гістарычны раён Менску From Wikipedia, the free encyclopedia
Трае́цкае прадме́сьце, або Трае́цкая гара́ — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная ў паўночна-ўсходняй частцы места, на левым беразе ракі Сьвіслачы. Архітэктурнымі дамінантамі мясцовасьці былі Ўшэсьценскі манастыр зь Белай царквой, Фарны касьцёл (першы касьцёл ў месьце), Траецкі манастыр базылянак, касьцёл і шпіталь сясьцёр міласэрнасьці, Кітаеўская сынагога.
Гістарычная мясцовасьць | |
Траецкае прадмесьце лац. Trajeckaje pradmieście | |
Траецкае прадмесьце | |
Краіна | Беларусь |
Места | Менск |
Каардынаты | 53°54′30.72″ пн. ш. 27°33′21.54″ у. д. |
Дата заснаваньня | XII ст. |
Вядомыя насельнікі | Максім Багдановіч, Янка Купала |
Статус | Ахоўная зона |
Траецкае прадмесьце | |
Траецкае прадмесьце на Вікісховішчы |
На паўночны захад ад Траецкага прадмесьця пачынаецца Старосьцінская Слабада, на поўнач — Старажоўка, на ўсход — Залатая Горка. За ракой Сьвіслаччу на поўдні знаходзяцца Лавы і цэнтральны Нізкі Рынак, якія раней злучаліся з прадмесьцем праз Лаўскі і Хлусаў масты адпаведна, на захадзе — Замчышча, на паўночным захадзе — Татарская Слабада[1][2].
Існуе некалькі меркаваньняў пра паходжаньне тапоніму Траецкая гара. Паводле першага зь іх (і найбольш імавернага), назва мясцовасьці мае зьвязак з тытулам касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы, заснаванага вялікім князем Ягайлам[3]. Згодна з другой вэрсіяй, тапонім узьнік ад абарончага рэдута Сьвятой Тройцы, які знаходзіўся каля Барысаўскай заставы[4]. Таксама існуе меркаваньне, што назва прадмесьця ўтварылася ад царквы Сьвятой Тройцы[5] або Траецкага жаночага манастыра[6].
Левабярэжжа Сьвіслачы здаўна мела вялікае гандлёвае значэньне, на ім злучаліся дарогі зь Вільні (для ХІІ—ХІІІ стагодзьдзяў з Заслаўя), Лагойску і Полацку, Барысава і Смаленску, Друцку, Магілёва (для ХІІ—ХІІІ стагодзьдзяў, магчыма, зь Сьвіслачы — Рагачова)[7]. Археалягічныя раскопкі, праведзеныя ў 1976 годзе Г. Штыхавым і В. Собалем, засьведчылі існаваньне культурнага жыцьця ў гэтай мясцовасьці ўжо з канца XII ст.[8]
Прыкладна ў X—XI стагодзьдзях на гары, сярод лесу, пачаў дзеяць Ушэсьценскі (Узьнясенскі[4]) манастыр з драўлянай царквой Ушэсьця Гасподняга[6]. У XII—XІІI стагодзьдзях на левабярэжжы Сьвіслачы збудавалі царкву сьвятых Барыса і Глеба і заснавалі вуліцу Барысаглебскую[9].
Паводле паданьня, у 1390 годзе на Траецкай гары збудавалі драўляны касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (Фарны касьцёл)[3]. У 1505 годзе татарскае нашэсьце дашчэнту спаліла Менск, у тым ліку быў і Фарны касьцёл[3]. У 1508 годзе яго нанава адбудавалі з дрэва. Пры касьцёле дзеяў шпіталь, дзе брацтва, аднайменнае з тытулам сьвятыні, даглядала нямоглых[3].
Даволі шырокае ўжываньне назвы «Старое место» ў літоўскіх (беларускіх) пісьмовых помніках у дачыненьні да раёну Траецкай гары на мяжы XVI—XVII стагодзьдзяў сьведчыць пра наяўнасьць тут агульнамескага цэнтру ў XIV—XV стагодзьдзях[9][10]. Аднак па атрыманьні Менскам Магдэбурскага права ў 1499 годзе і пабудовы ратушы ў Высокім Месьце Траецкае прадмесьце пачынае паступова губляць свой цэнтральны статус.
Прадмесьце злучалася з Замчышчам мостам і грэбляй, з 2-й паловы XVI ст. — двума мастамі[4]. У XV—XVII стагодзьдзях пэрымэтрам Менску (у тым ліку і ў Траецкім прадмесьці) збудавалі ўмацаваньні зь землянымі валамі і равамі[4]. З канца XVI ст. пачынае ўпамінацца Траецкі рынак — найбольшая гандлёвая пляцоўка Менску[4].
У 1620 годзе на месцы драўлянай Ушэсьценскай царквы А. Масьлянка збудаваў мураваную[4]. У 1630 годзе Марына Бяжэвіч заснавала ў прадмесьці Траецкі манастыр базылянак пры драўлянай царкве, вядомай з XV ст.[11]
У XVII—XVIII стагодзьдзях раён Траецкай гары меў пэрыфэрыйнае значэньне ў будаўнічай і сацыяльнай структуры Менску. Асновай плянавальнай структуры раёну быў працяг галоўнай вуліцы правабярэжжа Сьвіслачы — Нямігі (у XVI ст. «Немезской»), якая пачыналася ад пераправы праз раку і мела назву Вялікай Барысаўскай (паводле Р. Баравога — Траецкая або вуліца Траецкай гары[12]). Яна ўзьнікла на старым Барысаўскім гасьцінцы (адцінак ад Сьвіслачы да 2-й клінічнай лякарні). Працягам Вялікай Барысаўскай была вуліца Траецкая (у XIX ст. улады Расейскай імпэрыі перайменавалі яе ў Аляксандраўскую, цяпер Максіма Багдановіча)[13]. Траса гэтых вуліцаў пачыналася на стрэлцы мыса і праходзіла амаль цэнтральнай восьсю шырокага ўзгорка, аточанага з трох бакоў лукавінай Сьвіслачы. У гэтых умовах натуральным, выняткова стыхійным плянавальным разьвязкам было расьсяленьне жыхароў як уздоўж гэтай дарогі-вуліцы, так і пэрпэндыкулярна да яе, на паўднёвым і паўночным схілах гары, кірункам да берага ракі. Так паўстала некалькі амаль раўналежных вулачак, якія адыходзяць ад галоўнай. На паўночным схіле гары такіх вулачак было ня менш за 8—9, на паўднёвым, дзе паміж цэнтральнай вуліцай і берагам ракі разьмяшчалася шырокая багністая абалона, трохі менш — 5. На плян паўднёвай часткі Траецкай гары, магчыма, паўплывала і тая акалічнасьць, што менавіта ў гэтым раёне вельмі рана зьявілася некалькі манастыроў і цэркваў, якія займалі значныя пляцы, што магло таксама перашкаджаць утварэньню мноству маленькіх вулачак. З усяго відаць, «Віленскай» звалася самая ўсходняя з памянёных вышэй васьмі або дзевяці вулачак на паўночным схіле гары, бо менавіта яна служыла пачаткам дарогі на Зацань — Сёмкаў Гарадок і далей на Вільню. Вуліца Магілёўская, відаць, адпавядала цяперашняй афіцыйнай вуліцы Куйбышава — яе працяг зьвязваў Траецкую гару з Камароўкай (раён сучаснай вуліцы Янкі Купалы). Камароўка яшчэ ў першай палове XIX ст. была вёскай, якая знаходзілася за мяжой места. Ад яе пачыналіся Лагойскі і Барысаўскі гасьцінцы. Магілёўская дарога 1557 году пачыналася, мабыць, ад гэтай жа вуліцы беспасярэдне за мяжой места, стромка згортваючыся ўздоўж берагоў Сьвіслачы ў раёне цяперашняга пляцу Перамогі, далей выходзячы на Доўгі Брод і Сьляпянку, дзе ад гэтай дарогі адлучалася «дарога Друцкая». Зь іншых вуліцаў на Траецкай гары, у дакумэнтах XVI—XVIII стагодзьдзяў упамінаюцца: Плябанская вуліца і «вуліца да Плябанскіх млыноў» (магчыма, гэта адна і тая жа вуліца) — у раёне сквэру вакол Опэрнага тэатру; вуліца Старосьцінская Слабада — пачатковы адцінак зьнішчанай у 1980-я гады Стараслабадзкой вуліцы. Тамака жа, паміж Старосьцінскай Слабадой і Замкавым мостам, паўночным схілам Траецкай гары, уздоўж берага Сьвіслачы праходзіла адна з самых старых вуліцаў гэтага раёну сучасная Старавіленская (паводле дакумэнтаў XVII—XVIII стагодзьдзяў, мела назву «вуліца каля ракі да Слабады»)[12].
У 1709 годзе пры касьцёле Найсьвяцейшай Тройцы біскуп Бжастоўскі заснаваў брацтва Шчасьлівай сьмерці[14]. У 1716 (1720) годзе намаганьнямі менскага ксяндза Карла Пятра Панцяржынскага замест старога збудавалі новы драўляны Фарны касьцёл. Сьвятыня стаяла на мураваным падмурку[15]. У літаратуры сустракаюцца памылковыя зьвесткі, што непадалёк ад Траецкага манастыра базылянак у 1771 годзе Кунегунда Рушчыц[16] заснавала кляштар каталіцкага манаскага ордэна марыявітак[4], які аднак знаходзіўся ў іншай частцы места — на Францішканскай вуліцы. У 1799—1800 гадох, паводле праекту архітэктара Ф. Крамера, замест драўляных узьвялі мураваныя будынкі Траецкага базылянскага манастыра.
Старажытны плян прадмесьця захоўвалася бязь зьменаў да пачатку XIX ст., пакуль у час вялікага пажару 14 жніўня 1809 году не згарэла практычна ўся тагачасная забудова Траецкай гары[3], асабліва ў яе цэнтральнай і паўночнай частцы[12]. У наступныя гады зьявіўся плян аднаўленьня забудовы прадмесьця[17][18]. Да гэтага часу належыць прынцыпова новы праектавы разьвязак пляну ўсёй левабярэжнай часткі Менску, які захаваўся, у агульных рысах, да нашых дзён. У яго аснову ляглі 5 падоўжных вуліцаў, якія разыходзіліся веерам ад стрэлкі мыса (ад моста), і 5 папярочных вуліцаў, якія іх перасякалі. Гэтая сетка зь дзесяці вуліцаў утварала каля 20 прастакутных і трапэцыяпадобных кварталаў, зь вялікім прастакутным пляцам у цэнтры. З пажарам 1809 году і наступнымі будаўнічымі працамі мае зьвязак першае, найбольшае нівэляваньне мысавай часткі Траецкай гары. Да пачатку XIX ст. сам мыс быў значна вышэйшым, а ягоныя схілы, зьвернутыя да ракі Сьвіслачы — значна страмчэйшымі, чым у наш час[12].
Па пажары 14 жніўня 1809 году, у якім згарэў Фарны касьцёл, біскуп менскі Якуб Дадэрка зрабіў спробу заснаваць на Траецкай Гары новую сьвятыню. На заказ Менскага дабрачыннага таварыства архітэктар М. Чахоўскі распрацаваў праект пабудовы на рынкавым Траецкім пляцы комплексу касьцёла і шпіталя сясьцёр міласэрнасьці. 30 жніўня 1810 году Я. Дадэрка ўрачыста асьвяціў пачатак будаваньня і падмуркі новага касьцёла Найсьвяцейшай Панны Марыі[19] ў стылі ампір, з бакоў якога далучаліся карпусы шпіталя[14]. Пры комплексе дзеяў шпіталь, у якім манашкі ордэна Сьвятога Вінцэнта даглядалі сіротаў, старых і жабракоў[14].
У 1814 архітэктар М. Чахоўскі распрацаваў праект новага мураванага касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы, арыентаванага галоўным фасадам на вуліцу Траецкую, але на пабудову сьвятыні не хапіла сродкаў. Вядома, што на рагу Вялікай Барысаўскай і Траецкай збудавалі 1-павярховы мураваны будынак плябаніі зь вялікім склепам і дзьве невялікія крамкі, а таксама драўляныя гаспадарчыя пабудовы: стайню, лядоўню, два сьвіраны, павець і хлеў[15].
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1834 годзе ўлады Расейскай імпэрыі ліквідавалі Траецкі манастыр базылянак, будынкі якога паводле праекту архітэктара К. Хрышчановіча рэканструявалі пад шпіталь мескай лякарні[11]. У 1840-я гады расейскія змусілі Менскае таварыства дабрачыннасьці прадаць касьцёл і шпіталь Маскоўскаму патрыярхату пад духоўную сэмінарыю[20], якая разьмясьцілася тамака ў 1854 годзе[14].
Паводле падарожніка і краязнаўца Паўла Шпілеўскага, у сярэдзіне XIX ст. менчукі адносілі Траецкае прадмесьце разам зь Нізкім Рынкам, Ракаўскім і Пятніцкім (Татарскім) прадмесьцямі да менскага «Старога Места»[16]. У 1858 годзе ў будынку на Плябанскай вуліцы адкрылася першая ў месьце фотамайстэрня (сьвятлапісны кабінэт), якая належала Жазэфіне Адамовіч[21]. 1 кастрычніка 1867 году ў будынках старажытнага Ўшэсьценскага манастыра адкрылася жаночая духоўная вучэльня, а ў 1870 годзе з выкарыстаньне муроў старажытнай царквы збудавалі новую Ўшэсьценскую царкву, якую месьцічы назвалі «Белай царквою»[22].
У 1870 годзе ў раёне Траецкай гары зьявілася першая ў Менску паштовая скрыня[23]. 19 сьнежня 1891 году ў адным з будынкаў прадмесьця нарадзіўся беларускі паэт Максім Багдановіч. У 1893 годзе гістарычнай Вялікай Барысаўскай вуліцай прайшла конка — ад Сьвіслачы да бровара[24].
У канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў Траецкая гара ўваходзіла ў трэцюю паліцэйскую частку Менску. Раён вылучаўся стракатым станавым складам насельніцтва (сяляне, працоўныя, гандляры, ураднікі ніжэйшых рангаў, дробныя зямяне) і даволі кантраставым вонкавым выглядам. Асноўная вуліцай прадмесьця была гістарычная Вялікая Барысаўская (цяпер Максіма Багдановіча), афіцыйна пераназваная расейскімі ўладамі ў Аляксандраўскую ў гонар Аляксандра I. Паралельна ёй ішла вуліца Старавіленская (захавалася). Гэтыя вуліцы злучаліся некалькімі завулкамі. Першы зь іх — Траецкая набярэжная. Тут знаходзіліся славутыя менскія лазьні, якія стаялі на самым беразе Сьвіслачы. Другі — Траецка-Паліцэйскі завулак (пачатак сучаснай вуліцы Старажоўскай ля Траецкага прадмесьця). Трэці — 1-ы Сэмінарскі завулак, а чацьверты — 2-гі Сэмінарскі, або Мітрапалітанскі, завулак, які месьціўся за мужчынскай духоўнай сэмінарыяй (Менская сувораўская вайсковая вучэльня). Лаўская набярэжная цягнулася ад Хлусава (Багдановіча) да Паліцэйскага моста (Купалы). Вуліца Георгіеўская (захавалася частка яе трасы — вуліца Чычэрына) ішла ад Сьвіслачы праз Траецкі Рынак (плошча Парыскай камуны) на Камароўку. Вуліца Плябанская (Куйбышава) пралягала паралельна Георгіеўскай. Назва тлумачыцца знаходжаньнем каля яе трасы млына Траецкай залатагорскай плябаніі. У 1866 годзе ўлады Расейскай імпэрыі перайменавалі яе ў Шырокую. Траса вуліцы Белацаркоўнай (не існуе; пралягала ад тэатру Опэры і Балету да пляцу Перамогі) супадала з старажытнымі шляхамі на Магілёў і Барысаў. Назва паходзіць ад «Белай царквы», як называлі месьцічы царкву каля жаночай духоўнай вучэльні (штаб Міністэрства абароны Беларусі)[25].
У 1909 годзе мескі мэр Стэфановіч, нягледзячы на пратэсты Маскоўскага патрыярхату, выдаў загад зьняць усе засаўкі на плаціне Плябанскіх млыноў, якая належала Архірэйскаму дому, — і такім чынам уратаваў Менск ад паводкі. Аднак архіяпіскап Міхаіл за парушэньне правоў уласнасьці прыцягнуў увесь склад мескай управы да судовай адказнасьці, Стэфановіч страціў сваю пасаду[26].
У 1919 годзе бальшавікі перайменавалі Траецкі Рынак у плошчу Парыскай Камуны. У 1921 годзе ў будынках колішняй Духоўнай сэмінарыі разьмясьціліся Менскія пяхотныя курсы, якія ў 1924 годзе трансфармаваліся ў Аб’яднаную Беларускую школу — сярэднюю вайсковую навучальную ўстанову зь беларускай мовай навучаньня[21]. У 1925 годзе з мэтай разьвязаньня жыльлёвай праблемы ў раёне Траецкага Рынку пачалося будаваньне тыповых 2—4-х кватэрных драўляных дамоў[27].
На 1930—1960-я гады прыходзіцца зьнішчэньне пэўных элемэнтаў тапаграфіі раёну. Гэта — старажытныя каталіцкія могілкі XVI—XVIII стагодзьдзяў на месцы сквэру перад Опэрным тэатрам; тэрыторыя Ўшэсьценскага манастыра (XIII?—XVI стагодзьдзі) на месцы «Штаба Акругі» і інш.
У 1935 годзе ў зьвязку з будаваньнем тэатру менскія ўлады зачынілі Траецкі рынак. У 1936 годзе ў прадмесьці паводле праекту Л. Дзянісава і В. Вараксіна збудавалі ІІІ Дом Саветаў[28]. У 1938 годзе скончылася будаваньне Тэатру опэры і балету.
У Другую сусьветную вайну 24 чэрвеня 1941 году празь нямецкае бамбардаваньне места ў ІІІ Доме Саветаў пачаўся пажар, ад якога загінулі больш за 100 жанчынаў і дзяцей, што хаваліся ў скляпеньнях будынка[29].
У 1946 годзе на месцы «Белай царквы» і жаночай духоўнай вучэльні збудавалі будынак Міністэрства абароны[30] (паводле іншых зьвестак — узьведзены на базе будынка колішняй духоўнай вучэльні[21]). У 1948—1950 гадох на рагу вуліцаў Янкі Купалы і Куйбышава, на месцы разбуранай у вайну забудовы, менскія ўлады заклалі Піянэрскі парк[21]. У 1949 годзе ў будынку Тэатру опэры і балету адкрыўся Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут[21]. У 1950 годзе вакол Опэрнага тэатру разьбілі парк. У 1953 годозе на базе будынка Духоўнай сэмінарыі збудавалі Менскую сувораўскую вайсковую вучэльню (да старога будынка дабудавалі два паверхі)[31]. У 1959 годзе ў парку на скрыжаваньні вуліцаў Янкі Купалы і Куйбышава паставілі помнік юнаку-партызану Марату Казею (скульптар С. Селіханаў). У 1964 годзе на вуліцы Янкі Купалы, каля колішняга Лаўскага моста, высадзілі каштанавую «Алею сяброўства народаў». У 1969 годзе на паўднёвым усходзе ад колішняга Траецкага манастыра збудавалі павільён ВДНГ БССР (архітэктар С. Баткоўскі), цяпер гэта — Нацыянальны выстаўны цэнтар «БелЭкспа». У 1976 годзе на доме, разьмешчаным пад адрасам вуліца Алаізы Пашкевіч, 1, усталявалі мэмарыяльную дошку ў гонар пісьменьніцы[32]. 9 сьнежня 1981 году перад Опэрным тэатрам урачыста адкрылі помнік клясыку беларускай літаратуры Максіму Багдановічу (скульптар Сяргей Вакар).
У 1980-я гады савецкія ўлады зьнішчылі частку вуліцаў, што захаваліся па пераплянаваньні пачатку XIX ст. Напрыклад, старадаўнюю вуліцу, якая праходзіла ўздоўж Сьвіслачы і ішла ад сучаснага будынку Сувораўскай вучэльні да гасьцініцы «Беларусь», і некаторыя іншыя[12].
У 1982—1985 гады менскія ўлады правялі рэстаўрацыю заходняй часткі Траецкага прадмесьця (архітэктары Л. Левін, Ю. Градаў, С. Багласаў). Гэта быў першы ў Беларусі праект комплекснай рэгенэрацыі гістарычнай забудовы[33]. Аднак рэстаўратарам не атрымалася пазьбегнуць пэўных адмоўных момантаў. Да прыкладу, гэта зьнішчэньне забудовы XVII ст. уздоўж Траецкай набярэжнай[34]. 6 лістапада 1987 годзе ў прадмесьці адкрыўся Дзяржаўны музэй беларускай літаратуры. У 1988 годзе на высьпе ў заходняй частцы прадмесьця паставілі валун з выявай абраза Маці Божай — як краевугольны камень будучага мэмарыялу «Выспа сьлёзаў».
8 сьнежня 1991 году адбылося адкрыцьцё літаратурнага музэю Максіма Багдановіча. 6 жніўня 1993 году ў адрэстаўраванай частцы прадмесьця адкрылі помнік беларускаму мастаку Язэпу Драздовічу (скульптар І. Голубеў). У 1993 годзе Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарачэньне купюру наміналам 5000 беларускіх рублёў з выявай Траецкага прадмесьця (дэнамінаваная ў 2001 годзе да наміналу ў 5 беларускіх рублёў, выведзеная з абарачэньня 1 ліпеня 2005 году).
3 жніўня 1996 году на «Высьпе сьлёзаў» зьявіўся помнік «Сынам Айчыны, якія загінулі за яе межамі» (скульптар Ю. Паўлаў). 16 лютага 2001 году ў прадмесьці адкрылася галерэя «Славутыя майстры».
14 ліпеня 2004 году ўказ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 330 «Аб разьвіцьці гістарычнага цэнтру г. Менска» зацьвердзіў межы тэрыторыі гістарычнага цэнтру, а таксама Канцэпцыю рэканструкцыі, разьвіцьця і функцыянальнага выкарыстаньня аб’ектаў нерухомай маёмасьці і тэрыторыі. У склад ахоўнай зоны ўвайшла заходняя частка Траецкага прадмесьця разам з тэрыторыяй 2-ой мескай лякарні. Галоўным элемэнтам ахоўнай зоны на тэрыторыі прадмесьця стаў квартал прастакутнай формы, разьмешчаны паміж вуліцамі М. Багдановіча, Архітэктара Заборскага, Старавіленскай і Траецкай набярэжнай. Яго ўзьвялі паводле рэгулярнага пляну Менску 1817 году. Кожны будынак гэтага кварталу мае ўласную гістарычна-архітэктурную каштоўнасьць, а разам яны ўтвараюць суцэльны комплекс Старога Места[33].
9 лістапада 2005 году арцыбіскуп Мітрапаліт Менска-Магілёўскі кардынал Казімер Сьвёнтак блаславіў кнігарню «Духоўная кніга», якая ў гэты дзень пачала працаваць пад адрасам: Максіма Багдановіча, 25[35]. У першым квартале 2006 году пачалася рэканструкцыя Тэатра опэры і балету, у выніку якой будынку вярнулі выгляд, закладзены ягоным архітэктарам І. Лянгбардам. 8 траўня 2006 году ў Сувораўскай вайсковай вучэльні мітрапаліт менскі і слуцкі Філарэт (Вахрамееў) асьвяціў дамавы храм у гонар сьвятога апостала і эвангеліста Яна Багаслова[36]. 11 красавіка 2008 году з пляцоўкі перад Опэрным тэатрам дэмантавалі помнік Максіму Багдановічу[37]. Замест помніка плянавалася ўсталяваць фантан. Прыблізна праз тры месяцы, у пачатку ліпеня 2008 году помнік паставілі наноў на рагу вуліцы Максіма Багдановіча і плошчы Парыскай камуны[38]. Адносна былога месцазнаходжаньня помнік перасунулі на 150 мэтраў на паўночны захад, бліжэй да месца нараджэньня паэта, і павярнулі тварам да Сьвіслачы ў кірунку паміж домам на вуліцы М. Багдановіча, 27 і Сувораўскай вайсковай вучэльняй. 6 траўня 2009 году Камісія па найменьні і перайменаваньні праспэктаў, вуліцаў і іншых частак Менску на сваім паседжаньні прыняла пастанову аб наданьні безыменнаму сквэру ў межах вул. Куйбышава — А. Пашкевіч — М. Багдановіча — Янкі Купалы назвы «Траецкая гара»[39].
У 2010 годзе прыкладна за сто мэтраў ад прадмесьця паводле праекту Ладкіна і на грошы Чыжа пачалося будаваньне 25-павярховага жылога комплексу «Ля Траецкага»[40], якое найгрубешым чынам парушыла некалькі артыкулаў Закону Рэспублікі Беларусь аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны (зьнішчэньне гістарычна-плянавальнай структура кварталу, ляндшафту, культурнага пласта)[41]. 21 студзеня 2013 году міністар культуры Барыс Сьвятлоў зацьвердзіў Праект зоны аховы гістарычна-культурнай каштоўнасьці — гістарычнага цэнтру Менску, які прызнаў, што жылы комплекс «Ля Траецкага» і яшчэ шэсьць аб’ектаў, зьяўляюцца дысгарманічнымі, парушаюць цэласнасьць гістарычных ансамбляў і замінаюць успрыманьню каштоўнасьцяў. Адзначаецца, што гэтыя збудаваньні зьмянілі маштаб забудовы і зьнішчылі выразнасьць сылюэту гістарычнага цэнтру Менску, які зьяўляецца геаграфічным і кампазыцыйным ядром места[42].
Паводле матэрыялаў рукапісных судовых актавых кніг менскага гродзкага суду за 1600—1640 гады, у Траецкім прадмесьці жылі: лентвойт (а пазьней бурмістар) Андрэй Масьленка; райца і таксама потым бурмістар Даніэль Масьленка; пісар, слуга менскага мытнага дазорцы Аляксандра Каленскага Васіль Масьленка. На Траецкай гары тылам да Сьвіслачы стаялі два дамы князя Аляксандра Крашынскага, побач — хаты ягоных рамесьнікаў-месьцічаў. Непадалёк дзьве мяшчанкі, Соф’я і Ганна, трымалі арэндаю дом у Станіслава Ляшчынскага.
Наводдаль ад будынкаў Траецкай гары, знаходзіліся Ўшэсьценскі манастыр і Фарны касьцёл з плябаніяй і ставам. Пры канцы ХVI ст. арандатарам манастыра быў продак Фёдара Дастаеўскага — Стэфан. Непадалёк ад царквы Ўшэсьця праходзіла Манастырская вуліца. Апроч таго, на Траецкай гары былі цэхі краўцоў і шабельнікаў[43].
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
Максіма Багдановіча вуліца | Вялікая Барысаўская вуліца[52] | Аляксандраўская вуліца (пачатак ХІХ ст. — 1919) Камунальная вуліца (1919—1936) Максіма Горкага вуліца (1936—1991) |
Архітэктара Заборскага вуліца | 1-ы Сэмінарскі завулак | Камунальны завулак (1957—2004) |
Камуністычная вуліца | Міхайлаўская вуліца | 2-я Міхайлаўская вуліца Чапскага вуліца (1919—1920)[52] Мопраўская вуліца (1922—1946) Калініна вуліца (1946—1961) |
Куйбышава вуліца | Плябанскія Млыны вуліца Плябанская вуліца | Шырокая вуліца (1866—1935) |
Парыскай Камуны плошча | Траецкая Гара пляц Траецкі Рынак пляц (да 1919) | |
Алаізы Пашкевіч вуліца (з 1974) | ||
Старавіленская вуліца | Віленская набярэжная[53] Старавіленская вуліца | |
Старажоўская вуліца | Старосьцінская Слабада вуліца (частка) Радашкаўская вуліца (частка) Траецкая вуліца (частка) | Стараслабадзкая вуліца (1866—1987) |
Траецкая набярэжная | Траецкая набярэжная | Аляксандраўская набярэжная (пачатак XIX ст. — 1919) Камунальная набярэжная (1919—2010) |
Чычэрына вуліца | Георгіеўская вуліца (да 1922) | |
Янкі Купалы вуліца | Траецкая вуліца (частка) Ягораўская вуліца (частка) Набярэжная вуліца (частка) | Паліцэйская вуліца (частка, 1866—1919) Пралетарская вуліца (частка) Кастрычніцкая вуліца (1919—1948) Івана Луцкевіча вуліца (частка, 1941—1944) |
Не існуе (з 1950-х) | Белацаркоўная вуліца | Чырвонаштандартная вуліца (у савецкі час) |
Апроч таго, на тэрыторыі прадмесьця існавалі вуліцы Барысаглебская, Магілёўская і Манастырская.
Адрэстаўраваная заходняя частка прадмесьця — музэй на вольным паветры, у якім узнаўляецца стыль і ўзоры мескай мураванай забудовы ХІХ ст. У старых будынках разьмяшчаюцца музэі, крамы і кавярні. У будынку Траецкай аптэкі (Старажоўская, 3) экспануюцца некаторыя віды правізарскага аптэчнага посуду, старыя фармацэўтычныя кнігі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.