Беларуськалій

горнаруднае і хімічнае прадпрыемства Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Беларуськалій
Remove ads

«Беларуська́лій» — дзяржаўнае прадпрыемства Беларусі па здабычы калійнай солі, заснаванае ў чэрвені 1958 году ў якасьці «Старобінскага калійнага камбінату» (цяпер Салігорскі раён).

Хуткія факты Тып, Лістынг на біржы ...

На 2025 год сыравінную базу складалі Старобінскае і Петрыкаўскае радовішчы калійных соляў з агульнымі запасамі на 6,4 млрд тонаў, што забясьпечвала працу на прынамсі 130 гадоў[4]. Меў 6 руднікоў і прадстаўніцтвы ў Аўстрыі (Вена) ды Летуве (Вільня). Вырабляў калійныя ўгнаеньні ды харчовую соль, якія большасьцю пастаўляе за мяжу. На дзель прадпрыемства ў 2010 годзе прыпадала 16% сусьветнай вытворчасьці калю (8,6 млн тонаў)[5].

Паводле зьвестак Міжнароднай асацыяцыі ўгнаеньняў на дзель прыдпрыемства прыпадае сёмая частка сусьветнага аб’ёму вытворчасьці калійных угнаеньняў. Прадукцыя пастаўляецца ў Эўропу, Усходнюю Азію, краіны Міжземнамор’я, Паўднёвую Афрыку, Індыю, Кітай, Паўднёвую і Паўночную Амэрыку, усяго экспартуючы прадукцыю больш за 70 краінаў сьвету[6].

Remove ads

Вытворчасьць

На 2025 год «Беларуськалій» меў Старобінскае калійнае радовішча ў якасьці асноўнага на паўночны ўсход ад Салігорску, якое было адным з найбольшых у сьвеце. Вытворчасьць месьцілася ў Салігорску і Петрыкаве (Гомельская вобласьць), дзе было новае радовішча, ды ўлучала 7 руднікоў і 5 абагачальных фабрыкаў. Сярод найноўшых Чырвонаслабодзкі руднік працягнуў працу 2-й рудаўправы больш як на 40 гадоў, а ўведзены ў 2012 годзе Бярозаўскі руднік дадаў 247 млн т запасаў. У траўні 2019 году пачалі будоўлю Дарасінскага рудніка з запасамі на 180 млн т. На 3-й 4-й рудаўправах далейшыя запасы руды знаходзіліся на глыбіні звыш 1000 м. У 2021 годзе запусьцілі «Петрыкаўскі горна-абагачальны камбінат» з запасамі калійнай руды на 1,8 млрд т на паўночны ўсход ад Петрыкава[7].

  • Першая рудаўправа. Заснаваная 5 кастрычніка 1958 году. Распрацоўвала першы калійны гарызонт. Падтрымлівала сыравінную базу за кошт Бярозаўскага рудніка (Зажэвіцкі сельсавет). Сыльвінітавая абагачальная фабрыка (САФ) ў яе складзе вырабляла: дробны, грануляваны і дробнагрануляваны хлёрысты каль, ёдаваную і проста харчовую каменную, а таксама рассыпную і брыкетавую кармовую павараную соль, тэхнічны хлёрысты натр, мінэральны канцэнтрат галіт і тукасумесі. Для ўпакоўкі грануляванага калю і галіту выкарыстоўвалі мяккія кантэйнэры[8].
Thumb
2-я рудаўправа «Беларуськалію» (2014 год)
  • Другая рудаўправа. Закладзены ў верасьні 1961 году пад руднік каля вёскі Радкава (Краснадворскі сельсавет). Пачала існаваньне 23 сьнежня 1965 году ў якасьці «Другага Салігорскага калійнага камбінату». 8 траўня 2009 году дадалі Чырвонаслабодзкі руднік. Яе фабрыка вырабляла дробны хлёрысты каль маркі «С» для пастаўкі за мяжу, а таксма грануляваны і дробнагрануляваны[9].
  • Трэцяя рудаўправа. Закладзеная ў лютым 1965 году. Пачала існаваньне 19 сьнежня 1969 году ў якасьці «Трэцяга Салігорскага калійнага камбінату». Ад 1995 году займела цэх рэагента-дэпрэсатара магутнасьцю 2200 т за год, а таксама цэх перапрацоўкі бульбы на 13 000 т за год. Ад 2013 году мела цэх складана-зьмяшаных азотна-фосфарна-калійных угнаеньняў маркі 13-13-21. Сярод іншага, валодаў пляцоўкай складаваньня галітавых адкідаў з намываньнем пласт-пліты на адпрацаваную акваторыю шласховішча. Аснашчалася найноўшымі ачышчальнымі камбайнамі. Яе фабрыка выпускала: дробны, грануляваны і дробнагрануляваны хлёрысты каль, азотна-фосфарна-калійныя (АФК) ўгнаеньні, фільтраваны тэхнічны бульбяны крухмал і тэхнічныя бульбяныя жамерыны[10].
    • Цэх азотна-фосфарна-калійных (АФК) угнаеньняў. Прыняты ў карыстаньне 25 чэрвеня 2013 году. Вырабляў складана-зьмяшаныя АФК угнаеньні маркі 13-13-21 шляхам зьмешваньня і грануляваньня азоту, пяцівокісу фосфару і вокісу калю. Ва ўгнаеньні маглі дадаваць дзьвюхвалетныя медзь, цынк і манган, а таксама бор[11].
  • Чацьвертая рудаўправа. Закладзеная ў 1971 годзе між вёсак Зажэвічы і Старыя Цярушкі для вытворчасьці харчовай солі з адкідаў солеадвалаў і бясхлёрных угнаеньняў у выглядзе сульфату калю. Запушчаная 15 сьнежня 1978 году ў якасьці «Чацьвертага Салігорскага калійнага камбінату». У 1981 годзе стварылі аддзяленьні грануляцыі магутнасьцю 748 тыс. т 100-адсоткавага вокісу калю. У 1993 годзе запусьцілі 2-ю чаргу на 2,4 млн т за год. У 2001 годзе наладзілі вытворчасьць 98-адсоткавых дробназярністых і буйнакрышталічных вырабаў. У 2003 годзе падвялі газаправод, які дазволіў замяніць мазуту на прыродны газ. У 2015 годзе запусьцілі цэх мэмбраннага электролізу (ЦМЭЛ). У 2018 годзе займела новую ўстаноўку рэгуляванай вакуўм-крышталізацыі магутнасьцю 1,5 млн т за год для атрыманьня абяспыленага хлёрыстага калю. Яе сыльвінітавая абагачальная фабрыка вырабляла: тэхнічны дробны, абяспылены, грануляваны і проста дробны, грануляваны і дробнагрануляваны хлёрысты каль, а таксама тэхнічны хлёрысты каль маркі В, мінэральны канцэнтрат галіт маркі В і рапу хлярыду калю і натру[12].
    • Цэх мэмбраннага электролізу. Уведзены ў дзеяньне ў 2015 годзе. Выпускаў да: 12 500 т гідраксыду калю і 7050 т салянай кісьлі ў пераліку на 100 %, а таксама 4800 т гіпахлярыту натру з засяроджаньнем 190 г/літар як абеззаражвальнік[13].
  • Петрыкаўская рудаўправа. Закладзеная 27 жніўня 2014 году. Запушчаная 27 жніўня 2021 году ў якасьці «Петрыкаўскага горна-абагачальнага комплексу». Месьцілася на захадзе Прыпяцкага прагіну. Налічвала 8 калійных гарызонтаў з запасамі 2,2 млн т на глыбіні да 1200 м, якія выявілі ў 1966 годзе на Петрыкаўскім радовішчы[14].
Remove ads

Вырабы

На 2025 год «Беларуськалій» вырабляў:

  • грануляваны і дробны хлёрысты каль флятацыйнай і галюргічнай апрацоўкі, у тым ліку тэхнічны (як і абяспылены) марак «А» і «Б»[15];
  • азотна-фосфарна-калійныя (АФК) ўгнаеньні з азоту, пяцівокісу фосфару і вокісу калю пры даданьні макраэлемэнтаў вокісу магну, вокісу кальцу, серкі і вокісу натру, а таксама мікраэлемэнтаў бору, мангану, цынку, медзі і малібдэну на запыт[16];
  • азотна-фосфарна-калійныя тукасумесі з 80 марак гранулаў[17];
  • тэхнічны хлёрысты натр марак «А», «Б» і «В» для распушчэньня ў вадзе[18];
  • галіт як мінэральны канцэнтрат з тэхнічнага хлёрыстага натру і дамешкаў для распушчэньня ў вадзе[19];
  • харчовую каменную соль, у тым ліку ёдаваную[20], і кармавую павараную соль, у тым ліку брыкетаваную[21];
  • гіпахлярыт натру як абеззаражвальнік пітной вады, плавальных басэйнаў, побытавых і прамысловых сьцёкаў, а таксама як адбельвальнік тканіны[22];
  • сынтэтычную тэхнічную саляную кісьлю для мэталюргіі і мэдычнай прамысловасьці[23];
  • гідрат вокісу калю для вытворчасьці сынтэтычнага каўчука і плястмасы, электралітаў для акумулятараў і біядызэльнага паліва як каталізатар[24].
Remove ads

Гісторыя

За савецкім часам

Увесну 1949 году доктар геоляга-мінэралягічных навук Герасім Багамолаў, які быў аўтарам геалягічнай мапы карэнных адкладаў Беларусі, стаў суадкрывальнікам Старобінскага радовішча калійных соляў (Бабруйская вобласьць), якое было адным з найбуйнейшых у сьвеце. 11 траўня 1949 году пачалі бурэньне першай выведкавай сьвідравіны. 9 ліпеня 1949 году з глыбіні 349 м узьнялі першы керн з крышталямі сыльвініту. 3 чэрвеня 1958 году Савет міністраў Беларускай ССР ухваліў Пастанову № 360 «Аб будаўніцтве Старобінскага калійнага камбінату» (Менская вобласьць). 9 чэрвеня 1958 году Міністэрства будаўніцтва Беларускай ССР зацьвердзіла Загад № 270 па арганізацыі будаўнічага трэсту № 3 для будоўлі, у склад якога ўвайшлі домаўправа, праектна-каштарысная група, лябараторыя і 3 управы начальніка працаў: № 15 са Слуцку, а таксама новаствораныя № 122 і 123. 21 чэрвеня 1958 году на падставе Загаду начальніка ўправы шкляной і хімічнай прамысловасьці Савета народнай гаспадаркі Беларускай ССР № 174 выдалі Загад № 1 па «Старобінскім калійным камбінаце» («СКК»), што стала датай яго заснаваньня. Абавязкі кіраўніка «СКК» усклалі на Алега Цімафеева. 12 жніўня 1958 году заклалі першы камень будоўлі Салігорску[25].

У 1959 годзе ўсталявалі першы капёр (копэр). 25 красавіка 1960 году збудавалі першы ў Беларусі рудапраходніцкі капёр над рудным ствалом № 2 «Першага Салігорскага калійнага камбінату». 30 красавіка зьвяно Мікалая Герасімені на глыбіні 414 м ствала № 2 выкрыла прамысловы гарызонт калійных соляў і на-гара падняло першую бодню сыльвініту. 26 ліпеня 1960 году ў рудніку № 2 зрабілі першы падрыў для пачатку праходкі паземных горных выпрацовак, з чаго пачаў працу «1-ы Салігорскі калійны камбінат». 9 студзеня 1961 годзе пачалі прамысловую здабычу калійнай солі і адгрузілі першую сырую соль на часовы солямлын. Таксама ў 1961 годзе каля вёскі Радкава (Краснадворскі сельсавет) пазначалі будпляцоўку рудніка «Другога Салігорскага калійнага камбінату» («2-і СКК»). У 1962 годзе скончылі мантаж і ўздым праходачнага копра над ствалом № 1 «2-га СКК» і пачалі вэртыкальную праходку ствала № 3 на «2-м СКК». 7 сакавіка 1963 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ухваліў Указ аб пераўтварэньні пасёлка Салігорска ў горад абласнога падпарадкаваньня[25]. Першая чарга Першага Салігорскага калійнага камбінату, якая стала ўдарнай будоўляй, была ўведзена ў эксплюатацыю ў сьнежні 1963 году.

Thumb
Брыгада работнікаў «Салігорскага калійнага камбінату» (1968 год)

У 1964 годзе Савет міністраў Беларускай ССР ухваліў Пастанову аб пачатку будаўніцтва «Трэцяга Салігорскага калійнага камбінату» («3-і СКК»). У лютым 1965 году Дзяржаўная камісія падпісала акт прыёму ў карыстаньне 1-й чаргі «2-га СКК». 24 сьнежня 1965 году на ўзбагачальнай фабрыцы «2-га СКК» атрымалі першы канцэнтрат. У 1967 годзе здалі ў карыстаньне 2-ю чаргу «2-га СКК» і выдалі на-гара перы скіп сыльвініту на «3-м СКК». У 1969 годзе ўвялі ў дзеяньне 1-ю чаргу «2-га СКК». У 1970 годзе ўсе тры Салігорскія калійныя камбінаты аб'ядналі ў «Беларускі калійны камбінат». 1 сакавіка 1971 год аддзелы тэхнічнага кантролю 3-х Салігорскіх калійных камбінатаў аб'ядналі ў адно падразьдзяленьне. У 1971 годзе пачалі будоўлю «Чацьвертага Салігорскага калійнага камбінату» («4-ы СКК») між Салігорскім і Любанскім раёнамі каля вёскі Зялёны Мох. Сыравінай служылі запасы 4-га руднага поля Старобінскага радовішча, якое было найбольшым і мела плошчу 220 кв.км. У 1975 годзе «Беларускі калійны камбінат» пераўтварылі ў вытворчае аб'яднаньне «Беларуськалій». У 1975 годзе ўтварылі аўтатранспартны цэх на чале з Паўлам Малочкам. У 1977 годзе здалі ў карыстаньне 1-ю чаргу кацельні, якая пачыналася з паравоза на вугалі ў 1976 годзе[25]. У 1970-х гадох здабыча вялася на шахтавых камбайнах для здабычы вугалю, недастаткова магутных і не зусім падыходных для здабычы соляў. Пры гэтым было некалькі аварыяў, калі камбайн выходзіў да падземнай паражніны, запоўненай газам — газ выбухваў, гінулі людзі. Пазьней з гэтай праблемай навучыліся спраўляцца, падрываючы гэтыя лінзы.

У 1980-х гадох прадпрыемства мела 17% сусьветнага рынку, здабываючы 5 млн тон штогод, зь іх 40% ішло на экспарт. Перад новым дырэктарам А. Падлесным, назначаным у Маскве, пастаўлена новая задача — выйсьці на мяжу 10 млн тон руды штогод. Неўзабаве, праз год, мэта была дасягнутая, дзякуючы мадэрнізацыі 4-га рудаўпраўленьня. У канцы 1980-х пачаліся страйкі. Прадпрыемства практычна пазбавілася дзяржаўнай падтрымкі. Пачаліся нявыплаты заробкаў.

Незалежнасьць

У 1990-я гады дробныя спажыўцы сталі самастойна вывозіць прадукцыю за мяжу, дэмпінгуючы на міжнародным рынку, што выклікала незадаволенасьць сусьветных калійных кампаніяў. Аўтарытэт прадпрыемства ўпаў, яго потым прыйшлося аднаўляць гадамі. Быў атрыманы крэдыт на рэканструкцыю 1-га рудаўпраўленьня. На некаторы прамежак, у якасьці экспэрымэнту, у падземных галерэях было арганізавана вырошчваньне грыбоў і гародніны. 1994 год стаў пераломным у лёсе прадпрыемства, яно атрымала дзяржаўную падтрымку, адмовіўшыся ад ягонай прыватызацыі. У 1996 годзе «Беларуськалій» стаў спонсарам мясцовага футбольнага клюбу «Шахцёр», а ў 2010-м — і хакейнага клюбу «Шахцёр»[26]. У 2001 годзе «Беларуськалій» укараніў сыстэму навакольнага кіраваньня паводле ўмоваў Міжнароднай арганізацыі стандартызацыі (Швайцарыя) 14001[27]. 16 траўня 2001 году вытворчае аб'яднаньне «Беларуськалій» пераўтварылі ў рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства.

У жніўні 2003 году на «Беларуськаліі» была здабыта мільярдная тона руды. 23 кастрычніка 2003 году ўвялі ў дзеяньне 17 км ніткі газаправода для злучэньня цеплаэлектрастанцыі (ЦЭС) 4-й рудаўправы з магістральным газаправодам[25]. Выручка прадпрыемства за 2006 год склала каля $ 1 млрд[28]. З 25 верасьня 2005 году замежныя пастаўкі ажыцьцяўляе праз сумеснае з расейскім «Уралкаліем» (Бярэзьнікі, Пермскі край) ЗАТ «Беларуская калійная кампанія». 14 сьнежня 2006 году пачалі будоўлю Бярозаўскага рудніка. У 2007 годзе на Чырвонаслабодзкім рудніку здабылі першую калійную соль, якую ўскрылі на другім калійным гарызонце на глыбіні 472 м[25].Аб’ём здабычы ў 2007 годзе перавысіў 8 млн тон, зь якіх 7,216 млн тон была экпартавана. У 2008 годзе прадпрыемства экспартавала 6,483 млн тон угнаеньняў, пры гэтым выручка склала 3,379 млрд даляраў. Сумесна з ААТ «Уралкалій» прадпрыемства было заснавальнікам ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК), якая зьяўляецца адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў калійных угнаеньняў у сьвеце.

Thumb
Кар'ер 2-й рудаўправы «Беларуськалію» (2012 год)

У красавіку 2008 году пачалі праходку рудных ствалоў Бярозаўскага рудніка. У лістападзе 2008 году адчынілі склад руды на 25 000 т і канвэерную галерэю ад Чырвонаслабодзкага рудніка да 2-й рудаўправы даўжынёй 6,5 км[25]. У траўні 2009 году быў уведзены ў эксплюатацыю 5-ы руднік «Чырвонаслабодзкі», адметнай рысай якога зьяўляецца адсутнасьць уласнай фабрыкі па перапрацоўцы калійнай руды, выкарыстоўваецца канвэер даўжынёй 6,4 км для ейнай транспартыроўкі да 2-га рудаўпраўленьня. У 2010 годзе прадпрыемства выпусьціла 8,6 млн тон калійных угнаеньняў, у той час як у 2009 годзе аб’ём вытворчасьці склаў толькі каля 4,3 млн тон, зь іх на экспарт было пастаўлена 6,8 млн тон калійных угнаеньняў. 27 верасьня 2010 году «Беларуськалій» пераўтварылі ў адкрытае акцыйнае таварыства[29]. З чэрвеня 2012 году працуе 6-ы руднік «Бярозаўскі», які забясьпечвае рудой фабрыку па ўзбагачэньні 1-га рудаўпраўленьня канвэерным транспартам па паверхні праз Салігорскае вадасховішча. У 2013 годзе запушчаны цэх па вытворчасьці складаных мінэральных азотна-фосфарна-калійных (АФК) угнаеньняў, разгорнута будаўніцтва хімічнага камбінату па глыбокай комплекснай перапрацоўцы хлёраўтрымальнай сыравіны і распачата будаўніцтва Петрыкаўскага горна-абагачальнага камбінату.

Калійная вайна

У 2013 годзе Сьледчы камітэт Беларусі распачаў справу ў дачыненьні да шэрагу кіраўнікоў сумеснай з «Уралкаліем» кампаніяй БКК, якія злоўжывалі сваёй пасадай і нанесьлі шкоду рэпутацыі «Беларуськалію». У жніўні падчас прыбыцьця ў Менск на размову з прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясьніковічам, быў затрыманы генэральны дырэктар расейскага «Уралкалію» Ўладзіслаў Баўмгертнер, шэраг іншых кіраўнікоў, у тым ліку і ўладальнік прадпрыемства Сулейман Керымаў, былі аб’яўлены ў міжнародны вышук[30]. Пасьля знаходжаньня ў СІЗА ў Менску і ціску з боку Масквы на вызваленьне прадпрымальніка з-пад варты, Баўмгертнер пазьней быў перададзены Маскве, дзе знаходзіўся некаторы час пад хатнім арыштам.

У выніку разрыву партнэрскіх адносінаў паміж кампаніямі, абодва прадпрыемствы паводле вынікаў 2013 году страцілі ў паказчыку прыбытку, пры гэтым «Беларуськалій» чысты гадавы прыбытак скараціўся ў 4,9 разы[31]. У 2013 годзе «Беларуськулій» атрымаў 3-ю найбольшую выручку сярод прадпрыемстваў Беларусі ў памеры 14,756 трлн рублёў[32] (1,551 млрд $)[33], а чысты прыбытак склаў 1,355 трлн рублёў (138 млн даляраў).

Паглыбленьне перапрацоўкі

Thumb
Солеадвалы ў Салігорскім раёне (2014 год)

6 чэрвеня 2014 году пасаду кіраўніка заняў Іван Галаваты[34]. На 2014 год прадпрыемства налічвала 19 600 супрацоўнікаў[35]. У 2014 годзе вытворчасьць калійных угнаеньняў вырасла на 48 % да 10,336 млн тонаў. Выпуск грануляваных калійных угнаеньняў на флятацыйных фабрыках 3-х рудаўправаў склаў 60 % ад валавай вытворчасьці. Вытворчасьць комплексных угнаеньняў дасягнула 181 тыс. тонаў, зь якіх 153 тыс. т вырабілі на 3-й рудаўправе[25]. У 2014 годзе ўкаранілі біялягічную бясьпеку хлёрыстага калю пры вытворчасьці, перавозцы і захоўваньні ў порце, пагрузцы і перавозцы караблём для паставак у Аўстралію і Новую Зэляндыю. У жніўні 2014 году правялі засьведчаньне праверкай ад прадпрыемства «Хантэрскія якасныя рашэньні» (штат Новы Паўднёвы Ўэйлз), а ў лютым 2017 году — ад Ведамства сельскай гаспадаркі Аўстраліі з наданьнем пасьведчаньня 1-га ўзроўню[36].

Thumb
Аддзяленьне згушчэньня фабрыкі 2-і рудаўправы «Беларуськалію» (2016 год)

У лютым 2015 году запусьцілі цэх мэмбраннага электролізу на хімічным камбінаце глыбокай комплекснай перапрацоўкі хлёрзьмяшчальнай мінэральнай сыравіны[37]. 17 траўня 2016 году на «Петрыкаўскім горна-абагачальным камбінаце» пачалася праходка ствалоў трэстам «Шахтспэцбуд». 31 сакавіка 2017 году запусьцілі «Гарлыцкі горна-абагачальны камбінат» у Туркмэністане. 12 жніўня 2018 году падпісалі 5-гадовы мэмарандум аб пастаўцы найбольшаму кітайскаму пакупніку «Сінахімам» 700 000 т хлёрыстага белага грануляванага галюргічнага калю з даданьнем серкі і цынку, які быў новым вырабам. 7 верасьня 2018 году на «Петрыкаўскім ГАКу» здабылі першую руду[25]. У 2018 годзе запрацавала новая рэгуляваная вакуўм-крышталізацыйная ўстаноўка. У 2019 годзе «Беларуськалій» налічваў 16 527 супрацоўнікаў. 6 лістапада 2019 годзе адчынілі першы ў Беларусі завод нітрату калю «Белкалій-Мігао» сумесна з кітайскім вытворцам «Мігао» (Ганконг). Таксама ў 2019 годзе пачалі ўзводзіць Дарасінскі руднік у Любанскім раёне[37], праходку клецявога ствала якога распачалі 11 сьнежня 2020 году. Яго магутнасьць вызначылі ў 8 млн т руды за год на 50 гадоў службы ў 3-й рудаўправе. 5 кастрычніка 2020 году ўпершыню паставілі ўгнаеньні з Клайпедзкага порта ў Летуве праз Паўночны марскі шлях у Кітай, што дазволіла скараціць тэрмін дастаўкі ў 1,5 разы[25]. 21 жніўня 2021 году запусьцілі горна-ўзбагачальны комплекс на аснове Петрыкаўскага радовішча калійных соляў (Гомельская вобласьць)[37] пры магутнасьці 1,5 млн т за год.

Пратэсты, стачкі, санкцыі

У 2020 годзе Беларуськалій стаў адным з цэнтраў стачак, якія адбыліся пасьля фальсыфікацыі выбараў і гвалту праваахоўных органаў супраць пратэстоўцаў[38]. 19 лістапада «Беларуськалій» звольніў 49 бастуючых работнікаў за «прагулы»[39]. У чэрвені 2021 году Эўрапейскі Зьвяз увёў сэктаральныя санкцыі ў адносінах Беларусі, якія прадугледжваюць, у тым ліку, забарону на гандаль і транзыт асобных відаў калійных угнаеньняў[40]. 9 жніўня 2021 году ЗША ўнесьлі Беларуськалій у сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў[41][42]. У той жа дзень Вялікабрытанія і Канада ўвялі абмежаваньні на пэўныя калійныя ўгнаеньні з Беларусі[43][44]. 2 сьнежня 2021 году «Беларуськалій» трапіў пад санкцыі Вялікабрытаніі, а Міністэрства фінансаў ЗША ўключыла «Беларускую калійную кампанію(be)» у амэрыканскі санкцыйны сьпіс[45].

У 2022 годзе Канада, ЭЗ і Швайцарыя ўвялі санкцыі супраць «Беларуськалію», яго генэральнага дырэктара Івана Галаватага, а таксама Беларускае калійнае кампаніі[46][47][48]. У студзені 2023 году прадпрыемства было ўнесена ў санкцыйны сьпіс Украіны[49]. У верасьні 2024 году Суд Эўразьвязу адмовіўся зняць санкцыі ЭЗ з Галаватага, Беларуськалія і Беларускае калійнае кампаніі[50].

У жніўні 2024 году выйшла расьсьледаваньне Беларускага расьсьледавальніцкага цэнтру(be), Белсату, украінскай службы Радыё Свабода, Кібэрпартызанаў ды іншых арганізацый, паводле якога для абыходу санкцыяў супраць «Беларуськалію» выкарыстоўваецца кампанія, зарэгістраваная на Кіпры і зьвязаная з асяродзьдзем Віктара Шэймана[51]. 4 лістапада 2024 году новым генэральным дырэктарам «Беларуськалію» стаў Андрэй Рыбакоў, які раней узначальваў «Белнафтахім»[52]. У снежні 2024 году Рыбакоў быў дададзены ў санкцыйныя сьпісы Эўрапейскага зьвязу[53] ды Швайцарыі[54][48]. Згодна з новым расьсьледаваньнем Беларускага расьсьледавальніцкага цэнтру, выпушчаным у сакавіку 2025 году, вырабленая «Беларуськаліем» тэхнічная соль насуперак санкцыям прадаецца ў ЭЗ як антыгалалёдны рэагент[55].

Разгалінаваньне вытворчасьці

30 траўня 2024 году «Беларуськалій» прадставіў першы беларускі камбайн «Умка-550», які сабралі на «Машхімпраме» ў Салігорскім раёне (Любанская шаша) на 80 % зь беларускіх вузлоў. 21 лістапада 2024 году цэх мэмбраннага электролізу выпусьціў 100-тысячную тону гідраксыду калю ад запуску ў 2015 годзе. Таксама вырабілі 166 тыс. т салянай кісьлі і 36 тыс. т гіпахлярыту натру[25].

На травень 2025 году «Беларуськалій» узьвёў 90 % першай з 2-х лініяў узбагачальнай фабрыкі ў Любанскім раёне. Магутнасьць кожнай лініі была па 1 млн т хлярыду калю. Атрыманы белы каль прызначаўся для перапрацоўкі ў нітрат калю і сульфат калю, каб пастаўляць пераважна ў Кітай. Карысная частка ў рудзе складала 25 %[56]. Горна-ўзбагачальны комплекс разьлічваўся на 1200 працоўных месцаў[57]. Намесьнік кіраўніка ГУКу Іван Галаваты паведаміў, што запасаў у Любанскім раёне ставала на больш як 50 гадоў здабычы. Магутнасьць вытворчасьці разьлічылі на здабычу 15 000 т руды за содні. На паверхню рудніка паднялі звыш 300 000 т руды і прайшлі звыш 12 км горных выпрацовак[58].

Remove ads

Кіраўнікі

  • Алег Цімафееў (3 чэрвеня 1958 — 1960-я)
  • Пётар Судзілоўскі (1972—1982)
  • Іван Галаваты (6 чэрвеня 2014 — 7 лістапада 2024)
  • Андрэй Рыбакоў (ад 7 лістапада 2024 году)[25]

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads