Гісторыя Магілёва

From Wikipedia, the free encyclopedia

Гісторыя Магілёва
Remove ads

Магілёў (часам насіў дадатковыя азначэньні — Магілёў Літоўскі[1][2][3][4][5][6][7][8][9][10][11] або Магілёў Беларускі[12]) — магдэбурскае места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, цэнтар праваслаўнага хрысьціянства. 9 чэрвеня 1661 году атрымаў роўныя правы з сталіцай — Вільняй — за гераізм, выяўлены ў часе паўстаньня супраць маскоўскіх акупантаў. У 1930-я гады разглядалася магчымасьць пераносу ў Магілёў сталіцы Беларускай ССР. Да нашага часу тут захаваліся комплекс манастыра Сьвятога Мікалая ў стылі самабытнага магілёўскага барока, дом купца Анташкевіча, Узьвіжанская царква (пацярпела ад маскоўскай перабудовы), комплекс кляштару кармэлітаў з касьцёлам Сьвятога Станіслава і калегіюм езуітаў ў стылі барока, архірэйскі і арцыбіскупскі палацы, мэмарыяльная арка і Фарны касьцёл у стылі клясыцызму, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся мураваныя мескія брамы: Ветраная, Алейная, Каралеўская і Дубровенская, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі. Значную частку мясцовых славутасьцяў зруйнавалі за савецкім часам: цэрквы Божага Яўленьня, Прачыстай Багародзіцы і Покрыва Багародзіцы (магілёўскае барока), царкву Сьвятога Спаса[a] (віленскае барока), мескую ратушу (адноўлена ў 2008 годзе), касьцёл Сьвятога Францішка Ксавэрыя і Анёлаў-Ахоўнікаў пры калегіюме езуітаў і комплекс кляштару бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятога Антонія (барока), лютэранскую кірху, цэрквы Сьвятой Тройцы, Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і Сьвятога Ёсіфа (клясыцызм), помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў.

Thumb
Магілёў на нямецкай гравюры XVIII ст.
Remove ads

Раньнія часы

Thumb
Плян Магілёва ў канцы XVII ст.

Паводле археалягічных раскопак, старажытнае паселішча існавала на месцы Задубравенскага пасаду яшчэ ў XII ст. Апроч таго, на гары Магіле знаходзілася даўняя фартыфікацыя[13].

У пачатку XIII ст. Магілёў, відаць, быў цэнтрам фэўдальнай сядзібы-вотчыны і выконваў функцыі фартэцыі. Паводле Магілёўскай хронікі, складзенай у XVIII—XIX стагодзьдзях, Магілёў у якасьці места заснавалі 24 сакавіка 1267 году[14].

Remove ads

Вялікае Княства Літоўскае

Thumb
Магілёў. В. Вашчанка, 1702 г.

У пачатку XIV ст. Магілёў далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стаў цэнтрам воласьці. Тым часам першы пісьмовы ўпамін пра места зьмяшчаецца ў «Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», які датуецца канцом XIV ст. У гэты час Магілёў знаходзіўся ў валоданьні каралевы Ядвігі, жонкі караля і вялікага князя Ягайлы. У 1431 годзе ён перайшоў да вялікага князя Сьвідрыгайлы, а ў 1503 годзе — да вялікай княгіні Алены Іванаўны.

У XV ст. Магілёў стаў значным цэнтрам гандлю, тут працавала ўласная мытня. Пад 1447 годам упамінаецца Спаская царква. У пачатку XVI ст. места ўвайшло ў склад Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва.

У зьвязку з стратай Смаленску ў 1514 годзе і пераходам яго на стагодзьдзе пад уладу Маскоўскай дзяржавы, многія тамтэйшыя купцы перабраліся ў Магілёў. Праз гэта неаднаразова (у 1518, 1519 і 1535 гадох) ягоныя ваколіцы цярпелі ад рабаўніцкіх набегаў маскоўскіх захопнікаў, аднак самім местам яны авалодаць ня здолелі. У 1526 годзе скончылася будаваньне новага замка. У 1561 годзе места атрымала права на войтаўства.

28 студзеня 1577 году кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Магілёву поўнае Магдэбурскае права і першы герб. У вялікакняскай грамаце зазначалася[15]:

« А іж бы тое места неякою памножаньня аздоб сваіх ня мела, з тае ласкі нашае гаспадарскае надаем таму месту пячаць мескую. Вежу мураваную, высока выведзеную, каторую ўрат таго места. У судоў і іншых справах і патрэбах пячатаваці і таго герба ўжываці маець вечнымі часы. »
Thumb
Агульны выгляд места, 1765—1767 гг.

На 1577 год у Магілёве быў 1261 жылы дом (на 1588 год — 1500 жылых дамоў[16]). У Інфлянцкую вайну 27 чэрвеня 1581 году маскоўскія захопнікі цалкам зьнішчылі Задубравенскі пасад, спалілі 10 будынкаў у Пакроўскім пасадзе, але штурм Старога места і замка быў безвыніковым[16]. Пад 1588 годам упершыню ўпамінаецца тутэйшы рымска-каталіцкі касьцёл. Недзе ў 1590—1592 гадох у Магілёве адкрылася агульнадукацыйная брацкая школа, у якой вывучалі старабеларускую і лацінскую мовы. У 1594—1604 гадох ішло будаваньне першага мураванага будынка — Фарнага касьцёла. 13 сьнежня 1595 году казацкія загоны С. Налівайкі спалілі каля 40% забудовы Магілёва, у тым ліку некалькі цэркваў[16], і зьнішчылі значную колькасьць месьцічаў. Захавалася паведамленьне пра тыя падзеі:

Thumb
Алейная брама. Ю. Пешка, кан. XVIII ст.
« У рок 1595. Прыйшла ізноў на Магілёў навала ад Налівайкі. Невядома таксама, зь якіх прычынаў гэта сталася, ні з гультайства, ні з маскоўскага нацкоўваньня, бо ў гэты час міру з Масквою не было. Таму старэйшыя людзі часта ўспаміналі Налівайку; Мазепу і Лабаду. Відаць, нездарма не выходзіла гэта зь людзкой памяці, бо нарабіла гэтая саранча новазбудаванаму і заселенаму месту бед нязносных і крыві праліла нямала. Але пан Бог месьцічаў-пакутнікаў бласлаўляў і бласлаўляе. Гэты Налівайка Магілёў зрабаваў і цэрквы папаліў. »

Магілёўская хроніка

Thumb
Панарама места, 1879 г.

У 1601—1633 гадох завяршылася будаваньне разьвітай абарончай сыстэмы мескіх умацаваньняў з трох лініяў абароны. Першую лінію складаў замак — «Высокае места», другая лінія ўмацаваньняў — Кругавы (альбо Бліжні) вал — ахоплівала Старое места і мела чатыры брамы, трэцяя лінія абароны — Палявы (Дальні, Кругавы) вал — у розныя часы мела розныя памеры і колькасьць брамаў. На 1604 год тэрыторыя Магілёва падзялялася на 15 сотняў. У межах Старога места (Нагорскі пасад) знаходзіліся Астроская і Нагорская сотні, за імі ва ўсходнім кірунку разьмяшчалася Ледзькаўская сотня, на правабярэжжы Дняпра (Пакроўскі пасад) — Курдзенееўская, Перахрысьценская, Слабодзкая, Грыўлянская, Выганская і Бярозаўская сотні, за Дубравенкай (Задубравенскі пасад) — Папінская, Трысьненская, Каскоўская, Дабраслаўская сотні, за Дняпром (Задняпроўскі пасад) — Траецкая і Лупалаўская сотні.

У пачатку XVII ст. Магілёў стаў адным з найбольшых местаў Вялікага Княства Літоўскага (у 1604 годзе налічваў 2211 дамоў, 18 цэхаў[17]), меў права на правядзеньне штогод двух кірмашоў. У 1616 годзе пры Магілёўскім брацтве пачала працаваць друкарня, у якой у XVII—XVIIІ стагодзьдзях надрукавалі каля 40 кнігаў. Праз 2 гады адбылося Магілёўскае паўстаньне 1618 году супраць прымусовага ўвядзеньня царкоўнай уніі. У выніку ў 1632 годзе тут заснавалі адзіную ў той час на Беларусі праваслаўную япархію, якая не далучылася да Уніі[16]. У сярэдзіне XVII ст. умацаваньні Старога места налічвалі 4 брамы — Алейную, Ветраную, Каралеўскую і Дубравенскую; у Палявым вале, які атачаў Новае места, стаяла 8 драўляных брамаў — Курдзенеўская (Гваздоўка), Лядвееўская, Шклоўская дальняя, Віленская, Уструшненская, Трысьненская, Быхаўская, Папінская.

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Магілёва і ваколіцаў ліцьвінамі (літвой): «Литовка <…> Огафьица <…> полонена в Могилеве» (1602 год)[18], на могилевца на Ондрюшку Торуту… литвин Ондрюшка Торута (1625 год)[19], «Якимов Якушко… литвин… Могилевского повета» (1635 год)[20], «Федоров Алексей… литва, гайдук, могилевец» (1635 год)[21], «литвин города Могилева Илья Тимофеяв», «литвин горада Могилева Мосей Мосеев»[22] (абодва 1642 год), «у литовского торгового человека могилевца у Ондрея Печюкова… с тем ж литвином» (1646 год)[23], «литвин города Могилева Радион Ильин»[24], «литвин города Могилева Филон Федоров»[25], «литвин города Могилева Филип Евхремов»[26] (усе 1647 год), «Никитка Семенов… в роспросе сказался родом литвин[b] Могилевского уезда села Господова» (1649 год)[29], «на иноземце города Могилева на Федьке Иевлеве… ему, литвину» (1650 год)[30], «литвин мельничной мастер Марчко Иванов сын Ломакин литовского города Могилева» (1651 год)[31], «…а Ивашко Дробный сказался литвин, могилевец, посадский человек» (1654 год)[32], «…литвину могилевцу Саве Агееву <…> литвину могилевцу Марку Леонтьеву» (1675 год)[33], «…литвину могилевцу Захарью Алтуфьеву» (1676 год)[34]. У матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэту пад 1758 годам значыцца Minski de Sarius, Mohilow-Lithuan[us][35].

З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654 годзе магілёўцы здалі места маскоўскім захопнікам. Аднак 1 лютага 1661 году ў выніку народнага паўстаньня месьцічы зьнішчылі акупацыйную залогу[36]. За выяўленую ў час паўстаньня мужнасьць 9 чэрвеня 1661 году кароль і вялікі князь Ян Казімер ўраўнаваў у правах Магілёў зь Вільняй. Апроч таго, места атрымала новы герб «у блакітным полі тры срэбныя мескія вежы, у адчыненай сярэдняй браме — рыцар з узьнятым мячом, а над ім герб — Пагоня»[37]. У гэты час у Магілёве налічвалася каля 30 тысячаў дамоў, у тым ліку 10 тысячаў належалі жыдам; вуліцы былі брукаваныя дзікім камнем, існавала шмат гандлёвых радоў[38]. У 1681 годзе на Рынку ўзьвялі новую мураваную ратушу (першая была драўлянай і знаходзілася на вуліцы Ветранай). У XVIII ст. у месьце дзеяў шпіталь, які знаходзіўся каля Алейнай брамы.

У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) Магілёў сьпярша занялі расейскія, а потым швэдзкія войскі. 8 (19) ліпеня 1708 году, пабачыўшыя дагэтуль шмат пакутаў ад расейцаў, магілёўцы хлебам-сольлю сустракалі швэдаў і іх караля, урачыста ўехаўшага ў места празь Віленскую браму, а бурмістар Магілёва ўручыў манарху на чырвоным рушніку сымбалічны ключ ад места[39]. Аднак за гэта Магілёў заплаціў вельмі дорага: 8 верасьня 1708 году расейскія войскі на загад маскоўскага гаспадара Пятра I цалкам спалілі места[40]. На 1745 год у Магілёве быў 1301 будынак[16], працавалі некалькі цагельняў — «Антона Апоці», «паноў Батвіньнікаў», «Дарошкі з братам Сапрончыкаў». На тэрыторыі пасадаў знаходзіліся «ізба цэху шавецкага… цэх гарбарскі… дом цэхавы пякарскі… цэх шавецкі», непадалёку ад царквы Сьвятога Міколы — «цэх алейніцкі». Тут жылі злотнікі (ювэліры), алейнікі, дойліды, бондары, хлебнікі, багамазы (іканапісцы), шкляры, шаўцы і кавалі. На 1756 год дзеялі 9 цэркваў і 2 манастыры, 2 уніяцкія цэрквы (Дальняя Ўваскрасеньня Хрыстова і Покрыва Багародзіцы), 6 касьцёлаў і 3 кляштары (кармэлітаў, езуітаў і бэрнардынаў). На 1765 год у месьце налічвалася 1879 будынкаў.

Remove ads

Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Магілёў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам аднайменнай губэрні. 22 лістапада 1773 году тут разьмясьціўся цэнтар Беларускай рымска-каталіцкай дыяцэзіі, пры якой адкрыліся сэмінарыя і акадэмія. У 1780 годзе ў месьце адбылася сустрэча паміж імпэратрыцай расейскай Кацярынай II і імпэратарам аўстрыйскім Ёзэфам, у гонар чаго заклалі саборную царкву Сьвятога Ёсіфа. У 1781 годзе расейскія ўлады даравалі Магілёву новы герб, таксама з выявай Пагоні. У канцы ХVІІІ ст. у месьце было 22 вуліцы, 32 завулкі, 2000 будынкаў; працавалі 33 прадпрыемствы, у тым ліку 22 гарбарныя, 7 піваварных, 2 цагельні, 2 вадзяныя млыны, каля 240 крамаў, праводзілася 3 кірмашы на тыдзень.

Гісторык Вітаўт Кіпель зазначае, што ў пачатку XIX ст. у ЗША існаваў гурток «літоўскай шляхты» з Магілёва і зь Віцебшчыны. Гэта сьведчыць пра тое, што перасяленцы з анэксаванага Расейскай імпэрыяй ВКЛ акцэнтавалі ўвагу на тым, што яны ліцьвіны, што яны паходзяць зь Літвы, а ня Польшчы[41].

У 1809 годзе на базе расейскай народнай вучэльні (дзеяла з 1789 году) адкрылася Магілёўская гімназія. У ходзе вайны 1812 году места на пэўны час занялі францускія войскі. У 1838 годзе пачала выдавацца газэта «Могилевские губернские ведомости». У 1848—1856 гадох празь места прайшла шаша, у 1902 годзе — Пецярбурска-Адэская чыгунка. У 1867 годзе ў Магілёве заснавалі музэй, у 1888 годзе завяршылася будаваньне мескага тэатру. У 1879 годзе зьявіўся водаправод. У часе Ўсерасейскага перапісу 1897 году 12 847 магілёўцаў (або 29,79% ад усіх месьцічаў) назвалі роднай мовай беларускую, што было найвышэйшым паказьнікам сярод усіх местаў на этнічнай тэрыторыі беларусаў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў жніўні 1915 — лютым 1918 году ў Магілёве знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага[42], тут спыняўся маскоўскі гаспадар Мікалай II. 16 студзеня 1918 году бальшавікі правялі масавыя арышты дзеячоў польскай супольнасьці ў Магілёве; аднаго зь іх, ксяндза Эўгенюша Сьвятаполк-Мірскага, пазьней забілі[43]. У лютым 1918 году места занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Remove ads

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Магілёў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Яшчэ па Лютаўскай рэвалюцыі ў сакавіку 1917 году ўтварыўся Магілёўскі беларускі камітэт (Магілёўскі беларускі арганізацыйны камітэт, Магілёўская беларуская рада), які дзеяў да восені 1918 году. Адным з арганізатараў, а пазьней старшынём МБК быў Міхаіл Кахановіч. З ініцыятывы МБК 31 сакавіка 1918 году прайшоў агульнамескі сход (каля 400 дэлегатаў), які пастанавіў падтрымаць утварэньне БНР. У гэты час, апроч Беларускай рады, у месьце дзеяў рээвакуацыйны пункт для беларускіх уцекачоў[44]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Магілёў увайшоў у склад Беларускай ССР[45], аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Магілёў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам акругі і раёну (з 1938 году цэнтар Магілёўскай вобласьці).

У Другую сусьветную вайну ў ліпені 1941 году Магілёў занялі войскі Трэцяга Райху. Акупанты стварылі Лупалаўскі лягер сьмерці, гета ў раёне Дубравенкі, перасыльны лягер для ваеннапалонных. Загінула 70 тысячаў чалавек. У Магілёве дзеяла падпольле. У ноч з 27 на 28 траўня 1943 году места бамбавала савецкая авіяцыя. У час бамбаваньня загінула ня толькі каля 4 тысячаў нямецкіх салдатаў, але і шмат цывільнага насельніцтва: магілёўцы гінулі цэлымі сем’ямі, большасьць зь іх хавалі ў братэрскіх магілах. 123 сям’і з тых хто выжыў, але найбольш пацярпеў, атрымаў кампэнсацыю ад нямецкіх уладаў у выглядзе прадуктаў, тканіны і іншых рэчаў. У час гэтага бамбаваньня было таксама зьнішчана шмат помнікаў сакральнай і грамадзянскай архітэктуры, асабліва ў гістарычным цэнтры[46]. У чэрвені 1944 году места занялі савецкія войскі 2-га Беларускага фронту ў час Магілёўскай апэрацыі.

У паваенны час Магілёў часткова адбудавалі. У 1946 годзе тут адкрыўся першы аўтобусны маршрут, у 1970 годзе адбыўся пуск тралейбуса.

У 2005 годзе гістарычны герб Магілёва атрымаў афіцыйны статус, хаця ён шырока выкарыстоўваўся ўжо з пачатку 1990-х гадоў. 25 — 31 сакавіка 2018 году ў месьце прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прысьвечаных сьвяткаваньню 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, у тым ліку экскурсія мясьцінамі, зьвязанымі з БНР і канцэрт з удзелам мясцовага гурту Lis, а таксама Юрася Несьцярэнкі і Андруся Такінданга[47]. Раней жыхары Магілёва падавалі заяўку на інфармацыйны пікет у цэнтры места, аднак улады прапанавалі перанесьці яго на стадыён (вуліца Чалюскінцаў), удалечыні ад людных вуліцаў, таму арганізатары ня сталі яго праводзіць[48]. 16 жніўня 2020 году ў Магілёве прайшоў Марш за свабоду[49].

Remove ads

Галерэя

Акварэлі канца XVIII стагодзьдзя

Гістарычная графіка

Гістарычныя здымкі

Remove ads

Заўвагі

  1. Будынак царквы ёсьць на нямецкіх здымках сьнежня 1943 году, але яго ўжо няма на здымках вясны 1944 году. Відаць, у канцы зімы — пачатку вясны 1944 году царкву зьнішчыла савецкая авіяцыя ў выніку авіяналёту
  2. Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «сіи Андрѣи бяше родомъ Литвинъ, сынъ Ерденевъ, Литовскаго князя»[27] (Траецкі летапіс пад 1289 годам); «литвин родом» (жывот Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагодзьдзя[28]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads