Дзяржаўная дума Расійскай імперыі III склікання
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Дзяржаўная Дума Расійскай імперыі ІІІ склікання — прадстаўнічы заканадаўчы орган Расійскай імперыі, які дзейнічаў у 1907—1912 гг. Першы склад Думы, які быў абраны паводле выбарчага закона 3 чэрвеня 1907 г. і які праіснаваў увесь адведзены ёй законам тэрмін — пяць гадоў[1].
Remove ads
Выбарчае заканадаўства 1907 г
Думка аб неабходнасці змены выбарчага закнадаўства з’явілася ў кіруючых колах Расійскай імперыі яшчэ ў канцы 1906 г., калі адбыліся выбары ў ІІ Дзяржаўную Думу, якія другі раз запар далі перамогу апазіцыі. К маю 1907 г. у Міністэрстве ўнутраных спраў былі распрацаваны тры праекты новага выбарчага закона. У выніку быў абраны сярод іх найбольш антыдэмакратычны праект, які набыў сілу закона разам з роспускам ІІ Дзяржаўнай Думы (Трэццячэрвеньскі пераварот).
Выбары па Палажэнні 1907 г. праходзілі па курыяльнай сістэме. Асноўнымі курыямі (афіцыйна курыі іменаваліся спісамі выбаршчыкаў) з’яўляліся:
- валасная (сялянская);
- землеўладальніцкая;
- 1-я гарадская (вышэйшы выбарчы цэнз);
- 2-я гарадская (ніжэйшы выбарчы цэнз);
- рабочая.
Акрамя гэтага, у некаторых мясцовасцях былі выдзелены казачыя курыі, а таксама падзелены курыі рускіх і нярускіх выбаршчыкаў. Унутры курый таксама не існавала норм прадстаўніцтва (стандартнай колькасці выбаршчыкаў на аднаго дэпутата), і колькасць дэпутатаў ад мясцовасцей і курый вызначалася толькі раскладам, які прыкладаўся да Палажэння.
Выбіраліся 442 дэпутаты, з іх ад еўрапейскай часткі Расійскай імперыі — 403, ад Каралеўства Польскага — 10 (у тым ліку адзін ад рускага насельніцтва і адзін ад праваслаўнага насельніцтва), ад Каўказскага краю — 10 (з іх 2 ад казакоў і 1 ад рускага насельніцтва), ад азіяцкай часткі імперыі (Сібір і Далёкі Ўсход) — 15 дэпутатаў. Цэнтральная Азія не была прадстаўлена ў Думе ўвогуле. Ад Вялікага Княства Фінляндскага меркавалася абраць яшчэ 4 дэпутатаў, аднак выбары ў Фінляндыі ні ў III, ні ў IV Думу так і не адбыліся[2].
Сістэма выбараў была шматступеньчатай. На першым этапе сяляне на валасных сходах выбіралі ўпаўнаважаных на павятовы выбарчы сход (удзельнікі валасных сходаў таксама выбіраліся па адным прадстаўніку ад дзесяці двароў). Сяляне выбіралі па два ўпаўнаважаных ад кожнага валаснога сходу. Рабочыя выбіралі ўпаўнаважаных на губернскі выбарчы сход — па аднаму ад прадпрыемства з колькасцю працоўных ад 50 да 1999 чалавек, або па аднаму ад кожнай поўнай тысячы працоўных на прадпрыемстве. Дробныя землеўладальнікі, якія не мелі дастатковага маёмаснага цэнзу, каб удзельнічаць у павятовым выбарчым сходзе, збіраліся на папярэдні сход, які мог выбраць удзельнікаў павятовага выбарчага сходу (столькі, колькі поўных зямельных цэнзаў складалі сумесна валоданні ўсіх дробных землеўладальнікаў, што з’явіліся на папярэдні сход).
На другім этапе выбараў у кожным павеце збіраліся асобныя выбарчыя сходы чатырох курый (усіх, акрамя рабочай). Ад сялян у сходах удзельнічалі ўпаўнаважаныя; землеўладальнікі і гараджане паводле двух спісаў з’яўляліся асабіста; дробныя землеўладальнікі былі прадстаўлены праз сваіх упаўнаважаных. У губернскім горадзе збіраўся выбарчы сход рабочай курыі.
Выбарчыя сходы выбіралі выбаршчыкаў для ўдзелу ў губернскім выбарчым сходзе, агульным для ўсіх курый. Калі ў сходзе ўдзельнічала да 500 асоб, усіх кандыдатаў выбіралі па чарзе, галасуючы шарамі; калі больш — галасавалі запіскамі з імёнамі і абіралі тых, хто набраў найбольшую колькасць галасоў. У выбаршчыкі маглі быць абраныя толькі ўдзельнікі гэтых выбарчых сходаў.
Паколькі колькасць удзельнікаў сходаў магла быць вельмі вялікай, мясцовыя ўлады мелі права дзяліць сходы па мясцовасцях, а ў гарадах — па выбарчых участках. Мясцовыя ўлады таксама маглі дзяліць выбарчыя сходы на два — для рускіх і нярускіх выбаршчыкаў; гэты адвольны прыём дазваляў на нацыянальных ускраінах рускай меншасці атрымліваць столькі ж выбаршчыкаў, колькі і мясцовае насельніцтва. Паколькі Расійская імперыя не праводзіла фармальнай рэгістрацыі нацыянальнасці сваіх падданых, губернатар вызначаў, хто рускі, а хто не, па сваім меркаванні. Акрамя таго, мясцовыя ўлады маглі дзяліць сходы цэнзавых курый на розныя сходы для больш і менш заможных выбаршчыкаў, а таксама вылучаць асобны сход для цэркваў і манастыроў — землеўладальнікаў. Пры гэтым у выпадку падзелу сходы з рознай колькасцю выбаршчыкаў маглі выбіраць роўную колькасць выбаршчыкаў. Падзел сходаў быў галоўным інструментам, з дапамогай якога мясцовыя ўлады маглі ўзмацняць непрапарцыйнасць прадстаўніцтва і праводзіць жаданых ураду кандыдатаў.
Губернскі выбарчы сход быў трэцім этапам выбараў. Удзельнікі сходу — выбаршчыкі — былі адначасова і выбаршчыкамі, і кандыдатамі ў дэпутаты. Імя кожнага выбаршчыка, які заяўляў пра жаданне быць абраным, выносілася на галасаванне.
Спачатку ўдзельнікі сходу галасавалі запіскамі з імёнамі кандыдатаў. Кожны, хто атрымліваў больш за тры запіскі, ставіўся на балатаванне шарамі. Паколькі ад губерні абіралася ад 2 да 13 дэпутатаў, абранымі лічылася адпаведная колькасць кандыдатаў, якія атрымалі найбольшую колькасць галасоў пры ўмове, што яны набралі больш за палову галасоў. Калі такім чынам абраць усіх дэпутатаў не ўдавалася, праводзілася паўторнае галасаванне на астатнія мандаты — да таго часу, пакуль усе дэпутаты не будуць выбраны.
Спачатку выбіралі дэпутатаў па курыяльных квотах, розных для розных губерняў. Гэтых дэпутатаў выбіраў ўвесь сход, але толькі з ліку выбаршчыкаў, якія прадстаўлялі свае курыі. Па ўсёй Расіі для сялян было зарэзервана 50 мандатаў, для землеўладальнікаў — 50 мандатаў, для выбаршчыкаў 1-га гарадскога сходу — 25 мандатаў, 2-га — 25 мандатаў, 1-га і 2-га разам — яшчэ 25 мандатаў, для казакоў — 3 мандаты, для рабочых — 6 мандатаў. Пасля выбару квотных дэпутатаў астатнія дэпутаты абіраліся з ліку выбаршчыкаў ад усіх курый разам (гэта называлася «па агульным спісе»).
Колькасць выбаршчыкаў у губернскіх выбарчых сходах вызначалася асобнай табліцай, не звязанай наўпрост з колькасцю выбаршчыкаў, і вагалася па губернях ад 45 у Томскай губерні да 158 у Валынскай. Ва ўсіх выбарчых сходах еўрапейскай часткі Расійскай імперыі, акрамя аднаго, выбаршчыкі ад землеўладальнікаў і 1-га гарадскога спісу разам складалі большасць[2].
218 думскіх мандатаў з 442 былі зарэзерваваныя за квотамі па курыях і нацыянальнасцях. Там, дзе існавалі агульныя выбарчыя сходы (большасць губерняў), квоты па курыях забяспечвалі абавязковы выбар дэпутата з ліку выбаршчыкаў дадзенай курыі, але сам выбар ажыццяўляўся ўсім сходам. Такім чынам, калі б рабочыя, напрыклад, абралі ў губернскі сход пяць апазіцыйных выбаршчыкаў і аднаго праўрадавага, то сход з праўрадавай большасцю мог выбраць дэпутатам ад рабочых менавіта яго. Там, дзе курыя ўтварала асобны выбарчы сход, выбар дэпутата вызначаўся толькі выбаршчыкамі курыі; так было кватавана 37 мандатаў[2].
Выбарчае права мелі не ўсе жыхары імперыі. Каб мець выбарчае права, неабходна было мінімум за год да выбараў адпавядаць спецыяльным крытэрыям.
Выбарчае права па валасной курыі мелі сяляне-гаспадары, якія валодалі надзельнай або прыватнай зямлёй і асабіста вялі гаспадарку. Гэтыя выбаршчыкі не ўдзельнічалі ў выбарчым з’ездзе наўпрост, а толькі выбіралі ад кожных дзесяці двароў аднаго ўдзельніка валаснога сходу, пасля чаго валасны сход выбіраў двух упаўнаважаных на павятовы выбарчы з’езд. Калі сяляне мелі дастаткова маёмасці для галасавання ў цэнзавых курыях, яны маглі запісацца ў гэтыя курыі замест валасной.
Для выбарчага права (у выглядзе асабістага права ўдзелу ў выбарчым з’ездзе) у землеўладальніцкай курыі патрабавалася за год да выбараў валодаць у тым самым павеце (на выбар):
- колькасцю зямлі (або горназаводскімі ўчасткамі), не меншай, чым указана ў адмысловым дадатку да Палажэння; мінімальная колькасць вар’іравалася па губернях ад 125 да 800 дзесяцін (у сярэднім — 200—300 дзесяцін);
- маёмасцю (акрамя гандлёва-прамысловых устаноў, коштам па земскай ацэнцы не менш як 15000 рублёў (меліся на ўвазе перадусім сельскагаспадарчыя прадпрыемствы).
Прыватныя землеўладальнікі, а таксама цэрквы і манастыры, якія валодалі зямлёй і маёмасцю ніжэй за ўстаноўленую норму, маглі аб’ядноўвацца ў групы, сумесна валодаючы неабходным мінімумам, і накіроўваць на выбарчы з’езд прадстаўніка групы.
Для асабістага ўдзелу ў выбарчым з’ездзе ў 1-й гарадской курыі патрабавалася не менш за год да выбараў валодаць у тым самым горадзе (на выбар):
- для губернскіх, абласных гарадоў, гарадоў з граданачальствамі і з насельніцтвам не менш за 20 тыс. чалавек — нерухомасцю коштам не менш за 1000 рублёў, у іншых месцах — не менш за 300 рублёў (гэтым патрабаванням на практыцы адпавядалі любыя шматкватэрныя дамы і большасць індывідуальных);
- гандлёвымі прадпрыемствамі першых двух разрадаў, прамысловымі прадпрыемствамі першых пяці разрадаў, параходнымі прадпрыемствамі, з якіх выплачваўся прамысловы падатак не менш за 55 рублёў у год (да другога разраду адносіліся гандлёвыя прадпрыемствы з абаротам звыш 50 тыс. рублёў у год, падатак складаў 50-150 рублёў; да пятага разраду адносіліся прамысловыя прадпрыемствы з колькасцю рабочых ад 10 да 200 у залежнасці ад галіны).
Для асабістага ўдзелу ў выбарчым з’ездзе ў 2-й гарадской курыі патрабавалася не менш за год да выбараў у тым самым горадзе (на выбар):
- валодаць нерухомасцю коштам менш за 1000 рублёў у губернскіх, абласных гарадах, гарадах з граданачальствамі і насельніцтвам больш за 20 тыс. чалавек; у іншых гарадах — менш за 300 рублёў;
- валодаць любым гандлёва-прамысловым прадпрыемствам;
- выплачваць дзяржаўны кватэрны падатак (яго плаціў любы кватэранаймальнік);
- выплачваць асноўны прамысловы падатак за асабістую дзейнасць (яго выплачвалі кіраўнікі і члены праўленняў акцыянерных таварыстваў і прадпрыемстваў, абавязаных публічнай справаздачнасцю);
- займаць на сваё імя асобную кватэру (мела значэнне для асоб, якія жылі ў службовых кватэрах);
- атрымліваць утрыманне або пенсію па службе ў дзяржаўных, земскіх, гарадскіх, саслоўных установах або на чыгунках.
Для выбарчага права ў рабочай курыі патрабавалася працаваць больш за шэсць месяцаў на прадпрыемстве з колькасцю рабочых не менш за 50 чалавек. Рабочыя не ўдзельнічалі ў выбарчым з’ездзе наўпрост, а толькі выбіралі ўпаўнаважаных. Рабочыя маглі быць выбаршчыкамі толькі ў рабочай курыі, нават калі яны адпавядалі цэнзавым патрабаванням іншых курый.
Акрамя таго, існавалі катэгорыі насельніцтва, цалкам пазбаўленыя выбарчых правоў. Да іх адносіліся: іншаземцы, асобы маладзейшыя за 25 гадоў, жанчыны, навучэнцы, вайскоўцы, «качавыя іншародцы», усе асобы, прызнаныя вінаватымі ў злачынствах, адхіленыя ад пасады па суду (на працягу 3 гадоў), асобы пад следствам і судом, неплацежаздольныя, тыя, што стаялі пад апекай (акрамя малалетніх гэта глуханямыя, вар’яты і прызнаныя марнатраўцамі), пазбаўленыя духоўнага сана за заганы, выключаныя з саслоўных арганізацый па іх прысудах, а таксама губернатары, віцэ-губернатары, градоначальнікі і іх памочнікі (на даручаных ім тэрыторыях) і паліцэйскія (якія працавалі ў выбарчай акрузе). У цэнзавых курыях (землеўладальніцкай і гарадскіх) жанчыны, якія асабіста валодалі цэнзавай маёмасцю, маглі перадаць права ўдзелу ў выбарах мужам або сынам[2].
Вынікам заблытанага выбарчага заканадаўства было непрапарцыйнае прадстаўніцтва. Складаныя правілы выбараў, якія дзялілі насельніцтва паводле маёмаснага, рэлігійнага і нацыянальнага крытэрыяў у розных мясцовасцях, не дазваляюць матэматычна дакладна вызначыць долю прадстаўніцтва розных сацыяльных слаёў у Думе, аднак у цэлым можна сцвярджаць, што:
99 млн чалавек (21,4 млн мужчын выбарчага ўзросту) сялянскага насельніцтва еўрапейскай часткі Расійскай імперыі мелі 50 квотаваных мандатаў, прычым выбар дэпутата з ліку выбаршчыкаў-сялян належаў агульнаму губернскаму сходу, у якім большасць заўсёды мелі дзве высокацэнзавыя курыі; у спісах выбаршчыкаў было зарэгістравана толькі 1,494 тыс. сялян, якія задавальнялі цэнзавым патрабаванням (і кожны з іх быў удзельнікам валаснога сходу, выбраным ад дзесяці гаспадарак).
276 тыс. выбаршчыкаў-землеўладальнікаў (разам з членамі сем’яў каля 1,2 млн чалавек) еўрапейскай часткі Расійскай імперыі мелі 50 квотаваных мандатаў і (сумесна з 1-й гарадской курыяй) большасць у губернскіх сходах пры выбарах яшчэ 224 дэпутатаў на неквотаваныя месцы.
14,8 млн гараджан (3,2 млн мужчын выбарчага ўзросту, у тым ліку рабочыя) падзяляліся на тры групы. У 1-ю гарадскую курію ўвайшлі 149 тыс. чалавек, якія мелі 25 квотаваных мандатаў і большасць (разам з землеўладальнікамі) пры выбарах 224 неквотаваных дэпутатаў.
У 2-ю гарадскую курію ўвайшлі 832 тыс. выбаршчыкаў, якія мелі 25 квотаваных мандатаў. Дзве гарадскія куріі сумесна мелі яшчэ 25 мандатаў.
Каля 1,2 млн гараджан выбарчага ўзросту не задавальнялі цэнзавым патрабаванням і да выбараў дапушчаныя не былі (многія з іх фармальна адносіліся да саслоўя сялян, але да валасных выбараў яны таксама не дапускаліся, бо ад выбаршчыка патрабавалася асабіста весці гаспадарку).
1 067 тыс. рабочых-выбарцаў (каля 5 млн чалавек насельніцтва з улікам жанчын і дзяцей) мелі 6 квотаваных мандатаў. Удзел рабочых выбаршчыкаў у губернскіх выбарных з’ездах амаль нічога не значыў, бо ім належала не больш за 10 %, а ў сярэднім — не больш за 2 % галасоў.
9,3 млн жыхароў Цэнтральнай Азіі не былі прадстаўлены ў Думе ўвогуле[2].
У агульным выглядзе можна лічыць, што розныя групы насельніцтва былі прадстаўлены з наступнай прапарцыйнасцю:
- сельскае насельніцтва еўрапейскай часткі Расійскай імперыі выбірала 1 дэпутата на 2 млн чалавек;
- рабочыя выбіралі 1 дэпутата на 830 тыс. чалавек;
- выбарцы ўсіх трох цэнзавых курый выбіралі 1 дэпутата на 16 тыс. чалавек[2].
Асаблівасці выбарчай сістэмы ў заходніх губернях
У заходніх губернях колькасць выбаршчыкаў ад землеўладальнікаў павялічвалася ў параўнанні з выбарчым законам 1905 г. на 15,5 % і складала 48,5 %, а сялян — зменшылася на 8,3 % (да 29,55). Тут землеўладальніцкая курыя атрымлівала меншую колькасць выбаршчыкаў, чым па Расійскай імперыі ў цэлым (49,6 %), а скарачэнне выбаршчыкаў ад сялян у параўнанні з данымі па Расійскай імперыі было нязначным[3]. Такія асаблівасці выбарчага закона ў Заходнім краі тлумачыліся імкненнем урада зменшыць прадстаўніцтва ў Думе польскіх памешчыкаў, якія складалі большую частку мясцовых землеўладальнікаў-дваран. Пры гэтым у Мінскай і Магілёўскай губернях, дзе была даволі значная доля рускіх землеўладальнікаў, за дадзенай курыяй замацоўвалася адпаведна 51,9 і 51,2 % галасоў выбаршчыкаў, у той жа час як у Віленскай губерні — 48 %, у Віцебскай — 45,3 %, у Гродзенскай — 41,1 % галасоў выбаршчыкаў[4].
Галоўная стаўка была зроблена на дваранскую вярхушку, якая складала большасць паўнацэнзавых выбаршчыкаў. У пяці заходніх губернях іх налічвалася больш за 3 тыс., ці 76,5 % ад усёй колькасці дваран-памешчыкаў, якія мелі права ўдзельнічаць у павятовых з’ездах землеўладальнікаў. Няпаўнацэнзавых выбаршчыкаў па землеўладальніцкай курыі налічвалася 38,9 тыс. 3 іх 1,7 тыс. складала праваслаўнае духавенства. Гэта група, што давала 23,5 % дэлегатаў на павятовыя з’езды землеўладальнікаў, першая пачынала выбары па курыі[5].
3 мэтай абмежавання ўплыву ў ходзе выбараў сярэдніх землеўладальнікаў (польскага дваранства) і актывізацыі праваслаўнага духавенства распараджэннем міністра ўнутраных спраў ва ўсіх заходніх губернях для выбрання ўпаўнаважаных былі арганізаваны тры асобныя з’езды. Першы — у складзе настаяцеляў цэркваў з поўным цэнзам, другі — у складзе асоб, якія мелі не менш чым 1/5 поўнага цэнзу, і трэці — у складзе ўсіх астатніх уладальнікаў нерухомай маёмасці, менш 1/5 поўнага цэнзу[3].
Улічваючы «просьбы аб дапамозе», якія паступалі з заходніх губерняў ад Саюза рускага народа, Саюза 17 кастрычніка аб абароне правоў «карэннага рускага насельніцтва», міністр унутраных спраў распарадзіўся аб раздзяленні з’ездаў землеўладальнікаў на «рускае» і «польскае» аддзяленні ў Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях. Да «рускага» аддзялення былі аднесены ўсе праваслаўныя, немцы, татары, да «польскага» — усе католікі, у тым ліку латышы (у Віцебскай губерні). Рускае насельніцтва Віленскай губерні, атрымала права выбіраць свайго дэпутата ў Думу асобна ад іншага насельніцтва (такое ж палажэнне дзейнічала ў Ковенскай губерні)[5].
Першы разрад гарадскіх выбаршчыкаў выбіраў ў пяці заходніх губернях 11,8 % ад усей колькасці выбашчыкаў (па імперыі ў цэлым — 15 %), другі разрад адпаведна 9,1 % (11,2 % па імперыі ў цэлым). Па новым выбарчым законе яўрэйскае насельніцтва заходніх губерняў фактычна пазбаўлялася магчымасці сваім удзелам уплываць на вынікі выбараў[5].
Першыя з’езды ва ўсіх гарадах Мінскай губерні былі падзелены на тры аддзяленні: да першага былі аднесены выбаршчыкі «рускай» нацыянальнасці, да другога — «палякі», да трэцяга — яўрэі. Кожнае з аддзяленняў выбірала аднаго выбаршчыка, незалежна ад колькасці выбаршчыкаў. Напрыклад, у Мінскім павеце па адным выбаршчыку выбіралі 154 «рускіх» (куды ўваходзілі 6 татар і 11 немцаў), 241 «паляк» і 844 яўрэі. На два аддзяленні («рускія» і «нярускія») падзяліліся гарадскія выбаршчыкі ў Дзвінскім, Гродзенскім, Беластоцкім і Бабруйскім паветах. У Віленскім павеце адно аддзяленне з’езда складалі асобы «польскага» паходжання, а другое — «асобы, што не належалі да польскай нацыянальнасці»[5].
Сяляне па ўсіх пяці заходніх губернях выбіралі 29,9 % выбаршчыкаў (раней 36,4 %), у той час як па імперыі ў цэлым 22 % (раней 42 %). Рабочыя Мінскай і Гродзенскай губерняў маглі выбіраць на губернскія сходы па два выбаршчыкі, а Віленскай і Магілёўскай — толькі па адным. У шэрагу некаторых губерняў, у тым ліку Віцебскай, як і па законе ад 11 снежня 1905 г., рабочыя не мелі выбарчых правоў на той падставе, што колькасць «рабочага люду», якая пражывала там, у адносінах да ўсяго насельніцтва не давала ім магчымасці ўдзельнічаць у выбарах па гарадской курыі[5].
Remove ads
Выбары ў ІІІ Дзяржаўную Думу
Выбары ў ІІІ Дзяржаўную Думу адбываліся ў кастрычніку 1907 г. Яны праходзілі ва ўмовах завяршэння рэвалюцыі 1905—1907 гг. і палітычных рэпрэсій з боку царызму.
70 % губерняў імперыі заставаліся ці былі абвешчаны на становішчы «ўзмоцненай аховы», якое ўводзілася на адзін год міністрам унутраных спраў ці генерал-губернатарамі ў тых мясцовасцях, дзе «грамадскі спакой» парушаўся «замахамі супраць існуючага дзяржаўнага ладу». Адміністрацыя атрымлівала права праводзіць вобшукі, высылаць падазроных асоб. У тых раёнах, дзе насельніцтва было «прыведзена ў трывожны стан», Саветам Міністраў на 6 месяцаў уводзілася «надзвычайнае становішча». Яно давала права генерал-губернатарам закрываць навучальныя ўстановы, здымаць з пасад чыноўнікаў усіх ведамстваў і выбарчых асоб, ствараць спецыяльныя ваенна-паліцэйскія каманды для падаўлення «хваляванняў»[6].
Указам міністра ўнутраных спраў становішча «ўзмоцненай аховы» было працягнута да 20 красавіка 1908 г. у Вільні і Смаргоні Віленскай губерні, а таксама ў Гродне, Пружанскім і Кобрынскім паветах Гродзенскай губерні. Пільная ўвага ў Заходнім краі надавалася Мінскай губерні, дзе таксама захоўвалася становішча «ўзмоцненай аховы». Па хадайніцтве магілёўскага губернатара на становішчы «ўзмоцненай аховы» былі пакінуты Гомель і павет[6].
8 чэрвеня 1907 г. губернатары і граданачальнікі атрымалі цыркуляры, у адпаведнасці з якімі ім належала прыступіць да складання спісаў выбаршчыкаў і стварэння павятовых і губернскіх камісій для арганізацыі выбараў. Іх старшынямі раілася прызначаць членаў акруговых і міравых судоў. Усе звесткі аб іх губернатары павінны былі накіроўваць міністру ўнутраных спраў, асабліва тыя, што тычыліся палітычных поглядаў. Так, напрыклад, калі было атрымана паведамленне мінскага губернатара аб тым, што старшынёй Навагрудскай павятовай і членам Мінскай губернскай камісіі сталі члены акруговага суда, якія адносіліся да левых партый, міністр унутраных спраў Пётр Сталыпін асабіста даў указанне[7]:
«Адхіліць названых членаў суда ад удзелу ў рашэнні спраў, якія звязаны з выбарамі ў Думу».
Вялікую актыўнасць падчас перадвыбарчай кампаніі праявілі праўрадавыя правыя арганізацыі Саюз рускага народа, Рускі ўскраінны саюз і іншыя, якія мелі актыўную падтрымку з боку чыноўнікаў і праваслаўнага духавенства. У заходніх губернях іх перадвыбарчая кампанія засяроджвалася перадусім на прапагандзе расійскага нацыяналізму, антыпольскай і антыяўрэйскай ксенафобіі[8]. Актыўную кампанію праводзіў таксама Саюз 17 кастрычніка. У заходніх губернях яго прадстаўнікі дзейнічалі разам з іншымі правымі групоўкамі ў межах Рускага ўскраіннага саюза[9].
Сярод ліберальных партый найбольшую актыўнасць падчас перадвыбарчай кампаніі праяўляла Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя, хаця яе пазіцыі былі моцна падарваныя ў выніку адміністрацыйнага ўціску. 15-16 ліпеня 1907 г. ў Маскве на пасяджэнні ЦК партыі было прынята рашэнне аб неабходнасці стварэння блокаў з нацыянальнымі групамі (польскай, яўрэйскай, мусульманскай), якія падтрымлівалі кадэтаў і ў час папярэдніх выбараў. У заходніх губернях кадэты падчас выбараў блакіраваліся з мясцовымі яўрэйскімі і польскімі палітычнымі сіламі[10][11]. Значную актыўнасць у перадвыбарчай кампаніі праявіла Партыя мірнага абнаўлення, якая займала прамежкавае становішча паміж акцябрыстамі і кадэтамі[12].
Польскія палітычныя сілы ў Заходнім краі ў межах перадвыбарчай кампаніі правялі 1-2 верасня 1907 г. з’езд прадстаўнікоў дзевяці заходніх губерняў у Кіеве, дзе яны салідарызаваліся з палітычнымі дзеячамі з Каралеўства Польскага, але пры захаванні ўласнай суб’ектнасці. Для каардынацыі дзеянняў на выбарах быў створаны Цэнтральны выбарчы камітэт з цэнтрам у Вільні. У той жа час леваліберальнае крыло краёўцаў стварыла самастойны Дэмакратычны камітэт[13].
Сярод левых партый удзел у выбарах прымалі Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя і яе саюзнікі ў нацыянальных ускраінах, Бунд, Партыя народных сацыялістаў, трудавікі, хаця іх арганізацыі былі моцна аслабленыя ў выніку рэпрэсій. Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў абвясціла байкот выбараў. Таксама паслядоўна байкатавала выбары Польская сацыялістычная партыя — Рэвалюцыйная фракцыя; у той жа час Польская сацыялістычная партыя — Лявіца ўпершыню прыняла рашэнне аб удзеле ў выбарах.
Remove ads
Склад Думы
Дзяржаўная дума паводле закону складалася з 446 членаў, уключаючы 4 дэпутатаў ад Вялікага Княства Фінляндскага, якія так і не былі абраныя. З улікам паўторных выбараў на месцы тых, хто выбылі, у Думу ўсяго было абрана 487 дэпутатаў. Дэпутаты размеркаваліся наступным чынам:
паводле ўзросту: да 40 гадоў — 81 чалавек, ад 40 да 50 гадоў — 166 чалавек, ад 50 да 60 гадоў — 129 чалавек, ад 60 да 70 гадоў — 42 чалавекі, звыш 70 гадоў — 16 чалавек;
паводле ўзроўню адукацыі: вышэйшую адукацыю мелі 230 чалавек, сярэднюю — 134 чалавекі, ніжэйшую — 86 чалавек, хатнюю — 35 чалавек;
паводле роду заняткаў: 79 сялян (супраць 169 у II Думе), 16 рамеснікаў і рабочых (супраць 32), 49 святароў (супраць 20), 133 земскія служачыя (супраць 25), 22 прыватныя служачыя (супраць 10), 12 літаратараў і журналістаў (супраць 20), 25 чыноўнікаў (супраць 24), 10 прафесараў (тая ж колькасць), 20 педагогаў (супраць 28), 37 адвакатаў (супраць 33), 36 гандляроў і прамыслоўцаў (супраць 23), 242 землеўладальнікі (супраць 57), 2 інжынеры;
паводле саслоўнай прыналежнасці: спадчынных дваран — 220, сялян — 94, духавенства — 46, купцоў — 42, казакаў — 15, мяшчан — 12, асабістых дваран — 9. 46 асоб не ўказалі сваю саслоўную прыналежнасць.
11 дэпутатаў раней былі дэпутатамі I і II Дум, 10 — дэпутатамі I Думы, 45 — дэпутатамі II Думы. Нязначная колькасць былых дэпутатаў I Думы тлумачыцца тым, што 167 дэпутатаў, якія пасля роспуску I Думы падпісалі Выбаргскую адозву, былі асуджаныя судом да трохмесячнага турэмнага зняволення і пазбаўленыя выбарчых правоў[14].
Падчас першай сесіі дэпутаты ІІІ Думы наступным чынам размеркаваліся па фракцыях: правая фракцыя — 51, нацыянальная група — 26, група памяркоўна-правых — 70, Саюз 17 кастрычніка (акцябрысты) — 154, прагрэсісты (фракцыя створана на аснове Партыі мірнага абнаўлення) — 28, Польскае кола — 11, Польска-літоўска-беларускае кола — 7, Мусульманская група — 8, Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя (кадэты) — 54, трудавікі — 14, сацыял-дэмакратычная фракцыя — 19[14].
Remove ads
Дзейнасць Думы
Арганізацыя дзейнасці Думы
ІІІ Дзяржаўная Дума распачала сваю працу 1 лістапада 1907 г.
Дзяржаўная дума працавала ў рэжыме гадавых сесій. У межах кожнай сесіі, як правіла, прадугледжваліся два перапынкі — калядны і велікодны. Кожны раз Дума склікалася і распускалася царскімі ўказамі; разам з тым яна сама мела права абвяшчаць перапынкі ў сваёй працы. У сакавіку 1911 г. царскім указам быў абвешчаны дадатковы перапынак, падчас якога ўрад, на падставе артыкула 87 Асноўных законаў, увёў у дзеянне Закон аб земствах у заходніх губернях.
Першая сесія працягвалася з 1 лістапада па 15 снежня 1907 г., з 9 студзеня па 4 красавіка і з 23 красавіка па 28 чэрвеня 1908 г.; усяго адбылося 98 пасяджэнняў.
Другая сесія працягвалася з 15 кастрычніка па 20 снежня 1908 г., з 21 студзеня па 20 сакавіка і з 8 красавіка па 2 чэрвеня 1909 г.; усяго адбылося 126 пасяджэнняў.
Трэцяя сесія працягвалася з 10 кастрычніка па 20 снежня 1909 г., з 21 студзеня па 9 красавіка і з 27 красавіка па 17 чэрвеня 1910 г.; усяго адбылося 131 пасяджэнне.
Чацвёртая сесія працягвалася з 15 кастрычніка па 17 снежня 1910 г., з 18 студзеня па 11 сакавіка, з 16 сакавіка па 31 сакавіка і з 16 красавіка па 13 мая 1911 г.; усяго адбылося 113 пасяджэнняў.
Пятая сесія працягвалася з 15 кастрычніка па 10 снежня 1911 г., з 11 студзеня па 17 сакавіка і з 11 сакавіка па 9 чэрвеня 1912 г.; усяго адбылося 153 пасяджэнні[14].
Кіраўніцтва дзейнасцю Дзяржаўнай думы ажыццяўлялі старшыня і два намеснікі старшыні, якія абіраліся тэрмінам на адзін год. Намеснікі старшыні вялі пасяджэнні ў выпадку адсутнасці старшыні.
Старшынямі Дзяржаўнай думы абіраліся: Мікалай Хамякоў (1 лістапада 1907 — 6 сакавіка 1910), Аляксандр Гучкоў (10 сакавіка 1910 — 20 чэрвеня 1910; 29 кастрычніка 1910 — 15 сакавіка 1911 г.), Міхаіл Радзянка (22 сакавіка 1911 — да закрыцця Дзяржаўнай думы; у далейшым — старшыня Дзяржаўнай думы IV склікання). Намеснікамі старшыні Дзяржаўнай думы абіраліся Аляксандр Меендорф (5 кастрычніка 1907 — 30 кастрычніка 1909), Уладзімір Валконскі (5 кастрычніка 1907 — да закрыцця Дзяржаўнай думы), Сяргей Шыдлоўскі (30 кастрычніка 1909 — 29 кастрычніка 1910), Міхаіл Капусцін (29 кастрычніка 1910 — да закрыцця Дзяржаўнай думы). З названых асоб Уладзімір Валконскі належаў да фракцыі ўмерана правых; усе астатнія былі членамі фракцыі акцябрыстаў. Сакратаром Дзяржаўнай думы на ўвесь перыяд яе дзейнасці быў абраны Іван Сазановіч (правы)[14].
Дзяржаўная Дума III склікання дзейнічала на падставе «Устанаўлення Дзяржаўнай думы» 1908 г. Заканадаўчыя ініцыятывы маглі ўносіцца ў Дзяржаўную Думу міністрамі, Дзяржаўным Саветам, а таксама пастаяннымі камісіямі самой Думы. Законапраекты, прынятыя Дзяржаўнай Думай, перадаваліся на разгляд Дзяржаўнага Савета. У выпадку іх ухвалення Дзяржаўным саветам яны накіроўваліся на зацвярджэнне імператару, пасля чаго набывалі сілу закона. Дзяржаўны Савет меў права як адхіліць законапраект, так і перадаць яго ў сумесную ўзгадняльную камісію. У выпадку выпрацоўкі камісіяй новай рэдакцыі законапраекта ўся працэдура яго разгляду і прыняцця пачыналася нанова. Законапраекты, распрацаваныя Дзяржаўнай Думай або Дзяржаўным Саветам і не зацверджаныя імператарам, маглі быць паўторна прынятыя толькі на наступнай сесіі. Законапраекты, адхіленыя Дзяржаўнай Думай або Дзяржаўным Саветам, маглі ўносіцца на разгляд паўторна без абмежаванняў у часе[14].
Дзяржаўная Дума не мела паўнамоцтваў уносіць змены ў Асноўныя дзяржаўныя законы. Да сферы яе вядзення адносіліся:
- пытанні, якія патрабавалі прыняцця законаў і штатных раскладаў, а таксама іх змены, дапаўненні, прыпыненне дзеяння або адмена;
- дзяржаўны бюджэт і кантроль за яго выкананнем;
- справы аб адчужэнні часткі дзяржаўных даходаў і маёмасці, якія патрабавалі дазволу імператара;
- справы аб будаўніцтве чыгунак за кошт казны і пад непасрэдным яе распараджэннем;
- справы аб заснаванні акцыянерных таварыстваў у выпадках, калі запытваліся выключэнні з дзеючага заканадаўства;
- сметы і раскладкі земскіх павіннасцей у мясцовасцях, дзе земскія ўстановы не былі ўведзены.
Акрамя таго, Дзяржаўная Дума мела права звяртацца да міністраў з дэпутацкімі запытамі адносна неправамерных дзеянняў органаў улады, а таксама з мэтай атрымання тлумачэнняў па пытаннях, якія знаходзіліся ў яе разглядзе[14].
Палітычная і заканадаўчая дзейнасць Думы
Дэпутацкі склад ІІІ Дзяржаўнай Думы істотна адрозніваўся ад складу І і ІІ Дум. Яна насіла ў асноўным лаяльны ў адносінах да царскага ўрада характар. Левыя фракцыі і дэпутацкія групы нацыянальных меншасцей не адыгрывалі ў Думе значнай ролі. Буйнейшай стала фракцыя акцябрыстаў, якая ў цэлым падтрымлівала ўрадавы курс. Для прыняцця тых ці іншых законапраектаў, акцябрысты вымушаны былі блакіравацца альбо з правымі, альбо з кадэтамі і прагрэсістамі. Гэта выкарыстоўваў урад Пятра Сталыпіна. Для правядзення рэпрэсіўных законапраектаў ён абапіраўся на праваакцябрысцкую большасць, а для правядзення рэформ (аграрная, адукацыйная, земская ў заходніх губернях) — на акцябрысцка-прагрэсісцка-кадэцкую большасць. У кастрычніку 1909 г. большасць дэпутатаў нацыянальнай групы і групы памяркоўна-правых аб’ядналіся, стварыўшы фракцыю расійскіх нацыяналістаў, што было ініцыятывай Сталыпіна. З таго часу асновай фарміравання дэпутацкай стала супрацоўніцтва акцябрыстаў з нацыяналістамі.
Разам з тым заканадаўчую дзейнасць Думы нельга назваць эфектыўнай. Фармальна з унесеных у Думу 2571 законапраекта было ўхвалена 2197. Аднак каля 95 % з іх мелі тэхнічны характар і датычыліся дробных карэкціровак бюджэтных смет або змен у штатных раскладах. Аднясенне ўсіх штатных пытанняў да кампетэнцыі Думы прывяло да таго, што любое нязначнае змяненне структуры ўстаноў патрабавала прыняцця асобнага закона. Перагрузка Думы другараднымі законапраектамі выкарыстоўвалася ўрадам як сродак нейтралізацыі законатворчых ініцыятыў Думы. Нават славутая сталыпінская аграрная рэформа, у аснове якой знаходзіўся царскі ўказ ад 9 лістапада 1906 г., набыла сілу закона са змяненнямі і дапаўненнямі толькі 14 чэрвеня 1910 г. Істотныя законапраекты разглядаліся доўга, праходзілі праз камісіі і шматразовыя ўзгадненні з Дзяржаўным Саветам, дзе яны часта затрымліваліся або фактычна блакаваліся[15].
Хоць Асноўныя законы надавалі Думе права заканадаўчай ініцыятывы, на практыцы дзейнічала негалоснае правіла, паводле якога апазіцыйныя законапраекты, распрацаваныя самой Думай, не зацвярджаліся манархам. З 202 заканадаўчых прапаноў дэпутатаў толькі 36 сталі законамі, пераважна пасля перадачы іх на дапрацоўку профільным міністэрствам. Так, у прыватнасці, былі адхілены законапраекты аб удасканаленні валаснога самакіравання і суда, аб паляпшэнні становішча старавераў і г.д.[15].
Законам таксама прадугледжвалася права дэпутацкіх запытаў да міністраў адносна неправамерных дзеянняў улады. Запыты не мелі юрыдычных наступстваў, але мелі значнае палітычнае значэнне як сродак парламенцкага кантролю. Усяго было пададзена 157 заяў аб запытах, з якіх 46 належалі сацыял-дэмакратам. Члены ўрада давалі тлумачэнні 54 разы, пры гэтым па 60 запытах Дума так і не атрымала адказаў.
Дзейнасць ІІІ Думы насіла ў вялікай ступені вялікадзяржаўны, шавіністычны характар. У 1910—1911 гг. Дзяржаўная Дума прыняла шэраг законаў, якія абмяжоўвалі аўтаномію Вялікага Княства Фінляндскага. Сярод іх унесены Сталыпіным законапраект «Аб парадку выдання законаў і пастаноў агульнадзяржаўнага значэння, якія датычацца Фінляндыі» (закон ад 17 чэрвеня 1910 г.). Дадзены закон выключаў з кампетэнцыі фінскага сойма і абвяшчаў агульнадзяржаўнымі ўсе асноўныя сферы заканадаўства, у тым ліку фінансы, чыгуначны транспарт, сувязь, адукацыю, судовую сістэму і іншыя. Законам, прынятым Дзяржаўнай Думай у красавіку 1912 г., са складу Каралеўства Польскага былі выдзелены ўсходняя часткі Люблінскай і Седлецкай губерні з утварэннем з іх Холмскай губерні, якая стала ўнутранай губерняй Расійскай імперыі[15].
Закон аб земствах у заходніх губернях і думскі крызіс 1910—1911 гг.
Палітыка ўрада Сталыпіна была накіравана на пашырэнне земскіх устаноў у тых губернях, дзе яны раней не існавалі. Асаблівая ўвага надавалася Заходняму краю. Пры гэтым улічваўся нацыяналістычны курс урада, які імкнуўся забяспечыць перавагу «рускага» насельніцтва ў выбарных органах.
У 1909—1910 гг. урадам быў распрацаваны законапраект «Аб выкарыстанні „Палажэння аб земскіх установах ад 12 чэрвеня 1890 г.“ да губерняў Віцебскай, Валынскай, Кіеўскай, Мінскай, Магілёўскай, Падольскай», адобраны Сталыпіным. Паводле дадзенага палажэння, на выбарах у земствы ўводзіліся не саслоўныя, як у расійскіх губернях, а нацыянальныя курыі — «руская» і «польская». У першую залічвалася ўсё праваслаўнае насельніцтва, у другую — каталіцкае. Для таго каб забяпечыць перавагу ў земстве за рускімі памешчыкамі, быў уведзены прынцып размеркавання кольскасці гласных па курыях. Бралася сярэдняе арыфметычнае колькасці «рускага» і «польскага» насельніцтва і кошт іх нерухомай маёмасці ў працэнтах (напрыклад, калі польскае насельніцтва ў дадзенай мясцовасці складала 2 %, а польская нерухомасць — 38 % вартасці ад усёй нерухомай маёмасці, то пасля складання і дзялення на 2 атрымлівалася 20 % колькасці гласных польскага насельніцтва ў дадзеным земскім сходзе). Атрыманая лічба складала гранічную колькасць гласных, якія выбіраліся курыямі. Далучаючы да «рускай» курыі праваслаўных беларускіх сялян, улады забяспечвалі ў Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях яе большасць на выбарах. У сувязі з тым, што ў Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губернях не толькі дваранства, але ў значнай ступені і сялянства былі каталікамі, то і па такой сістэме падліку перавагу мела б «польская» курыя. Таму ўвядзенне земстваў у названых губернях не дапускалася. Захоўваўся тым не менш і саслоўны прынцып фарміравання земстваў: у павятовыя земскія сходы сяляне маглі пасылаць не больш за трэць усіх гласных, а ў губернскія земствы сялянскія прадстаўнікі наогул не дапускаліся[16][17].
На разгляд Дзяржаўнай Думы законапраект быў унесены 20 студзеня 1910 г.[18]. Падчас папярэдняга абмеркавання думскай камісіяй было прынята рашэнне напалову зменшчыць выбарчы маёмасны цэнз — з 15 тыс. Да 7,5 тыс. руб., на чым настойваў Сталыпін. Паводле яго
«змяншэнне цэнзу паўплывае на згуртаванне масы з сярэднезаможных, але культурных рускіх уласнікаў»[19].
Пры абмеркаванні законапраекта ў межах праўрадавага лагера вызначылася сутыкненне двух прынцыпаў дзяржаўнай палітыкі — нацыяналістычнага і саслоўнага. Фракцыі нацыяналістаў і меншасць акцябрыстаў падтрымлівалі Сталыпіна. Большасць акцябрысцкай фракцыі прапанавала вызначыць у якасці галоўнага крытэрыя прадстаўніцтва ў земтсвах працэнта вартасці нерухомай маёмасці ў паветах, што нязначна павялічвала колькасць гласных ад «польскай» курыі[20]. Паслядоўна крытыкавалі законапраект як шавіністычны і антыдэмакратычны апазіцыйныя фракцыі (кадэты, трудавікі, сацыял-дэмакраты)[21].
Пасля 13 пасяджэнняў, на якіх абмяркоўваўся законапраект, ён быў ухвалены Дзяржаўнай Думай 1 чэрвеня 1910 г. з шэрагам паправак, але з захаваннем агульнай накіраванасці на абмежаванне ўплыву польскіх землеўладальнікаў[22].
Пры разглядзе ў Дзяржаўным Савеце законапраект нечакана сутыкнуўся з супрацівам часткі правых, якія лічылі падтрымку буйных землеўладальнікаў больш важнай за нацыяналістычныя мэты. 4 сакавіка 1911 г. Дзяржаўны Савет прыняў папраўку, што ліквідавала нацыянальныя курыі, скасоўвала зніжэнне выбарчага маёмаснага цэнзу для заходніх губерняў і тым самым фактычна змяніла сутнасць законапраекта. За дадзеную прапраўку прагаласавалі 92 члены Дзяржаўнага Савета супраць 68. Асноўная аргументацыя праціўнікаў законапраекта, якіх узначальвалі дасведчаныя расійскія ўрадавыя дзеячы Пётр Дурнаво і Уладзімір Трэпаў, заключалася ў тым, што дыскрымінацыя польскіх землеўладальнікаў прывядзе да таго, што земствы страцяць найбольш кансерватыўных і культурных удзельнікаў, а палітыка барацьбы з палякамі ні пры якіх умовах не павінна ператварацца ў палітыку барацьбы з буйным землеўладаннем. Гэтыя аргументы былі прадстаўлены ў запісцы, накіраванай Мікалаю ІІ[23].
Гэта прывяло да вострага палітычнага крызісу. Сталыпін разгледзеў у адхіленні законапраекта Дзяржаўным Саветам асабісты выклік яму. Пагражаючы адстаўкай, ён дамогся ад Мікалая ІІ вырашэння крызісу на сваіх умовах. Сталыпін прапанаваў распусціць заканадаўчыя ўстановы на кароткі тэрмін і прыняць закон імператарскім указам на падставе артыкула 87 Асноўных дзяржаўных законаў. Гэты артыкул дазваляў імператару неадкладна (калі «надзвычайныя абставіны выклікалі неабходнасць у такой меры») прымаць патрэбныя законы ў перыяды, калі заканадаўчыя ўстановы не дзейнічалі, пры ўмове іх унясення на разгляд заканадаўчых устаноў на працягу двух месяцаў пасля іх адкрыцця. Прапанаваныя дзеянні фармальна не парушалі закона, аднак выглядалі як грубая маніпуляцыя правам. Па-першае, закон не быў неадкладным: ён разглядаўся ў планавым парадку. Па-другое, артыкул 87 паводле свайго духу (хоць і не літаральна) быў прызначаны для летніх думскіх канікулаў і для перыядаў паміж роспускам старой Думы і скліканнем новай. Мікалай II прыняў прапанову Сталыпіна, і 11 сакавіка быў выдадзены вышэйшы ўказ аб перапынку ў дзейнасці заканадаўчых устаноў з 12 па 15 сакавіка. Дзяржаўны савет, ужо апавешчаны пра гэты ўказ, на пасяджэнні 11 сакавіка дэманстратыўна цалкам адхіліў законапраект. Пасля гэтага 14 сакавіка закон быў прыняты імператарскім указам[24].
Такі крок быў успрыняты як дэманстрацыя пагарды да Дзяржаўнай Думы. У знак пратэсту старшыня Думы Аляксандр Гучкоў адмовіўся ад сваёй пасады, і на яго месца быў абраны Міхаіл Радзянка. У выніку канфлікту былі падарваны адносіны паміж урадам і Думы, а таксама аслаблены палітычныя пазіцыі Сталыпіна. Падзеі 1910—1911 гг. сталі важным этапам нарастання недаверу паміж уладай і прадстаўнічымі ўстановамі напярэдадні Першай сусветнай вайны.
Remove ads
Прадстаўніцтва ад Беларусі ў ІІІ Дзяржаўнай Думе
Ад пяці заходніх губерняў (Віленская, Гродзенская, Мінская, Віцебская, Магілёўская) у склад Дзяржаўнай Думы былі абраны 36 дэпутатаў. Па сацыяльным складзе сярод іх было 12 памешчыкаў, 8 чыноўнікаў, 8 прадстаўнікоў праваслаўнага дваранства, 11 сялян. У канфесійным плане было абрана 29 праваслаўных, 6 католікаў, 1 старавер[25]. Нават у параўнанні з праўрадавым у цэлым складам ІІІ Думы прадстаўніцтва ад беларускіх губерняў было вельмі правым. 24 дэпутаты на момант абрання прадстаўлялі розныя правыя фракцыі: правыя 13, нацыянальная група — 3, памяркоўна-правыя — 13. 5 дэпутатаў належалі да акцябрыстаў, якія ў заходніх губернях мала чым адрозніваліся ад правых, 1 — да прагрэсістаў. 6 дэпутатаў (з іх 5 у Віленскай губерні) прадстаўлялі мясцовы польскі палітычны рух, якія ўтварылі дэпутацкую групу «Польска-літоўска-беларускае кола»[26][27][28]. Ніхто з прадстаўнікоў кадэтаў і іх саюзнікаў, а таксама левых сіл з беларускіх губерняў у Думу не патрапіў. У далейшым адбываліся перамяшчэнні дэпутатаў з заходніх губерняў у межах праўрадавага лагера. К канцу дзейнасці ІІІ Думы 15 дэпутатаў уваходзілі ў фракцыю нацыяналістаў, 8 — правых, 3 — акцябрыстаў, 2 былі беспартыйнымі, блізкімі да ўрадавых сіл. Адзін дэпутат (Піліп Шаўцоў) перайшоў ад памяркоўна-правых у фракцыю прагрэсістаў.
Адметна, што ўсе праваслаўныя сялянскія дэпутаты (10 чалавек) належалі да правых груповак (з 3-й сесіі за выключэннем Піліпа Шаўцова). У той жа час іх узровень палітычнай самасвядомасці быў даволі нізкі. Калі сялянскаму дэпутату ад Гродзенскай губерні Паўлу Салаўю задалі пытанне, чаму ён называе сябе правым, ён адказаў: «Я правы, таму што буду стаяць за праўду»[29].
Асобнае месца займала ў Думе дзейнасць дэпутацкай групы «Польска-літоўска-беларускае кола», якая складалася з 7 чалавек: Юзаф Монтвіл (кіраўнік), Станіслаў Ваньковіч, Станіслаў Мацеевіч, Генрых Свянціцкі, Мацвей Цівунеліс (усе ад Віленскай губерні), Уладзіслаў Есьман (Гродзенская губерня), Казімір Завіша (Ковенская губерня). Група салідарызавалася з дэпутатамі ад «Польскага кола Каралеўства Польскага», аднак галоўнай сваёй задачай лічыла адстойванне адметных інтарэсаў свайго рэгіёна. Паводле сваіх дэпутаты дадзенай групы былі пераважна краёўцамі кансерватыўна-ліберальнай плыні[30].
Дэпутаты ад заходніх губерняў прымалі ўдзел у абмеркаванні найбольш актуальнага ў Думе аграрнага пытання. Яго асновай была сталыпінская аграрная рэформа, прадугледжаная царскім указам ад 9 лістапада 1906 г. Рэформу паслядоўна падтрымлівала большасць дэпутатаў, найперш правыя і акцябрысты. На яе карысць выказаліся ў сваіх прамовах епіскап Мітрафан, Іосіф Паўловіч, Васіль Тычынін, Фёдар Нікановіч, сялянскія дэпутаты Васіль Амасёнак, Міхаіл Ермалаеў, Архіп Кучынскі, Андрэй Юркевіч[31]. Падтрымку сталыпінскай аграрнай рэформы выказвалі і дэпутаты Польска-літоўска-беларускага кола. Так, дэпутат Станіслаў Ваньковіч у сваім выступе ахарактарызаваў аграрны закон як «значны крок на шляху прагрэсу»[32]. Выключэнне ў гэтым шэрагу склаў сялянскі дэпутат Піліп Шаўцоў, які на працягу дзейнасці Думы перайшоў ад памяркоўна-правых да прагрэсістаў, і ў сваёй прамове падтрымліваў ідэю дадатковага надзялення зямлёй беззямельных і малазямельных сялян. На падобных пазіцыях стаяў і другі прадстаўнік прагрэсістаў у заходніх губернях Васіль Біч. Ён звязваў вырашэнне аграрнага пытання з дэмакратызацыяй сістэмы кіравання ў рэгіёне (увядзенне земстваў, адмена рэжыму «ўзмоцненай аховы»)[31].
Дэпутаты ад заходніх губерняў прымалі ўдзел у абмеркаванні «Палажэння аб пачатковых вучылішчах», вынесенага на разгляд Думы ў кастрычніку 1910 г. Правыя дэпутаты, асабліва епіскап Мітрафан і Васіль Тычынін, рабілі галоўны націск на неабходнасці навучання ў школах толькі на рускай мове[33]. Пры гэтым рабіліся спробы абгрунтаваць, што руская мова з’яўляецца роднай і для беларускаў-католікаў. Таксама правыя дэпутаты выступалі супраць прыватных польскамоўных школ у Заходнім краі. Дэпутат ад Гродзенскай губерні, праваслаўны святар Уладзімір Кузьмінскі наступным чынам выказваўся на гэты конт[34]:
«Руская армія, адказная з знешнюю абарону, мае адно звяно, якое яе звязвае — мову каманды, дзяржаўную рускую мову. Нам думаецца, што ў справе культурнага яднання такім звяном таксама павінна быць адна мова — дзяржаўная, руская».
У супрацьвагу гэтаму дэпутаты Польска-літоўска-беларускага кола выступалі права адукацыі на роднай мове, спасылаючыся пры гэтым на прынцыпы царскага ўказа ад 1 мая 1905 г., крытыкавалі афіцыйныя школы ў сувязі з іх русіфікатарскай скіраванасцю[35]. У лістападзе 1911 г. Станіслаў Мацеевіч крытыкаваў прапанову холмскага праваслаўнага епіскапа Яўлогія аб выкладанні Закона Божага на «роднай» для іх расійскай мове. Ён адстойваў права грамадскасці самастойна вызначаць мову выкладання ў сваёй мясцовасці[36]:
«Мы існуем не для таго, каб паланізаваць або русіфікаваць, а дзеля навучання нашага народу ісцінам каталіцкай царквы».
Права выкладання ў школах на беларускай мове ўзнімаў у Думе літоўскі дэпутат ад Сувалкаўскай губерні і кіраўнік фракцыі трудавікоў Андрус Булота. Падчас дэбатаў аб тым, якая мова з’яўляецца роднай для беларускіх католікаў, ён заўважыў[37]:
«Я думаю трэба дазволіць бацькам-беларусам сказаць: бацюшка ты наш, дарагі, навучай нашых дзетак на нашай халопскай ці мужыцкай мове і не навучай іх на маскоўскай, рускай мове — на маскальскай, як яе называюць беларусы, таму што нашы дзеткі не разумеюць; навучай іх на роднай мове».
Крытыкуючы афіцыйны погляд на беларускую і ўкраінскую мовы як на дыялекты расійскай, Андрус Булота заявіў у Думе, што прынясе на пасяджэнне шэраг публікацый на гэтых мовах і зачытае іх, «і парпашу, вас, панове, хто цвердзіць, што гэтыя мовы — тое самае, што руская, перакласці гэтыя рэчы, і пагляджу, як вы затанцуеце»[38].
Актыўную ролю дэпутаты ад заходніх губерняў адыгралі ў абмеркаванні праекта земскай рэформы 1910 г. Сярод правых дэпутатаў не было адзінства па гэтым пытанні. У падтрымку законапраекта выступілі дэпутат ад Магілёўскай губерні, гомельскі прадвадзіцель дваранства Мікалай Ладамірскі, дэпутат ад Мінскай губерні, рэктар Мінскай духоўнай семінарыі Андрэй Юрашкевіч. Яны бачылі ў земствах сродак стымулявання эканамічнага развіцця і ўзмацнення «рускай дзяржаўнасці» у Заходнім краі. У той жа час яны папярэджвалі пра недапушчальнасць паправак у законапрект, што маглі б забяспечыць значную прысутнасць у земствах прадстаўнікоў польскай нацыянальнасці. Падтрымалі ў цэлым законапраект і правыя сялянскія дэпутаты, хаця ў сваіх прамовах падкрэслівалі неабходнасць зніжэння маёмаснага цэнзу для павелічэння прадстаўніцтва сялянства (Васіль Амасёнак, Архіп Кучынскі). Разам з тым дэпутат ад «рускага» насельніцтва Віленскай губерні Георгій Замыслоўскі выказваў сумненні ў мэтазгоднасці ўвядзення земстваў у Заходнім краі. Ён абгрунтоўваў гэта малалікасцю рускіх памешчыкаў у краі і недаверам да сялянства, якое паводле яго не ўяўляе з сябе істотнай сацыяльнай сілы[39].
Пазіцыю акцябрыстаў адлюстроўваў Аляксей Сапуноў, які падтрымаў пазіцыю большасці сваёй фракцыі[40]:
«Мы не супраць удзелу палякаў у нашым земстве, мы толькі супраць перабольшвання як сілы, так і аб’ёму іх удзелу».
Дэпутаты Польска-літоўска-беларускага кола пагаджаліся з ідэяй увядзення земстваў у заходніх губернях, але паводле тых прынцыпаў, якія дзейнічалі ў расійскіх губерняў, без нацыянальных курый. Яны крытыкавалі яўна дыскрымінацыйны характар законапраект, правіла, згодна з якім нацыянальнасць асобы для ўдзелу ў выбарах вызначалі чыноўнікі[41]. Станіслаў Ваньковіч заклікаў да прызнання палякаў раўнапраўнымі грамадзянамі Расійскай імперыі[42]:
«Мы, палякі, па нашых перакананнях, манархісты і канстытуцыяналісты, у нас вы заўсёды знойдзеце прыхільнікаў права і законнасці … Калі б гэта адбылося, то іншародцы не горш за вас абаранялі б сілу і магутнасць расійскай дзяржавы, не адмаўляючыся ні ад сваёй веры, ні ад сваёй нацыянальнасці».
Група адмоўна аднеслася да ўрадавага законапраекта аб увядзенні земстваў. Дэпутаты групоўкі прапанавалі знізіць выбарчы цэнз і ўстанавіць прапарцыйную сістэму прадстаўніцтва ў земствах, а не па веравызнанні. Яна падтрымала дэпутатаў Польскага кола супраць урадавага рашэння аб стварэнні Холмскай губерні і вылучэнні яе са складу Каралеўства Польскага, а таксама супраць абмежаванняў аўтаноміі Вялікага Княства Фінлядскага[43][44].
Спіс дэпутатаў ад беларускіх губерняў у ІІІ Дзяржаўнай Думе

Віленская губерня
- Станіслаў Аляксандравіч Ваньковіч — дваранін, землеўладальнік, намеснік старшыні Віленскага сельскагаспадарчага таварыства, дэпутат ІІ Думы, член Польска-літоўска-беларускага кола
- Станіслаў Аляксеевіч Вяраксін — праваслаўны святар Беразвецкага жаночага манастыра, старшыня Глыбоцкага аддзела Саюза рускага народа, прадстаўнік у Думе ад «рускага» насельніцтва, правы
- Георгій Георгіевіч Замыслоўскі — дваранін, юрыст, намеснік пракурора Віленскай судовай палаты, прадстаўнік у Думе ад «рускага» насельніцтва, правы
- Станіслаў Гіляр’евіч Мацеевіч — каталіцкі святар у Вільні, актывіст шэрыгу арганізацый, звязаных з польскай нацыянал-дэмакратыяй, член Польска-літоўска-беларускага кола
- Юзаф Станіслававіч Монтвіл — дваранін, землеўладальнік, банкір, прадпрымальнік і грамадска-культурны дзеяч у Вільні, член Польска-літоўска-беларускага кола
- Генрых Іпалітавіч Свянціцкі — дваранін, землеўладальнік, інжынер чыгункі, член Віцебскага і Мінскага таварыстваў сельскай гаспадаркі, член Польска-літоўска-беларускага кола
- Мацвей Ягоравіч Цівунеліс — селянін Свянцянскага павета, член Польска-літоўска-беларускага кола
Віцебская губерня
- Васіль Рыгоравіч Амасёнак — селянін Гарадоцкага павета, займаў шматлікія пасады на сельскім і валасным узроўні, памяркоўна-правы, з 4-й сесіі нацыяналіст, з 5-й сесіі беспартыйны
- Васіль Гаўрылавіч Дапельмаер — дваранін праваслаўнага веравызнання, афіцэр у адстаўцы, займаў розныя чыноўніцкія пасады, акцябрыст
- Міхаіл Кандратавіч Ермалаеў — селянін-старавер Дзвінскага павета, член Саюза рускага народа, правы (1-я сесія), памяркоўна-правы (2-я сесія), нацыяналіст (з 3-й сесіі)
- Фёдар Іосіфавіч Нікановіч — праваслаўны святар у Люцыне, член Саюза рускага народа, правы
- Аляксей Парфёнавіч Сапуноў — гісторык, краязнаўца, чыноўнік, землеўладальнік Віцебскага павета, акцябрыст
- Мікалай Мікалаевіч Яўрэінаў — дваранін, землеўладальнік праваслаўнага веравызнання, чыноўнік, прадвадзіцель дваранства Невельскага павета, акцябрыст
Гродзенская губерня
- Васіль Акімавіч Біч — землеўладальнік сялянскага паходжання і праваслаўнага веравызнання, чыноўнік ляснога ведамства, прагрэсіст
- Ігнацій Вікенцьевіч Вайцюлік — селянін Сакольскага павета, праваслаўны, памяркоўна правы, з 3-й сесіі нацыяналіст
- Улас Львовіч Гаўрылюк — селянін Брэсцкага павета, праваслаўны, займаў шэраг валасных пасад, памяркоўна-правы, з 3-й сесіі нацыяналіст
- Уладзіслаў Міхайлавіч Есьман — дваранін, землеўладальнік Слонімскага павета, кандыдат прыродазнаўчых навук, служыў падатковым інспектарам, член Польска-літоўска-беларускага кола
- Уладзімір Міхайлавіч Кузьмінскі — праваслаўны святар са Слоніма, член нацыянальнай групы, з 3-й сесіі нацыяналіст
- Павел Сільвестравіч Салавей — селянін Пружанскага павета, чыгуначны служачы, памяркоўна правы, памёр 23 жніўня 1909 г.
- Васіль Канстанцінавіч Тычынін — кандыдат багаслоўя, выкладчык у шэрагу духоўных праваслаўных устаноў, інспектар народных вучылішчаў Гродзенскай губерні, нацыяналіст
- Барыс Сямёнавіч Янушкевіч (абраны ў 1909 г. замест памерлага Паўла Салаўя) — селянін Ваўкавыскага павета, нацыяналіст
Магілёўская губерня
- Васіль Фёдаравіч Галынец — праваслаўны святар Быхаўскага павета, выкладчык у Гомельскім духоўным вучылішчы, памяркоўна-правы, з 3-й сесіі беспартыйны
- Мікалай Канстанцінавіч фон Гюбенет — дваранін, землеўладальнік праваслаўнага веравызнання, прадвадзіцель дваранства Клімавіцкага павета, член нацыянальнай групы, з 3-й сесіі нацыяналіст
- Мікалай Мікалаевіч Ладамірскі — дваранін, землеўладальнік праваслаўнага веравызнання, афіцэр у адстаўцы, прадввадзіцель дваранства Гомельскага павета, чыноўнік у Гомельскім павеце, памяркоўна-правы, з 3-й сесіі нацыяналіст
- Епіскап Мітрафан (Дзмітрый Іванавіч Краснапольскі) — праваслаўны епіскап гомельскі, кандыдат багаслоўя, рэктар Магілёўскай духоўнай семінарыі, член Саюза рускага народа, правы
- Іван Пятровіч Сазановіч — дваранін, землеўладальнік Магілёўскай губерні праваслаўнага веравызнання, навуковец-літаратуразнаўца, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта, дэпутат ІІ Думы, правы
- Кірыл Фаміч Тамашэвіч — землеўладальнік праваслаўнага веравызнання, чыноўнік у Магілёўскай губерні, выкладчык у Магілёўскай фельчарскай школе, правы, з 3-й сесіі нацыяналіст
- Піліп Цімафеевіч Шаўцоў — селянін Рагачоўскага павета, памяркоўна-правы, з 3-й сесіі прагрэсіст
Мінская губерня
- Архіп Фёдаравіч Кучынскі — селянін Барысаўскага павета, дробны землеўладальнік, памяркоўна-правы, з 3-й сесіі нацыяналіст
- Сяргей Мікалаевіч Мезенцаў — дваранін, землеўладальнік праваслаўнага веравызнання, генерал-лейтэнант, служыў начальнікам жандарскага ўпраўлення ў некалькіх губернях, правы
- Андрэй Мікітавіч Налівайка — селянін Бабруйскага павета, памяркоўна-правы, з 3-й сесіі беспартыйны, з 4-й сесіі нацыяналіст
- Іосіф Якаўлевіч Паўловіч — землеўладальнік мяшчанскага паходжання і праваслаўнага веравызнання, выкладчык моў у гімназіях Мінска, акцябрыст, з 3-й сесіі нацыяналіст
- Стэфан Іосіфавіч Салаўевіч — праваслаўны святар Навагрудскага павета, памяркоўна-правы, з 3-й сесіі нацыяналіст
- Густаў Карлавіч Шмід — дваранін, марскі афіцэр, чыноўнік на чыгунцы, праўрадавы журналіст, засновальнік Рускага ўскраіннага саюза, першапачаткова акцябрыст, але ў хуткім часе выключаны з фракцыі, потым беспартыйны, які прычыкаў да правых; 5 лютага 1908 г. быў пазбаўлены дэпутацкага мандата праз прызнанне несапраўднасці выбараў
- Андрэй Данілавіч Юрашкевіч — праваслаўны святар у Мінску, рэктар Мінскай духоўнай семінарыі, абраны дэпутатам у верасні 1908 г. на месца пазбаўленага дэпутацкіх паўнамоцтваў Густава Шміда, правы
- Андрэй Іванавіч Юркевіч — селянін Слуцкага павета, памяркоўна-правы, з 3-й сесіі беспартыйны, з 4-й сесіі правы
- Вячаслаў Андрэевіч Якубовіч — праваслаўны святар у Петрыкаве, член Рускага ўскраіннага саюза, памяркоўна-правы, з 3-й сесіі нацыяналіст
- Кіпрыян Трафімавіч Ярмольчык — селянін Рэчыцкага павета, сельскі настаўнік, памяркоўна-правы, з 3-й сесіі нацыяналіст[26][27][28].
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads