From Wikipedia, the free encyclopedia
Юры Гедыгольд (Гедыгоўд; ? — па 9 чэрвеня 1435) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Ваявода кіеўскі (1411), намесьнік смаленскі (каля 1424), ваявода віленскі (1426—1432). На Гарадзельскай уніі атрымаў герб «Ляліва».
Герб «Ляліва» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | XIV стагодзьдзе |
Памёр | па 9 чэрвеня 1435 |
Пахаваны | |
Род | Гедыгольдавічы[d] і Манівідавічы |
Бацькі | Гайлігін |
Дзеці | Пётар Сямён (Сенька) |
Валодаў маёнткамі Вішневам, Волмай, Дзераўнай, Каменем, Налібакамі, Радашкавічамі ў Менскім павеце, Мірам і Сьвержанем у Наваградзкім павеце[1]; ад Жыгімонта Кейстутавіча атрымаў маёнтак Вішнеў ў Ашмянскім павеце. Быў старостам падольскім (1411—1423).
Геда (Geda) і Гаўд (Gaudus) — імёны германскага паходжаньня[2][3]. Іменная аснова -гед- (-гад-, -гід-) (імёны ліцьвінаў Гедзень, Гедвін, Гедмонт; германскія імёны Gedenus, Gedovin, Gadamundus) паходзіць ад старагерманскага gidd- 'пыхлівы, ганарысты', ісьляндзкага geð 'нораў, тэмпэрамэнт'[4] або гоцкага gadiliggs 'сваяк, родзіч'[5], а аснова -гаўд- (-гаўт-, -каўд-) (імёны ліцьвінаў Гаўтоўт, Гаўдземунда, Саргоўд; германскія імёны Gautald, Gaudemund, Saregaud) — ад германскага *gautaz 'гот'[6] або гоцкага goþs 'добры, годны', godei 'дабро, годнасьць, цнота'[4]. Такім парадкам, імя Гедыгоўд азначае «пышнасьць цноты»[7]. Адзначалася старажытнае германскае імя Гедалгаўд (Gedalcaus, у гэтай зафіксаванай у крыніцах форме адбыўся пераход gaud у gaus[8]) з пашыранай суфіксам з элемэнтам -л- першай іменнай асновай (гед-)[9].
Варыянты імя ў гістарычных крыніцах: Gedigoldo etiam marschalco[10], Monywid cum fratre germano Gedigoldo[11] (18 студзеня 1401 году); Gedigolt (17 жніўня 1404 году[12], 7 чэрвеня 1432 году[13], 9 сьнежня 1432 году[14]); воевода виеленьскии панъ Дедикголдъ (20 траўня 1407 году)[15]; Gregorio alias Gedigold (Georgius alias Gedigold[16][17]; 20 красавіка 1411 году)[18]; Gedigoldi pridem Woywode Kyoviensis (Gedigold woyewoda Kyoviensis[16]; 1 лютага 1411 году)[19]; Gedigolth (21 верасьня 1416 году)[20]; oú je trouvay und chevalier, capitaine de Lopodolie, nommé Gheldigold (Guedigol) (1421 год)[21]; Jeorgius alias Gedigeldus (27 верасьня 1422 году)[22]; Gedigoldo palatino Wilnensi (31 сьнежня 1425 году)[23]; Georgio alias Gedigoldo Vilnensi (Georgius alias Gedigold palatinus Vilnensis[16][17]; 21 кастрычніка 1430 году)[24]; woyewod Gedigold (20 чэрвеня 1430 году)[25]; Georgio alias Gedigowd (21 кастрычніка 1430 году)[26]; strenuis militibus Bedigoldo (Bedigold[17]; 10 лістапада 1430 году)[27]; Gedigoldus (29 лістапада 1430 году[28], 22 чэрвеня 1431 году[29]); Gedigoldi Vilnensis (Gedigold palatinus Vilnensis[16], 1430 год)[30]; Gyedigol… palatini wilnensis[31], Gedigoldi palatini Wilnensis[32] (1 верасьня 1431 году); Gedegow (16 лютага 1432 году, 10 красавіка 1432 году)[33]; Gedegaw (16 сьнежня 1432 году)[14]; Gedigol (17 сьнежня 1432 году)[14]; una cum Gedigold (20 сьнежня 1432 году)[14], Кгедикговдъ (25 верасьня 1433 году)[34]; Georgio alias Gedigoldo de Wissnewo[16] (Georgius alias Gedigold de Wissnewo[16][17]; 17 ліпеня 1435 году)[35]; ego igitur Anastasia uxor domini pie memorie Gedigaudonis (30 верасьня 1442 году)[36]; Дедиголд, Дидикгоилд (Супрасьлеўскі летапіс).
Зь літоўскага баярскага роду, сын Гайлігіна. Меў брата Войцеха Манівіда.
Упершыню ўпамінаецца ў 1401 годзе як маршалак надворны Вітаўта. Засьведчыў акт Віленска-Радамскай уніі (1401 год), Торунскі мір (1411 год). У 1415 годзе езьдзіў на Канстанцкі сабор 1414—1418 гадоў. У 1429 годзе быў паслом да Ягайлы ў справе каранацыі Вітаўта каралеўскай каронай[37].
За часамі фэўдальнай вайны 1431—1435 гадоў сьпярша падтрымліваў Сьвідрыгайлу. Пры замаху на жыцьцё апошняга ў Ашмянах (1432 год) быў у ліку малога аддзелу, разам зь якім Сьвідрыгайла зьбег да Полацку. У бітве пад Ашмянамі 8 сьнежня 1432 году трапіў у палон да Жыгімонта Кейстутавіча (пры апісаньні гэтага эпізоду літоўскімі летапісамі Гедыгольд выступае сярод «рускіх князёў і баяраў»[38][39]). Тады ж пазбавіўся ваяводзкага ўраду. Пазьней вызнаў уладу Жыгімонта і сьведчыў на ягоных дакумэнтах ў якасьці пана на Вішневе да 1435 году[35].
У шлюбе з Анастасіяй (магчыма, дачкой князя Юрыя Талочкі) меў сына Пятра Сямёна (Сеньку)[17].
Спачыў у капліцы Сьвятога Альбэрта і Сьвятога Юрыя ў Віленскім замку, фундаванай яго братам Манівідам (30 верасьня 1442 году Гедыгольдава Анастасія зрабіла на яе ахвяраваньне)[40].
Да акту Мельнскага міру (1422 год) прывесіў пячаць з лацінамоўным надпісам[41]:
s(i)gill(um) : georgii : gedygold[…]c[…]ca **
Да акту Чартарыйскага замірэньня (1431 год) прывесіў пячаць з лацінамоўным надпісам[31]:
sigil… …digo… +
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.