Грэск
вёска ў Грэскім сельсавеце Слуцкага раёну Менскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Грэск[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Саве. Цэнтар сельсавету Слуцкага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 1694 чалавекі. Знаходзіцца за 18 км на поўнач ад места Слуцку, за 20 км ад чыгуначнай станцыі Слуцак, за 90 км ад Менску.
Грэск — даўняе мястэчка гістарычнай Случчыны (частка Наваградчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.
Remove ads
Назва
У аснове тапоніму Грэск ляжыць тое ж слова, што і ў аснове гідроніму Арэса. Таксама існуе меркаваньне, што назва паселішча ёсьць адным зь сьлядоў Грэнскае культуры на Беларусі[2].
На другім выданьні мапы Вялікага Княства Літоўскага (Амстэрдам, 1613 год) можна пабачыць напісаньне Hresko[3].
Гісторыя
Раньнія часы
На месцы Грэску ў VI ст. да н. э. — VII ст. н. э. існавала ўмацаванае валамі і равамі гарадзішча пэрыяду раньняга жалезнага веку[4]. Цяпер яно знаходзіцца ў цэнтры мястэчка, на правым беразе ракі Савы, ува ўрочышчы Замку. Мае статус гістарычна-культурнай каштоўнасьці[5]. У часе архэалягічных раскопак тут знайшлі пласты, у якіх былі прадметы розных эпох: жалезнага веку, старажытнай Русі, а таксама XIV—XVII стагодзьдзяў. У кар’еры Гайку каля Грэску выявілі скамянелыя рэшткі жывых арганізмаў, век якіх большы за 400 мільёнаў гадоў, што стала абгрунтаваньнем сьцьверджаньняў, што раней на Случчыне было мора[6]. Шэраг навукоўцаў лічыць, што менавіта каля Грэску сканчалася г. зв. мора Герадота[7].
Вялікае Княства Літоўскае

Першы пісьмовы ўпамін пра Грэск датуецца 1409 годам[8] (паводле іншых зьвестак — 1480 годам[9]). У гэты час тут існаваў драўляны замак, быў гасьціны дом[10]. У 1536 годзе мястэчка знаходзілася ў валоданьні каралевы і вялікай княгіні Боны Сфорцы і было цэнтрам войтаўства ў складзе Троцкага ваяводзтва.
4 жніўня 1570 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст выдаў прывілей на правядзеньне ў Грэску штотыднёвага кірмашу. У дакумэнце вызначалася, што ўсе мыты маюць ісьці ў дзяржаўны скарб. У 1558 годзе мястэчка знаходзілася ў валоданьні Марціна Валадковіча[11], паміж якім і князямі слуцкімі Юрыем і Сямёнам Алелькавічамі вяліся спрэчкі з нагоды захопу апошнмі зямлі ў валоданьнях М. Валадковіча. У 1590 годзе Грэск стаў часткаю Слуцкага княства. У гэты час тут было 68 двароў, існавалі царква, млын і карчма. 3 ліпеня 1593 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза перадаў Грэск у леннае валоданьне князю Мікалаю Радзівілу «Сіротку».
У 1600 годзе па ўзяцьці шлюбу Янушам Радзівілам з адзінай спадкаеміцай роду Алелькавічаў князёўнай Соф’яй Алелькавічаўнай Слуцкай Грэск перайшоў у валоданьне Радзівілаў. На 1654 год у мястэчку было 5 двароў, Рынак і 6 вуліц. У 1677 годзе князь Міхал Казімер Радзівіл перадаў маёнтак у закладнае карыстаньне Юрыю Багуславу Отэнгаўзу[12].
У XVIII ст. Грэск знаходзіўся ў складзе Клецкай ардынацыі Радзівілаў. На 1721 год у мястэчку было 69 двароў. У 1765 годзе Юзэф Мікалай Радзівіл перадаў Грэск у закладнае валоданьне графу Антонію Тадэвушу Пшазьдзецкаму[13]. На 1771 год тут было 88 двароў[9].
Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Грэск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці ў Слуцкім павеце Менскае губэрні. У 1800 годзе расейскія ўлады гвалтоўна адабралі тутэйшую царкву ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Маскоўскаму патрыярхату[14].
На 1818 год у Грэск было 93 двары, 6 вуліцаў, штогод праводзіўся кірмаш, на 1832 год — 105 двароў, на 1860 год — 138. У 1870 годзе з мэтай маскалізацыі краю расейскія ўлады адкрылі ў мястэчку народную вучэльню. У 1874 годзе Грэск далучылі да Нясьвіскай ардынацыі згодна з дамоўленасьцю паміж ардынатам клецкім князем Лявонам Радзівілам і ардынатам нясьвіскім князем Антоніем Вільгельмам Радзівілам[15], за што князь Л. Радзівіл атрымаў пажыцьцёвую рэнту ў 30 000 рублёў, а таксама захаваў свае правы на паляваньне ў Грэскай пушчы[16]. У 1876—1881 гадох А. В. Радзівіл збудаваў новы будынак Грэскага лясьніцтва, паляўнічы дом, скляпы і іншыя будынкі[17]. На 1885 год у мястэчку было 122 двары, існавалі школа, царква, 3 ветракі, штогод праводзіўся кірмаш.
У канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў у Грэску дзеяла невялікая сынагога[18]. У пачатку XX ст. у народнай вучэльні навучаліся 109 хлопцаў і 2 дзяўчыны. На 1909 год у мястэчку было 273 двары.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў Грэску знаходзіўся лекарска-назіральны пункт, дзе даглядаліся расейскія салдаты, хворыя на ўскладнёнае запаленьне лёгкіх і плямісты тыфус цяжкага стану[19]. На 1917 год у мястэчку было 365 двароў. У лютым 1918 году Грэск занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Грэск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[20]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Грэск увайшоў у склад Беларускай ССР. У жніўні 1919 — ліпені 1920 году, кастрычніку 1920 — лістападзе 1920 году мястэчка займалі польскія войскі. У гэты час Грэск быў цэнтрам гміны, якая 15 верасьня 1919 году разам з Слуцкім паветам увайшла ў склад г. зв. Менскае акругі Грамадзянскага Кіраўніцтва Ўсходніх Земляў міжваеннай Польскай Рэспублікі.
У лістападзе 1920 — сьнежні 1920 году Грэск быў адным з цэнтраў Слуцкага збройнага чыну[21]. З жыхароў Грэскае воласьці ўтварыўся аддзел лікам 150 жаўнераў, пад камандаю афіцэра войска былое Расейскае імпэрыі Міколы Віткі[22].
Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Грэск застаўся ў складзе БССР. У гэты час у мястэчку адкрылася пачатковая школа. У 1922 годзе яна пераўтварылася ў сямігадовую. 17 ліпеня 1924 году ў выніку новага адміністрацыйна-терытарыяльнага падзелу Грэск стаў цэнтрам утворанага раёну ў складзе Слуцкай акругі[23]. На 1926 год у мястэчку было 422 двары. У чэрвені 1927 году па ліквідацыі Слуцкай акругі Грэскі раён увайшоў у склад Менскае акругі.

У 1929 годзе савецкія ўлады стварылі ў Грэску калгас «Гігант». У 1930 годзе ўтварылася арцель нарыхтоўкі вапны. У ліпені 1930 году Грэскі раён увайшоў у склад Слуцкай пагранічнай акругі. Да 1932 году ў мястэчку працавала жыдоўская школа. У 1933 годзе савецкія ўлады зруйнавалі царкву Раства Багародзіцы[24]. Сьвятара Ўладзімера Лялеўскага, які служыў тут з 1917 году[25] — арыштавалі 14 сакавіка таго ж году з абвінавачаньнем у прыналежнасьці да контрарэвалюцыйнай царкоўна-паўстанскай арганізацыі, якую быццам ачольваў япіскап слуцкі Мікалай (Шамяціла) і прысудзілі да высылкі на поўнач тэрмінам на 5 гадоў, па чым ягоны лёс стаў невядомым[26]. У 1935 годзе ўтварылася машынна-трактарная станцыя, якая ў 1936 годзе абслугоўвала 21 калгас. У 1937—1939 гадох у мястэчку друкавалася газэта Грэскага РК КП(б) Беларусі і райсавету «Сталінец»[27], выданьне якой узнавілі ў 1946 годзе пад назваю «За камунізм», і спынілі ў 1956 годзе[28]. 15 студзеня 1938 году згодна з новым адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам Грэскі раён увайшоў у склад утворанай Менскай вобласьці.
У Другую сусьветную вайну 27 чэрвеня 1941 году Грэск акупавалі войскі Трэцяга Райху. У жніўні таго ж году нацысты зьнішчылі тутэйшую жыдоўскую грамаду[29]. У студзені 1942 году архімандрыт Жыровіцкага манастыра Серафім (Раман Шахмуць) і сьвятар Уладзімер Кударэнка адкрылі ў Грэску царкву[30]. У сакавіку 1944 году ў мястэчку сфармаваўся 11-ты пяхотны батальён Беларускай краёвай абароны, у складзе якога было 14 афіцэраў, 27 падафіцэраў і 474 жаўнеры (агульны лік — 515 вайскоўцаў)[31]. 1 ліпеня 1944 году савецкія войскі авалодалі Грэскам у ходзе Менскае апэрацыі[32].
20 верасьня 1944 году Грэск увайшоў у склад утворанай Бабруйскай вобласьці. 8 студзеня 1954 году ў час працэсу ўзбуйненьня абласьцёў Бабруйскую вобласьці ліквідавалі, мястэчка ўвайшло ў склад Менскае вобласьці. У 1956 годзе тэрыторыю Грэскага раёну падзялілі паміж Слуцкім, Капыльскім, Узьдзенскім і Пухавіцкім раёнамі. У 1961 годзе да мястэчка далучылі вёску Някрасаўку.
На 1971 год у Грэску было 617 двароў, на 1992 год — 838, на 1997 год — 822, на 1 студзеня 1998 году — 819. У 1998 годзе ў будынку колішняга кінатэатру пачаў дзеяць прыход царквы Раства Багародзіцы[33]. У 2005 годзе да Грэску правялі газавую сетку, збудавалі вулічны разьмеркавальны газацяг[34]. У 2009 годзе вёска атрымала афіцыйны статус «аграгарадку»[35].
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XIX стагодзьдзе: 1860 год — 888 чал.; 1885 год — 1068 чал.; 1897 год — 1604 чал., зь іх 207 юдэяў
- XX стагодзьдзе: 1909 год — 1519 чал.[36]; 1926 год — 1796 чал.; 1939 год — 139 жыдоў[37]; 1971 год — 2192 чал.; 1992 год — 2291 чал.[38]; 1997 год — 2309 чал.[39]; 1 студзеня 1998 году — 2197 чал.; 1999 год — 2125 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2010 год — 1694 чал.
Рэлігія
Дзеюць рэлігійныя супольнасьці:
- Прыход Царквы Раства Багародзіцы Беларускага экзархату (вул. Школьная, 1). Пробашч — Айцец Аляксандар Корань.[40]
- Рэлігійная суполка Царквы Хрысьціянаў Веры Эвангельскае «Ласка» (вул. Працоўная, 28). Пастыр — Сяргей Жыркоў.[41].
- Рэлігійная суполка «Царква эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў» (вул. Агародная, 20)[42].
Адукацыя
У Грэску працуюць сярэдняя школа, дзіцячая школа мастацтваў[43], дашкольная ўстанова.
Мэдыцына
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе вясковая лякарня[44], часткамі якое зьяўляюцца фэльчарска-акушэрскія пункты ў вёсках Леткаўшчыне, Маяку і Шышчыцах. Працуе аптэка.
Культура
Культурна-асьветніцкую працу праводзяць дом культуры і бібліятэка[45].
Іншае
Працуюць аддзелы зьвязку РУП «Белпошта», ААТ «Беларусбанк»[46], крамы №№ 43, 44 Слуцкага раённага спажывецкага таварыства. Ёсьць парк адпачынку, спартовая заля.
Забудова
Вуліцы і пляцы
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Агародная вуліца | Лава вуліца |
Калгасная вуліца | Пабялянка вуліца |
Камсамольская вуліца | Крывая вуліца |
Менская вуліца | Шышчыцкая вуліца |
Першамайская вуліца | Слуцкая вуліца[47] |
Пралетарская вуліца | Куток (Кіндзюк) вуліца Сьцяпкоўская вуліца |
Садовая вуліца | Запечная вуліца |
Паводле перапісу 1874 году ў Грэску існавала Селіцкая вуліца[47]. У 1920-я гады ў мястэчку было 8 вуліцаў: Лава, Крывая, Краўцовая, Замагільная, Шышчыцкая, Сьцяпкоўская, Аселіца й Куток.
Remove ads
Эканоміка
У Грэску працуюць сельскагаспадарчы вытворчы каапэратыў «Грэск-Агра», філія «Грэск» ААТ «Слуцкі мясакамбінат» (каля 90 работнікаў), ААТ «ПМК-71».
У 2015 годзе збудавалі сьвінагадоўчы комплекс ААТ «Слуцкі мясакамбінат» на 24 000 сьвіньняў[48].
Ёсьць пажарная аварыйна-ратавальная частка № 2 слуцкага раённага аддзелу Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.
Транспарт
За 5 км на ўсход ад Грэску праходзіць аўтамабільная дарога Р23 (Менск — Мікашэвічы), за 7 км на поўнач — аўтамабільная дарога Р91 (Асіпавічы — Баранавічы).
Аўтобусная станцыя злучае мястэчка з Слуцкам[49].
Турыстычная інфармацыя
Інфраструктура
У Грэску дзее музэй сялянскага побыту пад адкрытым небам[50].
Славутасьці
- Гарадзішча пэрыяду раньняга жалезнага веку (VI ст. да н. э. — VII ст. н. э.)
- Курган і помнік на братэрскай магіле савецкіх вайскоўцаў і ахвяраў нацызму (1956)[51]
У царкве Раства Багародзіцы з 2002 году міраструмяніць цудоўны абраз Казанскае Маці Божае[52] і рэпрадукцыя абраза «Неспатольны Кубак»[53].
Страчаная спадчына
- Замак
- Гасьціны дом
- Царква Раства Багародзіцы (1590)
Remove ads
Асобы
- Ары Стылман (1891—1967) — амэрыканскі мастак беларускага паходжаньня
- Міхаіл Мукасей (1907—2008) — савецкі выведнік у ЗША, у юнацкія гады жыў у Грэску[54]
- Міхась Кавыль (1915—2017) — беларускі паэт, у юнацкія гады вучыўся ў Грэскай сямігодцы
- Мікалай Мяцельскі (1919—1997) — матэматык
- Еўдакія Мяцельская (1928—1995) — беларускі мовазнавец
- Васіль Клебановіч (нар. 1929) — навуковец-глебазнавец, ляўрэат Дзяржаўнае прэміі БССР у галіне навукі
- Уладзімер Вітко (нар. 1933) — мастак
- Міхась Клебановіч (нар. 1934) — беларускі пісьменьнік, журналіст
- Вольга Клебановіч (нар. 1945) — тэатральная акторка, народная артыстка Беларусі, у дзяцінстве жыла ў Грэску[55].
- Аляксандар Салтавец (нар. 1980) — мастак, жыве і працуе ў Грэску[56].
Remove ads
Дадатковыя зьвесткі
- Існуюць зьвесткі пра наяўнасьць каля Грэску падземных лёхаў[57]
- Каля Грэску знайшлі арабскую манэту X ст.[58]
- У гонар мястэчка сваю назву атрымаў найбуйнейшы з знойдзеных на Беларусі мэтэарытаў
- У паэме-гутарцы «Гэй, наперад! Гэй, назад!» Ніла Гілевіча адною зь дзейных асобаў зьяўляецца Зэшка з Грэску[59]
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads