Заказьнікі Беларусі
прыродаахоўныя землі Беларусі, абвешчаныя дзеля захаваньня і аднаўленьня каштоўных прыродных мясьцінаў From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Зака́зьнікі Белару́сі — асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі (ААПТ) Беларусі, абвешчаныя дзеля захаваньня й аднаўленьня каштоўных прыродных мясьцінаў.

Паводле 4-га артыкулу Закону Рэспублікі Беларусь ад 15 лістапада 2018 году № 150-З «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях», заказьнікі могуць быць мясцовай і рэспубліканскай значнасьці. Згодна з 7-м артыкулам Закону Савету міністраў Рэспублікі Беларусь «прымае рашэньні пра абвяшчэньне, пераўтварэньне, спыненьне існаваньня заказьнікаў рэспубліканскае значнасьці». Паводле 9-га артыкулу, мясцовыя выканаўчыя й распарадчыя органы прымаюць такія рашэньні датычна заказьнікаў мясцовае значнасьці. Згоднам з 14-м артыкулам плянаваньне такіх мясцовых рашэньняў улучаецца ў «абласныя схемы разумнага разьмяшчэньня ААПТ мясцовае значнасьці», якія «распрацоўваюцца абласнымі, Менскім гарадзкім выканаўчым камітэтам сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі на 10-гадовы тэрмін». Для вылучэньня земляў пад такія схемы «распрацоўваюцца навуковыя абґрунтаваньні межаў, плошчы ААПТ і сьпіс землекарыстальнікаў, чые дзялянкі ўлучаюцца ў склад земляў» заказьнікаў[1]. На 2020 год у 6-і абласьцях Беларусі знаходзіліся 281 заказьнік мясцовае значнасьці й 99 — рэспубліканскае. Сярод іх вылучалі 5 відаў: біялягічны, водна-балотны, водны, геалягічны й краявідны. Сярод заказьнікаў мясцовае значнасьці налічвалася 126 водных (45%), 76 біялягічных (27%), 39 водна-балотных (14%), 29 краявідных (10%) і 11 геалягічных (4%). У Берасьцейскай вобласьці было 30 заказьнікаў мясцовае значнасьці, у Віцебскай — 63, у Гарадзенскай — 28, у Гомельскай — 43, у Магілёўскай — 66 і ў Менскай — 51[2].
Першы вядомы ў гісторыі заказьнік на беларускіх землях — Белавеская пушча, створаны ў 1541 годзе дзеля аховы зуброў[3] (з 1640 году ў ім забаранялася высечка лесу)[4].
Remove ads
Падставы абвяшчэньня
Паводле 16-га артыкулу Закону Беларусі 2018 году «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях», існавала 7 агульных падставаў пры выбары земляў для абвяшчэньня заказьнікамі:
- «наяўнасьць уласьцівых і рэдкіх прыродных краявідаў і біятопаў;
- наяўнасьць месцаў пражываньня дзікіх жывёлаў і ўзросту дзікарослых расьлінаў, якія адносяцца да відаў, улучаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, і да відаў, якія падпадаюць пад дзеяньне міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь;
- наяўнасьць месцаў рэгулярнага гнездаваньня, зімаваньня альбо стаянкі падчас пералёту водна-балотных і іншых відаў пералётных птушак у колькасьці, што перавышае 1 адсотак ад ліку нацыянальнае альбо эўрапейскае папуляцыі віду;
- наяўнасьць месцаў штогадовага засяроджаньня падчас сэзонных пералётаў прынамсі 10 000 асобін пералётных водна-балотных птушак (кулікі, качкі, гусі), прынамсі 500 асобін шэрых жураўлёў;
- наяўнасьць месцаў нерасту, нагулу й перасяленьня рыбы, што адносіцца да відаў, улучаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, і да відаў, якія падпадаюць пад дзеяньне міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь;
- наяўнасьць прыродных земляў, улучаных у нацыянальную экалягічную сетку;
- наяўнасьць прыродных вадаёмаў, відаў рэльефу, непаўторных альбо рэдкіх паводле свайго паходжаньня, морфамэтрычных і іншых уласьцівасьцяў»[1].
Таксама налічвалася 4 адмысловыя падставы пры выбары земляў пад заказьнікі:
- «прыродныя землі нязначна парушаныя чалавечай дзейнасьцю й валодаюць высокай здольнасьцю аднаўленьня;
- уласьцівыя й рэдкія прыродныя краявіды й біятопы складаюць прынамсі 40% плошчы прыродных земляў;
- прыродныя землі ёсьць месцам пражываньня дзікіх жывёлаў і месцам узросту прынамсі 10 відаў дзікарослых расьлінаў, што адносіцца да відаў, улучаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, і да відаў, якія падпадаюць пад дзеяньне міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь;
- прыродныя землі граюць важную ролю ў падтрыманьні воднага ладу прыродных вадаёмаў і балотаў».
Згодна з Законам прыродныя землі могуць абраць для абвяшчэньня заказьнікам мясцовае значнасьці, калі тая адпавядае «прынамсі 2-м агульным і 2-м адмысловым падставам». Заказьнікам рэспубліканскае значнасьці маглі абвясьціць пры адпаведнасьці «прынамсі 3-м агульным і 3-м адмысловым падставам»[1].
Remove ads
Забароны
Згодна з 28-м артыкулам Закону 2018 году «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях», у межах заказьніка забараняюцца:
- «правядзеньне высечкі, выдаленьне, зьнішчэньне, пашкоджаньне, выняцьце дрэваў чарэшчатага дуба, бука, востралістага клёна, вяза (лёма, бяроста), звычайнага ясеня, ліпы, дугласіі, кедра й карэльскае бярозы;
- узьвядзеньне прадметаў будаўніцтва;
- расчыстка расьліннасьці ў прыбярэжных палосах і воднае расьліннасьці;
- забор вады для прамысловае й гаспадарчае патрэбы з вадаёмаў;
- выпас жывёлы й касьба ў прыбярэжных палосах з 1 красавіка па 15 чэрвеня»[1].
Паводле 24-га артыкулу Закону, існавала яшчэ 16 агульных забаронаў на:
- «выведку й распрацоўку радовішчаў карысных выкапняў;
- скід сьцёкавых водаў у навакольнае асяродзьдзе;
- мыйку мэханічных транспартных сродкаў;
- выкананьне гідратэхнічнае мэліярацыі й зьмяненьне воднага ладу;
- выпальваньне сухое расьліннасьці, травы на корані, а таксама ржышча й пажніўных рэшткаў;
- спальваньне пасечаных рэшткаў пры правядзеньні высечак лесу;
- увядзеньне дзікіх жывёлаў і расьлінаў;
- узьвядзеньне прамысловых, камунальных і складзкіх збудаваньняў, аўтамабільных заправачных станцыяў, станцыяў тэхнічнага абслугоўваньня й мыйняў для аўтатранспарту, жывёлагадоўчых стайняў і жылое забудовы, разьмяшчэньне летнікаў для жывёлы, стварэньне новых садаводчых таварыстваў і дачных каапэратываў;
- разьмяшчэньне асобных намётаў, намётавых мястэчак, стаянак падарожнікаў, іншых абсталяваных зонаў і месцаў адпачынку, стаянак мэханічных транспартных сродкаў, распальваньне вогнішчаў;
- правядзеньне суцэльных высечак галоўнага карыстаньня;
- складаваньне й прымяненьне лётным чынам хімічных сродкаў аховы расьлінаў, рэгулятараў іхняга ўзросту й угнаеньняў;
- выняцьце, выдаленьне, пашкоджаньне й зьнішчэньне драўняна-хмызьняковае расьліннасьці, жывога надглебавага покрыва й ляснога подсьцілу, зьняцьцё ўрадлівага слою глебы, улучна з подсьцілавымі пародамі;
- выкарыстаньне юрыдычнымі й фізычнымі асобамі водных транспартных сродкаў з рухавікамі ўнутранага згараньня звыш 15 конскіх сілаў;
- рух і стаянка мэханічных транспартных сродкаў і самаходных машынаў па-за дарогамі агульнага карыстаньня й адмыслова абсталяванымі месцамі;
- узворваньне земляў у прыбярэжных палосах;
- правядзеньне навуковых досьледаў з прыроднымі мясьцінамі, што могуць прывесьці да шкоднага ўзьдзеяньня»[1].
Remove ads
Нумар
У 37-м артыкуле Закону «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях» прадугледжвалася, што заказьніку прысвойваецца рэестровы нумар у выглядзе АААА.3.Б.В, дзе:
- АААА — парадкавы нумар у летапісным парадку ўліку;
- 3 — лічбавы код заказьніка, як віда ААПТ;
- Б — лічбавы код значнасьці (2 — мясцовая, 1 — рэспубліканская);
- В — лічбавы код Менску (7) альбо вобласьці (1 — Берасьцейская, 2 — Віцебская, 3 — Гомельская, 4 — Гарадзенская, 5 — Менская й 6 — Магілёўская; некалькі адм.-тэр. адзінак згадваецца праз касую рысу)[1].
Рэспубліканскія
На 2020 год у 6-і абласьцях Беларусі былі 99 заказьнікаў рэспубліканскае значнасьці. Зь іх 18 месьцілася ў Берасьцейскай вобласьці, 25 — у Віцебскай, 15 — у Гарадзенскай, 12 — у Гомельскай, 5 — у Магілёўскай і 24 — у Менскай. Налічвалася 4 віды такіх заказьнікаў: 37 біялягічных, 36 краявідных, 17 водных і 9 водна-балотных. Найбольшым быў заказьнік «Сярэдняя Прыпяць» плошчай звыш 930 км², які месьціўся ў 3-х раёнах Берасьцейскае вобласьці й Жыткавіцкім раёне Гомельскае. Найстарэйшым дзейным быў Казьянскі заказьнік, заснаваны ў сакавіку 1960 году ў Полацкім і Шумілінскім раёнах Віцебскае вобласьці[2]. На канец 2017 году рэспубліканскія заказьнікі займалі звыш 9508 км² (950 896,33 га) земляў Беларусі, што складала звыш 4,5 % плошчы краіны[5].
Берасьцейская вобласьць
Віцебская вобласьць
Гарадзенская вобласьць
Гомельская вобласьць
Магілёўская вобласьць
Менская вобласьць
Remove ads
Глядзіце таксама
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads