя беларускія дзеячы, як Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Радаслаў Астроўскі, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Гальяш Леўчык, Аляксандар Уласаў, Кастусь Езавітаў[13].
Пераклад Дзекуць-Малея
Адным зь першых у пратэстанцкім асяродку, хто зьвярнуўся да ідэі перакладу, быў баптысцкі прэсьбітар зь Берасьця Лукаш Дзекуць-Малей. На пачатку 20-х рокаў XX стагодзьдзя ён пераклаў на сучасную беларускую мову чатыры Эвангельлі, выдадзеныя «тарашкевіцай» цягам 1926—1930 рокаў. Пазьней свае паслугі перакладу прапанаваў Антон Луцкевіч, і ў 1931 року выйшаў іх супольны пераклад Новага Запавету і псальмаў.
Пераклад Гадлеўскага

Сярод каталіцкага духавенства найбольш чынна працаваў над стварэньнем беларускай Бібліі рымска-каталіцкі сьвятар Вінцэнт Гадлеўскі. Ягоны камэнтаваны пераклад быў зроблены яшчэ да 1930 року, аднак супрацьстаяньне каталіцкіх уладаў дазволіла выдаць ягоныя «Čatyry Ewanelii i Apostalskija Dziei» лацінкай толькі ў 1938. Перакладнік выкарыстоўваў уласьцівую для польскай мовы рэлігійную тэрміналёгію і карыстаўся польскай тапанімікай.
Гадлеўскі пачаў працу над перакладам і Старога Запавету, аднак загінуў падчас савецка-нямецкай вайны ад рук гестапа. Ягоную працу працягнуў Пётар Татарыновіч, выдаўшы ў 1954 у Рыме камэнтаваныя «Sviatuju Evaneliju i Apostolskija Dziei», а ў 1974 — «Listy Sviatych Apostalau». Аднак ягоны пераклад, зазнаўшы значны ўплыў выданьня Гадлеўскага, таксама моцна насычаны палянізмамі.
Пераклад Станкевіча
Першым, хто пераклаў усю Біблію на сучасную беларускую мову, стаў вядомы гісторык мовы, лексыкограф і дасьледнік беларускіх старадаўнасьцяў Янка Станкевіч. Выкананы ў супрацоўніцтве зь вельмі кваліфікаваным гэбраістам Майсеем Гітліным, пераклад зроблены з арыгіналу[14] (Стары Запавет — з габрэйскай, Новы Запавет — з грэцкай моваў) і тэкстуальна не саступае ў даставернасьці пераўтварэньня клясычным перакладам. Ён, аднак перанасычаны дыялектызмамі і наватворамі. Сьпярша ў 1970 року ў Нью-Ёрку быў выдадзены «Новы Закон», а ў 1973 — і ўся «Сьвятая Біблія».
Пераклад Чарняўскага
У 1968 року дабраславеньне на пераклад Бібліі ад Папы рымскага Паўла VI атрымаў ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі[15]. Ягоны пераклад ствараўся на аснове польскае «Бібліі тысячагодзьдзя» з выкарыстаньнем тэкстаў лацінскай «Вульгаты», расейскага Сынадальнага перакладу і польскае Бібліі Якуба Вуйка. У 1995—1998 роках Уладзіслаў Чарняўскі перадаў рукапісы Антонію Бокуну, цяпер пастару пратэстанцкае царквы «Ян Прадвесьнік», які ў 1997 року зьдзейсьніў выданьне Кнігі Роду, у 1999 — Новага Запавету ў арыгінале і ў 2002 — Пяцікніжжа[16]. Вэрсія Чарняўскага зьмяшчае больш беларускіх паняткаў, азначэньняў, канструкцыяў у параўнаньні зь іншымі «апалячанымі» каталіцкімі перакладамі[12].
Іншыя пераклады
У эміграцыі перакладамі біблійных тэкстаў займаліся а. Леў Гарошка, арцыбіскуп БАПЦ Мікалай (Мацукевіч) («Напрастольнае сьвятое Эвангельле» тарашкевіцай, Таронта, 1988), а. Аляксандар Надсан («Боская літургія між сьвятымі Айца нашага Яна Залатавуснага», 1999), Ян Пятроўскі («Гэнэзіс», 1984, «Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка», 1987, «Эвангеле паводля Сьв. Яна», 1991), Міхась Міцкевіч. Пасьля закону аб веравызнаньнях у СССР да перакладу Бібліі зьвярнуўся Анатоль Клышка (Новы Запавет).
Існуе Дзіцячая Біблія на беларускай мове ў ананімным перакладзе, выдадзеная ў 1992 року стакгольмскім Інстытутам перакладу Бібліі (Швэцыя)[17].
Remove ads
XXI стагодзьдзе
Вялікім штуршком да павелічэньня колькасьці беларускіх перакладаў стала адзначэньне ў 2017 року 500-годзьдзя выданьня Францішкам Скарынам першай беларускай друкаванай кнігі. За 2016—2017 гады зьявіліся праваслаўны і каталіцкі пераклады Новага Запавету, другое выданьне Бібліі Беларускага біблійнага таварыства[18], Новы Запавет у перакладзе Антонія Бокуна[19], факсымільнае выданьне ўсіх вядомых кніг Скарыны[20]; а выданьне Новага Запавету, зьдзейсьненае «Гедэонавымі братамі» накладам 30 тысячаў асобнікаў[21], стала самым масавым беларускім перакладам.
Пераклад БПЦ
У 1989 годзе Менскі мітрапаліт Філарэт стварыў Біблійную камісію[22] Беларускага экзархату. У 1991 годзе выйшаў беларускі пераклад Біблійнай камісіі Эвангельля паводле Мацьвея. Праз некалькі гадоў па-беларуску выйшлі астатнія тры Эвангельлі паводле Марка, Лукі і Яна. Пазьней надрукавалі кнігу Дзеяньняў апостальскіх. Усе гэтыя выданьні былі 4-моўнымі і зьмяшчалі па парадку: арыгінальны старажытнагрэцкі тэкст, царкоўнаславянскі (Елісавецінскай Біблііі), расейскі сынадальны пераклад 19-га стагодзьдзя і беларускі пераклад Біблійнай камісіі. У 2007 годзе выдалі па-беларуску богаслужэбнае Эвангельле ўсіх 4-х апосталаў-эвангелістаў. Выданьне зьмяшчала пазнакі ўрыўкаў, якія варта зачытваць сьвятарам у вызначаныя дні цягам году, таму стала выкарыстоўвацца ў храмах пры набажэнстве[23].
2 верасьня 2017 году на Дні беларускага пісьменства ў Полацку (Віцебская вобласьць) беларускі экзарх Павал прадставіў «Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста» ў новым перакладзе на беларускую мову[24]. Пераклад з арыгінальнага старажытнагрэцкага тэксту ажыцьцявіла Біблійная камісія Беларускай праваслаўнай царквы, у склад якой увайшлі 6 асобаў: протаярэй Сергій Гардун, кандыдат багаслоўя протаярэй Аляксандар Пачопка, бакаляўр багаслоўя Іван Чарота, доктар філялягічных навук Уладзімер Васілевіч, кандыдат філялягічных навук Алесь Кароль і кандыдатка багаслоўя Тацяна Матрунчык. Выданьне на царкоўныя грошы выйшла накладам у 6000 асобнікаў з выявай Эўфрасіньнеўскага крыжа на вокладцы[23].
У ходзе працы Біблійная камісія Беларускай праваслаўнай царквы ўлічыла 8 ранейшых спробаў перакладу Сьвятога Пісаньня на беларускую мову: Лукашам Дзекуць-Малеем (Новы Запавет і Псалтыр, 1931), Вінцэнтам Гадлеўскім (Дабравесьце і Дзеі апосталаў, 1939), Янам Станкевічам (Біблія, 1973), Пятром Татарыновічам (Дабравесьце і Дзеі апосталаў, 1954), Уладзіславам Чарняўскім (Новы Запавет, 1999), Міхасём Міцкевічам (Дабравесьце, 1979), Васілём Сёмухам (Біблія, 2002) і Анатолем Клышкам (Новы Запавет, 2014). Таксама выкарысталі пераклады Бібліі на ангельскую, польскую, расейскую і ўкраінскую мовы. Новы Запавет выдалі пад кіраўніцтвам Выдавецкай рады БПЦ пры ўдзеле Біблійнага таварыства ў Беларусі і ТАА «Мэдыял». Наклад выданьня склаў 6000 асобнікаў, зь іх 500 падарункавых выдалі ў скураной вокладцы з залатым абрэзам. Макет Новага Запавету падрыхтавала Брацтва трох віленскіх мучанікаў пры Петрапаўлаўскім саборы ў Менску. Мастацкае афармленьне графічнымі застаўкамі кожнай кнігі Новага Запавету выканаў мастак Валер Сенчанка. Наклад надрукавалі ў беластоцкай праваслаўнай друкарні «Ортдрук» (Падляскае ваяводзтва)[25].
Пераклад Сёмухі

У 2002 року ў Менску выдадзеная поўная Біблія клясычным правапісам у перакладзе Васіля Сёмухі пад рэдакцыяй місіянэра Юркі Рапецкага (Канада) і з дапамогай мітрапаліта Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Мікалая. Асновай для ягонага перакладу стаў расейскі Сынадальны пераклад 1840 року. Сёмухаў пераклад вельмі багаты моўна, аднак крытыкуецца за «непрыкрытую вольнасьць у перакладзе цяжкіх месцаў, дыялектнае напісаньне біблійных імёнаў, нярэдка да страты іх запаветнай этымалёгіі»[2]; акрамя таго, дасьледніца Ірына Дубянецкая, доктар сакральнае філязофіі, заўважае, што крыніца перакладу — расейская Сынадальная Біблія — мае сама па сабе шмат тэкстуальных памылак[14].
Пераклад Беларускага Біблійнага таварыства
Антоні Бокун дапамог наладзіць кантакты прадстаўнікоў Беларускага Біблійнага таварыства з ксяндзом Чарняўскім. Пазьней да гэтае справы далучыліся айцец Андрэй Абламейка і айцец Сяргей Гаек[26]. Незадоўга да сваёй сьмерці, пры канцы 2001 року, Уладзіслаў Чарняўскі перадаў Біблійнаму таварыству правы на выданьне ўласных рукапісаў. Дасьледчыкі таварыства распачалі іх дапрацоўку і набор, і ўжо ў 2003 року выйшла новае выданьне Новага Запавету. Цягам наступных рокаў вялася праца па рэдагаваньні тэксту поўнае Бібліі, да якое былі прыцягнутыя навукоўцы-лаціністы Жанна Некрашэвіч-Кароткая і Тацяна Федасеева. Падчас іхняе працы тэкст Чарняўскага зьвяраўся з Новай Вульгатай, быў набліжаны да сынадальнага перакладу і пазбавіўся дыялектызмаў з гаворак Гарадзеншчыны і Валожыншчыны, дзе Ўладзіслаў Чарняўскі нарадзіўся і мешкаў значную частку жыцьця[16].
Выданьне поўнае Бібліі паводле тэксту Ўладзіслава Чарняўскага адбылося напачатку 2012 року афіцыйным правапісам. Пераклад Біблійнага таварыства стаў першым беларускім выданьнем, якое мае спасылкі на паралельныя месцы ў Бібліі і мапы тагачасных дзяржаваў і мясьцінаў; тэкст у квадратных дужках, які, хоць і адсутнічае ў старажытных грэцкіх рукапісах Новага Запавету, аднак утрымліваецца ў г. зв. «Тэкстах большасьці»; у канцы дададзены невялічкі тлумачальны слоўнік паняткаў, якія могуць быць незразумелыя сучаснаму чытачу. Назвы, нумарацыя і разьмяшчэньне кніг Бібліі пададзеныя паводле заходняе традыцыі; нумарацыя псальмаў падвойная: у дужках падаецца нумар паводле Сэптуагінты[27]. Варыянт перакладу Біблійнага таварыства крытыкуе каталіцкі сьвятар Сяргей Сурыновіч, які таксама займаецца праблематыкай беларускіх перакладаў Бібліі. Хібамі выданьня ён лічыць непасьлядоўнасьць трансьлітарацыі і перакладу ўласных імёнаў і геаграфічных назваў, а таксама пазбаўленьня перакладу індывідуальнасьці праз залішняе выкарыстаньне літаратурнай лексыкі (у адрозьненьне ад гутарковай мовы ксяндза Чарняўскага) і, як вынік, ускладненьня чытаньня канчатковага варыянту тэксту[16].
Пераклад Каталіцкай царквы
Перакладам займаецца «Сэкцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакумэнтаў Касьцёлу» Камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пры Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, якая дзейнічае з 1992 року. Паводле дакумэнтаў Касьцёлу, пераклад можна рабіць толькі з арыгінальных моваў (габрэйская, арамэйская, грэцкая; літургічныя — з лацінскай); таксама варта кіравацца тэкстам Новай Вульгаты[28]. З 2011 року асобнымі выданьнямі выйшлі:
- Эвангельлі
- 7 апостальскіх пасланьняў
- Апакаліпсіс сьв. Яна
- Дзеі Апосталаў ды 7 пасланьняў апостала Паўла[4].
У 2017 року выйшла поўнае выданьне кніг Новага Запавету на аснове Novum Testamentum Graece 27 і 28 рэдакцыяў[29].
Remove ads
Параўнаньне перакладаў
На прыкладзе 10 разьдзелу Эвангельля паводле Мацьвея — гэтая кніга прысутнічае ў большасьці перакладнікаў[30].
Remove ads
Праблемы розных перакладаў
- розныя правапісы («станкевічанка»[14], «тарашкевіца», «наркамаўка»)
- розныя варыянты назваў:
- «Паводле Іоана сьв. Эвангельле», «Сьвятое Дабравесьце паводле Іаана», «Паводле Яна сьв. Эвангельле», «Сьвятое Эвангельле паводле Яна», «Эвангеля паводле Яана», «Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце», «Паводля сьв. Яна Эвангеле», «Эванэлія паводля сьв. Яна»;[9]
- Сьвяшчэннае — Сьвятое, Пісаньне — Пісьмо, Завет — Запавет — Закон, Біблія — Бібля — Бівлія і да т. п.
- розныя каноны («пратэстанцкія» пераклады Янкі Станкевіча і Васіля Сёмухі не зьмяшчаюць «другакананічных» кніг, якія ўваходзяць у праваслаўныя і каталіцкія каноны[9])
Remove ads
Дзіцячыя Бібліі
У незалежнай Беларусі першы пераклад Бібліі для дзяцей зьявіўся ў 1992 року. Гэта выданьне Інстытуту перакладу Бібліі(en) ў Стакгольме (Швэцыя) ў перакладзе з расейскай мовы[41]. У гэтым жа годзе каталіцкая дабрадзейная арганізацыя «Царква ў патрэбе(de)» выдала ў Гішпаніі пераказ Бібліі пад назваю «Бог гаворыць да сваіх дзетак»[42]. У 1993 року пераказ Бібліі выйшаў ужо ў Беларусі ў выкладаньні Ўладзімера Ліпскага[43].
У 1994 року Міжнароднае біблейскае грамадзтва(en) выдала «Маю першую Біблію ў малюнках» ў паралельных беларускім і ангельскім тэкстах аўтара Кенэта Тэйлара(en)[44].
У 2012—2014 роках выйшла «Біблія для маленькіх» у трох частках, перакладзеная з «Beginner’s Bible»[45][46][47].
У 2017 року місіянэрскае таварыства «Дабравест» Беларускага зьвязу эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў выдала два пераказы біблійных гісторыяў: «Першую Біблію» ў перакладзе з «Starter Bible»[48] і «Адчыненую Біблію» ў перакладзе з «My Key Verse Bible»[49].
У 2019 року Беларуская місія ў ЗША выдала «Вялікую карціну біблейскай гісторыі» ў перакладзе з «The Big Picture Story Bible»[50].
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads