Польская нацыянал-дэмакратыя
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Нацыянальная дэмакратыя, нацыянальны рух, нацыянальны лагер або эндэцыя (ад скарачэння НД ) (пол. Narodowa Demokracja, ruch narodowy, obóz narodowy, endecja (od skrótu ND) — польскі палітычны рух з нацыяналістычнай ідэалогіяй, які ўтварыўся ў канцы ХІХ стагоддзя. Галоўным ідэолагам і сузаснавальнікам Нацыянальнай дэмакратыі быў Раман Дмоўскі.


Артыкулу нестае спасылак на крыніцы. |
Remove ads
Польская ліга
Ля вытокаў нацыянал-дэмакратыі знаходзілася Польская ліга - тайная арганізацыя, створаная ў Швейцарыі ў жніўні 1887 г. групай былых удзельнікаў паўстання 1863-1864 гг., якія знаходзіліся ў эміграцыі, а таксама на польскай тэрыторыі ў складзе Аўстра-Венгрыі. Імі было запланавана стварэнне строга заканспіраванай і цэнтралізаванай арганізацыі на тэрыторыі ўсіх трох частак Польшчы, што знаходзіліся ў складзе Расіі, Германіі і Аўстра-Венгрыі[1]. Сярод лідэраў арганізацыі вылучаўся ветэран паўстання 1863-1864 гг. Зыгмунт Мілкоўскі.
Брашура Зыгмунта Мілкоўскага «Пра актыўную абарону і нацыянальны скарб» стала фактычна першай праграмай Польскай лігі. Яна змяшчала наступныя асноўныя тэзісы:
- крытыка палітыкі Расіі, Германіі і Аўстра-Венгрыі, накіраванай на асіміляцыю польскага народа;
- крытыка распаўсюджанай у польскім грамадстве канцэпцыі «пасіўнай абароны», якая прадугледжвала супрацоўніцтва з дзяржавамі, пад уладай якіх знаходзіліся польскія землі;
- сцвярджэнне канцэпцыі «актыўнай абароны», што прадугледжвала сукупнасць легальных і нелегальных дзеянняў, накіраваных на ўмацаванне матэрыяльных і духоўных сіл нацыі, што павінна пры спрыяльных абставінах садзейнічаць дасягненню незалежнасці (дадзеная канцэпцыя не заклікала наўпрост да паўстання, але патрабавала не дыстанцыявацца ад такой ідэі і дапускала яго пры спрыяльных абставінах);
- стварэнне цэнтралізаванай «нацыянальнай установы» для кіраўніцтва нацыянальным рухам і збор сродкаў для будучай узброенай барацьбы шляхам стварэння "нацыянальнага скарбу" з унёскаў усіх ахвотных палякаў[2][3].
5 снежня 1887 г. была абвешчана праграма Польскай лігі, у якой мэтай арганізацыі ставілася падрыхтоўка ўсіх нацыянальных сіл да аднаўлення незалежнасці Польшчы ў межах Рэчы Паспалітай у форме дэмакратычнай рэспублікі, на федэратыўнай аснове. Дэкларавалася апора на дэмакратычныя і ліберальныя традыцыі польскай эміграцыі і паўстанняў 1794, 1830-1831 і 1863-1864 гг. У якасці сродка аднаўлення незалежнасці прадугледжвалася арганізацыя ўсенароднага паўстання ва ўсіх трох частках падзеленай Польшчы. У астатнім у асноўным паўтараліся раней выказаныя тэзісы Мілкоўскага[4]. Але ўжо ў змененай праграме 1888 г. замест узгадкі пра федэрацыю была ўключана фраза:
«Ліга будзе з вялікім спачуваннем падтрымліваць самастойнае развіццё нацыянальнасцей, якія ўваходзілі ў склад былой Рэчы Паспалітай»[5].
Пытанне адносін да няпольскіх народаў былой Рэчы Паспалітай выклікала дыскусіі сярод дзеячоў Польскай лігі. Ідэю федэрацыі падтрымліваў Зыгмунт Мілкоўскі; ён выклаў яе ў сваёй ранейшай брашуры "Руская справа" (Парыж, 1879), сцвярджаючы неабходнасць вырашэння спрэчак з украінцамі шляхам добраахвотнай і прызнанай федэрацыі[6]. Антоні Сыгетыньскі ў брашуры «Што рабіць» (Парыж, 1890) развіваў ідэю Польшчы, «у якой усе народы знойдуць сваё месца», шляхам надання роўных грамадзянскіх правоў прадстаўнікам усіх сацыяльных і нацыянальных груп, у тым ліку яўрэям[7].
Польская ліга імкнулася аб'яднаць групоўкі рознай ідэалагічнай скіраванасці, якія ставілі сваёй мэтай незалежнасць Польшчы. Першапачаткова яе дзейнасць праходзіла пераважна ў эміграцыі. Невялікія суполкі ўдалося арганізаваць на польскіх землях у Аўстра-Венгрыі. Важную ролю адыграла далучэнне да лігі ў 1888 г. створанага годам раней у Кракаве заканспіраванага Саюза польскай моладзі «Зэт» на чале з Зыгмунтам Баліцкім. Гэтая арганізацыя аб'ядноўвала галоўным чынам студэнцкую моладзь, якая навучалася ў замежных універсітэтах. Пасля навучання многія яе члены вярталіся на радзіму і такім чынам, стваралі кадравую базу для суполак Польскай лігі ў самой Польшчы, перш за ўсё ў Каралеўстве Польскім[8]. Пад уплывам польскай лігі знаходзіліся варшаўная штотыднёвая газета "Głos", жаночая арганізацыя "Кола жанчын Кароны, Літвы і Русі", культурна-асветніцкая арганізацыя "Лучнасць"[9].
У сакавіку 1891 г. Польская ліга арганізавала акцыю супраць пастаноўкі расійскай тэатральнай трупы ў Варшаве: перад пачаткам спектакля актывісты залілі залу тэатра хімікатамі, каб сарваць пастаноўку. Калі гэта не дапамагло, яны сталі абліваць кіслатой адзенне расійскай публікі. У гэты ж час у Варшаве стала распаўсюджвацца пракламацыя, напісаная актывістам "Зэту" і Польскай лігі Раманам Дмоўскім, у якой падкрэслівалася важнасць рэформ Чатырохгадовага сейма і Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Пазней сталі распаўсюджвацца іншыя брашуры лігі[1].
На пачатку 1890-х гг. пачалі нарастаць супярэчнасці паміж эмігранцкім кіраўніцтвам лігі і дзеячамі з Каралеўства Польскага, якія паходзілі з "Зэту". Першыя адстойвалі перадусім ліберальна-дэмакратычныя традыцыі польскага нацыянальнага руху і інклюзіўную канцэпцыю будучай Рэчы Паспалітай, другія - сталі пераходзіць на пазіцыі польскага нацыяналізму. У красавіку 1893 г. апошнія парвалі сувязі з Польскай лігай і стварылі новую арганізацыю - Нацыянальную лігу. Паколькі ўсе арганізацыі ў Польшчы перайшлі ў Нацыянальную лігу, Польская ліга на некаторы час захавалася толькі ў эміграцыі і ў 1894 г. самараспусцілася[10].
Польскі даследчык Вяслаў Слядкоўскі наступным чынам вызначыў адрозненне паміж Польскай і Нацыянальнай лігамі:
"Ад Польскай лігі Нацыянальная ліга пераняла прынцып непадзельнасці падзеленай польскай нацыі, які яна вызначала значна шырэйшым тэрмінам «усепольскасці», а таксама ідэю сацыяльнай салідарнасці. Аднак яна адкінула паўстанцкую традыцыю і прынцып барацьбы «за вашу і нашу свабоду» і абмежавала нацыянальную ідэю выключна польскім элементам, залічыўшы сябе з паняццем нацыянальнага эгаізму да нацыяналістычнай плыні, якая тады развівалася ў Еўропе і была цалкам чужой для Польскай лігі, як і антысемітызм, які адзначаўся толькі публікацыямі Паплаўскага ў «Głos»"[8].
Remove ads
Нацыянальная ліга і Нацыянал-дэмакратычны саюз да Першай сусветнай вайны
Дзейнасць да рэвалюцыі 1905-1907 гг.
Нацыянальная ліга сфарміравалася ў красавіку 1893 г. Арганізацыю ўзначальвалі Раман Дмоўскі, Тэафіл Валігорскі, Караль Рачкоўскі, Ян Людвік Паплаўскі, Зыгмунт Баліцкі. Ролю ідэйна-праграмнага дакумента Нацыянальнай лігі выконвала брашура Рамана Дмоўскага "Наш патрыятызм", выдадзеная ў красавіку 1893 г. У гэтай працы востра крытыкаваліся палітыка дзяржаў-захопнікаў і асабліва Расійскай імперыі ў дачыненні польскага народа, а таксама пазіцыя той часткі польскага грамадства ("угодаўцаў"), якая выступала за кампраміс з дзяржавамі-захопнікамі. Разам з тым ідэя ўзнаўлення масавых нацыянальных паўстанняў прызнавалася ў актуальных умовах нерэальнай і неэфектыўнай. Супрацьпастаўлялася гэтаму канцэпцыя "пастаяннай, бесперапыннай рэвалюцыі", якая ўключала ў сябе:
- актыўныя сродкі: палітычныя дэманстрацыі, адмова ад выплаты падаткаў, знішчэнне матэрыяльных рэсурсаў захопніцкага рэжыму, барацьба супраць любых форм нацыянальнага ўціску, пакаранні "здраднікаў" і "агентаў улады", у крайнім выпадку - узброеныя выступленні;
- "палітыка абароны": наладжванне нелегальнай прэсы і літаратуры, стварэнне тайных школ з польскай мовай навучання, арганізацыя падпольных грамадскіх арганізацый, судоў і "ўрада";
- актыўная падтрымка грамадскіх рухаў сярод розных слаёў польскага грамадства, у першую чаргу рабочага і сялянскага; спалучэнне форм сацыяльнай, палітычнай і нацыянальнай барацьбы.
Перад польскай інтэлігенцыяй ставілася задача выхавання народу, стварэння ў межах кожнай сацыяльнай супольнасці свядомых сацыяльных і нацыянальных сіл. Адстойваўся прынцып нацыянальнай салідарнасці, хаця пры гэтым адзначалася прыярытэтнасць задавальнення патрэб прыгнечаных слаёў грамадства. Гэта павінна было стварыць асновы для цывілізацыйнага прагрэсу, што разглядаўся як неабходная ўмова развіцця нацыянальнага руху. Вышэйшыя класы грамадства (землеўладальнікі і капіталісты) крытыкаваліся за эгаізм, які штуршаў іх да згодніцтва з дзяржавамі-захопнікамі. Сацыялістычны рух ацэньваўся ў цэлым станоўча, у тым выпадку, калі той спалучаў сацыяльныя мэты з нацыянальнымі[11].
17 красавіка 1894 г. Нацыянальная ліга арганізавала ў Варшаве патрыятычную дэманстрацыю да стагоддзя паўстання 1794 г., якая атрымала назву «Кіліньшчына», паколькі дэманстранты накіраваліся ў бок дома Яна Кіліньскага - аднаго з кіраўнікоў паўстання ў Варшаве. У выніку кіраўнікі лігі (Ян Людвік Паплаўскі, Раман Дмоўскі) былі арыштаваныя і зняволены ў Варшаўскай цытадэлі, а пазней вымушаныя эміграваць у Галіцыю[12]. Галоўным друкаваным органам руху стаў «Przegląd Wszechpolski» («Усепольскі агляд»), заснаваны Дмоўскім у 1895 г., які выдаваўся спачатку ў Львове, а з 1901 г. - у Кракаве.
У чэрвені 1897 г. падчас з'езда тайнай рады Нацыянальнай лігі ў Будапешце было абвешчана аб стварэнні Нацыянал-дэмакратычнага саюза. Праграма партыі, аўтарамі якой былі Раман Дмоўскі і Ян Людвік Паплаўскі, грунтавалася на ідэалогіі Нацыянальнай лігі. Нацыянал-дэмакратычны саюз не меў уласных арганізацыйных структур, абапіраўся на Нацыянальную лігу і шэраг звязаных з ёй арганізацый: Таварыства нацыянальнай асветы (створана на базе "Лучнасці" ў 1899 г.), Саюз Яна Кілінскага, Саюз польскай моладзі «Зэт» і інш.[13].
У 1903 г. была абвешчана новая праграма Нацыянал-дэмакратычнага саюза. Яе падставай былі тэарэтычныя працы Рамана Дмоўскага "Думкі сучаснага паляка" (1903) і Зыгмунта Баліцкага "Нацыянальны эгаізм адносна этыкі" (1902). Праграма сведчыла пра далейшы этап фарміравання ідэалогіі польскага нацыяналізму. Саюз абвяшчаў наступныя мэты:
"знешняя: эфектыўная абарона маральных і матэрыяльных інтарэсаў польскай нацыі ў цэлым і стварэнне для яе ўмоў для максімальна шырокага і ўсебаковага развіцця; унутраная: выцягванне з нацыі максімальна магчымай сілы, арганізацыя яе ва ўсіх сферах жыцця і грамадскай працы, і, нарэшце, развіццё ў ёй палітычных здольнасцей і цнотаў, неабходных для забеспячэння лепшай будучыні ў вышэйшых формах незалежнага палітычнага існавання"[14].
Значна больш акцэнтавана ў параўнанні з папярэдняй праграмай сцвярджаўся ў якасці найвышэйшай каштоўнасці нацыянальны інтарэс, які, з аднаго боку, ставіўся вышэй за класавыя, карпаратыўныя, канфесійныя, рэгіянальныя інтарэсы, а з другога, супрацьпастаўляўся нацыянальным інтарэсам іншых народаў. У той жа час нацыяналізм праграмы меў па-ранейшаму моцны папулісцкі (нацыянальны інтарэс атаясамліваўся перадусім з сацыяльнымі інтарэсамі шырокіх народных мас) і прагрэсісцкі (нацыянальны інтарэс суадносіўся з сацыяльна-эканамічным і сацыяльна-культурным прагрэсам) характар. Канчатковай палітычнай мэтай саюза абвяшчалася стварэнне незалежнай польскай дзяржавы. Прамежкавай мэтай лічылася дасягненне для польскага народа найбольш спрыяльных умоў палітычнага і эканамічнага развіцця шляхам дэмакратызацыі палітычнага ладу, увядзення прагрэсіўнага працоўнага заканадаўства, эканамічных рэформ у інтарэсах польскага народа[14].
У праграме 1903 г. акцэнт рабіўся на легальныя метады барацьбы. Нелегальныя метады ў форме пасіўнага супраціўлення, народнага байкоту дапускаліся толькі ў выпадку вычарпання ўсіх магчымых легальных сродкаў. Нічога не гаварылася больш пра рэвалюцыйны характар дзейнасці саюза. Асноўная ўвага прысвячалася арганізацыі культурна-асветніцкай дзейнасці сярод розных сацыяльных слаёў польскага народа, самаарганізацыі і стварэнню грамадскіх, прафесійных арганізацый, кааператываў, удзеле ў структурах мясцовага самакіравання. Значнае месца прысвячалася рабочаму руху: з аднаго боку, сцвярджалася падтрымка барацьбы рабочых за свае сацыяльна-эканамічныя правы, у тым ліку ў форме стачак, з другога, гаварылся пра неабходнасць націску на працадаўцаў з мэтай знаходжання кампрамісу з патрабаваннямі рабочых. Важная роля надавалася неабходнасці фарміравання нацыянальнай самасвядомасці, абароны і развіцця польскай мовы[14].
Вельмі неканкрэтна праграма Нацыянал-дэмакратычнага саюза была сфармулявана ў адносінах да няпольскіх народаў, якія пражываюць на "гістарычным абшары Польшчы" (літоўцаў, русінаў, немцаў): з аднаго боку, дэкларавался мірнае суіснаванне з гэтымі народамі, з другога, заяўлялася, што ў выпадку варожых дзеянняў гэтых народаў у адносінах да палякаў, з імі належыць весці барацьбу і садзейнічаць узмацненню польскіх элементаў на тэрыторыі іх пражывання. У спецыяльным дадатку да праграмы абвяшчалася падтрымка літоўскага нацыянальнага руху пры ўмове прызнання ім палітычнага адзінства з польскім народам і свабоды развіцця польскага руху на тэрыторыі Літвы. Яўрэям адмаўлялася ў праве на самастойны нацыянальна-палітычны рух, паколькі тыя не маюць уласнай нацыянальнай тэрыторыі, і сцвярджалася неабходнасць іх паланізацыі. Адначасова дэкларавалася неабходнасць аслаблення сацыяльна-эканамічных пазіцый яўрэяў на польскай нацыянальнай тэрыторыі[14].
Нацыянал-дэмакратычны саюз выступаў за тактычны саюз з расійскім апазіцыйным рухам, але супраць цеснага супрацоўніцтва[14]. 30 верасня - 9 кастрычніка 1904 г. Раман Дмоўскі прымаў удзел у канферэнцыі апазіцыйных і рэвалюцыйных партый Расійскай імперыі ў Парыжы.
У студзені 1904 г. нацыянал-дэмакратыя легалізавала сваю дзейнасць у Галіцыі ў форме Дэмакратычна-нацыянальнага саюза, устаноўчы з'езд якога адбыўся у гэты час у Львове[13].
Дзейнасць падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг.
На пачатку рэвалюцыі Польская нацыянал-дэмакратыя дэкларавала "трэці шлях" паміж рэвалюцыйнай барацьбой сацыялістычных партый і лаялізмам т.зв. "угодаўцаў", якія падтрымлівалі царызм. Выбух рэвалюцыі ў Расіі, гэтак як і паражэнні расійскага войска ў руска-японскай вайне, ацэньваліся як "акно магчымасцяў" да таго, каб дамагчыся аўтаноміі Каралеўства Польскага. З другога боку, асуджалася салідарнасць з расійскай рэвалюцыяй. Адмоўна ацэньваліся масавыя стачкі і асабліва праявы ўзброенай барацьбы з царызмам, да якіх заклікалі сацыялістычныя партыі. Яны, на думку нацыянал-дэмакратаў правакуюць царскія ўлады да рэпрэсій, выклікаюць раскол у польскім грамадстве, садзейнічаюць крызісу ў польскай эканоміцы, а таксама ставяць польскі рух у залежнасць ад "цывілізацыйна больш адсталага" расійскага рэвалюцыйнага руху. Раман Дмоўскі, які разам з Зыгмунтам Баліцкім прыбыў у канцы лютага 1905 г. да Варшавы, сцвярджаў, што палякі павінны выпрацаваць самастойны рацыянальны план палітычнай дзейнасці, без рэвалюцыйнай барацьбы[15]. Нацыянал-дэмакраты падтрымалі школьныя стачкі з патрабаваннямі пераводу школ на польскую мову навучання, а таксама барацьбу за ўвядзенне польскай мовы на ўзроўні гміннага самакіравання ў Каралеўстве Польскім[16]. Яны імкнуліся прыцягнуць да сябе ўсе сацыяльныя слаі польскага грамадства, дэкларавалі, як правіла, у даволі агульнай форме, падтрымку іх патрабаванняў, актыўна выкарыстоўваючы пры гэтым нацыяналістычную і папулісцкую рыторыку.
У чэрвені 1905 г. у Варшаве адбыўся легальны з'езд, які афіцыйна дэклараваў ўтварэнне ў Каралеўстве Польскім Нацыянал-дэмакратычнага саюза. У тым жа месяцы быў створаны Нацыянальны рабочы саюз, які знаходзіўся пад уплывам нацыянал-дэмакратыі і супрацьдзейнічаў сацыялістам у рабочым руху. У 1906 г. у ім налічвалася каля 16 тыс. чалавек[17].
Нацыянал-дэмакраты станоўча ўспрынялі царскія ўказ аб верацярпімасці 17 красавіка і Маніфест 17 кастрычніка 1905 г. У той час яны абвясцілі сваёй галоўнай задачай у актуальных умовах дабівацца аўтаноміі для Каралеўства Польскага шляхам перамоваў з царскім урадам. 5 лістапада 1905 г. Нацыянал-дэмакратычны саюз арганізаваў вялікую 200-тысячную дэманстрацыю пад назвай «Нацыянальны марш» у Варшаве[18]. Арыентацыя на кампраміс з царскім рэжымам і варожае стаўленне да рэвалюцыйнага руху зблізіла з канца 1905 г. нацыянал-дэмакратаў з "угодаўцамі". З гэтага часу эндэкі сваімі галоўнымі ворагамі сталі лічыць левыя сацыялістычныя партыі: Сацыял-дэмакратыю Каралеўства Польскага і Літвы і Польскую сацыялістычную партыю. Эндэцкая «Gazeta Polska» заклікала да падаўлення "сацыялістычнай анархіі". У той жа час сацыялісты абвінавачвалі эндэкаў у здрадзе, у сакрэтным пагадненні з царызмам аб падаўленні рэвалюцыі. У 1906-1907 гг. адбываліся крывавыя сутычкі паміж баявымі арганізацыямі сацыялістаў і Нацыянальнага рабочага саюза сярод рабочых, пераважна ў Лодзі, у выніку якіх загінулі 332 чалавекі і каля 400 было паранена[19].
На выбарах у Першую Дзяржаўную Думу нацыянал-дэмакраты правялі 34 дэпутатаў з 37 выбраных ад Каралеўства Польскага і ўтварылі ўласную дэпутацкую групу ў Думе - "Польскае кола Каралеўства Польскага". Яна ў сваю чаргу далучылася да шматнацыянальнай дэпутацкай кааліцыі аўтанамістаў, у якую ўваходзіла ў тым ліку група польскіх дэпутатаў Заходняга краю "Тэрытарыяльнае кола". Па агульнапалітычных пытаннях "Польскае кола" блакіравалася з дэпутацкай большасцю, у якой пераважала фракцыя кадэтаў. Іх аб’ядноўвалі патрабаванні дзяржаўна-палітычнай аўтаноміі для Каралеўства Польскага, а таксама ўстанаўлення ў Расійскай імперыі канстытуцыйнай манархіі і ўвядзення дэмакратычных свабод, ліквідацыі саслоўнага, нацыянальнага і рэлігійнага нераўнапраўя, культурна-нацыянальнай аўтаноміі народаў імперыі, што прадугледжвала права выкарыстання мясцовых моў у адміністрацыйных, судовых і адукацыйных установах. Эндэкі падтрымалі таксама кадэцкі законапраект аграрнай рэформы, які прадугледжваў адчужэнне дзяржаўных, царкоўных і часткі памешчыцкіх зямель сялянам за выкуп, хаця пры гэтым падкрэслівалі, што ў Каралеўстве Польскім аграрнае пытанне павінна вырашацаа аўтаномнымі органамі ў лады з улікам мясцовых умоў. У той жа час пасля разгону І Думы дэпутаты ад "Польскага кола" не выступілі з пратэстам і не падпісалі "Выбаргскую адозву".
На выбарах у Другую Дзяржаўную Думу нацыянал-дэмакраты ўтварылі агульны блок з кансерватыўным Саюзам рэальнай палітыкі ("угодаўцы") і ліберальным Прагрэсіўна-дэмакратычным саюзам. Былі выбраны 27 дэпутатаў ад Нацыянал-дэмакратычнага саюза, якія ізноў утварылі "Польскае кола Каралеўства Польскага", разам з 5 дэпутатамі ад партый-саюзнікаў[20]. Дэпутаты гэтай групы ўнеслі законапраект аб аўтаноміі Каралеўства Польскага, які прадугледжваў стварэнне сойму, увядзенне самастойнага заканадаўства, суда, бюджэта, адукацыйнай сістэмы. Эндэкі прызнавалі неабходнасць павелічэння сялянскага землеўладання, але не прапанавалі ў вырашэнні аграрнага пытання ніякага канкрэтнага законапраекта. Імі сцвярджалася, што ўмовай правядзення аграрнай рэформы павінна стаць наданне аўтаноміі Каралеўству Польскаму, а таксама мясцовага самакіравання губерням Заходняга краю, пасля чаго рэформу будуць праводзіць адпаведныя выбарныя органы мясцовай улады[21]. Разгон Другой Думы 3 чэрвеня 1907 г. (трэццячэрвеньскі пераварот) не дазволіў прыняць да разгляду праект аўтаноміі Каралеўства Польскага.
Дзейнасць у 1907-1914 гг.
Пасля рэвалюцыі 1905-1907 гг. Нацыянал-дэмакратычны саюз становіцца буйнейшай сістэмнай партыяй у Каралеўстве Польскім. Яго прадстаўнікі дамінавалі ў дэпутацкай фракцыі "Польскае кола Каралеўства Польскага" ў Трэцяй і Чацвёртай Дзяржаўных Думах. Пры гэтым у выніку змены выбарчага заканадаўства рэпрэзентацыя Каралеўства Польскага ў Думе зменшылася: у Трэцяй Думе (1907-1912) было 11 дэпутатаў-эндэкаў, у Чацвёртай - адпаведна 9[22]. Былі створаны таксама легальныя партыі нацыянал-дэмакратаў на польскіх землях, якія ўваходзілі ў склад Аўстра-Венгрыі (Дэмакратычна-нацыянальны саюз, з 1904 г.) і Германіі (Польскае дэмакратычнае таварыства, з 1909 г.). Дэмакратычна-нацыянальны саюз меў сваю фракцыю ў Дзяржаўнай Радзе Аўстрыі (16 дэпутатаў паводле выбараў 1907 г., 10 дэпутатаў паводле выбараў 1911 г.) і Краёвым сойме Галіцыі (11 дэпутатаў паводле выбараў 1908 г., 16 дэпутатаў паволде выбараў 1913 г.)[23].
У гэты перыяд кіраўніцтва эндэцыі канчаткова пераходзіць на кансерватыўныя пазіцыі. Дмоўскі ў сваёй працы "Германія, Расія і польскае пытанне» (Львоў, 1908) сцвярджаў, што найбольшай пагрозай для польскага народа з'яўляецца Германія і яе палітыка германізацыі, якая можа прывесці да «пралетарызацыі» польскай нацыі. Ён адзначаў, што для Расіі і Аўстрыі польскае пытанне было выключна мясцовай праблемай, у той час як для Германіі гэта было фундаментальнае пытанне, звязанае з яе экспансіяй на ўсход. Разважаючы пра магчымае сутыкненне вялікіх еўрапейскіх дзяржаў, Дмоўскі лічыў, што польскі нацыянальны рух павінен падтрымаць франка-расійскі саюз супраць Германіі[24]. Эндэкі ў гэты час фактычна згарнулі лозунг аўтаноміі, а іх палітычныя патрабаванні абмяжоўваліся ўвядзеннем мясцовага самакіравання ў Каралеўстве Польскім і Заходнім краі, ліквідацыі ўсіх прававых абмежаванняў для палякаў і католікаў, а таксама ўвядзення польскай мовы ў грамадскіх установах і на ніжэйшым узроўні судова-адміністрацыйнага апарату. Дзеячы нацыянал-дэмакратыі ўсяляк запэўнівалі царскія ўлады ў сваёй лаяльнасці. Так, Уладзіслаў Грабскі ў сваёй брашуры "Погляд на палітыку і парламенцкую работу польскіх дэпутатаў у Трэцяй Дзяржаўнай Думе" пісаў[25]:
"Наша заданне - задавальняць патрэбы задавальняць патрэбы расійскай дзяржавы, незалежна ад таго, ці атрымаем што за гэта. У сувязі з антыпольскай палітыкай нямецкага ўрада расійская дзяржаўнасць павінна быць палітычнай асновай польскіх нацыянальных імкненняў".
Таксама Дмоўскі і яго прыхільнікі падтрымалі неаславянскі рух, што ставіў сваёй мэтай абарону славянскіх народаў ад германскай экспансіі і пераўтварэнне Аўстра-Венгрыі ў федэрацыю славянскіх народаў. Яны прымалі ўдзел у Славянскім з'ездзе ў Празе ў ліпені 1908 г.[26].
Прарасійскі паварот Нацыянал-дэмакратычнага саюза выклікаў расколы ў арганізацыі: у 1908 г. з яго вылучылася антырасійская фракцыя "Фронда", а ў 1911 г. - група "Сецэсія". У гэты ж час разарвалі супрацоўніцтва з эндэцыяй Нацыянальны рабочы саюз, Нацыянальны сялянскі саюз, Саюз польскай моладзі «Зэт». Непрыхільна да прарасійскай арентацыі ставілася і кіраўніцтва Дэмакратычна-нацыянальнага саюза ў Галіцыі[27].
Дзейнасць падчас Першай сусветнай вайны
З пачаткам Першай сусветнай вайны Нацыянал-дэмакратычны саюз падтрымаў дзяржавы Антанты, у першу чаргу Расійскую імперыю. 8 жніўня 1914 г. на экстраным пасяджэнні Дзяржаўнай думы дэпутат-эндэк ад Кельцаў Віктар Яроньскі ад імя Польскага кола прадставіў дэкларацыю аб салідарнасці польскага народа з Расіяй у барацьбе супраць Германіі. Яна была цёпла ўспрынята Раманам Дмоўскім, які пазней напісаў:
«Ніколі ў жыцці ніводзін з нашых палітычных крокаў не прыносіў мне такой радасці»[28].
У адказ на дэкларацыю галоўнакамандуючага Расійскай арміяй вялікага князя Мікалая Мікалаевіча Раманава ад 14 жніўня 1914 г., у якім пастуліравалася ідэя аб'яднання ўсіх польскіх земляў пад уладай расійскага імператара, а таксама даваліся даволі абстрактныя абяцанні адносна аўтаноміі аб'яднанай Польшчы, група прыхільнікаў супрацоўніцтва з Расіяй, перадусім нацыянал-дэмакратаў, падпісала тэлеграму падзякі, у якой, сярод іншага, абвясціла, што
"кроў сыноў Польшчы, пралітая разам з крывёю сыноў Расіі ў барацьбе з агульным ворагам, стане найвялікшай гарантыяй новага жыцця ў міры і сяброўстве паміж двума славянскімі народамі"[29].
25 лістапада 1914 г. Нацыянал-дэмакратычны саюз разам з Саюзам рэальнай палітыкі і групай беспартыйных палітыкаў стварылі ў Варшаве Польскі нацыянальны камітэт, які ставіў сваёй мэтай аб'яднаць польскія палітычныя сілы, што выступалі ў падтрымку ў вайне Расійскай імперыі. Пад яго патранам быў сфарміраваны Пулаўскі легіён - польскае ўзброенае фарміраванне, якое ў 1914-1915 гг. ваявала ў складзе расійскага войска.
Пасля акупацыі Каралеўства Польскага аўстра-германскімі войскамі ў 1915 г. частка кіраўніцтва Нацыянал-дэмакратычнага саюза, а таксама Польскі нацыянальны камітэт (у 1917-1918 гг. - Польская рада міжпартыйынага аб'яднання) перабраліся ў Петраград. Іншая частка на чале з Раманам Дмоўскім перабралася ў Заходнюю Еўропу, дзе рабіла стаўку на супрацоўніцтва з урадамі заходнееўрапейскіх дзяржаў Антанты. Пры гэтым эндэкі ўключаюць у гэты час у свае патрабаванні стварэнне незалежнай польскай дзяржавы. У сакавіку 1916 г. Дмоўскі ўручыў расійскаму паслу ў Парыжы мемарандум, у якім, паведамляючы пра нязменнасць саюзу з Расіяй супраць Германіі, адзначыў, што палякі маюць права на ўтварэнне "незалежнай нацыянальнай дзяржавы"[30].
У жніўні 1917 г. быў створаны Польскі нацыянальны камітэт на чале з Дмоўскім з цэнтрам у Парыжы. Праз некаторы час ён быў прызнаны ўрадамі Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і ЗША ў якасці польскага афіцыйнага прадстаўніцтва ў эміграцыі[31]. Пад яго патранатам было створана Польскае войска ў Францыі, якое ваявала на баку Антанты. Кіруючую ролю Польскага нацыянальнага камітэта ў польскім палітычным руху прызнавалі арганізацыі, што знаходзіліся пад моцным уплывам эндэкаў: Польская рада міжпартыйнага аб'яднання ў Расіі, Міжпартыйнае палітычнае кола ў Каралеўстве Польскім, Міжпартыйны саюз у Галіцыі, Міжпартыйны камітэт на польскіх землях у Германіі, а таксама большасць польскіх асяродкаў у ЗША і Канадзе.
Арганізацыя дзейнасці польскай нацыянал-дэмакратыі на тэрыторыі Беларусі
У адпаведнасці з ідэалогіяй польскай нацыянал-дэмакратыі абшар пражывання польскага народа ўключаў у сябе ўсе землі, аб'яднаныя гістарычнай традыцыяй Рэчы Паспалітай, якія павінны быць у будучыні ўключаныя ў склад польскай дзяржавы. Тут узнікла праблема адносін да іншых народаў і іх нацыянальных рухаў, якія ўжо паўсталі на дадзенай тэрыторыі. З аднаго боку, эндэкі прызнавалі факт фарміравання дадзеных рухаў, з другога, усяляк прымяншалі іх ролю і значэнне, дапускалі магчымасць іх развіцця толькі пры ўмове прызнання непарыўнай палітычнай сувязі з польскім народам[32]. Адзін з ідэолагаў эндэцыі Зыгмунт Баліцкі ў сваім артыкуле "Нацыянальны эгаізм і этыка" (1902) сцвярджаў, што права на незалежнасць маюць толькі нацыі з моцнай індывідуальнасцю, якія могуць змагацца і перамагаць, адказваць сілай на сілу, адпомсціць за крыўду[33]. Раман Дмоўскі ў 1901 г. на старонках выдання "Przegląd Wszechpolski" пісаў:
"Ніхто не будзе спрачацца з тым, што пра беларусаў можна гаварыць толькі як пра галіну, як пра племя, а не як пра нацыю. Каб заслужыць гэтую назву, трэба мець хаця б якую-небудзь, нават элементарную ўнутраную арганізацыю, хаця б невялікую агульную душу або пачаткі нейкіх агульных імкненняў"[34].
Іншы лідэр нацыянал-дэмакратаў Ян Людвік Паплаўскі, гаворачы пра беларусаў і ўкраінцаў, сцвярджаў:
«[...] у іх няма выразных палітычных ці нацыянальных памкненняў, нават напалову свядомага жадання захаваць сваю этнаграфічную адметнасць. Там можна казаць толькі пра сутыкненне і ўзважванне польскіх і рускіх уплываў, каталіцызму і праваслаўя. Акрамя гэтага няма ніякай беларускай ці рускай справы, і з-за вельмі нізкага ўзроўню адукацыі і пасіўнага характару гэтага насельніцтва не можа быць гаворкі пра які-небудзь нацыянальны рух сярод іх, нават у бліжэйшай будучыні»[32].
Падобныя сцвярджэнні фактычна азначалі, што народы былой Рэчы Паспалітай павінны быць паланізаваныя. Раман Дмоўскі ў праграмнай працы "Думкі сучаснага паляка" (1903) пісаў:
"Калі мы ўпусцім з-пад уплываў польскай культуры (і тым самым страцім) усходнія літоўска-рускія тэрыторыі, то мы застанемся без большай часткі нашых даўніх земляў. Акрамя таго пры сённяшнім складзе насельніцтва гэтых абшараў былой Рэчы Паспалітай, мы пакінем там некалькі мільёнаў несумненных палякаў, якія жывуць і працуюць дзеля той жа культуры, што і мы. Каб вызначыць велічыню гэтай страты, дастаткова пералічыць шэраг знакамітых палякаў, якія дала нам гэтая зямля на працягу аднаго апошняга стагоддзя"[35].
У канцы ХІХ ст. уплыў нацыянал-дэмакратаў на беларускіх і літоўскіх землях абмяжоўваўся культурна-асветніцкай дзейнасцю: распаўсюджвалася перыёдыка эндэкаў, ствараліся (пераважна ў Вільні) тайныя адукацыйныя гурткі, якія потым аб'ядналіся ў Таварыства нацыянальнай асветы (яго дзейнасцю ў Вільні кіраваў Вітальд Вэнслаўскі)[35].
Першай спробай нацыянал-дэмакратаў замацавацца ў краі было выданне "Noworocznika litewskiego na rok 1904". На яго першай старонцы было пазначана, што выданне здзейснена намаганнямі Дэмакратычна-нацыянальнай партыі на Літве. Сярод апублікаваных матэрыялаў вылучаюцца "Абавязкі паляка ў забраным краю". Першым сярод абавязкаў пазначалася веданне гісторыі Польшчы. Мясцовыя палякі з гістарычнага і этнаграфічнага пункту гледжання разглядаліся як неад'емная частка адзінай польскай нацыі. Толькі раздзел "Адносіны да люду" засведчыў пэўнае ўяўленне пра этнічную своеасаблівасць гістарычнай Літвы. У прыватнасці, сцвярджалася неабходнасць ведання ў залежнасці ад мясцовасці "літоўскай, жмудскай, беларускай і маларускай моваў". Прапаноўвалася звяртацца да народу "там, дзе неабходна, на яго мове або па-польску". У той жа час катэгарычна забараняліся выкарыстанне расійскай мовы і кантакты з расійскім насельніцтвам[34].
Актывізавалася дзейнасць нацыянал-дэмакратаў у Беларусі і Літве падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. Яны карысталіся папулярнасцю сярод часткі польскай гарадской інтэлігенцыі, сярэдніх і дробных землеўладальнікаў. Эндэкі не мелі ў той час у краі ўласнага друку, але карысталіся ў якасці трыбуны шэрагам мясцовых польскамоўных выданняў, у першую чаргу буйнейшым з іх - "Kurier Litewski". У верасні 1905 г. гэтае выданне змясціла артыкул А. Багдановіча "Пра беларускую мову", дзе апошняя абвяшчалася мовай цемры і невуцтва ў "краіне курных хатаў і калтуноў", а беларускі нацыянальны рух трактаваўся як антыпольская інтрыга, накіраваная на вынішчэнне польскай культуры[34].
У сакавіку 1906 г. на старонках "Kurierа Litewskiego" былі надрукаваны зварот і праграма Польскай дэмакратычна-нацыянальнай партыі ў Літве. Аналіз гэтага дакумента сведчыць пра пэўныя асаблівасці поглядаў мясцовых нацыянал-дэмакратаў. Яны лічылі сябе часткай адзінай польскай нацыі, але, абвяшчаючы прыярытэтнасць нацыянальных інтарэсаў, сцвярджалі іх палітычнае супадзенне з інтарэсамі гістарычнай Літвы. У звароце падкрэслівалася, што палякі з'яўляюцца карэннымі жыхарамі гэтай зямлі. Літва трактавалася як тэрытарыяльна-гістарычнае паняцце. Дэкларавалася поўная палітычная роўнасць усіх народаў краю. Праграма ўтрымлівала патрабаванне шырокай дэцэнтралізацыі Расійскай імперыі, у тым ліку - утварэнне аўтаноміі з уласным заканадаўчым соймам для Каралеўства Польскага і шырокага мясцовага самакіравання з цэнтрам у Вільні для шасці беларуска-літоўскіх губерняў. У праграме звярталася ўвага на аграрную праблему, вырашэнне якой, аднак, фактычна прадугледжвала непарушнасць памешчыцкага землеўладання. Праграма прадугледжвала выбар мясцовым насельніцтвам мовы навучання, хаця размова ішла толькі пра польскую і літоўскую мовы. Аўтары праграмы заклікалі польскіх дэпутатаў, абраных у Першую Думу ад беларуска-літоўскіх земляў, далучацца да Польскага кола[36]. Разам з тым адсутнічаюць звесткі пра фарміраванне на беларускіх землях партыйных структур эндэцыі. На думку беларускага гісторыка Аляксандра Смалянчука, выданне вышэй узгаданых звароту і праграмы былі жаданнем нацыянал-дэмакратаў прадэманстраваць сваю прысутнасць у краі ва ўмовах думскіх выбараў[37].
Такім чынам, Нацыянал-дэмакратычны саюз не стварыў на тэрыторыі Беларусі і Літвы ўласных арганізацыйных структур. На думскіх выбарах у беларуска-літоўскіх губернях эндэкі падтрымлівалі тых мясцовых польскіх палітыкаў, якія мелі членства ў нацыянал-дэмакратычных арганізацыях або былі найбольш блізкімі да іх па поглядах. Так, напрыклад, яны падтрымалі абранага двойчы дэпутатам Думы ІІІ і IV скліканняў ад Віленскай губерні Станіслава Мацеевіча, які ўваходзіў у склад Нацыянальнай лігі, Таварыства нацыянальнай асветы, а таксама арганізацыі каталіцкага духавенства «Collegium Secretum», што знаходзілася пад уплывам эндэцыі[38]. З пяці польскіх дэпутатаў, абраных ад Віленскай губерні ў склад IV Дзяржаўнай Думы, двое (Станіслаў Мацеевіч, Ваўжынец Путкамер) былі па сваіх поглядах нацыянал-дэмакратамі[39]. Разам з тым нацыянал-дэмакраты цесна супрацоўнічалі з мясцовымі ўплывовымі палітыкамі кансерватыўна-ліберальнай плыні краёвага руху і вымушаны былі ўлічваць іх погляды. Думскія дэпутацкія групы, што складаліся з польскіх дэпутатаў з Заходняга краю (Краёвае кола Літвы і Русі), заўсёды цесна супрацоўнічалі з "Польскім колам Каралеўства Польскага", сумесна ўваходзілі ў думскія камісіі, аднак захоўвалі сваю самастойнасць. Прапановы аб'яднання польскіх дэпутатаў з заходніх губерняў з Польскім колам гучалі ў Думах усіх скліканняў, як з боку нацыянал-дэмакратаў з Каралеўства Польскага, так і з боку некаторых польскіх дэпутатаў з беларуска-літоўскіх губерняў, аднак поспеху яны не мелі. Так, прапанова дэпутата ІІ Дзяржаўнай Думы ад Віленскай губерні Ваўжынца Путкамера аб уваходжанні ў Польскае кола дэпутацкай групы "Кола польскіх дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі" была адхілена большасцю гэтай групы[40].
Дэпутаты-эндэкі, выступаючы ў І і ІІ Дзяржаўных Думах за дзяржаўную аўтаномію для Каралеўства Польскага, адмаўлялі гэтую ідэю для беларуска-літоўскіх губерняў, маючы апасенні, што палякі ў такім палітычным утварэнні застануцца ў меншасці. Дэпутат Думы ўсіх чатырох скліканняў ад Калішскай губерні Альфонс Парчэўскі ў ліпені 1906 г. казаў[41]:
"Калі гэтыя землі даб'юцца палітычнай аўтаноміі, то польскі элемент на іх будзе цалкам падпарадкаваны літоўскаму, беларускаму і ўкраінскаму насельніцтву".
Палітычныя патрабаванні Польскага кола ў дачыненні Заходняга краю зводзіліся да забеспячэння грамадзянскага раўнапраўя для прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцяў і канфесій, асабліва ў галіне адукацыі, а таксама ўвядзення шырокага мясцовага самакіравання, з якім звязвалася вырашэнне аграрнага пытання. Апошняе патрабаванне было прадстаўлена ў вядомай прамове лідэра Польскага кола Рамана Дмоўскага ў ІІ Думе[42]. У той жа час асобныя дэпутаты-эндэкі двухсэнсоўна тлумачылі патрабаванне аўтаноміі Польшчы, робячы заявы аб тым, што тая не павінна абмяжоўвацца межамі Каралеўства Польскага. Так, дэпутат І і ІІ Дум ад Люблінскай губерні Ян Стэцкі ў сваёй брашуры "Аб аўтаноміі Каралеўства Польскага" (Кракаў, 1907) сцвярджаў, што аўтаномная польская дзяржава не можа існаваць без літоўскіх, беларускіх і ўкраінскіх тэрыторый[43].
Уплыў польскай нацыянал-дэмакратыі ў беларуска-літоўскіх губернях праяўляўся праз дзейнасць звязаных з ёй грамадскіх арганізацый: "Саюз нацыянальнай моладзі", "Сокал", "Зэт" і г.д.[44]. Важнае значэнне мела таксама праца ў перыядычным друку. Найбольш значны ўплыў эндэкі мелі ў рэдакцыях штодзённай газеты "Dziennik Wileński" (з 1908 г. "Goniec codzienny", Вільня, 1906-1911) і штотыднёвай газеты "Zorza Wileńska" (Вільня, 1905-1909). Рэдактарам абодвух выданняў быў Адам Карповіч. Сярод кіраўнікоў і супрацоўнікаў газеты "Dziennik Wileński" ("Goniec codzienny") вылучаўся нацыянал-дэмакрат Юзаф Хласка. На старонках выдання прапагандавалася ідэалогія нацыянальнага эгаізму, шмат пісалася пра абарону інтарэсаў польскай нацыянальнасці ў краі, пра неабходнасць яго матэрыяльнага і культурнага прагрэсу, усеагульнай адукацыі, падвяргалася крытыцы дзейнасць рэвалюцыянераў. Пры гэтым выданне выступала супраць палітычнай аўтаноміі гістарычнай Літвы[37]. Газета "Zorza Wileńska" не вяла наўпроставай партыйнай прапаганды. Яна прапагандавала навучанне польскай мове ў дзяржаўных школах, стварэнне сельскагаспадарчых гурткоў[45][34]. У 1911 г. адбылося аб'яднанне газет "Goniec codzienny" і "Kurier Wileński" (газета краёвага накірунку), з 1912 г. аб'яднанае выданне выходзіла пад назвай "Kurier Litewski". Юзаф Хласка стаў ключавой фігурай у рэдакцыі газеты, дзякуючы чаму на яе старонках вельмі часта з'яўляліся наратывы ў духу эндэцыі. З пачаткам Першай сусветнай вайны ён стаў галоўным ідэолагам прарасійскай арыентацыі ў мясцовым друку, якая тым не меш не карысталася падтрымкай сярод польскай грамадскасці краю[46].
Пасля германскай акупацыі часткі Віленскай і Гродзенскай губерняў у 1915 г. частка мясцовых нацыянал-дэмакратаў эвакуявалася ўглыб Расійскай імперыі, у тым ліку Юзаф Хласка. Іншыя вымушаны былі прыстасоўвацца да ўмоваў акупацыі. Разам з прадстаўнікамі іншых палітычных плыняў іх прадстаўнікі ўвайшлі ў склад мясцовых арганізацый, якія супрацоўнічалі з германскімі ўладамі: Віленска-Ковенскі грамадзянскі камітэт, Польскі камітэт у Вільні (Вітальд Вэнслаўскі, Аляксандр Звежыньскі, Браніслаў Умястоўскі, Адам Кулеша)[47].
Remove ads
Нацыянал-дэмакратыя ў міжваеннай Польшчы
Дзейнасць у 1918-1926 гг.
Адразу пасля ўзнікнення незалежнай Польскай рэспублікі ў лістападзе 1918 г. нацыянал-дэмакраты не прымалі істотнага ўдзелу ў фарміраванні яе структур, знаходзіліся ў апазіцыі да левацэнтрысцкіх урадаў і арыентаваліся на Польскі нацыянальны камітэт у Парыжы. Група эндэкаў удзельнічала ў спробе дзяржаўнага перавароту 4-5 студзеня 1919 г. Аднак ужо ў сярэдзіне студзеня 1919 г. пры пасярэдніцтве дзяржаў Антанты асноўныя палітычныя сілы Польшчы дасягаюць кампрамісу, у выніку якога нацыянал-дэмакраты ўвайшлі ў склад новага кааліцыйнага ўрада Ігнацыя Падарэўскага (першыя міністры-эндэкі: міністр рэлігійных вызнанняў і народнай асветы Ян Лукасевіч, міністр былой прускай тэрыторыі Уладзіслаў Сейда), а Польскі нацыянальны камітэт прызнаны афіцыйным прадстаўніцтвам Польшчы на Парыжскай мірнай канферэнцыі[48]. З таго часу на працягу 1919-1926 гг. нацыянал-дэмакратыя становіцца адной з вядучых сістэмных палітычных сіл у Польскай Рэспубліцы, цэнтрам прыцягнення на правым фланзе польскай палітыкі.
У снежні 1918 г. напярэдадні выбараў ва Ўстаноўчы сойм Польскай рэспублікі быў утвораны Нацыянальны выбарчы камітэт дэмакратычных саюзаў на аснове аб'яднання нацыянал-дэмакратычных, шэрагу хрысціянска-дэмакратычных і іншых правых і правацэнтрысцкіх арганізацый з трох частак раней падзеленай Польшчы. Дадзены камітэт дабіўся поспеху на выбарах, атрымаўшы на выбарах у студзені 1919 г. 32,5% галасоў выбаршчыкаў, і правёў ва Ўстаноўчы сойм 109 дэпутатаў[49]. Найбольшай папулярнасцю ён карыстаўся ў Вялікай Польшчы. Пасля выбараў з ліку адзначаных дэпутатаў была сфарміравана парламенцкая фракцыя - Соймавы народна-нацыянальны саюз на чале з Войцехам Карфанты. У маі 1919 г. на яго базе быў праведзены І з'езд Народна-нацыянальнага саюза. Першапачаткова ён уяўляў з сябе федэрацыю розных партый. Летам - восенню 1919 г. ад саюза аддзяліліся Хрысціянска-нацыянальны рабочы клуб і Нацыянальнае народнае аб'яднанне. На ІІ з'ездзе ў кастрычніку 1919 г. Народна-нацыянальны саюз быў пераўтвораны ў цэнтралізаваную партыю. Cярод лідэраў саюза вылучаліся Станіслаў Грабскі, Станіслаў Гланбіньскі, Ян Залуска.
Праграма Народна-нацыянальнага саюза пастуліравала "аб'яднанне ў адну дзяржаву ўсіх зямель, дзе польскае насельніцтва складае большасць, або дзе стагоддзі цывілізацыйнай працы пакінулі след польскасці"[50]. Гэта адпавядала канцэпцыі Дмоўскага, выказанай у мемарандуме "Праблемы Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы" (Лондан, 1917). Падобны падыход быў максімальна расплывісты і даваў розныя нагоды для інтэрпрэтацыі. Сам Дмоўскі ў сваім мемарандуме сцвярджаў, што на ўсходзе Польшча павінна ўключаць у сябе Ковенскую, Віленскую, Гродзенскую, большую частку Мінскай і Валынскай губерняў[51]. У 1919 г. ён узначальваў польскую дэлегацыю на Парыжскай мірнай канферэнцыі і на ёй прадставіў праект тэрытарыяльных прэтэнзій Польшчы, вядомы як "лінія Дмоўскага". Паводле яго, тэрыторыя Польшчы, акрамя тых земляў, якія яна на той час фактычна кантралявала, павінна была ўключаць у сябе усю Верхнюю Сілезію, Гданьскае Памор'е, Вармію і Мазуры, Галіцыю, а таксама Віленскую, Гродзенскую, Мінскую, Валынскую, часткі Віцебскай і Падольскай губерняў[52]. Аднак у 1920 г. Дмоўскі адмовіўся ад свайго першаснага плана ў дачыненні ўсходніх межаў. На савецка-польскіх перамовах, якія папярэднічалі заключэнню Рыжскага мірнага дагавора 1921 г., польская дэлегацыя, у якой дамінавалі нацыянал-дэмакраты і іх саюзнікі, выступіла супраць уключэння ў склад Польшчы Мінскай губерні. Гэта вынікала з таго, што ў асяроддзі эндэцыі канчаткова перамагла канцэпцыя стварэння монанацыянальнай дзяржавы, якая супрацьстаяла федэралісцкай канцэпцыі прыхільнікаў Юзафа Пілсудскага і левацэнтрысцкіх палітычных сіл. Нацыянал-дэмакратычная газета "Kurier Warszawski" наступным чынам тлумачыла такую пазіцыю[53]:
"Або мы абмяжуем нашыя дамаганні землямі, якія бясспрэчна польскія і якія бясспрэчна імкнуцца да Польшчы, і створым моцны арганізм, што засяроджвае ўсю энергію знутры, або, як гэта было ў вартым жалю мінулым, мы захочам разліцца па ўсходніх абласцях, губляць лепшыя сілы на экстэнсіўную палітыку, павялічваць колькасць сваіх ворагаў, адцягваць свой позірк ад заходняй мяжы, што знаходзіцца пад вечнай пагрозай, і прымацоўваць сваю ўвагу да нацыянальных і дзяржаўных загадак на ўсходзе".
Нацыянал-дэмакраты з гэтых жа меркаванняў выступалі з крытыкай ідэі прызнання самастойнай Украінскай Народнай Рэспублікі, якая, на іх думку, з цягам часу будзе займаць антыпольскую пазіцыю ў саюзе з Германіяй, што разглядалася як галоўны "гістарычны вораг" Польшчы[53]. У знешняй палітыцы эндэкі арыентаваліся на саюз краінамі-пераможцамі ў Першай сусветнай вайне, найперш з Францыяй.
Ва ўнутранай палітыцы праграма Народна-нацыянальнага саюза зыходзіла з прынцыпаў салідарызму. Пастуліравалася гарманічнае ўзаемадзеянне розных сацыяльных класаў на аснове кампрамісу. Пры гэтым абвяшчалася падпарадкаванне сацыяльных інтарэсаў нацыянальным. Гэта прадугледжвала абарону нацыянальных сектараў эканомікі ва ўмовах свабоднай рыначнай эканомікі, правядзенне сацыяльных рэформ з наданнем пераваг польскім нацыянальным элементам. Гэты прынцып уліваўся ў эндэцкім праекце аграрнай рэформы. Паводле яго, дапускалася частковая парцэляцыя памешчыцкіх зямель за выкуп з захаваннем высокай максімальнай нормы землеўладання (300-500 га) і з выключэннем з-пад дзеяння рэформы выскокапрадукцыйных маёнткаў. Парцэляцыі павінны былі, паводле гэтага праекта, падлягаць перш за ўсё этнічна няпольскія землеўладанні, а карысць з яе атрымліваць польскія сялянскія гаспадаркі. Сцвярджалася асаблівая роля ў грамадскім жыцці каталіцкага касцёла, асабліва ў сферы адукацыі[50][54][55][56].
Ва ўмовах першых гадоў станаўлення Польскай Рэспублікі, якія праходзілі ва ўмовах шматлікіх войнаў з суседнімі дзяржавамі, удавалася захоўваць кампраміс паміж рознымі палітычнымі групоўкамі. Прадстаўнікі Народна-нацыянальнага саюза паслядоўна ўваходзілі ў склад кааліцыйных урадаў Польскай Рэспублікі: Ігнацыя Падарэўскага (студзень - снежань 1919), Леапольда Скульскага (снежань 1919 - чэрвень 1920), Уладзіслава Грабскага (чэрвень - ліпень 1920), Вінцэнта Вітаса (ліпень 1920 - верасень 1921). Аднак з пачаткам знешнепалітычнай стабілізацыі на пачатку 1920-х гг. узмацніліся ўнутрыпалітычныя супярэчнасці. У сакавіку 1922 г. нацыянал-дэмакраты выступілі супраць беспартыйнага ўрада Антонія Панікоўскага (верасень 1921 - чэрвень 1922) у сувязі з яго ініцыятывай уключэння Сярэдняй Літвы ў склад Польскай Рэспублікі з захаваннем аўтаноміі. Калі ў чэрвені 1922 г. начальнік дзяржавы Юзаф Пілсудскі ў парушэнне канстытуцыі, без узгаднення з соймам, адправіў урад у адстаўку і прызначыў прэм'ер-міністрам свайго прыхільніка Артура Слівіньскага, гэта выклікала палітычны крызіс, падчас якога эндэкі ўзначалілі апазіцыю Пілсудскаму. Яны ўнеслі ў ліпені 1922 г. у сойм прапанову аб вотуме недаверу Пілсудскаму як кіраўніку дзяржавы, аднак сойм большасцю ў 206 галасоў супраць 186 адхіліў яе[57]. У выніку крызіс скончыўся кампрамісам шляхам стварэння новага беспартыйнага ўрада Юліяна Новака (жнівень - снежань 1922).
Напярэдадні парламенцкіх выбараў у лістападзе 1922 г. была ўтворана правацэнтрысцкая кааліцыя з удзелам Народнага нацыянальнага саюза і шэрагу хрысціянска-дэмакратычных і блізкіх да іх арганізацый (Хрысціянска-нацыянальны саюз працы, Нацыянальна-хрысціянскі народны саюз, Хрысціянска-нацыянальны аграрны саюз) пад назвай "Хрысціянскі саюз нацыянальнага адзінства", або як скарочана называлі іх праціўнікі "Х'ена". Паводле вынікаў выбараў кааліцыя атрымала 29,12% галасоў выбаршчыкаў і 163 дэпутацкія мандаты (з 444) у сойме, а таксама 39,9% галасоў выбаршчыкаў і 48 (з 111) мандатаў у сенаце[58]. Новы палітычны крызіс узнік у выніку абрання на першых прэзідэнцкіх выбарах, якія праводзіліся ў сойме 9 снежня 1922 г., прадстаўніка левацэнтрысцкіх сіл Габрыэля Нарутовіча. Эндэкі ў дзень інаўгурацыі - 11 снежня 1922 г. - арганізавалі дэманстрацыю пратэсту ў Варшаве, якая скончылася ўзброенымі сутычкамі з палітычнымі праціўнікамі, што прывялі да гібелі дзеяча Польскай сацыялістычнай партыі Яна Калушэўскага і шматлікіх раненняў[59][60]. 16 снежня 1922 г. Габрыэль Нарутовіч быў забіты прыхільнікам нацыянал-дэмакратаў мастаком Элігіюшам Невядомскім, што выклікала абвінавачванні ў адрас эндэцыі з боку яе праціўнікаў.
У маі 1923 г. у сойме Хрысціянскі саюз народнага адзінства заключыў кааліцыйнае пагадненне з Польскім сялянскім саюзам "Пяст" ("Х'ена - Пяст"). У выніку ўтварылася новая парламенцкая большасць, што стварыла для яе магчымасць сфарміраваць свой кааліцыйны урад на чале з лідэрам партыі "Пяст" Вінцэнтам Вітасам (май - снежань 1923), у які ўвайшлі ў тым ліку чатыры члены Народнага нацыянальнага саюза. Дзейнасць гэтага ўрада супала з вострым фінансава-эканамічным крызісам у Польшчы восенню 1923 г., які прывёў да масавай хвалі грамадскіх пратэстаў, стачак і антыўрадавых дэманстрацый. Урад у шэрагу рэгіёнаў накіраваў войскі супраць пратэстоўцаў, што прывяло ў лістападзе 1923 г. да ўзброеных сутыкненняў з чалавечымі ахвярамі з абодвух бакоў у Кракаве, Тарнаве і Барыславе. Гэтыя паздеі выклікалі адстаўку ўрада Вітаса. Аднак новы ўрад быў ізноў сфарміраваны з удзелам кааліцыі "Х'ена-Пяст" на чале з нацыянал-дэмакратам Уладзіславам Грабскім (снежань 1923 - лістапад 1925). У склад ураду ў розны час уваходзіла некалькі членаў Народнага нацыянальнага саюза. Тым не менш у цэлым ён меў пераважна тэхнакратычны, беспартыйны характар, і часта падвяргаўся крытыцы з боку эндэкаў. У сувязі са стратай даверу з боку сойма з-за шэрагу эканамічных і знешнепалітычных праблем урад Грабскага ў лістападзе 1925 г. пайшоў у адстаўку. У лістападзе 1925 г. быў сфарміраваны шырокі кааліцыйны ўрад на чале з Аляксандрам Скшыньскім з удзелам як правых, так і левых сіл. У яго склад увайшлі два прадстаўнікі Народнага нацыянальнага саюза. Дадзены ўрад аказаўся няўстойлівым і на фоне сацыяльна-эканамічных праблем 5 мая 1926 г. падаў у адстаўку. Гэта выклікала новы палітычны крызіс. Нацыянал-дэмакраты ў складзе кааліцыі "Х'ена - Пяст" спрабавалі вырашыць яго шляхам стварэння новага ўрада на чале з Вінцэнтам Вітасам, але гэта не атрымалася ў выніку ваеннага перавароту ў маі 1926 г., які прывёў да ўстанаўлення аўтарытарнага рэжыму на чале з Юзафам Пілсудскім.
У 1923-1927 гг. пад патранатам Народнага нацыянальнага саюза дзейнічала парамілітарная арганізацыя - Нацыянальная варта, якая ўдзельнічала ў ахове сходаў і вулічных акцый нацыянал-дэмакратаў, сутыкненнях з палітычнымі праціўнікамі (была забаронена ўладамі ў 1927 г.)[61].
Дзейнасць у 1926-1939 гг.
Устанўленне аўтарытарнага санацыйнага рэжыму змяніла палітычны статус нацынал-дэмакратыі. Яна заняла месца правай апазіцыі. Часам яе дзеячы сутыкалася з пераследамі і рэпрэсіямі з боку рэжыму. У той жа час яна захоўвала пераважна легальны статус і некаторыя прыкметы сістэмнай палітычнай сілы, удзельнічалаў парламенцкіх і мясцовых выбарах і праводзіла сваіх дэпутатаў у прадстаўнічыя органы ўлады.
На парламенцкіх выбарах у сакавіку 1928 г. нацыянал-дэмакраты ўтварылі разам з часткай хрысціянскіх дэмакратаў Каталіцкі нацыянальны блок, які атрымаў 8,1% галасоў выбаршчыкаў і 37 дэпутацкіх мандатаў у сойме, а таксама 9,22% галасоў выбаршчыкаў і 9 мандатаў у сенаце[62].
Аслабленне палітычнага ўплыву нацыянал-дэмакратыі выклікала ў яе шэрагах ідэалагічныя трансфармацыі і арганізацыйныя рэарганізацыі. Правае крыло эндэцыі на чале з Раманам Дмоўскім яшчэ ў першай палове 1920-х гг. стала выказваць моцныя сімпатыі да італьянскага фашызму. Дмоўскі ў інтэрв'ю выданню "Gazeta Warszawska" ў 1925 г. найпрост заявіў[63]:
"Калі б мы былі падобныя да цяперашняй Італіі, калі б мы мелі такую арганізацыю як фашызм, калі б мы нарэшце мелі Мусаліні, несумненна найвялікшага чалавека ў цяперашняй Еўропе, нічога больш нам патрэбна б не было".
Пад яго уплывам у снежні 1926 г. узнікла пазапарламенцкая палітычная арганізацыя - Лагер вялкай Польшчы, якую ўзначаліў Раман Дмоўскі. Новая арганізацыя ставіла сваёй мэтай аб'яднанне праціўнікаў санацыйнага рэжыму з прадстаўнікоў розных правых партый і арганізацый[64]. Лагер вялікай Польшчы меў іерархічную дысцыплінаваную арганізацыйную структуру. У хуткім часе ён пераўтварыўся ў масавую араганізацыю, якая налічвала каля 200-300 тыс. чалавек[65][66], у тым ліку каля 120 тыс. членаў налічвала маладзёжнае крыло - "Рух маладых Лагеру вялікай Польшчы"[67]. Найбольшы ўплыў новая арганізацыя мела ў Вялікай Польшчы, Сілезіі, на Памор'і і ў Варшаве[68]. Праграма Лагеру Вялікай Польшчы сведчыла пра зрух на крайне правыя пазіцыі гэтай часткі нацыянал-дэмакратыі. У ёй знайшлі адлюстраванне наступныя патрабаванні:
- канцэпцыя нацыянальнай дзяржавы, якая рэалізуе інтарэсы толькі асоб польскай нацыянальнасці;
- вяртанне Польшчы "карэнных" земляў, якія знаходзіліся пад уладай Германіі (Верхняя і Ніжняя Сілезія, Памор'е, Любуская зямля, Вармія і Мазуры);
- паслядоўная паланізацыя славянскіх меншасцяў у Польшчы;
- выключэнне з публічнага жыцця і барацьба з эканамічным уплывам яўрэяў;
- наданне каталіцызму статусу пануючай рэлігіі;
- адыход ад парламенцкай дэмакратыі да аўтарытарнай улады, заснаванай на прынцыпах іерархіі і элітарызму[69][70]. Дмоўскі, сцвярджаючы, што народ з'яўляецца крыніцай улады, пастуліраваў, што народ трэба арганізаваць так, каб зрабіць з яго „цела здольнае кіравацца адзінай думкай і дзейнічаць паводле адзінага плану”[71].
З другога боку, у чэрвені - кастрычніку 1928 г. адбылася рэарганізацыя Народнага нацыянальнага саюза ў новую палітычную партыю - Нацыянальны саюз. У яе стварэнні ўдзельнічалі і прадстаўнікі Лагеру вялікай Польшчы. Кіраўніком арганізацыі стаў Іахім Стэфан Барташэвіч. Праграма партыі ў асноўным абапіралася на праграму Народнага нацыянальнага саюза. У ёй сцвярджаліся сацыяльны салідарызм, неабходнасць пануючага статусу ў дзяржаве за каталіцкім касцёлам, захаванне раўнавагі паміж рознымі галінамі ўлады ў дзяржаве, павышэнне ўзроставага выбарчага цэнзу і змяненне выбарчага заканадаўства з мэтай павышэння ролі палякаў у рэгіёнах з пераважна няпольскім насельніцтвам, замена прафсаюзаў прафесійнымі карпарацыямі з удзелам як рабочых, так і працадаўцаў. Радыкальнае крыло эндэкаў з Лагеру Вялікай Польшчы - "маладыя" - выступалі за падрыхтоўку да сілавога захопу ўлады. Аднак кіраўніцтва Нацыянальнага саюзу ("старыя") лічыла такую мэту маларэальнай і галоўную стаўку рабіла на парламенцкую барацьбу і нацыянальна-палітычнае выхаванне мас[72]. У сойме Польскай Рэспублікі ІІ кадэнцыі (1928-1930) дэпутаты-эндэкі выступалі з крытыкай санацыйнага рэжыму і нават дапускалі тактычныя саюзы з левацэнтрысцкай апазіцыяй (Цэнтралеў). Падчас роспуску сойму у 1930 г., які справаджаўся масавымі арыштамі апазіцыйных дэпутатаў, былі ў тым ліку арыштаваныя і два дэпутаты ад фракцыі эндэкаў[73].
На парламенцкіх выбарах 1930 г. Нацыянальны саюз атрымаў 12,7% галасоў выбаршчыкаў і 62 дэпутацкія мандаты, а таксама 12 месцаў у сенаце[74]. У першай палове 1930-х гг. узмацніліся як тактычныя, такі ідэалагічныя рознагалоссі паміж "старымі" (Станіслаў Строньскі, Мар'ян Сейда, Раман Рыбарскі) і "маладымі" (Стэфан Саха, Тадэвуш Бялецкі, Енджэй Гертых) у нацыянал-дэмакратычным руху. "Старыя", якія пераважалі ў Нацыянальным саюзе, выступалі за легальныя метады барацьбы. Яны былі прыхільнікамі канцэпцыі элітарнай нацыянальнай улады і таму выступалі за адпаведныя змены ў выбарчым заканадаўстве: увядзенне непрапарцыянальных і непрамых выбараў, каб забяспечыць перавагу адукаваным і заможным слаям грамадства, а таксама асобам польскай нацыянальнасці, павышэнне узроставага цэнзу[75]. Аднак у цэлым яны не выступалі супраць парламентарызму і прынцыпу падзелу ўлад, крытыкавалі санацыйны рэжым за парушэнні канстытуцыйнай законнасці. "Маладыя" абвінавачвалі "старых" у згодніцтве і памяркоўнасці, "лібералізме" і "дэмакратызме"[76]. Яны выступалі за сілавы захоп улады шляхам "нацыянальнай рэвалюцыі" і ўстанаўленне аўтарытарнага рэжыму на ўзор фашысцкай Італіі, а пасля 1933 г. нацысцкай Германіі[77][78][79][80]. Для ідэалогіі "маладых" былі характэрны таксама радыкальны антысемітызм (патрабаванні пазбаўлення яўрэяў грамадзянскіх правоў або нават дэпартацыі)[77][80] і антыкапіталістычны папулізм (патрабаванні нацыяналізацыі прадпрыемстваў, якія належалі замежнаму капіталу і яўрэям, правядзення сацыяльных рэформ на карысць рабочых і немаёмных слаёў насельніцтва, радыкальнай аграрнай рэформы)[81][82]. Адзін з лідэраў гэтай групоўскі Енджэй Гертых такім чынам вызначаў яе месца ў тагачаснай палітыцы ў сваёй працы "Аб выхадзе з крызісу"[83]:
"мы належым да такіх рухаў, як фашызм у Італіі, гітлерызм у Германіі, лагер Салазара ў Партугаліі, карлізм і Фаланга ў Іспаніі, якія зрынаюць ў краінах Еўропы старую плутакратычна-сацыялістычна-масонскую сістэму і будуюць новы парадак - нацыянальны парадак".
У выніку ў Нацыянальным саюзе адбыўся шэраг расколаў, калі ад яго аддзяліліся шэраг праварадыкальных арганізацый: у 1933 г. Нацыянал-сацыялістычная рабочая партыя, у 1934 г. Саюз маладых нацыяналістаў і інш.[84]. Пасля таго як у сакавіку 1933 г. улады забаранілі Лагер вялікай Польшчы, "маладыя" ў ліпені 1934 г. арганізавалі на яго ўзор Нацыянальна-радыкальны лагер. Праграма новай арганізацыі адлюстроўвала фашысцкія погляды прадстаўнікоў гэтай групоўкі. У ёй пастуліравалася ідэя ўстанаўлення "іерархічнай арганізацыі народу", адмаўляліся прынцыпы дэмакратыі, сцвярджаліся ідэі антысемітызму і антыкапіталізму, эканамічнай аўтаркіі[85]. Аднак ужо ў ліпені 1934 г. арганізацыя была забаронена ўладамі, а яе кіраўнікі былі накіраваны ў лагер у Бярозе Картузскай[86]. Аднак, Нацыянальна-радыкальны лагер працягваў дзейнічаць нелегальна. У 1935 г. у ім адбыўся раскол на шэраг фракцый. Буйнейшыя з іх - "АВС" і "Фаланга" - мелі свае баявыя арганізацыі, што здзяйснялі тэрарыстычныя акты, накіраваныя перадусім супраць яўрэяў[87].
У 1935 г. "маладыя" выціснулі "старых" з кіраўніцтва легальнага Нацыянальнага саюза. Аднак у хуткім часе сярод новага кіраўніцтва ўзнік раскол на памяркоўную фракцыю на чале з Тадэвушам Бялецкім, якая схілялася да супрацоўніцтва з санацыйным рэжымам, і на радыкальную фракцыю на чале з Енджэем Гертыхам[88].
Як і ўсе апазіцыйныя партыі, Нацыянальны саюз байкатаваў парламенцкія выбары 1935 і 1938 гг., якія праходзілі паводле канстытуцыі 1935 г. Нягледзячы на ціск з боку ўладаў, ён да канца міжваеннага перыяду заставаўся масавай партыяй, у якой на 1938 г. налічвалася каля 200 тыс. членаў[67]. Пад уплывам Нацыянальнага саюза знаходзіліся шматлікія прафсаюзы (Прафсаюзнае аб'яднанне "Польская праца"), маладзёжныя (Акадэмічны саюз усяпольскай моладзі), спартыўныя (Гімнастычнае таварыства "Сокал"), культурна-асветніцкія і іншыя грамадскія арганізацыі. Друкаванымі органамі саюза былі „Gazeta Warszawska” (з 1935 г. „Warszawski Dziennik Narodowy”), „Myśl Narodowa”, „Kurier Poznański”, „Dziennik Wileński” і іншыя выданні. Найбольшым уплывам Нацыянальны саюз карыстаўся ў заходняй і цэнтральнай Польшчы, а таксама ў Вільні і ў Львове.
Нацыянал-дэмакратыя і Заходняя Беларусь
Нацыянальная праграма польскіх нацыянал-дэмакратаў грунтавалася на тэзісе аб тым, што суверэнам у польскай дзяржаве з'яўляецца польскі народ. Іншыя народы павінны падпарадкоўвацца палітычнай, эканамічнай і культурнай дамінацыі палякаў. Ад самага пачатку існавання Польскай Рэспублікі нацыянал-дэмакраты адстойвалі канцэпцыю ўнітарнай дзяржавы, якая не дапускала ніякіх элементаў аўтаноміі для тэрыторый, што мелі нацыянальную спецыфіку[89]. Адзінай дзяржаўнай мовай і мовай навучання ў дзяржаўных школах дапускалася толькі польская. Большасць эндэцкіх дзеячоў не лічыла беларусаў, як і ўкраінцаў, самастойнымі народамі і пастуліравала неабходнасць іх паланізацыі. Гэтыя народы разглядаліся як масы без "выразнай нацыянальнай фізіяноміі", якія павінны быць асіміляваныя шляхам натуральнага ўздзеяння польскай культуры і адпаведных змен у нацыянальнай структуры тых тэрыторый, якія яны засяляюць[90]. Дэпутат Народнага нацыянальнага саюза ва Ўстаноўчым сойме Юзаф Зміловіч ў сваёй прамове 31 ліпеня 1919 г. заяўляў[91]:
"Назва Беларусь да нядаўняга часу была невядомай сярод насельніцтва. Тыя, каго клічуць беларусамі, так сябе не акрэсліваюць. Калі мы маем казаць аб беларускім насельніцтве, то толькі як аб немаўлятку. Мы яшчэ не ведаем, ці яно разаўецца, ці апекуном гэтага народу можа быць Польшча або Расія".
З мэтай палітычнага ўздзеяння на беларускіх землях яшчэ ў лютым 1919 г. у Варшаве пад уплывам нацыянал-дэмакратаў быў утвораны блок народных і нацыянальных партый у Літве і Беларусі, які прыняў інкарпарацыйную канцэпцыю. Яе ўхваліў сход нацыянальных дэмакратаў у Вільні ў красавіку 1919 г.[92]. У перыяд функцыянавання Сярэдняй Літвы мясцовыя эндэкі ўтварылі кааліцыю разам з хрысціянскімі дэмакратамі і іншымі правацэнтрысцкімі групоўкамі. Створаны ёй Польскі цэнтральны выбарчы камітэт заняў першае месца на выбарах у Сойм Сярэдняй Літвы ў студзені 1922 г., артымаўшы 36,29% галасоў выбаршчыкаў і 40 (з 106) дэпутацкіх месц. У выніку эндэкі ўвайшлі ў склад буйнейшай фракцыі ў Сойме - Гурта нацыянальных саюзаў і аб'яднанняў (43 дэпутаты), які выступаў за поўную інкарпарацыю Сярэдняй Літвы ў склад Польскай Рэспублікі[93]. Па гэтым пытанні дадзеная фракцыя здолела стварыць дэпутацкую большасць, якая адстаяла канцэпцыю інкарпарацыі як у самім Сойме, так і ў перамовах з польскім урадам Антонія Панікоўскага, які імкнуўся пайсці на саступкі прыхільнікам аўтаноміі Віленшчыны[94].
Першыя парламенцкія выбары Польскай Рэспублікі 1922 г. прадэманстравалі розны ўплыў нацыянал-дэмакратаў і іхніх саюзнікаў у заходнебеларускіх землях у залежнасці ад рэгіёна. На выбарах у сойм Хрысціянскі саюз народнага адзінства заняў першае месца ў Віленскай (30,52%) і Гродзенскай (27,32%) выбарчых акругах, а таксама другое (з невялікім адставаннем ад Блока нацыянальных меншасцяў) у Беластоцкай выбарчай акрузе (22,9%). У Лідскай выбарчай акрузе ён атрымаў толькі 12% галасоў выбаршчыкаў, а ў Свянцянскай, Навагрудскай, Косаўскай і Палескай акругах наогул не атрымаў падтрымкі. На выбарах у сенат Хрысціянскі саюз народнага адзінства атрымаў поўную перамогу (56,57% галасоў выбаршчыкаў) у Беластоцкім ваяводстве, якая ўключала частку заходнебеларускіх зямель, што было адным з найлепшых вынікаў па ўсёй Польскай Рэспубліцы. У Віленскім ваяводстве ён набраў 25,39% галасоў (трэцяе месца), а ў Навагрудскім і Палескім ваяводствах зусім не атрымаў падтрымкі[58].
З'яўляючыся адной з найбольш уплывовых сіл у сойме і ўрадавай кааліцыі ў 1923-1926 гг., эндэкі імкнуліся рэалізаваць сваю праграму паланізацыі беларускіх і ўкраінскіх зямель на дзяржаўным узроўні. Лянцкаронскі пакт аб стварэнні кааліцыі "Х'ена - Пяст", падпісаны ў маі 1923 г., уключаў у сябе патрабаванні абмежавання прававога, эканамічнага і культурнага становішча нацыянальных меншасцяў, умацавання пазіцый польскай нацыянальнасці ва ўсіх сферах дзяржаўнага жыцця, узмацнення ролі каталіцкага касцёла за кошт іншых канфесій[95]. Урад Станіслава Грабскага (снежань 1923 - лістапад 1925) з удзелам эндэкаў тым не менш у сваёй дзейнасці хістаўся паміж праграмай нацыянальна-моўнай уніфікацыі і палітыкай некаторык саступак нацыянальным меншасцям (рэалізацыя Закона аб мове і арганізацыі школьнай справы для нацыянальных меншасцяў 1924 г.). Сам Станіслаў Грабскі, нягледзячы на тое, што не прызнаваў існаванне беларускай і ўкраінскай нацый, прызнаў самастойнасць беларускай і ўкраінскай моў і выказваў сумненні наконт рэальнасці планаў паланізацыі Палесся і Валыні[96].
На парламенцкіх выбарах 1928 г. Каталіцка-нацыянальны блок, у які ўваходзілі эндэкі, дасягнуў адноснага поспеху ў Віленскай акрузе (14,8% галасоў выбаршчыкаў), а таксама набраў 6,6% галасоў выбаршчыкаў у Свянцянскай акрузе. Ва ўсіх астатніх заходнебеларускіх акругах ён не атрымаў падтрымкі[62]. Падобнымі былі вынікі выбараў 1930 г. Нацыянальны саюз атрымаў 15,1% галасоў выбаршчыкаў у Віленскай акрузе і 6,3% - Свянцянскай акрузе; не атрымаў падтрымкі ў астатніх заходнебеларускіх акругах[74].
У 1930-я гг. арганізацыі нацыянал-дэмакратаў захавалі ўплыў у Вільні і на Віленшчыне. Пасля серыі тэрарыстычных актаў антысеміцкай накіраванасці, праведзеных у Вільні ў студзені - сакавіку 1937 г. рашэннем віленскага ваяводы Людвіка Бацянскага дзейнасць Нацыянальнага саюза была забаронена на тэрыторыі Вільні і Віленска-Троцкага павета[97]. На большай частцы тэрыторыі Заходняй Беларусі арганізацыі эндэкаў у дадзены перыяд уплыву не мелі.
Remove ads
Нацыянал-дэмакратыя падчас Другой сусветнай вайны
Ва ўмовах акупацыі Польшчы нацысцкай Германіяй падчас Другой сусветнай вайны Нацыянальны саюз далучыўся да падполля. Ён стаў адной з палітычных сіл, якія ўтварылі эміграцыйны Польскі ўрад у Лондане і звязаныя з ім структуры[98].
У кастрычніку 1939 г. Нацыянальны саюз стварыў заканспіраваную Нацыянальную ваенную арганізацыю, якая мела свае партызанскія атрады. Яе сілы канцэнтраваліся ў Мазовіі, Вялікай Польшчы і Малай Польшчы. Акрамя таго дзейнічалі меншыя ўзброеныя фарміраванні, звязаныя з эндэцыяй: Нацыянальна-народная ваенная арганізацыя, Саюз яшчарак, Канфедэрацыя нацыі, "Айчына". У 1942 г. частка Нацыянальнай ваеннай арганізацыі і іншых фарміраванняў увайшлі ў склад створанай па ініцыятыве Лонданскага ўрада Арміі Краёвай. Гэтае рашэнне выклікала раскол ў межах эндэцыі. Частка яе дзеячоў стварыла самастойную ўзброеную структуру - Нацыянальныя ўзброеныя сілы - якая ў 1944 г. налічвала каля 75 тыс. чалавек[99]. Апошняя вяла баявыя дзеянні як супраць нямецкіх акупантаў, так і супраць прасавецкай Арміі Людовай[100], а таксама перыядычна ўзнікалі ўзброеныя сутычкі з падраздзяленнямі Арміі Краёвай і іншых польскіх узброеных фарміраванняў. Антысемітызм эндэкаў выліўся ў шматлікія злачынствы (забойствы, пагромы і г.д.) супраць яўрэйскага насельніцтва, здзейсненыя створанымі імі ўзброенымі фарміраваннямі[101].
У сакавіку 1944 г. частка Нацыянальных узброеных сіл дасягнула паразумення з кіраўніцтвам Арміі Краёвай і ўлілася ў яе склад; другая частка захавала сваю самастойнасць. Атрады абедзюх частак Нацыянальных узброеных сіл (ад 740[102] да 2 тыс. чалавек[103]) удзельнічалі ў Варшаўскім паўстанні ў жніўні-верасні 1944 г.
У кастрычніку 1939 - кракавіку 1940 гг. дзейнічала створаная праварадыкальнымі эндэцкімі дзеячамі Нацыянальная радыкальная арганізацыя на чале з Анджэем Святліцкім, якая спрабавала наладзіць супрацоўніцтва з нацысцкімі акупантамі. Арганізацыя атрымала вядомасць удзелам у яўрэйскім пасхальным пагроме ў Варшаве і Кракаве ў сакавіку 1940 г. Аднак нямецкія ўлады ў рэшце рэшт забаранілі арганізацыю, а яе кіраўнікі былі расстраляны[104].
Remove ads
Нацыянал-дэмакратыя пасля Другой сусветнай вайны
Заняцце Польшчы Савецкай арміяй у выніку Другой сусветнай вайны і стварэнне Польскай Народнай Рэспублікі (ПНР) прывялі да крызісу і расколу Нацыянальнага саюза. Частка яе дзеячоў імкнулася да супрацоўніцтва з новымі ўладамі і спрабавала беспаспяхова легалізаваць арганізацыю ў 1945-1946 гг.[105]. Былы кіраўнік праварадыкальнай фракцыі "Фаланга" Нацыянальна-радыкальнага лагера Баляслаў Пясэцкі устанавіў цеснае супрацоўніцтва з савецкімі спецслужбамі і ўладамі ПНР і пры іх падтрымцы ў 1947 г. арганізаваў Таварыства "Пакс", якое аб'ядноўвала каталіцкіх дзеячоў, што падтрымлівалі прасавецкі рэжым[106].
Другая частка эндэкаў займала варожую пазіцыю ў дачыненні да ўладаў ПНР і працягвала падпольную дзейнасць[107]. У лістападзе 1944 г. пад іх кіраўніцтвам адбылося аб'яднанне ўзброеных фарміраванняў эндэцкай арыентацыі ў Нацыянальнае вайсковае аб'яднанне. Яго падраздзяленні праводзілі баявыя акцыі супраць савеціх і польскіх сіл бяспекі, а таксама частак Войска Польскага. Найбольшую актыўнасць яны праяўлялі ў 1945-1947 гг., аднак канчаткова былі разгромлены да 1956 г.[108]. Разам з тым ва ўсходніх рэгіёнах Польшчы дзеянні Нацыянальнага вайсковага аб'яднання былі накіраваны супраць грамадзянскага беларускага і ўкраінскага насельніцтва. Так, атрад пад кіраўніцтвам Рамуальда Райса нясе адказнасць за масавае забойства 79 беларусаў Падляшша ў студзені - лютым 1946 г.[109]. Шматлікія дзеячы эндэцыі былі падвергнутыя рэпрэсіям у часы сталінізму[110]. У 1958-1960 гг. у Варшаўскім універсітэце дзейнічала падпольная Нацыянал-дэмакратычная ліга, якая лічыла сябе прадаўжальніцай традыцыі нацыянал-дэмакратыі.
Нацыянальны саюз на чале з Тадэвушам Бялецкім працягваў дзейнасць у эміграцыі. Яго друкаваным органам быў часопіс "Myśl Polska", які выдаваўся ў Лондане. У 1961 г. у ім адбыўся раскол, у выніку якога саюз пакінула група на чале з Енджэем Гертыхам, якая аб'ядноўвалася вакол часопіса "Horyzonty", што выдаваўся ў Францыі, і якая выступала за прымірэнне з уладамі ПНР[111].
У 1970 - пачатку 1980-х гг. у Польшчы ва ўмовах вострага палітычнага крызісу ўзнікла некалькі арганізацый, якія пастуліравалі сваю пераемнасць з нацыянал-дэмакратыяй і пры гэтым апынуліся ў розных лагерах. Рух Маладой Польшчы, які ўзнік у 1979 г. падтрымліваў рух "Салідарнасць" і апазіцыю. У той жа час такія арганізацыі, як Камітэт польскай самабароны, Рух народнага паразумення, Незалежная палітычная група, Патрыятычнае аб'яднанне "Грунвальд" падтрымлівалі ўлады. Яны абвінавачвалі апазіцыю ў тым, што тая "лявацкая", праяўрэйская, "не кіруецца польскімі інтарэсамі", з'яўляецца замежнай агентурай[112][113]. Гэта адпавядала ўстаноўкам Енджэя Гертыха, які ўхваляў ваеннае становішча ў 1981-1983 гг. і лічыў СССР "гарантам стабільнасці і бяспекі Польшчы"[114].
Пасля 1989 г. адбываліся спробы адрадзіць Нацыянальны саюз. Фармальным пераемнікам эмігранцкага Нацыянальнага саюза стаў Нацыянал-дэмакратычны саюз, створаны ў 1991 г., які ў 2001 г. быў пераўтвораны ў Лігу польскіх сем'яў. Апошняя ў 2001-2007 гг. мела сваё прадстаўніцтва ў Сойме Рэспублікі Польшча, а ў 2004-2009 гг. - у Еўрапарламенце; у 2006-2007 гг. уваходзіла ў склад урадавай кааліцыі (лідэр партыі Раман Гертых быў віцэ-прэм'ерам і міністрам адукацыі ва ўрадзе).
У сучаснай Польшчы існуе некалькі нацыяналістычных арганізацый, якія прызнаюць сваё спадкаемства з нацыянал-дэмакратыяй. Буйнейшай з іх з'яўляецца Нацыянальны рух, створаны ў 2012 г., які з 2019 г. уваходзіць у склад "Канфедэрацыі свабоды і незалежнасці". У выніку парламенцкіх выбараў 2023 г. яго прадстаўнікі атрымалі 6 дэпутацкіх месцаў у межах фракцыі "Канфедэрацыі" ў Сойме Рэспублікі Польшча[115], а ў выніку выбараў у Еўрапарламент 2024 г. - 2 месцы ў складзе фракцыі "Патрыёты за Еўропу"[116].
Remove ads
Літаратура
- Гамулка К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў 1918-1922. — Вільня, 2008.
- Забаўскі М.М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906-1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008.
- Запруднік Я. Палітычнае змаганне за Беларусь у царскіх Дзяржаўных думах (1906—1917 гг.) // ARCHE. — 2009. − № 1−2 (76−77). - С. 43-217.
- Cмалянчук А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864-1917 г. — Гродна: ГрДУ, 2001.
- Bechta M., Muszyński W.J. Przeciwko Paх Sovietica. Narodowe Zjednoczenie Wojskowe i struktury polityczne ruchu narodowego wobec reżimu komunistycznego 1944-1956. - Warszawa, 2017.
- Bończa-Tomaszewski N. Demokratyczna geneza nacjonalizmu. - Warszawa, 2001.
- Chojnowski A. Koncepcje polityki narodowościowej rządów polskich w latach 1921-1939. - Wrocław etc.: Wydawnictwo PAN, 1979.
- Dawidowicz А. Myśl polityczna Stronnictwa Narodowego 1928-1939. Wspólnota ideału czy alternacja koncepcji. - Lublin, 2017.
- Grott В. Dylematy polskiego nacjonalizmu: powrót do tradycji czy przebudowa narodowego ducha. - Warszawa, 2015.
- Grott B. Nacjonalizm chrześcijański. Myśl społecznopaństwowa formacji narodowo-katolickiej w Drugiej Rzeczypospolitej. - Kraków 1991.
- Kaczmarek Z. Obóz Wielkiej Polski. Geneza i działalność społeczno-polityczna w latach 1926–1933. - Poznań, 1980.
- Kawalec K. Narodowa Demokracja wobec faszyzmu 1922–1939. - Warszawa, 1989.
- Kawalec K. Roman Dmowski. - Poznań, 2016.
- Kozicki S. Historia Ligi Narodowej (okres 1887–1907). - Londyn, 1964.
- Kulińska L. Narodowcy. Z dziejów obozu narodowego w Polsce w latach 1944-1947. - Warszawa, Kraków, 1999.
- Łukawski Z. Koło Polskie w rosyjskiej Dumie Państwowej w latach 1906-1909. - Wrocław, 1967.
- Muszyński W.J. Duch młodych. Organizacja Polska i Obóz Narodowo-Radykalny w latach 1934–1944. Od studenckiej rewolty do konspiracji niepodległościowej. - Warszawa, 2011.
- Narodowa Demokracja XIX-XXI wiek. Koncepcje — ludzie — działalność, red. T. Sikorski, A. Wątor, wyd. 1. - Szczecin, 2008; wyd. 2. - Toruń, 2012.
- Pobóg-Malinowski W. Narodowa Demokracja 1887-1918. Fakty i dokumenty, wyd. 2. - Londyn, 1998.
- Posłowie polscy w parlamencie rosyjskim 1906—1917 : słownik biograficzny / Cz. Brzoza, K. Stepan. — Warszawa: Wydawnictwo Sejmowe, 2001.
- Rudnicki Sz. Falanga: Ruch Narodowo-Radykalny. - Warszawa, 2018.
- Rudnicki Sz. Narodowa Demokracja po przewrocie majowym - zmiany organizacyjne i ideologiczne (1926-1930) // Najnowsze Dzieje Historii Polski, 1914-1939. - T. XI. 1967. - S. 27-56.
- Rudnicki Sz. Obóz Narodowo-Radykalny. Geneza i działalność. - Warszawa, 1985.
- Śladkowski W. Liga Polska – reminiscencje wydarzeń sprzed lat 120 // Annales Universitatis Mariae Curie-Skłodowska. Sectio F. Historia. - T. 61. 2006. - S. 79–116.
- Terej J.J. Idee, mity, realia. Szkice do dziejów narodowej demokracji. - Warszawa, 1971.
- Tomasiewicz J. Rewolucja Narodowa. Nacjonalistyczne koncepcje rewolucji społecznej w Drugiej Rzeczypospolitej. - Warszawa, 2012.
- Tomasiewicz J. Ugrupowania neoendeckie w Trzeciej Rzeczypospolitej. - Toruń: Wyd. Adam Marszałek, 2003.Tomasiewicz J. W kierunku nacjokracji: tendencje autorytarne, totalistyczne i profaszystowskie w polskiej myśli politycznej (1933–1939): narodowcy - narodowi radykałowie - narodowi socjaliści. - Katowice, 2019.
- Wapiński R. Narodowa Demokracja 1893-1939. Ze studiów nad dziejami myśli nacjonalistycznej. - Wrocław, 1980.
- Wapiński R. Historia polskiej myśli politycznej XIX i XX wieku. - Gdańsk, 1997.
- Wierzchowski M. Sprawy Polski w III i IV Dumie Państwowejю - Warszawa, 1966.
- Wolsza T. Narodowa demokracja wobec chłopów w latach 1887–1914. - Warszawa, 1992.
Remove ads
Спасылкі
На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Зноскі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads
