Мураўёўкі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Мураўёўкі — пагардлівае абазначэнне цэркваў сінадальнага перыяду Рускай царквы , якія масава ўзводзіліся ў Расійскай імперыі на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага пасля здушэння паўстання 1863—1864 гадоў.
Назва паходзіць ад імя расійскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва[3][4], які распрацаваў праграму «захадаў дзеля ўвядзення і перавагі ў Паўночна-Заходнім краі рускай народнасці» (руск.: «мероприятий, имевших в виду водворение и преобладание в Северо-Западном крае русской народности») і з гэтай мэтай запрасіў у Аляксандра II 500 тысячаў рублёў на аднаўленне старых і будаванне новых цэркваў у Віленскай і Гарадзенскай губернях. Яшчэ раней такія ж сродкі вылучылі Віцебскай, Магілеўскай і Мінскай губерням[5].
Сотні цэркваў-«мураўёвак» узводзіліся паводле тыпавых праектаў[6][7] і мусілі ўвасобіць праваслаўна-расійскія і царкоўна-традыцыйныя рысы архітэктуры[8] Маскоўскай дзяржавы. Іхняе будаўніцтва мела вызначальную ідэйна-палітычную ролю[9] ў справе русіфікацыі беларусаў[10] згодна з абвешчанай маскоўскім гаспадаром Мікалаем I тэзісам «самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць»[11].
Remove ads
Гісторыя
У першай палове XIX стагоддзя на тэрыторыі беларускіх губерняў абвастрылася этнаканфесійная сітуацыя, якая вымусіла расійскі ўрад зрабіць акцэнт на аднаўленне і ўмацаванне пазіцый праваслаўнай царквы з мэтай русіфікацыі мясцовага насельніцтва. Цяжкае матэрыяльнага становішча вернікаў-сялян негатыўна адбівалася на стане цэркваў у каталіцкімі і ўніяцкімі храмамі[12].
Першыя ўрадавыя распараджэнні па арганізацыі і кіраванні царкоўным будаўніцтвам з'явіліся пасля паўстання 1830–1831 гг. і рэалізоўваліся павольна і не ў поўным аб'ёме[12]. Пераўтварыўшы ў 1832 годзе сістэму кіравання ў Царстве Польскім, расійскі ўрад звярнуў асаблівую ўвагу на аслабленне польскага ўплыву і ўмацаванне пазіцый рускай культуры ў Паўночна-Заходнім краі. З гэтага часу Мікалай I, як адзначаў П. Бацюшкоў, успрымаецца як «руплівы апякун праваслаўя і рускай народнасці, галоўны дзеяч аднаўлення праваслаўя ў Паўночна-Заходнім краі». Афіцыйная гістарыяграфія таго часу сцвярджала, што «карэннае насельніцтва ў заходняй Русі рускае, аднароднае з насельніцтвам іншых частак Расіі». Менавіта тады «пачала мільгаць ідэя аб русіфікацыі краю, яшчэ вельмі невыразная»[13].
Каб заручыцца падтрымкай сярод ніжэйшых слаёў насельніцтва, было арганізавана перасяленне рускіх сялян у беларускія вёскі. З гэтай мэтай з 1838 года паводле спецыяльнага распараджэння ў беларускіх губернях прадугледжвалася распаўсюджванне будаўніцтва дамоў «па ўзоры рускіх». Асабліва актыўна будаўніцтва збудаванняў з элементамі традыцыйнага рускага народнага дэкору (закрыліны, ліштвы, рушнікі і г. д.) вялося царкоўнымі ўстановамі[13].
Паводле указаў расійскага імператара ўзвядзенне цэркваў у дзяржаўных уладаннях за кошт бюджэтных сродкаў аддавалася пад кантроль Свяшчэннага Сінода, а для ўзвядзення праваслаўных храмаў у прыватных уладаннях неаднаразова запрашалі памешчыкаў (указы 1831 і 1835 гг.). Актывізавалася праца ў гэтым кірунку пасля Полацкага царкоўнага сабору 1839 года. Павелічэнне колькасці праваслаўных вернікаў прывяло да ўтварэння новых прыходаў і запатрабавала ўзвядзення праваслаўных храмаў. У 1845 годзе паводле указа імператара ўзвядзенне цэркваў было перададзена Міністэрству дзяржаўных маёмасцяў. Сітуацыя ў прыватных уладаннях не змянілася[12].
Памешчыкі ўсяляк ухіляліся ад ускладзенай на іх задачы ці зацягвалі ход будаўнічых прац, нягледзячы на ўказанні імператара, якія выйшлі ў 1852 годзе. Таксама ў пачатку 1850-х гадоў спецыяльна створаныя камісіі па выніках агляду цэркваў у дзяржаўных уладаннях прызналі няўдалай сістэму царкоўнага будаўніцтва, бо храмы ўзводзіліся павольна і няякасна[12].

Распрацоўка арганізацыйна-прававога забеспячэння праваслаўнага храмавага будаўніцтва ў беларускіх губернях актывізуецца ў 1858 г. з цыркуляраў міністра дзяржаўных маёмасцяў Міхаіла Мураўёва для кіравання царкоўным будаўніцтвам у дзяржаўных уладаннях[12]. Паводле ўказу імператара Аляксандра II ад 16 студзеня 1858 года ўзвядзенне цэркваў у прыватнаўласніцкіх маёнтках было перададзена Міністэрству ўнутраных спраў. 2 мая 1863 г. прапановы Міністэрствы ўнутраных спраў па рэгуляванні царкоўнабудаўнічага працэсу былі ўхвалены імператарам і прыняты да выкарыстання пры ўзвядзенні цэркваў у Кіеўскім і Віленскім генерал-губернатарствах.
Пасля паўстання 1863 года
Паўстанне 1863–1864 гадоў справакавала расійскія ўлады прыняць неадкладныя меры па арганізацыі і кіраванні царкоўна-будаўнічым працэсам у беларускіх губернях[12].
Па ініцыятыве Міхаіла Мураўёва, у той час ужо віленскага генерал-губернатара, у Віленскай і Гродзенскай губерні пасле паўстання 1863–1864 гг. фарміравалася асобная сістэма ўпраўлення праваслаўным храмавым будаўніцтвам, якая афіцыйна была замацавана 24 мая 1865 года ў «Правілах, якія варта назіраць пры будаўніцтве Праваслаўных Цэркваў і прычтавых пабудоў у Паўночна-Заходнім краі»[12]. Яны вызначылі адносную аднароднасць і стылёвае адзінства ўсіх храмаў, што ўзводзіліся ў той час у Беларусі. Была выпрацавана ідэалагічная праграма ўзвядзення праваслаўных храмаў[13]:
![]() |
Праваслаўныя храмы павінны служыць векавымі сведкамі вялікай эпохі адраджэння рускай народнасці ў Паўночна-Заходнім краі, спрадвеку рускім, які так доўга цярпеў пад прыгнётам лацінска-польскай прапаганды. Таму будаўніцтва такіх храмаў павінна весціся прыгожа, капітальна і без празмернай паспешлівасці. | ![]() |
Па распараджэнні Мураўёва былі заснаваны часовыя губернскія камітэты па будаўніцтве і рамонту праваслаўных храмаў на чале з губернатарамі, якія займаліся арганізацыяй і ажыццяўленнем рамонту, узвядзеннем царкоўных будынкаў, сачылі за правільным выдаткоўваннем бюджэтных сродкаў і ахвяраванняў ад насельніцтва. Таксама ў кожным павеце ствараліся часовыя павятовыя камітэты па будаўніцтве і рамонту праваслаўных храмаў пад кіраўніцтвам ваенна-павятовых начальнікаў. Іх функцыя складалася ў аглядзе царкоўных будынкаў, вызначэнні аб'ёму прац, наглядзе за будаўніцтвам на месцах. Затым гэтыя ўстановы былі ўтвораны ў губернскіх і павятовых гарадах, за выключэннем Магілёўскай губерні[12]. Урад прапаноўваў для правядзення работ «прыцягваць арцелі майстроў з унутраных губерняў, бо знаходжанне такіх арцеляў сярод праваслаўнага насельніцтва гэтага краю непазбежна пасее трывалае насенне чыста рускага жыцця і бліжэй пазнаёміць мясцовы народ з Расіяй»[13].
У цэнтральным апараце Міністэрства дзяржаўных маёмасцяў кантролем за царкоўным будаўніцтвам займаўся «інспектар па будаўніцтве праваслаўных храмаў у казённых маёнтках заходніх губерняў». Спецыяльны аддзел – Камісія па кіраванні будаўнічай і тэхнічнай часткай – адказваў за падрыхтоўку, разгляд і сцвярджэнне праектна-каштарыснай дакументацыі. Пры Міністэрстве ўнутраных спраў быў сфарміраваны адмысловая Канцылярыя па забеспячэнні сельскага духавенства і будаўніцтве праваслаўных цэркваў у заходніх губернях, якую ўзначальваў П. М. Бацюшкоў[12]. Спецыялісты з Тэхнічна-будаўнічага камітэта, утворанага пры міністэрстве ў 1865 г., займаліся распрацоўкай праектаў і складаннем каштарысаў на будаўніцтва царкоўных будынкаў і іх праверкай[12].
Адсутнасць адзінага падыходу і перыядычныя рознагалоссі па пытаннях арганізацыі і кіравання царкоўна-будаўнічым працэсам, якія ўзнікалі паміж міністрам унутраных спраў, віленскім і кіеўскім генерал-губернатарамі, вымусілі ўрад стварыць адзіную сістэму па рэгуляванні гэтай сферы. 7 снежня 1867 года Аляксандр II зацвердзіў Палажэнне Камітэта міністраў «Аб парадку стварэння праваслаўных цэркваў у 9-ці губернях Заходняга краю», які перадаваў кантроль за праваслаўным царкоўным будаўніцтвам Міністэрству ўнутраных спраў. Канцылярыя па забеспячэнні сельскага духавенства і будаўніцтве праваслаўных цэркваў у заходніх губернях была ліквідавана, а ўсе справы перададзены ў Дэпартамент агульных спраў. Кантроль за выкананнем тэхнічных нормаў пры складанні праектна-каштарыснай дакументацыі працягваў выконваць Тэхнічна-будаўнічы камітэт[12].
У пачатку 1880-х гг. якая дзейнічала сістэма ўпершыню раскрытыкавалася і дэталёваму аналізу. Обер-пракурор Св. Сінода К. П. Пабеданосцаў ініцыяваў праверку бягучага стану царкоўнага будаўніцтва, бо ў Гаспадарчае ўпраўленне Св. Сінода паступалі скаргі ад мясцовага духавенства і вернікаў. З прычыны нездавальняльнага выканання будаўнічых прац обер-пракурор прапанаваў перадаць царкоўна-будаўнічую дзейнасць ад Міністэрства ўнутраных спраў у распараджэнне Св. Сінода. 13 чэрвеня 1890 г. прапанова была заслухана на пасяджэнні Дзяржаўнага савета і зацверджана Аляксандрам III[12].
Remove ads
Тыпалогія
Агульныя рысы
У 1865 расійскія ўлады выдалі адмысловыя «Правілы, якія трэба выконваць пры будаванні праваслаўных цэркваў і прычэтніцкіх збудаванняў у Паўночна-Заходнім краі» (руск.: «Правила, которые следует соблюдать при постройке православных церквей и причетнических сооружений в Северо-Западном крае»), у якіх гісторыя беларускага народу тлумачылася з расійскіх манархічных і імперскіх пазіцый[14].
Урадавы сінод і Міністэрства ўнутраных спраў зацвердзілі серыю тыповых праектаў, згодна з якімі трэба было ўзводзіць храмы. Тым часам забаранялася індывідуальнае царкоўнае будаванне ў зямянскіх маёнтках, а таксама праектаванне вясковых храмаў землямерамі ў абыход чыноўнікаў губернскіх будаўнічых камісій. Такім чынам вызначалася адносная аднароднасць і стылістычнае адзінства цэркваў, што ўзводзіліся на тэрыторыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага. Храмы мусілі мець аднолькавы план і змяшчаць архітэктурныя элементы, уласцівыя дойлідству Маскоўскай дзяржавы: цыбулепадобныя купалы, высокія шатровыя завяршэнні, какошнікі, дэкаратыўную ўзорыстасць ды іншае.
Кампазіцыйныя схемы і мастацка-дэкаратыўныя прыёмы рэтраспектыўна-рускага стылю былі дакладна адпрацаваныя. У аб’ёмна-прасторавай і планіровачнай структуры цэркваў найбольшае распаўсюджанне атрымала выцягнутая па падоўжнай восі чатырохчасткавая кампазіцыя. Яна ўключае прытвор з званіцай над ім, трапезную, асноўны аб’ём і алтарную частку (апсіду), звычайна фланкіраваную дзвюма рызніцамі. Такая структура дазваляе шырока выкарыстоўваць формы і дэкаратыўныя элементы старажытнарускай архітэктуры[13].

Адсутнасць званіц у храмах з трохчасткавай схемай планіроўкі выклікала незадаволенасць сярод прыхаджан, таму над трапезнай рабіўся адкрыты ярус для размяшчэння звонаў (Пакроўская царква ў в. Ятвеск Шчучынскага раёна, праект царквы ў в. Смілавічы Мінскага раёна). Каб не парушаць кампазіцыі такіх цэркваў, прадугледжвалася будаўніцтва асобна размешчаных званіц побач з храмамі[13].
Адметнасцю культавай архітэктуры Беларусі другой паловы XIX — пачатку XX стагоддзя было тое, што выбар матэрыялу таксама не залежаў ад абранага ўзору: драўляныя храмы нагадваюць сабой мураваныя, маючы такую ж кампазіцыйна-планіровачну структуру[13].

Спецыфічнай рысай праяўлення рэтраспектыўна-рускага стылю ў Беларусі ў гэты час таксама было выкарыстанне бутавай муроўкі. Прымяненне прыроднага матэрыялу добра ўпісвалася як у сціплую забудову вёсак і прыроднае асяроддзе, надавала беларускім збудаванням гістарычны характар, неўласцівы для расійскай архітэктуры таго часу, хоць кампазіцыйная схема сціплых бутавых храмаў не адыходзіла ад зацверджаных Сінодам архітэктурных праваслаўных канонаў[13].
Разнастайнасць
21 лютага 1857 года было ўведзена палажэнне «Аб нармальных праектах і каштарысах на пабудову праваслаўных цэркваў». Асаблівая ўвага ў гэтым дакуменце надавалася «пазбяганню аднастайнасці і паўтарэння аднаго і таго ж тыпу ў розных паселішчах». Выбар таго ці іншага праекта, прадстаўленага на разгляд мясцовых прыхаджан, прадугледжваў, «згодна з іх жаданнем», адносную непадобнасць да храмаў, ужо пабудаваных па тым жа праекце ў навакольных вёсках[13].
Рэгламентуючы тыпавое будаўніцтва цэркваў, М. М. Муравьёў выдаў спецыяльны загад, паводле якога ў міністэрстве былі распрацаваны тры праекты з каштарысамі. Архітэктары, якія працавалі ў беларускіх губернях, часта праектавалі цэрквы для некалькіх суседніх паселішчаў, таму ўжо на этапе распрацоўкі імкнуліся ўносіць разнастайнасць, каб пазбегнуць аднолькавых рашэнняў. Прыкладам можа служыць творчасць многіх майстроў, напрыклад, серыя праектаў цэркваў для вёсак Каралёва, Ліпнішкі, Гарадзец, Слабада-Дзісна Дрысенскага павета[13].
У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя царкоўнае будаўніцтва Беларусі перажывае якасны зрух: у адрозненне ад майстроў рэтраспектыўна-рускага стылю, архітэктары пачатку XX ст. не пераносяць у свае творы даслоўна “цытаваныя” формы мінулага, а імкнуцца перадаць уласцівую старажытнарускім узорам пластычнасць, выразнасць і каляровую насычанасць, прачытаныя па-новаму[13].
Сінадальны кірунак
Асноўная адметнасць Сінадальнага кірунку — брак адвольнай архітэктурнай творчасці і строгая прывязка да кананізаваных Урадавым сінодам развязак[15].
- Сінадальны кірунак
Маскоўска-Яраслаўскі кірунак
У часы кіравання Мікалая II у царкоўным будаванні на ўзор было «найвысачэйша загадана» браць архітэктурныя помнікі Масквы і Яраслаўля XVI—XVII стагоддзяў, якія цаніліся паводле выказвання Ігара Грабара за «непараўнальную казачнасць». Лічылася, што менавіта «лубочнае» маскоўска-яраслаўскае царкоўнае і церамнае дойлідства, у адрозненне ад візантыйскага, было сапраўднай нацыянальнай расійскай архітэктурай[16].
- Маскоўска-Яраслаўскі кірунак
- Помнік перамозе расійскага войска ў вайне 1812 года ў Полацку
Расійска-візантыйскі кірунак
Расійска-візантыйскі (новавізантыйскі) кірунак галоўным чынам арыентаваўся на старажытныя ўзоры канстанцінопальскіх цэркваў, «адкуль пайшла расійская нацыянальная архітэктура». Разам з тым адбывалася шмат пазычанняў з архітэктурна-выразнага арсенала ўладзіміра-суздальскай і раннемаскоўскай архітэктурных школ[17].
- расійска-візантыйскі кірунак
- Сабор Тупічэўскага манастыра ў Мсціславе
- Спаская царква ў Гомелі
- Узвіжанская царква (злева) у Полацку
Remove ads
Насаджэнне ўкосных крыжоў
Разам з будаваннем мураўёвак, спраектаваных расійскімі архітэктарамі, у другой палове XIX стагоддзя замест традыцыйных высокамастацкіх сонцакрыжоў, вырабленых мясцовымі майстрамі, на купалы цэркваў на тэрыторыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага пачалі ставіць укосныя крыжы расійскай прамысловай вытворчасці[18]. Упершыню на царкоўныя купалы крыжы падобнага тыпу пачалі ставіць у Маскоўскай дзяржаве з ініцыятывы Івана IV[19]. Тым часам не існуе праваслаўных канонаў, якія б рэгламентавалі абавязковасць касой папярочкі на крыжы[20]. Увогуле, не існуе «каталіцкіх» або «праваслаўных» крыжоў: крыжы з'яўляюцца адзнакай мясцовай традыцыі, і ўкосныя крыжы — гэта ўласцівасць РПЦ[21].
Беларускі мастацтвазнаўца і этноляг Яўген Сахута звяртае ўвагу на тое, што сярод шматлікіх крыжоў, вырабленых мясцовымі беларускімі майстрамі ў другой палове XIX — пачатку XX стагоддзя, няма ніводнага з касой папярочкай[18].
Перабудова помнікаў

У другой палове XIX ст. адбывалася масавае знішчэнне старажытных праваслаўных цэркваў Вялікага Княства Літоўскага[5], а таксама эклектычная перабудова ў стылістыцы дойлідства Маскоўскай дзяржавы колішніх рымска-каталіцкіх, уніяцкіх і нават спрадвеку праваслаўных (Канстанцінопальскі патрыярхат) помнікаў сакральнай архітэктуры. Падобным чынам РПЦ імкнулася абазначыць «кананічную» тэрыторыю[22]. Гэта фінансавалася са сродкаў, сабраных з удзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў у выглядзе штрафаў і кантрыбуцый[9][11].

Так, яшчэ ў 1863 пасля агляду цэркваў Мінскай губерні падпалкоўнік генеральнага штабу Расійскай імперыі архітэктар Зяленскі зацвердзіў праекты на перабудову каля 100 будынкаў[23].

У выніку падобных рэканструкцый адбывалася знявечанне кампазіцый і стылістычнага развязку помнікаў архітэктуры, знішчаліся высокамастацкія фрэскі, алтары, амбоны ды іншае[24]. Паводле падлікаў кандыдата мастацтвазнаўства Зянона Пазняка, расійскія ўлады агулам знішчылі або знявечылі каля 2 тысячаў помнікаў беларускай сакральнай архітэктуры[25].




Найбольш характэрныя прыклады:
- Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ў Алькеніках
- Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі Анёльскай і кляштар бернардзінцаў (Мсціслаў)
- Свята-Троіцкая царква (Астроўна)
- Касцёл Узвышэння Святога Крыжа (Быстрыца)
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Вільні
- Царква Сьвятога Мікалая (Вільня)
- Царква Святой Тройцы ў Вільні
- Пакроўскі сабор (Віцебск)
- Касцёл Святога Іосіфа і калегіум езуітаў (Віцебск)
- Свята-Дабравешчанская царква (Віцебск)
- Раства Хрыстова ў Віцебску
- Свята-Духаўскі жаночы манастыр (Віцебск)
- Царква Святога Іаана Хрысціцеля (Віцебск)
- Касцёл Святога Дамініка ў Высокім Двары
- Свята-Іаана-Прадцечанская царква (Вішнявец)
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Глыбокае)
- Кляштар бернардзінак (Гродна)
- Фара Вітаўта ў Гродна
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Дэмбрава)
- Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Заслаўе)
- Касцёл Святога Мікалая (Княжыцы)
- Свята-Мікалаеўская царква (Кобрын)
- Касцёл Найсвяцейшага Сакрамэнту ў Коўне
- Свята-Пакроўская царква (Крывошын)
- Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Кублічах
- Царква Уваскрасення Хрыстова ў Лёзне
- Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Ляхавічах
- Крыжаўзвіжанская царква (Магілёў)
- Касцёл Святога Міхала Арханёла ў Мазыры
- Царква Раства Багародзіцы (Масаляны)
- Касцёл Святога Войцеха і кляштар бенедыкцінак (Мінск)
- Царква Святога Духа і манастыр базыльян (Мінск)
- Сабор Святых апосталаў Пятра і Паўла (Мінск)
- Царква Святога Мікалая ў Мендзыжаце Падляскім
- Свята-Троіцкая царква (Мір)
- Спаса-Узнясенская царква (Моладава)
- Барысаглебская царква (Навагрудак)
- Царква Прачыстай Багародзіцы ў Невелі
- Касцёл Святой Кацярыны і кляштар бернардзінцаў (Нясвіж)
- Царква Святых Кірыла і Мяфодзія (Пагост Загародскі)
- Спаса-Праабражэнская царква (Полацк)
- Свята-Петра-Паўлаўская царква (Ружаны)
- Спаса-Праабражэнская царква (Полацк)
- Спаса-Праабражэнскі сабор (Слонім)
- Кальвінскі збор у Смаргоні
- Касцёл Святога Яна Хрысціцеля (Сноў)
- Свята-Аляксандра-Неўская царква (Сталовічы)
- Касцёл Святога Казіміра і кляштар дамініканцаў (Стоўбцы)
- Царква Прачыстай Багародзіцы ў Тадуліне
- Царква Раства Багародзіцы ва Уладаве
- Касцёл і калегіум езуітаў у Юравічах
Перабудаваныя расійскімі ўладамі цэрквы таксама называюць мураўёўкамі[11].
Remove ads
Ацэнкі
У пачатку XX стагоддзя з'явіліся даследаванні Усевалада Ігнатоўскага[26] і Вацлава Ластоўскага[27], у якіх канфесійная палітыка расійскага ўрада была прадстаўлена як інструмент русіфікацыі Паўночна-Заходняга краю[12].
Яшчэ ў савецкі час збудаваныя на загад расійскіх улад аднатыпныя цэрквы ацэньваліся як матэрыяльны выраз каланіяльнай палітыкі царызму[28]. Разам з тым беларускі філасаф і тэолаг Ірына Дубянецкая зазначае, што муроўка неатынкаваных цэркваў-мураўёвак, збудаваных з бутавага каменю, гэта прыклад беларускага сакральнага мастацтва (калі не браць пад увагу мураўёўскія атрыбуты)[29].
Мастак Мікола Купава звяртае ўвагу на тое, што ўлады СССР часцей руйнавалі не расійскія цэрквы-мураўёўкі, а старажытныя помнікі беларускай сакральнай архітэктуры[30]. Напрыклад, у Оршы адзіная збудаваная расійскімі ўладамі царква-мураўёўка засталася некранутай, прытым савецкія ўлады знішчылі чатыры царквы і два касцёлы, якія былі помнікамі архітэктуры барока часоў Вялікага Княства Літоўскага. У Шклове таксама захавалася толькі царква-мураўёўка, а пад руйнаванне трапілі каштоўныя помнікі сакральнай архітэктуры магілёўскага барока і класіцызму. У Магілёве захаваліся дзве царквы-мураўёўкі, тым часам горад страціў тры царквы і два касцёлы, помнікі архітэктуры барока, а таксама тры царквы і касцёл, помнікі архітэктуры класіцызму. Падобная выпадкі таксама назіралася ў Лагойску, Койданаве, Дзісне, Гродна ды іншых.
Мастак і этнакультуролаг Тодар Кашкурэвіч праводзіць паралель паміж мураўёўкамі і царкоўнай архітэктурай Беларускага экзархата РПЦ:
<...> гэта, я б сказаў, усвядомлены культурны аспект. Мы маем справу з тэндэнцыяй: прасоўваннем пэўнага стылістычнага моманту як вельмі істотнага ідэалагічнага. Карані цягнуцца з Масквы. Уся Беларусь — цэнтральныя гарады, цэнтральныя дарогі — застаўленыя РПЦ у псеўдарускім стылі. Амаль у тым жа кшталце, як у ХІХ ст. рабіліся «мураўёўкі». Яны вельмі добра разумеюць палітычны патэнцыял гэтага стылістычнага моманту: «грыбы» паставяць — пазначаць сваю тэрыторыю ўплыву. Як сабака меціць дрэвы. Гэта агромністы палітычны капітал, які вымяраецца нават грашовым эквівалентам[31].
Remove ads
Галерэя
Перабудаваныя помнікі
- Культавыя збудаванні, перабудаваныя за часамі Расійскай імперыі
- Касцёл францішканаў у Алькеніках
- Царква Святых Барыса і Глеба ў Валынцах
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Вільні
- Касцёл трынітарыў у Вільні на Антокалі
- Касцёл трынітарыў у Вільні на Трынапалі
- Касцёл Святога Казіміра ў Вільні
- Царква Святога Мікалая ў Вільні
- Царква Святой Тройцы ў Вільні
- Касцёл трынітарыяў у Віцебску
- Свята-Дабравешчанская царква ў Віцебску
- Царква Раства Хрыстова ў Віцебску
- Царква Святога Духа ў Віцебску
- Свята-Георгіеўская царква ў Вілейцы
- Касцёл Звеставання ў Гарадцы
- Фара Вітаўта ў Гродна
- Касцёл дамініканцаў у Коўне
- Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Кублічах
- Касцёл бернардзінцаў у Мазыры
- Царква Святога Духа ў Мінску
- Касцёл бенедыкцінак у Нясвіжы
- Касцёл дамініканцаў у Ружанастоку
Remove ads
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads