Максім Танк
беларускі паэт, перакладчык, грамадскі дзеяч (1912—1995) From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Максі́м Танк, сапраўднае імя Яўге́н Іва́навіч Скурко́ (4 (17) верасня 1912, Пількаўшчына, Віленская губерня — 7 жніўня 1995[1], Мінск; іншыя псеўданімы: Аўгень Бура; А.Граніт) — беларускі паэт, перакладчык, грамадскі дзеяч. Народны паэт Беларусі (1968). Акадэмік АН Беларусі (1972).
Класік беларускай літаратуры. На яго творчасць аказала ўплыў грунтоўнае веданне беларускага фальклору; паэзіі Максіма Танка ўласцівы інтэлектуалізм, шырокамаштабнасць, найноўшыя мастацкія формы і сродкі, багацце вобразнай, рытміка-меладычнай (верш сілаба-танічны, танічны, дольнік, верлібр), страфічнай (тэрцэт, катрэн, санет) арганізацыі верша[2].
Remove ads
Біяграфія
Паходжанне


Прадзеда Максіма Танка звалі Марк, ён быў адным з заснавальнікаў вёскі Пількаўшчына. Дзеда звалі Хведар Скурко, яго жонку — Улляна. Хведар Маркавіч Скурко быў заўзятым паляўнічым, апроч таго ведаў лекавыя травы, дапамагаў хворым. Пасля сябе пакінуў каля шасці дзесяцін зямлі, разам з лесам і сенажаццю, меў дванаццаць дзяцей. Засталіся звесткі толькі пра трох сыноў: Івана, Фадзея і Ціхана. Сем’і дачок Паліны і Соф’і за савецкім часам былі рэпрэсіраваны і вывезены ў Сібір[3].
Бацька Максіма Танка — Іван Хведаравіч Скурко (нар. 1882 г.; старэйшы сын Хведара Маркавіча), маці — Домна Іванаўна Хвалько (родам з вёскі Задубенне). Бацька арандаваў зямлю, шыў боты, ганяў плыты, наймаўся лесарубам, хадзіў на панскі луг капаць канавы; толькі адну зіму адвучыўся ў царкоўнапрыходскай школе ў вёсцы Новікі, а потым яшчэ некалькі месяцаў у Мядзельскім народным вучылішчы; меў брата Ціхана, сясцёр Соф’ю і Хрысціну.
Падчас Першай сусветнай вайны, увосень 1914 года, Івана Хведаравіча мабілізавалі ў Расійскае войска. Ён быў накіраваны ў шавецкую майстэрню ў Пскоў. Ад шлюбу з Домнай Іванаўнай меў дзяцей: сыноў Яўгена (Максім Танк) і Хведара[4], дачок Веру і Людмілу[3].
Дзяцінства. Школьныя і гімназічныя гады


Яўген (Аўген, Аўгень) Іванавіч Скурко (Максім Танк) нарадзіўся 17 верасня (4 верасня паводле старога стылю) 1912 года ў вёсцы Пількаўшчына Вілейскага павета Віленскай губерні, ахрышчаны ў Сваткаўскай праваслаўнай царкве. У 1914 годзе маці з двухгадовым сынам на руках далучылася да бежанцаў Першай сусветнай вайны. У Дзвінску на вакзале выпадкова сустрэлі бацьку, салдаты знайшлі для іх месца ў эшалоне, і сям’я эвакуіравалася ў Маскву[5]. У Маскве сям’я пражыла з 1914 па 1922 год. Маці падрабляла прыбіральшчыцай, пазней перайшла на працу на ваенны завод.
Сям’я жыла на Ціхвінскай вуліцы, дзе была і школа, у якую пайшоў Яўген, тут ён самастойна прачытаў асобныя творы класічнай расійскай літаратуры, творы ўкраінскага паэта Тараса Шаўчэнкі.
Паводле ўмоў Рыжскага міру 1921 года яго родная Пількаўшчына разам з Заходняй Беларуссю адышла да Польшчы. У 1922 годзе сям’я вярнулася ў Пількаўшчыну. Школа была польская, добра польскай мовы Яўген не ведаў, бацька вучыў сына чытаць па-польску. У 1923 годзе Яўген Скурко пайшоў у Шкленікоўскую пачатковую школу, дзе атрымліваў выдатныя адзнакі[3]. Зімой вучыўся, улетку пасвіў кароў.
Увосень 1925 года бацька перавёў яго у Сваткоўскую школу. Хлопчык старанна вучыўся, удзельнічаў у драматычным гуртку, маляваў. За зіму перачытаў кнігі са школьнай бібліятэкі — творы Генрыка Сянкевіча, Марыі Канапніцкай, Жуля Верна, Фенімара Купера, Адама Міцкевіча. У Сватках яму ўпершыню ў рукі трапіў «Беларускі каляндар» (на 1925 год). Яго зацікавіла, што каляндар быў напісаны на той жа (беларускай) мове, на якой размаўлялі між сабой вяскоўцы[3]. У 1926 годзе Яўген Скурко скончыў пачатковую школу.
У 1926 годзе паступіў у трэці клас рускай прыватнай гімназіі ў Вілейцы. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Аглаіда Мажухіна заахвоціла яго да творчасці. Падчас навучання ён пераказаў у вершаванай форме легенду пра Шкленікоўскае возера, што чуў ад свайго дзеда, склаў некалькі вершаў[6]. У 1928 годзе Вілейская руская гімназія была закрыта ўладамі.
Яўгену Скурку давялося ехаць у Радашковічы, дзе ён працягнуў навучанне[5]. У Радашковіцкай беларускай гімназіі пазнаёміўся з беларускім нацыянальным рухам. Гімназія была заснавана паводле ініцыятывы беларускага дзеяча Аляксандра Уласава, адміністратарам быў палітык Тодар Вернікоўскі, мастацкім гуртком кіраваў Язэп Драздовіч, у гімназіі выкарыстоўвалі беларускі нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Тут ён таксама пазнаёміўся з падпольнай камсамольскай арганізацыяй, у якую неўзабаве ўступіў. Большасць яго новых сяброў пісалі вершы, заняўся гэтым і ён. Першыя творы не захаваліся, пачатковец знішчаў амаль усё напісанае, што не трапляла ў друк[3]. У новай гімназіі Яўген Скурко прыняў удзел у вучнёўскай забастоўцы, накіраванай супраць ліквідацыі беларускіх школ польскім урадам. Пасля гэтага з Радашковіцкай гімназіі было выключана некалькі гімназістаў, у ліку якіх апынуўся і ён. Яўген Скурко, як і шмат хто з выключаных вучняў, у 1929 годзе накіраваліся ў Вільню, нейкі час вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, аднак быў выключаны з яе.
У пачатку 1929 года Яўген Скурко паступіў у Віленскую рускую гімназію імя Аляксандра Пушкіна[7].
Падпольная дзейнасць


У пачатку 1930-х гадоў Яўген Скурко прымаў удзел у падпольнай камсамольскай рабоце. Супрацоўнічаў з нелегальным друкам: камуністычным «Часопісам для ўсіх», газетай-аднадзёнкай «Беларускае жыццё» (выйшла 7 красавіка 1932 года ў Львове, тут упершыню выкарыстаў псеўданім Максім Танк).
27 красавіка 1932 года за ўдзел у выданні першага (і адзінага) нумара беларускага літаратурна-палітычнага «Часопіса для ўсіх», а таксама за падпольную камуністычную дзейнасць быў арыштаваны і трапіў у віленскую турму Лукішкі, у якой месяц адбыў у зняволенні.
У той час, пад уплывам нацыянальнага асяродку Заходняй Беларусі, актыўна выяўляў беларускую нацыянальную пазіцыю. У вершы «Ты чуеш, брат… (1930) ён піша:
![]() |
...Глядзіце ў будучыню смела! Настаў доўгачаканы час, Пад сцягам бел-чырвона-белым Чакае перамога нас. Няхай жа меч Пагоні ззяе! Гартуйма нашу еднасць, моц! Вядзі нас, Воля прасвятая, Да новай славы, новых сонц! |
![]() |
Восенню 1932 года нелегальна перайшоў польска-савецкую мяжу і трапіў у Менск у надзеі прадоўжыць вучобу. У Менску таксама далучыўся да падпольнай дзейнасці. Там яго арыштавалі і два тыдні трымалі пад вартай у менскай турме, праводзілі „сяброўскія гутаркі“, вялі допыты, а пасля дэпартавалі назад у Польшчу[8][9].
У 1932—1933 гадах працаваў інструктарам ЦК камсамола Заходняй Беларусі, вёў камуністычную дзейнасць на Віленшчыне і Навагрудчыне. Неаднаразова затрымліваўся польскімі ўнутранымі органамі. 11 жніўня 1933 года віцэ-пракурор XIII Віленскага раёна Дамінік Пятроўскі ў сваім абвінаваўчым акце (аб’ём — 13 друкаваных старонак) заяўляў, што жыхар вёскі Пількаўшчына Мядзельскай гміны Пастаўскага павета, сын Яна і Дамінікі Яўген Скурко, якому 21 год, абвінавачваецца ў тым, што з 1930 года па 27 траўня 1933 года ў Вільні, у Пастаўскім і Дзісенскім паветах Віленскага ваяводства, а таксама ў Навагрудскім ваяводстве, маючы намер гвалтоўна змяніць дзяржаўны лад Польшчы і адарваць частку яе тэрыторыі, узяў удзел у Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), ведаючы, што гэта партыя складаецца з асоб, якія імкнуцца да азначанай вышэй мэты[10].


У турмах Яўген Скурко правёў з перапынкамі каля двух гадоў. У 1936 годзе быў прыняты ў КПЗБ[7].
У другой палове 1930-х гадоў як член інструктарскай групы ЦК КПЗБ па рабоце ў дэмакратычных арганізацыях, сярод інтэлігенцыі і моладзі ён накіраваны на парцу ў легальнія выданні, што выяўлялі ідэй антыфашысцкага Народнага фронту. Вёў „Беларускую калонку“ ў польскім перыядычным выданні „Poprostu“ („Папростаму“), узначальваў літаратурны аддзел у газеце „Наша воля“, супрацоўнічаў з „Беларускім летапісам“ („Летапіс ТБМ“), часопісам „Калоссе“.
З дапамогай КПЗБ выйшлі кнігі паэта „На этапах“ (1936, з прадмовай Рыгора Шырмы), Журавінавы цвет» (1937) і паэма «Нарач» (1937), «Пад мачтай» (1938). Кнігі «На этапах» і «Нарач» былі канфіскаваны польскімі ўладамі.
Другая сусветная вайна

Пасля заняцця Заходняй Беларусі і Віленшчыны Чырвонай арміяй у другой палове верасня 1939 года Максім Танк працуе ў савецкай беларускай газеце «Віленская праўда», якая стваралася як меркаваная абласная газета Віленшчыны ў складзе БССР, аднак Вільня і Віленскі край былі перададзены бальшавіцкімі ўладамі Літве, а газета закрыта. Танк працуе ў сельскім камітэце, у вілейскай абласной «Сялянскай газеце». Сябра Саюза пісьменніка Беларускай ССР з 1940[7]. У 1940 годзе ў Дзяржвыдавецтве БССР выйшлі яго «Выбраныя творы», а ў Маскве — зборнік «Стихотворения».
У лістападзе 1939 года Заходняя Беларусь была далучана да Беларускай ССР, на новых тэрыторыях пачаліся савецкія рэпрэсіі ў дачыненні да «антысавецкіх элементаў». Бацька Максіма Танка быў адным з найбагацейшых гаспадароў у вёсцы, яго род меў 60 дзесяцін зямлі. Раскулачванне і рэпрэсіі абмінулі іх толькі таму, што паэт загадаў бацькам тэрмінова ўступіць у калгас[11].

У чэрвені 1940 года Яўген Скурко ажаніўся з Любоўю Асаевіч (1912 г.н.), з якой вучыўся яшчэ ў Віленскай гімназіі. Маладая сям’я патрапіла ў Беласток. Пасля нападу Германіі на СССР эвакуіраваўся ў Саратаў, у дарозе нарадзіўся сын Максім. Яўген Скурко ўступіў у народнае апалчэнне. Крыху пазней ён быў накіраваны на Бранскі фронт, у газету «За Савецкую Беларусь». Працаваў у рэдакцыі газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». У 1945 годзе ў сям’і нарадзілася двойня, Ірына і Вера[12].
Пасляваенны перыяд
Пасля вайны Максім Танк працаваў у часопісе «Вожык». У 1948—1967 гадах галоўны рэдактар часопіса «Полымя». З 1967 па 1990 гады Макім Танк быў старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1966 па 1986 год — сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, з 1958 па 1991 гады — старшыня Рэспубліканскага камітэта савецка-польскай дружбы. З 1990 года — член Рады Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1961 па 1966 гады — кандыдат у члены ЦК КПБ, з 1966 па 1990 гады — член ЦК КПБ. З 1947 па 1971 гады — дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, з 1969 па 1989 гады — дэпутат Вярхоўнага Савета СССР. З 1963 па 1971 гады — старшыня Вярхоўнага Савета БССР[7][13].
Падтрымліваў беларускую паэтку і дысідэнтку Ларысу Геніюш, дзякуючы яго заступніцтву ў БССР былі выдадзены дзве яе кнігі[14]. У далейшым станоўча ацаніў яе аўтабіяграфічную «Споведзь»: «Чытаю „Споведзь“ Ларысы Геніюш... Гэты твор пакідае большае ўражанне, як „Архіпелаг ГУЛАГ“ Салжаніцына, бо ўсё, пра што яна піша, перажыта ёю, а да ўсяго яшчэ — у кожным слове чуеш біццё яе няскоранага і самаахвярнага сэрца. „Споведзь“ Л. Геніюш — твор велізарнай выбуховай сілы»[15].
Прымаў удзел у XV сесіі Генеральнай асамблеі ААН (1960 год) ад нацыянальнага прадстаўніцтва Беларускай ССР у складзе дэлегацыі СССР[16].
Час незалежнасці

З 1991 года — старшыня таварыства «Беларусь — Польшча». Перад смерцю падтрымліваў нацыянальную сімволіку, выступіў супраць вынікаў рэферэндума 1995 года[11]. У 1995 годзе ён разам з паэтам Піменам Панчанкам, акадэмікам і віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Радзімам Гарэцкім і іншымі беларускімі творчымі і навуковымі дзеячамі выступіў з прапановай прыняць у якасці дзяржаўнага гімна Беларусі верш Алеся Ставера «Вякамі стваралі мы нашу дзяржаву», дзе апяваюцца герб Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг (сцяг Айчыны) і сцвярджаецца нацыянальны дэвіз: «Дружней, беларусы! Гучней, беларусы! Гукайма: Жыве Беларусь!»[17].
Памёр 7 жніўня 1995 года. Пахаваны на могілках у вёсцы Новікі (Мядзельскі раён), побач з магіламі бацькоў, дзядзькі, брата і сясцёр[18]. На чатыры месяцы перажыў сваю жонку, урна з прахам жонкі была пахавана з ім у адной труне[19][20]. Яго хавалі пад бела-чырвона-белым сцягам, які ўжо быў пазбаўлены дзяржаўнага статусу ў выніку рэферэндуму[21]. У сваім завяшчанні Максім Танк назваў месца пахавання побач з роднымі, прасіў не несці на пахаванні ордэны, а таксама ў далейшым не ставіць у гонар яго помнікі і мемарыяльныя дошкі, не называць у гонар яго вуліцы і ўстановы[22].
Зборнік «Errata» (1996) змясціў яго вершы, напісаныя ў апошнія гады.
Remove ads
Творчасць
Заходняя Беларусь


Максім Танк пачаў пісаць у другой палове 1920-х гадоў, за часамі вучобы ў гімназіі. Дэбютаваў у друку ў 1931 годзе. Падчас навучання ў Віленскай гімназіі разам з аднакласнікам, паэтам і мастаком Янкам Гарохам выдаў рукапісны часопіс «Пралом», дзе пад псеўданімам А. Граніт надрукаваў свае першыя вершы. Яго творы з гэтага часопіса ўзялі для «Хрэстаматыі заходнебеларускай літаратуры». У 1932 годзе малады паэт Яўген Скурко актыўна супрацоўнічаў у нелегальным друку: у «Праломе», у камуністычным «Часопісе для ўсіх», у газетах-аднадзёнках «На пераломе» і «Беларускае жыццё». У газеце «Беларускае жыццё» (за 7 красавіка 1932 года, Львоў) упершыню з’явіўся псеўданім Максім Танк, пад вершам «Заштрайкавалі гіганты-коміны»[7].
У канцы 1933 года, падчас зняволення ў турме, выдаваў пры падтрымцы палітвязняў рукапісны часопіс «Краты» (усяго было выдадзена выйшла 6 нумароў), у якім былі змешчаны і яго вершы, і творы іншых зняволеных паэтаў (Піліпа Пестрака, Валянціна Таўлая і інш.). У другой палове 1930-х гадоў вёў «Беларускую калонку» ў польскім выданні «Poprostu» , загадваў літаратурным аддзелам у газеце «Наша воля», супрацоўнічаў у «Беларускім летапісе», у часопісе «Калоссе». У гэтых і іншых выданнях друкаваў свае вершы, апавяданні, літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы.
У 1935 годзе ў Вільні пачаў пісаць паэму «Нарач», тэмай для якой паслужыла Нарачанскае выступленне рыбакоў. Цалкам надрукаваць твор было немагчыма праз цэнзуру, таму аўтару даводзілася, выкрэсліваючы найбольш вострыя моманты, друкаваць яго часткамі ў «Калоссі». Некаторыя нумары часопіса з фрагментамі паэмы былі канфіскаваныя польскімі ўладамі. У 1940 годзе паэту ўдалося цалкам узнавіць тэкст паэмы[23].
У 1936 годзе пры дапамозе КПЗБ быў выдадзены яго першы зборнік вершаў «На этапах», у 1937 годзе — зборнікі «Журавінавы цвет» і паэма «Нарач», у 1938 годзе — «Пад мачтай» (1938). Яго кнігі «На этапах» і «Нарач» былі канфіскаваны польскімі ўладамі[7].
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе Максім Танк уключыўся ў грамадскія і культурныя працэсы, што адбываліся ў СССР. Але яго творчасць адрознівалася ад пануючага ў той час пафасу. Ён паказваў лёс і духоўны свет заходнебеларускіх працоўных, умела пры гэтым працуючы ў разнастайных паэтычных відах і жанрах: лірыцы грамадзянскай, філасофскай, пейзажнай і інтымнай, вершах гумарыстычных і сатырычных, казках, баладах, песнях, героіка-рамантычных паэмах («Нарач», «Каліноўскі», «Журавінавы цвет», «Сказ пра Вяля»)[7].
Вершы Максіма Танка прасякнуты болем пра зняволены родны край, прыгнечаны і занядбаны народ. Гэта выразна адчуваецца ў зборніках Максіма Танка — «Журавінавы цвет» (1937) і «Пад мачтай» (1938). Шмат якім ягоным вершам была ўласціва рэалістычнасць, прадметная выразнасць жывапіснага малюнка[24]. Максім Танк у сваіх творах звяртаўся да любімых паэтамі-рамантыкамі мастацкіх вобразаў вясны, сонца, навальніцы, пажару і іншых. Але яго ўмоўна-рамантычныя вобразы адначасова неслі і сацыяльную праўду жыцця. У яго вершах — адметныя рысы тагачаснага грамадскага жыцця і прыроды Заходняй Беларусі.
Вялікае месца ў сваёй паэзіі Максім Танк надаваў такім вобразам як матчына песня, родныя загоны, муры і краты, вясна-перамога, каласістае гора, жалезны вырай, этапныя дарогі, світальная зара, полымя волі, сталёвы сонечны паход і іншыя. Усяму таму, што раскрывала характэрныя асаблівасці беларускага нацыянальнага лёсу[24].
Вайна
У часы Другой сусветнай вайны творчасць Максіма Танка пераважна вылучаецца сатырычна-выкрывальнай і публіцыстычна-пафаснай жанравай скіраванасцю. Заклікі змагацца супраць фашызму, нічога не шкадаваць дзеля перамогі, паэтызацыя подзвігу воіна, услаўленне неўміручасці роднага краю, народа, культуры і мовы — асноўныя матывы яго ваеннай лірыкі («Падымайся, Беларусь», «Не шкадуйце, хлопцы, пораху», «Родная мова»). У паэме «Янук Сяліба» (1943) імкнуўся паказаць героіку партызанскага руху на Беларусі[2]. Патрыятычныя творы ваенных гадоў склалі кнігу «Вастрыце зброю» і «Праз вогненны небасхіл» (абедзве 1945).
Пасляваенная творчасць
Яшчэ за сталінскімі часамі Максім Танк не прымаў сацыялістычнага рэалізму[25]. Пасляваенная творчасць вылучаецца зваротам паэта да гісторыі Беларусі, фальклорных сюжэтаў, услаўленнем стваральнай працы. Зборнік Максіма Танка «Каб ведалі» стаў адным з найлепшых у беларускай паэзіі пасляваеннага дзесяцігоддзя[5].
З канца 1950-х гадоў у паэзіі Максіма Танка ізноў стаў істотным сатырычны жанр (зборнік «Селядцы з вершамі»). Таксама ён звярнуўся да жанру гераічнай паэмы («Мікалай Дворнікаў»). У яго творах для дзяцей адчуваецца моцная сувязь з беларускай народнай песеннай творчасцю, якая характэрна для ўсёй лірыкі Максіма Танка (кнігі «Галінка і верабей», «Казкі лірніка», «Светлячок», «Ехаў казачнік Бай» і іншыя).
Творчасць Максіма Танка 1960—1980-х гадоў выяўляецца ў яго зборніках «Мой хлеб надзённы», «Перапіска з Зямлёй», «Нарачанскія сосны», «Прайсці праз вернасць», «За маім сталом». Лірыка гэтага перыяду разнастайная паводле зместу, уключае філасофскі роздум над сутнасцю паэзіі ўвогуле. Паэт выявіў інтарэс да класікі, як айчыннай («Эх, Багрыме», «Над магілай Багдановіча», «Францішак Багушэвіч»), так і да замежнай («Трэска з дому Шэкспіра», «Сяргей Ясенін»). Ён займаўся пошукамі ў галіне паэзіі, а найбольш любімай формай выказвання паэтычнага пачуцця ў Максіма Танка быў верлібр[26].
Пераклады
Максім Танк перакладаў на беларускую мову творы Адама Міцкевіча, Максіма Рыльскага, Антанаса Венцлавы, Яніса Судрабкална, Юльюша Славацкага, Юльяна Тувіма, Уладзіслава Бранеўскага, Станіслава Дабравольскага, Тадэвуша Ружэвіча, Аляксандра Пушкіна, Уладзіміра Маякоўскага, Паўло Тычыны, Андрэя Германава, Назыма Хікмета і іншых. У тым ліку пераклаў лібрэта оперы «Страшны двор» Станіслава Манюшкі для пастаноўкі яе ў 1952 годзе. Займаўся перакладамі на беларускую мову з польскай, рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, балгарскай моў[7].
Пераклады твораў Максіма Танка на рускую мову рабіў Мікалай Старшынаў[27].
Remove ads
Бібліяграфія
Паэтычныя зборнікі
- «На этапах» (Вільня, 1936; факсім. Мінск, 1983)
- «Журавінавы цвет» (1937)
- «Пад мачтай» (1938)
- «Выбраныя вершы» (1940)
- «Вастрыце зброю» (1945)
- «Праз вогненны небасхіл» (1945)
- «Выбраныя вершы» (1947)
- «Вершы» (1947, 1948)
- «Каб ведалі» (1948)
- «На камні, жалезе і золаце» (1951)
- «Выбраныя творы» (1952, 1954)
- «У дарозе» (1954)
- «След бліскавіцы» (1957)
- «Мой хлеб надзённы» (1962)
- «Лірыка» (1963)
- «Глыток вады» (1964)
- «Вершы» (1967)
- «Ключ жураўліны» (1972)
- «Хай будзе святло» (1972)
- «Дарога, закалыханая жытам» (1976)
- «Вершы» (1979)
- «Прайсці праз вернасць» (1979)
- «Лірыка» (1982)
- «За маім сталом» (1984)
- «Лірыка» (1987)
- «Дарога і хлеб» (1988)
- «Збор калосся : Вершы 1983—1988» (1989)
- «Паслухайце, вясна ідзе» (1990)
- «Мой каўчэг» (1994)
- «Errata» (1996)
Паэмы
- «Нарач» (1937)
- «Янук Сяліба» (1943)
Паэтычныя зборнікі для дзяцей
- «Галінка і верабей» (1946)
- «Казка пра мядзведзя» (1947)
- «Вершы» (1948)
- «Урачыстае абяцанне» (1949)
- «Сярод лясоў наднёманскіх» (1951, 1987)
Кнігі казак
- «Ехаў казачнік Бай» (1955, 1984)
- «Конь і леў» (1955)
- «Казкі. Легенды» (1960)
- «Светлячок» (1970)
- «Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні» (1979)
Зборнікі гумару
- «Селядцы з вершамі» (1966)
Успаміны
- «Лісткі календара : Кніга-дзённік» (1970)
Зборнікі твораў
- «Збор твораў у 2-х тамах» (1958)
- «Збор твораў у 4-х тамах» (1966—1967)
- «Збор твораў у 6-ці тамах» (1978—1981)
- «Збор твораў у 13-ці тамах» (2006—2012)
Ацэнкі
Творчасць Максіма Танк, паводле ацэнкі літаратуразнаўцаў — беларуская літаратурная класіка, а ён сам уваходзіць у лік вядомых еўрапейскіх паэтаў[24].
З імем Максіма Танкам і яго творчымі пошукамі некаторыя заходнебеларускія крытыкі звязвалі наступленне цэлай эпохі ў развіцці нацыянальнай літаратуры. Напрыклад, артыкул С. Каліны, які быў надрукаваны і змешчаны ў часопісе «Калоссе», так і называўся — «На парозе новае эпохі ў беларускай літаратуры». Каліна пісаў у сваім артыкуле:
«Ягоная творчасьць, што паўстала на працягу ўсяго трох апошніх гадоў, уліла ў нашую літаратуру зусім новыя плыні, выявіла аграмадныя мастацкія дасягненьні, напасьледак намеціла новы, адказуючы духу часу і варункам сучаснага жыцьця мастацкі і ідэёвы кірунак. Беларуская літаратура дзякуючы Танку перажывае сёньня, пасля „нашаніўскай“ пары і ейнага прадаўжэньня, свой другі рэнэсанс, тым іншы за першы, што паколькі Купала і Колас, могучы мала карыстаць з літаратурнай спадчыны сваіх папярэднікаў, мусілі перадусім тварыць і замацоўваць наш літаратурны быт, патолькі сёньня распачынае нашая літаратура эпоху поўнай дасканаласьці, асягіваючы агульнаэўропэйскую ступень разьвіцьця»[5].
Мікалай Мікуліч падкрэсліваў, што паэт-пачаткоўца імкнуўся асэнсаваць працэсы заходнебеларускай рэчаіснасці і іх далейшае развіццё, у яго творчасці адлюстроўваўся высокі ўзровень нацыянальна-патрыятычнай свядомасці, вершы былі арыентаваны на маральна-этычныя прынцыпы[24].
Як заўважаў Вячаслаў Рагойша, паглыбленне гуманістычнага пачатку, узмацненне філасафічнасці лірыкі, пашырэнне і ўдасканаленне сродкаў паэтычнагя выяўлення сталі вядучымі стылістычнымі дамінантамі творчасці Максіма Танка 1960—1980-х гадоў[2].
Remove ads
Увасабленне праз музыку
Многія вершы Максіма Танка былі пакладзены на музыку. Песні, кантаты, араторыі на яго словы пісалі Леў Абеліёвіч (Дзве паэмы. Мн., 1958), Мікалай Аладаў, Уладзімір Алоўнікаў, Анатоль Багатыроў (Пяць вакальных дуэтаў. Мн., 1976), Расціслаў Бойка, Генрых Вагнер («Памяць»), Т. Дзядзюля («Каб ведалі»), Аркадзь Люксембург («Памяць» 1976), Канрадас Кавяцкас, Эдуард Калманоўскі, Анатолій Кос-Анатольскі (хоры), I. Кузняцоў, Аляксандр Ленскі (хоры), Дзмітрый Лукас, Iгар Лучанок, Э. Манвелян, I. Мацін («Вясельная»), Уладзімір Мулявін («Завушніцы»), Пётр Падкавыраў (Свяці, зара; Добрай раніцы. Мн., 1957), Аляксандра Пахмутава, Рыгор Пукст, Юрый Семяняка, Г. Смірнова (Скаўронак. Л., 1956), Дзмітрый Смольскі, Эйна Тамберг, Аляксей Туранкоў, Эта Тырманд (Рамансы. Мн., 1969), Аляксандр Фляркоўскі, Кім Цесакоў, Мікалай Чуркін, Вісарыён Шабалін (хоры) і іншыя.
Remove ads
Прэміі і ўзнагароды
За пераклады польскай паэзіі і ўмацаванне дружбы паміж народамі Максім Танк атрымаў літаратурную прэмію Таварыства польска-савецкай дружбы (1958) і Таварыства аўтараў (ZAIKS. 1969). Шмат яго твораў былі адзначаны савецкімі прэміямі. Лаўрэат Ленінскай прэміі (1978, за кнігу паэзіі «Нарачанскія сосны»), Дзяржаўнай прэміі СССР (1948, за зборнік «Каб ведалі»), літаратурнай прэміі імя Я. Купалы (1959, за зборнік «След бліскавіцы»), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1966, за зборнік «Мой хлеб надзённы»), літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1980, за кнігу «Прайсці праз вернасць»).
Ганаровы грамадзянін горада Мінска (1987), гарадскога пасёлка Радашковічы (1992).
Удастоены звання народнага паэта Беларусі (1968), Героя Сацыялістычнай Працы (1974), узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, ордэнам Чырвонага Сцяга, залатым медалём «Барацьбіту за мір», медалём Францыска Скарыны, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчынай вайны II ступені, Дружбы народаў і медалямі, а таксама афіцэрскім крыжом ордэна Адраджэння Польшчы, ордэнам Заслугі ПНР[7][5]. Максім Танк быў акадэмікам НАН Беларусі (1972)[24].
Remove ads
Ушанаванне памяці


У гонар Максіма Танка названы вуліцы ў Мінску, Гродне, Мядзеле, Сватках, Лідзе, Фаніпалі, Беразіне, Радашковічах, Калодзішчах, Вілейцы, Івацэвічах, Смаргоні, Чэчыне, Дуброўне, Іўі, Бярозе, Смалявічах, Іванаве, Альшанах, Шчучыне, Давід-Гарадку, Століне, Жабінцы.
Імя Максіма Танка прысвоена Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту, Мінскаму педагагічнаму каледжу, Сваткаўскай сярэдняй школе (Мядзельскі раён) і Мядзельскай раённай бібліятэцы. У Мінску, на вуліцы яго імя і на доме, дзе ён апошнія гады жыў і працаваў (вул. Кульман, 15), устаноўлены мемарыяльныя знакі[28].
Нацыянальны банк Беларусі 29 жніўня 2013 года ўвёў у абарачэнне памятную манету — «Максім Танк. 100 гадоў»[29].
5 снежня 2014 года ў Мядзеле адкрылі першы ў Беларусі помнік Максіму Танку. Аўтары кампазіцыі — скульптары Іван Міско і Аляксандр Фінскі, архітэктар Армен Сардараў[30].
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads