Партугалія

краіна ў Эўропе From Wikipedia, the free encyclopedia

Партугалія
Remove ads

Партуга́лія, Партуґа́лія (па-партугальску: República Portuguesa) — дзяржава, разьмешчаная на паўднёвым захадзе Эўропы, на Пірэнэйскім паўвостраве. Партугалія самая заходняя краіна Эўропы, якая да таго ж мяжуе з Атлянтычным акіянам на захадзе й поўдні й Гішпаніяй на поўначы й усходзе. Атлянтычныя архіпэлягі Азорскіх астравоў і Мадэйры зьяўляюцца часткай Партугаліі. Краіна названая ў гонар ейнага другога па велічыні гораду, Порту[10].

Хуткія факты

Землі сучаснай Партугаліі стала былі заселеныя з дагістарычных часоў, тут пражывалі кельцкія плямёны, якія пазьней былі інтэграваныя ў Рымскую рэспубліку, а затым землі сталіся месцам пасяленьня германскіх народаў, як то свэваў, швабаў, вандалаў і вэстготаў. У VIII стагодзьдзі большая частка Пірэнэйскага паўвострава была заваяваная маўрытанскімі захопнікамі, якія вызнавалі іслам, а пасьля былі выгнаныя тампліерамі. Падчас хрысьціянскай Рэканкісты, Партугалія зацьвердзілася як незалежная каралеўства ад Леону ў 1139 годзе, зьяўляючыся, такім чынам, адной з найстарэйшых эўрапейскіх нацыянальных дзяржаваў[11].

У XV і XVI стагодзьдзі, у выніку мясцовым піянэрам эпохі Вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў, Партугалія пашырыла ўплыў у сьвеце й стварыла глябальную імпэрыю, якая ўключала ўладаньні ў Афрыцы, Азіі, Акіяніі й Паўднёвай Амэрыцы, стаўшы буйным эканамічным, палітычным і ваенным цэнтрамі ў сьвеце. Партугальская імпэрыя была першай глябальнай імпэрыяй у гісторыі[12], а таксама самым доўгай эўрапейскай каляніяльнай імпэрыяй, якая праіснавала амаль 600 гадоў, пачынаючы з захопу Сэўты ў 1415 годзе, да перадачы Макао да Кітаю ў 1999 годзе. Тым ня менш, міжнародны статус краіны, быў значна зьніжаны ў XIX стагодзьдзі, асабліва пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Бразыліі й іншых найбуйнейшых калёніяў.

Пасьля рэвалюцыі ў 1910 годзе манархія была зрынута, але няўстойлівая дэмакратычная партугальская Першая Рэспубліка была замененая ў хуткім часе аўтарытарным рэжымам. Дэмакратыя была адноўлена пасьля партугальскіх каляніяльных войнаў і рэвалюцыі гвазьдзікоў у 1974 годзе, пасьля чаго Партугалія страціла свае заморскія правінцыі, як то Анголу, Мазамбік і іншыя. Апошняя заморская тэрыторыя, Макао, была перададзена Кітаю ў 1999 годзе.

Партугалія зьяўляецца разьвітой краінай зь вельмі высокім індэксам разьвіцьця чалавечага патэнцыялу. Краіна месьціцца на 19 месцы ў сьвеце паводле паказчыку якасьці жыцьця, а таксама дзякуючы моцнай сыстэме аховы здароўя. Партугалія зьяўляецца адной з найбольш глябалізаваных і мірных краінаў сьвету, чальцом Эўрапейскага зьвязу й Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, а таксама чальцом-заснавальнікам Лацінскага зьвязу, Арганізацыі Ібэра-амэрыканскіх дзяржаваў, АЭСіР, НАТО, Супольнасьці партугаламоўных краінаў, Эўразоны й Шэнгенскага пагадненьня.

Remove ads

Гісторыя

Раньняя гісторыя

Thumb
Старажытны рымскі храм у Эворы.

Раньняя гісторыя Партугаліі сумесна зьвязана з астатняй часткай Пірэнэйскага паўвострава. Назва Партугалія паходзіць ад рымскай назвы Порт Кале (лац. Portus Cale). Рэгіён быў заселены папярэдне дакельцкімі й кельцкімі плямёнамі, які надалі паходжаньне народам, як то галекі, люзытаны, кельтыкі й кінэты. Тэрыторыя сучаснай Партугаліі зьведала прыход фінікійцаў і картагенянаў, а потым увайшла ў склад Рымскай рэспубліцы як вобласьць Люзытанія й частка вобласьці Галецыя. Пасьля падзеньня Рыму з 409 году ў рэгіёне пасяліліся германцкія плямёны, як то свэвы, буры й вэстготы, але з VIII стагодзьдзя тэрыторыю захапілі маўры. Таксама на тэрыторыі сучаснай Партугаліі ў V стагодзьдзі пражывалі іранамоўныя аланы, якія прыйшлі сюды з Паўночнага Каўказа, рэшткі іхных паселішчаў былі знойдзены ў Аленкеры, Каімбры, і нават у Лісабоне[13].

Рэканкіста

У пэрыяд Рэканкісты хрысьціяне адваявалі Пірэнэйскі паўвостраў ад мусульманскага й маўрытанскага валадарства. У 868 годзе паўстала першае княства Партугалія. Партугальскія графы прымалі актыўны ўдзел у Рэканкісьце й у мяцяжах супраць каралеўскай улады. Найвышэйшага ўплыву графства дасягнула пры Мэнду II Гансалвэшу, які стаў рэгентам пры каралю Альфонса V, але пазьней графства прыйшло ў заняпад і было перададзена Галісіі.

Thumb
Замак у Гімарайншы, вядомага як калыска партугальскай дзяржаўнасьці.

У 1093 годзе графства было адноўлена й перададзена ў валоданьне Генрыху Бургундзкаму Альфонсам VI за ягоную ролю ў Рэканкісьце, цэнтрам зноўку створанай дзяржавы стаўся горад Брага. 24 чэрвеня 1128 году ў бітве пры Сан Мамадэ Афансу Энрыкеш, граф Партугаліі сын Генрыха Бургундзкага, перамог сваю маці графіню Тэрэзу й ейнага палюбоўніка Фэрнана Пэрэша дэ Траву, тым самым стаўшы аднаасобным лідэрам. Афансу Энрыкеш афіцыйна абвесьціў пра незалежнасьць Партугаліі, 25 ліпеня 1139 году пасьля бітвы пры Оўрыкі. Перамогу над мусульманамі ў бітве пры Оўрыке ў 1139 годзе традыцыйна прынята лічыць момантам, калі графства Партугалія, якое на той момант зьяўлялася ленам Каралеўства Леону, было ператворана ў незалежнае Каралеўства Партугаліі. Незалежнасьць была прызнана ў 1143 годзе Альфонса VII, каралём Леона й Кастыліі, а ў 1179 годзе папам Аляксандрам III.

Афансу Энрыкеш і ягоныя пераемнікі, абапіраючыся на ваенную моц манаскіх ордэнаў, працягваў войны з маўрамі, але памёр калі тэрыторыя ягонага каралеўства складала палову ад тэрыторыі сучаснай Партугаліі. У 1249 годзе Рэканкіста для Партугаліі завяршылася ўзяцьцем каралеўствам тэрыторыі Алгарвэ. У 1348 і 1349 гадох, як і ў астатняй Эўропе, у Партугаліі прайшла эпідэмія Чорнай сьмерці[14]. У 1373 годзе Партугалія склала зьвяз з Ангельшчынай, які зьяўляецца самым працяглым альянсам у сьвеце.

У 1383 годзе кароль Кастыліі Хуан I, які быў мужам дачкі партугальскага караля, які памёр без нашчадкаў мужчынскага полу, захапіў партугальскі трон. Наступнае народнае паўстаньне прывяло да крызісу 1383—1385 гадоў. Фракцыя дробнай шляхты й простых людзей на чале з Жуанам Авіскім, якая была падтрымана генэралам Нуну Пэрэйра Альварэшам, нанесла паразу Кастыліі ў бітве пры Альжубаротэ. Гэтая знакамітая бітва ўсё яшчэ зьяўляецца сымбалем славы й змаганьня за незалежнасьць Партугаліі ад суседняй Гішпаніі.

Калянізацыя й міжнародны гандаль

Thumb
Афансу Энрыкеш, заснавальнік і першы кароль Партугаліі.
Thumb
Вашку да Гама прыбывае ў Індыю.

У наступныя дзесяцігодзьдзі Партугалія ўзначаліла дасьледаваньне сьвету й узяла на сябе ролю лідэра эпохі Вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў. Інфант Дон Генрых Мараплавец, сын караля Жуана I, стаў галоўным спонсарам і заступнікам гэтай працы. У 1415 годзе Партугалія атрымала першую сваю заморскую калёнію шляхам заваёвы мусульманскай Сэўты. Гэта быў квітнеючы ісламскі цэнтар гандлю ў Паўночнай Афрыцы. Пасьля гэтага рушылі адкрыцьці ў Атлянтычным акіяне: востраў Мадэйра й Азорскія астравы, што прывяло да першых рухаў калянізацыі.

На працягу XV стагодзьдзя, партугальскія дасьледчыкі адплывалі ад берага Афрыкі, усталёўвалі гандлёвыя пасты для некалькіх распаўсюджаных тыпаў тавараў у той час, пачынаючы ад рабоў і сканчваючы спэцыямі, якія яны шукалі ў Індыі. Тардэсыльляская дамова, якая была прызначана для вырашэньня спрэчкі, якая была створана пасьля вяртаньня Хрыстафора Калюмба, была падпісана 7 чэрвеня 1494 году, падзяляла зноў адкрытыя землі за межамі Эўропы паміж Партугаліяй і Гішпаніяй па мэрыдыяне 370 лігаў на захад ад Каба-Вэрдэ, ля заходняга ўзьбярэжжа Афрыкі. У 1498 годзе Вашку да Гама, нарэшце, дасягнуў Індыі й прынёс эканамічны росквіт Партугаліі й ейнаму насельніцтву, якое на той час складала 1,7 млн жыхароў.

У 1500 годзе Пэдру Кабрал дасягнуў узьбярэжжа Бразыліі й абвесьціў адкрытыя землі тэрыторыяй Партугальскага каралеўства. Празь дзесяць гадоў Афансу дэ Альбукерке заваяваў востраў Гоа ў Індыі, востраў Армуз у Пэрсыдзкай затоцы й Малаку, якая ў цяперашні час належыць Малайзіі. Такім чынам, Партугальская імпэрыя атрымала ўладу над гандлем у Індыйскім акіяне й паўднёвай частцы Атлянтычнага акіяна. Партугальскія маракі мелі намер дасягнуць Усходняй Азіі, плаваючы на ўсход ад Эўропы ў такіх месцы, як то Тайвань, Японія, востраў Тымор, яны былі першымі эўрапейцамі, якія выявілі Аўстралію й нават Новую Зэляндыю[15].

22 красавіка 1529 году была складзена Сарагоская дамова паміж Партугаліяй і Гішпаніяй, якая дапаўняла папярэднюю дамову антымэрыдыянам адносна лініі дамовы Тардэсыльляс. Усё гэта зрабіла Партугалію сур’ёзным эканамічным, ваенным і палітычным цэнтрам у сьвеце з XV стагодзьдзя да пачатку XVI стагодзьдзя.

Remove ads

Геаграфія

Thumb
Лягуна на воставе Сан-Мартын на Азорскіх астравах.

Тэрыторыя Партугаліі ўключае ў свой склад акрамя мацерыковай частцы яшчэ й два архіпэлягі ў Атлянтычным акіяне, як то Мадэйра й Азорскія астравы. Мацерыковая частка Партугаліі падзяляецца на дзьве частцы сваёй галоўнай ракой Тэжу, якая цячэ з Гішпаніі й упадае ў Атлянтычны акіян паблізу Лісабона. Паўночная частка краіны гарыстая й парэзаная далінамі рэк, у той час як поўдзень краіны, як то Алгарвэ й Алентэжу, характарызуецца раўнінным тыпам мясцовасьці.

Самай высокай вяршыняй у Партугаліі зьяўляецца аднайменная гара на востраве Піко на Азорскіх астравах. Гэты старажытны вулькан, які мае вышыню ў 2 351 мэтраў зьяўляецца вельмі знакавым сымбалем Азорскіх астравоў. На мацерыковай частцы самай высокай зьяўляецца гара Сэра-да-Эштрэла, якая мае вышыню ў 1 991 мэтраў над узроўнем мора й зьяўляецца важным цэнтрам прыцягненьня для лыжнікаў і аматараў зімовых відаў спорту.

Thumb
Дуб корачны на пшанічным полі ёсьць знакавым сымбалем Алентэжу.

На тэрыторыі Партугаліі выразна вылучаюцца даліны рэк Дару й Тэжу. У верхніх плынях яны вузкія й глыбока ўрэзаныя, ніжэй па плыні пашыраюцца й каля берага Атлянтычнага акіяна пераходзяць у плоскія нізіны. Па гэтых рэках праходзяць натуральныя межы пяці з шасьці геаграфічных абласьцей краіны. Сярод іншых рэк варта адзначыць раку Авэ.

Клімат

Партугалія мае міжземнаморскі клімат у адпаведнасьці з кліматычнай клясыфікацыяй Кёпэна й зьяўляецца адной з самых цёплых краінаў Эўропы, бо сярэдняя гадавая тэмпэратура ў мацерыковай Партугаліі вагаецца ад 12 °C у горнай поўначы й больш за 18 °C на поўдні краіны. Рэгіён Алгарвэ мае клімат падобны на клімат паўднёвых прыбярэжных раёнаў Гішпаніі ці Паўднёвай Каліфорніі. Сярэднегадавая колькасьць ападкаў на мацерыку вагаецца ад ледзь больш за 3000 мм у паўночнай частцы да менш чым 300 мм у раёне ўздоўж ракі Дару. Горы Піко атрымліваюць найбольшую колькасьць ападкаў, то бок больш за 6250 мм у год, у адпаведнасьці з дадзенымі Партугальскага інстытуту мора ды атмасфэры[16].

У некаторых раёнах краіны сярэднегадавая тэмпэратура можа дасягаць 20 °C, а летам тэмпэратура можа дасягаць 45 °C. Рэкордна высокі ўзровень тэмпэратуры склаў 47,4 °C, ён быў зафіксаваны ў Амарэлежы, аднак гэты раён ня ёсьць самым гарачым месцам у летні час, паводле дадзеных спадарожнікавых вымярэньняў. Сьнегапады адбываюцца рэгулярна на поўначы й у цэнтральнай частцы краіны, у прыватнасьці, у раёнах Віла-Рэал, Браганса, Візэў і Гуарда. Узімку тэмпэратура можа апускацца ніжэй за -10 °C. У паўднёвай частцы Партугаліі сьнег можа назірацца ў любы час з кастрычніка па травень, але ён ёсьць даволі рэдкай зьявай, асабліва на раўнінных участках.

Біяразнастайнасьць

Партугалія разьмешчаная ў Міжземнаморскім басэйне, трэцім паводле разнастайнасьці флёры месцы ў сьвеце[17]. У краіне маюцца ажно шэсьць наземных экарэгіёнаў, як то Азорскія мерныя зьмяшаныя лясы, Кантабрыйскія зьмяшаныя лясы, Мадэйрскія вечназялёныя лясы, Ібэрыйскія склерафільныя й паўлістападныя лясы, Паўночна-заходнія Ібэрыйскія горныя лясы й Паўднёва-заходнія Ібэрыйскія міжземнаморскія склерафільныя й зьмяшаныя лясы[18]. Больш за 22% плошчы краіны ўключаныя ў сетку Натура 2000[17][19]. Эўкаліпт, корачны дуб і прыморская хвоя разам займаюць 71% ад агульнай лясной плошчы кантынэнтальнай Партугаліі[20].

Thumb
Адзін з самых вядомых нацыянальных паркаў Пэнэда-Жэрэш.

Геаграфічныя й кліматычныя ўмовы спрыяюць інтрадукцыі экзатычных відаў, якія пазьней робяцца інвазійнымі й разбуральнымі для мясцовых асяродзьдзяў. Блізу 20 адсоткаў ад агульнай колькасьці існых відаў у кантынэнтальнай частцы ўважаюцца экзатычнымі[21]. Партугалія ёсьць другой краінай у Эўропе паводле найбольшай колькасьці відаў жывёлаў і расьлінаў, якія знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня[22][23]. Краіна агулам лічыцца важным пунктам прыпынку для пералётных відаў птушак[24][25]. Буйныя віды сысуноў Партугаліі, як то алень, ібэрыйскі казёл, дзік, звычайная лісіца, ібэрыйскі воўк і гішпанская рысь, калісьці былі шырока распаўсюджаныя па ўсёй краіне, але інтэнсіўнае паляваньне, дэградацыя асяродзьдзя пражываньня й узрослы ціск з боку сельскай гаспадаркі й жывёлагадоўлі прывялі да значнага скарачэньня папуляцыяў у XIX і пачатку XX стагодзьдзяў. А партугальскі казёл нават зьнік. Сёньня гэтыя жывёлы зноў пашыраюць свой натуральны арэал[26][27].

Ля заходняга ўзьбярэжжа Партугаліі маюцца сыстэмы апвэлінгу. Гэтая сэзонная зьява, якая звычайна назіраецца ў летнія месяцы, узносіць больш прахалодную, багатую пажыўнымі рэчывамі ваду з глыбіняў акіяна да паверхні, спрыяючы росту фітаплянктону, разьвіцьцю зоаплянктону й наступнай багатай разнастайнасьці рыбаў і іншых бесхрыбетных[28]. Гэта робіць Партугалію адным з найбуйнейшых спажыўцоў рыбы на душу насельніцтва ў сьвеце[29]. 73% прэснаводных рыбаў, якія сустракаюцца на Пірэнэйскім паўвостраве, ёсьць эндэмікамі, што зьяўляецца найбольшай колькасьцю сярод усіх рэгіёнаў Эўропы[30]. Сярод ахоўных тэрыторыяў Партугаліі вылучаюцца Сэрас-дэ-Айрэ-э-Кандээйруш[31], прыродны парк Паўднёва-Заходняга Алентэжу й узьбярэжжа Вісэнтыні[32], ды прыродны парк Мантэзыньню, дзе жывуць адны зь нямногіх папуляцыяў ібэрыйскага ваўка й ібэрыйскага бурага мядзьведзя[33].

Remove ads

Палітыка

Thumb
Будынак Асамблеі Рэспублікі.

Партугалія зьяўляецца дэмакратычнай рэспублікай пасьля ратыфікацыі Канстытуцыі ад 1976 году й мае сталіцу ў Лісабоне. Канстытуцыя дае падзел паўнамоцтваў паміж заканадаўчай, выканаўчай і судовай галінаў улады. Чатыры асноўныя інстытуты паводле канстытуцыі ёсьць прэзыдэнт рэспублікі, парлямэнт, вядомы як Рэспубліканская асамблея (парт. Assembleia da República), урад, які ачольвае прэм’ер-міністар і сыстэма судоў.

Прэзыдэнт, які абіраецца на пяцігадовы тэрмін, мае невыканаўчыя наглядныя функцыі, цяперашнім прэзыдэнтам зьяўляецца Марсэлу Рыбэлу дзі Соўза. Парлямэнт складаецца з 230 дэпутатаў, якія абіраюцца на чатырохгадовы тэрмін. Урад, кіраўніком якога зьяўляецца прэм’ер-міністар, у цяперашні час гэта Луіш Мантэнэгру, абірае Рада міністраў, якія ўключаюць у сабе дзяржаўныя сакратарыяты. Суды арганізаваныя ў некалькіх узроўнях: судовай, адміністрацыйнай і фінансавай галінах. Вярхоўныя суды зьяўляюцца судамі апошняй інстанцыі. Трынаццаць чальцоў Канстытуцыйнага суда ажыцьцяўляюць нагляд за канстытуцыйнасьцю законаў.

У Партугаліі маецца шматпартыйная сыстэма, дзе партыі канкуруюць паміж сабой на нацыянальным, рэгіянальным і мясцовым узроўнях. Аднак асноўная палітычная барацьба адбываецца паміж двума партыямі: Сацыялістычнай (левацэнтрысцкай) і Сацыял-дэмакратычнай (насуперак назьве, правацэнтрысцкай). Хаўрусьнікам да апошняй выступае Сацыяльна-дэмакратычны цэнтар. Прыкметная прысутнасьць левых палітычных сілаў, прадстаўленых у парлямэнце — Партугальскай камуністычнай партыі, якая ўваходзіць у выбарчую кааліцыю з Партыяй Зялёных і левым блёкам, які быў створаны ў выніку аб’яднаньня трацкісцкай Рэвалюцыйнай сацыялістычнай партыі й экс-мааісцкага Народнага дэмакратычнага зьвязу.

Замежная палітыка

Thumb
Лісабонскі саміт НАТО ў 2010 годзе.

Партугалія ўважаецца сябрам ААН з 1955 году, а таксама адной з заснавальніцаў НАТО (1949), АЭСіР (1961) і Эўрапейская арганізацыя свадобнага гандлю (1960). Апошнюю з памянёных арганізацыяў краіна пакінула ў 1986 годзе, каб прыяднацца да Эўрапейскай эканамічнай супольнасьці, якая ў сваю чаргу была ператвораная на Эўрапейскі Зьвяз у 1993 годзе. У 1996 годзе Партугалія стала сузаснавальніцай Супольнасьці партугальскамоўных краінаў, таксама вядомай як Садружнасьць португальскамоўных краінаў, міжнароднай арганізацыі й палітычнага аб’яднаньня португальскамоўных краінаў, дзе партугальская мова прызнаная афіцыйнай мовай.

Краіна ладзіла некалькі міжнародных самітаў і іпрэзаў, як то першы саміт ЭЗ—Бразылія ў ліпені 2007 году, другі саміт ЭЗ—Афрыканскі зьвяз у сьнежні 2007 году, складаньне Лісабонскага дагавору таксама ў сьнежні 2007 году й саміт НАТО ў лістападзе 2010 году. Партугалія ёсьць паўнавартасным сябрам Лацінскага зьвязу (1983) і Арганізацыі ібэраамэрыканскіх дзяржаваў (1949). Яна мае дамову аб сяброўстве й падвоеным грамадзянстве з сваёй былой калёніяй Бразыліяй. Партугалія й Вялікабрытанія маюць найстарэйшае ў сьвеце дзейнае пагадненьне аб вайсковай супрацы, падпісанае ў 1373 годзе праз ангельска-партугальскі альянс.

Узброеныя сілы

Thumb
Партугальскі фрэгат Барталамэў Дыяш.

Узброеныя сілы складаюцца з трох відаў войскаў, як то вайскова-марскі флёт, сухаземная армія й паветраныя сілы, якімі камандуе Генэральны штаб Узброеных сілаў Партугаліі. Яны служаць у першую чаргу сіламі самаабароны, місія якіх палягае на абароне тэрытарыяльнай суцэльнасьці краіны, але таксама могуць выкарыстоўвацца ў наступальных місіях на замежных тэрыторыях[34]. За апошнія некалькі дзясяткаў гадоў Узброеныя сілы выканалі некалькі ваенных місіяў НАТО й Эўрапейскага Зьвязу на розных тэрыторыях, а менавіта ў Аўганістане, Іраку, Лібане, Босьніі й Герцагавіне, Косаве, Малі, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, Самалі, Мазамбіку й Усходнім Тыморы. У 2023 годзе тры віды войскаў агулам налічвалі 24 тысячы вайскоўцаў, а вайсковыя выдаткі краіны за той жа год склалі больш за 4 мільярды даляраў ЗША ці 1,48% ВУП Партугаліі[35].

Thumb
Чатыры зьнішчальнікі Ф-16 партугальскіх вайскова-паветраных сілаў.

Сухаземныя войскі колькасьцю 11 тысяч чалавек складаюцца з трох брыгадаў і іншых невялікіх падразьдзяленьняў. Пяхотная брыгада, пераважна абсталяваная БТР Pandur II, гаўбіцай M114 і сыстэмамі СПА MIM-72 Chaparral, мэханізаваная брыгада, на балянсу якой маюцца танкі Леапард 2 A6 і БТР M113A2, ды брыгада хуткага рэагаваньня, якая складаецца з дэсантнікаў, камандас, рэйнджараў і артылерыйскага палка. У вайскова-марскім флёце злужаць 7 тысяч чалавек, зь якіх 900 чалавек адносяцца да марской пяхоты. Флёт уважаецца найстарэйшай у сьвеце дзейнай вайскова-марской сілай. Ён мае пяць фрэгатаў, два карвэты, два падводныя чаўны й 20 акіянскіх патрульных суднаў. Вайскова-паветраныя сілы налічваюць у штаце 6 тысяч чалавек. Асновай гэтага віду войска служыць баявы зьнішчальнік Ф-16.

Акрамя трох відаў узброеных сілаў, існуе Нацыянальная рэспубліканская гвардыя. Гэтыя сілы бясьпекі падпарадкоўваюцца вайсковаму заканадаўству й маюць вайсковую арганізацыю. У іхную структуру ўваходзіць 25 тысяч чалавек. Гэтыя сілы падпарадкоўваюцца як Міністэрству абароны, гэтак і Міністэрству ўнутраных справаў. Асобныя вылучаныя атрады гвардыі бралі ўдзел у міжнародных апэрацыях у Іраку й Усходнім Тыморы. На тэрыторыі краіны прысутныя вайскоўцы ЗША ў колькасьці 770 чалавек, якія расквартаваныя на авіябазе Лажэс на востраве Тэрсэйра Азорскіх астравоў. Аб’яднанае камандаваньне аб’яднаных сілаў у Лісабоне ўважаецца адным з трох асноўных падразьдзяленьняў Камандаваньня аб’яднаных сілаў апэрацыяў НАТО.

Remove ads

Эканоміка

Thumb
Вінаградныя плянтацыі.

Пасьля рэвалюцыі гвазьдзікоў у 1974 годзе, якая завяршылася заканчэньнем аднаго з самых прыкметных фазаў эканамічнага ўздыму, які пачаўся ў 1960-х гадох[36], адбыліся істотныя зьмены ў штогадовым эканамічным росьце краіны. Партугалія спрабавала адаптавацца да зьменлівай сучаснай глябальнай эканомікі. З 1990 году мадэль эканамічнага разьвіцьця Партугаліі павольна адышла ад асновы народнага спажываньня й стала накіравана на экспарт, прыватныя інвэстыцыі й разьвіцьцё сэктара высокіх тэхналёгій. Бізнэс-паслугі абагналі больш традыцыйныя галіны, як то тэкстыльную вытворчасьць, вытворчасьць адзеньня, абутку й коркі[37], а таксама вырабаў з дрэва й напоі[38].

Таксама ў Партугаліі пашыраны чорная й каляровая мэталюргія, машынабудаваньне, разьвіваецца хімічная, нафтаперапрацоўчая й нафтахімічная, цэмэнтная, шкло-керамічная прамысловасьці. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Каля паловы апрацоўваемых зямель занята ральлёй, вінаградарствам, пладаводзтвам, аліўкавымі насаджэньнямі. У жывёлагадоўлі пераважае разьвядзеньне буйной рагатай жывёлы, авечкагадоўля, сьвінагадоўля. Асноўнымі зьнешнегандлёвыя партнэрамі зьяўляюцца краіны Эўрапейскай супольнасьці.

Большасьць прамысловых прадпрыемстваў, бізнэс і фінансы сканцэнтраваны ў Лісабоне й Порту, найбуйнейшых мэгаполісах Партугаліі. Раёны Авэйру, Брага, Каімбры, Лейрыі зьяўляюцца найбуйнейшымі эканамічнымі цэнтрамі па-за межамі гэтых двух галоўных сталічных абласьцей.

Партугалія карыстаецца эўра, як нацыянальнай валютай, эканоміка краіны знаходзіцца ў галіне эўразоны з моманту ейнага запуску. Цэнтральны банк Партугаліі зьяўляецца неад’емнай часткай эўрапейскай сыстэмы цэнтральных банкаў.

Турызм

Thumb
Тыповыя для Алгарвэ камяністыя пляжы.

Турызм лічыцца важнай часткай эканомікі Партугаліі. У 2024 годзе турыстычны сэктар зрабіў унёсак у 11,9% у ВУП, што склала 34 мільярды эўра, пры гэтым турызм зрабіў унёсак у 0,3% у гадавы рост ВУП на 1,9%[39]. Каб апярэдзіць канкурэнтаў, краіне было неабходна засяродзіцца на сваіх нішавых славутасьцях, як то прыродзе й сельскім турызьме[40].

Партугалія ўваходзіць у 20 самых наведвальных краінаў сьвету, прыняўшы амаль 29 мільёнаў замежных турыстаў у 2024 годзе[41]. У 2014 годзе Партугалія была абраная найлепшай эўрапейскай краінай паводле вэрсіі выданьня USA Today[42]. У 2017 годзе Партугалія была абраная вядучым турыстычным напрамкам Эўропы[43], а ў 2018 і 2019 гадах — вядучым турыстычным напрамкам сьвету. Турыстычнымі цэнтрамі краіны ўважаюцца Лісабон, Кашкайш, Алгарвэ, Мадэйра, Назарэ, Фатыма, Абідуш, Порту, Брага, Гімарайнш і Каімбра. Лісабон прыцягвае мноства турыстаў, займаючы дзявяты радок паводле наведвальнасьці сярод гарадоў Эўропы[44]. У 2024 годзе ў гатэлях места спынілася 6,7 мільёнаў турыстаў, зь якіх 5,5 мільёнаў чалавек былі замежнікамі[45].

Энэргетыка

Thumb
Алвеўская дамба.

У 2023 годзе нафта складала 44% ад агульнага аб’ёму энэргазабесьпячэньня Партугаліі. Аднак у 2021 годзе краіна паступова адмовілася ад вугальнай вытворчасьці энэргіі й разьвівае аднаўляльныя крыніцы энэргіі, як то гідра- й ветраэнэргетыку[46], а таксама інвэстуе ў грамадзкі транспарт і электрамабілі[47][48].

Партугалія валодае значнымі рэсурсамі ветра- й гідраэнэргетыкі. У 2006 годзе пачала працаваць найбуйнейшая ў сьвеце сонечная электрастанцыя, вядомая як фотаэлектрычная электрастанцыя Мора, а першая ў сьвеце камэрцыйная хвалевая электрастанцыя, пад назовам хвалевая фэрма Агусадура, адкрылася ў Паўночным рэгіёне ў 2008 годзе. Да 2006 году 66% вытворчасьці электраэнэргіі ў краіне прыпадала на вугальныя й паліўныя электрастанцыі, 29% — на гідраэлектрастанцыі, а 6% — на ветравую энэргію[49]. У 2008 годзе з аднаўляльных крыніцаў энэргіі вырабляліся 43% электраэнэргіі ў краіне, нават не зважаючы на тое, што вытворчасьць гідраэлектраэнэргіі скарацілася праз моцныя засушы[50]. У 2010 годзе экспарт электраэнэргіі перавышаў імпарт, і 70% энэргіі надыходзіла з аднаўляльных крыніцаў[51].

Партугальская нацыянальная кампанія перадачы энэргіі Нацыянальныя энэргетычныя сеткі выкарыстоўвае мадэляваньне дзеля прагназаваньня надвор’я, асабліва вятроў. Да сонечна-ветравой рэвалюцыі Партугалія дзесяцігодзьдзямі выпрацоўвала электраэнэргію на гідраэлектрастанцыях. Новыя праграмы спалучаюць вецер і ваду, то бок ветраныя турбіны перапампоўваюць ваду ўверх уначы, а затым вада цячэ ўніз удзень, вырабляючы электраэнэргію, калі попыт спажыўцоў найвышэйшы. Сыстэма разьмеркаваньня энэргіі цяпер двухбаковая. Яна спажывае электраэнэргію зь невялікіх генэратараў, як то сонечныя панэлі на даху.

У 2023 годзе Партугалія выкінула каля 339 мільёнаў тонаў парніковых газаў, то бок блізу 5 тонаў у сярэднім на чалавека, што эквівалентнае прыкладна 1% ад агульнасусьветных выкідаў[52]. Як дзяржава ЭЗ, Партугалія ёсьць часткай сумеснага пляну па скарачэньні выкідаў як мінімум на 55% да 2030 году ў параўнаньні з узроўнем выкідаў у 1990 годзе. Краіна абавязалася дасягнуць вугляроднай нэўтральнасьці й нулявых выкідаў да 2050 году[53].

Remove ads

Дэмаграфія

Thumb
Шчыльнасьць насельніцтва ў кантынэнтальнай частцы Партугаліі.

Паводле зьвестак Статыстычнай управы Партугаліі, на 31 сьнежня 2024 году насельніцтва Партугаліі складала 10 749 635 чалавек, зь якіх 52,2% складалі жанчыны й 47,8% прыпадала на мужчынаў[54][55]. У 2025 годзе сярэдняя працягласьць жыцьця дасягнула 82,95 гадоў[56], прычым ААН прагназуе павелічэньне гэтага паказьніку да 90 гадоў і больш да 2100 году[57]. Насельніцтва гістарычна адносна аднастайнае, то бок большасьць людзей прытрымліваецца каталіцызму й размаўляе па-партугальску.

З 1980-х гадоў узровень нараджальнасьці ў Партугаліі быў значна ніжэйшы за каэфіцыент аднаўленьня насельніцтва ў 2,1. Агульны каэфіцыент нараджальнасьці на 2024 год ацэньваўся ў 1,36 дзіцяці на адную жанчыну, што ёсьць адным з найніжэйшых паказьнікаў у сьвеце[58], і значна ніжэйшым за максымум у 5,0, які фіксаваўся ў 1911 годзе[59]. Такім чынам, насельніцтва Партугаліі стала старэе й у 2024 годзе было 11-м у сьвеце паводле сярэдняга веку. Краіна месьціца на чацьвертым радку паводле колькасьці грамадзянаў старэйшых за 65 гадоў, якія фармуюць 21,8% ад агульнай колькасьці насельніцтва[60]. Згодна з прагнозамі нацыянальных статыстычных органаў, да 2080 году насельніцтва скароціцца да 7,7 мільёнаў чалавек, працягваючы пры гэтым старэць[61].

Партугальскае грамадзтва дэманструе адносна высокі ўзровень сацыяльна-эканамічнай роўнасьці, прычым краіна займае 24-е месца сярод 41 краінаў ЭЗ і АЭСіР паводле індэксу сацыяльнай справядлівасьці 2019 году[62]. У 2018 годзе парлямэнт Партугаліі ўхваліў бюджэтны плян на 2019 год, які ўлучаў падатковыя ільготы для эмігрантаў, якія вяртаюцца, у спробе прыцягнуць назад тых, хто зьехаў падчас фінансавай крызы 2008 году[63].

Remove ads

Культура

Партугалія славута сваімі музычнымі кірункамі. Сярод іх найбольш знакаміты — фаду (ад парт. fado — «лёс»). Клясычнай зоркай партугальскага фаду зьяўляецца Амалія Радрыгеш.

Літаратура

У партугальскай літаратуры паэзія заўсёды мела значна большы ўплыў чым проза. У эпоху Сярэднявечча — калі ўтварылася партугальская нацыя — на паўднёвым усходзе Ібэрыйскага паўвострава паэзія была вельмі распаўсюджанай, у гэты час узьніклі адметныя эпічныя й лірычныя творы. Самымі вядомымі клясычнымі паэтамі Партугаліі зьяўляюцца Луіш дэ Камойньш і Фэрнанду Пэсоа, таксама існуе цэлы шэраг іншых, менш вядомых літаратурных мастакоў, якія таксама аказалі значны ўплыў на станаўленьне сучаснай партугальскай літаратуры.

Рэлігія

Каталіцкім цэнтрам паломніцтва зьяўляецца мястэчка Фатыма.

Remove ads

Глядзіце таксама

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads