Чачэрск
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Чачэ́рск[3] (трансліт.: Čačersk) — горад раённага падпарадкавання ў Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Чачэрскага раёна, прыстань на Сажы пры ўпадзенні ў яе Чачоры. Знаходзіцца за 65 км ад Гомеля, за 37 км ад чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (лінія Гомель — Жлобін). Аўтамабільныя дарогі злучаюць горад з Кармой, Буда-Кашалёвам і Веткай і аўтамагістраллю Гомель — Магілёў. Насельніцтва 8 312 чал. (2017)[4].
Remove ads
Назва
Назва Чачэрск пайшла ад балцкай назвы ракі Чачоры, на якой паселішча ўзнікла.
З дапамогай утваральніка -ск- назвы ўтвараліся ў больш позні перыяд у этнасаўтварэнні на тэрыторыі сучаснай Беларусі, з якім звязана пранікненне славянскага этнічнага элементу. Да гэтай групы назваў адносяцца Віцебск, Полацк, Друцк і інш. (утвораныя ад назваў рэк Віцьба, Палата, Друць). У папярэдні, балцкі перыяд назвы надрэчных паселішчаў утвараліся пераважна бяссуфіксным спосабам: Ліда, Дзісна, Орша і інш. (ад адпаведных рачных назваў).
У непасрэднай блізіні да Чачэрску, вышэй па Сажы, такімі двума спосабамі ўтвораныя назвы Карма і Прапойск ("Прапошаск"). У гэтым рэгіёне днепра-сожскага міжрэчча асабліва сканцэнтравана ўтвораных суфіксальным чынам тапонімаў тыпу Доўск, Крыўск, Свенск, Турск і інш.
Remove ads
Гісторыя
Сярэднявечча
Паводле археалагічных звестак, горад узнік у кан. X ст. на месцы гарадзішча Замкавая Гара на беразе Чачоры пры ўпадзенні яе ў р. Сож. Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159 годзе як горад радзімічаў Чичерск, які кіеўскі князь Ізяслаў Давыдавіч вярнуў разам з Мазыром чарнігаўскаму князю Святаполку Алегавічу. З XIII ст. умацаваны цэнтр паселішча быў абведзены валам, найпазней з XIV ст. існаваў Чачэрскі замак (у паўночна-усходняй частцы горада).
Вялікае Княства Літоўскае

У сяр. XIV ст. Чачэрск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стаў цэнтрам воласці. У 1387—1390 гадах ён знаходзілася ў валоданні Скіргайлы, потым горадам кіравалі намеснікі вялікага князя. У гэты час на месцы дзядзінца летапіснага горада збудавалі замак. У 1501—1518 гадах Чачэрск належаў вялікай княгіні Алене Іванаўне, потым кіраваўся дзяржаўцамі з буйных феадалаў (Чартарыйскімі, Дашковічамі, Зяновічамі, Львом Сапегай і інш.). У 1506 годзе горад вытрымаў спярша татарскую, потым маскоўскую аблогу.
У 1509 Чачэрск упамінаецца як мястэчка Віленскага ваяводства[5]. У 1510 ён стаў цэнтрам Чачэрскага староства і атрымаў Магдэбургскае права[6]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Чачэрск увайшоў у склад Рэчыцкага павета Менскага ваяводства. 22 кастрычніка 1629 года мястэчка Чачэрск і вёска Зяцькавічы па просьбе мяшчан атрымалі ад караля і вялікага князя Жыгімонта III права на правядзенне таргоў — 2 двухтыднёвыя кірмашы ў год[7].
У 1704 у Чачэрску было 542 будынкі і 7 вуліц, дзейнічалі 4 царквы і касцёл, працавалі карчма, 3 крамы, млын і мытня. У 1754 у месце пачала дзейнічаць езуіцкая місія. Пад 1765 у попісе Чачэрску ўпамінаюцца замак і гарадскія ўмацаванні.
Пад уладай Расійскай імперыі

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Чачэрск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам Рагачоўскага павета Рагачоўскай правінцыі, пазней — цэнтрам воласці Рагачоўскага павета. У 1774 годзе падораны Кацярынай II генерал-губернатару графу З. Г. Чарнышову, паводле ініцыятывы якога ў горадзе пабудаваныя ратуша, 3 царквы, касцёл, тэатр, 2 шпіталя і інш. Праведзена перапланіроўка горада паводле рэгулярнага плана, пры гэтым былі разбураныя замак і гарадскія ўмацаванні, якія згадваліся яшчэ ў «Попісе» Чачэрска за 1765 год.
У 1780 годзе ў мястэчку пачала працаваць шкляная мануфактура, у 1788 — паштовая кантора, у 1796 — цагельня. У другой пал. XVIII ст. у Чачэрску існавалі царква, мураваная ратуша, парк, 2 лякарні, прыстань «Крэмень». Апроч таго, тут збудавалі 3 царквы, касцёл і палац. З 1788 дзейнічала езуіцкая школа. На 1838 у мястэчку было 273 двары.
На 1880 у Чачэрску было 266 двароў, працавалі 2 вучылішча і 76 крамаў, штогод праводзіліся 4 кірмашы. У 1885 пачала працаваць метэаралагічная станцыя. Паводле перапісу (1897) у мястэчку было 328 двароў, дзейнічалі 4 цэрквы, касцёл і 6 іўдзейскіх малітоўных школ, працавалі бальніца, аптэка, паштова-тэлеграфнае кантора, паштовая станцыя, 80 крамаў, карчма; працавала прыстань на рацэ Сож, з якой у 1900 адправілі 21 судна і 48 плытоў з грузам 1530 тыс. пудоў[8]. На 1908 — 369 двароў, дзейнічала пазыкова-ашчадная каса. Каля Чачэрску вялася распрацоўка вапнякоў. У 1911 пры мужчынскай і жаночай вучэльнях працавалі бібліятэкі, адкрылася крэдытнае, у 1913 — спажывецкае таварыствы. З 1 сакавіка 1918 да 14 студзеня 1919 Чачэрск займалі нямецкія войскі.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чачэрск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі перададзены ў склад РСФСР, дзе яно ўвайшло ў Гомельскую губерню. У 1926 годзе Чачэрск вярнулі ў БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёна. У 1938 паселішча атрымала афіцыйны статус гарадскога пасёлка. У Другую сусветную вайну з 14 жніўня 1941 да 27 лістапада 1943 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
У 1962—1965 Чачэрск уваходзіў у склад Буда-Кашалёўскага раёна, 3 лістапада 1971 ён атрымаў статус горада[9].
20 кастрычніка 1995 года адміністрацыйныя адзінкі Чачэрскі раён і горад Чачэрск, якія маюць агульны адміністрацыйны цэнтр, аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку — Чачэрскі раён[10].
- Места на старых здымках
- Вуліца Замкавая. Траецкі касцёл
- Вуліца Замкавая. Царква Раства Багародзіцы
- Царква Праабражэння Гасподняга
- Касцёл пасля вайны
Remove ads
Насельніцтва

- XIX стагоддзе: 1826 — 888 чал.[11]; 1880 — 2 396 чал.[12]; 1897 — 2 325 чал.
- XX стагоддзе: 1903 — 2 468 чал.; 1908 — 3 190 чал.; 1939 — 5,1 тыс. чал.; 1959 — 2,7 тыс. чал.; 1970 — 5,8 тыс. чал.; 1991 — 8,1 тыс. чал.
- XXI стагоддзе: 2002 — 7,7 тыс. чал.[13]; 2004 — 7,7 тыс. чал.[14]; 2006 — 7,9 тыс. чал.; 2008 — 7,7 тыс. чал.; 2009 — 7 991 чал. (перапіс)[15]; 2016 — 8 222 чал.[16]; 2017 — 8 312 чал.[4]
Эканоміка
Аснову эканомікі горада складаюць прадпрыемствы харчовай прамысловасці. Цэнтр мастацкіх рамёстваў (вышыўка, ткацтва і інш.).
Культура
Дзейнічаюць бібліятэкі, Дом культуры, Цэнтр рамёстваў, фальклору і этнаграфіі, Чачэрскі гісторыка-этнаграфічны музей.
Мас-медыя
Выдаецца раённая газета «Чачэрскі веснік».
Адукацыя
У Чачэрску працуюць 2 сярэднія, мастацкая, спартыўная школы.
Забудова
У цэнтры Чачэрску канцэнтруюцца 2—5-павярховыя будынкі. Заснаваны новы мікрараён з 3—5-павярховых жылых дамоў. Пераважае індывідуальная сядзібная забудова.
Турыстычная інфармацыя
Дзейнічае Чачэрскі гісторыка-этнаграфічны музей. Спыніцца можна ў гарадскай гасцініцы[17].
Славутасці
- Гістарычная забудова (ХІХ — пач. ХХ стст.; фрагменты)
- Замкавая Гара (археалагічны помнік, на паўночна-ўсходняй ускраіне горада) — старажытнае гарадзішча, колішні Чачэрскі замак.
- Комплекс былога палаца графаў Чарнышовых-Круглікавых: палац, парк, гаспадарчая пабудова, стайня (пач. ХІХ ст.) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Г000812.
- Ратуша (XVIII—XIX стст.) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 311Г000805.
- Сінагога
- Царква Праабражэння Гасподняга (1783) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 311Г000808.
Страчаная спадчына
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (1784)
- Царква Нараджэння Божай Маці (1780)
- Царква Ушэсця Гасподняга (1780-я)
Remove ads
Галерэя
- Вінны завод
Вядомыя асобы
- Сцяпан Скарапанаў, акадэмік НАН Беларусі.
- Мікалай Саўчанка, акадэмік НАН Беларусі, міністр аховы здароўя БССР ў 1966—1986 гг.
- Любоў Хатылёва, акадэмік НАН Беларусі.
- Інэса Драбышэўская, міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь (1994—1997).
- Аляксандр Новікаў, доктар біялагічных навук.
- Аляксандр Болсун, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт, сябра Беларускага фізічнага таварыства.
- Людміла Корхава, народная артыстка Беларусі.
- Маркс Аронавіч Крэмень, вучоны ў галіне педагогікі і псіхалогіі.
- Аксана Бязлепкіна, пісьменніца і літаратуразнаўца.
- Зінаіда Ключынская, чэмпіёнка свету па акадэмічнай грэблі.
- Васілій Секуноў, чэмпіён свету сярод студэнтаў па грэка-рымскай барацьбе (1957).
- Сяргей Пернікаў, член нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па вольнай барацьбе, чэмпіён Беларусі 2005, 2007.
- Надзея Міхалкова, член нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па вольнай барацьбе.
- Анатоль Іванавіч Машуцін (нар. 1943) — беларускі архітэктар.
- Таццяна Сцепчанкава, член нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па дзюдо і самба.
- Герц Ізраілевіч Хайкін (1903—?) — беларускі архітэктар.
- Ігар Мяфодзьевіч Чарняўскі (нар. 1955) — беларускі археолаг архітэктуры.
Remove ads
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads