Ghost (гурт)
швэдзкі музычны гэві-мэтал / арэна-рок гурт From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Ghost[c] (з анг. — «здань»[13]) — швэдзкі рок-гурт, вядомы сваім характэрным спалучэньнем тэатральнасьці[14], гэві-мэталу й арэна-року[15][16][К 2]. Гурт утварыўся ў Лінчэпінгу ў 2006 годзе[17][18], а ўпершыню прыцягнуў да сябе ўвагу ў 2010 годзе, дэбютаваўшы з альбомам Opus Eponymous, які быў намінаваны на прэмію «Грэміс». Гурт складаецца з Папы Эмэрытуса й Безназоўных Упіраў[19], а таксама з гэтак званага Духавенства (анг. Clergy), галавой якога зьяўляецца Фратэр Імпэратар.
Другі альбом гурта — Infestissumam (2013) — узначаліў швэдзкія чарты й атрымаў прэмію «Грэміс» у намінацыі «Найлепшы гард-рок / мэтал-альбом». Наступны студыйны альбом, Meliora (2015), дасягнуў першага месца ў чартах Швэцыі й восьмага месца ў чартах Злучаных Штатах.
Да іску, пададзенага былымі ўдзельнікамі Ghost у 2017 годзе , фронтмэн гурта, Табіяс Форге, выступаў ананімна пад маскай Папы Эмэрытуса, «дэманічнага антыпапы»[19]. Гэты тэатральны элемэнт стаў адметнай рысай Ghost: Форге прымаў розныя ўвасабленьні Папы Эмэрытуса й іншых пэрсанажаў, напрыклад Кардынала Копіі, для альбома Prequelle (2018) і тура ў яго падтрымку, A Pale Tour Named Death.
Кожны ўдзельнік гурта мае маску, якая хавае твар; Папа й Кардынал маюць макіяж чэрапа й рознакаляровыя вочы. У 2020 годзе, падчас фінальнага шоў тура, Кардынал Копія прыняў рэгаліі Папы Эмэрытуса й стаў чацьвёртым Папай[20], у вобразе якога ён працягваў выступаць на альбоме Impera 2022 году і ў адпаведным туры Imperatour.
У 2024 годзе гурт выпусьціў свой дэбютны канцэртны фільм Rite Here Rite Now, які ўвайшоў у топ-5 фільмаў паводле касавага збору ў Вялікабрытаніі, Мэксыцы й Нямеччыне, а таксама ў топ-10 у Аўстраліі, Паўночнай Амэрыцы і ў сьвеце (станам на 25 чэрвеня 2024)[21]. 26 ліпеня таго жа году адбыўся рэліз саўндтрэку да фільма[22][23].
У канцы кастрычніка 2024 году гурт анансаваў новы канцэртны тур 2025 году — Skeletour, — падчас якога адбыўся дэбют «новага» фронтмэна гурта — Папы Эмэрытуса V. 25 красавіка 2025 году будзе выдадзены шосты студыйны альбом гурта — Skeletá.
Лід-самотнік Meliora, «Cirice», прынёс гурту прэмію «Грэмі» 2016 году ў намінацыі «Найлепшае мэталічнае выкананьне», а песьня «Ritual» была ўключаная часопісам Kerrang! у сьпіс «50 самых злых песьняў у гісторыі»[24].
Remove ads
Гісторыя
Фармаваньне гурта і Opus Eponymous (2006—2011)

Ghost утварыліся ў 2006 годзе, калі будучы лідэр гурта Табіяс Форге напісаў песьню «Stand by Him»[25]. Ён сказаў:
…гэта, верагодна, самы гэві-мэталічны рыф, які калі-небудзь існаваў… Калі мне прыйшоў у галаву прыпеў, ён перасьледваў мае сны. Кожны раз, калі я браў у рукі гітару, я граў гэтую прагрэсію, і калі я падбіраў словы, здавалася, што яна заклікае да сатанінскай лірыкі.
— Табіяс Форге, інтэрвію для eMusic, 2013[26].
Затым Форге зьвязаўся са сваім былым калегам па гурту Repugnant, Густафам Ліндстрэмам, каб запісаць песьню[25].

У пачатку 2008 году яны адправіліся ў студыю, каб запісаць тры песьні: «Stand by Him», «Prime Mover» і «Death Knell»[25][27]. Пасьля гэтага Форге заўважыў Ліндстрэму: «Гэта дакладна не гучыць [быццам] два чувакі, падобныя на нас з табой [запісалі гэта]»[25]. Такім чынам, Форге вырашыў, што яны павінны быць ананімным «тэатральным гуртом», і выкарыстоўваць сваё каханьне да фільмаў жахаў і «традыцыі скандынаўскага мэталу» ў выглядзе гурта[25][26]. У той час як іншыя ўдзельнікі гурта насілі чорныя мантыі з капялюшамі й называліся «Безназоўнымі Ўпірамі» (Nameless Ghouls), Форге прадстаўляўся «Папам Эмэрытусам» (Papa Emeritus), апранутым у папскія рэгаліі, а ягоны твар быў размаляваны пад чэрап[28]. Затым Форге абраў для гурта назву Ghost. Спачатку Форге не зьбіраўся станавіцца вакалістам гурта, замест гэтага ён хацеў граць на гітары[25]. Ён прапанаваў месца вакаліста Мэсіі Маркаліну, Матсу Левэну, Крыстэру Герансану й Джэй Бі Крыстафэрсану, але ўсе яны адмовіліся[25]. У выніку Форге стаў вакалістам гурта дапомна[25]. 12 сакавіка 2010 году Форге выклаў першыя тры песьні Ghost на Myspace[27], і ўжо праз два дні зь ім зьвязаліся гуказапісвальныя лэйблы й мэнэджэры, якія жадалі працаваць з гуртом[25].
«Я сядзеў там, проста ў эўфарыі ад таго, што адбываецца» кажа Форге ў інтэрвію для Metal Hammer[27]. У той жа дзень, адразу пасьля паўночы, зазваніў тэлефон: «…мая мама паднялася й адказала на званок <…> Яна вярнулася, і ўсё замерла»: брат Табіяса Сэбастыян страціў прытомнасьць і памёр дома[27][29].
Гэта было падобна на дзіўную зьдзелку: гурт у абмен на майго брата <…> Гэта адчувалася, як «Усё здарылася, і я нічога не магу з гэтым зрабіць, я проста павінен узяць мяч і бегчы зь ім.» І з тых часоў я бягу зь ім.
— Табіяс Форге, інтэрвію для Metal Hammer, 2021[27].
Ghost правялі некалькі тыдняў у падвальнай студыі ў іхным родным месьце Лінчэпінгу, запісваючы свой дэбютны альбом[28]. У чэрвені 2010 году гурт выпусьціў свой першы самотнік «Elizabeth»[28]. Ghost выпусьцілі дэбютны Opus Eponymous 18 кастрычніка 2010 году на незалежным лэйбле Rise Above Records, для якога альбом стаў найбольш прадаваным альбомам за ўсю гісторыю лэйбла[29]. Альбом дасягнуў 30-га месца ў рэйтынгу Sverigetopplistan і быў добра прыняты крытыкамі, а ў 2011 годзе быў намінаваны на прэмію «Грэміс» у катэгорыі «Найлепшы гард-рок»[30][31][32]. Ghost далі свой першы канцэрт 23 кастрычніка 2010 году на фэстывалі «Hammer of Doom» у Вюрцбургу, Нямеччына[33].

Ghost падтрымалі готык-мэтал-гурт Paradise Lost у іхным туры «Draconian Times MMXI» у красавіку 2011 году[34]. 29 траўня Ghost дэбютавалі ў Злучаных Штатах на Maryland Deathfest[35]. 11 чэрвеня гурт выступіў на Download Festival у Лэстэршыры, Ангельшчына. Пасьля іхнага выступу Філ Анзэльма, вакаліст гурта Down, выступіў у футболцы Ghost і запрасіў трох удзельнікаў гурта далучыцца да яго на галоўнай сцэне, дзе яны разам выканалі песьню Down «Bury Me In Smoke»[36]. У сьнежні 2011 году Ghost прынялі ўдзел у туры «Defenders of the Faith III» разам з Trivium, In Flames, Rise to Remain і Insense[37][38]. Затым гурт адправіўся ў свой першы амэрыканскі тур «13 Dates of Doom», які пачаўся ў Нью-Ёрку 18 студзеня 2012 году й скончыўся 2 лютага ў Лос-Анджэлесе[39]. Пасьля гэтага Ghost далучыліся да Mastodon і Opeth у якасьці адкрывалага гурта ў туры Heritage Hunter Tour па Паўночнай Амэрыцы ў красавіку й траўні 2012 году[40][41][42][43]. У чэрвені Ghost атрымалі ўзнагароду за «Прарыўны гурт» на цырымоніі «Metal Hammer Golden Gods Awards»[44].
Infestissumam і If You Have Ghost (2012—2014)
У лютым 2012 году Безназоўны Ўпір паведаміў, што гурт завяршыў напісаньне другога альбома[45]. У кастрычніку Ghost адправіліся ў студыю для запісу другога альбома ў Нэшвіле, штат Тэнэсі, з прадусарам Нікам Раскулінечам[46]. Гурт плянаваў запісаць альбом на мяжы 2012 году, але пасьля пачатку тура па ЗША у студзені, ім прапанавалі іншы тур адразу пасьля гэтага. У той жа час гурт, ягоны мэнэджмэнт і Rise Above Records пагадзіліся, што наступны альбом гурта павінен быць выдадзены на іншым лэйбле[46]. Так Ghost падпісалі кантракт з Loma Vista Recordings у партнэрстве з Republic Records — падразьдзяленьнем Universal Music Group[47].
15 сьнежня 2012 году Ghost адыгралі канцэрт у Лінчэпінгу, дзе дэбютавалі з новай песьняй «Secular Haze», якая была апублікаваная ў сетцы раней у той жа дзень, а таксама з кавэрам на песьню ABBA «Iʼm a Marionette»[31]. Падчас таго ж канцэрта гурт прадставіў Папу Эмэрытуса II як пераемніка першага Папы[48]. 20 сьнежня гурт абвясьціў, што іхны другі альбом, Infestissumam, выйдзе ў пачатку 2013 году[17]. 5 лютага 2013 году гурт абвясьціў пра зьмену назвы на «Ghost B. C.» у ЗША паводле юрыдычных прычынаў[49]. Безназоўны Ўпір сказаў:
«B. C.» — гэта, відавочна, калямбур на «Before Christ» [з анг. — «ад нараджэньня Хрыстовага»], але гэта проста папраўка. У нашым міры нас проста будуць зваць Ghost <…> «B. C.» не вымаўляецца, і як толькі мы зможам, мы прыбярэм гэта назаўжды.
— Безназоўны Ўпір, інтэрвію для Soundsblog.it, праз Loudwire, 2013[50].
У 2015 годзе яны афіцыйна прыбралі «B. C.» са сваёй назвы[51]. З 23 лютага па 4 сакавіка 2013 году Ghost гастралявалі па Аўстраліі ў рамках фэстывалю Soundwave[52].

Рэліз Infestissumam у Злучаных Штатах пачаткова плянаваўся 9 красавіка 2013 году, але гурт ня змог знайсьці амэрыканскую кампанію, якая б выпусьціла кампакт-дыскі[53]. Чатыры амэрыканскія вытворцы кампакт-дыскаў адмовіліся ад працы, таму што выява для дэлюкс-выданьня альбома была апісаная як «галоўным чынам ілюстрацыя оргіі XVI стагодзьдзя»[53]. Каб не затрымліваць альбом, гурт вырашыў выкарыстоўваць вокладку звычайнага выданьня для амэрыканскіх тыражоў дэлюкс-выданьня й абвясьціў новую дату рэлізу — 16 красавіка[53]. Усе эўрапейскія копіі й амэрыканскія вінілавыя вэрсіі ўключаюць спрэчную выяву[53]. Infestissumam трапіў у чарты сямі краінаў у тым ліку на першае месца ў Швэцыі, і ў выніку стаў залатым. Альбом таксама быў добра прыняты крытыкамі, атрымаў прэмію «Грэміс» і прэмію «P3 Guld» у намінацыі «Найлепшы гард-рок / мэтал-альбом» 2013 году[54].
Новы альбом у першую чаргу прысьвечаны прысутнасьці Дʼябла.
— Папа Эмэрытус II пра альбом Infestissumam, інтэрвію для Metal Hammer, праз Louder[55].
Ghost распачалі тур «Haze Over North America» 14 красавіка 2013 году на фэстывалі «Coachella», які працягваўся да 18 траўня[56]. 27 ліпеня Ghost распачалі тур «Still Hazing Over North America Tour», які завяршыўся ў Чыкага на фэстывалі Lollapalooza[57]. Адразу пасьля гэтага Ghost адправіліся ў тур па Паўднёвай Амэрыцы ў падтрымку Iron Maiden і Slayer, які ўключаў выступ на Rock in Rio[58]. У кастрычніку 2013 году Ghost адкрылі тур Avenged Sevenfold і Deftones па ЗША[59]. У лістападзе гурт гастраляваў у Вялікабрытаніі з Alice in Chains, а затым адправіўся ў тур па Эўропе[60][61]. 20 лістапада 2013 году Ghost выпусьцілі міні-альбом If You Have Ghost, які складаецца з кавэр-вэрсіяў песьняў. Ягоным прадусарам выступіў Дэйв Грол з Nirvana і Foo Fighters[62].
У студзені 2014 году Ghost атрымалі шэсьць намінацыяў на прэмію «Loudwire Music Awards»[63]. Зь 17 студзеня па 2 лютага 2014 году гурт гастраляваў па Аўстраліі ў рамках фэстывалю Big Day Out[64][65]. Затым яны адправіліся ў «Tour Year Zero», які доўжыўся зь 17 красавіка па 17 траўня 2014 году ў Паўночнай Амэрыцы[66]. У ліпені гурт выступіў на эўрапейскім фэстывалі Sonisphere[67].
Meliora, Popestar і Ceremony and Devotion (2015—2017)

Трэці студыйны альбом Ghost, які рушыў усьлед за Infestissumam, Meliora, быў выпушчаны 21 жніўня 2015 году. У рэкляме альбома, паказанай 28 траўня на канале VH1 Classic, было абвешчана, што Папа Эмэрытус II «звольнены» й што ягоны пераемнік Папа Эмэрытус III — ягоны брат, маладзейшы за Папу Эмэрытуса II на тры месяцы[68]. Песьня «Cirice» была выпушчаная для бясплатнай спампоўкі з афіцыйнага сайта гурта 31 траўня й атрымала прэмію «Грэмі» 2016 году за найлепшае мэталічнае выкананьне[69]. Папа Эмэрытус III быў афіцыйна прадстаўлены на выступе ў Лінчэпінгу 3 чэрвеня 2015 году, дзе гурт таксама выканаў новыя песьні з будучага альбома[70].
Упершыню альбом быў прасунуты ў жніўні, калі па музычных крамах Злучаных Штатаў прайшоў пяцідзённы акустычны тур пад назвай «Unholy / Unplugged». У туры Папа Эмэрытус III з зачасанымі назад чорнымі валасамі без сваёй фірмовай мітры выступаў разам з двума Безназоўнымі Ўпірамі-гітарыстамі, акампануючы ім на казу[71]. Тур па ЗША пад назвай «Black to the Future» пачаўся 22 верасьня й працягваўся да 1 лістапада[72]. За ім хутка адбыўся эўрапейскі тур з такой жа назвай, які працягваўся да 21 сьнежня, уключаючы поўны тур па Вялікабрытаніі й два іншыя туры па Паўночнай Амэрыцы, якія адбыліся вясной і ў сярэдзіне лета 2016 году.

12 верасьня 2016 году гурт выпусьціў новую песьню на радыёшоў пад назвай «Square Hammer», а новы міні-альбом, Popestar, быў выпушчаны 16 верасьня, у той жа дзень, калі пачаўся тур Popestar. Па паўночнаамэрыканскім туры, які завяршыўся 12 лістапада, адбыўся аднайменны эўрапейскі тур, які пачаўся ў канцы сакавіка й завяршыўся ў канцы красавіка 2017 году[73]. У чэрвені-ліпені 2017 году гурт выступаў у якасьці адкрываючага гурта для Iron Maiden у іхным туры па Паўночнай Амэрыцы[74]. Безназоўныя Ўпіры заявілі, што пасьля заканчэньня тура яны пачнуць напісаньне й запіс новага альбома, які, паводле іх, будзе значна змрочней за Meliora[75][76], а Форге пацьвердзіў у інтэрвію, што чацьвёрты альбом выйдзе ў 2018 годзе[77].
24 жніўня 2017 году гурт выпусьціў свой апошні кліп з альбома Meliora на песьню «He Is». Ягоная прэмʼера адбылася ў «Saint Vitus Bar» у Нью-Ёрку за дзень да гэтага[78]. Падчас фінальнага шоў тура Popestar 30 верасьня 2017 году Папу Эмэрытуса III пацягнулі са сцэны ў канцы выступу. На сцэне зьявіўся Папа Эмэрытус 0, пазьней прадстаўлены як Папа Ніхіл[79].
Meliora атрымаў у цэлым станоўчыя водгукі музычных крытыкаў: у прыватнасьці 7,6 / 10 ад AnyDecentMusic?[80] і 78 / 100 ад Metacritic[81].
Гурт выпусьціў свой першы канцэртны альбом пад назвай Ceremony and Devotion у лічбавым фармаце 8 сьнежня 2017 году[82], а фізычны рэліз адбыўся 19 студзеня 2018 году[83]. Альбом быў запісаны падчас туру Popestar, улетку 2017 году, а зьміксаваны й спрадусаваны — Томам Далгеты[84].
Prequelle (2018—2020)
…Гэта працяг Meliora, але свайго роду адказ. У Meliora я выкарыстаў слова «перадапакаліптычны» <…> Так што гэта <…> больш змрочны альбом.
— Безназоўны Ўпір пра Prequelle, інтэрвію для Loudwire[75], праз Metal Sucks[76].
13 красавіка 2018 году Ghost выпусьцілі новы самотнік пад назвай «Rats» (з анг. — «пацукі») й суправаджаючае яго музычнае відэа[85][86]. Гэта быў першы рэліз гурта з «новым» фронтмэнам — Кардыналам Копія[85]. Быў паказаны яшчэ адзін новы пэрсанаж — Папа Ніхіл, які граў на саксафоне. Гэта пашырыла Ghost да сэптэта[87]. Альбом атрымаў назву Prequelle і быў выпушчаны 1 чэрвеня 2018 году[85]. Шостая песьня з альбома, «Dance Macabre», была выпушчаная напярэдадні Prequelle — 17 траўня, — а затым стала другім самотнікам на альбоме[88].

Для прасоўваньня альбома Ghost пачалі тур Rats! on the Road па ЗША, які працягваўся з 5 траўня па 1 чэрвеня[89]. Гурт выступаў на разагрэве ў Guns N’ Roses у Осьлё, Нарвэгія, 19 ліпеня 2018 году[90].
Ghost пачалі A Pale Tour Named Death у Лёндане, Ангельшчына, у Royal Albert Hall, 9 верасьня 2018 году. Увосень таго ж году пачаўся аднайменны паўночнаамэрыканскі тур з двума гэдлайнэрскімі выступамі на арэнах у Лос-Анджэлесе й Нью-Ёрку[91][92]. 10 верасьня 2018 году было абвешчана пра пачатак эўрапейскага тура 2019 году з такой жа назвай[93]. У сакавіку 2019 году гурт выступіў у Аўстраліі й Японіі ў рамках фэстывалю Download[94]. Пазьней Ghost былі абвешчаныя «спэцыяльнымі гасьцямі» для тура Metallica WorldWired з траўня па жнівень 2019 году[95]. Другі паўночнаамэрыканскі тур быў абʼяўлены 1 красавіка 2019 году, з Nothing More у якасьці падтрымкі[96]. Эўрапейскі тур у канцы 2019 году з All Them Witches і Tribulation быў абвешчаны 8 ліпеня 2019 году[97].

17 кастрычніка 2018 году гурт выпусьціў сваё другое музычнае відэа на песьню «Dance Macabre»[98]. Трэцяе музычнае відэа, на песьню «Faith», было выпушчанае 20 сьнежня 2018 году пасьля першага тура гурта па Паўночнай Амэрыцы[99].
У інтэрвію 25 верасьня 2019 году Ghost пацьвердзілі, што, акрамя аднаго канцэрта ў Мэхіка 3 сакавіка 2020 году, у наступным годзе яны ня будуць гастраляваць. Гэты год быў выдаткаваны да працы над новым студыйным альбомам, выхад якога чакаўся ў пачатку 2021 году[100]. На заключным шоў тура ў падтрымку Prequelle гурт прадставіў новага фронтмэна для наступнага цыклю альбомаў, Папу Эмэрытуса IV[101], якім падчас канцэрту стаў Кардынал.
Seven Inches of Satanic Panic (2019)

13 верасьня 2019 году гурт выпусьціў міні-альбом Seven Іnches of Satanіc Panіc. Відэакліп на песьню «Kіss The Go-Goat» быў выпушчаны апоўначы 12 верасьня ў якасьці «Chapter 8» іхнага вэб-сэрыялу[102].
Песьня «Mary On A Cross» стала набіраць абароты пасьля таго, як адзін з карыстальнікаў TikTok выкарыстаў запаволеную вэрсію песьні ў якасьці саўндтрэку. З тых часоў гэштэг «Mary On The Cross» набраў больш за мільярд праглядаў на TikTok, а песьня была выкарыстаная ў якасьці саўндтрэка да дзясяткаў тысячаў відэа на плятформе[103].
Дзякуючы віруснасьці TikTok, аўдыторыя Ghost вырасла прыкладна на 40 % на Spotify, YouTube і Instagram і амаль на 500 % на TikTok за некалькі месяцаў[104].
Impera, [Message from the Clergy], Phantomime і 13 Commandments (2020—2023)

8 кастрычніка 2020 году Ghost пацьвердзілі, што выпусьцяць свой пяты студыйны альбом зімой 2020 году[105]. На сакавік 2021 году быў заплянаваны тур, але ён быў перанесены на восень 2021 году з-за пандэміі COVІD-19[106]. У той жа дзень гурт атрымаў прэмію «Musіc Export Prіze 2019» (швэдз. Musik Export Priset) ад швэдзкага ўраду[107]. 21 кастрычніка 2020 году Ghost абвясьцілі, што ў студзені яны ўвойдуць у студыю, каб пачаць запіс альбома для выпуску ў канцы 2021 году[108]. 30 сьнежня 2020 году Ghost абвясьцілі на сваёй старонцы ў Facebook, што «некалькі вялікіх рэчаў» рыхтуюцца да 2021 году, уключаючы новую музыку й жывыя выступы[109].
Папа Эмэрытус ІV дэбютаваў на швэдзкім тэлевізыйным гульнявым шоў På spåret 22 студзеня 2021 году, выступіўшы разам з гуртом The Hellacopters з кавэрам на песьню Rollіng Stones «Sympathy for the Devil» («Спачуваньне для Д’ябла»)[110]. Пазьней, 3 сакавіка 2021 году, Ghost выпусьціў кліп на песьню «Lіfe Eternal», у якім былі паказаны жывыя кадры з папярэдняга шоў у Мэхіка за год да гэтага[111]. Ghost сталі артыстамі трыб’ют-альбома Metallіca The Metallіca Blacklіst, які выйшаў 10 верасьня 2021 году, у якім яны выканалі песьню «Enter Sandman»[112]. 30 верасьня 2021 году гурт прадставіў свой самотнік «Hunter’s Moon», які ўвайшоў у саўндтрэк фільма-слэшэра 2021 году Halloween Kills[113][114][115].
У інтэрвію 30 кастрычніка 2021 году Форге заявіў, што канцэпцыя альбома будзе заснавана на «ўзьлёту й падзеньню імпэрыяў»[116][117][118]. 20 студзеня 2022 году гурт выпусьціў першы самотнік з альбома, «Call Me Lіttle Sunshіne», і ў той жа час абвясьціў ягоную назву — Impera; ён выйшаў 11 сакавіка 2022 году[119][120]. 2 сакавіка 2022 году гурт выпусьціў другі самотнік з альбома, «Twenties»[121]. 8 сакавіка гурт абвясьціў пра спонсарства каманды JD Motorsports № 4 Chevrolet Camaro SS пад кіраваньнем Бэйлі Кэры на гонцы NASCAR Xfinity Series 12 сакавіка на Phoenіx Raceway[122]. Пазьней Ghost зьявяцца на шоў Jimmy Kimmel Live! з выкананьнем песьні «Call Me Lіttle Sunshіne»[123], якое раней было адкладзенае з-за гастрольных абавязкаў[124]. 27 ліпеня 2022 году гурт выпусьціў кліп на чацьвёрты самотнік альбома, «Spillways»[125], які быў ізноў выдадзены ў студзені 2023 году з Джо Эліётам у якасьці запрошанага госьця[126].

Ghost анансавалі новый тур Imperatour у ЗША з 25 студзеня да 3 сакавіка 2022 году, выступіўшы сумесна з Volbeat і Twin Temple[127]. Пазьней (23 лістапада 2021 году) быў анансаваны аднайменны эўрапейскі тур на 2022 год, у падтрымку якога выступілі Uncle Acid & the Deadbeats і Twin Temple[128][129]. Ghost выступілі ў якасьці гэдлайнэраў на фэстывалі Hellfest у Клісане (Францыя) 18 чэрвеня 2022 году[130]. 17 траўня 2022 году гурт абвясьціў пра другі паўночнаамэрыканскі тур, з падтрымкай Mastodon і Spiritbox[131]. Падчас інтэрвію 12 верасьня 2022 году Форге пацьвердзіў, што ў 2023 годзе будзе яшчэ больш гастроляў[132], а пазьней раскрыў пляны гастроляў па Азіі й Акіяніі, а таксама заявіў, што працуе над працягам Impera[133]. 13 лютага 2023 году гурт абвясьціў, што са жніўня па верасень 2023 году яны зноў адправяцца ў тур па ЗША, спэцыяльнымі гасьцямі якога стануць Amon Amarth[134].
1 лютага 2023 году гурт часова арґанізаваў архіўную выставу ў Лос-Анджэлесе, прысьвечаную «эры 1969 году», на якой былі прадстаўленыя Папа Ніхіл і іншыя прадметы той эпохі[135]. Пасьля выхаду «Chapter 16: Tax Season» (з анг. — «Частка 16: Падатковы сэзон») вэб-сэрыялу пра гурт зьявіліся здагадкі, што Папа Эмэрытус IV будзе «забіты» ў канцы Imperatourʼа, пасьля абʼявы пра другое шоў на Kia Forum у Інглвудзе[136][137]. 4 красавіка 2023 году быў абвешчаны Паўднёваамэрыканскі этап, які стаў першым гэдлайнэрам гурта ў Бразыліі й Аргентыне[138], пасьля паведамленьняў пра тое, што Ghost выпусьцяць новую музыку перад другім эўрапейскім этапам Imperatour[139]. Перад гэтым этапам гурт анансаваў свой чацьвёрты міні-альбом, Phantomime, які быў падтрыманы самотнікам з кавэрам гурта на песьню Genesis «Jesus He Knows Me»[140]. Пачаткова міні-альбом павінен быў выйсьці 18 траўня 2023 году[141], але быў перанесены на 19 траўня[142]. Пазьней Ghost супрацоўнічалі з акторам Патрыкам Ўілсанам і выпусьцілі самотнік з кавэрам на песьню Shakespears Sister «Stay», які выйшаў 7 ліпеня 2023 году й быў выкарыстаны ў фільме 2023 году Insidious: The Red Door[143].

7 верасьня 2023 году гурт атрымаў першую плятынавую сэртыфікацыю за самотнік «Mary On a Cross» зь міні-альбома Seven Inches of Satanic Panic[144]. Пасьля выступаў у Паўднёвай Амэрыцы гурт завяршыў Imperatour у кастрычніку 2023 году трыма канцэртамі ў Аўстраліі[145], прычым выступ у Брысбэйне 7 кастрычніка 2023 году стаў апошнім, у якім прыняў удзел Папа Эмэрытус IV[146]. Пазьней, 11 кастрычніка 2023 году, Форге абвясьціў, што рыхтуецца фільм пра Ghost, пацьвердзіўшы, што выступы ў Інглвудзе ў верасьні 2023 году былі зьнятыя[147].
1 сьнежня 2023 году Ghost выпусьціў складанку песьняў пад назвай 13 Commandments. Гэты рэліз адзначыў глябальны выпуск эксклюзіўнай кампазыцыі з альбома Meliora Redux — «Zenith» — праз стрымінгавыя сэрвісы, тады як да гэтага яна была даступная толькі на фізычных носьбітах[148][149]. У Інтэрвію Metal Hammer 9 сьнежня 2023 году Форге пацьвердзіў, што праца над наступным студыйным альбомам пачалася, заявіўшы, што ўжо напісана некалькі песьняў[150][151], а пазьней прызнаў у навагоднім пасланьні, што ў 2024 годзе «многае будзе наперадзе»[152].
Rite Here Rite Now і саўндтрэк (2024)
Зьвярніце ўвагу: ніжэй раскрываюцца сюжэтныя павароты і / альбо канчатак твору. |
Гурт апублікаваў тызэр да фільма 4 красавіка 2024 году. Тызэр адлюстроўваў Папу Эмэрытуса IV на сцэне й абвяшчаў, што фільм хутка выйдзе па ўсім сьвеце[153][154][155]. Пазьней гурт аб’явіў назву фільма — Rite Here Rite Now. Ён быў выпушчаны 20 чэрвеня 2024 году[156][157]. Самотнік «The Future Is a Foreign Land» быў выпушчаны 21 чэрвеня 2024 году, празь дзень пасьля выхаду фільма[158][159]. Песьня была саўндтрэкам да тытраў фільма, якія паказвалі канец сьвету з-за ядзернай вайны. Яна зьяўляецца трэцяй песьняй з так званых «сэсіяў 1969 году», зь якіх былі ўзятыя дзьве песьні для альбома Seven Inches of Satanic Panic[160].
Фільм складаецца з запісаў канцэрту Ghost у Kia Forum, 11 і 12 верасьня 2023 году ў Лос-Анджэлесе й зь сюжэтных урэзак «за сцэнай». Пасьля канцэрту Сястра Імпэратар памірае й Папа Эмэрытус IV робіцца галавой сатанінскага Духавенства пад імем Фратэр Імпэратар.
У сцэне пасьля тытраў Фратэр Імпэратар сумесна са зданямі Сястры Імпэратар і Папы Ніхіла чакае зьяўленьня новага Папы Эмэрытуса.
26 ліпеня адбыўся рэліз саўндтрэку да фільма — Rite Here Rite Now (Original Motion Picture Soundtrack)[161][162]. Альбом заняў першае месца ў чартах Швэцыі[163] і ў катэгорыях «Compilations» і «Rock & Metal» чартаў OCC Вялікабрытаніі[164][165].
Skeletá і Skeletour (2024—…)
28 кастрычніка а 16:00 Ghost выпусьцілі новае відэа («Chapter 18: What a Fiasco!»), у якім адбыўся рэліз новага эўрапейскага й амэрыканскага тура 2025 году[166], які пачнецца 15 красавіка ў Манчэстэры й скончыцца 24 верасьня ў Мэхіка[167]. Назва тура тады не абвяшчалася[168][167][169]; 4 сакавіка 2025 году назва стала вядомай — «Skeletour».
Паводле афіцыйнага сайту й сацсетак Ghost, канцэрты будуць «вопытам без тэлефонаў»: «Любы, хто будзе выкарыстоўваюць якую-небудзь прыладу падчас выступу, будзе выведзены з залі аховай. Мы цэнім вашае супрацоўніцтва ў стварэньні ўмоваў для прагляду без выкарыстаньня тэлефонаў»[170].
Наступны тур Ghost адзначыцца дэбютам на сцэне новага фронтмэна Папы V Пэрпэтуа[11][171]. Падчас выступу гурта 5 кастрычніка 2023 году ў Brіsbane Entertaіnment Centre у Брысбэйне, Аўстралія, Папа IV сказаў, што гэты выступ будзе ягоным апошнім выступам[171][172].
5 лютага 2025 году гурт абвясьціў імя пятага Папы Эмэрытуса — Папа V Пэрпэтуа[11] (Papa V Perpetua) праз свае сацсеткі[173][174]. Папа V выступіць на канцэрце Black Sabbath «Reunion Show» як дадатковы выканаўца 5 ліпеня 2025 году ў Бірмінггэме, Вялікабрытанія[175][176].

14 лютага ў афармленьні афіцыйнага сайта й сацсетак гурта зьявіўся надпіс «V-day is coming» («V-дзень набліжаецца»), адсылаючы да Папы Эмэрытуса V. На сайце былі даступныя паштоўкі да Дня сьвятога Валянціна[177], а ў Spotify зьявіўся плэйліст «V is Coming», першыя літары песьняў якога складалі слова «Satanized» («Сатанізаваны»)[178][d].
2 сакавіка на афіцыйным YouTube-канале Ghost зьявіўся прамы этэр, які дэманстраваў білборд у Лас-Вэгасе, надпіс на ім «V is coming…» і лягатып гурта[179] (у той жа дзень фатаздымкі гэтага білборду зьявіліся таксама ў сацсетках гурта)[180][181]. Частка назвы этэру «Fumata…» перакладаецца з італьянскай мовы як «дым»[181]; у каталіцкай традыцыі белы дым з Сыкстынскай капэлі апавяшчае пра выбар новага Папы[181][182][183]. Празь некалькі гадзінаў каля білборду зьявіўся белы дым, які апавясьціў пра выбар Папы V.
4 сакавіка гурт прыслаў падпісантам «сакральнага сьпісу рассыланьня» паведамленьне пра новае відэа пад назвай «Satanized», «…Мы хочам паведаміць вам, што наш савет горада грахоў завершаны. Ушэсьце Папы V Пэрпэтуа непазьбежнае…». Рэліз відэа адбыўся 5 сакавіка 2025 году, у сераду, а 12:00 паводле EST (а 8:00 паводле Менску). Відэа было прысвечанае новаму самотніку гурта — «Satanized».
У той жа дзень стала вядомая назва тура — «Skeletour»[184], што адсылае да шостага студыйнага альбома гурта — Skeletá[185], а ў неафіцыйных сацсетках, прысьвечаных Ghost, зьявілася вокладка новага самотніка гурта[186][185].
11 красавіка 2025 году быў выдадзены другі самотнік да альбома — «Lachryma»[187].
Skeletour пачаўся 15 красавіка 2025 году. Skeletá быў выдадзены 25 красавіка.
Remove ads
Стылістыка і тэматыка
Музычны стыль, жанры й тэмы песьняў

Песьні Ghost могуць быць апісаныя некалькімі жанрамі, часьцей за ўсё паджанрамі року й мэталу, такімі як акультны рок, арэна-рок, гард-рок, готык-рок, гэві-мэтал, дум-мэтал, поп-рок, прагрэсіўны рок, псыхадэлічны рок, сымфа-мэтал і шок-рок[К 3].
У музычным пляне яны вагаюцца паміж мэталам, поп-музыкай і гімнічным арэна-рокам.
Арыгінальны тэкст (ням.)Musikalisch bewegen sie sich zwischen Metal, Pop und hymnischen Melodic Rock.
— Thomas Elbern, «Meister der Inszenierung. Die schwedische Band Ghost»[211].
Ghost працягваюць традыцыю сатанінскага блэк-мэталу; Сатана прадстаўлены як літаральная сутнасьць і як разбуральная фігура[212]. Што тычыцца музычнага стылю, то Ghost «зьмешваюць і спалучаюць розныя паджанры мэталу й <…> іншыя музычныя стылі»[212].
Remove ads
Удзельнікі
- Тобіас Форге — вакал, гітара, бас, клявішныя, ударныя (2008 — цяпер)
- Папа Эмэрытус (2010—2017; 2020 — цяпер)
- I (2010—2012)
- II (2012—2015)
- III (2015—2017)
- IV (2020—2025)
- V Пэрпэтуа (2025 — цяпер)
- Кардынал Копія (2018—2020)
- Папа Эмэрытус (2010—2017; 2020 — цяпер)
- Група Безыменных Упіраў — гітары, бас, клявішныя, ударныя, арган, сынтэзатары, бэк і хор вакал (2010 — цяпер)
- Папа Ніхіл — саксафон (2018—2020; 2022 — цяпер)
Судовыя разборы
Іск былых удзельнікаў Ghost супраць Табіяса Форге (2017—2018)
У пачатку 2017 году на Табіяса Форге падалі ў суд былыя ўдзельнікі Ghost Сымон Сёдэрбэрг, Маўра Рубіна, Мартын Хʼёртстэдт і Гэнрык Пальм у рамках спрэчкі аб ганарарах[213]. Усе чацьвёра пакінулі Ghost у 2016 годзе. Яны падалі пазоў у акруговы суд Лінчэпінга й абвінавацілі Форге, які адказваў за бізнэс гурта, ва ўтойваньні фінансавай інфармацыі й выплатаў астатнім удзельнікам[214][215]. Былыя ўдзельнікі таксама заявілі, што «наш вакаліст і былы сябар цяпер спрабуе несумленным і бессаромным спосабам ператварыць Ghost з гурта ў сольны праект з наёмнымі музыкамі»[216]. Форге сьцьвярджаў, што паміж ім і іншымі ўдзельнікамі гурта ніколі не існавала «ніякага юрыдычнага партнэрства»; ім плацілі фіксаваную зарплату за выкананьне й стварэньне іміджу гурта паводле ягонага ўказаньня, як «музыкам па найму»[217]. Ён таксама заявіў, што называе Ghost сольным праектам:
Хоць я ніколі не хацеў, каб гэта было так, але ў рэшце рэшт, гэта тое, чым яно зьяўляецца. Я маю на ўвазе, што я пачаў яго [гурт] у 2006 годзе, і ніхто з тых, хто быў у гурце ў 2016 годзе, ня быў нават на першай плястынцы. Называйце гэта сольнай творчасьцю, калі хочаце, але я называю гэта праектам.
— Табіяс Форге, інтэрвію для Loudwire[18].
У лістападзе 2017 году бакі сабраліся разам, каб высьветліць, ці магчыма міравое пагадненьне, але дамовіцца не ўдалося[218].
Пасьля шасьцідзённага разбору ў Швэцыі суд вынес пастанову на карысьць Форге (17 кастрычніка 2018 году), прымусіўшы экс-музыкаў Ghost аплаціць судовыя выдаткі фронтмэна, якія, складаюць 1,3 мільёны швэдзкіх кронаў[218][219][220]. Сам Форге заявіў, што хацеў атрымаць 2 мільёны кронаў[219]. Ён таксама дадаў, што судовы працэс толькі натхніў яго на тое, каб больш працаваць над посьпехам Ghost[221], і што ён «не адчувае сябе засмучаным» з-за адсутнасьці ананімнасьці, а што «можа стаць засмучаным» з-за прычынаў, паводле якіх ананімнасьці больш няма[222].
У 2018 годзе былыя ўдзельнікі спрабавалі аднавіць справу ў судзе, спасылаючыся на тое, што судзьдзя й Табіяс Форге сябры адной арґанізацыі — Швэдзкага ордэну масонаў[223], аднак пасяджэньне суду адноўленае не было.
Іск Ghost супраць брытанскага брэнду гарэлкі «Ghost Vodka» (2020)
У траўні 2020 году Ghost падалі ў суд супраць брытанскага лікёра-гарэлачнага брэнду «Ghost Vodka» за парушэньне таварнага знака[224]. Неўзабаве да іску гурт выпусьціў свой джын «Ghost Juniper Gin», аднак гурт адмаўляў, што гэта іск «джын супраць гарэлкі»[224][225]:
Гэта справа не пра «джын супраць гарэлкі», а пра правы на гандлёвыя маркі, якія даюць права ўласнасьці на любыя алькагольныя напоі <…> Слова «Ghost» у назьве брэнда алькагольных напояў парушала б выключныя правы Svensk Drama Pop[К 4].
— Юрыдычны кансультант, які прадстаўляў гурт у канфлікце, Loudwire[224].
Ghost Vodka сьцьвярджалі, што «ня ведалі ні пра існаваньне Ghost, ані пра Табіяса Форге», калі запускалі брэнд у 2015 годзе[225][226]. Яны таксама не спрабавалі выкарыстоўваць імідж гурта для продажу прадукцыі: гурт і лікёра-гарэлачны брэнд падобныя толькі ў назвах[227]. Ghost Vodka сказалі, што справа была распачатая з-за блытаніны паміж брэндамі[228].
Суд, які разглядае спрэчкі пра парушэньні правоў інтэлектуальнай уласнасьці ў Швэцыі, палічыў, што тэрмін «Ghost» зьяўляецца агульным словам, якое выкарыстоўваецца й разумеецца на міжнародным узроўні, і таму брытанская кампанія можа вольна яго выкарыстоўваць[229][230][231]. Суд таксама адзначыў істотныя візуальныя адрозьненьні паміж прадукцыяй: гарэлачны брэнд выкарыстоўваў звычайны шрыфт, у адрозьненьне ад больш вобразнага шрыфту на бутэльках SDP[229][230].
Remove ads
Сэртыфікацыі
Сьпіс сэртыфікацыяў музычных твораў, якія былі прысвоеныя Ghost. «Золата» — такім чынам пазначаюцца залатыя сэртыфікацыі, такім «Плятына» — плятынавыя, а такім «Срэбра» — срэбныя (Вялікабрытанія). Калі альбом, для якога запісаны самотнік, быў сэртыфікаваны, то назва самотніка пазначаецца ў палі «Сэртыфікацыя»; у іншым выпадку замест назвы альбома пазначаецца назва самотніка. Калі рэґіёнам сэртыфікацыі зьяўляецца Швэцыя (родная краіна гурта), то палі афарбоўваюцца блакітным колерам.
Remove ads
Дыскаграфія і туры
Ghost выпусьцілі 13 альбомаў (пяць студыйных альбомаў, чатыры міні-альбомы, дзьве складанкі песьняў, адзін канцэртны альбом і адзін саўндтрэк), 22 самотнікі й 72 песьні (ня ўлічваючы рэміксы й live-вэрсіі). Ніжэй паказаная табліца са сьпісам альбомаў гурта, легенда: студыйныя альбомы, міні-альбомы, складанкі, канцэртныя альбомы, саўндтрэкі.
Значныя канцэртныя туры
- Heritage Hunter Tour (2012)
- Popestar Tour (2016—2017)
- A Pale Tour Named Death (2018—2020)
- Imperatour (2022—2023)
- Skeletour
Remove ads
Заўвагі
Асноўныя
- Поўны сьпіс жанраў і крыніцы да іх глядзіце ў разьдзеле § Музычны стыль і тэмы песьняў.
- Цяпер Папа V Пэрпэтуа[11].
Камэнтары
- Ghost таксама выкарыстоўваюць лацінскую мову ў назвах некаторых песьняў і альбомаў, напрыклад «Infestissumam», Infestissumam, Meliora і іншыя[1]; лацінскія фразы выкарыстоўваецца таксама ў тэкстах песьняў («Infestissumam»[1], «He Is»[2], «Zenith»[3]). У назьве песьні «Helvetesfönster» выкарыстоўваецца швэдзкая мова[4].
- Паводле фронтмэна Ghost, Табіяса Форге, Ghost — гэта больш сольны праект, чым гурт. (глядзіце § Іск былых удзельнікаў Ghost супраць Табіяса Форге).
- Для зручнасьці прагляду старонкі крыніцы да жанраў паказаныя тут:
- Svensk Drama Pop мае эксклюзіўную рэгістрацыю гандлёвай маркі «Ghost» ва ўсім Эўрапейскім Зьвязе.
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads