From Wikipedia, the free encyclopedia
Мураўёўкі — цэрквы Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы[lower-alpha 1]) на тэрыторыі анэксаванага Вялікага Княства Літоўскага, масавае будаваньне якіх разгарнулася па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў. Назва паходзіць ад імя расейскага генэрал-губэрнатара Міхаіла Мураўёва[3][4] зь мянушкамі «вешальнік» і «людаед»[5], які распрацаваў праграму «захадаў дзеля ўвядзеньня і перавагі ў Паўночна-Заходнім краі расейскай народнасьці» (рас. «мероприятий, имевших в виду водворение и преобладание в Северо-Западном крае русской народности») і з гэтай мэтай запрасіў у маскоўскага гаспадара Аляксандра II 500 тысячаў рублёў на аднаўленьне старых і будаваньне новых цэркваў у Віленскай і Гарадзенскай губэрнях. Яшчэ раней такія ж сродкі вылучылі Віцебскай, Магілеўскай і Менскай губэрням[6].
Сотні цэркваў-«мураўёвак» узводзіліся паводле тыповых праектаў[7][8] і мусілі ўвасобіць праваслаўна-расейскія і царкоўна-традыцыйныя рысы архітэктуры[9] Маскоўскай дзяржавы. Іхнае будаваньне мела вызначальную ідэйна-палітычную ролю[10] ў справе русіфікацыі беларусаў[11] (згодна з абвешчанай маскоўскім гаспадаром Мікалаем I тэзай «самадзяржаўе, праваслаўе, народнасьць»[12]).
У 1865 годзе ўлады Расейскай імпэрыі выдалі адмысловыя «Правілы, якія трэба выконваць пры будаваньні праваслаўных цэркваў і прычэтніцкіх збудаваньняў у Паўночна-Заходнім краі» (рас. «Правила, которые следует соблюдать при постройке православных церквей и причетнических сооружений в Северо-Западном крае»), у якіх гісторыя беларускага народу тлумачылася з расейскіх манархічных і імпэрскіх пазыцыяў[13].
Урадавы сынод і Міністэрства ўнутраных справаў Расейскай імпэрыі зацьвердзілі сэрыю тыповых праектаў, згодна зь якімі трэба было ўзводзіць храмы. Тым часам забаранялася індывідуальнае царкоўнае будаваньне ў зямянскіх маёнтках, а таксама праектаваньне вясковых храмаў землямерамі ў абыход чыноўнікаў губэрнскіх будаўнічых камісіяў. Такім парадкам вызначалася адносная аднароднасьць і стылёвае адзінства цэркваў, што будаваліся на тэрыторыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага. Храмы мусілі мець аднолькавы плян і зьмяшчаць архітэктурныя элемэнты, уласьцівыя дойлідзтву Маскоўскай дзяржавы: цыбулепадобныя купалы, высокія шатровыя завяршэньні, какошнікі, дэкаратыўную ўзорыстасьць ды іншае.
Асноўная адметнасьць Сынадальнага кірунку — брак адвольнай архітэктурнай творчасьці і строгая прывязка да кананізаваных Урадавым сынодам Расейскай імпэрыі разьвязкаў[14].
У часы кіраваньня Мікалая II у царкоўным будаваньні на ўзор было «найвысачэйша загадана» браць архітэктурныя помнікі Масквы і Яраслаўля XVI—XVII стагодзьдзяў, якія цаніліся паводле выказваньня Ігара Грабара(ru) за «непараўнальную казачнасьць» (рас. «несравненную сказочность»). Лічылася, што менавіта «лубочнае» маскоўска-яраслаўскае царкоўнае і церамнае дойлідзтва, у адрозьненьне ад бізантыйскага, было сапраўднай нацыянальнай расейскай архітэктурай[15].
Расейска-бізантыйскі (новабізантыйскі) кірунак галоўным парадкам арыентаваўся на старажытныя ўзоры канстантынопальскіх цэркваў, «адкуль пайшла расейская нацыянальная архітэктура». Разам з тым адбывалася шмат пазычаньняў з архітэктурна-выразнага арсэналу ўладзімера-суздальскай і раньнемаскоўскай архітэктурных школаў[16].
Разам з будаваньнем мураўёвак, спраектаваных расейскімі архітэктарамі, у другой палове XIX стагодзьдзя замест традыцыйных высокамастацкіх сонцакрыжоў, вырабленых мясцовымі майстрамі, на купалы цэркваў на тэрыторыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага пачалі ставіць укосныя крыжы расейскай прамысловай вытворчасьці[17]. Упершыню на царкоўныя купалы крыжы падобнага тыпу пачалі ставіць у Маскоўскай дзяржаве з ініцыятывы Івана IV Тырана[18]. Тым часам не існуе праваслаўных канонаў, якія б рэглямэнтавалі абавязковасьць касой папярочкі на крыжы[19]. Увогуле, не існуе «каталіцкіх» або «праваслаўных» крыжоў: крыжы ёсьць адзнакай мясцовай традыцыі, і ўкосныя крыжы — гэта ўласьцівасьць Расейскай праваслаўнай царквы[20].
Беларускі мастацтвазнаўца і этноляг Яўген Сахута зьвяртае ўвагу на тое, што сярод шматлікіх крыжоў, вырабленых мясцовымі беларускімі майстрамі ў другой палове XIX — пачатку XX стагодзьдзя, няма ніводнага з касой папярочкай[17].
У другой палове XIX ст. ўчынялася масавае зьнішчэньне старажытных праваслаўных цэркваў Вялікага Княства Літоўскага[6], а таксама эклектычная перабудова ў стылістыцы дойлідзтва Маскоўскай дзяржавы колішніх рымска-каталіцкіх, уніяцкіх і нават спрадвеку праваслаўных (Канстантынопальскі патрыярхат) помнікаў сакральнай архітэктуры. Падобным парадкам Маскоўская царква імкнулася абазначыць «кананічную» тэрыторыю[21]. Фінансавалася гэтая справа з сродкаў, сабраных з удзельнікаў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў выглядзе штрафаў і кантрыбуцыяў[10][12].
Так, яшчэ ў 1863 годзе па аглядзе цэркваў Менскай губэрні падпалкоўнік Генэральнага штабу Расейскай імпэрыі архітэктар Зяленскі зацьвердзіў праекты на перабудову каля 100 будынкаў[22].
У выніку падобных рэканструкцыяў адбывалася зьнявечаньне кампазыцыяў і стылёвага разьвязку помнікаў архітэктуры, зьнішчаліся высокамастацкія фрэскі, алтары, амбоны ды іншае[23]. Паводле падлікаў кандыдата мастацтвазнаўства Зянона Пазьняка, расейскія ўлады агулам зьнішчылі або зьнявечылі каля 2 тысячаў помнікаў беларускай сакральнай архітэктуры[24].
Найбольш характэрныя прыклады:
Перабудаваныя расейскімі ўладамі цэрквы таксама называюць мураўёўкамі[12].
Яшчэ ў савецкі час збудаваныя на загад расейскіх уладаў аднатыпныя цэрквы ацэньваліся як матэрыяльны выраз каляніяльнай палітыкі царызму[25]. Разам з тым беларускі філёзаф і тэоляг Ірына Дубянецкая зазначае, што кладка неатынкаваных цэркваў-мураўёвак, збудаваных з бутавага каменю, ёсьць прыкладам беларускага сакральнага мастацтва (калі ня браць пад увагу мураўёўскія атрыбуты)[26].
Мастак Мікола Купава зьвяртае ўвагу на тое, што ўлады СССР часьцей руйнавалі не расейскія цэрквы-мураўёўкі, а старажытныя помнікі беларускай сакральнай архітэктуры[27]. Напрыклад, у Воршы адзіная збудаваная расейскімі ўладамі царква-мураўёўка засталася некранутай, прытым савецкія ўлады зьнішчылі чатыры царквы і два касьцёлы, якія былі помнікамі архітэктуры барока часоў Вялікага Княства Літоўскага; у Шклове таксама захавалася толькі царква-мураўёўка, а пад руйнаваньне трапілі каштоўныя помнікі сакральнай архітэктуры магілёўскага барока і клясыцызму; у Магілёве захаваліся дзьве царквы-мураўёўкі, тым часам места страціла тры царквы і два касьцёлы, помнікі архітэктуры барока, а таксама тры царквы і касьцёл, помнікі архітэктуры клясыцызму. Падобная выпадкі таксама назіралася ў Лагойску, Койданаве, Дзісьне, Горадні ды іншых.
Мастак і этнакультуроляг Тодар Кашкурэвіч праводзіць паралель паміж мураўёўкамі і царкоўнай архітэктурай Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату ў Беларусі часоў прарасейскага рэжыму Лукашэнкі:
<...> гэта, я б сказаў, усьвядомлены культурны аспэкт. Мы маем справу з тэндэнцыяй: прасоўваньнем пэўнага стылістычнага моманту як вельмі істотнага ідэалягічнага. Карані цягнуцца з Масквы. Уся Беларусь — цэнтральныя гарады, цэнтральныя дарогі — застаўленыя рускай праваслаўнай царквой у псэўдарускім стылі. Амаль у тым жа кшталце, як у ХІХ ст. рабіліся «мураўёўкі». Яны вельмі добра разумеюць палітычны патэнцыял гэтага стылістычнага моманту: «грыбы» паставяць — пазначаць сваю тэрыторыю ўплыву. Як сабака меціць дрэвы. Гэта агромністы палітычны капітал, які вымяраецца нават грашовым эквівалентам. | ||
—Тодар Кашкурэвіч, Драма Гародні: нацыянальны праект як гульні ўлады (Архіўная копія) // «Наше мнение», 12 чэрвеня 2007 г. |
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.