Транснафта
трубаправоднае прадпрыемства Расеі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Транснафта» — дзяржаўнае трубаправоднае прадпрыемства Расеі, заснаванае ў жніўні 1993 году.
На 2025 год улучала 17 даччыных прадпрыемстваў, у тым ліку «Транснафтапрадукт»[7] і 12 прадпрыемстваў магістральных нафтаправодаў. «Транснафта» мела звыш 67 тыс. км такіх нафтаправодаў. Налічвала звыш 125 тыс. супрацоўнікаў ва ўсіх 8 фэдэральных акругах Расеі. У сетцы трубаправодаў працавала звыш 500 нафтаперапамповачных станцыяў (НПС), якія месьціліся на адлегласьці 70—150 км адна ад адной у залежнасьці ад рэльефу. Сярэдняя хуткасьць руху сыравіны ў магістральным трубаправодзе складала 10—12 км/гадзіна пад узьдзеяньнем розьніцы ціску, а сярэдняя адлегласьць пастаўкі — 3000 км. У рэзэрвуарах магло адначасна захоўвацца звыш 24 млн кубамэтраў нафты і нафтапрадуктаў. Большасьць трубаправодаў мела прамер ад 53-х да 122 см[8].
Remove ads
Будова
На 2025 год «Транснафта» мела 52 даччыныя прадпрыемствы ў Расеі і «Транснафтапрадукт-Захад» у Беларусі[4]. Найбольшымі зь іх былі 13 прадпрыемстваў транспартаваньня нафты і нафтапрадуктаў:
- «Транснафта — Балтыка» (Санкт-Пецярбург);
- «Транснафта — Верхняя Волга» (Ніжні Ноўгарад);
- «Транснафта — Усход» (Брацк, Іркуцкая вобласьць);
- «Транснафта — Далёкі Ўсход» (Хабараўск);
- «Транснафта — Дружба» (Бранск);
- «Транснафта — Прыволга» (Самара);
- «Транснафта — Прыкам'е» (Казань, Татарстан);
- «Транснафта — Сібір» (Цюмень);
- «Транснафта — Поўнач» (Ухта, Комі);
- «Транснафта — Заходняя Сібір» (Омск);
- «Транснафтапрадукт» (Масква, Вішнякоўскі зав., д. 2);
- «Транснафта — Урал» (Уфа, Башкартастан);
- «Чарнамортранснафта» (Новарасейск, Краснадарскі край)[9].
Дапаможнай дзейнасьцю займаліся 26 даччыных прадпрыемстваў:
- «Транснафта — Падводсэрвіс» (Ніжні Ноўгарад) — рамонт падводных пераходаў;
- «Дзіпратрубаправод» (Масква, вул. Вавілава, д. 24) — распрацоўка праектна-каштарыснай дакумэнтацыі;
- «Транснафта — Дыяскан» (Лухавіцы, Маскоўская вобласьць) — дыягностыка магістральных нафтаправодаў;
- «Транснафта — Тэрмінал» (Новарасейск) — грузаперавозкі;
- «НДІ Транснафта» (Масква, Севастопальскі прасп., д. 47а) — навуковыя дасьледаваньні;
- «Транснафта — Сынтэз» (Ялабуга, Татарстан) — вытворчасьць супрацьтурбулентных прысадак;
- «Транснафта — Порт Прыморск» (Ленінградзкая вобласьць) — перавалка нафты;
- «Транснафта — Порт Козьміна» (Находка, Прыморскі край) — перавалка нафты;
- «Рэд» (Чалябінск) — вытворчасьць рухавікоў, генэратараў і трансфарматараў;
- «Сувязьтранснафта» (Масква, вул. Намёткіна, д. 12) — сувязь на магістральных нафтаправодах;
- «Транснафта-Лягістыка» (Чалябінск, Бранск, Самара і Масква) — чыгуначныя, аўтамабільныя і водныя грузаперавозкі, складаваньне і шматмадальныя перавозкі, страхаваньне грузаў;
- «Транснафтаэнэрга» (на галаўной сядзібе) — разьмеркаваньне электраэнэргіі;
- «ТранснафтаЭлектрасеткаСэрвіс» (Самара) — перадача электраэнэргіі;
- «Транснафта — Сэрвіс» (Новарасейск) — буксірныя і лоцманскія паслугі;
- Недзяржаўны пэнсійны фонд «Транснафта» (Масква, вул. Шчыпок, д. 5);
- «Транснафта — Мэдыя» (на галаўной сядзібе) — выдавецтва;
- «Транснафта Фінанс» (на галаўной сядзібе) — падатковы і бухгальтарскі ўлік;
- «Транснафта Інвэст» (Масква, прасп. Вярнадзкага, д. 8а) — давернае кіраваньне;
- «Транснафта Нагляд» (Масква, вул. Вялікая Палянка, д. 57) — будаўнічы нагляд;
- «Транснафта — Трубаправодная будаўнічая дырэкцыя» (Самара) — будаўніцтва;
- «Транснафта — Аўтаматызацыя і мэтралёгія» (на галаўной сядзібе) — замеры;
- «Транснафта Тэлекам» (Масква, вул. Намёткіна, д. 12) — электрасувязь;
- «Томскі завод электрапрывадаў» — дакладнае машынабудаваньне;
- «Транснафта Нафтавыя помпы» (Чалябінск) — вытворчасьць помпаў для магістральных трубаправодаў;
- «Транснафта — Тэхналёгіі» (Масква, 3-я Пясчаная вул., д. 2а) — інфармацыйнае забесьпячэньне;
- «Транснафта — Кансалтынг» (Масква, 3-я Пясчаная вул., д. 2а) — супраца з вытворцамі апраграмаваньня[9].
Даччыны «Новарасейскі марскі гандлёвы порт» аказваў паслугі перавалкі нафты і нафтапрадуктаў, агульных і навалачных грузаў, кантэйнэраў у Новарасейскім порце на Чорным моры, а таксама меў 8 даччыных прадпрыемстваў, у тым ліку 3 на Балтыйскім моры.
- «ІПП» (Новарасейск) — перавалка нафтапрадуктаў, вадкіх угнаеньняў і алею;
- «Новарасейскі мазутны тэрмінал» — перавалка нафтапрадуктаў;
- «Прыморскі гандлёвы порт» (Выбарскі раён) — перавалка нафты і нафтапрадуктаў;
- «Новарослесэкспарт» (Новарасейск) — перавалка кантэйнэраў, чорных і каляровых мэталаў, агульных, хуткапсавальных і негабарытных грузаў, а таксама грузаў у вялікіх сумках і апрацоўка колавых грузаў;
- «Новарасейскі суднарамонтны завод» — рамонт караблёў, перавалка агульных, хуткапсавальных, колавых і насыпных грузаў у буйных сумках;
- «Балтыйская стывідорная кампанія» (Балтыйск, Калініградзкая вобласьць) — перавалка кантэйнэраў і агульных грузаў.
- «Флёт Новарасейскага марскага гандлёвага порта» — швартоўка ў порце і бункероўка палівам
- «СаюзФлёт Порт» (Прыморск) — пажаратушэньне[9].
Remove ads
Мінуўшчына
14 лістапада 1991 году Дзяржаўны Савет СССР ўхваліў Пастанову № 13 «Аб скасаваньні міністэрстваў і іншых цэнтральных органаў дзяржаўнага кіраваньня СССР». Паводле Пастановы, ад 1 сьнежня 1991 году спыніла дзейнасьць Міністэрства нафтавай прамысловасьці СССР, у тым ліку яе Галоўная вытворчая ўправа транспартаваньня і паставак нафты (Галоўтранснафта)[10]. Пасьля гэтага 16 нафтаправодных прадпрыемстваў Расеі заснавалі кампанію (аб'яднаньне) транспарту нафты «Транснафта» з кіраўніцтвам на аснове былога апарату Галоўтранснафты. У выніку спалучылі большасьць з 48 тыс. км магістральных нафтаправодаў, 404 помпавых станцыяў і нафтасховішчаў зьмячальнасьцю 13,2 млн кубамэтраў у Расеі. Самастойна цягам году існавала толькі прадпрыемства «Сібнафтаправод» на аснове вытворчай управы магістральных нафтаправодаў Заходняй і Паўночна-Заходняй Сібіры[11].
17 лістапада 1992 году прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын падпісаў Указ № 1403 «Аб асаблівасьцях прыватызацыі і пераўтварэньня ў акцыйныя таварыствы дзяржаўных прадпрыемстваў, вытворчых і навукова-вытворчых аб'яднаньняў нафтавай, нафтаперапрацоўчай прамысловасьці і нафтапрадуктазабесьпячэньня». Паводле 4-га пункту Ўказу № 1403, Ураду Расеі паводле сумеснага прадстаўленьня Дзяржаўнага камітэту кіраваньня дзяржаўнай маёмасьцю Расеі, Міністэрства паліва і энэргетыкі Расеі і Дзяржаўнага камітэту антыманапольнай палітыкі і падтрымкі новых эканамічных структураў Расеі даручалася зацьвердзіць устаноўчы дакумэнт акцыйнага таварыства «Транснафта», унесьці ў яго статутны капітал 51 % паёў АТ, створаных пры пераўтварэньні прадпрыемстваў і аб'яднаньняў транспартаваньня нафты, з захаваньнем іх паёў у фэдэральнай уласнасьці бяз права перадачы ў кіраваньне трэцім асобам. Згодна зь 7-м пунктам Указу склад кіроўных органаў АТ «Транснафта» зацьвярджаўся Ўрадам Расеі[12]. Да Ўказу прыкладаўся Дадатак № 3 «Пералік прадпрыемстваў, вытворчых і навукова-вытворчых аб'яднаньняў транспарту нафты і нафтапрадуктаў, якія пераўтвараюцца ў АТ, паі якіх уносяцца ў статутны капітал прадпрыемстваў "Транснафта" і "Транснафтапрадукт"». У Дадатку № 3 згадвалася 20 установаў у падпарадкаваньні «Транснафты»:
- 11 вытворчых аб'яднаньняў магістральных нафтаправодаў — ураласібірскіх (Уфа), прыволскіх (Самара), трансьсібірскіх (Омск; у тым ліку дзяржаўнае прадпрыемства «Сібірскі падводнік»), паўночна-заходніх (Бугульма), верхняволскіх (Ніжні Ноўгарад), Заходняй і Паўночна-Заходняй Сібіры (Цюмень; у тым ліку 7 управаў у Цюменскай вобласьці — Сургуцкая, Табольская, Цюменская, Ніжнявартаўская, Ішымская, Нафтаюганская і Ўрайская), Цэнтральнай Сібіры (Томск), паўночных (Ухта), «Дружба» (Бранск), Паўночна-Каўкаскіх (Грозны), чарнаморскіх (Новарасейск);
- Астраханская раённая нафтаправодная ўправа (Кігач);
- прадпрыемства будаўніцтва трубаправодаў «Буднафта» (Самара);
- 2 управы дыягностыкі адновы падводных трубаправодаў — Спэцыялізаванае (Нафтаюганск, Ханты-Мансійская аўтаномная акруга — Югра) і Волга-Камскае спэцыялізаванае (горад Котава, Валгаградзкая вобласьць);
- Цэнтар тэхнічнай дыягностыкі магістральных трубаправодаў (Лухавіцы, Маскоўская вобласьць);
- Вытворчае аб'яднаньне сувязі (Масква), у тым ліку 2 будаўніча-мантажныя ўправы — Куйбышаўская (Самара) і Любярэцкая (Люберцы, Маскоўская вобласьць).
- Дзяржаўны інстытут праектаваньня магістральных трубаправодаў (Масква);
- Інстытут праблемаў транспарту і энэргарэсурсаў (Уфа);
- прадпрыемства работніцкага забесьпячэньня «Сібгандальнафтаправод» (Анціпіна, Ленінскі раён Цюмені)[13].
14 жніўня 1993 году Ўрад Расеі ўхваліў Пастанову № 810 «Аб заснаваньні АТ транспарту нафты "Транснафта"», якая паводле 2-га пункту стала правапераемніцай ранейшага аб'яднаньня «Транснафта». Згодна з 3-м пунктам Пастановы 1-м старшынёй прадпрыемства стаў Валер Чарняеў, які дагэтуль быў намесьнікам старшыні «Раснафтагазу». У 7-м пункце Дзяржаўнаму камітэту кіраваньня дзяржаўнай маёмасьцю Расеі і ўраду Масквы даручалася замацаваць за «Транснафтай» памяшканьні ў Маскве на Сафійскай набярэжнай, дом 26/1 і дом 30, корпус 1 (раён Якіманка, Цэнтральная адміністрацыйная акруга)[14]. 26 жніўня 1993 году Маскоўская рэгістрацыйная палата выдала пасьведчаньне № 026.800 для ААТ «Транснафта»[15]. На час стварэньня «Транснафта» мела 49,6 тыс. км магістральных трубаправодаў[8].
Увесну 2000 году запусьцілі 312-кілямэтровы нафтаправод вакол Чачні для прапампоўкі азэрбайджанскай нафты па маршруце «Баку — Ціхарэцк — Новарасейск» (Краснадарскі край). Адначасна да гэтага магістральнага нафтаправода праклалі нафтаправод ад нафтабазы ў Махачкале (Дагестан). У выніку зьявілася магчымасьць прымаць прымаць танкеры з Казахстану і Туркмэністану на Касьпійскім моры, каб далей пераправіць нафту ў Новарасейскі порт на Чорным моры. Улетку 2001 году скончылі будоўлю 259-кілямэтровага нафтаправода «Сухадольная — Радзівонаўская» ў Растоўскай вобласьці. Гэта дазволіла накіраваць расейскую нафту ў Новарасейск без ранейшай прапампоўкі праз Украіну. У 2001 годзе стварылі «Балтыйскую трубаправодную сыстэму» («БТС»). Гэта дазволіла пастаўляць праз Прыморск (Ленінградзкая вобласьць) на Балтыйскім моры расейскую нафту зь Цімана-Пячорскай нафтагазаноснай правінцыі, Заходняй Сібіры і Урала-Паволжа без ранейшага выкарыстаньня замежных нафтавых тэрміналаў у Віндаве (Латвія) і Буцінзе (Клайпедзкі порт Летувы). Магутнасьць першай чаргі «БТС» склала 12 млн т за год. Улетку магутнасьць «БТС» павялічылі ў 1,5 разы да 18 млн т за год, а да канца 2003 году яе давялі да 30 млн т за год. Да пачатку 2005 году прапускная здольнасьць «БТС» дасягнула 50 млн т за год, а пры канцы 2006 году праз БТС маглі адгружаць 74 млн т нафты за год. У 2005 годзе нарасьцілі нафтаздабычу на поўначы Цімана-Пячорскай нафтагазаноснай правінцыі. Таму для павелічэньня прапускной здольнасьці магістральнага нафтаправода «Ўса — Ухта» (Рэспубліка Комі) да 23 млн т за год пабудавалі 2 нафтаперапамповачныя станцыі (НПС) «Таёжная» і «Пячора», а таксама пункт падагрэву нафты на НПС «Чыкшына». Перабудавалі і галаўную НПС «Уса». Адначасна пашырылі прапускную здольнасьць трасьсібірскіх магістральных нафтаправодаў[11].
8—10 студзеня 2007 году «Транснафта» перакрывала пастаўку праз нафтаправод «Гомельтранснафты Дружба» ў ходзе беларуска-расейскага энэргетычнага канфлікту[16]. 13 красавіка 2007 году расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін падпісаў Указ № 473 аб ААТ «Акцыйная кампанія транспарту нафты „Транснафта“», якім далучыў да яе «Транснафтапрадукт» з усталяваньнем долі ўраду Расеі ў статутным капітале «Транснафты» ў памеры 75 %[17]. Увесну 2006 году пачалі зварку трубаў у Тайшэцкім раёне (Іркуцкая вобласьць) для першай чаргі трубаправоднай сыстэмы «Усходняя Сібір — Ціхі акіян». У сьнежні 2009 году трубаправодную сыстэму запусьцілі, што дазволіла выйсьці на рынкі Азіі праз нафтаналіўны порт у затоцы Находка. Ад студзеня 2010 году да сьнежня 2012 году збудавалі 2-ю чаргу ТС «Усходняя Сібір — Ціхі акіян» працягласьцю 2045 км, якая прайшла па землях Амурскай і Габрэйскай аўтаномнай вобласьцяў, Хабараўскага і Прыморскага краёў[11].
У чэрвені 2009 году пачалі ўзводзіць 2-ю чаргу «БТС», а ў сакавіку 2012 году запусьцілі нафтаналіўны комплекс у Вусьць-Лузе (Ленінградзкая вобласьць). У канцы 2011 году ўвялі ў дзеяньне нафтаправод «Пурпе — Саматлор» (Ханты-Мансійская аўтаномная акруга) працягласьцю 429 км і магутнасьцю 25 млн т за год. Гэта дазволіла пастаўляць нафту з Ванкорскага нафтагазаноснага радовішча і зьвязала заходнюю частку сеткі нафтаправодаў Расеі з усходняй. У 2012 годзе началі будоўлю магістральнага нафтаправода «Куюмба — Тайшэт», які ў асноўным прайшоў па землях Краснаярскага краю. У 2016 годзе скончылі ўзьвядзеньне таго нафтаправода магутнасьцю 8,6 млн т за год, які ўлучаў нафтаперапамповачныя станцыі і рэзэрвуары. У 2017 годзе ўвялі ў дзеяньне нафтаправод «Запаляр'е — Пурпе» (Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга) працягласьцю 485 км і магутнасьцю да 45 млн т за год[11].
26 сьнежня 2015 году Ўрад Расеі ўхваліў Распараджэньне № 2723, якім перадаў «Транснафце» 1472 зямельня дзялянкі ў Татарстане і 10 — у Ніжагародзкай вобласьці[18]. 18 лютага 2017 году расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін падпісаў Указ № 71 «Аб разьвіцьці публічнага акцыйнага таварыства "Транснафта"», якім перадаў ёй 24-адсоткавую долю Ўраду Расеі ў «Касьпійскім трубаправодным кансорцыюме» («КТК», Паўднёвая адміністрацыйная акруга Масквы) праз уласнасьць на «Кампанію КТК» і «Інвэстыцыйную кампанію КТК» на Кайманавых астравах[19].
У 2016 годзе магістральныя трубаправоды «Яраслаўль — Кірышы — 2» і «Кірышы — Прыморск» перавялі на прапампоўку дызэльнага паліва, для чаго пабудавалі перапамповачныя станцыі, што павялічыла яго прапампоўку да 15 млн т за год. У 2018 годзе магістральны нафтаправод «Горкі — Яраслаўль» таксама перавялі на дызэльнае паліва, пабудавалі новыя нафтапрадуктаправоды і перапамповачныя станцыі, што павялічыла прапампоўку дызэльнага паліва ў бок Прыморска зь 15 да 25 млн т за год. У 2017 годзе прапускную здольнасьць трубаправода «Ціхарэцк — Новарасейск» павялічылі да 6 млн т за год. Для гэтага злучылі лупінгі з будаўніцтвам 990 км лінейнай часткі трубаправода і пабудавалі новыя перапамповачныя станцыі і рэзэрвуары агульнай ёмістасьцю 70 тыс. кубамэтраў. Затым пабудавалі магістральны нафтапрадуктаправод «Валгаград — Ціхарэцк» магутнасьцю 6 млн т за год і працягласьцю 495 км. Пры гэтым пабудавалі рэзэрвуары на 80 тыс. кубамэтраў, зьліўную чыгуначную эстакаду і перапамповачныя станцыі. У выніку ў 2017 годзе забясьпечылі магчымасьць пастаўкі дызэльнага паліва з заводу «Лукойл-Валгаграднафтаперапрацоўка» ў Новарасейск. У 2018 годзе дабудавалі зьліўную чыгуначную эстакаду на галаўной перапамповачнай станцыі «Цінгута» (Валгаградзкая вобласьць), што дазволіла прымаць у трубаправод да 2-х млн т нафтапрадуктаў за год у кірунку Новарасейску[11].
У 2019 годзе ТС «Усходняя Сібір — Ціхі акіян» вывелі на магутнасьць 80 млн т за год на дзялянцы ад галаўной перапамповачнай станцыі «Тайшэт» да перапамповачнай станцыі «Скаварадзіно» (Амурская вобласьць). На дзялянцы ад «Скаварадзіна» да порта Козьміна (Прыморскі край) трубаправод вывелі на магутнасьць 50 млн т за год[11]. 19 красавіка 2019 году «Гомельтранснафта Дружба» выявіла прапампоўку забруджанай нафты «Транснафтай», якую тая спыніла празь 5 дзён. У выніку выцясьненьне забруджанай нафты з нафтаправода «Дружба» ў Беларусі патрабавала 2 месяцы, а ў Расеі — 8 месяцаў. Таму нафтаправод цягам году меў працаваць напаўсілы[20]. З гэтай прычыны ў некаторых краінах Эўразьвязу спынілі закупку расейскай нафты. Сьледчы камітэт Расеі выявіў, што нафту наўмысна забрудзілі на ўчастку «Самара — Унеча» (Бранская вобласьць), каб скрыць яе крадзеж. 4 траўня 2019 году «Раснафта», як і іншыя пастаўнікі і спажыўцы, запатрабавала пакрыцьця стратаў на сотні мільёнаў даляраў, а таксама стварэньня спосабу прадухіленьня паўтору забруджваньня[21].
9 жніўня 2022 году «Транснафта» спыніла пастаўку расейскай нафты праз Украіну ў бок Славаччыны, Чэхіі і Вугоршчыны па паўднёвай галінцы нафтаправоду «Дружба». Прычынай стала немагчымасьць поўнай перадаплаты ад «Транснафты» за прапампоўку «Укртранснафтай» у сувязі з санкцыямі Эўразьвязу, уведзенымі за расейскае ўварваньне ва Ўкраіну[22].
Кіраўнікі

Старшыні Ўправы:
- Валер Чарняеў (14 жніўня 1993 — чэрвень 1998)
- Сямён Вайншток (верасень 1999 — 11 верасьня 2007)
- Мікалай Токараў (ад 12 кастрычніка 2007 году)
Старшыні Рады кіраўнікоў:
- Віктар Хрысьценка (2002—2008)
- Сяргей Шматко (2008—2011)
- Матыяс Варніг (17 ліпеня 2012 — 31 жніўня 2015)
- Аляксандар Новак (ад 31 жніўня 2015 году)
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads