From Wikipedia, the free encyclopedia
Лі́дзкі паве́т — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віленскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 5,5 тыс. км². Сталіца — места Ліда.
Лідзкі павет лац. Lidzki paviet | |
Герб | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
Статус | павет[d] |
Адміністрацыйны цэнтар | Ліда |
Дата ўтварэньня | 1566 |
Дата скасаваньня | 1795 |
Старосты | Старосты лідзкія |
Насельніцтва | гл. Дэмаграфія |
Плошча | 5,5 тыс.[1] км² |
Час існаваньня | 1565/66—1795 |
Месцазнаходжаньне Лідзкага павету | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Пад 1382 годам упершыню ўпамінаецца Лідзкае намесьцнітва, калі ім кіраваў фаварыт вялікага князя Ягайлы Вайдзіла[2]. У 1413 годзе намесьніцтва ўвайшло ў склад Віленскага ваяводзтва і часам выступала пад назвай «павет»[3]. У склад намесьніцтва ўваходзілі дзяржаўныя сёлы, што належалі беспасярэдне да Лідзкага замка і ўладаньні мясцовых баяраў-шляхты, якія выходзілі на вайну ў складзе Лідзкай харугвы. У 1528 годзе, паводле попісу войска Вялікага Княства Літоўскага, на Лідчыне было каля 80 дробных землеўладальнікаў[2].
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў на базе Лідзкага намесьніцтва ўтварыўся павет, у склад якога ўвайшлі землі суседніх Астрынскага, Васілішкаўскага, Радунскага і Эйшыскага намесьніцтваў. У 1568 годзе Віленскі Вальным сойм прыняў пастанову аб далучэньні да прысуду Лідзкага павету Эйшыскага, Радунскага, Каняўскага, Дубіцкага, Васілішкаўскага і Астрынскага харустваў Троцкага павету Троцкага ваяводзтва[4].
Захавалася сьведчаньне азначэньня жыхароў Лідзскага павету ліцьвінамі: «Мишковский Ян Семенов… литвин, шляхтич Лидского повета» (1633 год)[5]. У матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэту пад 1722 годам значыцца Nowicki Ignat., Lithvan. ex districtu Lidensi[6]. Апроч таго, сярод вернікаў некалькі вёсак упамінаецца старалітва, якую крыніцы зьвязваюць з русінамі: Ельня (1668 і паміж 1670 і 1675 гадамі)[7]; Ваверка (1692 год)[8]; Няцеч, Старажымавічы і Чапліцы (1721 год)[9].
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) павет спыніў сваё існаваньне разам зь Віленскім ваяводзтвам.
Павятовая харугва была чырвонага колеру з выяваю Пагоні ў цэнтры[1].
У сярэдзіне XVII стагодзьдзя налічваў 11 860 дымоў. Паводле сучасных падлікаў, да вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць насельніцтва складала каля 83 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 63 тыс. чал.[10] (9,6 тыс. дымоў[1]).
На 1775 год павет налічваў 11 723 дымоў[11]. У 1790 годзе колькасьць насельніцтва павету дасягнула 102 375 чал.
На поўначы межаваў з Троцкім паветам Троцкага ваяводзтва і Віленскім паветам Віленскага ваяводзтва, на ўсходзе — з Ашмянскім паветам Віленскага ваяводзтва, на поўдні — з Наваградзкім і Слонімскім паветамі Наваградзкага ваяводзтва, на захадзе — з Гарадзенскім паветам Троцкага ваяводзтва.
У склад Лідзкага павету ўваходзіла тэрыторыя Лідзкага гродавава, Бярштанскага, Васілішкаўскага, Дубскага, Каняўскага, Навадворскага, Радунскага і Стокліскага старостваў і прылеглыя прыватнаўласьніцкія маёнткі.
На 1790 год у складзе павету было 16 местаў і мястэчак. У розныя часы на тэрыторыі павету знаходзіліся месты і мястэчкі: Астрына, Балотна / Вярэнаў, Беліца, Беняконі, Васілішкі, Дакудава, Дэмбрава, Жалудок, Жырмуны, Забалаць, Ішчална, Ліда, Нача, Новы Двор, Орля, Радунь, Ражанка, Сабакінцы, Шчучын, Эйшышкі. Магдэбурскае права мелі Астрына (1641), Жырмуны (1724), Ліда (17.9.1590), Новы Двор (XVII стагодзьдзе), Радунь (1649), Сабакінцы (1676), Шчучын (23.05.1761), Эйшышкі (XVII стагодзьдзе).
Павятовы соймік праходзіў у Лідзе, тамака ж месьціліся падкаморскі, земскі (паседжаньні праводзіліся ў адной зь вежаў Лідзкага замка[4]) і гродзкі суды, склікалася паспалітае рушаньне. Лідзкая шляхта абірала двух паслоў на Вальны сойм і двух дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.
На Гарадзенскім сойме 12 студзеня 1793 году дзеля павелічэньня колькасьці сэнатараў ад Вялікага Княства Літоўскага намінавалі кашталяна лідзкага шляхам павышэньня да кашталянскай годнасьці мясцовага павятовага маршалка, якім на той момант быў Францішак Александровіч. Ён атрымаў прывілей 26 кастрычніка 1793 году, але ўжо ў сьнежні таго ж году новая адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа Рэчы Паспалітай скасавала лідзкую кашталянію. У выніку, кашталян лідзкі захаваў свой тытул, але ўжо ня меў сэнатарскіх паўнамоцтваў.
На тэрыторыі Лідчыны склалася даўняя традыцыя драўлянага дойлідзтва.
У XVII ст. у мураваную архітэктуру Лідчыны прыйшла стылістыка барока, у XVIII ст. — віленскага барока і клясыцызму.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.