Максім Гарэцкі

беларускі пісьменьнік, дзяяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэньня From Wikipedia, the free encyclopedia

Максім Гарэцкі
Remove ads

Максі́м Іва́навіч Гарэ́цкі (18 лютага [ст. ст. 6 лютага] 1893, в. Малая Багацькаўка, Амсьціслаўскі павет, Магілёўская губэрня[a] — 10 лютага 1938[b], Вязьма) — беларускі пісьменьнік, дзяяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэньня, літаратуразнаўца, лексыкограф, фальклярыст. Брат Гаўрылы Гарэцкага.

Хуткія факты Асабістыя зьвесткі, Нарадзіўся ...

Карыстаўся літаратурнымі псэўданімамі Максім Беларус, М. Б. Беларус, М. Г., А. Мсьціслаўскі, Дзед Кузьма, Мацей Мышка, Мізэрыус Монус і іншымі; у сваіх творах таксама выступаў як Кузьма Батура і Лявон Задума.

Remove ads

Біяграфія

Сям’я

Thumb
Бацькі Іван Кузьміч і Афрасіньня Міхайлаўна Гарэцкія

Максім Гарэцкі нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Меў трох братоў — Гаўрылу, Парфіра і Івана — і сястру Ганну, зь якімі хадзіў у школу ў суседнюю вёску Вялікая Багацькаўка. У 1919 годзе ў Вільні пабраўся шлюбам. Жонка, Леаніла Ўсьцінаўна Чарняўская-Гарэцкая, працавала настаўніцай у I Віленскай беларускай гімназіі, працавала над складаньнем чытанак «Родны край». Першае, напісанае ёй апавяданьне, — «Мікітка» (Вільня), стала аўтарам малога зборніка «Дзяціныя гульні».

Сын Леанід, загінуў у баях пад Ленінградам (1944). Вядомыя ягоныя «Пісьмы з фронту» да сям’і. Дачка Галіна (1921—2006) — захавальніца літаратурнага архіву сям’і Гарэцкіх, аўтарка шэрагу працаў, прысьвечаных жыцьцю і творчасьці бацькі і маці, успамінаў пра іх і пра свайго дзядзьку — акадэміка Гаўрылу Гарэцкага.

Жыцьцё і дзейнасьць

Thumb
Максім Гарэцкі (справа) са сваім братам Гаўрылам Гарэцкім, 1926

Першую навуку Максім Гарэцкі спасьцігаў у школе граматы ў вёсцы Вялікая Багацькаўка. Потым некалькі гадоў ён вучыўся ў сяле Вольша Аршанскага павету ў царкоўна-прыходзкай школе. Ужо ў той час Гарэцкі пачынае цікавіцца беларускай літаратурай і пачынае сьвядома карыстацца беларускай мовай. У 1908 годзе Гарэцкі скончыў вучобу ў Вольшы і атрымаў магчымасьць быць настаўнікам, вучыць грамаце сялянскіх дзяцей[1]. У кастрычніку 1908 году прыехаў у Горкі, каб рыхтавацца да паступленьня ў вучэльню. Там займаўся з рэпэтытарам Крэерам[2]. У 1909 годзе Максім Гарэцкі паступіў у каморніцка-агранамічную вучэльню ў Горы-Горках, якую скончыў у 1913 годзе[1].

Чарцёжнік, каморнік землеўпарадкавальных камісіяў Віленскай губэрні (Вільня, 1913—1914). На пасадзе каморніка Гарэцкі правёў толькі адзін год. Ён меў намер авалодаць замежнымі мовамі, атрымаць атэстат сталасьці і паступіць на гісторыка-філялягічны факультэт. Аднак, яму не ўдалося зьдзейсьніць гэтыя пляны. На той час адтэрмінаваньне ад вайсковай службы каморнікам ужо скасавалі. Каб не ісьці на службу звычайным салдатам на 3 гады, Гарэцкі пачынае адбываньне вайсковай павіннасьці ў якасьці «вольнапісанага» царскай арміі ў 1914 годзе. Гэта супала з пачаткам Першай сусьветнай вайны. Гарэцкі ўдзельнічаў у кравапралітных баях ва Ўсходняй Прусіі, дзе быў цяжка паранены[1]. Доўга лячыўся ў вайсковых шпіталях Вільні, Масквы, Магілёва. Пасьля выздараўленьня Гарэцкі працягнуў свае вандроўкі зь месца на месца. Некаторы час ён працаваў чарцёжнікам у Маскве. У 1916 годзе вучыўся ў Паўлаўскім ваенным вучылішчы ў Петраградзе. Атрымаўшы чын прапаршчыка, праходзіў службу спачатку ў Іркуцку, а потым у Гжацку[1].

У канцы 1916 апынуўся на фронце ў Пінскіх балотах. Там быў прызначаны ў камісію па рэквізыцыі сена ў сялянаў, але не любіў гэтай працы і адпрасіўся ў акопы. Цяжка захварэў, быў адасланы ў тыл на лячэньне (Жалезнаводзк, 1917), потым зусім звольнены з войска.[3]

Пераехаў у Смаленск, паступіў у Смаленскі археалягічны інстытут (1917), але хутка кінуў яго, бо не было часу хадзіць на лекцыі. Кастрычніцкія падзеі сустрэў тамсама, хутка пасьля таго — на савецкай службе[4], у Смаленскім савеце (адзначаецца яго добрае знаёмства з В. Кнорыным[5]). Працуе камэндантам жыльлёвага аддзелу[6] ў Смаленску (1918), паралельна, потым і стала супрацоўнічаў у мясцовых газэтах «Известия Смоленского Совета», «Западная коммуна», «Звязда» (з жніўня 1918, запрошаны на сталую працу ў «Звязду» Кнорыным пасьля абвяшчэньня БССР[3]). Супрацоўнічаў з газэтай «Дзяньніца».

Разам з рэдакцыяй «Зьвязды» пераехаў у Менск, потым у Вільню (пачатак студзеня 1919). Пры раптоўным захопе Вільні польскім войскам (канец красавіка 1919) апынуўся на акупаванай тэрыторыі. Настаўнік Віленскай беларускай гімназіі і беларускіх настаўніцкіх курсаў. Супрацоўнічаў у газэце «Беларускія ведамасьці», «Беларускі звон». Рэдактар і выдавец газэты «Наша думка» (сьнежань 1920 — ліпень 1921), «Беларускія ведамасьці» (зь верасьня 1921).

У студзені 1922 году, перад выбарамі ў Віленскі сойм, быў арыштаваны польскімі ўладамі як цяжкі палітычны злачынца. Быў абвінавачаны ў прыналежнасьці да партыі камуністаў, арганізацыі замаху на дзяржаўную ўладу, друкаванай і вуснай агітацыі, атрымліваньні грошай ад камуністаў. Такія дзеяньні паводле польскага КК маглі карацца сьмерцю або катаргай. Зьняволены ў Лукіскай турме ў Вільні. У выніку пратэстаў за мяжой супраць масавых арыштаў беларускіх і летувіскіх дзеячоў прымусова высланы ў Беларусь[4]. У канцы кастрычніка 1923 году пераехаў зь сям’ёй зь Вільні ў Менск.

Выкладчык мовы і літаратуры (у тым ліку ў БДУ, Камуністычным унівэрсытэце БССР, Менскім вэтэрынарным тэхнікуме, Горацкай сельгасакадэміі (з 1 лютага 1926). Загадчык катэдры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Горацкай сельгасакадэміі[7]. Правадзейны сябра Інбелкульту, навуковы сакратар Літаратурнай камісіі (да 10 чэрвеня 1925), вучоны спэцыяліст (2 кастрычніка 1928) Інстытуту навуковай мовы Інбелкульту. Удзельнік Беларускай акадэмічнай канфэрэнцыі, дакладчык па пытаньнях мастацкай літаратуры (1926).

Рэпрэсіі

Thumb
Магшот з асабістай справы НКУС, 1930 г. Максім Гарэцкі асуджаны за ўдзел у «Саюзе вызваленьня Беларусі»

Разам зь іншымі беларускімі дзеячамі стаў аб’ектам кампаніі «крытыкі» ў друку (1929).

Арыштаваны (19 ліпеня 1930) па абвінавачаньні ў прыналежнасьці да Саюза вызваленьня Беларусі, у красавіку — траўні 1931 засуджаны да высылкі на пяць гадоў у горад Вятку. У Вятцы працаваў чарцёжнікам (17 жніўня 1931 — 1 сакавіка 1932), тэхнікам-каштарысьнікам мясцовага ФУП[8] і землеўладкавальнікам. З 1 верасьня 1935 настаўнік расейскай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе пасёлку Пясочня[9]. Увесь гэты час займаўся літаратурнай працай. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Максіма Гарэцкага прадугледжвалася «спальваць»[10].

Арыштаваны (4 лістапада 1937), пазьней расстраляны па прысудзе «тройкі» НКУС (прысуд прыведзены ў выкананьне 10 лютага 1938 году а 15-й гадзіне; жонцы паведамілі, што памёр ад кровазьліцьця ў мозаг 20 сакавіка 1939 году). Рэабілітаваны 15 лістапада 1957. Першая публікацыя паводле сапраўдных фактаў расстрэлу 10 лютага 1938 году ў Вязьме зьявілася ў кастрычніку 1992 году ў газэце «Літаратура і мастацтва»[11][12][13].

Remove ads

Ацэнкі

Пасьля рэпрэсіяў 1930-х гадоў і далейшага замоўчваньня, публікацыі і дасьледаваньні творчасьці пісьменьніка былі ўзноўленыя ў 1960-х гадах. У іх ліку — манаграфіі Дзьмітрыя Бугаёва «Максім Гарэцкі» (Менск, 1968), А. Адамовіча «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» (Менск, 1980), І. Чыгрына «Паміж былым і будучым» (Менск, 1994), артыкулы і прадмовы да выданьняў Дз. Бугаёва, М. Лужаніна, М. Мушынскага, Ю. Пшыркова, І. Чыгрына і інш.

У наш час Максім Гарэцкі прызнаецца клясыкам беларускай літаратуры. Фактычна, пачынальнік твораў маральна-этычнай праблематыкі ў беларускай літаратуры[14]. Адзін з пачынальнікаў эпічнага жанру, інтэлектуальна-філязофскай, лірычнай, дакумэнтальнай прозы ў беларускай літаратуры[7]. Пачынальнік дасьледаваньняў гісторыі беларускай літаратуры[15]. Адзначаецца шмаграннасьць здольнасьцяў пісьменьніка — літаратурных, матэматычных, музычных[16].

Ваенныя творы Гарэцкага былі заўважаны крытыкай за мяжой, напрыклад, Т. Н. Браран (Н.Рандаў) у НДР[17]. У вышыні антываеннага духу апавяданьні «Генэрал» і «Рускі» параўноўваюцца крытыкамі з творамі Васіля Быкава «Мёртвым не баліць» і «Адна ноч»[18], аповесьць «На імпэрыялістычнай вайне» — з ваеннымі творамі Рэмарка, Барбюса, Дзюамеля[17].

Remove ads

Творчасьць

Thumb
Зборнік апавяданьняў «Рунь» (1914)
Thumb
Рукапіс драматычнага абразку «Памінкі», 1922 г. На аркушы пячатка савецкіх часоў з надпісам «забаронена»

Літаратурная творчасьць Гарэцкага пачалася зь невялічкіх твораў, нататак, фэльетонаў, якія друкаваліся на старонках «Нашай Нівы». Падпісваўся тады Гарэцкі такімі псэўданімамі: М. Б., Беларус, М. Беларус, Максім Беларус. Першая такая нататка зьявілася ў «Нашай Ніве» 26 верасьня 1912 году. Першыя фэльетоны выявілі талент Гарэцкага як сатырыка, аднак, у сваёй далейшай творчасьці ён рэдка вяртаўся да гэтага[19].

Першае апавяданьне Гарэцкага «У лазьні» было зьмешчанае ў «Нашай Ніве» 25 студзеня 1913 году пад псэўданімам Максім Беларус. Напісанае было 31 сьнежня 1912 году[20]. Пасьля яго пачалі зьяўляцца ўсё новыя і новыя мастацкія творы: апавяданьні «Стогны душы», «Роднае карэньне», «У панскім лесе», драматычны абразок «Атрута». Усё гэта было апублікавана на працягу 1913 году ўсё ў той жа «Нашай Ніве» пад псэўданімамі Максім Беларус і М. Г.[21]. Сваім сапраўдным прозьвішчам Гарэцкі падпісаўся толькі ў 1914 годзе, калі Беларускім выдавецкім таварыствам у Вільні была выдадзеная кніга «Рунь»[22].

Гарэцкі востра адчуваў патрэбы літаратурнага разьвіцьця беларусаў, аб чым сьведчаць яго артыкулы «Наш тэатар» і «Развагі і думкі», апублікаваныя ў 1913-14 гг. У іх аўтар выявіў сябе як тэарэтык, публіцыст, зацікаўлены праблемамі разьвіцьця нацыянальнай культуры, мовы, тэатру[23].

22 лютага 1914 году зьявілася кніга Гарэцкага «Антон». Надрукаваная яна была толькі ў 1918 годзе ў віленскай газэце «Гоман». У 1919 годзе выйшла асобнае выданьне. Твор мае падзагаловак «Абразы жыцьця» і складаецца з 15 асобных абразкоў[24]. Франтавыя ўражаньні і назіраньні 1916—1917 гг. пісьменьнік акуратна заносіў у дзёньнік, матэрыялы якога ён пазьней выкарыстаў для напісаньня дакумэнтальна-мастацкай аповесьці «На імпэрыялістычнай вайне»[25]. Пасьля 1917 году шмат піша на тэму кастрычніцкага перавароту. У 1918—1919 у палемічных допісах рэзка крытыкуе «буржуазных беларускіх дзеячоў», услаўляе бальшавізм; адначасова, крытыкуе «новую (камуністычную) буржуазію», кладзе выразны націск на неглыбокую далучанасьць «буржуазных дзеячоў» да нацыянальнага руху[26].

У 1918 годзе Максім разам з братам Гаўрылам працаваў над «Руска-беларускім слоўнікам», які быў выдадзены ў Смаленску ў 1918 годзе, а ў 1921 годзе ў Вільні. Гэта быў першы беларускі слоўнік такога тыпу, надрукаваны пасьля кастрычніцкага перавароту, і першы вопыт самога пісьменьніка ў галіне лексыкаграфіі. Яшчэ Гарэцкаму належыць «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік», выдадзены ў Вільні ў 1919 годзе, які меў тры выданьні, апошняе пад назвай «Беларуска-расійскі слоўнічак» выйшла ў Савецкай Беларусі ў 1925 годзе. На год раней у Менску зьявіўся складзены Гарэцкім разам з Байковым «Практычны расійска-беларускі слоўнік», які ахоплівае каля 20000 словаў[27].

На працягу 1919—1923 гг. ён напісаў больш за 20 твораў: апавяданьні, аповесьць «Дзьве душы», крытычныя артыкулы[28]. Зьвяртаўся да жыцьця беларускіх перасяленцаў у Сібіры («Сібірскія абразкі», апавяданьні «Хадзяка», «Моцнае каханьне», «Хоцімка» і інш.). У групе апавяданьняў, створаных у 1921—1922 гг., Гарэцкі наблізіўся да асэнсаваньня вобразу інтэлігента як усьвядомленага суб’екта ў гістарычным быцьці свайго народу. Здарылася гэта пад уплывам вайны, якая ў 1914 годзе абрынулася на беларускія землі, рэвалюцыяў 1917 году, абвастрэньняў нацыянальнай барацьбы ў краі[29].

У 1926 годзе ў Менску быў выдадзены зборнік апавяданьняў «Досьвіткі». У гэты час Гарэцкі прымаў удзел у розных дыскусіях, выступаў з навуковымі дакладамі па літаратуразнаўстве і фальклярыстыцы, друкаваў артыкулы пра творчасьць многіх савецкіх пісьменьнікаў, рабіў фальклёрныя запісы[30]. У 1928 годзе выйшаў зборнік «Народныя песьні з мэлёдыямі», падрыхтаваны Гарэцкім у суаўтарстве з кампазытарам Ягоравым. Там зьмешчана 318 беларускіх песень, запісаных Гарэцкім ад маці[31]. У канцы 20-х гадоў пісьменьнік займаўся таксама перакладамі мастацкай прозы: «Разгром» Фадзеева, апавяданьні Горкага «Канавалаў», «Чалкаш». Пераклады былі падпісаныя псэўданімам А. Мсьціслаўскі, але іх прыналежнасьць Гарэцкаму не выклікае сумненьня[32]. У 1928 годзе Гарэцкі падрыхтаваў да выданьня вялікую кнігу сваіх выбраных твораў, нанова адрэдагаваўшы некаторыя зь іх. Гэтая кніга не пабачыла сьвет[32].

Гарэцкі зьвяртаўся да праблемы ўзаемаадносінаў інтэлігента і народу, да ролі і місіі інтэлігенцыі ў нацыянальным разьвіцьці (аповесьць «Мэлянхолія», апавяданьні «Фантазія» і інш.). Расцэньваў ролю беларускага літаратара як надзвычай адказную і патрабавальную да грамадзянскай і нацыянальнай сьвядомасьці. Выступаў супраць правінцыйнай замкнёнасьці маладой беларускай літаратуры.

У творчасьці Гарэцкага вызначаюцца наступныя пэрыяды (так, як іх акрэсьліў Г. Гарэцкі ў лісьце да А. Адамовіча[33]):

  • 1912—1913: Горацкі першы
  • 1913—1914: Віленскі першы
  • 1914—1917: часу імпэрыялістычнай вайны
  • 1917—1919: пачатку кастрычніцкага перавароту
  • 1919—1923: Віленскі другі
  • 1923—1926: Менскі першы
  • 1926—1928: Горацкі другі
  • 1928—1930: Менскі другі
  • 1931—1935: Вяцка-Кіраўскі
  • 1935—1937: Пясочынска-Кіраўскі.

Кнігі Гарэцкага выдаваліся на расейскай, украінскай, польскай, нямецкай мовах.

Remove ads

Ушанаваньне памяці

Thumb
Максім Гарэцкі на паштовай марцы Беларусі

У 2012 годзе пры падрыхтоўцы да рэспубліканскага сьвята «Дажынкі» ў Горках, нягледзячы на пратэсты грамадзтва, быў зьнесены дом, у якім у 1926—1928 гг. жыў Максім Гарэцкі. Гэта быў адзіны дом, які захаваўся ад Гарэцкага на тэрыторыі сучаснай Беларусі.[38]

Remove ads

Бібліяграфія

  • «У лазьні» (1912, надрукаваная ў 1913), першае апавяданьне.
  • «Антон» (1914, упершыню надрукаваная ў газэце «Гоман», 1918; асобна — у 1919), драматызаваная аповесьць.
  • «На імпэрыялістычнай вайне» (1914—1919, фрагмэнты друкаваліся ў «Полымі», першае асобнае і цэлае выданьне — 1926), ваенныя запіскі.
  • «Літоўскі хутарок» (1915, надрукаваны ў газэце «Беларусь», 1920), апавяданьне, першая спроба літаратурнага, ня дзёньнікавага твора пра вайну.
  • «Генэрал» (1916, першы раз надрукаваная газэтай «Вольная Беларусь», 1918), апавяданьне.
  • «Рускі» (1915), апавяданьне.
  • «Чарнічка», апавяданьне.
  • «Хадзяка» (1916), апавяданьне.
  • «На этапе» (1916), апавяданьне.
  • «Меланхолія», (урыўкі друкаваліся ў 1916), аповесьць (незавершаная).
  • Nasz teatr. // Homan : hazeta. — 1916, 27 kastrycznika. — № 74. — С. 2.
  • Наш тэатр. // Гоман : газэта. — 1916, 31 кастрычніка. — № 76. — С. 2, 3.
  • Наш тэатр. // Гоман : газэта. — 1916, 3 лістапада. — № 76. — С. 2.
  • Nasz teatr. // Homan : hazeta. — 1916, 7 listapada. — № 77. — С. 2.
  • М. Гарэцкі. Зьнібеіць сэрца. // Дзянніца  : газэта. — 1918, 7 лістапада. — № 37. — С. 3.
  • Беларускае драматычнае пісьменства. // Беларуская думка : газэта. — 1919, 5 мая. — № 4. — С. 3, 4.
  • Беларускае драматычнае пісьменства. // Беларуская думка : газэта. — 1919, 7 мая. — № 5. — С. 2,3.
  • «Сібірскія абразкі» (1926—1928, часткова выдадзеныя ў 1973), збор 42 падарожных замалёвак.
  • «Ціхая плынь», аповесьць (першы варыянт, «За што?», напісаны ў 1917—1918, быў надрукаваны ў газэце «Известия Смоленского Совета», травень 1918; урыўкі друкаваліся аўтарам у заходнебеларускім друку, асобныя выданьні — 1926 і 1930). Называецца крытыкамі адзіным завершаным і скончаным ува ўсіх адносінах буйным творам Гарэцкага[39].
  • «Дзьве душы» (1918—1919, у газэце «Беларуская думка», чэрвень—ліпень 1919, першы раз асобна — Вільня, 1919), аповесьць.
  • «Усебеларускі зьезд 1917-га году» (1922), апавяданьне.
  • Прафэсар. (Апавяданьне). // Беларускі звон : тыднёвая часопicь. — 17 лютага 1922. — № 4 (29). — С. 2, 3.
  • Сасна. 9/9/1921. (Апавяданьне) // Беларускі звон : тыднёвая часопicь. — 24 лютага 1922. — № 5 (30). — С. 3, 4.
  • Незадача. (Быль.) // Беларускі звон : тыднёвая часопicь. — 18 сакавіка 1922. — № 8 (33). — С. 2, 3.
  • «Фантазія», апавяданьне.
  • «Віленскія камунары», раман-кроніка (рукапіс быў адасланы аўтарам у Менск у жніўні 1934, і быў знойдзены ў фондах бібліятэкі АН Летувіскай ССР у лютым 1961; першае выданьне ў 1965). Расейскі варыянт «Виленские воспоминания» прапаноўваўся да друку ў Маскву ў сакавіку 1935, але ня быў прыняты.
  • «Чырвоныя ружы» (1922), драматычны твор.
  • «Камароўская кроніка» (1930—1932—1937, апублікаваная 1966), раман-эпапэя (незавершаны).
  • «У чым яго крыўда?» (1926), аповесьць.
  • «Жартаўлівы Пісарэвіч» (1925, апублікавана «Полымя», 1926), п’еса.
  • Мэлянхолія. // Узвышша : часопіс. — 1928. — № 3. — С. 86—97.
  • Максім Гарэцкі. Да 100-годдзя Максіма Гарэцкага. Скарбы Жыцця. / Публікацыі і тлумачэньні Галіны Гарэцкай; падрыхтоўка тэксту і камэнтары Тэрэзы Голуб // Полымя : часопіс. — Менск: 1993. — № 2. — С. 16—34, 116—122. — ISSN 0130—8068.
  • Максім Гарэцкі. Да 100-годдзя Максіма Гарэцкага. Лявоніус Задумекус. / Публікацыі і тлумачэньні Галіны Гарэцкай; падрыхтоўка тэксту і камэнтары Тэрэзы Голуб // Полымя : часопіс. — Менск: 1993. — № 2. — С. 34—71, 116—122. — ISSN 0130—8068.
  • Максім Гарэцкі. Да 100-годдзя Максіма Гарэцкага. Кіпарысы. / Публікацыі і тлумачэньні Галіны Гарэцкай; падрыхтоўка тэксту і камэнтары Тэрэзы Голуб // Полымя : часопіс. — Менск: 1993. — № 2. — С. 72—110, 116—122. — ISSN 0130—8068.
  • Максім Гарэцкі. Да 100-годдзя Максіма Гарэцкага. Ашуканы палітрэдактар. / Публікацыі і тлумачэньні Галіны Гарэцкай; падрыхтоўка тэксту і камэнтары Тэрэзы Голуб // Полымя : часопіс. — Менск: 1993. — № 2. — С. 110—116, 116—122. — ISSN 0130—8068.
  • Максім Гарэцкі. Да 100-годдзя Максіма Гарэцкага. «Камароўская хроніка» (Выкасаваныя фрагмэнты). / Публікацыі і тлумачэньні Міхась Мушынскі; падрыхтоўка тэксту Г. І. Рэут // Полымя : часопіс. — Менск: 1993. — № 2. — С. 122—128. — ISSN 0130—8068.
  • Аўтабіяграфічныя матэрыялы («Храналёгія маіх твораў», успаміны, пісьмы); пераклады асобных прац і твораў Леніна, Горкага, А. Фадзеева, Ю. Лібядзінскага; іншыя творы і допісы ў пэрыядычным друку («Наша Ніва», «Полымя» і інш.)
  • Максім Гарэцкі. Рунь. Зьмест: Рунь; У лазні; Атрута; Роднае карэння; Страхоцце; Красаваў язмін; У панскім лесе; Лірныя спевы; Што яно?; У чым яго крыўда? = Рунь. Вільня: Беларускае выдавецкае таварыства, 1914 (Друкарня М. Кухты) / пасляслоўе Дзьмітрыя Бугаёва. — Рэпрынтнае выданьне. — Менск: Мастацкая літаратура, 1994. — 142 с. — 16 500 ас. — ISBN 5-340-01315-4
  • Максім Гарэцкі. Чарнічка. Зьмест: Хаўтуры; Чарнічка; Дурная галава; Сібірскія абразкі; Лёкай камунара; Кіслая крыніца; Малы рызыкант.. — Менск: Маркетынг, 1994. — 50 000 ас. — ISBN 5-900244-11-3
  • Максім Гарэцкі. Творы : Апавяданьні, аповесьці. З мест.: Апавяданьні: Стогны душы; Роднае карэнне; У панскім лесе; Што яно?; Лірныя спевы; Літоўскі хутарок; Зіма; Генерал; На этапе; Габрыелевы прысады; У 1920 годзе; Страшная музыкава песня; Фантазія; Апостал; Незадача; Стары прафесар; Усебеларускі з'езд 1917-га года; Аповесьці: У чым яго крыўда; Меланхолія; Ціхая плынь; На імперыялістычнай вайне / Укладаньне Т. Голуб; Прадмова Міхаіла Кенькі. — Менск: Мастацкая літаратура, 1995. — 446 с. — (Бібліятэка беларускай класікі). — 8000 ас. — ISBN 5-340-01284-4
  • Максім Гарэцкі. Віленскія камунары; Камароўская хроніка: Раман-хроніка / Прадмова Мушынскага М. І.; Мастак Юры Хілько. — Менск: Мастацкая літаратура, 1997. — 540 с. — (Школьная бібліятэка). — 12 500 ас. — ISBN 985-02-0399-4
  • Максім Гарэцкі. Публіцыстыка, 1918—1919 гг. / Укладаньне Селяменеў В. Дз., Скалабан В. У.; Навуковы рэдактар Мушынскі М. І.. — Менск: НДІДАС, 2000. — 157 с. — 100 ас. — ISBN 985-6099-64-1
  • Максім Гарэцкі. Прысады жыцця: апавяданні, аповесці. Зьмест: апавяданьні: Панская сучка; Смачны заяц; Прысяга; Страшная музыкава песня; Сасна; Багатая пчэльня; Стары прафесар і інш.; аповесьці: У чым яго крыўда?; Меланхолія; Ціхая плынь / укладанне Т. Голуб; рэдакцыйны савет: Раіса Баравікова. — Менск: Мастацкая літаратура, 2003. — 477 с. — (Беларуская проза XX стагоддзя). — 2000 ас. — ISBN 985-02-0583-0
  • Максім Гарэцкі. Дзве душы : аповесць. — Менск: Мастацкая літаратура, 2006. — 108 с. — 3300 ас. — ISBN 985-02-0828-7
  • Максім Гарэцкі. Дзве душы : аповесць. — Менск: Мастацкая літаратура, 2008. — 108 с. — 2000 ас. — ISBN 978-985-02-1032-6

Кнігі

  • «Рунь» (Вільня, 1914), зборнік прозы, першая кніга.
  • «Расейска-беларускі слоўнік» (Смаленск, 1918, 2-е выд. — Вільня, 1920; разам з Гаўрылам Гарэцкім).
  • «Беларуска-расейскі слоўнічак» (Вільня, 1919, 3-е выд. — Менск, 1925).
  • «Практычны расейска-беларускі слоўнік» (2-е выд. — Менск, 1926; разам з М. Байковым).
  • «Гісторыя беларускае літаратуры» (Вільня, 1919 і 1920, 4-е выд. — Менск, 1926).
  • «Хрэстаматыя беларускай літаратуры. XI век — 1905 г.» (Вільня, 1922).
  • «Народныя песьні з мэлёдыямі» (Менск, 1928; разам з А. Ягоравым), зборнік песень.
  • «Маладняк за пяць гадоў. 1923—1928» (Менск, 1928).
  • «Апавяданьні», зборнік, рыхтаваўся ў 1928, але ня быў выдадзены. Частка матэрыялаў была выдадзеная ў 2-томным зборніку «Выбраныя творы» (Менск, 1973).
  • «Люстрадзён», нявыдадзены зборнік, рыхтаваўся ў 1929 годзе.

Збор твораў

Пераклады на нямецкую мову

  • Maxim Harezki. Zwei Seelen = Максім Гарэцкі. Дзве душы — Вільня, 1919 / aus dem Weißrussischen von Norbert Randow und Gundula und Wladimir Tschepego; Nachworte von Martin Pollack und Andreas Tretner. — Berlin: Guggolz, 2014. — 223 с. — ISBN 978-3-945370-01-8

Крытыка, рэцэнзіі

Remove ads

Архіў

Пасьля высылкі М. Гарэцкага ў Вятку ён атрымліваў ад жонкі матэрыялы па пошце, а ў канцы чэрвеня 1932 году ў Вятку быў прывезены і архіў цалкам. Архіў пасьля 4 сьнежня 1937 году перахоўвала жонка Гарэцкага (у Пясочні, Кіраве, Ленінградзе). 12 сакавіка 1971 году амаль усе рукапісы былі перададзеныя ў Фундамэнтуальную бібліятэку Акадэміі навук БССР (архіў № 7, 119 адзінак захаваньня). Рэшта рукапісаў знаходзіцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва.

Remove ads

Заўвагі

  1. Цяпер в. Багацькаўка, Амсьціслаўскі раён
  2. У савецкай гістарыяграфіі дата сьмерці падавалася як 20 сакавіка 1939 году

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads