Гедзімін (імя)

From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Гедзімін, Гедымін (Гідзімін, Гідмін, Кедзімен, Кедмін, Кідмін) — мужчынскае імя і вытворнае ад яго прозьвішча.

Хуткія факты Паходжаньне, Мова(-ы) ...

Паходжаньне

Гідземін (адзначаецца пад 718 годам у форме Diddeminum[1], дзе першую літару трэба чытаць як G[2][a]) — імя германскага паходжаньня[2][4]. Іменная аснова -гед- (-гад-, -гід-) (імёны ліцьвінаў Гедзень, Гедвін, Гедмонт; германскія імёны Gedenus, Gedovin, Gadamundus) паходзіць ад старагерманскага gidd- 'пыхлівы, ганарысты', ісьляндзкага geð 'нораў, тэмпэрамэнт'[5] або гоцкага gadiliggs 'сваяк, родзіч'[6], а аснова -мін- (-мен-) (імёны ліцьвінаў Мінят, Асьміна, Гальмін; германскія імёны Miniatus, Osminna, Galmin) — ад гоцкага minan 'менаваць, памятаць, любіць'[7], minthi 'памяць'[8]. Такім парадкам, імя Гедзімін азначае «пыхлівы думкамі»[9]. Апроч таго, адзначалася германскае імя Mengede(de) (нямецкая шляхта з Вэстфаліі)[b].

Адпаведнасьць імя Гедзімін старажытнаму германскаму імю Diddeminum — як і правільнае прачытаньне першай літары гэтага імя — сьцьвердзіў францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў[2][4][11].

Тым часам адна зь першых спробаў растлумачыць імя Гедзімін належыць лінгвісту Ўладзіславу Юргевічу. У сваёй працы, апублікаванай у 1883 годзе, ён падаваў формы Гедзіман, Едзіман і Едзімей і выводзіў Гедзіміна зь Віндзем’яна, а таксама абгрунтоўваў рускі характар імя наяўнасьцю старажытнага сяла Едзімонава[c] (пачатковая назва — Едзімінава[12]) каля Цьверы[13][d]. На повязь імя Гедзімін і тапоніму Едзімінава таксама зьвяртае ўвагу гісторык Анатоль Астапенка, які прытрымліваецца вэрсіі іх славянскага пахожаньня[16].

Гісторык Павал Урбан у сваёй кнізе «Старажытныя ліцьвіны» на падставе пэўных славянскіх адпаведнікаў не адкідае магчымасьці славянскага паходжаньня імя Гедзімін[17]. Разам з тым, ён адзначае, што германскі корань gede- (god-, gode-) паходзіў ад тэрміна god (gud) 'Бог' — і ўжываўся ў значэньні 'добры, прыязны', тым часам германскае magin (megin) азначае 'сіла, улада, энэргія'. Адсюль, імя Гедзімін значыла, відаць, «Добры валадар»[18]. Таксама дасьледнік падае іншае тлумачэньня другой часткі ад старагерманскага minne 'любоў, каханьне'. У такім разе імя Гедзімін магло азначаць «Дабралюб»[18]. Аналягічныя тлумачэньні прыводзіць і гісторык беларускай літаратуры Алесь Бразгуноў[19].

З нагоды летувіска-балтыйскіх этымалёгіяў імя Гедзімін[e] ды іншых імёнаў вялікіх князёў літоўскіх гісторык Уладзімер Арлоў зьвяртае ўвагу на тое, што летувіскіх формаў гэтых імёнаў («Вітаўтас», «Альгірдас» і пад.) немагчыма знайсьці ані ў замежных, ані ва ўласных дакумэнтах Вялікага Княства Літоўскага[24].

У Прусіі адзначалася імя Gitmeyne[25]. У ваколіцах Русі (Прусія) адзначалася прозьвішча Gedmin[26].

Варыянты імя ў гістарычных крыніцах: Gedeminne (1322 год[27], 25 студзеня 1323 году[28], 26 траўня 1323 году[29][30][31], 2 кастрычніка 1323 году[32]); Gedemynde (29 лістапада 1322 год)[33]; Любартъ Кгедиминовичь (8 сьнежня 1322 году)[34]; Gedemini (31 жніўня 1324 году)[35]; Godeminnus (2 чэрвеня 1325 году)[36]; Anna filia Gedimini Lithvanorum ducis («Kalendarz Krakowski» пад 1325 годам)[37]; Кедименъ (1330—1359 гады)[38]; Ghodemi(n)ne (1 лістапада 1338 году)[39]; Ghedemynne (1 лістапада 1338—1341 гады)[40]; Lubardus filius Gedimini ducis Litwanorum (Хроніка Яна з Чарнкова пад 1349 годам)[41]; князя великого Михаіла Кедиминовича (1340-я або 1350-я гады[42])[43]; братъ Гедиминовъ, князя Литовъского, Воини Полотскыи князь[44], великого князя Литовскаго Гедемина[45] (Наўгародзкі першы летапіс); Гедименъ (Сафійскі першы летапіс)[46]; Кгедмин (1440—1449 гады)[47]; Кгедъминъ (3 верасьня 1491 году)[48]; Gidymin (Хроніка Быхаўца)[49]; князь велики Литовьскій Олгердъ Гедимановичъ[50], Гедименъ[51], Гедиманъ[52] (Ніканаўскі летапіс); людемъ нашимъ Мерецъкого повета… а Нарку Кгидминовичу (люты 1510 году)[53]; Кгедминъ Кгедкговдовичъ[54], Кгедмин[55], Янъ Кгедминовичъ[56], Кгедминъ Кантримович[57] (1528 год); Януш Кедминович… Римел Кедминович… Кгедмин Якович… Можуна Кгедминович… Павел Кгедминович… Кгедмин Мацкович… Кедмин Мижейкович… Ян Кедминович… Кгедмин Юревич… Петр Кгедминович… Ян Кгедминович… Якуб Кгедминович… Стас Кгедминович (1537—1538 гады)[58]; уфондова­но от князя Иоана Кгидиминовича (3 сьнежня 1559 году)[59]; Янъ Кгедминовичъ (1567 год)[60]; Gidzimin Witennowic (Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі)[61]; Jan Giedmin (17 жніўня 1655 году[62], 20 кастрычніка 1655 году[63]); Kazimierz Giedmin (20 кастрычніка 1655 году)[64]; Kidmin (1671—1681 гады)[65]; Pani Anna Wojciechowa Gidminowa (1690 год)[66][f].

Remove ads

Формы

У сучаснай беларускай гістарычнай літаратуры ўжываюцца формы Гедзімін[68][69][18][70][71][72] і Гедымін. Беларускі мовазнаўца Ігар Капылоў прыводзіць наступныя варыянты імя: Гедиминъ, Гедименъ, Гедиманъ, Едеминъ, Кедмин, Скиндимин, Гердимин, Gеdіmіnnе, Ghоdеmіnnе, Gоdеmіnnus[68]. У пісьмовых крыніцах сустракаюцца варыянты Кгидимин, Кгедимин, Скиндимин, Jedimin, Giedimont[71]. У Хроніцы Быхаўца ўжываецца форма Giedymin, дзе аднак «y» чытаецца як «і». Гісторык Мікола Ермаловіч зьвяртае ўвагу на тое, што ўва ўсіх крыніцах гук «д» вымаўляецца як мяккі, таму ў сучаснай беларускай мове гэтае імя мусіць пісацца ў форме «Гедзімін»[73].

На думку мовазнаўцы Вінцука Вячоркі, форма Гедымін (польск. Giedymin) узьнікла пад уплывам польскай мовы. Сваё меркаваньне ён абгрунтоўвае напісаньнем імя ў гістарычных крыніцах, а таксама тым, што балтыйскія мяккія [d’, t’] па-беларуску перадаюцца празь дзь, ць. Гэта даводзяць агульныя словы (дзірван) і мноства беларускіх назваў меркавана балтыйскага паходжаньня (Гедзевічы, Дзітва, Дзірмуны, Жодзішкі, Гадуцішкі, Гудзішкі, Відзішкі, Юрацішкі ды іншыя) і сучаснае беларускае прозьвішча Гедзімін. Тым часам польскія напісаньні беларускіх імёнаў часта не перадаюць дзеканьня-цеканьня (Witebsk, Derewno) і ўтварыліся праз тое, што польскі пісар перадаваў кірылічныя напісаньні палітарна. Апроч таго, зь імёнамі вялікіх князёў існуе беларуска-польская заканамернасьць: Трайдзень — Trojden, Будзівід і Будзікід — Butywid і Butygejd, Віцень — Witenes, Таўцівіл — Towtywił (апроч таго, імёны Радзівіл, Эрдзівіл перш мелі ў польскай напісаньне Radywił, Erdywił). Цьвёрдасьць у антрапоніме «Гедымін» выразна пярэчыць гэтай сыстэмнай рысе[74].

Тым часам гісторык Аляксандар Краўцэвіч падтрымлівае форму «Гедымін». Ён прызнае, што з пункту гледжаньня мовазнаўства Вінцук Вячорка мае рацыю. Аднак паводле Аляксандра Краўцэвіча, у Беларусі склалася практыка ўжываньня формы «Гедымін». У якасьці прыкладу ён прыводзіць «Нарысы гісторыі Беларусі» (Частка 1. Менск, 1994), шасьцітомная «Гісторыя Беларусі» (Т. 2. Менск, 2008), тэксты гісторыкаў Георгія Галенчанкі, Паўла Лойкі, Генадзя Сагановіча[74]. У жніўні 2018 году Рэспубліканская мастацка-экспэртная рада па манумэнтальным і манумэнтальна-дэкаратыўным мастацтве (відаць, па запыце ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі) рэкамэндавала для помніка вялікаму князю ў Лідзе подпіс «Гедымін»[74].

Remove ads

Носьбіты

У канцы XVIII ст. на гістарычнай Рэчыччыне адзначаўся шляхецкі род Гедымінаў[79].

Гедзіміны гербу Пагоня — літоўскі шляхецкі род зь Віленскага павету[80].

Гедзіміны — літоўскі шляхецкі род з ваколіцаў Шэметава[81].

Гедзіміны (Giedymin) або Кейстут-Гедзіміны (Kiejstut-Giedymin) гербу Пагоня — літоўскі шляхецкі род з Троцкага павету[82].

Гедымінавічы-Платусьці — літоўскі шляхецкі род[83].

Гедмін (Giedmin) і Гедымін (Giedymin) — прозьвішчы, зафіксаваныя ў XIX стагодзьдзі ў ваколіцах Сувалкаў[84].

Глядзіце таксама

Заўвагі

  1. Тым часам у дакумэнтах ВКЛ адзначалася напісаньне Жидимонт замест Жыгімонт[3] і Дедикголд замест Гедыгольд
  2. у 1601 годзе ўпамінаўся маёнтак Менгедзішкі ў Вількамірскім павеце[10]
  3. Паводле Аксамітнай кнігі, «А Витеневъ сынъ Едиманъ Князь Великий. А Едимановы дети…»
  4. Паводле летапіснага сьведчаньня, у сярэдзіне XV ст. цьвярскі князь Барыс Аляксандравіч збудаваў на Вялікім возеры — за 50 км на паўночны ўсход ад Цьверы, сярод балота Аршынскага моху (за ракой Воршай(ru)) — замак з назвай Трокі[14]: «заложи… город среди езера и нарекы ему Троки»[15].
  5. У рэчышчы палітыкі летувізацыі зьявілася тлумачэньне імя Гедзімін (лет. Gediminas) ад летувіскіх словаў gedauti 'тужыць; жадаць' і mintis 'думка'. Аднак гэтае тлумачэньне ня мае ніякага сэнсу, бо ў балтыйскіх мовах азначэньне заўсёды мусіць стаяць перад азначаным словам. Адпаведна, азначаным словам мае быць «думка», якое ні пры якіх азначэньнях ня можа быць імем чалавека, таму падобныя імёны для летувісаў — чужыя[20]. Тым часам яшчэ ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя летувісы, з усяго відаць, ня ведалі падобных значэньняў адпаведных словаў: у часопісе Міністэрства народнай асьветы (красавік 1850 году) летувіскі аўтар Даніла тлумачыў імя Гедзімін як «топча сорам» ад minti 'таптаць' і geda 'сорам'[21], тым часам летувіс Даўгдарыс у газэце «Tygodnik Petersburski» (ад 18 ліпеня 1850 году) тлумачыў імя Гедзімін як «выдатны сьпявак» ад giedat' 'сьпяваць' (у артыкуле, відаць, памылкова значыцца doug 'шмат', але далей у тэксьце для імя Гедройць даецца патрэбнае слова) і mena 'разумець'[22] (усе гэтыя тлумачэньні народжаны на Віленшчыне лінгвіст Уладзіслаў Юргевіч вызначыў як «кур’ёзныя»)[23]
  6. Таксама: Кгедимон Пацович (1537—1538 гады)[67]
Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads