Гісторыя Наваградку

From Wikipedia, the free encyclopedia

Гісторыя Наваградку
Remove ads

Наваградак (часам насіў дадатковае азначэньне — Наваградак Літоўскі[a]) — першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага[2][3][4][b], даўняе магдэбурскае места і цэнтар гістарычнага рэгіёну. Колішняя катэдра Літоўскай мітраполіі. Да нашага часу тут захаваліся замак вялікіх князёў, гара Міндоўга, царква Сьвятых Барыса і Глеба, манастыр базылянаў, Фарны касьцёл, касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла, комплекс кляштару францішканаў з касьцёлам Сьвятога Антонія, дом-музэй Адама Міцкевіча, Крамы і гатэль Эўропа, помнікі гісторыі і архітэктуры XIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся меская ратуша, Замкавая царква, комплексы калегіюму езуітаў з касьцёлам Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштару баніфратаў, помнікі архітэктуры XIV—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама палац Радзівілаў, Вялікая сынагога, кляштары дамініканаў і дамініканак, помнікі архітэктуры XVII—XVIIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі.

Thumb
Краявіды старога места, 1883 г.
Remove ads

Раньнія часы

Паводле археалягічных дасьледаваньняў, у канцы X ст. на тэрыторыі сучаснага места ўзьнікла старажытнае паселішча, умацаванае да сярэдзіны XI стагодзьдзя[6]. Першы бясспрэчны пісьмовы ўпамін пра Наваградак датуецца 1252 годам[7], тым часам існуюць меркаваньні пра ранейшыя яго ўпаміны. Пад 1005/1006 годам Наваградак упамінаецца (пад назвай Ноўгарад) ва ўстаўной грамаце Тураўскай япархіі кіеўскага князя Ўладзімера Сьвятаславіча[8], складзенай ў другой палове XIV стагодзьдзя[9]. Паводле Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі, першы летапісны ўпамін пра Наваградак датуецца 1044 годам[10][11]. Гэтае сьцьверджаньне грунтуецца на наступным паведамленьні Сафійскага першага і Наўгародзкага чацьвертага летапісаў: «Ходил Ярослав на Литву и на весну заложил Новгород»[12]. Тым часам у больш раньнім Наўгародзкім першым летапісе падзея падаецца наступным спосабам: «В лето 6552 [1044]. Ходи Ярослав на Литву; а на весну же Володимир заложи Новъгород и сдела его»[13].

Археалягі‌чныя дасьледаваньні, праведзеныя Фрыдай Гурэвіч у ро‌зных ме‌сцах Наваградку, выявілі вялікую ко‌лькасьць знахо‌дак: бізантыйскае шкло, упрыгажэньні, рэшткі дома баярына з расьпі‌санымі фрэскамі сьце‌намі, які меў падве‌сныя ліхтары‌, дзе запа‌львалі аліву ды іншае[6]. У XII ст. Наваградак складаўся зь дзядзінца (Замкавая гара), вакольнага гораду і пасаду. У XIII—XIV стагодзьдзях ён быў цэнтрам удзельнага княства, пад 1237 годам упамінаецца наваградзкі князь Ізяслаў[14].

Remove ads

Вялікае Княства Літоўскае

Thumb Thumb
Мескі (1792) і ваяводзкі (1720) гербы
Thumb
Каранацыя Міндоўга

Зь сярэдзіны 1240-х гадоў, на запросіны мясцовых баяраў, у Наваградку пачаў княжыць Міндоўг, што паспрыяла ўтварэньню Вялікага Княства Літоўскага. У 1249—1242 гадох галіцка-валынскія князі ў кааліцыі з Інфлянцкім ордэнам учынілі некалькі ваенных выправаў, што прымусіла Міндоўга пайсьці на прымірэньне з ордэнам. У 1253 годзе ад імя Папы Рымскага ён каранаваўся ў Наваградку[2] на караля Літвы (першы і апошні такі тытул у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага). З гэтай падзеяй часта зьвязваюць знойдзены ў Наваградку рэдкі артэфакт — гэтак званы «Кубак Ядвігі» (вывезены ў расейскі Эрмітаж), які выкарыстоўвалі ў час каранацыяў і найвышэйшых урачыстасьцяў. Лічыцца, што гэты кубак быў падарункам Міндоўгу ад бізантыйскага імпэратара Атона II[15].

У 1254 годзе сын Міндоўга Войшалк склаў ад імя бацькі мір з Галіцка-Валынскім княствам і перадаў Наваградак Раману Данілавічу. У 1258 годзе ў выніку разрыву міру Войшалк зноў пачаў княжыць у Наваградку. У змаганьні супраць Галіцка-Валынскага княства і жамойцкіх князёў ён аб’яднаў вакол сябе Пінскую зямлю, Нальшчаны і Дзяволту.

Thumb
Замкавая гара. К. Русецкі, 1846 г.

Наваградак неаднаразова (у 1250-я, 1274, 1276 і 1277 гады) цярпеў ад набегаў мангола-татараў і іх хаўрусьнікаў — дружынаў галіцка-валынскіх князёў, пазьней (у 1314, 1321, 1341, 1390 і 1394 гады) сюды ўчынялі свае выправы крыжакі. Апроч таго, на места рабілі набегі крымскія татары (апошнія адбыліся ў 1505—1506 гадох).

З 1329 году Наваградак знаходзіўся ў валоданьні Карыята, па 1358 годзе — ягонага сына Фёдара, з 1386 году — Карыбута[16]. У 1392 годзе места было адным з цэнтраў вялікакняскага дамэну. У канцы XIV — пачатку XV стагодзьдзяў вялікі князь Вітаўт пасяліў у Наваградку і ягоных ваколіцах татараў.

Яшчэ ў 1316 годзе[17] Наваградак стаў цэнтрам незалежнай ад Масквы Літоўскай мітраполіі, якая ахоплівала праваслаўную царкву Вялікага Княства Літоўскага і Галіцыі (да 1330 году)[18]. У 1415 годзе тут на саборы праваслаўных япіскапаў мітрапалітам літоўскім абралі Рыгора Цамблака. У 1422 годзе ў Наваградзкім фарным касьцёле адбыўся шлюб караля польскага Ягайлы з Соф’яй Гальшанскай, які даў пачатак дынастыі Ягелонаў. У 1428 годзе Вітаўт запісаў места разам з навакольнымі вёскамі ў пажыцьцёвае валоданьне сваёй жонцы Юліяне.

Thumb
Гара Міндоўга

У студзені 1507 году Наваградак стаў сталіцай ваяводзтва. 26 ліпеня 1511 году вялікі князь Жыгімонт Стары надаў месту Магдэбурскае права, якое пацьвярджалася ў 1562, 1595 і 1776 гады. У 1518 і 1534 гадох Наваградак пацярпеў у выніку войнаў Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім. На 1568 год тут дзеялі 10 цэркваў[17]. З XVI ст. места стала адным з цэнтраў Рэфармацыі. З 1581 году тут праходзілі паседжаньні Галоўнага Трыбуналу. Па Берасьцейскай уніі (1596 год) Літоўская мітрапаліцкая катэдра стала грэцка-каталіцкай.

18 сакавіка 1595 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза зацьвердзіў герб Наваградку: «у чырвоным полі постаць арханёла Міхаіла ў чорным узбраеньні з крыламі за сьпінай, у правай руцэ меч, у левай — шалі»[19], а ў 1597 годзе ён надаў мяшчанам прывілей на 2 штогадовыя кірмашы на працягу 2 тыдняў у каталіцкія сьвяты Тры Каралі і Тройцу.

Захавалася сьведчаньне азначэньня жыхароў Наваградку і ваколіцаў ліцьвінамі: «Белорусцы: Филип Белетцкий, руское имя тож, сказал родом литвин[c], Новгородцкого повету, отец и мать веру держали киевскую» (1623—1624 гады)[22]. У матрыкуле Базэльскага ўнівэрсытэту пад 1590/1591 годам значыцца Johannes Snumyn, Lituanus, Palatinides Novogrodensis[23], у матрыкуле Дылінгенскага ўнівэрсытэту пад 1607 годам — Nicolaus Skoruski Lithuanus Nouogrodecum[24], у матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэту пад 1618 годам — Martinus Wietogolski, Novogrodiensis Lithvanus[25]. Паводле біяграфічнай даведкі 1628 году пра Рафала Корсака: Lithuanus, natus in Districtu Novogroden[26]. Паводле запісу мэтрыкі гімназіі ў Браўнсбэргу, Beresniewiez Thom. Lituanus ex pal. Novogrod. (1702 год)[27].

У 1648 годзе Наваградак пацярпеў ад набегаў казакаў. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у верасьні 1655 годзе яго захапіла маскоўскае войска А. Трубяцкога. Па вызваленьні, у 1661 годзе вялікі князь у зьвязку з ваеннымі спусташэньнямі скасаваў для Наваградку выплату падаткаў тэрмінам на 4 гады. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) у 1706 годзе швэдзкія войскі занялі места і зруйнавалі замак.

Ваенныя падзеі XVI—XVIII стагодзьдзяў і іншыя катаклізмы (пажары 1578, 1599, 1613, 1652 гадоў, найбольш моцны — у 1751 годзе, калі згарэлі 167 дамоў, 4 касьцёлы, ратуша і канцылярыя ваяводы; эпідэміі 1590, 1592, 1603, 1708 гадоў) прывялі Наваградак да палітычнага і эканамічнага заняпаду. У канцы XVIII ст. у месьце дзеялі 3 цэрквы, 5 касьцёлаў, 6 кляштараў, сынагога і мячэт.

Remove ads

Пад уладай Расейскай імпэрыі

Thumb
Дом Адама Міцкевіча

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Наваградак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1796 годзе стаў цэнтрам павету Слонімскага намесьніцтва (з 1801 году Гарадзенскай, з 1842 году Менскай губэрні). 24 сьнежня 1798 году ў самім месьце або ў блізкім да яго Завосьсі нарадзіўся паэт Адам Міцкевіч.

Thumb
Вуліца Кавальская. Літаграфія з малюнка Н. Орды, 1880 г.

У вайну 1812 году па заняцьці Наваградку Напалеонам зь мясцовых жыхароў сфармаваўся 19-ы ўланскі полк літоўскіх войскаў. На 1817 год у месьце было 428 драўляных і 9 мураваных жылых дамоў.

За часамі вызвольнага паўстаньня 22 ліпеня 1831 году Наваградак з-пад расейскай улады на пэўны час вызваліў аддзел Ю. Кашыца і М. Межаеўскага. Па ліквідацыі дамініканскай школы (1834) царскія ўлады адкрылі 5-клясную вучэльню, пераўтвораную ў 1858 годзе ў Наваградзкую гімназію. На 1837 год у Наваградку было 4 небрукаваныя і 9 брукаваных вуліцаў і завулкаў. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў месьце сфармавалася паўстанцкая арганізацыя на чале з У. Борзабагатым.

У 1862 годзе ў Наваградку заснавалі кафляны завод, у 1888 годзе — банк, у 1895 годзе — друкарню. Паводле перапісу 1897 году, у месьце былі 723 жылыя дамы; дзеялі саборная царква, царква, касьцёл, сынагога і мячэт; працавалі меская вучэльня з аддзяленьнем для дзяўчынак, жыдоўская прыватная вучэльня, паштовая станцыя, 25 крамаў у гандлёвых радах і 62 асобныя крамы, цагельны, ганчарны, мылаварны і 2 ганчарна-кафляныя заводы, 8 гатэляў і 6 заезных двароў, 20 корчмаў і піцейных дамоў.

У 1905 годзе ў Наваградку зьявіліся першыя вулічныя газавыя ліхтары. На 1910 год у месьце было 76 мураваных і 1074 драўляныя будынкі, на 1914 год — 6 навучальных установаў.

За часамі Першай сусьветнай вайны 22 верасьня 1915 году Наваградак занялі войскі Нямецкай імпэрыі. У гэты час тут збудавалі электрастанцыю, правялі тэлефанізацыю і праклалі вузкакалейку.

Найноўшы час

Thumb
Абвестка Беларускай гімназіі
Thumb
Ваяводзкі герб з Пагоняй

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Наваградак абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР, а жыхары Гарадзечанскай, Гарадзішчанскай, Карэліцкай, Любчанскай, Мірскай, Нягневіцкай, Райцаўскай і Шчорсаўскай воласьцяў Наваградзкага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[28]. 27 сьнежня 1918 году ў Наваградак ўвайшлі бальшавікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР[29]. З 18 красавіка 1919 да 19 ліпеня 1920 году і з 1 кастрычніка 1920 году Наваградак займалі польскія войскі. 25 траўня 1919 году тут адкрылася Наваградзкая беларуская гімназія. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году места апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, яшчэ раней у 1919 годзе аднавілася Наваградзкае ваяводзтва. У 1920—1930-я гады тут выходзіла больш за 10 найменьняў пэрыядычных выданьняў, у кастрычніку 1922 году пачала выдавацца першая ў Наваградку беларуская газэта «Наша Бацькаўшчына». У 1924—1931 гадох на Малым замку насыпалі курган у гонар Адама Міцкевіча, 11 верасьня 1938 году адкрыўся ягоны музэй. На 1931 год у месьце было 1055 жылых будынкаў, дзеялі 2 касьцёлы, 2 царквы, 3 сынагогі і мячэт; апрача беларускай, працавала польская гімзазія. Апроч таго, існавалі 2 лякарні, 7 гатэляў і 2 друкарні.

У 1933 годзе ў выданьні «Kurier Nowogrodzki» зазначалася, што «тутэйшыя» да нядаўняга часу называлі сябе ліцьвінамі і што былі спробы ўтрымаць пры сабе гэтую назву з адрознасьцю ад «ковенскіх летувісаў»[d].

У 1939 годзе Наваградак увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 1954 году ў Гарадзенскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да 8 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху ў складзе Генэральнага Камісарыяту «Беларусь», дзе было цэнтрам Наваградзкай акругі. У гэты часманашкі з Ордэну Сьвятой Сям’і з Назарэту зладзілі на просьбу бацькоў падпольнае вывучэньне дзяцей польскай мовы і гісторыі. Падпольная школа спыніла сваё існаваньне па тым, як 1 жніўня 1943 году 11 манашак, у тым ліку галоўную арганізатарку школы, расстралялі нацысты[31].

8 студзеня 1963 году Наваградак атрымаў афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. У 1997 годзе адбылося аб’яднаньне места з аднайменным раёнам у адну адміністрацыйную адзінку раённага падпарадкаваньня. 31 жніўня 2011 году Наваградку ўвайшоў хутар Мітраполь[32].

Remove ads

Галерэя

Гістарычная графіка

Малюнкі Напалеона Орды


Гістарычныя здымкі

Remove ads

Заўвагі

  1. Сярод іншага, Наваградак выступае пад назвай Наваградак Літоўскі ў лістох вялікага князя Вітаўта 1415 году («Littawischen Nowogrotko») і ў пасланьні праваслаўнага духавенства Вялікага Княства Літоўскага 1415 году («в Новъм-граду Литовском»)[1]
  2. Летувіскі гісторык Томас Баранаўскас называе гэтае сьцьвярджэньне «мітам»[5]
  3. Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «сіи Андрѣи бяше родомъ Литвинъ, сынъ Ерденевъ, Литовскаго князя»[20] (Траецкі летапіс пад 1289 годам); «литвин родом» (жывот Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагодзьдзя[21]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
  4. польск. Sytuacja «tutejszych», którzy jeszcze do niedawna nazywali siebie «Litwinami» jest obecnie dość kłopotliwa. Próby utrzymania przy sobie tej nazwy i odróżnianie się od «Letuwisów» kowieńskich, nie powiodły się[30]
Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads