Атаўская канвэнцыя

пагадненьне аб забароне супрацьпяхотных мінаў From Wikipedia, the free encyclopedia

Атаўская канвэнцыя
Remove ads

Атаўская канвэнцыя — шматбаковае міжнароднае пагадненьне аб забароне супрацьпяхотных мінаў, падпісанае 3 сьнежня 1997 году ў Атаве (Канада) між 123 дзяржавамі на 6 мовах.

Хуткія факты Тып дамовы, Падрыхтаваная ...

Набыла моц 1 сакавіка 1999 году праз 6 месяцаў пасьля зацьверджаньня першымі 40 дзяржавамі. На 2025 год Канвэнцыя налічвала 159 дзяржаваў-удзельніцаў, сярод якіх была Беларусь.

Remove ads

Умовы

Паводле 1-га артыкула Атаўскай канвэнцыі, кожная дзяржава-ўдзельніца абавязалася «ніколі і ні пры якіх абставінах:

  • не выкарыстоўваць супрацьпяхотныя міны;
  • не распрацоўваць, не вырабляць, не набываць іншым чынам, не назапашваць, не захоўваць або не перадаваць каму-небудзь, наўпрост або ўскосна, супрацьпяхотныя міны;
  • не дапамагаць, не заахвочваць або не падбухторваць якім-небудзь чынам каго-небудзь да ўдзелу ва ўсялякай дзейнасьці, забароненай дзяржаве-ўдзельніцы гэтай Канвэнцыяй»[1].

Згодна 2-м артыкулам Канвэнцыі дазвалялася «захоўваньне або перадача пэўнай колькасьці супрацьпяхотных мінаў для распрацоўкі і навучаньня спосабам выяўлення мінаў, разьмінаваньня або зьнішчэньня мінаў». Таксама дапускалася перадача мінаў для іх зьнішчэньня. У 3-м артыкуле прадугледжвалася, што «кожная дзяржава-ўдзельніца абавязваецца зьнішчыць або забясьпечыць зьнішчэньне ўсіх запасаў супрацьпяхотных мінаў, якія ёй належаць або якімі яна валодае, ці якія знаходзяцца пад яе правападлегласьцю або кіраваньнем, як мага хутчэй, але не пазьней чым праз 4 гады пасьля набыцьця моцы гэтай Канвэнцыяй для гэтай дзяржавы-ўдзельніцы»[1].

Паводле 5-га артыкула Канвэнцыі, кожная дзяржава-ўдзельніца абавязалася «не пазьней чым празь 10 гадоў пасьля набыцьця моцы гэтай Канвэнцыяй для гэтай дзяржавы-ўдзельніцы, зьнішчыць або забясьпечыць зьнішчэньне ўсіх супрацьпяхотных мінаў у замінаваных мясцовасьцях, якія знаходзяцца пад яе правападлегласьцю або кіраваньнем». Таксама кожная дзяржава-ўдзельніца мела прыкласьці ўсе намаганьні для вызначэньня ўсіх мясцовасьцяў, у якіх вядома або мяркуецца, што ў іх устанавалі супрацьпяхотныя міны. Пасьля гэтага дзяржава-ўдзельніца Канвэнцыі мела як мага хутчэй забясьпечыць, каб усе супрацьпяхотныя міны ў замінаваных мясцовасьцях пазначылі па пэрымэтры. Урэшце, тыя міны мелі адсочваць і ахоўваць плотам дзеля забясьпячэньня адсутнасьці там цывільных асобаў, пакуль тыя міны ня зьнішчаць. Пры гэтым дзяржава-ўдзельніца магла падаць на Сустрэчу дзяржаваў-удзельніцаў або Аглядную нараду запыт аб падаўжэньні тэрміну зьнішчэньня супрацьпяхотных мінаў на яшчэ 10 гадоў, калі ня здолела зьнішчыць іх у тэрмін. Пры гэтым кожны такі запыт меў зьмяшчаць:

  • працягласьць прапанаванага падаўжэньня;
  • падрабязнае тлумачэньне прычынаў такога падаўжэньня, у тым ліку:
    • падрыхтоўку і стан працаў, якія праводзілі ў межах дзяржаўнай праграмы разьмінаваньня;
    • грашовыя сродкі і абсталяваньне, даступныя дзяржаве-ўдзельніцы для зьнішчэньня тых мінаў;
    • перашкоды ў зьнішчэньні тых мінаў у замінаваных мясцовасьцях;
  • гуманітарныя, грамадзкія, гаспадарчыя і навакольныя наступствыя такога падаўжэньня[1].

Сустрэча дзяржаваў-удзельніцаў або Аглядная нарада ацэньвала запыт і вырашала большасьцю галасоў прысутных, ці задавальняць запыт на падаўжэньне тэрміну зьнішчэньня мінаў[1].

Дапамога

Згодна з 6-м артыкулам Канвэнцыі кожная дзяржава-ўдзельніца мела права атрымліваць дапамогу ад іншых дзяржаваў-удзельніцаў у найбольшай магчымай ступені пры выкананьні сваіх абавязкаў паводле Канвэнцыі. Пры гэтым кожная дзяржава абавязвалася спрыяць і мела права браць удзел у найбольш поўным абмене абсталяваньнем, матэрыяламі і навукова-тэхнічнымі зьвесткамі. Бакі Канвэнцыі ня мелі абмяжоўваць наданьне абсталяваньня для разьмінаваньня і зьвязаныя зь імі зьвесткі. Таксама кожная дзяржава-ўдзельніца пры магчымасьці мела дапамагаць у доглядзе, лячэньні і грамадзка-гаспадарчай аднове ахвяраў мінаў і ў апавяшчэньні пра пагрозу мінаў. Такую дапамогу можна было аказваць праз Арганізацыю Аб'яднаных Нацыяў (Амэрыка) і іншыя міжнародныя, мацерыковыя і дзяржаўныя ўстановы, празь Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа (Швайцарыя), краёвыя таварыствы Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца і іх Міжнародную фэдэрацыю (Швайцарыя), няўрадавыя арганізацыі і на двухбаковай падставе[1].

Кожная дзяржава-ўдзельніца Канвэнцыі пры магчымасьці мела дапамагаць у разьмінаваньні, у тым ліку праз унёсак у Добраахвотны траставы фонд ААН для садзейнічаньня разьмінаваньню. Сярод іншага, бакі Канвэнцыі мелі дапамагаць у зьнішчэньні назапашаных супрацьпяхотных мінаў пры магчымасьці, а таксама падаваць зьвесткі ў базу зьвестак наконт разьмінаваньня, створаную ў ААН, асабліва пра сродкі і спосабы разьмінаваньня, як і сьпісы экспэртаў і іх установаў або дзяржаўных сувязных наконт разьмінаваньня. Дзяржавы-ўдзельніцы маглі зьвярнуцца да ААН, мацерыковай ўстановы, іншых дзяржаваў-удзельніцаў і іншых кампэтэнтных міжурадавых і няўрадавых форумаў з запытам аб дапамозе ў распрацоўцы праграмы разьмінаваньня, каб вызначыць:

  1. маштаб і абсяг цяжкасьцяў з супрацьпяхотнымі мінамі;
  2. патрэбныя грашовыя сродкі, абсталяваньне і людзкія рэсурсы;
  3. колькасьць гадоў, патрэбную для зьнішчэньня ўсіх супрацьпяхотных мінаў у замінаваных мясцовасьцях, якія знаходзяцца пад правападлегласьцю і кіраваньнем адпаведнай дзяржавы-ўдзельніцы;
  4. захады апавяшчэньня пра пагрозу мінаў для скарачэньня колькасьці траўмаў і сьмерцяў ад іх;
  5. дапамогу ахвярам мінаў;
  6. дачыненьні між урадам дзяржавы-ўдзельніцы і адпаведнымі ўрадавымі, міжурадавымі і няўрадавымі ўстановамі, якія ажыцьцяўляцьмуць праграму[1].

Урэшце, кожная дзяржава-ўдзельніца, якая аказвала і атрымлівала дапамогу, мела супрацоўнічаць дзеля поўнага і своечасовага выкананьня ўзгодненай праграмы дапамогі[1].

Захады празрыстасьці

Паводле 7-га артыкула Канцэнцыі, кожная дзяржава-ўдзельніца мела не пазьней як праз 180 дзён пасьля набыцьця моцы Канвэнцыяй падаць генэральнаму сакратару ААН справаздачу пра:

  1. дзяржаўныя захады выкананьня Канвэнцыі;
  2. агульную колькасьць усіх назапашаных супрацьпяхотных мінаў, якія ёй належаць або знаходзяцца ў яе валоданьні, ці пад яе правападлегласьцю або кіраваньнем, у тым ліку разьбіўку паводле віду, колькасьці і нумароў партыяў кожнага іх віду;
  3. месцазнаходжаньне ўсіх замінаваных мясцовасьцяў, якія ўтрымліваюць супрацьпяхотныя міны, у тым ліку як мага больш падрабязныя зьвесткі пра іх від і колькасьць кожнага віду ў кожнай такой мясцовасьці і пра тое, калі іх усталявалі;
  4. віды, колькасьць і нумары партыяў усіх такіх мінаў, якія захоўваюцца і перадаюцца для распрацоўкі і навучаньня спосабам іх выўленьня, разьмінаваньня і зьнішчэньня, або перададзеныя дзеля зьнішчэньня, а таксама ўстановы, упаўнаважаныя іх захоўваць і перадаваць;
  5. стан праграмы пераабсталяваньня або вываду з карыстаньня вытворчасьці супрацьпяхотных мінаў;
  6. стан праграмы зьнішчэньня такіх мінаў, у тым ліку падрабязныя зьвесткі пра спосабы іх зьнішчэньня, вызначэньне ўсіх месцаў іх зьнішчэньня і правілы бясьпекі ды аховы навакольля;
  7. віды і колькасьць усіх такіх мінаў, зьнішчаных пасьля набыцьця моцы Канвэнцыяў для гэтай дзяржавы-ўдзельніцы, у тым ліку разьбіўку колькасьці зьнішчаных мінаў кожнага віду і нумары партыяў кожнага віду;
  8. тэхнічныя ўласьцівасьці кожнага віду вырабленых супрацьпяхотных мінаў і тых, якія цяпер належаць дзяржаве-ўдзельніцы або знаходзяцца ў яе валоданьні, з пазначэньнем памеру, выбухоўніка, выбуховага рэчыва, мэталічнага складу і каляровых здымкаў, якія могуць спрасьціць атаясьненьне і разьмінаваньне;
  9. захады, прадпрынятыя для безадкладнага і ўдалага папярэджаньня насельніцтва пра ўсе замінаваныя мясцовасьці[1].

Дзяржавы-ўдзельніцы мелі штогод абнаўляць зьвесткі за папярэдні каляндарны год і паведамляць іх генсакратару ААН да 30 красавіка кожнага году. Генсакратар ААН меў перадаваць усе такія атрыманыя справаздачы дзяржавам-удзельніцам Канвэнцыі[1].

Спрыяньне выкананьню

Згодна з 8-м артыкулам Канвэнцыі дзяржава-ўдзельніца магла накіраваць іншай такой дзяржаве запыт аб удакладненьні пытаньня праз генсакратара ААН. Дзяржава-атрымальніца запыту мела падаць усе зьвесткі для ўдакладненьня праз генсакратара ААН цягам 28 дзён. Дзяржава, якая зьвярнулася з запытам магла перадаць сваё пытаньне і заяўку на Сустрэчу дзяржаваў-удзельніцаў Канвэнцыі праз генсакратара ААН, калі лічыла адказ нездавальняючым або пры яго неатрыманьні цягам 28 дзён. Калі цягам 14 дзён ад паведамленьня генсакратара ААН прынамсі 1/3 дзяржаваў-удзельніцаў выкажацца за адмысловую Сустрэчу, то той склікае такую Сустрэчу цягам наступных 14 дзён. Кворум для Сустрэчы дзяржаваў-удзельніцаў складаў іх большасьць. Рашэньні на Сустрэчы прымалі большасьцю прысутных. Усе дзяржавы-ўдзельніцы мелі ў поўнай меры супрацоўнічаць з Сустрэчай дзяржаваў-удзельніцаў пры разглядзе справы, у тым ліку з пасольствам высьвятленьні акалічнасьцяў. Сустрэча дзяржаваў удзельніцаў ухваляла паўнамоцтвы пасольства высьвятленьня акалічнасьцяў большасьцю галасоў прысутных. Запытаная дзяржава-ўдзельніца магла запрасіць да сябе такое пасольства ва ўсялякі час без рашэньня Сустрэчы. Пасольства ў складзе да 9 зацьверджаных экспэртаў магла зьбіраць зьвесткі на месцы і ў іншых зьвязаных месцах пад правападлегласьцю і кіраваньнем запытанай дзяржавы-ўдзельніцы[1].

Генсакратар ААН рыхтаваў і абнаўляў сьпіс імёнаў і грамадзянства падрыхтаваных экспэртаў, прадстаўленых дзяржавамі-ўдзельніцамі, і дасылаў яго ўсіх бакам Канвэнцыі. Усялякі ўлучаны ў сьпіс экспэрт лічыўся прызначаным для ўсіх пасольстваў высьвятленьня акалічнасьцяў, калі дзяржава-ўдзельніца пісьмова не заяўляла пра ягоную непрымальнасьць. У выпадку такой заявы экспэрт ня браў удзелу ў пасольстве на землях той дзяржавы, калі непрымальнасьць заявілі да прызначэньня. Генсакратар ААН прызначаў сябраў пасольства, у тым ліку яго кіраўніка, пасьля запыту ад Сустрэчы дзяржаваў-удзельніцаў і ўзгадненьня з запытанай дзяржавай. Грамадзяне дзяржаваў-удзельніцаў, якія запытвалі пасольства або наўпрост закраналіся ім, не прызначаліся ў яго склад. Сябры пасольства мелі прыбыць на землі запытанай дзяржавы пасьля папярэджаньня прынамсі за 72 гадзіны. Запытаная дзяржава мела прыняць захады перавозкі і разьмяшчэньня пасольства і несьці адказнасьць за бясьпеку пасольства пры знаходжаньні на землях пад яе кіраваньнем. Пасольства высьвятленьня акалічнасьцяў магло прывезьці з сабой абсталяваньне для збору зьвестак, пра якое мела паведаміць запытанай дзяржаве да свайго прыбыцьця. Запытаная дзяржава мела прыкласьці ўсе намаганьні, каб пасольства пагутарыла з усімі асобамі, якія могуць даць зьвесткі наконт выканьня Канвэнцыі[1].

Запытаная дзяржава-ўдзельніца мела даць пасольству высьвятленьня акалічнасьцяў доступ да ўсіх мясцовасьцяў і пабудоваў пад яе кіраваньнем, дзе магчыма сабраць зьвесткі наконт выкананьня Канвэнцыі. Аднак пад улік мелі браць абарону таемнага абсталяваньня, зьвестак і мясцовасьцяў запытанай дзяржавы, а таксама абарону канстытуцыйных абавязкаў у дачыненьні правоў уласнасьці, ператрусу і канфіскацыі, як і цялесную абарону і бясьпеку сябраў пасольства. Пасольства магло заставацца на землях запытанай дзяржавы да 14 дзён, у тым ліку да 7 дзён на месяц, калі няма пагадненьня пра іншае. Пасольства высьвятленьня акалічнасьцяў падае свае высновы на Сустрэчу дзяржаваў-удзельніцаў праз генсакратара ААН. Сустрэча дзяржаваў-удзельніцаў па разглядзе высноваў пасольства можа запытаць захады выкананьня Канвэнцыі ў пэўны тэрмін ад запытанай дзяржавы. Такая дзяржава мела паведаміць аб прадпрынятых захадах у адказ на гэты запыт. Сустрэча дзяржаваў-удзельніцаў магла параіць захады супрацы, калі разгледжанае пытаньне выклікалі незалежныя ад запытанай дзяржавы абставіны. Урэшце, Сустрэча прымала рашэньне большасьцю ў 2/3 галасоў прысутных[1].

У 9-м артыкуле Канвэнцыі згадвалася, што кожная дзяржава-ўдзельніца мела прадпрымаць усе патрэбныя прававыя і адміністрацыйныя захады, у тым ліку крымінальны перасьлед, для прадухіленьня і спыненьня забароненай гэтай Канвэнцыяй дзейнасьці, якая ажыцьцяўляецца асобамі на землях пад яе правападлегласьцю і кіраваньнем[1].

Сустрэча і Нарада

Паводле 11-га артыкула Канвэнцыі, дзяржавы-ўдзельніцы мелі рэгулярна сустракацца для разгляду прымяненьня Канвэнцыі, у тым ліку наконт такіх справаў, як:

  • дзеяньне і стан Канвэнцыі;
  • прадстаўленыя даклады;
  • міжнародная дапамога;
  • распрацоўка спосабаў разьмінаваньня супрацьпяхотных мінаў;
  • прадстаўленыя дзяржавамі-ўдзельніцамі матэрыялы;
  • рашэньні наконт прадстаўленых дзяржавамі матэрыялаў[1].

Генэральны сакратар ААН меў склікаць 1-ю Сустрэчу дзяржаваў-удзельніцаў цягам году пасьля набыцьця моцы гэтай Канвэнцыяй, а наступныя — штогод да 1-й Агляднай нарады. Генсакратар ААН склікаў Аглядную нараду празь 5 гадоў пасьля набыцьця моцы Канвэнцыяй, а ў далейшым — кожныя 5 гадоў. Задачымі Агляднай нарады былі:

  • разгляд дзеяньня і стану Канвэнцыі;
  • разгляд патрэбы і перапынку між далейшымі Сустрэчамі дзяржаваў-удзельніцаў;
  • ухваленьне рашэньняў паводле заявак дзяржаваў-удзельніцаў;
  • ухваленьне высноваў наконт выкананьня Канвэнцыі ў заключнай справаздачы[1].
Remove ads

Дзяржавы-ўдзельніцы

Першымі 40 дзяржавамі-ўдзельніцамі, якія зацьвердзілі Атаўскую канвэнцыю да набыцьця моцы 1 сакавіка 1999 году, сталі:

  • 16 дзяржаваў Эўропы, у тым ліку Вялікабрытанія, Нямеччына і Францыя;
  • 8 дзяржаваў Афрыкі, у тым ліку Паўднёвая Афрыка;
  • 7 дзяржаваў Паўночнай Амэрыкі, у тым ліку Канада і Мэксыка;
  • 3 дзяржавы Акіяніі і па 2 дзяржавы Азіі і Паўднёвай Амэрыкі[2].

3 верасьня 2003 году ўрад Беларусі далучыўся да Атаўскай канвэнцыі. Сярод 5 урадаў сумежных зь Беларусьсю краінаў 4 бралі ўдзел у Канвэнцыі: ад 12 траўня 2003 году — урад Летувы, ад 1 ліпеня 2005 году — Латвіі, ад 27 сьнежня 2005 году — Украіны і ад 27 сьнежня 2012 году — урад Польшчы[2]. 19 лістапада 2024 году ўрад суседняй Украіны вымушана прыняў амэрыканскія супрацьпяхотныя міны зь меркаваньняў абароны ад расейскага ўварваньня, хоць Атаўская канвэнцыя забараняла перадачу мінаў. Праз гэта цягам 2025 году суседнія Латвія, Летува і Польшча выйшлі з Атаўскай канвэнцыі. Урады Фінляндыі і Эстоніі выйшлі з Канвэнцыі ў 2025 годзе паводле той самай прычыны, бо таксама мелі супольную мяжу з Расеяй. Урэшце, 29 чэрвеня 2025 году ўрад Украіны таксама вырашыў выйсьці з Канвэнцыі. У выніку, хоць за першую палову 2025 году лік дзяржаваў-удзельніцаў Атаўскай канвэнцыі вырас са 163-х да 165, у 2-й палове 2025 году праз 6 месяцаў пасьля ўхваленьня набывалі моц рашэньні аб выхадзе з Канвэнцыі6 вышэйзгаданых дзяржаваў Усходняй Эўропы.

Таму на 2025 год дзяржавамі-ўдзельніцамі Атаўскай канвэнцыі былі 160 дзяржаваў, у тым ліку ўсе краіны Паўднёвай Амэрыкі, найбольшыя краіны Акіяніі і Афрыкі, а таксама большасьць краінаў Паўночнай Амэрыкі і Эўропы:

Remove ads

Мінуўшчына

18 верасьня 1997 году ў Осьлё (Нарвэгія) склалі Канвэнцыю «Аб забароне выкарыстаньня, назапашваньня, вытворчасьці і перадачы супрацьпяхотных мінаў і аб іх зьнішчэньні»[1]. 3 сьнежня 1997 году ў Атаве (Канада) адбылося падпісаньне між 123 дзяржавамі Канвэнцыі аб забароне супрацьпяхотных мінаў. 1 сакавіка 1999 году Атаўская канвэнцыя набыла моц у адпаведнасьці зь яе 6-м артыкулам, у якім адзначалася: «Гэтая Канвэнцыя набывае моц у першы дзень 6-га месяца пасьля месяца, у якім быў здадзены на захоўваньне 40-ы дакумэнт аб ратыфікацыі, прыняцьці, зацьверджаньні або далучэньні»[1]. Папярэдне, 16 верасьня 1998 году ўрад Буркіна-Фасо стаў 40-м урадам, які перадаў на захоўваньне ў ААН свой дакумэнт аб ратыфікацыі Атаўскай дамовы аб забароне супрацьпяхотных мінаў. Першымі 40 дзяржавамі, якія зацьвердзілі Канвэнцыю, былі:

За больш як 20 гадоў дзеяньня Атаўскай канвэнцыі зьнішчылі звыш 40 млн мінаў, а таксама спынілі большасьць вытворчасьці новых мінаў[4].

У красавіку 2025 году Сойм Латвіі прагаласаваў за выхад з Канвэнцыі аб забароне супрацьпяхотных мінаў. У траўні 2025 году Сойм Летувы ўхваліў выхад з Атаўскай канвэнцыі. 26 чэрвеня 2025 году Сойм Польшчы ўхваліў закон аб выхадзе з Атаўскай канвэнцыі аб забароне выкарыстаньня супрацьпяхотных мінаў[5]. 29 чэрвеня 2025 году ўкраінскі прэзыдэнт Уладзімер Зяленскі ўвёў у дзеяньне Рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны аб выхадзе з Атаўскай канвэнцыі[6]. У выніку лік дзяржаваў-удзельніцаў Канвэнцыі скараціўся да 159.

Remove ads

Крыніцы

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads